Н. Б. Рашэтнікава (Мінск) рэалізацыя дыялагічнага прынцыпу на ўроках беларускай літаратуры



Дата канвертавання17.06.2016
Памер62.79 Kb.
Н. Б. Рашэтнікава (Мінск)
РЭАЛІЗАЦЫЯ ДЫЯЛАГІЧНАГА ПРЫНЦЫПУ

НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ
Сёння ў метадычнай літаратуры навукоўцы актыўна шукаюць прадуктыўныя ідэі арганізацыі сістэмы навучання, выхавання і развіцця вучняў на ўроку літаратуры. Адна з такіх ідэй – вывучэнне прыгожага пісьменства ў працэсе дыялогу. Падобны падыход спрыяе руху вучня-чытача да выяўлення аўтарскай пазіцыі ў творы, садзейнічае фарміраванню чытацкіх уменняў, а таксама ўспрыманню з’яў мастацкай культуры, канкрэтна-славеснага мастацтва, як іменна зразумець іншае "я", распачаць з ім дыялог.

Агульнавядома, што кожны твор мастацтва існуе толькі ў прасторы каардынат мастак –мастацтва – рэцыпіент і патрабуе наяўнасці творчай асобы і эстэтычнай сітуацыі, дзе ён будзе ўспрыняты. Падобны падыход ужо не нясе на сабе водбліск новага, ён успрымаецца як складаны, але перспектыўны шлях. Дыялагічную аснову маюць і працэс творчасці, і працэс успрымання мастацтва, бо мастак пад час творчасці ўступае ў дыялог, палемізуе з уяўным суб’ектам, або вядзе дыялог уяўных суб’ектаў. Разгляд канкрэтных твораў мастацтва можа даць уяўленне пра тое, як непасрэдна рэалізуецца дыялог у мастацкай практыцы.

Дыялог, распачаты, напрыклад, на старонках мастацкага твора доўжыцца ў навукова-крытычнай літаратуры, што з’яўляецца рэальным працягам дыялогу ў мастацкай творчасці і рэфлексіяй на тэму гэтага дыялогу. Дыялагічны прынцып распаўсюджваецца і на літаратурную адукацыю і дазваляе рэалізаваць у практыцы навучання дыялагічны характар мастацтва і дыялагічную прыроду яго ўспрымання, забяспечаную глыбокім і асабістым спасціжэннем мастацтва слова, робіць дыялог зместам і формай літаратурнай адукацыі. Рэалізацыя дыялагічнага прынцыпу ў школьнай практыцы навучання дазволіць развіць асобасны пачатак усіх суб’ектаў сістэмы літаратурнай адукацыі, тэорыя літаратуры зможа стаць гісторыяй дыялогу аўтараў, мастацкі твор – выразам асобы мастака, успрыманне вучнем тэксту – дыялогам яго з творцам, з крытыкам і г. д. Вучань і настаўнік у такой сістэме атрымліваюць максімальныя магчымасці для выражэння індывідуальных асаблівасцей.

Такім чынам, рэалізацыя дыялагічнага прынцыпу выкладання павінна:



  • актывізаваць успрыманне літаратурнага твора ў кірунку спасціжэння аўтарскай задумы "прарастаннем" літаратурнага тэксту ў зрокавыя, слыхавыя і іншыя вобразы на падставе самога тэксту і ў залежнасці ад індывідуальных своеасаблівасцей самога чытача;

  • садзейнічаць спасціжэнню літаратуры як часткі мастацкай культуры, з якой яна ўзаемадзейнічае;

  • актуалізаваць ў свядомасці чытача ўяўленне пра адзінства формы і зместу мастацкага твора, пра спецыфіку перастварэння рэчаіснасці рознымі відамі мастацтва;

  • дапамагаць асэнсаванню "марфалогіі мастацтва", гэта значыць больш глыбокаму разуменню мовы, розных мастацкіх сістэм структуры мастацкай творчасці, пачынаючы з асобнага тропа, прыёма і да жанру, літаратурнага роду, напрамку і інш.;

  • садзейнічаць спасціжэнню творчай індывідуальнасці аўтара, раскрываючы для чытача яго непаўторнасць.

Паэтапнае ўспрыманне дыялогу як формы і зместу вучэбнага працэсу магчыма на падставе трох перыядаў чытацкага развіцця і адпаведна мастацкіх дамінант кожнай узроставай групы: дашкольнай, падлеткавай, юнацкай.

Перыяд юнацтва, як вядома, вызначаецца тым, што вучань можа канцэптуальна ўспрымаць мастацкі твор на ўзроўні аўтарскага светапогляду, у кантэксце айчыннай і сусветнай літаратур. Ідэя дыялогу ў асноўным павінна быць своеасаблівым генератарам у адкрыцці сэнсаў, мастацкага зместу літаратурнага твора і выяўленнем асобаснага пачатку аўтара і рэцыпіента, што павінна накіроўваць і арганізоўваць чытацкую дзейнасць. Згодна з дыялагічным прынцыпам чытацкая дзейнасць вучня ўсё больш набывае інтэрпрэтацыйны характар, заснаваны на ўменні аналізаваць тэкст і такім чынам забяспечваць двухбаковы працэс: мастацкі твор стымулюе развіццё ўласна-творчых здольнасцей, якія, у сваю чаргу, удасканальваюць успрыманне мастацкага твора.

Звернемся непасрэдна да практыкі навучання, а ў прыватнасці, да асэнсавання на заключным этапе школьнай літаратурнай адукацыі трылогіі Івана Мележа "Палеская хроніка". Твор даўно заняў пачэснае месца сярод лепшых здабыткаў беларускага прыгожага пісьменства. Назапашаны пэўны вопыт вывучэння мележаўскай трылогіі на ўроках беларускай літаратуры, што ні ў якім разе не закрэслівае інавацыйныя падыходы, сярод якіх і камунікатыўна-дзейнасны, дзе вучань актыўна распачынае дыялог з аўтарам, высвятляючы для сябе канцэпцыю твора, з героямі трылогіі, такім чынам выказваючы сваю маральную пазіцыю.

Дыялог можа быць распачаты падчас завочнай экскурсіі, што праводзяць самі вучні на ўроку, прысвечанаму азнаямленню з біяграфіяй пісьменніка.

Да прыкладу, два дыялогі: першы – з успамінаў Івана Шамякіна: "Роўна за год да смерці Мележа, улетку 1975 г., падчас сесіі Вярхоўнага Савета, я сядзеў у буфеце разам з міністрам аховы здароўя акадэмікам Мікалаем Яўгенавічам Саўчанкам, галоўным уролагам. Ён сказаў:

– Учора кансультаваў вашага Мележа.

– Ну і што? Як яго ныркі?

– Вельмі дрэнна. Яму, калі ласка, не кажыце. Практычна ныркі яго даўно вычарпалі ўсе свае рэзервы. Мы трымаем яго на моцных лякарствах. Колькі можам пратрымаць? Дай бог, паўгода, год. Я прапанаваў яму перасадку, ён адмовіўся" [1, с. 378].

Другі – з успамінаў Васіля Быкава. Дыялог зразумелы, калі прыгадаем, што ў 1976 годзе часопіс "Полымя" пачаў друкаваць новы раман Івана Мележа "Завеі, снежань" з цыклу "Палескай хронікі". Чытачы чакалі працягу, часопіс выходзіў, а новыя раздзелы з рамана не друкаваліся. Васіль Быкаў успамінае: "Мы спыніліся на рагу Музея Кастрычніцкай рэвалюцыі, і ён неяк аціхла, з нетутэйшай тугой уваччу агледзеў Аляксандраўскі сад, Манежную плошчу і сказаў словы, якія тады здзівілі мяне і збянтэжылі:

– Заканчэння не будзе, Васіль.

– Як – не будзе?

– Не будзе ніколі.

…Ён … нічога больш не дадаў, замкнуўся, маўчаў, увесь аддаўшыся сваім, не вядомым мне клопатам…

…Праз няпоўныя тры месяцы яго не стала" [1, с. 187].

Вучні задумваюцца над пытаннямі: кніга завершана ці не завершана. Усё, што хацеў сказаць пісьменнік, ён сказаў. Дык як вызначыць асноўную думку: што яднае ў адзінае цэлае "Палескую хроніку"? – кнігу, якую называюць "вялікай кнігай нашай літаратуры", бо "гэта кніга магістральнага месца і значэння – гэта да яе прыглядаюцца іншыя добрыя і нават выдатныя кнігі, каб, дапоўніўшы, стварыць агульную карціну сучаснай нацыянальнай літаратуры" [1, с. 205–206].

З чаго пачаць? Як "прачытаць" тое таямнічае, што пакінуў чытачу ў спадчыну Іван Мележ? Вось ідзе ў рамане "Завеі, снежань" па каляіне Ганна Чарнушка… Што яе чакае? А ці пакіне родную вёску Васіль Дзяцел?

Вучні прапануюць адзін аднаму паслухаць дыялогі і магчыма зразумець, як паступова выпрацоўвалася аўтарам задума. Вось раніца у Куранях, размовы аднавяскоўцаў на касавіцы.

Вось дыялог Васіля і Ганны ля вогнішча, іх першая шчырая размова. Вось дыялогі Апейкі з Харчавым, Апейкі з Васілём. Старшыня райвыканкама Апейка і начальнік міліцыі Харчаў. А паміж імі Васіль…

Гэта першы блок дыялогаў герояў рамана "Людзі на балоце". Старшакласнікі ўвесь час прытрымліваюцца аўтарскай пазіцыі. Чаму раман "Людзі на балоце" завяршаецца будоўляй грэблі, а не перадзелам зямлі, пра што так даўно мараць сяляне? У працэсе работы ўвага звяртаецца на своеасаблівасць жанру рамана "Людзі на балоце", на ролю масавых сцэн у творы (сюжэтна-кампазіцыйная пабудова), на паліфанізм твора, своеасаблівасць сістэмы вобразаў-персанажаў, дзе асобна вылучаны галоўныя героі, а героі другога плану дапаўняюць агульную карціну.

Наступны блок дыялогаў непасрэдна звязаны з калектывізацыяй.

Замаруджаны час нібы схамянуўся і паспешліва пайшоў у рамане “Подых навальніцы”. Амаль тыя ж героі ў другой кнізе трылогіі, а дыялогі іншыя. Вось дыялог Апейкі з Міканорам, Апейкі з Алесем Маёвым. Атмасфера часу трывожная, трывога напаўняе душу Івана Анісімавіча Апейкі.

Вучні адзначаюць, што дыялог у рамане "Подых навальніцы" часта замяняецца няўласна простай мовай. Героі часцей думаюць, перажываюць, чым гавораць. Змянілася агульная танальнасць "Палескай хронікі", і гутарка не толькі пра ролю і месца дакумента ў творы, але і пра змены ў сюжэтна-кампазіцыйнай пабудове, дзе масавыя сцэны паступова пераходзяць на другі план. На другім плане і галоўныя героі рамана "Людзі на балоце". Асобы Васіля, Ганны, Яўхіма, Хоні, Хадоські нібы падраўняліся, сталі ўпоравень. Нават Апейку цяжка назваць у рамане "Подых навальніцы" галоўным героем. Сапраўдны галоўны герой – час, які, як сведчыць развіццё падзей з "Палескай хронікі", мала зразумелы людзьмі.

Трэці блок дыялогаў з рамана "Завеі, снежань" патрабуе "падсветкі". Яе мы знойдзем у раманах "Вязьмо" М Зарэцкага, "Узнятая цаліна" М. Шолахава. Разгляд праблемы калектывізацыі ў "Палескай хронікі" ў кантэксце твораў савецкай літаратуры дасць магчымасць вучням асэнсаваць канцэпцыю свету і асобы ў кнізе Івана Мележа.

Як бачым, дыялог вучня-чытача з тэкстам і ў класе становіцца асновай вучэбнага і эстэтычнага супрацоўніцтва, што кожны раз дае магчымасць стаць зацікаўленымі суразмоўцамі і чытачамі. Дадзеная стратэгія патрабуе, за аднаго боку, актуалізацыю для чытача як мага большай колькасці "фактараў мастацкага ўплыву" ў тэксце, а з другога – інтэнсіфікацыю працэсаў эстэтычнай самаактуалізацыі чытача.


Літаратура
1. Успаміны пра Івана Мележа. – Мінск, 1982.
: bitstream -> 123456789 -> 106333
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка