Наўрад ці паверыце, што плача карова. А я веру. Сам бачыў плакала



Дата канвертавання06.07.2016
Памер23.47 Kb.
Слёзы
Наўрад ці паверыце, што плача карова. А я веру. Сам бачыў – плакала

Некалі я настаўнічаў у глухім таёжным сяле. Хата мая стаяла за ваколіцай, паміж глыбокім ярам і пакручастаю рачулкаю Біязінкаю, за ёй шумела тайга, зялёная ўлетку, барвовая і бонзавая ўвосень, зімою маўклівая, закуржавелая, нібы адлітая з чыстага срэбра. Наўкол была выгода – задзірванелыя груды, травяністыя лагі і выгараджаная паскоціна: выпускай скаціну, і пасвіць не трэба. У сяле кожнага бескароўнага лічылі лайдоком і пустадомкам. Купілі і мы не надта малочную, крутарогую, чорную з белай плямкай на лбе кароўку. З ёю перайшла і мянушка ад ранейшых гаспадароў – Нюрка.

Кожную вясну даводзілася вадзіць яе на повадзе на другі канец сяла ў ветэрынарны ўчастак на прышчэпкі ад бруцэдёзу, сібірскае язвы і яшчэ нейкіх невядомых хвароб. Яна хадзіла заўсёды следам, як паслухмянае сабачанё, нават не напінаючы повада. А ўвосень станавілася зброднаю: як толькі ўмерзне зямля, а высокую сакаўную рунь яшчэ не прыцерушыў сняжок, мая Нюрка сыходзіла на свежую рунь немаведама куды. Бывала, шукаеш, шукаеш, а яе і след прастыў. Часам вазакі сена ці ляснік скажа, што бачыў маю кароўку недзе аж на бяргульскім полі, а гэта кіламетраў за дзесяць ад дому. Поле вялікае, з кустамі, з лажкамі, з пералескамі, колкамі, па-сібірску. Ходзіш-ходзіш, углядаешся – углядаешся, аж яна ў зацішку ляжыць сабе, пукатая, як дзяжа, і меле сабе жвайку. Азавуся, нехаця ўстане, вінавата апусціць галаву і брыдзе следам дадому.

Тым летам я не касіў сена: мяне пераводзілі ў суседні раён, і прыйшлося расстацца з Нюркаю. На такую “малочніцу” купца не знаходзілася. Прыйшося яе здаць нарыхтоўшчыку спажывецкай кааперацыі. Дзеці і жонка з плачам праводзілі Нюрку з двара. А яна, мабыць, нешта нядобрае адчула: У фортцы задрала галаву, уперлася, як сталюгамі, пярэднімі нагамі – і ні з месца. Цягну за повад, а яна толькі галавою круціць і ўпінаецца з апошніх сіл. Прашу жонку сцебануць хлудзінаю. Вытне, шкадуючы, а Нюрка – задам-задам адступае ў двор.

Добра, сусед памог сяк-так выпіхнуць яе за весніцы. Давёў да крутаяру, а ўгору аніяк не ідзе, хоць ты яе рэж. Што сталася з кароваю? Як здурнела. Бегла ж следам, а тут ані з месца. Неяк усё ж дацягнуў да таго нарыхтоўчага двара. За высокаю загародкаю з абгрызеных жэрдак ледзь ківаліся дзве худыя каровы. Нюрку з нарыхтоўшчыкам мы ледзве ўпіхнулі за вароты. Яна адразу пярэднімі нагамі ўскочыла на высокае прасла, ды як зараве, трывожна і жаласна, як заматае галавою, нібыта хоча сказаць: “Не хачу, вазьмі назад!! А вочы! Вялізныя сінія вочы з цёмнымі глыбінямі глядзяць на мяне з такою пакутаю, з такім дакорам, нібыта на самага страшнага здрадніка. І тут я адразу вачам сваім не паверыў: па цёмнай поўсці пакаціліся буйныя, як гарошыны, слёзы. Яны капалі з мысы, а Нюрка матала галавою і раўла, як на пажар, як на пагібель, скакала на самую верхнюю жардзіну і плакала горкімі слязьмі. Пла – ка – ла…

Я кінуў налыгач і ад сораму, жалю, ад дакору выбег за браму і не азіраючыся, затыкаючы вушы, па гулкай настылай сцежцы задамі падаўся дадому. Доўга яшчэ чуў Нюркін рык, і ў самога камяк сціснуў горла.

Бывае і цяпер, як убачу, што цягнуць сілком залыганую скаціну, сціскаецца сэрца, чуецца той жаласны рык і ўспамінаюцца слёзы на чорнай мысе.

Сяргей Грахоўскі



(Зб. “Сустрэчы з самім сабою” 1988г.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка