“Насупраць нашага барака ўзвышалася труба крэматорыя”



Дата канвертавання02.07.2016
Памер30.54 Kb.

“Насупраць нашага барака ўзвышалася труба крэматорыя”


Любоў Іванаўна Ашманкевіч ужо больш за чатыры дзесяцігоддзі жыве ў Шчучыне. Між тым, нямногія ведаюць, што гэта жанчына, будучы малым дзеўчанём, зведала ўсе жахі фашысцкага канцлагера, куды трапіла разам з маці Наталляй Селіверстаўнай.

Любоў Іванаўна з разуменнем аднеслася да мае просьбы вярнуцца памяццю ў жудаснае мінулае. “Прыходзьце, раскажу ўсё – і што сама памятаю, і аб чым ад мамы чула”, – пагадзілася яна.

І вось я слухаю страшны аповед. Часам мне здаецца, што толькі малалецтва выратавала яе тады ад моцнай душэўнай траўмы. Люба па-дзіцячы ўспрымала тое, ад чаго дачасна сівелі і ператвараліся ў згорбленых і зморшчаных старых дарослыя…

– Перад вайной наша сям’я жыла ў Віцебску, – расказвае Любоў Іванаўна. – Тата працаваў на чыгунцы. Калі немцы падыходзілі да горада, ён пакінуў яго з апошнім эшалонам. Але вырвацца да сваіх не здолеў – фашысты перахапілі і адправілі ў Аўстрыю, у канцлагер. Тата выжыў, і пабачыліся мы з ім толькі ў 45-ым…

Аб  тым, што выпала на нашу з мамай долю, ведаю па яе расказе. Мясцовых жыхароў загналі ў таварняк і павезлі. Высадзілі ля польскага горада Катавіцы, дзе быў канцлагер “Фрыдыцыт”. Змясцілі ў баракі. Спалі на палацях, збітых у тры ярусы. Мы з мамай трапілі на самы верх. Ведаеце, да гэтага часу памятаю вялізную лямпу пад столлю, да якой я ўвесь час хілілася, каб сагрэцца…

Калі дарослых выводзілі на работу, дзеці заставаліся ў бараку адны. Тады сюды заходзілі фашысты і забіралі іх. Спачатку выводзілі старэйшых, потым – сярэдняга ўзросту… Хлапчукі і дзяўчаткі назад у барак не вярталіся. З іх “выпампоўвалі” кроў для раненых фашыстаў, а потым адпраўлялі ў газавыя камеры. Труба крэматорыя дымела кожны дзень… Была яна якраз насупраць будынка, дзе знаходзіліся Люба і яе  мама.

Там, у канцлагеры, Люба захварэла на запаленне лёгкіх. А гэта – немінучая смерць. Хворы і слабы “матэрыял” фашыстаў не цікавіў. Ангелам-ахоўнікам для дзяўчынкі стаў рускі доктар, якому гітлераўцы дазволілі займацца ў лагеры медыцынскай практыкай. Ён схаваў дзіця ў патаемным закутку, доўга лячыў, а потым вярнуў маці.

Аднойчы нелюдзям запатрабавалася і кроў маленькай Любашы і яе аднагодкаў. Калі жанчыны вярнуліся пасля работы ў барак, малых там ужо не было… Чакала іх тая ж дарога – да крэматорыя. Але фашысты не паспелі расправіцца з маленькімі вязнямі: пачалася бамбёжка, савецкія войскі былі ўжо ля варот канцлагера.

Мама Наталля Селіверстаўна многа разоў ўспамінала потым пра гэты чаканы дзень вызвалення. “Ці ёсць тут хто жывы?” – спытаў салдат, зазірнуўшы ў цемень барака. Знясіленыя людзі з цяжкасцю верылі, што пачулі родную мову. “Выходзь, бабуля”, – звярнуўся салдат да Наталлі Селіверстаўны, якой на той момант пайшоў … толькі чацвёрты дзесятак. Час, праведзены ў няволі, ператварыў маладую жанчыну ў згорбленую і зморшчаную бабульку. Ад пабояў усё цела было ў рубцах. “Там, за баракам, у кучы дзеці ляжаць”, – данёсся да жанчын голас другога салдата. Матулі кінуліся туды. У гэтым знясіленым, але жывым клубочку Наталля Селіверстаўна знайшла і сваю Любачку.
– Успамінаю асфальтавую дарогу і калону людзей на ёй, – распавядае Любоў Іванаўна. – Гэта былыя вязні ішлі ў Катавіцы. А мяне, як казала мама, увесь час нёс на руках савецкі салдат.

Жахі канцлагера “вылезлі” ўжо ў мірны час. За калючым дротам маленькая дзяўчынка пакінула сваё здароўе. Там жа вітамінаў не было. Вязняў, у тым ліку і малых дзяцей, кармілі сырымі буракамі, часам кідалі ў натоўп конскія капыты. Калі ўжо дарослай Любоў Іванаўна звярталася да ўрачоў, тыя, выслухаўшы яе гісторыю, толькі ўздыхалі: “Усё зразумела…”

Цяпер Любові Іванаўне семдзесят. Так распарадзіўся лёс, што ў Шчучыне яны з мужам Георгіем Канстанцінавічам жывуць ужо больш за чатыры дзесяцігоддзі. Дачка з сям’ёй асталявалася ў Падмаскоўі, толькі ўнук Андрэй жыве і служыць у Мінску. Ён – маёр міліцыі. Нядаўна бабуля і дзядуля атрымалі ад кіраўніцтва МУС паведамленне аб датэрміновым прысваенні яму звання. Тут жа – ухвальныя словы пра ўзорнае выкананне Андрэем службовых абавязкаў.

Між іншым, Андрэй пабываў у Польшчы, у тым месцы, дзе столькі гора вынеслі яго бабуля і прабабуля. Цяпер там музей. Прывёз адтуль Любові Іванаўне невялікі абраз з выявай Багародзіцы.



Любоў Іванаўна раскладвае перада мной сямейныя рэліквіі, сярод якіх Памятны нагрудны знак “Вязню нацызму”, уручаны ёй Беларускім рэспубліканскім фондам “Узаемаразуменне і прымірэнне”, юбілейныя медалі.
Вельмі прыемна, што мяне не забываюць былыя калегі з РУП ЖКГ, – распавядае жанчына. – Напярэдадні Дня Перамогі мяне наведваюць Дзмітрый Дзмітрыевіч Адзінец і іншыя супрацоўнікі, віншуюць, уручаюць кветкі і матэрыяльную дапамогу. Максімум такту і ўвагі праяўляюць медыцынскія і сацыяльныя работнікі. Дзякуй ім за гэта.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
: dfiles
dfiles -> Шчучынскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Слонімскі раённы выканаўчы камітэт
dfiles -> Аддзел ідэалагічнай работы бераставіцкага райвыканкама аддзел культуры бераставіцкага райвыканкама раённая арганізацыя таварыства “веды”
dfiles -> Значимые мероприятия – 2015 года Библиотечная система
dfiles -> Загс паведамляе: 2014 год у лічбах І фактах
dfiles -> Бібліятэкі-юбіляры Мар’інагорская гарадская бібліятэка (1993) – 20 гадоў
dfiles -> Л. А. Антанюк Б. А. Плотнікаў Беларуская мова: прафесійная лексіка
dfiles -> Адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца Міністэрствам энергетыкі Рэспублікі Беларусь па заявах грамадзян




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка