Мотуж марыя андрэеўна (1935 г нар., в. Зашчырына)



Дата канвертавання03.07.2016
Памер22.73 Kb.
МОТУЖ МАРЫЯ АНДРЭЕЎНА

(1935 г.нар., в. Зашчырына)

Не забываюцца гады ваеннага ліхалецця. Для нас яно было як быццам учора.

У тыя дні ў нашай вёсцы Муквяціца ніхто не быў спалены, згарэла толькі вёска. А людзі загінулі ў розных месцах: шмат каго спалілі блізка за рачулкай, у Валюках, іншых смерць здагнала ў лясах, куды людзі ўцякалі ў пошуках паратунку.

Выратаваў нас нямы Адольф, які вырваўся з палаючай кузні ў Ладэлеве і, бегучы да партызан, адным сваім выглядам папярэдзіў нас, што адбываецца недалёка ад нас. Вось тут нашы дарослыя і зразумелі, што трэба ратавацца любой цаной. У нас былі сваякі ў Дубровах. Мы паехалі туды, а адтуль усе разам падаліся ў Малавідаўскія лясы, якія лічыліся партызанскай зонай. Аднак ніводнага партызана мы там не бачылі.

Першая карная экспедыцыя нас не закранула, у карнікаў было шмат “працы” ў вёсках. Калі ж усіх і ўсё спалілі, пайшлі прачэсваць лес. Там было шмат сем’яў, жылі разам, а калі пайшла другая карная экспедыцыя, разбегліся.

Так расказвалі дарослыя, а зараз пастараюся напісаць тое, пра што памятаю сама. Дзяцей – мяне, сястру, дваюраднага брата (яго маці немцы забілі раней) – бацькі павялі ў больш бяспечнае месца. Сястра і брат былі хворыя на тыф.

Узялі падушкі, коўдры. Паклалі брата і сястру, а я села каля іх ног. Мама засталася з намі, бацька пайшоў паглядзець, якім шляхам ідуць карнікі. Праз які час вярнуўся і гаворыць, што ідуць наўпрост на нас, загінем. “Давай кінем іх, хоць самі выратуемся”.

“Не,– сказала мама,– ты ідзі, а я з імі застануся”. Бацька пайшоў. І тут жа мы пачулі незразумелую мову. Мама, рыхтуючыся да смерці, паклала мяне тварам уніз, сама лягла побач і абняла мяне.

Немец падышоў да нас адзін, мама прыўзнялася і сказала: “Паночак, не забівай нас, мы ні ў чым не вінаватыя”. Але той не адклікнуўся і пачаў страляць. З першага стрэлу я адчула, як нешта цёплае пацякло па правай шчацэ – куля зачапіла вуха.

Чатыры разы выстраліў і ўсім у галаву цэліў. Яшчэ не адышоў ад нас, выкідваючы апошнюю гільзу, як я прыўзняла галаву, гляджу, а ён у белым халаце. На шчасце, немец стаяў адвярнуўшыся. Я зноў апусціла галаву. Потым ён пайшоў.

Быў ужо вечар, сонца заходзіла, асвятляючы вершаліны дрэў. Я паднялася з-пад мамінай рукі, паклікала маму, але яна не адгукнулася. Усе былі мёртвыя. Я кінула іх і пайшла ў той бок, куды пайшоў немец.

Іду – і ні жывой душы, адны мёртвыя сем’і. Мне стала вельмі холадна. Гляджу – ветрам дрэва вывернута. Залезла я ў той выварацень і адседзела ноч. Чула, як нехта хадзіў, храбусцеў снегам, але я не адгукнулася.

Як пазней выявілася, гэта хадзіў бацька. Калі карнікі зніклі, бацька пайшоў паглядзець, ці жывыя мы. Усе былі забітыя, а мяне не было. Вось ён і хадзіў, шукаў мяне, думаў, што немец мяне штыком адкінуў, было і такое.

Раніцай я вылезла, іду далей – і зноў толькі адны мёртвыя. Раптам падбегла да мяне нейкая цётка, узяла за руку і павяла, распытваючы, як я засталася жывая. Я ёй расказала ўсё. Яна мяне суцешыла, сказала, што калі бацька застаўся жывы, ён цябе знойдзе, а пакуль пажывеш з намі.

Але, відаць, нядоўга я з імі жыла, бо калі хавалі маму, сястру і брата, я ўжо была з бацькам. Іх хаваў адзін бацька, а я стаяла ля магілы. Пахаваныя яны на могілках у Дубровах.



Немагчыма без слёз успамінаць той далёкі і трагічны час, які назаўсёды застаўся ў нашых сэрцах. Няхай будзе праклятая вайна.

Вёска Муквяціца дажывае свой век. У ёй яшчэ жывуць два жыхары.
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка