Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж



Дата канвертавання28.06.2016
Памер187.21 Kb.


МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Установа адукацыі “Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж”

Фарміраванне грамадзянска-патрыятычнай культуры навучэнца ў кантэксце гуманітарнай адукацыі
(з вопыту работы куратара, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры)

Гайдук Ганна Аляксандраўна



Гайдук Ганна Аляксандраўна

выкладчык вышэйшай катэгорыі Навагрудскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага каледжа
Сапраўдны настаўнік бачыцца мне сумленным, праўдзівым у сваіх перакананнях і выказваннях, з добрым і чулым сэрцам, і я заўсёды іду з любоўю да навучэнцаў. Імкнуся развіць у вучняў этычную культуру, абудзіць у іх патрыятычныя пачуцці, моўны слых і эстэтычны густ. Асаблівы мой клопат – таленавітыя і адораныя маладыя людзі, бо яны – галоўнае нацыянальнае багацце краіны, яе будучыня. Дзякую лёсу, што даў магчымасць быць побач з імі, спраўджваць агульныя ідэі і задумы.
Змест


  1. Роздум выкладчыка аб яго ролі ў выхаванні грамадзянска-патрыятычных пачуццяў у маладога пакалення…………4

  2. Заключэнне..……………………………………………………………...19

  3. Літаратура...………………………………………………………………20

  4. Дадаткі:

4.1. Літаратурная гасцёўня “Быў. Ёсць. Буду”, прысвечаная 80-годдзю

У. Караткевіча.

4.2. Выхаваўчая гадзіна “Час выбраў нас”.

4.3. Творчыя работы “Намацаць галінамі сонца”

4.4. Успаміны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Роздум выкладчыка аб яго ролі ў выхаванні грамадзянска-патрыятычных пачуццяў у маладога пакалення


Разумею настаўніцкую працу як благаславенне. Працай педагог расце, працай удасканальваецца. “Вечная, нестамляючая праца ўзыходжання! Гэта і ёсць карма педагога. Мая прафесія дала мне самую вялікую радасць – радасць чалавечых зносін. Па спецыяльнасці я – настаўнік-філолаг, і тое, і другое прадугледжвае ўвагу да людзей, уменне іх слухаць. Пастаянныя зносіны з людзьмі замацавалі ў свядомасці даўно вядомую ісціну, што кожны чалавек – унікальны, у кожнага ёсць свая адмецінка, свая іскрынка. Не патушыць яе, не растаптаць, аднесціся да чалавека з павагай, разуменнем – ці не ў гэтым тваё і яго шчасце? А калі не шчасце – бо яно ў кожнага рознае – то ўнутрагая задаволенасць. Мой інструмент – слова, вуснае і друкаванае, маё крэда – будзь асцярожны са словам, думай, “чым наша слова адзавецца”. А таму як у замовах нашых: “Я са словам, Бог – з помаччу”. Сапраўдны настаўнік валодае сакрэтам слова, умее кандэнсіраваць і выпраменьваць духоўную энэргію. Стаўлю пастаянную задачу не толькі ведаць мову, але адчуваць яе, валодаць ёй:

Ільняная і жытнёвая, сялянская.

Баравая, у казачнай красе.

Старажытнейшая, самая славянская.

Светлая, як травы ў расе.

Вобразная, звонкая, пявучая

Мова беларуская мая.

З перакананасцю даводжу, што гэта мова нам Богам дадзеная, бо яна наша родная.

Ці плачу я, ці пяю, ці размаўляю з матуляю.

Мову сваю, песню сваю.

Я да грудзей прытульваю

Даўно прыйшла да разумення: каб жыццё не здавалася марным і бессэнсоўным, трэба заўсёды рабіць хоць маленькі крок па шляху пошукаў, па шляху суладдзя з навакольным светам, з людзьмі, з сабою. Маральная каштоўнасць чалавека – уменне жыць у згодзе з другімі людзьмі. Стараюся гэта данесці да сваіх выхаванцаў, падчас правядзення выхаваўчай гадзіны “Светлы талент – людская дабрата”, дыспута “У чым прыгажосць чалавека?”

Я хацеў бы з вамі сустрэцца на вуліцы

У ціхую сінію ноч

І сказаць:

“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Яркія зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя – папутнікі сярод нябёс.

Нашто на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы ляцім да зор?



Мая педагагічная пазіцыя – уся ўвага дзецям, іх індывідуальнасці, іх інтарэсам. Усю сваю дзейнасць накіроўваю на стварэнне ўмоў для чалавека, маючага моцныя духоўныя сілы і маральныя перакананні, уменне адрозніваць дабро ад зла і выпраменьваць дабро. Нізка схіляю галаву перад сваёй мамай, яна ўмее думаць праз сэрца, навучыла і мяне накапляць дабро і ад гэтага адчуваць сябе шчаслівай. Вучу дзяцей быць міласэрнымі, уменню дарыць людзям дабро на выхаваўчых гадзінах “Нізка галаву схіляю прад вобразам тваім”, “Дай руку ўзаемадапамогі”.

Гэтай ісціне веру даўно,

І яна для мяне як замова:

У людзей есць багацце адно –

Чалавечае добрае слова.

Каб праменьчык святла не патух

Душы веснім дажджом адмывала,

Чалавека абуджаны дух

На такія вышыні ўзнімала!

Гора золата і серабра –

Ад бяды ненадзейная схова

І прыходзіць такая пара,

Што захочацца добрага слова.

Хлеба кошт не адзін: то спаўна,

То над крошкай трасуцца галовы,

Не мяняецца толькі цана

Гэткай дробязі – добрага слова.

Асновай педагагічнага поспеху, лічу я, з’яўляецца павага да асобы навучэнца і беражлівыя адносіны да яе. Самы вялікі грэх – не заўважыць талент, не ўбачыць здольнасцей навучэнца, не даць ім развіцца. Аб гэтым можа сведчыць творчасць навучэнцаў – іх паэтычныя творы, публіцыстычныя выступленні, творчыя работы, перамогі на алімпіядах.



Урок – гэта дзівосная таямніца стварэння цуда: ажыўшыя твары, светлячкі ў вачах, трывожнае чаканне дыялога, калі душа здольна апрануцца пачуццём і думкай. У працэсе падрыхтоўкі да ўрока выношваю яго месца сярод іншых урокаў, шукаю нерв, зноў дакранаюся да дрэва пазнання дабра і зла – да Літаратуры. Настаўнік – гэта ўрок. Але ўрока – мала. Мой урок – гэта толькі ядро цэласнай сістэмы разнастайных пазакласных мерапрыемстваў.Асноўны прынцып: пазакласная работа пачынаецца на ўроку і заканчваецца ўрокам. (Прыклады: творчасць М.Багдановіча – вечарына “Вечна юны паэт”; М.Чарот – паэт-рэвалюцыянер. – п’еса “Мікітаў лапаць”; Драматургія Я.Купалы – “Вячоркі ў Паўлінкі”. Вобраз маці ў творах беларускіх пісьменнікаў – выхаваўчая гадзіна “Я галаву схіляю перад іменем тваім”).



Што пакласці ў падмурак выхавання? Як знайсці той ідэал, да якога трэба імкнуцца самім і весці сваіх выхаванцаў. Прыйшла да высновы: такі ідэал ёсць. Ідэал грамадзяніна сваёй краіны. Менавіта ад сацыяльнай сталасці навучэнцаў, ад іх адказнасці перад сабой, грамадствам, Радзімай залежыць і стан грамадства, дзяржавы. Лічу, што настаўнікі-інтэлігенты ў вялікім даўгу перад сваім народам, бо праз інтэлігенцыю народ набывае свой голас.

Гавары так, як вучыла маці,

Рабі так, як рабіў бацька,

Усё, на што здольны,

Зрабі для Радзімы.

Асноўная мэта нашай работы – адраджэнне самакаштоўнасці асобы, станаўленне самастойнай, творчай, інтэлектуальнай развітой асобы на аснове авалодання агульначалавечымі каштоўнасцямі і нацыянальна-культурнай спадчынай сваіх родных мясцін, сваіх бацькоў, сваіх дзядоў. Сёння я вяртаюся да крыніц народнай педагогікі таму, што гэта нашы карані. А нідзе так не праяўляецца менталітэт, як у традыцыях, святах, звычаях. Праводзім святы матулінага ручніка, вячоркі, літаратурныя гасцёўні, конкурсы чытальнікаў твораў беларускіх аўтараў, сачыненні “Мова майго народа”, “Што мы пакінем нашчадкам”, “Мой чароўны беларускі край”, святкаванні Каляд, Вялікдзеня і г.д. Адчуваю, што з гонарам усведамляюць навучэнцы, што родныя карані, традыцыі, звычаі – гэта культура іх радзімы, бацькоўскай зямлі.

Сапраўдны педагог не робіць кар’еры, ён прыходзіць у навучальную установу настаўнікам і ідзе з яе настаўнікам. Ён – артыст, але яго слухачы і гледачы не апладзіруюць яму. Ен скульптар, але яго працы ніхто адразу не бачыць.



Будні абцяжарваюць выкладчыка, апаноўваюць праблемы, але ўсе гэта ён павінен пакінуць перад парогам аўдыторыі, а прыйсці да навучэнцаў у цудоўным настроі і вучыць іх дабрыні і чалавечнасці. Заўседы імкнуцца з любоўю прыходзіць да сваіх выхаванцаў, такіх розных і непрадсказальных, старацца сумленна працаваць, каб быць годным звання выкладчыка. Выкладчык – акумулятар ведаў і духоўнай культуры, і ён павінен увесь час падзаражацца, каб сустрэча з навучэнцамі была творчая, поўная гарэння і пошукаў. Каб разам яны адчувалі пульс эпохі, значнасць часу.

Дні, як гады, гады, як эпоха – такая па дзеяннях і задумах сутнасць нашага часу. Імклівага. Напружанага. Велічнага. І не маўклівым сведкам быць яго, не згодным сузіральнікам, а ўдзельнікам – актыўным, рашучым, дзейсным. Такая задача перад кожным з нас. Гэтае патрабаванне вынікае з тых працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве.

Абнаўляецца стан грамадскіх адносін, пашыраецца кругагляд суайчыннікаў, выкрышталізоўваюцца іх меркаванні, пазіцыі, магутнай рукой раскінуты зярняты дэмакратыі і галоснасці. Як ніколі грамадзяне краіны наблізіліся да вырашэння дзяржаўных спраў. І кожны з нас прыходзіць да высновы, што жыцце краіны, стан грамадства залежыць не ад абставін, не ад збегу шматлікіх акалічнасцей, а ад нас саміх, ад кожнага, ад нашай пазіцыі, справы, дзеяння. Таму і шырыцца, набірае размах і магутнасць народны рух за карэннае паляпшэння сацыяльнага і эканамічнага стану грамадства, удасканалення яго структуры.

Адраджэнне нацыянальнай культуры захапіла ўсе слаі грамадства, абудзіла імкненне да ведання сапраўднай гісторыі краю, краіны. З першавераснёўскага ўрока “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся!”, эмацыянальна напоўненага, публіцыстычна страснага, пачынаецца праца па фарміраванні грамадзянскіх і патрыятычных якасцей асобы.

Выхаваць грамадзяніна і патрыёта – самая пачэсная, самая адказная задача педагога. Нялёгка зрабіць гэта – умела спалучыць навучальныя тэмы з выхаваннем грамадзянскасці, патрыятызму, напоўніць жыцце выхаванцаў клопатамі пра сабе, калектыў, краіну, быць адказным ва ўсіх жыццёвых стасунках. Нялёгка здзейсніць гэта. Аднак трэба. Патрабуе час. І вучні.

Час імклівых і рашучых перамен ачышчае грамадскую атмасферу, акрыляе людзей, разнявольвае свядомасць. Вецер абнаўлення загортоўвае маральнае здароўе моладзі. Ствараюцца ўмовы для сапраўднага развіцця творчасці, росквіту таленту маладых, выяўленню сутнасці і годнасці кожнай асобы.

Сваю задачу як педагога бачу ў навучанні і выхаванні маладога пакалення так, каб светлыя ідэалы папярэднікаў прадоўжылі існаванне ў сэрцах юнакоў і дзяўчат, у іх велічных учынках і дзеяннях!

Гадзіннік часу не спыняе ўпэўнай хады. На гэты раз ён распачаў свой ход ў сусветным маштабе, гэта чарговы значны этап у жыцці кожнага з нас, этап, які павінен стаць якасна новым крокам наперад па шляху да творчай самарэалізацыі ў высакароднай справе гарманічнага духоўнага выхавання маладога пакалення.

Настаўнік заўседы быў і застаецца своеасаблівым маяком, які асвятляе гэты шлях промнямі надзеі, упэўнасці, веры ў тое, што наша Беларусь – край унікальнай самабытнай культуры, таленавітых і творчых людзей.

Больш за 30 гадоў я, як выкладчык роднай мовы і літаратуры, вяду карабель гуманітарнай адукацыі ў акіянскія прасторы пазнання, да астравоў духоўнасці, без чаго нельга пераадолець крызісныя наступствы сучаснасці.

Новыя адукацыйныя ўмовы (пераход на адзінаццацігадовае навучанне, уніфікацыя вучэбных стардартаў і планаў, арфаграфічныя змены) патрабуюць ад кожнага з нас, каму неабыякавы лёс беларускага слова, роднай краіны, па-новаму глянуць на змест і форму навучальнага працэсу. Але цэнтральным звяном навучальнага працэсу па-ранейшаму застаецца навучэнец, асоба, а не камп’ютарная прастора, якую так настойліва імкнёмся стварыць ва ўстановах адукацыі. Таму іменна ад педагога сёння, як ніколі раней, залежыць вартасць і значэнне беларускай мовы і літаратуры, культуры і як вучэбных дысцыплін, і як складнікаў сістэмы духоўных каштоўнасцей грамадства. І тут варта памятаць адно: матэрыяльны дабрабыт з гадамі можна палепшыць, а вось дэфіцыт культуры, адукаванасці, разумення душы народа аднавіць практычна немагчыма. Калі мы сёння, спасылаючыся на цяжкасці пераходнага перыяду, застанемся раўнадушнымі выкладчыкамі, людзьмі, якія не дбаюць пра свой прафесійны і духоўны ўзровень, мы можам заўтра атрымаць пакаленне спажыўцоў, а не патрыётаў сваёй Радзімы.

Сіла, веліч і значэнне педагога праяўляецца ў прапагандзе павагі да праўды, пропаведзі гуманізму, у разуменні грамадскага абавязку перад будучыняй. Маладыя людзі, якіх выхоўваем і вучым, павінны ўмець дзейнічаць самастойна, творча, трымаць адказнасць за сваё жыццё, за жыццё свайго горада і краіны.

Стараюся далучыць навучэнцаў да кнігі, да жыцця і дзейнасці славутых дзеячаў старажытнасці, лічу, што гэта адначасова і далучэнне да гісторыі Беларусі, якая такая ж багатая і цікавая. як і гісторыя іншых краін. Арганізоўваю чытанні “Гістарычныя постаці зямлі беларускай”, якія садзейнічаюць выхаванню нацыянальнай свядомасці моладзі. Навучэнцы, напрыклад, усведамляюць, што Скарына першы сярод усходнеславянскіх народаў і другі (пасля чэхаў) сярод сусветнага славянства даў народу кнігу на яго роднай мове, увеў нас, беларусаў, у агульнаеўрапейскую сям’ю народаў, выявіў наша права на нацыянальна-культурнае вызначэнне, заклаў падмурак (разам з М.Гусоўскім) нацыянальнай літаратуры эпохі Адраджэння. Мы павінны ганарыцца ім яшчэ і таму, што гэта наш выдатны нацыянальны філосаф, асветнік, вучоны, першадрукар, выдавец. Галоўнае ў гэтай працы, каб навучэнцы адчулі, якую вялікую справу зрабілі нашы продкі (Е. Полацкая, К. Тураўскі, С.Будны), які вялікі іх уклад у справу развіцця нацыянальнай культуры і якімі вялікімі павінны быць сёння наш гонар, наша адказнасць за духоўную спадчыну.



Літаратурныя гасцёўні: “Роздум каля каляднай свечкі”, “Паэзія святла і дабрыні”, “Пра тую, што дорыць жыццё…”, “У гасцях у купалаўскай Паўлінкі”, “Пясняр зямлі беларускай”, “Без чалавечнасці не будзе вечнасці”, “Патрыятычныя і гуманістычныя матывы ў творчасці М.Багдановіча”, “Быў. Ёсць. Буду.”, “У паэтычным садзе”, “Тут жыў Міцкевіч”, у якіх з вялікім задавальненнем удзельнічаюць навучэнцы, прыводзяць выхаванцаў да высновы, што кожны куток Беларусі мае таленавітых людзей, што малая радзіма натхняе пісьменнікаў і паэтаў на стварэнне выдатных твораў, у якіх выяўляецца сапраўдны, непадробны патрыятызм іх аўтараў. Такой зямлёй з’яўляецца і наша Навагрудчына. Літаратурныя гасцёўні з удзелам сучасных беларускіх пісьменнікаў (В. Іпатавай, А. Лойкі, Н. Гілевіча, У. Ліпскага, З. Прыгодзіча,

С. Законнікава, А. Зэкава, Л. Дранько-Майсюка, Рыгора Барадуліна і інш.) надоўга запомняцца навучэнцам. Гэта хвіліны далучэння маладых людзей да вобразнай, самабытнай роднай мовы, якую яны ўспрымаюць з пранікнёнай любоўю і згаджаюцца з паэтам С. Законнікавым, які сцвярджаў у час літаратурнай гасцёўні “Заўсёды поруч”:

З першых хвілін да апошняга дня

Дыхае мовай жывой, як паветрам,

Там чалавек, дзе шануе радня,

Божы дарунак – галоўны і велічны.

Будзе нязводным народ, у якім

Слова і душы трымаюцца злітна.

Мова любая – стасунак людскі,

Родная мова – святая малітва.

У час літаратурнай гасцёўні “Імперыя, у якой не заходзіць сонца” навучэнцы вялі дыялог з вершамі М.Танка, дыялог са сваімі сябрамі і кожны з самім сабой. У выніку яны раздумвалі над пытаннем: “Як намацаць галінамі сонца?”, адказаўшы сваімі вершамі – вольнымі, вобразнымі, еўрапейскімі, раскаванымі, лагічнымі, інтэлектуальнымі, багатымі сэнсам і роздумам (дадатак прыкладваецца).

У час правядзення літаратурнай гасцёўні “Быў. Ёсць. Буду.” пераконваемся ў высокім патрыятызме У. Караткевіча. Найвялікшая каштоўнасць для пісьменніка – родная Беларусь. Ён захапляўся і ганарыўся велічным мінулым роднага краю, узносіў гімны гераічным асобам, апяваў прыгажосць непаўторных краявідаў, марыў пра вольную і заможную Беларусь. Адметныя назвы беларускіх вёсак, паселішчаў і ўрочышчаў, выклікалі глыбокае ўзрушэнне пісьменніка і яго герояў.

Аксіёмай для Караткевіча з’яўлялася адзінства нацыі, гістарычныя перспектыва яе развіцця. У вершы “Бог пайшоў…” паэт даводзіў, што сапраўдны гонар, шчасце і ўзнагарода для кожнага грамадзяніна – праца і самаахвярнае служэнне на карысць сваёй Айчыны і народа:

Бог пайшоў. Жыццё ідзе па кругу.

Але йдзі і не губляй спакой.

Ёсць замест прыватнай неўміручасці –

Бессмяротнасць нацыі тваёй.

Родная зямля, чыстыя рэкі і блакітныя азёры, урадлівыя палі і лугі, багатая духоўная і мастацкая спадчына для У. Караткевіча – неацэннае багацце, сапраўдны скарб, які належыць зберагаць і ўзбагачаць.

У. Караткевіч выдатна ўсведамляў выключную каштоўнасць сяброўства і ўзаемападтрымкі народаў свету, што з’яўляецца трывалым падмуркам супольнага поспеху і росквіту. У праграмным вершы “ Быў. Ёсць. Буду” ён выказаў цвёрдую ўпэўненасць, што беларусы, поплеч з іншымі народамі свету, у хуткім часе ўзвядуць і цудоўна аздобяць “храм наш агульны і светлы”.

На думку У. Караткевіча, заўседы належыць адшукваць эфектыўныя сродкі змагання і найбольш прымальныя формы дзейнасці, якія б далі магчымасць нацыі выжываць у найскладанейшых абставінах. Галоўнае для нацыі – кансалідацыя і ўзаемадапамога. Калі народ паверыць у свае сілы, ён здолее перамагчы любога ворага, усталяваць справядлівасць і прымусіць паважаць сябе. Паводле яго пераканання, заўжды перамагаюць тыя, хто верыць у светлы пачатак, хто бароніць людзей, гатовы ахвяравацца дзеля іншых.

Адлюстроўваючы неабходнасць патрыятычнага выхавання грамадзян краіны, У. Караткевіч зыходзіў з таго, што чалавек, калі ён хоча мець поспех, выстаяць пад націскам розных выпрабаванняў, ніколі не павінен забывацца на тое. хто ён і адкуль ён. Вернасць Радзіме, адданае служэнне роднай зямлі, матчынай мове – базавы прынцып жыццёвай філасофіі пісьменніка.

У.Караткевіч падкрэсліваў адказнасць кожнай асобы за ўласныя ўчынкі. Чалавек, паводле яго слоў, надзелены свабоднай воляй, і ён сам робіць выбар, з кім яму быць – з Богам ці з Сатаною. Каб перамагаць у жыцці, дасягаць пастаўленых мэт, належыць мець дасканалы розум, і, галоўнае, дзейнічаць смела, энэргічна, неардынарна. У.Караткевіч – нязломны гуманіст і аптыміст, ён верыць у магчымасць духоўнай эвалюцыі грамадства, бачыць добры пачатак у кожным чалавеку.

Паводле У. Караткевіча, служэнне Радзіме, змаганне за волю, вернасць каханню – найвышэйшыя ідэалы. Пісьменнік верыў ва ўсталяванне сацыяльнай справядлівасці, роўнасць народаў, росквіт нацый. “Бессмяротны ты, як фенікс, мой народ”(п’еса “Кастусь Каліноўскі).

Беларусь і яе народ могуць ганарыцца тым, што ў нашай гісторыіі быў, ёсць і будзе чалавек, які стаў у першыя шэрагі на шляху да ўсясветнай чалавечнасці. У.Караткевіч першым пачаў глыбока распаўсюджваць тэму нацыянальнай гісторыі. У гэтым яго творчасць застанецца назаўсёды ў памяці людской. Гэтым ён шануецца сярод многіх-многіх тысяч чытачоў беларусаў. Прызначэнне сваёй літаратурнай працы Уладзімір Сямёнавіч цаніў вельмі высока і лічыў: “Трэба працаваць не для сябе, а для сваёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена, - многа або мала, але да канца”. І мы павінны вучыцца ў Караткевіча.

Пераконваюся, працуючы з маладымі людзьмі, што яны таксама сваімі ўчынкамі, меркаваннямі даказваюць вернасць Радзіме, ганарацца веліччу подзвігаў беларускага народа, захапляюцца прыгажосцю краявідаў сваёй краіны. Аб гэтым сведчыць фестываль “Роднай зямлі ў вернасці і любові прысягаю”. У рамках фестывалю прайшоў конкурс “Не знікне цуд прыгожага пісьменства”. Пераможцы конкурса былі запрошаны на раённае радыё, публікацыі іх твораў былі змешчаны ў мясцовай газеце “Новае жыцце”. (К.Антонік (гр. БДп-31), Сямёнава Ю. (гр. БДп-26), Мілто Ю., Капля В., Мінгілевіч Д.). З гонарам за свой воранаўскі край піша навучэнка групы БД-1 Аня Мінгілевіч:

Паглядаюць госці зблізку і здалёк,

Як жыве спакойна ціхі гарадок.

Тут у на бярозкі, тут у нас таполі,

Стройныя дзяўчаты як нідзе, ніколі.


Воранаву – жыць! Воранаву – пець!

І народу нашаму спраўна багацець.

Дай нам Бог расці! Дай нам Бог сталець!

І радзімай нашаю Беларусь нам мець!


Прыгажэе край наш з кожным новым днём –

Мы сябруем з працаю, з песняй мы жывём.

Тут у нас народы розныя жывуць

І сваю культуру шчыра берагуць.



У Год роднай зямлі навучэнцы актыўна ўключыліся ў акцыю “Зямля, на якой я жыву”. Былі ўдзельнікамі экскурсій і паходаў па гістарычных мясцінах Беларусі. Яны адчулі подых гісторыі ў г.Полацку, Брэсце, Дудутках, Мінску і іншых месцах. Адбылася практычная канферэнцыя, на якую былі прадстаўлены работы “Мае родныя мясціны” (Мінгілевіч А.), “Зоркі зямлі любчанскай” (Ляўша Я.), “Добры дзень, мілы Клецк, пяшчота і любоў мая” (Швайко Н., гр. БДп-15), “Мір” (Хіневіч А., гр. БДп-16), “Мой родны горад Ваўкавыск” (Самайловіч В., гр. БДп-16), “Гісторыя майго краю” (Бенкевіч А., гр.БДп-16), “Навагрудак – з мінулага ў сучаснасць” (Малевіч А., гр. БД-1), “Мой родны горад” (Надзюхіна І.), “Мая маленькая радзіма – Бярозаўшчына” (Колас К.).



Навучэнцы I-ых курсаў захапіліся запісамі легендаў і наданняў роднага краю. Зрабілі этнаграфічыя экскурсіі, тым самым яшчэ і папоўнілі этнаграфічны куток экспанатамі. Пазнаёміліся са знакамітымі людзьмі Беларусі.

У 2010 годзе адзначалася 65-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Шматлікія святочныя мерапрыемствы , сустрэчы з ветэранамі, фестывалі, акцыі яшчэ раз пацвердзілі: “Ніхто не забыты, нішто не забыта”.

Кожнае наступнае пакаленне імкнецца перадаць сваім дзецям летапіс ваеннага ліхалецця, навучыць шанаваць і цаніць мір, здабыты намаганнямі мільёнаў людзей, коштам іх жыццяў і гераічных барацьбы і працы. Выхаванне ў моладзі патрыятызму – дзейснага, штодзённага, на справах, а не на словах – складаная, але высакародная місія. Ганарыцца мужнасцю продкаў, браць прыклад з іх стойкасці і самааданасці – вось тое, на чым неабходна акцэнтаваць увагу навучэнцаў. Годная справа педагога – спрыяць таму, каб падзеі мінулага знаходзілі водгук у сэрцах маладых, рабіліся часткай іх жыццёвага вопыту. Толькі тады нашы выхаванцы здолеюць па-сапраўднаму, усёй душой адчуць велічнасць і ўрачыстасць Дня Перамогі.



Месячнік “Вахта памяці”, што праводзіўся напярэдадні Дня Перамогі меў грамадзянскі і патрыятычны накірунак, звязаны з гістарычнымі падзеямі, якія ў свой час вызначылі нашу будучыню. У рамках месячніка адбыліся сустрэчы з ветэранамі, ускладанне кветак да помнікаў.

Важна было ў час сустрэч стварыць адпаведны настрой, даць магчымасць адчуць тую атмасферу, якая была характэрна для часоў Вялікай Айчыннай вайны. Ветэраны эмацыянальна і даступна раскрывалі трагізм ваеннага часу і веліч подзвігу нашага народа ў гады ліхалецця. Навучэнцы азнаёмілі прысутных з экспазіцыяй выставы работ на тэму: “Гэтых дзён не змоўкне слава!” Быў напярэдадні дадзен старт акцыі “Ніколі не забудзем!”, які меў вельмі значныя поспехі. Навучэнцы запісалі ўспаміны сваіх землякоў, удзельнікаў ваенных падзей. Работа “Ніколі не забудзем”, якую выканала Ю.Мільто (гр. БД-21), была адзначана першай прэміяй. Азаранка А. (гр. ЭП-21) у сваёй рабоце “З гонарам за землякоў” расказала, як у пасёлку Мірны Баранавіцкага раёна ўшаноўваюць памяць аб Герою Савецкага Саюза К.Кабушкіну, які да канца заставаўся вернам воінскай прысяге, адданым сынам сваёй Радзімы. І Радзіма яго не забыла, не забылі нашчадкі загінуўшых і ўвекавечылі памяць сваіх бацькоў і дзядоў, калі ўзвялі ў пасёлку Мірны мемарыяльны комплекс. Ганарыцца Анжаліка сваім прадзедам, ветэранам вайны Дзядзюшкам Серафімам Іванавічам. Аня Мінгілевіч у сваёй рабоце “Некалькі згадак і думак пра гады ліхалецця” расказала пра Аляксандра Іванчыка, які прайшоў з цяжкімі баямі па тэрыторыі Польшчы і Германіі. А выжыў на вайне, таму што верыў у светлы дзень Перамогі. Аб захопленасці навучэнцаў такой работай сведчаць запісы ўспамінаў удзельнікаў вайны: “Шлях ветэрана Стома Сямёна Мікалаевіча” (Сянкевіч Н., гр. БД-21), “Дарогамі вайны” (Лубко Ю., гр. БДп-16), “Інтэрв’ю з ветэранам Пікта Ф.М.” (Малевіч А., гр. БД-1).

Навучэнцы каледжа ўшаноўваюць удзельнікаў ваенных падзей розных часоў. 15 лютага святкуецца Дзень воінаў-афгганцаў, удзельнікаў ваеннага канфлікту за межамі краіны ў складзе абмежаванага кантынгенту. У скверы Навагрудка ёсць помнік тым, хто не вярнуўся з далёкай вайны. Штогод мы ўскладаем кветкі. Наведваем музей воінам-інтэрнацыялістам у СШ №3. Запісваем успаміны ўдзельнікаў афганскай вайны. Падтрымліваем сувязі з бацькамі навучэнцаў, каму давялося быць удзельнікамі тых страшных падзей (Н.Шаматульская, Б.Шкляр). У выніку сустрэч пераконваемся ў тым, што нашы землякі праяўлялі стойкасць і гераізм параўнальны з тым, што здзяйсняліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны нашымі дзедамі. У час гутарак і сустрэч з воінамі-інтэрнацыялістамі прыходзім да высновы: трэба ўсё рабіць, каб на Зямлі быў мір.


Заключэнне
Асноўнай мэтай у выхаванні патрыятызму і грамадзянства, я лічу, фарміраванне пачуцця прыналежнасці да Айчыны, любові і адданасці да Радзімы, асабістай адказнасці перад ёй і за яе. Гэтыя пачуцці адносяцца да вечных, фундаментальных каштоўнасцей, значэнне якіх цяжка перавысіць. Для дасягнення гэтай мэты, я, як педагог, стаўлю наступныя задачы:

  1. Выхаванне любові да роднага краю, павагі да гісторыі сваёй краіны.

  2. Развіцце ў навучэнцаў гуманных пачуццяў і ўвагі да ветэранаў вайны і працы і аказанне ім дапамогі.

  3. Фарміраванне ў маладых людзей маральна-псіхалагічнай падрыхтаванасці да выканання імі канстытуцыйнага абавязку па абароне Айчыны.

  4. Выхаванне грамадзяніна і патрыёта, усведамляючага патрэбнасць і неабходнасць служэння свайму народу; чалавека, упэўненага ў неабходнасці актыўнага ўдзелу ў працоўнай і грамадскай дзейнасці.

Па-сапраўднаму моцнай можа быць толькі дзяржава прыстойных грамадзян, шчырых патрыётаў. І педагогаў, і палітыкаў сёння цікавіць штодзённая дзейнасць асобы, яе творчасць, здольнасць даглядаць і ўпрыгожваць зямлю, каб яна сагравалася нашай пяшчотай і працай і не цягнула з нас сілы, а надавала магутныя імпульсы – глебу для новых здзяйсненняў.

“Патрыятызм, упэўненасць у будучым сваёй краіны, жаданне зрабіць яе лепшай – вось галоўнае, што павінна быць у сённяшняй моладзі. Што б мы ні рабілі, якія б умовы ні стваралі, калі ў дзяцінстве не сумеем прывіць любоў да Радзімы, нічога ў нас не атрымаецца (з выступлення Прэзідэнта РБ на IV Усебеларускім народным сходзе).



Літаратура


  1. А.Р. Лукашэнка. Наша моладзь павінна мець магчымасць рэалізаваць сябе ў сваёй краіне. Савецкая Беларусь, 28.09.2004

  2. Пад рэдакцыяй Л.Я. Землякова, С.Д. Лапценка. Ідэалолгія і моладзь Беларусі. Мн., 2005.

  3. Н.К. Катовіч. Мадэлі выхавання школькікаў. Дапаможнік для кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў. Мн. 2000.

  4. А.Г. Варашэнь. Вобраз Радзімы ва ўспрыманні сучасных беларусаў: выхаванне грамадзяніна Беларусі. Адукацыя і выхаванне. №6, 2008.

  5. В.Я. Баклагіна, А.Н. Пятрушчык. Канцэптуальныя падыходы да даследавання праблемы фарміравання грамадзянскай культуры навучэнца ў кантэксце гуманітарнай адукацыі. Адукацыя і выхаванне. №2, 2008.

  6. Л.В. Кашанкова. Вырасціць грамадзяніна: выхаванне грамадзяніна Беларусі. Адукацыя і выхаванне. №4, 2007.

  7. В.В. Якжык, Л.В. Емельянчык. Актуальныя аспекты арганізацыі выхаваўчага працэсу ў сучасных умовах. Адукацыя і выхаванне. №5, 2009.

  8. А.В. Пазняк. Вялікая любоў да малой радзімы. Адукацыя і выхаванее. №5, 2009.

  9. Сутнасць ідэалогіі ў сучасным грамадстве. Гродна, 2005.

  10. Пад рэдакцыяй А.В. Праляскоўскага і Л.Я. Крыштаповіча. Беларускі шлях. 2010.

  11. Арганізацыя ідэйна-выхаваўчай работы ва ўстановах, забяспечваючых атрыманне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Мн., РІПА, 2003.

  12. Н.І.Дзераклеева. Асноўныя напрамкі дзейнасці. Класны кіраўнік. Мн., 2001.


: arch -> vospitanie -> gaidyk
vospitanie -> Культурна-гістарычная і прыродная спадчына Беларусі: сусветнае прызнанне
arch -> Конкурсу па беларускай мове для вучняў5-х класаў "Скарбы мовы: моўныя загадкі"
gaidyk -> Выхаваўчая гадзіна “Час выбраў нас” г. Навагрудак, 2011 Мэта
arch -> Таварыства Калібры
arch -> Конкурсу для вучняў 10 11-х класаў " знак таленту"
vospitanie -> Закончыла Гродзенскі педагагічны інстытут імя Я. Купалы
gaidyk -> Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж
vospitanie -> У. А. "Навагрудскі дзяржаўны гандлёва эканамічны каледж" Беларусы на карце свету




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка