Настаўнік геаграфіі Халопіца Таццяна Міхайлаўна І кваліфікацыйная катэгорыя



Дата канвертавання01.07.2016
Памер97.75 Kb.
УА “Затур’янская дзяржаўная дзіцячы сад-базавая

агульнаадукацыйная школа”





Настаўнік геаграфіі

Халопіца Таццяна Міхайлаўна

І кваліфікацыйная катэгорыя

2010 г.


Мэта ўрока: садзейнічаць фарміраванню ведаў аб структуры і геаграфіі сельскай гаспадаркі
Задачы ўрока

адукацыйныя:

  • арганізаваць дзейнасць вучняў па вывучэнні і першасным замацаванні матэрыялу аб сельскай гаспадарцы і яе галінах;

  • працягваць фарміраванне ўменняў выяўляць прычынна-выніковыя сувязі паміж кампанентамі прыроды і гаспадарчай дзейнасцю чалавека на прыкладзе сельскай гаспадаркі;

  • арганізаваць дзейнасць школьнікаў па самастойным прымяненні ведаў, атрыманых на ўроку;


развіваючыя:

  • садзейнічаць фарміраванню і развіццю камунікатыўных зносін праз работу ў парах і групах, уменню сама- і ўзаемаацэнкі;

  • стварыць умовы для развіцця ў школьнікаў умення знаходзіць, структурыраваць і выкарыстоўваць інфармацыю;


выхаваўчыя:

  • садзейнічаць развіццю ўменняў вучняў працаваць у групах;

  • прывіваць пачуццё адказнасці кожнага за агульную справу каманды.


Абсталяванне:

Карта “Сельская гаспадарка свету”, атласы, карткі-заданні, падручнікі, лісты самаацэнкі, карткі для рэфлексіі, мультымедыйны праектар.



Эпіграф урока:

Хлеб!..

Няма яму роўнай

Яды аніякай,

Яму параўнанняў

Не падбярэш.

Бяры сабе бохан –

І з шчодрай падзякай

Да ўсіх, хто рабіў яго –

Рэж і еш.

К. Кірэенка

Ход урока


І. Актуалізацыйна-матывацыйны этап.

1. Рэлаксацыя: прывітанне, псіхалагічны настрой на работу.


2. Тэст-крыжаванка па тэме “Прыродныя рэсурсы і гаспадарчая дзейнасць” (групавая работа; групы 1,2)

3. Ацэнка дзейнасці вучняў: адзнакі выстаўляюцца ў лісткі самаацэнкі за ўказаныя віды работ на ўроку шляхам сама- і ўзаемаправеркі


ІІ. Вывучэнне новага матэрыялу.

Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на ключавыя словы тэста-крыжаванкі: (сельская, гаспадарка):

а) чаму іменна такія словы зашыфраваны ў крыжаванцы?

б) што нам ужо вядома з папярэдніх урокаў аб прадукцыі сельскай гаспадаркі?

в) сфармулюйце, калі ласка, сваімі словамі паняцце “сельская гаспадарка”, параўнайце яго з фармуліроўкай падручніка.

Настаўнік. Прыемна, што вы ўжо маеце некаторыя веды па тэме ўрока. Мне застаецца толькі пажадаць, каб вы паспяхова справіліся з тымі задачамі, якія стаяць перад вамі.

Запоўніце, калі ласка, рэфлексійныя лісты. Для гэтага сваім умоўным знакам адзначце тое месца на малюнку, дзе б вам хацелася знаходзіцца ў дадзены момант (у пачатку ўрока).


ІІІ. Аперацыйна-выканаўчы этап.

Чытанне тэксту падручніка “Паняцце пра сельскую гаспадарку” метадам інсерт (з паметкамі), с. 146-147: (“+” – ведаю; “-” – не ведаю; “?” – не зразумела; “√” – вельмі цікава) - работа ў групах з наступным абмеркаваннем у класе.

Настаўнік задае пытанні. Вучням, падзеленым на дзве групы, неабходна даваць на іх адказы. Капітанам груп неабходна сачыць за ходам адказаў вучняў для таго, каб пасля гэтага віду дзейнасці выставіць кожнаму балы ў ліст самаацэнкі.


  • Што такое сельская гаспадарка?

  • Якая з галін гаспадаркі (прамысловасць ці сельская гаспадарка) з’яўляецца важнейшай галіной?

  • Якія функцыі выконвае сельская гаспадарка?

  • У якіх краінах насельніцтва не займаецца сельскай гаспадаркай?

  • Якая колькасць насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы ў высокаразвітых краінах (2-3%), у слабаразвітых краінах (да 80%)?

  • Чым тлумачыцца такое вялікае адрозненне (розным узроўнем выкарыстання машын, тэхналогій, угнаенняў і г.д.)?

  • Што складае аснову сельскагаспадарчай вытворчасці?

  • Што такое зямельныя рэсурсы?

Які матэрыял параграфа вы абазначылі знакамі “+”, “-”, “?”, “√”? Абмеркаванне новага матэрыялу.


Выступленне вучня з паведамленнем па тэме ўрока.

Пытанні для праверкі ўспрымання матэрыялу паведамлення:



  • Які працэнт узаранасці зямель у сельскай гаспадарцы Нясвіжскага раёна? (78%)

  • Якая колькасць насельніцтва працуе ў сельскай гаспадарцы раёна? (5 800 чалавек)

  • На чым спецыялізуецца сельская гаспадарка нашага раёна? (На вытворчасці збожжа, цукровых буракоў, ільну, агародніны, характарызуецца высокім узроўнем развіцця жывёлагадоўлі)

  • Які працэнт росту с/г вытворчасці быў у 2009 годзе ў параўнанні з 2008 годам? (102,5%)


Настаўнік. Сельская гаспадарка мае шматгаліновы характар. Гэта вызначаецца разнастайнасцю патрэб насельніцтва ў сельскагаспадарчай прадукцыі і разнастайнасцю прыродных умоў для вядзення сельскай гаспадаркі.

Сельская гаспадарка Нясвіжскага раёна, як і Беларусі ў цэлым, і любой іншай краіны, складаецца з дзвюх асноўных галін: раслінаводства і жывёлагадоўлі. Суадносіны гэтых галін у розных краінах не аднолькавыя. У высокаразвітых краінах жывёлагадоўля пераважае над раслінаводствам, а ў большасці слабаразвітых краін на раўнінных тэрыторыях першае месца займае раслінаводства.


Настаўнік. На прыкладзе нашай гаспадаркі давайце пазнаёмімся са структурай раслінаводства. Якія культурныя расліны вырошчваюць у СВК “Юшавічы”? Пшаніцу, жыта авёс, цукровыя буракі, кармавыя буракі, кукурузу, бульбу, моркву, сталовыя буракі, лён. Да якога тыпу культур яны адносяцца. Запоўніце схему структуры раслінаводства, якая размешчана на экране камп’ютэра. Для дапамогі можаце выкарыстаць матэрыял падручніка.






Збожжавая гаспадарка займаецца апрацоўкай культур для атрымання збожжа, якое выкарыстоўваецца як для прадуктовых патрэб людзей, так і ў якасці корму для жывёл. Розныя віды збожжа служаць сыравінай для харчовай прамысловасці (мукамольнай, крупяной, хлебапякарнай).

Як вы ўжо адзначылі, да збожжавых культур адносяцца пшаніца, рыс, кукуруза, жыта, ячмень, авёс, проса і інш. Яны займаюць больш за палову зямель свету, якія апрацоўваюцца. З усіх збожжавых культур найважнейшая роля ў свеце належыць тром: пшаніцы, рысу і кукурузе.

А зараз мы з вамі зноў будзем працаваць у групах. 1 група разгледзіць падзагаловак “Пшаніца” і праз 5 мінут падрыхтуецца ахарактарызаваць дадзеную культуру па наступным плане:

План характарыстыкі збожжавых культур



  1. Асаблівасці прыродных умоў для вырошчвання культуры.

  2. Плошча, якую займае культура.

  3. Рэгіёны, на якія прыпадаюць найбольш значныя плошчы пасеваў.

  4. Выкарыстанне культуры чалавекам.

2 група падрыхтуецца характарызаваць па плане рыс і кукурузу.

Характарыстыка раслін па плане. Капітаны груп выстаўляюць балы кожнаму вучню ў ліст самаацэнкі.
Фізкультпаўза

Актыўныя вуглы (ТРКМ).

Чатыры вуглы класа маюць сваю назву. 1 вугал – “Кармавыя культуры”, 2 вугал – “Агародніна”, 3 вугал – “Тэхнічныя культуры”, 4 вугал – “Садоўніцтва, вінаградарства”. Вучні размяркоўваюцца па вуглах у адпаведнасці з той групай, да якой адносіцца расліна. Назву расліны яны выцягнулі на палосцы паперы. Прыклады раслін: кукуруза, морква, сланечнік, цукровыя буракі, парэчкі, кармавыя буракі, бульба, цыбуля, лён, чарэшні, вінаград.


Вынікова-ацэначны этап.

Заданні для вынікова-ацэначнага этапу 1 групе (на маніторы камп’ютэра):



  1. Дапоўніце схему

Збожжавыя культуры







Рыс




  1. Выкарыстоўваючы мал. 225 на с. 154 вучэбнага дапаможніка і карту вучэбнага атласа, укажыце вядучыя краіны свету па зборы:

пшаніцы____________________________________________________

кукурузы___________________________________________________

рысу_______________________________________________________


  1. Назавіце збожжавыя культуры, якія растуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

_________________________________________________________


  1. Назавіце асноўныя прычыны, якія ўплываюць на такі састаў збожжавых культур. _________________________________________

Заданні для вынікова-ацэначнага этапу 2 групе (заданні на маніторы камп’ютэра):

Устанавіце адпаведнасць паміж збожжавымі культурамі і іх уласцівасцямі. Адказы запішыце лічбамі.

Збожжавыя культуры:

пшаніца______________________________

кукуруза_____________________________

рыс__________________________________


  1. З зерня атрымліваюць лепшы ў свеце хлеб, які адрозніваецца высокімі смакавымі і пажыўнымі якасцямі.

  2. Радзіма – Паўднёва-Заходняя Азія, Афрыка (Эфіопія).

  3. Гэта галоўная збожжавая культура Расіі, Беларусі, Польшчы.

  4. Вырошчваецца ва ўмераных і часткова ў субтрапічных шыротах, часцей за ўсё на чарназёмах.

  5. Радзіма – Амерыка.

  6. Жыхары Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі ўжываюць у сярэднім на чалавека ад 100 да 300 кг у год.

  7. Радзіма – Кітай.

  8. Самая высокаўраджайная культура са збожжавых культур.

  9. Асноўны хлеб амаль паловы чалавецтва.

  10. Асноўная культура раёнаў мусоннага клімату, які характарызуецца вільготным летам і сухой зімой.

  11. Вырошчваецца ў больш халаднаватым умераным клімаце.


Прафарыентацыйная паўза.

У аўтобусе ехала некалькі груп людзей. Я выпадкова пачула асобныя словы з размовы кожнай групы. Зараз назаву вам пачутыя словы, а вы пастарайцеся здагадацца, людзі якіх прафесій ехалі ў аўтобусе.



  1. Чай, кофе, лімон, апельсін. (Магчымыя адказы: прадавец, афіцыянт)

  2. Чорнае, Белае, Чырвонае, Жоўтае. (Магчымыя адказы: мастак, дызайнер)

  3. Сафія, Ліда, Лена. (Магчымыя адказы: выхавацель, настаўнік)

На самой справе ў аўтобусе ехалі географы. А што яны называлі? 1 – трапічныя расліны. 2 – моры. 3 – назвы гарадоў і ракі.
Складанне сінквейнаў.

  1. Тры назоўнікі-сінонімы тэмы ўрока

  2. Тры прыметнікі, якія раскрываюць тэму ўрока

  3. Тры дзеясловы, якія адносяцца да тэмы ўрока

  4. “+” і “-“ тэмы ўрока

  5. Адно слова-асацыяцыя

  6. Прычына - вынік

Выстаўленне адзнак за ўрок згодна лістоў самацэнкі, каменціраванне адзнак.


Дамашняе заданне. §31,32; практычная работа на с.158 – ІV узровень, скласці прэзентацыю па тэме ўрока - V узровень.
Запоўніце, калі ласка, зноў рэфлексійныя лісты. Для гэтага сваім умоўным знакам, але зафарбаваным, адзначце тое месца на малюнку, дзе б вам хацелася знаходзіцца ў дадзены момант (у канцы ўрока).



Слайд 1

Тэма ўрока

Слайд 2

Заданні тэста-крыжа-ванкі для 1 і 2 груп

Слайд 3

Табліца сама- і ўзаемаправеркі


Слайд 4

На слайдзе прадстаўлены выявы паметак для чытання метадам інсерт

Слайд 5.

На слайдзе прадстаўлена схема структуры раслінаводства.

Слайд 6

На слайдзе дадзены план характарыс-тыкі збожжавых культур

Слайд 7

Дадзена выява схемы “Актыўныя вуглы”

Слайд 8

Заданні для вынікова-ацэначнага этапу 1 групе

Слайд 9

Заданні для вынікова-ацэначнага этапу 2 групе

Слайд 10

Заданні для састаўлення сінквейна

Слайд 11

(паўтараецца слайд 3)

Слайд 12

Дамашняе заданне



База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка