Нам свет завешчана берагчы



Дата канвертавання16.11.2016
Памер126.25 Kb.


НАМ СВЕТ ЗАВЕШЧАНА БЕРАГЧЫ”

План-канспект першага ўрока, прысвечанага Дню ведаў


Распрацавала

настаўніца нямецкай мовы,

класны кіраўнік

ДУА “Роўкавіцкі яслі-сад-сярэдняя

школа Чачэрскага раёна”

Рудабелец Ірына Аляксандраўна


Мэта − паказаць вучням асноўныя накірункі і дасягненні міралюбівай палітыкі нашай дзяржавы, прадпрымаемыя дзяржавай меры па забеспячэнні нацыянальнай і міжнароднай бяспекі.

Задачы:

  • пашырыць прадстаўленні вучняў аб міры як абсалютнай каштоўнасці;

  • фарміраваць вобраз міру як ладу жыцця на Зямлі;

  • вучыць школьнікаў супрацоўніцтву і дыялогу на ўзроўні ўзаемадзеяння асобных людзей, прадстаўнікоў розных нацыянальных груп, розных культур, краін;

  • спрыяць выхаванню ў вучняў пачуцця гонару за міралюбівую палітыку нашай дзяржавы, уключэнню ў міратворчую дзейнасць, накіраваную на міласэрнасць;

  • паказаць значную ролю нашай краіны ва ўсіх інтаграцыйных працэсах.

Абсталяванне: камп’ютар, праектар, партрэты М. Гусоўскага, П. Броўкі, А. Вярцінскага, відэазапіс песні “Малітва” (муз. А. Молчана, сл. Я. Купалы), палітычная карта свету, карткі з заданнямі, відэазапіс выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21.04.2016 года.

Падрыхтоўчая работа: вучні рыхтуюць выступленні (2-3 хвіліны) аб “голубе міру”, пацыфіку Холтама, помніку Садацы, аб паэме “Песня пра зубра” М. Гусоўскага, паэме “Голас сэрца” П. Броўкі, вершы “Я перад вамі з памяццю сваёй...” А. Вярцінскага.

Эпіграф:

Таварыш,

Сягоння ў нас думы адны:

Мір нам патрэбен,

Не трэба вайны!

Пятрусь Броўка

Ход урока
І. Арыентацыйна-матывацыйны этап

Настаўнік: Паглядзіце на гэтыя фотаздымкі. На вашу думку, што іх яднае?

Адказы і меркаванні вучняў.

Настаўнік: Так, гэта сімвалы міру. Сёння мы з вамі абмяняемся думкамі пра мір як абсалютную каштоўнасць, пра міралюбівую палітыку нашай краіны, пра мір як лад жыцця людзей на Зямлі. Давайце падрабязней разгледзім кожны з фотаздымкаў, пазнаёмімся з гісторыяй узнікнення дадзеных сімвалаў. І падумаем над пытаннем “Як ён звязаны з паняццем міру?”.

Паведамленне вучня пра сімвал міру на 1 фотаздымку:

У 1949 годзе ў майстэрню мастака Пабла Пікасо зайшоў Луі Арагон. Ён шукаў малюнак для афішы Кангрэса руху за мір. Яго выбар паў на адну з гравюр Пікасо з малюнкам голуба. Гэта быў не абстрактны голуб, а “партрэт” зусім пэўнай птушкі, якую Пікасо падарыў Маціс. Гэты голуб і стаў першым знакамітым “Голубам міру”. Па ўсім свеце былі распаўсюджаны тысячы і тысячы афіш з галубкамі Пікасо. Пабла Неруда абвясціў: “Галубка Пікасо аблятае свет, і ніводны злачынны птушкалоў не зможа спыніць яе палёт…” Пасля Пікасо намаляваў некалькі новых галубоў для наступных Кангрэсаў руху за мір.



 .  . 
Паведамленне вучня пра сімвал міру на 2 фотаздымку:

Пацыфік (англ. pacific 'мірны', 'міралюбны', 'прымірэнчы') − міжнародны знак міру, раззбраення, антываеннага руху. Гэты знак быў першапачаткова створаны для брытанскага руху за ядзернае раззбраенне. Распрацаваны і закончаны 21 лютага 1958 года прафесійным брытанскім мастаком і дызайнерам Джэральдам Холтамам для маршу Камітэта прамых дзеянняў супраць атамнай вайны. Марш планавалася правесці 4 красавіка ад Трафальгарскай плошчы ў Лондане да Упраўлення даследаванняў ядзернага ўзбраення ў Элдэрмэстоне ў Англіі. Пасля гэтага знак быў прыняты Рухам за ядзернае раззбраенне.




Паведамленне вучня пра сімвал міру на 3 фотаздымку:

Гэта помнік японскай дзяўчынцы па імені Садака Сасакі. 6 жніўня 1945 года падчас атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы яна знаходзілася дома, усяго ў паўтарах кіламетрах ад эпіцэнтра выбуху. Выбуховая хваля вынесла яе праз акно, але дзяўчынка засталася жывая. У лістападзе 1954 г. у яе выявіліся першыя прыкметы хваробы − лейкеміі. Па меркаванні дактароў ёй заставалася жыць не больш за год.

3 жніўня ад сваёй лепшай сяброўкі Цідзука Хамамота яна даведалася пра легенду, паводле якой чалавек, які склаў тысячу папяровых жораваў, можа загадаць жаданне, якое абавязкова споўніцца. Легенда паўплывала на Садаку, і яна стала складаць жораваў з любых, якія траплялі ў яе рукі, кавалачкаў паперы.

Але здароўе Садакі ўвесь час пагаршалася, і 25 кастрычніка 1955 года яна памерла. Па легендзе з кнігі “Садака і тысяча папяровых жораваў” яна паспела зрабіць толькі 644. Яе сябры скончылі працу, і Садака была пахавана разам з тысячай папяровых жораваў.

Натхнёныя яе мужнасцю і сілай волі, сябры і аднакласнікі Садакі пачалі планаваць будаўніцтва манумента ў памяць пра Садаку і пра ўсіх іншых дзецей, што загінулі ад атамных бамбардзіровак. Маладыя людзі з усёй Японіі пачалі збіраць сродкі на гэты праект.

У 1959 годзе ў Парку Міру горадзе Хірасіма была ўсталявана статуя, якая паказвае Садаку з папяровым жоравам у руцэ. На пастаменце статуі напісана: “Гэта наш плач. Гэта наша малітва. Мір ва ўсім свеце”.



Настаўнік: Чаму вучаць нас гэтыя ўрокі мінулага? Знайдзіце сувязь паміж тэмай нашага ўрока “Нам свет завешчана зберагчы!” і паняццем міру.

Меркаванні вучняў і каменціраванае чытанне эпіграфа.


ІІ. Аперацыйна-пазнавальны этап

  • Майстар-клас. Арыгамі “Жораў”

Настаўнік:

Справу патрэбную рухайце,

Досыць вайны і нягод,

Свет узнімаецца, слухайце −

Міру жадае народ!

Наша жаданне спакойнага жыцця і памяці аб усіх тых героях, хто змагаўся за ўмацаванне міру ў свеце, мы выкажам творчай працай і зробім папяровых жораваў, якіх “выпусцім” праз адкрытае акно ў свет.



Прагляд відэазапісу выканання ансамблем “Песняры” песні “Малітва” (муз. А. Молчана, сл. Я. Купалы).

У гэты час можна зробленых папяровых жораваў прывязаць да шарыкаў з геліем і запусціць у адкрытае акно.



  • Мастакі слова пра значэнне міру на зямлі.

Настаўнік: Пісьменнікі востра адчуваюць падзеі, якія адбываюцца ў краіне. Думкі, пачуціі, перажыванні знаходзяць свой адбітак у творах, якія з'яўляюцца зваротам да чытача, да кожнага чалавека, да цэлага народа з заклікам задумацца пра тое, як мы жывём, як паводзім сябе. Паслухаем, што казалі нашы мастакі слова аб праблеме мірнага існавання людзей.

Паведамленне вучня:

У 9 класе па беларускай літаратуры вывучаецца “Песня пра зубра”, напісаная ў 1522 годзе, у якой Мікола Гусоўскi, адраджэнец і сучаснік Францыска Скарыны, асуджае войны як сродак высвятлення адносiн памiж людзьмi:

Войны! Злачынная справа – вайна выклiкае

Гнеў мой, i слёзы, i боль.

Там, дзе пройдуць варожыя войскi, застаюцца толькi “асмолкi ды печышчы, попел ды косцi, зграi варон ды чароды сабак адзiчэлых”. Галоўную прычыну паражэнняў паэт бачыў у раз’яднанасцi людзей, iх незгуртаванасцi, таму i заклiкаў усiх князёў беларускай зямлi да аб’яднання, адкрыта асуджаў мiжусобiцы, братазабойствы:

Ад сваiх мiжусобiц мы ўсе не дужэем,

Нашы ж мячы падсякаюць i веру Хрыстову.

Паэма вучыць нас любовi да роднай зямлi, да свайго народа, яго гiсторыi, культуры, нацыянальных традыцый, любовi i павазе да iншых народаў i iх культур. Гусоўскі заклiкае сумленна жыць, змагацца за справядлiвасць i праўду, весцi няспынную барацьбу за мiр i свабоду, за святло i шчасце.



Паведамленне вучаніцы:

Пантываенным пафасам прасякнуты і радкі паэмы Петруся Броўкі “Голас сэрца”. Паэт, асуджаючы войны, быў упэўнены, што на зямлі і без іх шмат праблем, шмат бедных, галодных і абяздоленых, і таму самае разумнае − накіраваць астранамічныя сродкі, якія ідуць на ўзбраенне, на будаўніцтва жылля, школ, бальніц, на хлеб, на вопратку, на павышэнне дабрабыту людзей. Паэтызуючы сцэны мірнага жыцця, нагадваючы чалавецтву пра яшчэ не зробленае на зямлі, паэт падводзіць нас да ўспрыняцця заключных радкоў паэмы “Голас сэрца”. Гэта зварот да маці-нябожчыцы, заклік да захавання на зямлі міру:

Сёння імкнемся насустрач мы зорам,

Сёння не стрэльбамі ў свеце гаворым.

З сэрцамі сэрцы ўзнімаюць размовы.

Сёння магутныя нашыя словы

Скрозь над зямлёю праменямі свецяць:

Мір ва ўсім свеце! Мір ва ўсім свеце!



Настаўнік: Вядомы гістарычны факт, што Беларусь вяла абарончыя войны, бараніла сваю незалежнасць, ніколі не нападала першай ці з’яўлялася абвяшчэнцам вайны. Мы – мірная краіна і краіна-міратворац.

Паведамленне вучня:

Хто, як ні беларускі народ, зведаўшы ўсе жудасці Другой сусветнай вайны, усведамляе, што няма на свеце нічога больш каштоўнага за мірнае і бяспечнае жыццё на роднай зямлі. Анатоль Вярцінскі падкрэслівае ў вершы “Я перад вамі з памяццю сваёй...”, што памяць пра подзвіг многіх народаў, якія згуртаваліся супраць фашызму, трэба пранесці праз усё жыццё і перадаць нашчадкам, каб помнілі велізарны ўклад у справу захавання міру:

Я вас прашу, не зведаў хто вайны,

Прашу вас, мае дочкі і сыны,

Узяць хоць долю памяці маёй −

Каб потым ёй не зарасці травой.



Настаўнік: Як вы лічыце, чаму М. Гусоўскі, П. Броўка і А. Вярцінскі звярнуліся да тэмы міру ў сваіх творах? Абгрунтуйце свой адказ гістарычнымі падзеямі, звязанымі з іх біяграфіямі.

Для давадкі:

М. Гусоўскі. Гады жыцця: 1470 − пасля 1533. У гэты час ішла руска-літоўская вайна 1500 − 1503 гг. (вайна паміж Рускай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім).

П. Броўка (1905 − 1980). Па просьбе сялянак, пісаў пісьмы іх мужам на франты Першай сусветнай вайны. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны добраахвотна пайшоў у Чырвоную Армію. Яго маці, Алена Сцяпанаўна, у час нямецкай акупацыі была вывезена ў Асвенцым, дзе і загінула. Ёй прысвечана паэма “Голас сэрца”.

А. Вярцінскі (1931). Успаміны з маленства паэта − гэта ваенныя ўражанні, адчуванне сусветнай бяды. Адзінаццацігадовы хлапчук, мала ўсведамляючы сур’ёзнасць і небяспечнасць сваіх дзеянняў, праводзіў партызан у пушчу і расклейваў па вёсцы наіўную, не вельмі пісьменна напісаную лістоўку з заклікам “біць немцаў”.


  • Міратворчая палітыка Беларусі

Настаўнік: А зараз вашай увазе я прапаную ўрывак відэазапісу ад 21 красавіка 2016 года, калі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка звярнуўся са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу:

“...Бо сапраўды няма больш высокай каштоўнасці (і гэта сапраўды Украіна паказала і іншыя дзяржавы, асабліва зараз Сірыя ), чым мір і бяспека! Пагэтаму трэба падкрэсліваць заўсёды: найвялікшая каштоўнасць − гэта бяспека ў грамадстве, абароназдольнасць краіны, мір на зямлі! Мы проста абавязаны зберагчы галоўны здабытак − мір, стабільнасць, міжнацыянальную, міжканфесіянальную згоднасць, адкрытасць да супрацоўніцтва”.



Настаўнік: Беларусь займае актыўную і канструктыўную пазіцыю на постсавецкай прасторы. Наша знешняя палітыка міралюбівая, шматвектарная. Яе асноўнымі мэтамі з’яўляюцца стварэнне палітычных і эканамічных сувязей, накіраваных на стабільнае і добранадзейнае сацыяльнае развіццё, шматбаковая дыпламатыя і супрацоўніцтва ў рамках міжнародных арганізацый: ААН, Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва (ШАС).

Прыём “Схема”.

Вучні складаюць схему на дошцы з картак-элементаў і на палітычнай карце свету паказваюць знешпалітычную шматвектарнасць нашай краіны.

У схеме бачна, што наша дзяржава супрацоўнічае і імкнецца прытрымлівацца адзіных падыходаў да развіцця адносін з усімі замежнымі партнёрамі, але і вызначае найбольш важныя і перспектыўныя:

.


Настаўнік: У цяперашні час міратворчая дзейнасць Рэспублікі Беларусь дынамічна развіваецца. Гэта было падкрэслена і на 70-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Наша краіна названа сімвалам міру. Беларускі народ умее помніць урокі мінулага, шанаваць чыстае мірнае неба над галавой і спакой у грамадстве. Застаецца верным высокім маральным каштоўнасцям і добрым традыцыям.

Прыём “Спіс добрых спраў”

Вучні па чарзе чытаюць запісаныя на картках прыклады міратворчай палітыкі Рэспублікі Беларусь і размяшчаюць іх на дошцы.




  • Нашы дасягненні

Настаўнік: У пачатку нашай размовы мы спыніліся на некторых фотаздымках. Прэзентую вам яшчэ адну ілюстрацыю (дэманстрацыя арнамента беларускага Сцяга). Давайце нагадаем, што сімвалізуе наш арнамент.

Вучань: Арнамент сімвалізуе працавітасць і працоўнае майстэрства як перадумову кожнага шчаслівага лёсу. Выражае істотныя якаксці характару народа і як бы моліць нябесныя сілы захаваць гэтыя якасці: пазбавіўшыся іх, як народ, так і асобны чалавек, губляюць права на годнае існаванне.

Настаўнік: Так, узаемасувязь працавітасці і шчаслівага лёсу відавочная. Асабліва, калі мы згадаем апошнія дасягненні ў розных сферах жыцця нашай краіны.

  • Пракаменціруйце інфаграму”. Работа ў мікрагрупах (4-5 чалавек)

Настаўнік прапануе вучням інфаграмы апошніх сацыяльных і эканамічных дасягненняў Рэспублікі Беларусь. Задача вучняў здагадацца, што ілюструе нагляднасць і паведаміць інфармацыю аўдыторыі, прывесці ўласныя прыклады.

Выраблены самы буйны ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 тон.

У 2015 годзе выкананы вызначаныя Дэкларацыяй ААН мэты тысячагоддзя, звязаныя з выкараненнем беднасці і голаду, зніжэннем дзіцячай смяротнасці, забеспячэннем пісьменнасці насельніцтва. Па індэксе чалавечага развіцця Беларусь сярод амаль 200 краін сусветнай супольнасці перамясцілася з 68-га ў 2000 годзе на 50-е месца ў 2015 годзе. За пяцігодку – 18 пазіцый. Гэта забяспечыла нам месца ў групе краін з высокім узроўнем чалавечага развіцця.
Выпуск інавацыйнай прадукцыі за пяцігодку павялічыўея больш чым у 4 разы. У краіне ёсць значныя напрацоўкі ў сферы высокіх тэхналогій, напрыклад, у вытворчасці аптычных і лазерных прылад, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Шырокую вядомасць у свеце набыў шэраг камп’ютарных праграм беларускіх распрацоўшчыкаў.
У рэйтынгу па ўзроўні развіцця адукацыі мы знаходзімся ў групе 30 развітых краін і апярэджваем усе краіны СНД. Па паказчыках даступнасці адукацыі – паступленні дзяцей у школу, колькасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі – Беларусь знаходзіцца на ўзроўні высокаразвітых краін і апярэджвае многія краіны Еўропы і свету.

VІ. Этап рэфлексіі


  • Прыём “Кошык грэцкіх арэхаў”

У “кошыку” знаходзяцца прыказкі − народная мудрасць, вопыт пакаленняў. Настаўнік выбарчна прапануе вучням узяць “грэцкі арэх” (прыказку) і растлумачыць яе сэнс.

Птушцы – воля, чалавеку – мір.

Кветкам патрэбна сонца, а чалавеку – мір.

Мірна жыць – шчаслівым быць.

Мір будуе, а вайна руйнуе.

Добрым людзям – мір, а шаленцам – галавою ў вір.

Добра працуеш – мір мацуеш.

  • Прыём “Адкрытая кафедра”

“Калі ўвесь свет мяне чуе, то я хацеў(ла) бы сказаць ...”

Вучні выказваюць свае думкі па праблеме “Мір ва ўсім свеце: што для гэтага можна зрабіць”.

Настаўнік: Уладзімір Караткевіч у сваім вершаваным творы “Сплятайце рукі!” простымі словамі даносіць да нас на першы погляд такую зразумелую, але важную ісціну: “шчасце для ўсіх адно” – гэта мір!

Браты! Сплятайце рукі!

Нас нарадзілі ў свет

Не для выбухаў, не для мукі,

Не для слёз дзяўчат і кабет,

Не на тое, каб мёртвым упасці,

Не на тое, каб згнісці ў зямлі,

А на тое, каб песню і шчасце

Мы нагбом на зямлі пілі.

Каб кахалі, каб вершы пісалі,

Каб ірвалі верас і дрок,

Каб цудоўныя вежы складалі,

Што да сонца імкнуцца праз змрок.

Вежы светлыя! Вежы любові!

Кожны камень няхай пакладзе.

Не павінны змяшацца мовы,

Як калісьці, у добрых людзей!

Хто сказаў, што патрэбныя слёзы?

Хто сказаў, што розны наш лёс,

І таму, што насы ў нас розныя,

Ты павінен разбіць мне нос?

Хай ён нюхае лепей кветкі

Ці каханай сваёй валасы.

Месца хопіць для ўсіх на палетках,

І на ўсіх хопіць весняй красы.

Гімн яднання. Магутныя гукі

Ап’яняюць нас, як віно.

Браты!


Сплятайце рукі!

Шчасце для ўсіх адно.



Настаўнік: Скажыце, ці можна пасля нашай размовы адказаць на пытанне: Ці ёсць надзея, каб усталяваўся мір ва ўсім свеце?

Адказы вучняў.



  • Прыём “Кожнаму сказ”

У адвольным парадку на сталах у вучняў ляжаць пранумараваныя карткі са сказамі. Чытаць услых пачынае нумар 1 і г.д. Атрымацца павінен тэкст-зварот.


1 Ключ да міру пачынаецца з нас саміх!

2 Мы павінны практыкаваць самакантроль і цярпімасць асабіста.

3 Прыняць мір як асабістую каштоўнасць.

4 Передаць паведамленні іншым людзям.

5 Ажыццяўляць падтрымку мірастваральных намаганняў на кожным узроўні.

6 Мы павінны адвучыць нашых дзяцей ад насілля.

7 Калі гарманічныя адносіны становяцца ладам жыцця ў нацыі, то будзе і мір у гэтай краіне.

8 І калі кожная нацыя прымае культуру міру, то ёсць надзея, што мір будзе ва ўсім свеце.

9 У нас ёсць моц, каб зрабіць гэта рэальнасцю.

10 Барацьба за мір – гэта справа не толькі палітыкаў і дыпламатаў, гэта справа кожнага чалавека!


Настаўнік: Скажыце, колькі разоў сёння на ўроку прагучала слова “мір”? Так, амаль што 70 разоў. Гэта яшчэ раз падкрэслівае значнасць дадзенага паняцця. Мірнае жыццё – гэта найвялікшая каштоўнасць. І таму неабходна, каб усе людзі ў свеце ўсвядомілі мір як лад жыцця на нашай планеце Зямля, бо сёння нам завешчана свет берагчы!


 Інтэрнэт-рэсурс: https://www.youtube.com/watch?v=TynqBqYOk08


Інтэрнэт-рэсурс: http://president.gov.by/ru/video_ru/getRecord/701436/page/14/







База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка