Надрукавана: Веснік Грду імя Я. Купалы. Серыя Гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія. №1 (76). 2009. – С. 40-45. Ключавыя словы



Дата канвертавання15.05.2016
Памер157.72 Kb.

powerpluswatermarkobject231342


Надрукавана: Веснік ГрДУ імя Я.Купалы. Серыя 1. Гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія. № 1 (76). - 2009. – С.40-45.
Ключавыя словы: Рэпатрыяцыя, пашпартызацыя, аддзел віз і рэгістрацыі (АВіР), савецка-польскае пагадненне ад 25 сакавіка 1957 г., пашпарт, грамадзянства, нацыянальнасць.
А. Вялікі

Пытанні нацыянальнасці і грамадзянства

ў час рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з БССР у ПНР у 1957-1959 гг.
У артыкуле аналізуецца праблема вызначэння нацыянальнасці і грамадзянства насельніцтва заходніх абласцей БССР, якое жадала выехаць у ПНР у 1957-1959 гг. Паводле савецка-польскага Пагаднення ад 25 сакавіка 1957 г. рэпатрыяцыя адбывалася на аснове прынцыпа нацыянальнай і грамадзянскай прыналежнасці. Гэта значыла, што права на рэпатрыяцыю мелі толькі грамадзянне, які дакументальна маглі пацвердзіць, польскую нацыянальнасць да 17 верасня 1939 г. і пражыванне на тэрыторыі Другой Рэчы Паспалітай. Аднак для значнай часткі людзей гэта было немагчыма, бо не ўсе мелі польскія дакументы. Пры правядзенні пашпартызацыі, якая адбывалася ў заходніх абласцях БССР у 1939-1941 гг.да і пасля Вялікай Айчыннай вайны, многія з палякаў ў савецкіх пашпартах былі запісаны як беларусы. У пагаспадарчых кнігах, якія вялі сельскія саветы значная частка палякаў была запісана беларусамі. Дакументы з супярэчлівымі запісамі аб нацыянальнасці, якія выдаваліся ў розныя гады савецкімі адміністрацыйнымі органамі выклікалі шэраг праблем, абцяжарылі працэс разгляду і верыфікацыі дакументаў аддзеламі віз і рэгістрацый (АВіР), рай/гарвыканкамамі, а таксама прыняцце рашэння аб дазволе ці адмаўленні людзям у рэпатрыяцыі.

Пытанне рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з БССР у ПНР у 1957-1959 гг., з’яўляецца адной з найменей даследаваных праблем у айчыннай гістарыяграфіі. Адным з першых даследчыкаў у беларускай савецкай гістарыяграфіі, які ўзгадаў аб ёй, з’яўляецца У.Талсты. Ён адзначыў, што “за перыяд другой пасляваеннай рэпатрыяцыі з Беларусі ў Польшчу выехалі дзесяткі тысяч палякаў”[14, с.25]. Тэзісна закранулі гэтую тэму беларускія дэмографы А.А. Ракаў[13, с.88-89], Б.А. Манак[8, с.48], якія адзначылі што ў выніку двух хваль рэпатрыяцый (1944-1946 гг. і 1956-1959 гг.), значна зменшылася колькасць насельніцтва ў заходнебеларускім рэгіёне, што істотна паўплывала на змены яго этнічнага складу. За апошняе дзесяцігоддзе рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з БССР у ПНР у 1957-1959 гг. прысвечаны манаграфія і артыкулы А.Вялікага[1; 2, с. 336-343], у пэўнай ступені А.Злотнікава[7, с.52-53]. Нават гісторыкі з заходнебеларускага рэгіёна вымушаны канстатаваць яе недастатковую вывучанасць. Так, даследчык з Гродзеншчыны С. Данскіх у працы, прысвечанай гісторыі Шчучынскага раёна адзначае, што “ў 1956-1959 гг. адбывалася другая, значна меншая хваля рэпатрыяцыі ў Польшчу, адносна якой не ўдалося знайсці дакладныя дадзеныя”[6, с.25].

Значную ўвагу вывучэнню гэтай праблемы ўдзяляюць польскія гісторыкі. У адрозненне ад беларускіх, яны раней прыступілі да яе вывучэнння. У першую чаргу неабходна адзначыць працу М. Латуха[18], якая асноўваецца на шырокай крыніцазнаўчай базе і праведзеных аўтарам аналізе анкетаванняў 2,9 тыс. рэпатрыянтаў. Грунтоўнасць яго даследванню надае аналіз статыстычных дадзеных, дзейнасці дзяржаўных устаноў ПНР, якія займаліся ўладкаваннем рэпатрыянтаў на новых месцах і г.д. Сацыёлаг К.Жыгульскі прысвяціў сваё даследванне моўнай, культурнай, працоўнай, побытавай адаптацыі рэпатрыянтаў, у тым ліку і з БССР, у польскую рэчаіснасць[22]. Асаблівую цікавасць выклікаюць вынікі яго сацыялагічных апытанняў, якія датычыць рэпатрыянтаў з Беларусі: карыстанне імі ў сям’і беларускай і рускай мовай, параўнанні умоў жыцця і працы ў Беларусі і Польшчы, захаванне рэпартыянтамі звычаяў, традыцый тых мясцін, адкуль яны прыехалі ў ПНР, адаптацыі да польскай паўсядзённасці розных узроставых груп рэпатрыянтаў, узаемадачыненні іх з суседзямі і г.д.

Найбольшую вартасць для даследуемай тэмы мае праца М.Рухневіч[20], асабліва ў той частцы, дзе закранаецца беларуская праблематыка: колькасныя паказчыкі рэпатрыіруемых з Беларусі, праблемы, якія ўзніклі ў час рэпатрыяцыі, стаўленне партыйна-савецкага кіраўніцтва БССР да гэтага працэсу.

Пэўную цікавасць уяўляе зборнік дакументаў[17], выдадзены польскімі гісторыкамі ў 1994 г. Частка з іх утрымлівае фрагментарныя звесткі аб рэпатрыяцыі з Беларусі, праблеме беларускай “палоніі”, паказвае стаўленне палітычнага кіраўніцтва СССР-БССР да рэпатрыяцыйнай акцыі. Фрагментарны статыстычны матэрыял аб рэпатрыянтах з Беларусі: колькасць выехаўшых па гадах, суадносіны выехаўшых з БССР і іншых саюзных рэспублік, іх рассяленне па ваяводствах Польшчы ўтрымліваецца ў працы Я.Чарнікевіча і М.Чарнікевіч[16]. У кантэксце сваіх прац закраналі гэтую праблему П. Эберхардт[15], Ю.Сядлецкі[21]. Польская гістарыяграфія, разам з бяспрэчнымі дасягненнямі, мае значныя недахопы. Перш за ўсё, адсутнасць у працах польскіх гісторыкаў матэрыялаў з беларускіх архіваў, што непазбежна вымушае разглядаць гэтую праблему выключна з пункту гледжання польскіх інтарэсаў, што іншы раз уплывае на аб’ектыўнасць асвятлення рэпатрыяцыйнага працэса. “Беларуская спецыфіка” ў іх працах аналізуецца ўскосна, пазначана фрагментарна і разглядаецца ў кантэксце рэпатрыяцыя палякаў з Савецкага Саюза.

Такім чынам, гістарыяграфічны аналіз паказвае, што тэма рэпатрыяцыі палякаў з БССР у ПНР не знайшла належнага вывучэння айчыннымі і замежнымі гісторыкамі як у цэлым, так і яе асобных аспектаў. Мэтай артыкула з’яўляецца асвятленне адной з найбольш складаных праблем, якая мела месца ў час рэпатрыяцыі – праблема вызначэння нацыянальнасці і грамадзянства органамі ўлады, якія разглядалі, верыфікавалі і прымалі рашэнне аб прызнанні ці не прызнанні сапраўднасці прадастаўляемых дакументаў рэпатрыянтамі.

Савецка-польскае Пагадненне ад 25 сакавіка 1957 г. пытанне нацыянальнасці і грамадзянства тых, хто жадаў рэпатрыіравацца ў ПНР, вызначала вельмі дакладна: “[…] Права на рэпатрыяцыю маюць: а) асобы польскай нацыянальнасці, якія знаходзіліся ў польскім грамадзянстве да 17 верасня 1939 г.”[5, с.101]. Гэта азначала, што асноўным прынцыпам, які даваў грамадзяніну права на рэпатрыяцыю, з’яўляўся прынцып нацыянальнай і грамадзянскай праналежнасці. Аднак для часткі насельніцтва заходніх абласцей БССР гэта стала істотнай праблемай, бо яны не мелі адпаведных польскіх дакументаў, аб польскім грамадзянстве і нацыянальнасці да 17 верасня 1939 г. Гэта пытанне абмяркоўвалася на савецка-польскай нарадзе, якая адбылася 25 мая 1957 г. у Галоўным Упраўленні Міліцыі (ГУМ) МУС СССР. Польскі бок прапанаваў, і з гэтым пагадзіўся савецкі, што пацверджаннем грамадзянства павінны быць афіцыйныя дакументы, выдадзеныя польскімі ўладамі да 17 верасня 1939 г. аб грамадзянстве Другой Рэчы Паспалітай”[4, арк.173].

Значна складаней праходзіла абмеркаванне пытання аб вызначэнні нацыянальнасці. Упаўнаважаны польскага ўрада ў справах рэпатрыяцыі пры пасольстве ПНР у Маскве У.Попель прапанаваў, каб пры вызначэнні нацыянальнасці ўлічваліся розныя дакументы, выдадзеныя савецкімі адміністрацыйнымі органамі[4, арк.174]. Свой пункт гледжання ён абгрунтоўваў тым, што ў дакументах, выдадзеных савецкімі ўладамі ў розныя гады, былі розныя запісы аб нацыянальнасці[4, арк.174]. Ён адзначаў: “Чалавек меў даведку з сельсавета з 1945 г. без пячаткі, дзе было запісана, што ён па нацыянальнасці паляк, а ў пашпарце было запісана што ён беларус. Мясцовыя ўлады прызналі сапраўдным той дакумент, дзе была пячатка (г.зн. пашпарт)”[4, арк.175]. У Попель прапанаваў улічваць і пашпарт, і даведку з сельсавета, а таксама меркаванні саміх грамадзян, што вяло да гнуткага, а не фармальнага разгляду пытання аб нацыянальнасці. Аднак савецкі бок катэгарычна не пагадзіўся з гэтым і прапанаваў сумесна вызначылць кола дакументаў, па якіх неабходна вызначаць нацыянальнаць[4, арк.177]. Пасля дыскусій бакі пагадзіліся, што польскімі дакументамі павінны былі быць: любы польскі дакумент, выданы да і пасля вайны, пасведчанні польскіх адміністрацыйных органаў, пасведчанні асобы, польскі замежны пашпарт, ваенны ці школьны дакумент, любая іншая даведка; савецкімі – даведкі сельскага савета, любое іншае пасведчанне[4, арк.179].

Разам з тым, рэпатрыяцыя паказала, што найбольшую блытаніну у вызначэнні нацыянальнасці ўносілі даведкі сельсаветаў, якія выдаваліся на аснове пагаспадарчых кніг (ПК). ГУМ МУС СССР у адной са спраў адзначала: “[…] выяўлены шматлікія выпадкі, калі адным і тым жа сем’ям, аднаму і таму ж грамадзяніну аднак у розны час выдаваліся супярэчлівыя дакументы, паводле якіх ён лічыўся ў адным выпадку па нацыянальнасці “паляк”, а ў другім – “беларус”. Большасць грамадзян Гродзенскай і Маладзечанскай абласцей запісалі сябе ў гэтых кнігах на нацыянальнасці “паляк”, хаця ў мінулых кнігах лічыліся “беларусамі”. Так, напрыклад, пры закладцы новых ПК у Маладзечанскай вобласці змянілі нацыянальнасць па Валожынскаму раёну 394 гаспадаркі, Глыбоцкаму – 387, Ашмянскаму – 455, Пастаўскаму – 394, Свірскаму – 17, Дунілавіцкаму – 226”[4, арк.52-53]. Заўважым, што сцверджанне аб тым, што большасць насельніцтва заходнебеларускіх рэгіёнаў памяняла нацыянальнасць, не адпавядала рэчаіснасці, бо сярэднестатыстычная колькасць насельніцтва раёна вагалася ад 30 да 65 тыс. чалавек[19, с.134]. Калі, напрыклад, у Валожынскім раёне змяніла нацыянальнасць ўсяго 394 гаспадаркі, то гэта ніяк “не большасць насельніцтва”.

У сапраўднасці, пры вызначэнні нацыянальнасці найбольш супярэчлівымі з’яўляліся даведкі, выдадзеныя на аснове запісаў у ПК, якія вяліся ў 1944 – 1960 гг. Поводле іх, частка насельніцтва заходніх абласцей БССР на працягу 1944-1949 гг., была перапісана з палякаў у беларусаў. Яскрава гэта пацвярджаецца на прыкладзе вёскі Сіўцы Сіўцаўскага сельсавета Крывіцкага раёна Маладзечанскай вобласці. Першы пасляваенны запіс у ПК, які адбыўся ў Сіўцаўскім с/с у 1944-1945 гг., паказаў, што з 61 сям’і гэтай вёскі, ў 59 сям’яў у графе “нацыянальнасць”, было пазначана - “паляк”. У 2-х сем’яў у графе “нацыянальнасць” запісаў не было. Такім чынам, паводле ПК, насельніцтва вёскі Сіўцы ў 1944-1945 гг. з’яўлялася выключна польскім[1, с.132].

Паводле запісаў у ПК, якія вяліся ў 1946-1947-1948 гг. у Сіўцах толькі 6 сем’яў прызналі сябе польскімі, ў 53-х у графе “нацыянальнасць” нічога не было запісана. 6 сем’яў запісалі сябе беларусамі, а ў 5 сем’ях у графе “нацыянальнасць” стаяла толькі літара “б”[1, арк.135-136]. Такім чынам, у 1949-1951 гг. усё насельніцтва в. Сіўцы стала беларускім. Палякамі прызналі сябе толькі 2-е сям’і, 8 сям’ям у графе “нацыянальнасць” нічога не запісалі, а ўсе астатнія ў графе “нацыянальнасць” былі пазначаны як беларусы[1, с.136]. Такім чынам, за 1944-1949 гг. амаль усё насельніцтва гэтай вёскі “змяніла” сваю нацыянальнасць.

У першую чаргу гэта тлумачылася складанасцю грамадска-палітычнай сітуацыі ў заходнебеларускім рэгіёне ў першыя пасляваенныя гады. Значная частка насельніцтва была няўпэўнена ў якой дзяржаве яна будзе жыць: ў СССР-БССР, ці ў Польшчы. Некаторыя спадзяваліся, што тэрыторыя заходніх абласцей Беларусі адыдзе да Польшчы. Таму сцвярджалі, што па нацыянальнасці яны палякі. Красамоўна гэта выявілася пры зборы подпісаў ліста І.Сталіну, які праходзіў з нагоды першай гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у чэрвені-ліпені 1945 г. Так, у “Даведцы аб палітычных настроях насельніцтва ў сувязі з падпісаннем ліста працоўных І.Сталіну” адзначалася: “[…] У Воранаўскім раёне з 20 тыс. насельніцтва падпісалі ліст толькі 3000 чалавек. […] Такое ж становішча ў Свіслацкім раёне, дзе з 25 тысяч насельніцтва падпісалі ліст т. Сталіну толькі 7800 чалавек. […] У Шчучынскім раёне з 38 тыс. насельніцтва раёна падпісалі ліст толькі 7700 чалавек. […] Значная частка палякаў у Заходніх абласцях БССР пад рознымі прычынамі ўхіляецца падпісваць ліст. У шэрагу месцаў палякі адмаўляліся падпісваць ліст Сталіну пад тым выглядам, што гэта ліст беларускага, а не польскага народа.”[9, арк.410-414].

Начальнік пагранічных войскаў НКУС Беларускай ваеннай акругі генерал-палкоўнік К.Антонаў паведамляў сакратару ЦК КП(б)Б К.Кісялёву 11 ліпеня 1945 г., што: “па дадзеных нашых крыніц гэта мерапрыемства (подпіс ліста І.Сталіну. – А.В.) польскае насельніцтва сустрэла з нежаданнем і ў некаторых выпадках адмовай ад подпісаў. […] ксёндз м. Адэльск на пытанне чаму палякі не падпісваюць ліст таварышу Сталіну, заявіў: “Мы асобным людзям не служым, а служым народу, да таго ж мы палякі і падпісваць ліст Сталіну не будзем”[10, арк.68]. 21 ліпеня 1945 г. Упраўленне пагранічных войскаў НКУС Беларускай акругі зноў паведамляла К.Кісялёву: “Па нашых агентурных звестках падпіска ліста таварышу Сталіну па пагранічных раёнах Гродзенскай вобласці прайшла на нізкім узроўні. Так, напрыклад, у Сапоцкінскім раёне, Гродзенскай вобласці налічваецца 22 тысячы насельніцтва, а падпісала ліст толькі 1700 чалавек. У ліку падпісаўшых – партыйны і савецкі актыў і беларускае насельніцтва, якое пражывае ў дадзеным раёне” [10, арк.75]. Гэтыя ж самыя настроі польскага насельніцтва фіксавалі і ваенныя. Так, член ваеннага савета Беларускай ваеннай акругі генерал-лейтэнант У.Макараў паведамляў першаму сакратару ЦК КП(б)Б П. Панамарэнку ў кастрычніку 1945 г., што ў шэрагу раёнаў Баранавіцкай і Гродзенскай абласцей было праведзена “вывучэнне палітычных настрояў сельскага насельніцтва” [10, арк.126], вынікі якога паказалі, што “некаторыя селяне лічылі, што граніца Польшчы на ўсходзе будзе там, дзе яна была да 1939 г. [...] Упаўнаважаны вёскі Савічы Бярозаўскага сельсавета паляк Рацкевіч заявіў “Мы, палякі, спадзяемся, што тут ўсё ж будзе Польшча”. Аналагічныя факты маюцца ў Скідзельскім раёне гэтай жа вобласці. Загадчыца хатай-чытальняй Жылецкага сельсавета Скідзельскага раёне адзначала, што: “многія чакаюць перамен, лічаць, што гэтыя раёны зноў будуць перададзены Польшчы” [10, арк.137].

У 1944-1945 гг. не было упэўненасці ў нязменнасці граніц рэспублікі і ў партыйна-савецкага кіраўніцтва Беларусі. Першы сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка на пасяджэнні Прэзідыўма ВС БССР (30 жніўня 1945 г.), на якім абмяркоўвалася пытанне аб ратыфікацыі Статута ААН, адзначыў: “На канферэнцыі ў Сан-Францыска наша дэлегацыя сярод ўсіх міжнародных актаў правяла акт вызначэння заходніх граніц, і такім чынам з пункту гледжання міжнароднага права мы маем юрыдычнае замацаванне ўз’яднання Беларусі. У гісторыі ўжо не можа быць зварота да папярэдняга ці перагляду гэтага пытання. Гэта надзвычай важна, таму, што фактычна мы ўз’ядналіся ў 1939 г., але сваю пазіцыю трымалі адкрытай, таму гэта ўяўляла вядомыя нязручнасці. Зараз гэта прызнана ў міжнародным маштабе, гэта лічыцца непарушным фактам. Для Беларусі гэта справа гістарычнага значэння”[12, с.315-316]. Гэта сведчыць, што і П.Панамарэнка, як кіраўнік рэспублікі, ўпэўніўся ў нязменнасці граніц Беларусі толькі ў 1945 г.

Запісы ў ПК, праведзеныя ў 1946-1947-1948 гг. паказалі, што гэтая частка насельніцтва, страціла надзею на ўстанаўленне граніцы, якая існавала да 17 верасня 1939 г. і зразумела, што яны будуць жыць ў савецкай Беларусі.. Усведамленне гэтага, відаць, вымушала частку палякаў запісвацца ў пагаспадарчых кнігах беларусамі”. Наступныя гады яшчэ больш замацавалі гэтую тэндэнцыю. У пагаспадарчых кнігах 1952-1953-1954 гг.[1, с.135], 1955-1956-1957 гг.[1, с.136] і 1961-1962-1963 гг.[1, с.136] у в. Сіўцы ні адна сям’я не запісала, што па нацыянальнасці яны “палякі”. Такім чынам, за адносна кароткі адрэзак часу (1944-1949 гг.), жыхары вёскі Сіўцы карэнным чынам “змянілі” сваю нацыянальнасць паводле запісаў у пагаспадарчых кнігах.

Разам з тым, у асобных сельсаветах Маладзечанскай вобласці ў ПК, якія вяліся ў 1958 г., частка “беларусаў” зноў пераўтваралася ў “палякаў”. Так, паводле інфармацыі ГУМ МУС СССР “[…] старшыня Павяцкага сельскага савета Ашмянскага раёна К. і сакратар гэтага ж сельсавета Ж. пры закладцы новых пагаспадарчых кніг на 1958 г. з агульнай колькасці 652 гаспадаркі, якія лічацца ў сельскім савеце, запісалі палякамі 435 гаспадарак, якія раней у пагаспадарчых кнігах за 1957 г. былі запісаныя па нацыянальнасці як беларус. У Дунілавіцкім сельсавеце ў пагаспадарчых кнігах на 1958 г. запісалі 226 гаспадарак па нацыянальнасці “паляк”, якія раней былі запісаныя ў пагаспадарчых кнігах за 1957 г. па нацыянальнасці “беларус”. Па Варапаеўскаму сельсавету такіх гаспадарак – 35, Белькаўскаму – 17”[3, арк.60-61]. Аднак чарговае пераўтварэнне “беларусаў” у “палякаў” магчыма патлумачыць, адбываўшайся рэпатрыяцыяй і частка насельніцтва спрабавала выкарыстаць гэты момант, каб мець магчымасць выехаць у Польшчу.

Зразумела, што такое становішча значна ўскладняла працу аддзелаў віз і рэгістрацый (АВіР), якія перадавалі дакументы са спрэчнымі запісамі аб нацыянальнасці і грамадзянстве на разгляд рай/гарвыканкамаў, каб апошнія выносілі рашэнні аб іх сапраўднасці ці несапраўднасці. У такіх выпадках, выканкамы заходніх абласцей патрабавалі ад людзей прадастаўлення дадатковых дакументаў, пацвярджаючых іх польскую нацыянальнасць і грамадзянства да 17 верасня 1939 г. Калі людзі іх прадастаўлялі, то рашэннямі выканкамаў прызнавалася іх польская нацыянальнасць і грамадзянства, незалежна ад таго, якая нацыянальнасць была запісана ў пагаспадарчых кнігах.

Так, напрыклад, Юрацішскі райвыканкам у красавіку 1958 г. пры разглядзе дадатковых дакументаў, якія прадставілі грамадзянне Зеляневіч С., Буйко Ф., Косач С., Горбач В., пацвердзіў іх польскую нацыянальнасць і грамадзянства і даў указанне Лялюкінскаму і Ляжневіцкаму сельскім саветам у пагаспадарчых кнігах запісаць іх палякамі і выдаць ім неабходныя даведкі, патрэбныя для афармлення дакументаў на рэпатрыяцыю. У той жа час, грамадзяніну Аляхновічу было адмоўлена ў хадайніцтве аб прызнанні яго палякам, бо ён не прадставіў пацвярджаючых дакументаў і, ў сувязі з гэтым, выканкам палічыў, што не мелася падстаў уносіць змены ў графу “нацыянальнасць” у пагаспадарчай кнізе[1, с.140]. Валожынскі райвыканкам на пасяджэнні, што адбылося 14 мая 1958 г. прызнаў даведкі, выданыя сельсаветамі 7-мі сем’ям, якія пацвярджалі іх польскую нацыянальнасаць сапраўднымі, а 7-мі сем’ям – несапраўднымі”[1, с.141]. На наступным пасяджэнні 19-ці грамадзянам прызналі сапраўднымі даведкі сельскіх саветаў, у якіх была пазначана нацыянальнасць “паляк”, а 20 чалавек палічылі беларусамі, бо па даведках архіва яны лічыліся “беларусамі”[1, с.141]. Радашковіцкі райвыканкам двойчы разглядаў хадайніцтва жыхара в. Мархаі Гірывіцкага сельсавета Асташэвіча В.К. і яго жонкі аб прызнанні яго па нацыянальнасці палякам. У ПК гэтай вёскі за 1944-1951 гг. і ў пашпарце, які ён атрымаў у 1955 г. ён быў запісаны па нацыянальнасці “паляк”. Аднак у ПК за 1958 г. невядома па якой прычыне па нацыянальнасці ён значыўся як “беларус”. У сувязі з такімі супярэчлівымі запісамі ў дакументах Радашковіцкі райвыканкам на пасяджэннях 8 верасня і 18 лістапада 1958 г. разглядаў яго хадайніцтвы і, нягледзячы на тое, што ў пашпарце і ў пагаспадарчых кнігах за 1944-1951 гг. ён быў запісаны палякам, яго палічылі беларусам, улічваючы апошні запіс у пагаспадарчай кнізе. У сувязі з такім рашэннем райвыканкама, Маладзечанскае УУС адмовіла яму і яго жонцы ў праве на рэпатрыяцыю[1, с.141].

Адмовы ў выдачы даведак з сельскіх саветаў, архіваў, аддзелаў ЗАГС, у якіх была пазначана нацыянальнасць “паляк” вымушала частку як тых, хто прасіў, так і тых, хто выдаваў такога кшталту даведкі парушаць закон. Служачыя сельсаветаў, архіваў, выканкамаў за хабар ці па іншых прычынах выдавалі людзям фіктыўныя даведкі, ў якіх беларусы запісваліся палякамі. Гэта давала ім магчымасць рэпатрыіравацца ў ПНР. У Маладзечанскай вобласці найбольшую колькасць фіктыўных даведак выдалі ў Ашмянскім раёне – 211, Юрацішскім – 90, Крывіцкім – 47, Астравецкім – 45, Смаргонскім – 30, Браслаўскім – 9, Радашковіцкім – 14, Вілейскім – 5, Валожынскім – 4[3, арк.58]. Улічваючы такія факты бюро Маладзечанскага абкама КПБ у чэрвені 1957 г. канстатавала, што асобныя сельскія саветы, райбюро ЗАГС, натарыяльныя канторы дапускаюць “валакіту і грубыя памылкі, якія гранічаць з падробкай дакументаў пры запісу нацыянальнасці і г.д.”[11, арк.181]. Адзначалася, што ў 1956 і за 5 месяцаў 1957 г. сельскімі саветамі былі выдадзены фіктыўныя выпіскі з пагаспадарчых кніг на 383 чалавекі з пазначэннем польскай нацыянальнасці, ў той час як па пагаспадарчых кнігах і па іншых дакументах яны значыліся беларусамі. У сувязі з гэтым, бюро абкама КПБ звярнула ўвагу раённых і гарадскіх саветаў на гэтыя факты і патрабавала ўзмацніць кантроль за работай сельсаветаў, бюро ЗАГС, натарыяльных кантор, даручыла пракурору вобласці і начальніку УУС аблвыканкама правесці раследванне і прыцягнуць да адказнасці службовых асоб, якія дапусцілі злоўжыванні ў выдачы даведак, абавязала ўпраўленне ўнутранных спраў Маладзечанскага аблвыканкама ўзмацніць кантроль за правільнасцю афармлення дакументаў, грамадзян, якія выязджаюць на сталае месца жыхарства за граніцу[11, арк.83]. За выдачу фіктыўнай даведкі сакратар Вілейскага гарсавета А. быў зняты з працы[11, арк.182]. У 1957 г. у Маладзечанскай вобласці было прыцягнута да адказнасці і зняты з працы 8 старшынь і 3 сакратары сельсаветаў[1, с.142].

З мэтай змяншэння рэпатрыяцыйнай хвалі Гродзенскія ўлады пайшлі, без парабольшання, на беспрэцэдзентны крок. У справе вызначэння нацыянальнасці яны вырашылі апеляваць да ... перапісу 1898 г., а дакладней да аднаго з важнейшых яго элементаў, моўнага крытэрыю. У фондах гістарычнага архіва ў Гродна супрацоўнікі міліцыі “[…] адшукалі фонд з матэрыяламі перапісу насельніцтва былой Гродзенскай губерніі за 1898 г.”[3, арк.106]. Напрыканцы мая 1957 г. УУС Гродзенскага аблвыканкама правяло па некаторых населенных пунктах вобласці зверку дадзеных перапісу 1898 г. з дакументамі аб нацыянальнай прыналежнасці, якія прадастаўлялі хадайнічаючыя аб рэпатрыяцыі. Па выніках праверкі ўпраўленне міліцыі адзначала, што у шэрагу вёсак Мастоўскага, Поразаўскага ды іншых раёнаў насельніцтва прадаставіла даведкі, што па нацыянальнасці яны палякі: “[…] у той час як у перапісных лістах таго перапісу, мовай іх бацькоў з’яўлялася беларуская мова”[3, арк.107-108]. Гэтую інфармацыю паведамілі ў Гродзенскі АК КПБ, які даручыў абласному УУС пры разглядзе заяваў аб рэпатрыяцыі адносіць да беларускай нацыянальнасці ўсіх грамадзян, роднай мовай якіх у перапісных лістах 1898 г. значылася беларуская мова.

Такім чынам, пытанне нацыянальнасці і грамадзянства насельніцтва, якое выказала жаданне рэпатрыіравацца з БССР у ПНР з’яўлялася адным з найбольш складаных у час рэпатрыяцыйнай акцыі ў 1957-1959 гг. Гэта тлумачылася тым, што паводле савецка-польскага Пагаднення ад 25 сакавіка 1957 г. рэпатрыяцыя адбывалася на аснове прынцыпа грамадзянскай і нацыянальнай прыналежнасці. У адпаведнасці з ім толькі дакументальнае пацверджанне польскай нацыянальнасці і грамадзянства да 17 верасня 1939 г. з’яўлялася асновай для прыняцця рашэнне аб дазволе грамадзяніну рэпатрыіравацца ў Польшчу. Разам з тым, наяўнасць у значнай часткі насельніцтва дакументаў з супярэчлівымі запісамі, галоўным чынам аб нацыянальнасці – пашпартоў, даведак сельсаветаў, запісаў у пагаспадарчых кнігах, і г.д., значна ўскладнілі працэс разгляду і верыфіцкацыі дакумента асоб, якія хацелі рэпатрыіраваццца, а таксама прыняцце аддзеламі віз і рэгістрацый (АВіР), рай/гарвыканкамамі рашэнняў аб дазволе ці адмаўленні ім у праве рэпатрыяцыі.
Літаратура і крыніцы.

1. Вялікі, А Беларусь-Польшча. Невядомая рэпатрыяцыя. 1955-1959 гг. XX ст. / А. Ф. Вялікі. – Мінск: БДПУ, 2007. – 271 с.

2. Вялікі, А. Беларусь у еўрапейскіх перасяленчых працэсах 30-х – 50-х гг. XX ст. / А. Вялікі // Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя. Матэрыялы IV Міжнароднага Кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін”, Мінск, 6-9 чэрвеня 2005 г. / Адказн. рэд А.Мальдзіс, А.Смалянчук. – Мн.: газ. “Голас Радзімы”, 2006.-с.336-343;

Государственный архив Российской Федерации (ГАРФ)

3. Фонд.Р-9415. – Оп. – 3. Д. 1459. Переписка о репатриации в ПНР лиц польской и еврейской национальности. 1957-1959 гг.

4. Фонд.Р-9415. – Оп. – 3. Д. 1460. Переписка о репатриации в ПНР лиц польской и еврейской национальности. 1958-1959 гг.

5. Документы и материалы по истории советско-польских отношений: Т. XI. январь 1955 г. – декабрь 1960 г. / ред. кол.: сов. часть . И.А.Хренов (отв. ред.) [и др], польская часть – Т.Цесляк (отв. ред) [и др]. М.: Наука, 1980. – 551 с.

6. Данскіх, С.У. Стагоддзі і падзеі Шчучынскай зямлі / С. Данскіх. – Баранавічы: Баранов. укрупн. тип., 2007. – 252 с.

7. Злотнікаў, А. Міграцыйныя працэсы ў Беларусі ў канцы XIX-XX ст. / А.Злотнікаў // Беларускі гістарычны часопіс. – 2004. – № 11. – С.25-32;

8. Манак, Б.А., Насельніцтва Беларусі: рэгіянальныя асаблівасці развіцця і рассялення / Б.А.Манак. – Мн. Выд. Універсітэцкае, 1992. – 176 с.

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ)

9. Фонд.4п. – Воп.42. – Спр.246. ЦК КП(б)Б. Дакладныя запіскі сакратарам ЦК КП(б)Б. XII - 1945 г.

10. Фонд.4п. – Воп.29. – Спр.814. Дакладныя запіскі, даведкі і спецпаведамленні Беларускай ваеннай акругі, ўпраўлення пагранічных войскаў, ваеннай пракуратуры аб надзвычайных здарэннях і іншае. 1 студзеня 1945 г. – 31 снежня 1945 г.
11. Фонд.4п. – Воп.96. – Спр.2677. Пратаколы пасяджэнняў бюро Маладзечанскага абкама КПБ. 3 красавіка 1957 г. – 25 чэрвеня 1957 г.

12. Освобожденная Беларусь: док. и материалы. В 2 кн. Кн.2. Январь – декабрь 1945 г. / Сост. В.И.Адамушко [и др.]. – Мн.: НАРБ, 2005. – 506 с.


13. Раков, А.А. Население БССР / А.А.Раков. – Минск «Наука и техника», 1969. – 222 с.
14. Толстой, В.С. Братское сотрудничество белорусского и польского народов 1944-1964 / В.С.Толстой. – Минск «Наука и техника». 1966. – 135 с.
15. Эбэрхардт, П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі. 1897-1989 / П.Эберхардт. – Менск: Бел.фонд Сораса, 1997. – 277 с.
16. Czerniakiewiсz, J. Czernikiewicz, M. Przesiedlenia ze Wschodu 1944-1959 / J.Czerniakiewiсz, M. Czernikiewicz. – Warszawa Wyd. Wyszzej Szkoly Pedagogicznej UWP. 2007. – 157 s.
17. Kacka, B. Stepka, S Repatriacja ludnosci polskiej z ZSRR 1955-1959. Wybor dokumentow / B. Kacka, S. Stepka. – Warszawa, 1994. – 174 s.

18. Latuch, M. Repatriacja ludnosci polskiej w latach 1955-1960 na tle zewnetrznych ruchow wendrowkowych / M. Latuch. – Warzawa, 1994. – 255 s.

19. Mironowicz E., Tokc S., Radzik R. Zmiany struktury narodowosciowej na pograniczu polsko-bialoruskim w XX wieku. / E.Mironowicz, S.Tokc, R.Radzik. – Wyd. Uniwersitety w Bialymstoku. Bialystok, 2005. – 171 s.

20. Ruchniewicz, M. Repatriacja ludnosci polskiej z ZSRR w latach 1955-1959 / M. Ruchniewicz. – Warszawa, 2000. – 402 s.

21. Siedlecki, J. Losy Polakow w ZSRR w latach 1939-1986 / Siedlecki, J. – Londyn: Gryf. Publ, 1988. - 404 s.

22. Zygulski, K. Z badan nad procesami adaptacji i integracji spolecznej repatriantow / K. Zygulsk // Tworzenie sie nowego spoleczenstwa na Ziemiach Zachodnich. Praca sbiorowa pod. red. Z.Dulcziewskiego. – Poznan, Instytut Zachodni, 1961. – s.181-231.





: bitstream -> doc
doc -> Надрукавана: arche, №10, 2014 г., с. 94-125. Ключавыя словы
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка