Навукова-метадычная ўстанова "Нацыянальны інстытут адукацыі"



Дата канвертавання17.01.2017
Памер90.72 Kb.

powerpluswatermarkobject3


Навукова-метадычная ўстанова

“Нацыянальны інстытут адукацыі”

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Вучэбная праграма

факультатыўных заняткаў
«Практыкум па беларускай мове»
па вучэбным прадмеце «Беларуская мова»

Х – ХІ класы

Мінск

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Праграма факультатыўных заняткаў “Практыкум па беларускай мове ” прызначана для вучняў 10-11 класаў і накіравана на паўтарэнне, падагульненне і сістэматызацыю звестак па фанетыцы, лексіцы, словаўтварэнні, граматыцы, стылістыцы, тэксту, арфаграфіі і пунктуацыі. Праграма прадугледжвае падачу матэрыялу буйнымі блокамі, якія адлюстроўваюць працэс сістэматызацыі па трох напрамках: 1) спачатку паўтараюцца і паглыбляюцца звесткі пра моўныя з’явы, уключаныя ў пэўны блок; 2) затым разглядаецца функцыянаванне моўных з’яў у сказах і тэкстах, засвойваюцца адпаведныя нормы культуры маўлення; 3) паўтараюцца звесткі па арфаграфіі або пунктуацыі, якія маюць арганічныя сувязі з моўным матэрыялам раздзела.

Мэта прапанаваных факультатыўных заняткаў: сістэматызацыя і паглыбленне ведаў і ўменняў па беларускай мове на аснове вывучанага ў 5-9 класах і падрыхтоўка вучняў да выпускнога экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання.

Задачы:

1) замацаваць і паглыбіць веды, развіць аналітыка-сінтэтычныя ўменні вучняў па раздзелах “Фанетыка і графіка”, “Лексіка і фразеалогія”, “Марфемная будова слова. Словаўтварэнне”, “Марфалогія”, “Сінтаксіс”, “Маўленне”;

2) скарэктаваць найбольш тыповыя для вучняў адхіленні ад лексіка-граматычных і вымаўленчых нормаў беларускай літаратурнай мовы;

3) удасканальваць арфаграфічную і пунктуацыйную пісьменнасць вучняў;

4) замацаваць і пашырыць веды вучняў пра тэкст, удасканальваць навыкі пабудовы тэкстаў;

5) садзейнічаць актыўнаму авалоданню функцыянальнымі стылямі маўлення з адначасовым пашырэннем ведаў вучняў аб стылях, іх прыкметах, правілах выкарыстання;

6) забяспечыць практычнае выкарыстанне лінгвістычных ведаў і ўменняў у маўленчай практыцы;

7) удасканальваць навыкі выканання тэставых заданняў;

8) садзейнічаць развіццю культуры маўлення і мыслення вучняў, паглыбленню іх лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі;

9) развіваць сродкамі мовы інтэлектуальную, эмацыйную, эстэтычную, маральную сферы навучэнцаў, іх высокую духоўнасць.

Змест курса пададзены ў наступных раздзелах: “Мова, Маўленне, Тэкст”, “Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія”, “Лексікалогія. Фразеалогія”, “Марфемная будова слова. Словаўтварэнне”, “Марфалогія і арфаграфія”, “Сінтаксіс і пунктуацыя”.

Праграма прадугледжвае сістэму практычных навучальных і кантрольных работ.

Акрэсленыя мэты і задачы вырашаюцца на аснове ўліку агульнадыдактычных прынцыпаў: навуковасці і даступнасці, пераемнасці і развіцця, сістэмнасці і паслядоўнасці, сувязі тэорыі з практыкай, актыўнасці і самастойнасці, індывідуалізацыі навучання, апоры на ўнутрыпрадметныя і міжпрадметныя сувязі, а таксама спецыфічных прынцыпаў навучання мове: уліку ўзаемадзеяння мовы і маўлення, функцыянальна-камунікатыўнай накіраванасці, актыўнай пазнавальнай дзейнасці, развіццёвага навучання, уліку фактару бікультурнага развіцця асобы і інш.

Рэалізацыя зместу праграмы патрабуе выкарыстання актыўных форм і метадаў навучання: паведамленні настаўніка і вучняў з прапановай скласці план або канспект, гутаркі, дыспуты, урокі-камунікацыі, каманднае абмеркаванне, круглыя сталы, самастойная праца; лінгвістычныя разборы, складанне падагульняльных зводных схем і табліц, якія забяспечваюць класіфікацыю матэрыялаў; састаўленне алгарытмаў прымянення правілаў; падагульняльная праца з самастойна падрыхтаванымі канспектамі тэорыі (падзяліць канспект на лагічныя часткі, падабраць загалоўкі, саставіць паказальнік у канцы сшытка і інш.); падрыхтоўка дакладаў, рэфератаў, аглядаў, анатацый, рэцэнзій, выступленні з паведамленнямі; напісанне сачыненняў на лінгвістычныя тэмы; выкананне тэставых работ і інш.

У час падрыхтоўкі да заняткаў настаўніку варта прадугледзець уключэнне новага тэарэтычнага матэрыялу, што дазволіць стымуляваць цікавасць да вучэбнай дзейнасці. Гэта могуць быць даведкі з гісторыі развіцця беларускай мовы, пазнаваўчыя задачы, прадуктыўныя практыкаванні з выкарыстаннем дадатковай літаратуры, слоўнікаў.

Поспех працы будзе залежыць ад мэтанакіраванага падбору дыдактычнага матэрыялу, мастацкіх, публіцыстычных, навукова-папулярных тэкстаў.

Перш чым арганізаваць працу над кожным раздзелам, варта вызначыць узровень падрыхтоўкі вучняў і прадугледзець дыферэнцыраваныя метады і прыёмы навучання. Размеркаванне гадзін па раздзелах прыкладнае. З улікам ступені падрыхтаванасці і інтарэсаў вучняў настаўнік мае права пераразмеркаваць колькасць гадзін на вывучэнне пэўных пытанняў, пашырыць ці скараціць тэарэтычны матэрыял, больш увагі аддаць практычным заняткам.

X клас

(35 гадзін)


Маўленне

(5 гадзін)

Паняцці “мова” і “маўленне”.

Культура вуснага і пісьмовага маўлення. Нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Тэкст, яго асноўныя прыметы. Спосабы і сродкі сувязі сказаў і частак у тэксце.

Тыпы маўлення, тыповыя кампазіцыйныя схемы.

Функцыянальныя стылі маўлення (сфера выкарыстання, мэта і задачы выказвання, асноўныя стылявыя рысы, характэрныя моўныя сродкі, асноўныя жанры).
Фанетыка і арфаэпія. Графіка і арфаграфія

(10 гадзін)

Фанетычныя асаблівасці і арфаэпічныя нормы беларускай мовы.

Склад. Складападзел. Націск.

Прынцыпы беларускага правапісу.

Напісанні, заснаваныя на фанетычным прынцыпе.

Напісанні, заснаваныя на марфалагічным прынцыпе.

Правапіс мяккага знака і апострафа.

Правапіс вялікай літары.

Праверачны дыктант.
Лексікалогія. Фразеалогія

(5 гадзін)

Дакладнасць ужывання слова.

Адназначныя і мнагазначныя словы. Прамое і пераноснае значэнні слова.

Сінонімы. Антонімы. Амонімы.

Лексічныя нормы.

Фразеалагізмы, іх ужыванне ў маўленні.

Пісьмовы пераказ тэксту.
Марфемная будова слова. Словаўтварэнне

(4 гадзіны)

Марфемы як структурна значымыя часткі слова.

Правапіс прыставак. Правапіс ы, і, й пасля прыставак.

Спосабы ўтварэння слоў. Складаныя і складанаскарочаныя словы, іх утварэнне і правапіс.

Словаўтваральныя нормы.



Тэставая работа.
МАРФАЛОГІЯ І АРФАГРАФІЯ

(9 гадзін)

Часціны мовы як лексіка-граматычныя разрады слоў. Самастойныя і службовыя часціны мовы. Пераход слоў адных часцін мовы ў іншыя.

Назоўнік. Лексіка-граматычныя разрады назоўнікаў. Род назоўнікаў. Лік назоўнікаў. Асновы назоўнікаў. Правапіс канчаткаў і суфіксаў назоўнікаў. Правапіс складаных назоўнікаў.

Прыметнік. Лексіка-граматычныя разрады прыметнікаў. Правапіс канчаткаў і суфіксаў прыметнікаў. Правапіс складаных прыметнікаў.

Лічэбнік. Групы лічэбнікаў паводле будовы, значэння і граматычных прымет. Скланенне і правапіс лічэбнікаў.

Займеннік. Разрады займеннікаў і іх ужыванне. Асаблівасці скланення і правапісу займеннікаў.

Дзеяслоў. Інфінітыў. Правапіс асабовых канчаткаў і суфіксаў дзеясловаў. Утварэнне, правапіс і ўжыванне асобых формаў дзеяслова (дзеепрыметніка і дзеепрыслоўя).

Прыслоўе. Правапіс прыслоўяў і спалучэнняў, блізкіх да іх.

Часціца. Ужыванне і правапіс часціц не (ня), ні з рознымі часцінамі мовы.

Марфалагічныя нормы.



Праверачны дыктант.
ПАДАГУЛЬНЕННЕ

(2 гадзіны)

Напісанне выніковага тэста і яго аналіз.
XI клас

(35 гадзін)


Паўтарэнне вывучанага ў X класе

(4 гадзіны)

Напісанне тэста і яго аналіз.
СІНТАКСІС І ПУНКТУАЦЫЯ

СЛОВАЗЛУЧЭННЕ

(4 гадзіны)

Словазлучэнне. Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні і сродкі яе выражэння.

Некаторыя асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове.


ПРОСТЫ СКАЗ

(12 гадзін)

Сказ як сінтаксічная адзінка. Тыпы сказаў паводле мэты выказвання, інтанацыі і будовы.

Галоўныя і даданыя члены сказа.

Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам.

Аднародныя члены сказа, знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі.

Адасобленыя члены сказа, знакі прыпынку ў сказах з адасобленымі членамі.

Зваротак. Знакі прыпынку пры зваротках.

Пабочныя і ўстаўныя канструкцыі, знакі прыпынку ў сказах з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі.

Тэставая работа.
СКЛАДАНЫ СКАЗ

(11 гадзін)


Складаназлучаныя сказы, знакі прыпынку ў іх.

Складаназалежныя сказы, знакі прыпынку ў іх.

Бяззлучнікавыя складаныя сказы, знакі прыпынку ў іх.

Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак, знакі прыпынку ў іх.

Спосабы перадачы чужога маўлення, знакі прыпынку.

Пісьмовы пераказ тэксту.

Падагульненне

(4 гадзіны)

Напісанне тэста па сінтаксісе і пунктуацыі, яго аналіз.

Выніковы тэст, яго аналіз.


Чаканыя вынікі:

У выніку вывучэння курса вучні павінны:

- ведаць асноўныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы;

- ведаць прыметы тэксту, умець афармляць тэкст з набору сказаў;

- ведаць тыпы маўлення, іх тыповыя кампазіцыйныя схемы;

- ведаць стылі маўлення, іх асноўныя прыметы;

- валодаць арфаэпічнымі нормамі сучаснай беларускай мовы;

- адрозніваць гукі і літары, устанаўліваць адпаведнаць паміж гукамі і літарамі;

- валодаць асноўнымі арфаграфічнымі нормамі беларускай мовы, заснаванымі на фанетычным і марфалагічным прынцыпах;

- адрозніваць мнагазначныя словы і словы-амонімы;

- ведаць сінонімы, антонімы, амонімы беларускай мовы;

- ведаць значэнні фразеалагізмаў, правільна выкарыстоўваць іх у маўленні, вызначаць сінтаксічную ролю;

- ведаць марфемную будову слова і асноўныя спосабы ўтварэння слоў у беларускай мове;

- ведаць часціны мовы, іх граматычныя формы, значэнні, катэгорыі;

- устанаўліваць віды сінтаксічнай сувязі ў словазлучэннях;

- вызначаць тыпы простых сказаў паводле мэты выказвання, інтанацыі і будовы;

- умець правільна ставіць знакі прыпынку ў простым сказе;

- ведаць сінтаксічныя прыметы складаных сказаў, правільна ставіць знакі прыпынку ў іх;



- ведаць спосабы перадачы чужога маўлення, правільна афармляць яго на пісьме.
Літаратура


  1. Бадзевіч, З.І. 50 асноўных правілаў беларускай пунктуацыі / З.І.Бадзевіч, І.М. Саматыя. – Мінск, 2000.

  2. Беларуская граматыка: у 2-х ч. / пад рэд. М.В. Бірылы, П.П. Шубы. Ч.1. – Мінск, 1985; Ч. 2. – Мінск, 1985, 1986.

  3. Беларуская мова: практычны дапаможнік для абітурыентаў. – Мінск, 1994.

  4. Беларуская мова: цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі / пад рэд. А.І. Падлужнага. – Мінск, 1987.

  5. Бурак, Л.І. Даведнік па пунктуацыі беларускай мовы / Л.І. Бурак. – Мінск, 1980.

  6. Валочка, Г.М. Беларуская мова: дапаможнік для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання: дапам. для агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / Г.М. Валочка, Я.М. Лаўрэль, С.А. Язерская. – Мінск: Новое знание, 2010.

  7. Валочка, Г.М. Беларуская мова: тэставыя работы: 8–11 класы: дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / Г.М. Валочка, В.У. Зелянко. – Мінск: Аверсэв, 2013, 2014.

  8. Жуковіч, М.В. Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры: дапаможнік для настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання / М.В. Жуковіч. – Мінск: Аверсэв, 2015.

  9. Іўчанкаў, В.І. Беларускі правапіс у апорных схемах: паводле новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»: дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / В.І. Іўчанкаў. – Мінск: Пачатковая школа, 2013.

  10. Кавалёва, М.Ц. Беларуская мова: дапаможнік для вучняў старшых класаў / М.Ц. Кавалёва. – Мінск, 1995.

  11. Кароткая граматыка беларускай мовы. У 2 ч. Ч. 1. Фаналогія. Марфаналогія. Марфалогія / навук. рэд. А.А. Лукашанец. – Мінск: Беларус. навука, 2007.

  12. Куліковіч, У.І. Беларускі правапіс: правілы, заданні, кантрольныя заданні / У.І. Куліковіч. – Мінск, 1998.

  13. Красней, В.П. Беларуская мова: поўны школьны курс: тэорыя: дапаможнік для вучняў старшых класаў агульнаадукацыйных устаноў / В.П.Красней, Я.М. Лаўрэль. – Мінск: Аверсэв, 2007.

  14. Малажай, Г.М. Беларуская мова: дапаможнік для школ, ліцэяў, гімназій / Г.М. Малажай. – Мінск, 1999.

  15. Малажай, Г.М. Беларуская мова: дапаможнік для падрыхтоўкі да абавязковага цэнтралізаванага тэсціравання / Г.М. Малажай. – Мінск: Аверсэв, 2004.

  16. Рамза, Т. Р. Сінтаксіс : тэарэтычны курс / Т. Р. Рамза. – Мінск : БДУ, 2006. – 214 с.

  17. Сіўковіч, В.М. Беларуская мова ў пытаннях, адказах і практыкаваннях / В.М. Сіўковіч. – Мінск: УніверсалПрэс, 2006.

  18. Сямешка, Л.І. Курс беларускай мовы / Л.І. Сямешка, І.Р. Шкраба, З.І.Бадзевіч. – Мінск, 1996.

  19. Шандроха, Н. Э. Экспрэсіўны сінтаксіс / Н. Э. Шандроха. – Гродна : ГрДУ, 2002.





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка