Модуль 2 Крытэрыі ацэнкі НаШтоБузу (крытэрыі ацэнкі)



Дата канвертавання21.06.2016
Памер117.75 Kb.



Модуль 2

Крытэрыі ацэнкі

НаШтоБуЗУ (крытэрыі ацэнкі)

Мы ўжо вызначылі мэты ўрока. Такім чынам, мы ведаем, куды ідзем, чаго хочам дасягнуць разам. Цяпер нам трэба вызначыць, якія падзеі і факты пакажуць, што мы дасягнулі як мэтаў дадзенага ўрока, так і мэтаў усяго раздзела.

На адным з першых семінараў па актыўнай ацэнцы прафесар Ян Патвароўскі прапанаваў польскім настаўнікам тэрмін "на што я буду звяртаць увагу", які хутка стаў абрэвіятурай НаШтоБуЗУ (па-польску NaCoBeZU). Многія настаўнікі, асабліва паланісты, не любяць гэты выраз – своесаблівую сумесь слоў. Відавочна, што гэта працоўны тэрмін, абрэвіятура, і ніхто не абавязаны яе выкарыстоўваць. Вы можаце сказаць: на што я буду звяртаць увагу, або крытэрыі ацэнкі, або крытэрыі поспеху. Усе згаданыя вышэй тэрміны маюць свае недахопы. Вучні ж у большасці любяць абрэвітятуру НаШтоБуЗУ, верагодна, таму, што ў мове моладзі ёсць шмат абрэвіятур. Аказваецца, што гэта скарачэнне ўжо пачало жыць сваім жыццём. Настаўнікі, якія ўдзельнічалі ў папярэдніх выпусках курса, лічаць, што НаШтоБуЗУ - гэта свайго роду таямніца, якую ведаюць толькі вучні і настаўнік.

Ёсць два аспекты НаШтоБуЗУ. Першы - гэта звужэнне/удакладненне мэтаў урокаў так, каб вучні дакладна ведалі, чаму яны павінны навучыцца, на чым трэба засяродзіць увагу падчас урока, якіх вынікаў працы павінны дасягнуць. Другі – гэта вызначэнне НаШтоБуЗУ перад праверачнай работай або дамашняй работай.

Спачатку разгледзім першы аспект.

НаШтоБуЗУ для ўрокаў (крытэрыі ацэнкі)

Настаўнік павінен вызначыць, якія крытэрыі паказваюць, што пастаўленая мэта ўрока была дасягнута. Вызначэнне гэтых крытэрыяў і азнаямленне з імі вучняў карысна як для настаўніка, так і для вучня.

1. Дзякуючы НаШтоБуЗУ мы вызначаем для вучня і для сябе крытэрыі ацэньвання таго, што павінна быць ацэнена. Для настаўнікаў гэта выклік, але разам з тым значнае палягчэнне працы. Ужо не трэба марнаваць час на непатрэбныя або другарадныя рэчы. Мы вызначаем дакладныя і зразумелыя мэты ўрока, да якіх дадаем празрыстыя і простыя крытэрыі.

Крытэрыі для ацэнкі любых дасягненняў у навучанні павінны быць празрыстымі для вучняў, каб у іх паступова склалася дакладнае ўяўленне аб мэтах сваёй працы і аб тым, што азначае яе поўнае і належнае выкананне. Гэтыя крытэрыі могуць быць занадта абстрактнымі для дзяцей, таму каб палегчыць іх разуменне, трэба прыводзіць практычныя прыклады”.



("Як ацэньваць, каб вучыць", P. Black і інш.)

2. Дзякуючы НаШтоБуЗУ вучні ведаюць, якія веды і навыкі павінны атрымаць на ўроку і які ўзровень выканання задач патрабуецца. Гэта прыводзіць да таго, што вучні больш канцэнтруюцца на мэце ўрока, а таксама могуць самі вызначыць, чаго яны дасягнулі, а чаго яшчэ не.

Настаўніца сказала нам, што да пачатку яе працы з актыўнай ацэнкай вучні часта падыходзілі да яе і казалі, напрыклад, "Я не ўмею рашаць квадратныя ўраўненні”. Калі пыталася, што яны канкрэтна не ведаюць, вучні адказвалі, напрыклад, "Я ўвогуле нічога не ведаю". Цяпер вучні маюць лепшае ўяўленне аб тым, што яны ведаюць, а што не, і кажуць, напрыклад: "Я не ведаю, як рашаць квадратныя ўраўненні, калі перад Х у квадраце стаіць знак мінус”. ("Як ацэньваць, каб вучыць", P.Black і інш.)

Разгледзім наступны прыклад: калі мэтай урока з'яўляецца разуменне вучнем новых паняццяў, то крытэрыем дасягнення мэты можа служыць той факт, што вучань зможа растлумачыць гэтыя паняцці сваімі словамі, прывядзе прыклады іх прымянення або будзе ў стане эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя тэрміны пры вывучэнні наступнай тэмы.



Варта ўдакладніць, чаго менавіта мы хочам дасягнуць:

каб вучань здолеў правільна паўтарыць;

каб вучань толькі зразумеў новыя тэрміны;

каб вучань правільна прымяняў іх.

У залежнасці ад гэтага НаШтоБуЗУ будуць рознымі.

Варта таксама адзначыць, што НаШтоБуЗУ павінна быць дынамічным, таму рэкамендуецца выкарыстоўваць у ім дзеясловы часу ў любой граматычнай форме (адаптаваныя да ўзроўню ведаў вучняў).

Прывядзем прыклад з урока матэматыкі ў гімназіі. Урок прысвечаны вывядзенню формулы плошчы чатырохвугольніка з формулы плошчы трохвугольніка. Настаўнік з вучнямі ў класе выводзіць формулы плошчы паралелаграма, трапецыі, прамавугольніка. Але яго мэта не ў тым, каб вучні кожны раз, калі хочуць выкарыстаць формулу, выводзілі яе з самага пачатку. Мэта настаўніка ў тым, каб вучні азнаёміліся з формуламі, запомнілі іх і ўмелі прымяняць у заданнях.

Тэма: Плошча чатырохвугольніка

Мэты:

1. Вучань знаёміцца з вывядзеннем формулы плошчы чатырохвугольніка;

2. Вучань ведае формулы плошчы паралелаграма, трапецыі, прамавугольніка і квадрата;

3. Вучань выкарыстоўвае формулы ў заданнях на вылічэнне плошчы чатырохвугольнікаў.



Мэты, сфармуляваныя на мове вучняў: Вы навучыцеся выводзіць формулы плошчы паралелаграма, трапецыі, прамавугольніка, квадрата і зможаце прымяніць гэтыя формулы ў заданнях на вылічэнне плошчы чатырохвугольніка.

НаШТоБуЗУ:

1. Уважліва прачытаеце заданне, выканаеце чарцёж і запішаце дадзеныя.

2. Падбярэце адпаведную формулу для рашэння задачы.

3. Правільна заплануеце ход рашэння.

4. Падставіце дадзеныя і правільна зробіце вылічэнні.

5. Запішаце адказ.

Вось прыклад з урока хіміі ў сярэдняй школе:

Тэма: Уласцівасці металаў.

Мэты:

1. Вучань паглыбляе свае веды пра ўласцівасці металаў.

2. Вучань параўноўвае металы, выкарыстоўваючы органы пачуццяў, вымяральныя прыборыі таблічныя значэнні фізічных велічынь.

Мэты, сфармуляваныя на мове вучняў: пашыраем свае веды пра ўласцівасці металаў і на гэтай аснове паказваем іх падабенства і адрозненні.

НаШтоБуЗУ:

1. Самастойна назавеш уласцівасці па меншай меры чатырох металаў на аснове назіранняў за іх узорамі, акрэсліш іх шчыльнасць, колер, бляск, электраправоднасць, магнітныя ўласцівасці, запішаш табліцу са значэннямі шчыльнасці, тэмпературы плаўлення і кіпення.

2. Вызначыш па меншай меры тры агульныя і тры адрозныя характарыстыкі гэтых металаў.

3. Параўнаеш характарыстыкі металаў і зробіш іх класіфікацыю на падставе па меншай меры трох розных крытэрыяў.

Іншым прыкладам будзе ўрок беларускай мовы, прысвечаны фразеалагізмам, крыніцай якіх з'яўляецца традыцыйная культура. Настаўнік на працягу ўрока згадвае розныя міфы, звычаі і традыцыі беларусаў, каб вучні запомнілі фразеалагізмы, ведалі кантэкст іх узнікнення і значэнне.

Мэта ўрока: "Пасля ўрока вы будзеце ўмець выкарыстоўваць у сказах вывучаныя фразеалагізмы так, каб з кантэксту можна было зразумець іх значэнне".

НаШтоБуЗУ:

1. Назавеш па меншай меры пяць фразеалагізмаў і ўкажаш, з якіх міфаў ці показак яны паходзяць;

2. Растлумачыш значэнне вывучаных на ўроку фразеалагізмаў;

3. Дапасуеш да апісаных сітуацый адпаведныя фразеалагізмы;

4. Напішаш не менш за пяць сказаў з фразеалагізмамі, каб з кантэксту можна было зразумець іх значэнне.

Прывядзём прыклад з урока гісторыі.



Тэма: “Утварэнне Рэчы Паспалітай”.

Мэты ўрока:

  1. садзейнічаць фарміраванню сістэмы ведаў пра ўтварэнне Рэчы Паспалітай, прычыны і ўмовы Люблінскай уніі, яе значэнне для Вялікага княства Літоўскага;

  2. стварыць умовы для развіцця аналітычнага мыслення вучняў;

  3. спрыяць развіццю палітычнай культуры вучняў.

Мэты на мове вучня:

    • напрыканцы заняткаў вы будзеце ведаць, чаму Вялікае княства Літоўскае вымушана было пайсці на саюз з Каралеўствам Польскім;

    • мы прааналізуем умовы союза і паспрабуем знайсці альтэрнатыву гэтаму саюзу для ВКЛ.

НаШтоБуЗУ:

  1. ведаць 4 прычыны падпісання Люблінскай уніі і дату падпісання;

  2. ведаць умовы саюза дзвюх дзяржаў;

  3. умець даказваць, што Рэч Паспалітая з’яўлялася федэрацыяй;

  4. знаходзіць новую дзяржаву на гістарычнай карце.

Мы рэкамендуем Вам паэксперыментаваць з НаШтоБуЗУ. Як і ў выпадку вызначэння мэтаў урока, мы таксама можам па-рознаму інфармаваць вучняў пра НаШтоБуЗУ да пэўнага ўрока:

- параіць вучням запісаць НаШтоБуЗУ у сшытках,

-раздаць карткі з НаШтоБуЗУ для ўклейвання ў сшыткі (часам з НаШтоБуЗУ да некалькіх урокаў або да асобнай тэмы),

- вывесіць НаШтоБуЗУ на плакаце ў класе або запісаць на дошцы.

Кожны з гэтых метадаў можа быць добрым і эфектыўным. Прыкладам можа служыць сітуацыя, апісаная ніжэй. У пятым класе гімназіі з пачатку года на кожным уроку беларускай мовы настаўніца называла вучням НаШтоБуЗУ, якое яны маглі запісваць або не. Праз месяц аказалася, што ўсе вучні запісвалі НаШтоБуЗУ, таму што яны ведалі, што настаўнік САПРАЎДЫ падрыхтуе праверачную або самастойную работу на падставе НаШтоБуЗУ. Калі здаралася, што настаўнік забываў напісаць НаШтоБуЗУ на дошцы, вучні нагадвалі пра гэта, кажучы, што гэта ім вельмі дапамагае.



Меркаванні настаўнікаў аб перавагах НаШтоБуЗУ:

НаШтоБуЗУ для вучня – гэта як інструкцыя па эксплуатацыі новага абсталявання, як рэцэпт прыгатавання смачнага пірага, інфармацыя аб спосабе ўжывання лекаў. Без НаШтоБуЗУ мы не разабраліся б у згаданых сітуацыях. І мы павінны разумець, што без НаШтоБуЗУ вучню вельмі цяжка арыентавацца ў навучанні”, - Алена Маневіч, настаўіца беларускай мовы.

НаШтоБуЗУ - гэта сістэматызацыя ведаў, іх упарадкаванне. Падзел матэрыялу на асноўны і дадатковы, вызначэнне істотнага і другараднага. Упарадкаванне ўласных крытэрыяў ацэнкі”, - Паліна Смалякова, настаўніца фізікі.

Пытанні да справаздачы:

Апішыце, як вы інфармуеце вучняў пра НаШтоБуЗУ да ўрока. Укажыце плюсы і мінусы гэтага метада.

Запішыце мэты ўрока, мэты, сфармуляваныя на мове вучняў, і НаШтоБуЗУ.

НаШтоБуЗУ для праверачнай або дамашняй работы

Перавагі

Цяпер пяройдзем да другога аспекта, а менавіта да вызначэння НаШтоБуЗУ для праверачнай або дамашняй работы. Здаецца відавочным, што вызначэнне таго, што будзе ацэньвацца на праверачнай або дамашняй рабоце, значна палягчае працу настаўніку і вучню.

Вучань:


  • адчувае сябе ў бяспецы, таму што ён ведае, што настаўнік не здзівіць яго дадатковым крытэрыем для ацэнкі;

  • спрабуе звярнуць увагу на тое, што настаўнік будзе ацэньваць у яго рабоце;

  • ведае, што павінна быць у яго рабоце;

  • зацікаўлены ў пазнейшым каментары настаўніка да сваёй работы, бо ведае, што настаўнік будзе ацэньваць.

Настаўнік:

  • падбірае заданні да праверачнай або дамашняй работы, выбіраючы самае неабходнае;

  • звязвае заданні праверачнай работы з НаШтоБуЗУ да папярэдніх урокаў;

  • падчас праверкі работ вучняў канцэнтруецца толькі на тым, што было акрэслена ў НаШтоБуЗУ;

  • ацэнка работы вучня з'яўляецца больш аб’ектыўнай, настаўнік мае менш скаргаў на сваю ацэнку вучнёўскіх работ.

Пытанне да справаздачы:

Якія перавагі Вы бачыце ў тлумачэнні вучням НаШтоБуЗУ? Які з гэтых пераваг Вы лічыце найбольш важнымі? Растлумачце на канкрэтных прыкладах.



НаШтоБуЗУ для дамашніх работ

НаШтоБуЗУ паказвае, якія элементы дамашняй работы або адказу вучня будуць ацэньвацца. Не заўсёды ўсе крытэрыі, прадстаўленыя на ўроку, павінны адлюстроўвацца ў дамашнім заданні. Калі тэма ўрока, напрыклад, “Сардэчна-сасудзістая сістэма”, то дамашняе заданне можа называцца “Паспрабуй расказаць аб крывяноснай сістэме чалавека”.

Пры планаванні дамашняй работы мы звяртаемся да НаШтоБуЗУ адпаведнага ўрока:

1) напішы 5 самых важных, на тваю думку, фактаў пра крывяносную сістэму;

2) растлумач паняцці: вены, артэрыі, аорта, зваротныя вены, капіляры;

3) зрабі ілюстрацыю малога і вялікага кровазвароту і падпішы ўсе органы, праз якія праходзіць кроў.

Як дамашняе заданне, напрыклад, мы можам прапанаваць заданні па трох вышэйпрыведзеных пунктах.

Важна, што пры праверцы дамашняга задання па першым пункце мы не будзем звяртаць увагу на красамоўства вучня ці працягласць яго прамовы, а толькі праверым, ці прывёў ён 5 важных фактаў пра крывяносную сістэму;

Калі дамашняе заданне датычылася другога пункта, то мы не будзем хаваць ад вучняў, якія паняцці ён павінен растлумачыць - адкрыем перад ім гэту таямніцу.

Пры разглядзе дамашняга задання па трэцім пункце мы не будзем канцэнтравацца на колеры і эстэтыцы ілюстрацыі, бо не акрэслівалі гэтага, а пацікавімся тым, ці ўсе неабходныя органы былі прадстаўлены і падпісаны.



НаШтоБуЗУ для праверачных работ

Здараецца, што настаўнікі вызначаюць крытэрыі ацэнкі толькі пасля праверкі некалькіх вучнёўскіх работ. Яны робяць гэта таму, што ім прасцей на падставе некалькіх правераных работ вучняў вызначыць патрабаванні да адпаведнай адзнакі – бала. Гэта непрымальна для вучняў і не спрыяе атмасферы навучання. Усталяванне дакладных крытэрыяў поспеху прыводзіць да таго, што атрыманыя на праверачнай рабоце вынікі толькі адлюструюць узровень ведаў і ўменняў вучня ў межах, акрэсленых настаўнікам.

Гэта дазваляе пазбегнуць элемента нечаканасці, таму што вучні ведаюць, якія патрабаванні павінны выканаць, каб атрымаць добры вынік на праверачнай рабоце. Настаўнік, праўда, страчвае прывычную “зброю”, неабходную ў вядомай у школе гульні ў паліцэйскага і злодзея: вучань падманвае, а настаўнік спрабуе злавіць яго на падмане. Цяжка спыніць удзел у гэтай гульні, паколькі яна добра прыжылася ў нашых школах. Хаця вызначэнне з вучнямі дакладных крытэрыяў ацэнкі перад праверачнай работай выключае магчымасць такой “гульні”.

Метад вызначэння НаШтоБуЗУ

Крытэрыі ацэнкі могуць быць вызначаны самім настаўнікам і растлумачаны вучням перад праверачнай або дамашняй работай, але можна таксама зрабіць гэта разам з вучнямі. Вызначэнне з навучэнцамі крытэрыяў ацэнкі вельмі карыснае для працэсу навучання. Перш за ўсё гэта павышае адказнасць вучняў за ўласнае навучанне. Таксама вучні ведаюць, па якіх крытэрыях можна зразумець, што мэты ўрока дасягнутыя. Гэта можна зрабіць на ўроку паўтарэння перад праверачнай работай, вызначыўшы разам з вучнямі самае істотнае ў пройдзеным матэрыяле. Таксама можна прыслухацца да меркаванняў вучняў і потым разам вызначыць НаШтоБуЗУ. Вельмі карысным для навучальнага працэсу з’яўляецца выбар вучнямі таго, што з'яўляецца важным у гэтай тэме і што яны абавязкова павінны ведаць. Часта ў працэсе сумеснага вызначэння крытэрыяў ацэнкі можна ўбачыць, што вучні не паспелі добра засвоіць і да чаго яшчэ трэба вярнуцца.

Адзін са спосабаў (вельмі амбіцыйны) вызначэння НаШтоБуЗУ перад праверачнай работай – гэта распрацоўка вучнямі зместу будучай праверачнай работы. Для многіх настаўнікаў гэта вельмі рызыкоўна, паколькі дадзеная прапанова ліквідуе элемент нечаканасці, або праверкі таго, што вучань сапраўды ведае. Каб палепшыць гэты метад, Вы можаце папрасіць вучняў прыдумаць некалькі варыянтаў праверачнай работы і паабяцаць, што выбераце адзін з іх. Выкарыстоўваючы гэты метад, Вы можаце быць упэўнены, што вучні вывучаць матэрыял і падрыхтуюцца да праверачнай работы. Таксама вучні вырашаць, што з’яўляецца важным у дадзенай тэме або раздзеле.

Пасля стварэння дакладнага НаШтоБуЗУ вучні могуць самастойна праверыць свае работы і ацаніць іх. Тэме самаацэнкі і ўзаемнай ацэнкі будуць прысвечаны наступныя модулі. Як у самаацэнцы, так і ва ўзаемнай ацэнцы ключавым пытаннем з'яўляецца вызначэнне дакладных крытэрыяў ацэнкі. Калі Вы дакладна вызначылі крытэрыі ацэнкі, ці НаШтоБуЗУ, роля настаўніка становіцца менш важнай. Вучань самастойна, а найлепш у групе будзе спрабаваць праверыць, ці адпавядае яго работа крытэрыям ацэнкі.



Пытанні да справаздачы:

прывядзіце па адным прыкладзе тэмы праверачнай і дамашняй работы і звязаныя з імі НаШтоБуЗУ, а таксама метад іх вызначэння;

якой была рэакцыя вучняў на ўвядзенне НаШтоБуЗУ? Прывядзіце па меншай меры тры выказванні вучняў;

з якімі цяжкасцямі пры вызначэнні НАШтоБуЗУ і тлумачэнні вучням Вы сутыкнуліся? Чым яны былі абумоўлены?


Цяжкасці

Праблемы ў выкарыстанні НаШтоБуЗУ настаўніку можа прынесці перадусім пераадоленне школьных звычак як вучняў, так і бацькоў.

У ранейшым ацэньванні вучні і бацькі сустракаліся з падсумоўваючай ацэнкай, якая часцей уяўляла сабой пэўны бал, які падводзіў вынікі ўсёй працы вучня, яго дамашніх, класных і кантрольных работ. Часам нават у тэсце па матэматыцы арфаграфічныя памылкі маглі паўплываць на выніковую адзнаку. Сёння мы прапануем, каб ацэньвалася толькі тое, што было папярэдне вызначана. Мы разумеем, што гэта вельмі спрэчная прапанова для настаўніка, вучня і бацькоў. Мы, настаўнікі, прывыклі выпраўляць усе памылкі, дапушчаныя вучнем, і мала хто з нас можа стрымацца перад выпраўленнем чырвонай ручкай слова двадцаць.

Паспрабуем, аднак, пры ацэньванні чарговай работы вучня (самастойнай работы ці дамашняга задання) засяродзіцца выключна на НаШтоБУЗУ. Мы не выстаўляем адзнакі, а толькі пішам кароткі каментар. Старайцеся не факусаваць увагу вучня на памылках (падкрэсліваючы іх чырвоным колерам), таму што выпраўленая чырвонай ручкай работа вельмі прыгнятае вучня – і ён можа нават на прачытаць Ваш каментар.

Цяпер мы запрашаем Вас прымяніць вывучаныя крытэрыі ацэньвання на Вашых уроках і падзяліцца сваімі ўражаннямі ў справаздачы.

Зычым поспехаў!



Заўвага:

Пачынаючы з другога модуля, мы хочам унесці некаторыя інавацыі. Мы просім Вас выбраць для назірання ў класе трох вучняў. У ідэале гэтыя вучні павінны мець розны ўзровень ведаў і ступень выхаванасці. У кожнай справаздачы мы просім Вас прыводзіць іх рэакцыю на паслядоўнае ўвядзенне элементаў актыўнай ацэнкі.



Складальнік Данута Стэрна

Інтэрнэт-курс Актыўная ацэнка, www.dn.aacenka.by

Цэнтр грамадзянскай адукацыі, ТБШ





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка