Мой куток зямлі роднай



Дата канвертавання03.07.2016
Памер47.49 Kb.
Замалёўка “Мой куток зямлі роднай”

Выканала: Прахоцкая Таццяна Анатольеўна,

вучаніца 11 класа дзяржаўнай ўстановы адукацыі “Крываносаўская сярэдняя школа

імя Героя Савецкага Саюза Р. Н. Мачульскага”

в. Крываносы, 2016

Мой куток зямлі роднай

У кожнага з нас у сэрцы існуе свой куток зямлі роднай. Ён можа быць розным: знаёмым, цікавым, незвычайным, дзіўным, чароўным, загадкавым, разнастайным… Кожны чалавек яго любіць, шануе і лічыць самым лепшым. Мы можам многа паведаміць пра гісторыю сваёй вёскі або горада, расказаць пра жыццё знакамітых людзей, апісаць родны куток у лепшых фарбах. Але, на жаль, ніхто не зможа выказаць маіх думак, так як і я не змагу выказаць думак іншых людзей. Застаецца толькі здагадвацца. Вось мае думкі.

Мой куток зямлі роднай – гэта вёсачка Кармазы. Простая, звычайная, але такая мілая і дарагая майму сэрцу. З усіх бакоў абступаюць яе лясы, то бліжэй падыходзячы да населенага пункта, то адступаючы далей, закрываючыся лёгкім дымком. Невялікае, але прыгожае возера падзяляе вёску на дзве часткі. Першая – гэта вёска з маленькімі хатамі, з разбуранымі хлявамі і з велічнымі дрэвамі. Толькі,калі наступае цішыня, можна пачуць, як яны перашэптваюцца. Кожная вуліца, дарога, сцяжынка быццам захоўваюць шматгадовую гісторыю. Другая – гэта вёска больш новая, дзе паступова ідзе жыццё. Яны як маці з дачкою. Шмат успамінаў звязана з гэтым месцам падзелу. На адным беразе возера распусціла галінкі вярба-прыгажуня. Нібы дзяўчына, сумуе яна і мые свае косы ў вадзе. Чарот у сваю чаргу ахоўвае яе, як малодшую сястру. Так добра марыць там і глядзець, як кудысьці ўдалячынь бяжыць празрыстая хваля вады.

Яшчэ нядаўна за вокнамі віхурыла зіма. Сёння ў разгары вясна. Хутка зацвіце чаромха, бэз… А там падаспее руплівае, гаспадарлівае лета з цяжкім жнівеньскім снапом. Верыцца ў гэта. І так кожны год. Колькі ж такіх зім і вёсен сустрэла ты на сваім вяку, вёска Кармазы? Цяжка падлічыць.

Давайце звернемся да яе кароценькай гісторыі. Калі едзеш са Старых Дарог у напрамку Палажэвіч, з левага боку стаіць раскіданае паселішча, якое нагадвае сабраныя ў адно месца хутары. Па расказах старажылаў, яно так і было. Але чаму менавіта так вырашылі назваць вёску?

Па першай версіі, вёска атрымала сваю назву ад слова корм – абагуленае паняцце сенажаці, якіх раней было вельмі шмат. Людзі не давалі рады касіць іх, а пускалі пад выганы для коней, кароў, дробнай хатняй жывёлы. І зараз такіх лугавін вельмі шмат. На жаль, па іх выглядзе, я не змагу дакладна вызначыць, колькі ім гадоў. Але так прыемна ісці па яшчэ не скошанай сенажаці і адчуваць, як ласкава дакранаецца кожная травінка да ног. Як промні сонца запаўняюць душу святлом. Вы разумееце гэта пачуццё? Праз нейкі час яно зменіцца на больш калючае і балючае, бо застанецца пожня.

Згодна другой версіі, паходжанне назвы вёскі сугучна з арабскім словам “диризи” (кармазін) – тонкая тканіна чырвонага колеру. Гэта слова ў 18-19 стагоддзі было шырока распаўсюджана, потым паступова выйшла з ужывання.

Па трэцяй версіі, вёска ў 1773 годзе была ў Палескай воласці Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Яна з’яўлялася ўласнасцю пана Хадасевіча. У сярэдзіне 19 стагоддзя сюды завітаў купец Карамазаў. Месца яму спадабалася. Ён купіў тут зямлю і жыў у паселішчы датуль, пакуль не прыехаў з Польшчы Хадасевіч.

Пра гэта ж расказвала і жыхарка вёскі, былая паштальёнка К.І. Братчыкава. У вёсцы яна працавала 26 гадоў, добра ведала многіх тутэйшых жыхароў, у тым ліку і тых, каго ўжо няма на гэтым свеце. Таму Кацярына Іванаўна ўпэўнена сцвярджала, што назва вёскі пайшла менавіта ад купца Карамазава.

Час, калі ў Кармазах гаспадарыў пан Хадасевіч, жыхары памятаюць і цяпер. Вось што расказвае Тамара Міхайлаўна Собалева, былая настаўніца пачатковых класаў:

“Некалі наша школа была сямігодкай, а затым перабудавалі яе ў васьмігадовую. Працавалі мы спярша ў старым памяшканні панскага маёнтка. Цікава, – гаворыць Тамара Міхайлаўна, – што пан да скону не быў жанатым, часцяком арганізоўваў для моладзі пацешныя відовішчы і вельмі любіў дзяцей, запрашаў сялянскіх хлопчыкаў і дзяўчынак да сябе ў госці, гутарыў з імі, прапаноўваў паслухаць музыку, частаваў цукеркамі. У маёнтку была вельмі прыгожая, бліскучая падлога, і, каб яе не сапсаваць, ён прымушаў дзяцей здымаць свае шапкі, класці іх на падлогу, а потым нагамі станавіцца на іх.

Пра ўсё гэта нам калісьці расказвала маці майго мужа, якая працавала ў пана, даіла ягоных кароў. Упраўляючым быў паляк Маліноўскі. Сваіх працаўнікоў-сялян яны ніколі не называлі па імёнах. Для гэтых людзей існавалі мянушкі: “Шклюд”, “Шэрак”, “Шэрачак”, “Пістоля”, “Бараніха” і інш. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Хадасевіч пакінуў Кармазы і з’ехаў у Польшчу”.

Цяпер змянілася аблічча вёскі. Вось былы будынак школы. Шмат гадоў таму яна была адной з лепшых у раёне. Тут праводзіліся семінары, прыязджалі пераймаць вопыт настаўнікі з іншых школ. Вакол будынка рос вялікі сад, у двары заўсёды цвілі кветкі. Шкада, што школы ўжо няма.

Але людзі, якія жылі ў вёсцы, працавалі, застануцца ў нашай памяці.

Вось у гэтай хаце жыў калісьці Клюбка Адам Адамавіч, якому за яго выдатную працу прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён нарадзіўся 21 сакавіка 1923 года ў вёсцы Кармазы Старадарожскага раёна. У Вялікую Айчынную вайну змагаўся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у складзе партызанскага атрада імя Даватара партызанскай брыгады №64 імя Чкалава. Пасля вызвалення Беларусі знаходзіўся ў складзе дзеючай арміі і дайшоў да Берліна. Пасля дэмабілізацыі пераехаў у родную вёску, з 1947 года працаваў трактарыстам калгаса імя Фрунзе Старадарожскага раёна. З 1950 года працаваў у саўгасе “Любанскі” Любанскага раёна трактарыстам, пасля ўзачальваў механізаванае звяно па вырошчванні бульбы. За працоўныя дасягненні Клюбку А. А. у 1966 г. было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Адам Адамавіч узнагароджаны залатым медалём “Серп і Молат” Героя Сацыялістычнай Працы, ордэнам Леніна, ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі.

Часы Вялікай Айчыннай вайны прынеслі ў вёску Кармазы шмат гора і пакут. У розныя гады былі мабілізаваны на фронт звыш ста чалавек. З іх 48 вярнуліся пераможцамі. Іх імёны і прозвішчы пералічаны ў кнізе “Памяць”. На жаль, 62 чалавекі загінулі. Іх прозвішчы таксама занесены ў кнігу “Памяць”. Большасць франтавікоў ужо пакінулі жыццё, засталіся толькі некалькі чалавек.

Але гэта слаўнае мінулае майго роднага краю. Чым і як жыве сёння вёска Кармазы? Старэе яна, старэюць людзі і сады, якія так бушавалі і пладаносілі раней, старэюць хаты. Зараз многа пустых дамоў, працаздольных людзей усё менш і менш. Аднак больш засмучае апошняя лічба. Дзяцей у вёсцы да 16-гадовага ўзросту – 11. Гэта павінна трывожыць нас і прымушае рабіць сур’ёзныя вывады. Але ж час бяжыць з касмічнай хуткасцю.

Хочацца верыць у тое, што ў будучым зноў мая вёска Кармазы будзе слаўнай і вядомай.

Я жадаю табе, вёска, каб зноў зазвінелі дзіцячыя галасы ў тваёй школе, каб чутны былі іх жарты і смех на тваіх вулачках, каб загулі на падворках тваіх дамоў пчолы, памаладзелі і буйна зацвілі твае сады. Няхай жа збудуцца гэтыя пажаданні!



Я люблю сваю маленькую радзіму за шчырых і адкрытых, таленавітых і працавітых людзей, за бязмежна прыгожыя краявіды, за кожную вуліцу, за кожную сцяжынку, якія заўсёды прывядуць мяне туды, з чаго ўсё пачыналася. Жыві і квітней, мой куток зямлі роднай!


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка