Народная Воля №189 от 07. 10. 2003



Дата канвертавання15.05.2016
Памер54.06 Kb.
Народная Воля
№189 от 07.10.2003



Пра польскiх каралёў, буйнейшы ў Еўропе аквапарк i вясёлую кампанiю беларускiх турыстаў

Карэспандэнт "Народнай волi" пераадолеў на аўтобусе больш за 1600 кiламетраў,каб правесцi выхадны дзень у слаўным горадзе Кракаве

"Хто я?Турыст я, пыл касмiчны - я..."

Аўтобус з турыстамi адыходзiў з Мiнска на Кракаў у 13.00. Праўда, у нас, як заўсёды: калi кажуць, што ў 13.00, то чакай ад'езду ў дзве гадзiны, калi прызначаць ад'езд на дзве гадзiны, то можаш i ў тры прыходзiць... Зрэшты, лепш пазней, чым раней.

"Сумкi, пакункi - у багаж: пакункi, сумкi - у багаж, - наш вадзiцель, як гандляр са стажам, робiць абвестку на вулiцы, запускаючы ў аўтобус толькi з прахаладжальнымi напiткамi. - У салоне не есцi, спiртныя напоi не ўжываць..."

- У кантракце не напiсана, што ў аўтобусе нельга есцi, - абураюцца два маладых чалавекi.


- У кантракце i не напiсана, што ў аўтобусе свiнячыць можна, - парыруюць вопытныя вадзiцелi.


Пацiху назiраю за публiкай, якая распакоўваецца па аўтобусе. У асноўным гэта маладыя людзi (хутчэй за ўсё студэнты), некалькi дарослых з дзецьмi (напэўна, у аквапарк едуць), ёсць i больш сталыя людзi. Побач стаяць яшчэ некалькi аўтобусаў з турыстамi на Польшчу, аднак наш кантынгент рознiцца з суседскiм, як неба i зямля.


Вось аўтобус на Беласток - "мелкие фраеры", як iх нярэдка называюць. Публiка шабутная, мiтуслiвая, у апошнi раз едуць за польскiм шырпатрэбам без вiзаў.


Яшчэ адзiн "Неаплан" на Кракаў - гэтыя больш "крутыя". Рухi павольныя, у вачах - горналыжны Закапане, якi, да слова, гэтак жа, як i гiстарычныя помнiкi Кракава, хвалюе гэтых турыстаў менш за ўсё. Закапане (70 кiламетраў ад Кракава) для iх у першую чаргу - кропка для набыцця дублёнак па 70 долараў, якiя яны затым удала ўцюхваюць на тым жа "Дынама" ўжо па 150 "зялёных". Калi даведваюцца, што наша экскурсiя на Кракаў - гэта сапраўды экскурсiя па гiстарычных мясцiнах, глядзяць як на патэнцыяльных клiентаў "канатчыкавай дачы".


Кожнаму - сваё. У iх сваё вяселле, у нас сваё. I, натуральна, якая ж турпаездка без прыгод? Два маладых чалавекi, якiя абуралiся наконт немагчымасцi паесцi ў аўтобусе, спрытна займаюць у салоне аўтобуса "камчатку" i пад павольнае пацягванне каньячку аж да самага Брэста вядуць фiласофскiя гутаркi.


- Разумееце, Таццяна, - павучае адзiн з iх студэнтку педагагiчнага унiверсiтэта, - веды, якiя вы атрымлiваеце, закладзены ў вас з моманту вашага нараджэння (буль-буль-буль)...


- ...Ганiце прэч вучобу (буль-буль), няхай прачнуцца веды (буль-буль), вам космас дапаможа (буль-буль-буль), - паглыбляецца ў фiласофiю другi.


- Хто мы? Турысты? Пыл касмiчны...


На пад'ездзе да Брэста высвятляецца, што "касмiчны пыл" асеў не ў сваiм аўтобусе, аднак хлопцы зноў-такi ставяцца да гэтага фiласофскi: "Усё, што нi робiцца, - робiцца да лепшага. Шчыра кажучы, нам i з вамi было весела".


Беларуска-польская мытня."Апошнiя з магiкан"


Беларуска-польская мытня. 19.00. Да ўвядзення вiз - тры днi. Перад намi толькi тры турыстычных аўтобусы, а вось аўтамабiльная чарга расцягнулася на добры кiламетр.


- Даўно стаiце? - пытаю ў аднаго з вадзiцеляў.


- Даўно. I нават сябар чаргу займаў.


Мытнiк, з якiм давялося пагутарыць, ва ўвядзеннi вiзавага парадку ўезду ў Польшчу нiчога надзвычайнага не бачыць: "Хочаце, спрагназую, што будзе адбывацца на мяжы пасля ўвя-дзення вiз? А нiчога. Спачатку чэргi жадаючых з'ездзiць у Польшчу схлынуць, а затым будзе тое, што i раней. Гадавая шматразовая вiза каштуе 50 еўра, i "чаўнакi" акупяць яе ўсяго за адзiн "шоп-тур".


Абсалютна згодзен з гэтым i наш вадзiцель Сяргей, якi ўжо не першы год ездзiць з турыстамi ў розныя краiны Еўропы. Пакуль iдзе перазменка мытнiкаў, тусуемся ў накапляльнiку, а Сяргей успамiнае цiкавыя гiсторыi са сваёй практыкi.


- Нядаўна вёз турыстаў у Чэхiю. Прайшлi беларуска-польскую мытню ў Брэсце, ад'язджаем кiламетраў на пяць-дзесят... Ёшкiн кот! Прама на асфальце размясцiўся, як на ложку, п'яны паляк са сваiм веласiпедам. А калi б туман? А калi б не паспелi затармазiць? Адным словам, вырашаем з напарнiкам прыпаднесцi таму ўрок - закiдваем пана з веласiпедам у багажнае аддзяленне i вырашаем адвезцi кiламетраў за дваццаць ад месца "прызямлення". Закiнулi i... забылiся. Успомнiлi, калi пад'ехалi да чэшскай мяжы. У тэрмiновым парадку выгружаем веласiпед, побач кладзём паляка, той расплюшчвае вочы i пытае: "Дзе я?" - "У Польшчы". - "Далёка ад такога i такога мястэчка?" - "600 кiламетраў". Пан вылуплiвае вочы, глядзiць спачатку на нас, а затым на веласiпед, I выдае генiяльную фразу: "О-то, пся крэў, допiнг дык допiнг!" Усе, хто чуў наш дыялог, яшчэ некалькi гадзiн пасля гэтага трэслiся ад смеху.


За байкамi ды роспаведамi падыходзiць наша чарга, i праз чатыры гадзiны "прастою" на мытнi мы без асаблiвых цяжкасцяў перасякаем мяжу.


Я - не кароль,але сцяжынкiiх таптаў...


...А ў 8 гадзiн ранiцы мы ўжо ў Кракаве. "Каралеўскi горад", "Духоўная сталiца Польшчы", "Горад ста касцёлаў", "Мекка палякаў"... Вось няпоўны спiс тых назваў Кракава, якiя вызначаюць характар горада, а таксама месца, якое займаў i займае ён у Польшчы. Таму што Кракаў - гэта магiчны горад.


Рыначная плошча, якая захавалася ў нязменным на працягу многiх стагоддзяў выглядзе, адносiцца да самых буйных плошчаў сярэднявечнай Еўропы. Вавельскi замак, прыгажосць якога ўсхвалiлi ў сваiх творах польскiя i замежныя майстры, непарыўна звязаны з гiсторыяй Польшчы i Еўропы. Ягелонскi унiверсiтэт - адна з першых еўрапейскiх навучальных устаноў. Тут вучыўся i Францыск Скарына.


Кожная эпоха пакiнула ў гэтым горадзе цудоўныя творы мастацтва ў выглядзе каля 360 гiстарычных аб'ектаў, i ў 1978 годзе Кракаў быў занесены ў спiс Сусветнай спадчыны культуры ЮНЕСКА як адзiн з 12 самых каштоўных аб'ектаў свету.


Безумоўна, было б смешна сцвярджаць, што за адзiн дзень можна пабачыць усё, аднак i тое, што паказаў нам наш польскi экскурсавод, прыемна ўразiла. Пад гумарныя рэпрызы тыпу "пра тое, панове, ведаюць толькi Бог i мая цешча" ён паказваў нам Каралеўскi замак на Вавелi, якi з X стагоддзя па 1609 год быў рэзiдэнцыяй польскiх князёў i каралёў. Цудоўны арачны ўнутраны двор у стылi Адраджэння быў сведкам яркага жыцця каралеўскага двара, выездаў, парадаў, рыцарскiх турнiраў... Цяжка перадаць гэта словамi, аднак, калi пабываў там, прайшоў па сцяжынках, па якiх некалькi стагоддзяў таму хадзiлi самыя сапраўдныя каралi, легенды гiсторыi, - i на самай справе адчуваеш дотык да гэтай самай гiсторыi.


Ды i як не адчуць, калi ў лiтаральным сэнсе маеш магчымасць дакрануцца да скляпенняў Тадэвуша Касцюшкi, Адама Мiцкевiча, каралевы Ганны Ягелонкi, святога Станiслава?.. Пры жаданнi можна залезцi на башню Сiгiзмунда, дакрануцца левай рукой да звона i загадаць жаданне, якое, паводле падання, абавязкова павiнна збыцца (з нашай групы палезлi ўсе, акрамя польскага гiда, якi абвясцiў, што "ўжо загадваў жаданне, каб яго цешча зламала нагу"). А Вавельская кафедра, а базiлiка Святой Марыi, а Ягелонскi унiверсiтэт!.. Адным словам, гэта трэба бачыць.


I, натуральна, нельга не сказаць пра кракаўскi аквапарк. Кажуць, што ён самы буйны ў Еўропе. Для дзяцей i аматараў экстрыма - гэта тое што трэба. Калi перавесцi на беларускiя грошы, то гадзiна знаходжання ў аквапарку абыдзецца вам усяго ў пяць тысяч рублёў. Пасля водных горак дух сапрэ на ўсе дзесяць - праверана на сабе.

"Альтус-плюс"i "Гiсторыка":з гiсторыяй па жыццi

Гэтую паездку ў Кракаў мiнская турыстычная фiрма "Альтус-плюс" i маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Гiсторыка" арганiзоўваюць не ўпершыню. I не толькi ў Кракаў.

- Асноўная мэта нашых турпаездак - паказаць людзям гiстарычныя мясцiны, - гаворыць дырэктар "Альтус-плюс" Юрый БЛАЖЭВIЧ. - Вы, напэўна, заўважылi, што i кантынгент, якi ездзiць з намi, у нейкiм сэнсе своеасаблiвы: студэнты, выкладчыкi, проста людзi, якiя цiкавяцца гiстарычнымi помнiкамi.

- Кошт вашай пуцёўкi ў Кракаў складаў да ўвядзення вiзаў усяго 25 еўра. Пагодзiмся - гэта зусiм танна...


- Так, аднак мы арыентуемся на тое, каб i той жа студэнт меў магчымасць з'ездзiць у вандроўку. I, дарэчы, мы арганiзоўваем такiя паездкi не толькi ў Польшчу, але i па беларускiх гiстарычных мясцiнах. Акрамя таго, бываем на Украiне, хутка зноў арганiзоўваем паездку на Львоўшчыну - там жа цудоўныя мясцiны, выдатныя гiстарычныя помнiкi, пра якiя многiя людзi, можа, нават нiколi i не чулi. I ў гэтым сэнсе мы з маладзёжным грамадскiм аб'яднаннем "Гiсторыка" ўжо даўно для сябе вызначылiся - калi людзям цiкавы такiя турыстычныя паездкi, значыцца, i мы не марна працуем.


Алесь СВЯТЛАНIЧ.




Кракаў - Мiнск.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка