Нашы пісьменнікі



Дата канвертавання24.12.2016
Памер25.36 Kb.
НАШЫ пісьменнікі
Зусім хутка мы развітаемся з Годам культуры, які быў насычаны разнастайнымі творчымі праектамі, юбілейнымі датамі і канцэртамі. Напрыканцы зыходзячага года не менш яркай падзеяй стаў шэраг творчых сустрэч нашых знакамітых пісьменнікаў-землякоў з чытачамі, першая з якіх адбылася ў карціннай галерэі імя Яўсея Маісеенкі.

На ёй прысутнічалі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, Ганаровыя грамадзяне Буда-Кашалёўскага раёна Мікола Чарняўскі, які нарадзіўся ў Будзе Люшаўскай, і Анатоль Зэкаў, ураджэнец в. Патапаўка, член Саюза пісьменнікаў Таццяна Атрошанка, што родам з в. Вялікі Мох, ураджэнец в. Краснагорск, член Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў Міхаіл Міронаў, а таксама нашы самадзейныя пісьменнікі Барыс Адашкевіч, Алена Шульга і Уладзімір Зязюлін. Напачатку літаратурнага свята ганаровых гасцей, усіх тых, хто сваім талентам праслаўляе куток, дзе нарадзіўся і зрабіў першыя крокі, напісаў першыя радкі, павітала старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Алексіна.




Пісьменнікі чыталі вершы, прэзентавалі свае кнігі і карціны, спявалі, шчыра распавядалі пра сваё жыццё, творчыя планы, задумкі і мары, шмат жартавалі, а яшчэ ўзгадвалі мінулае, бацькоў, сяброў, аднавяскоўцаў, першых настаўнікаў, усіх тых, хто назаўсёды застанецца ў іх сэрцах і творах. Родны кут, матчына мова – вось тая крыніца натхнення, адкуль яны чэрпаюць сілы, каб ствараць творы, якія хочацца чытаць, якія хочацца слухаць, якія прымушаюць нас сумаваць ці, наадварот, усміхнуцца, робяць нас лепшымі. Яны прымушаюць па-іншаму ставіцца да сваіх, такіх, здаецца, часам нічым не прыкметных мясцін. Так, каб пісаць падобныя кнігі, трэба па-сапраўднаму любіць сваю Бацькаўшчыну.


Наступным днём у Будзе Люшаўскай, малой радзіме Міколы Чарняўскага, адбылася творчая сустрэча з вучнямі сярэдняй школы. Дарэчы, яна далёка не першая. Мікалай Мікалаевіч ніколі не губляе сувязі са сваімі землякамі, наадварот, выкарыстоўвае любую магчымасць завітаць да іх, асабліва да дзяцей. Менавіта для іх напісана амаль паўсотні кніг. У адну з такіх сустрэч, недзе каля двух гадоў таму назад, да пісьменніка падышла вучаніца Катрына Ніцыеўская і паказала свае вершы. З той пары паміж імі завязалася перапіска, і творы дзяўчыны друкаваліся ў часопісе “Качели”, газеце “Переходный возраст” і раённай газеце “Авангард”.


– Мікалай Мікалаевіч – вельмі добры і далікатны, але патрабавальны настаўнік. Я таксама мару стаць пісьменніцай або журналістам, але ведаю, што трэба шмат працаваць над сабой. Часу застаецца ўсё менш, але ж я буду рабіць усё ад мяне залежнае, – прызнаецца сама Катрына.
Пасля Буды Люшаўскай Анатоль Зэкаў і Мікола Чарняўскі разам з Аленай Алексінай наведаліся ў Губіцкі Дом рамёстваў, дзе сустрэліся з чытачамі, вучнямі школы, а таксама завіталі ў Чабатовіцкі цэнтр народнага побыту.


Так у спадарожжах па родных мясцінах, размовах з людзьмі, з моладдзю неўпрыкмет наладжваюцца тыя самыя моцныя сувязі, усталёўваецца пераемнасць пакаленняў – няўлоўнае паняцце, бясконцае кола, якому ні пачатку, ні канца не відаць.



Уражанні
Мікола Чарняўскі:
– Я ўпершыню пабываў у Губіцкім Доме рамёстваў і Чабатовіцкім цэнтры народнага побыту. Гэта сапраўдны цуд. Я быццам апынуўся ў дзівосным свеце народнага побыту. Шчыра прызнаюся: шмат дзе пабываў, але такога больш нідзе няма. Гэта павінны пабачыць абавязкова як мага больш людзей.
Анатоль Зэкаў:
– Ад наведвання Дома рамёстваў у Губічах і цэнтра народнага побыту ў Чабатовічах засталіся самыя цудоўныя ўражанні. Я як быццам пабываў у дзяцінстве. А смак бліноў з печы, якімі нас пачаставала гаспадыня, не забуду яшчэ доўга.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка