Навукова-метадычная установа “нацыянальны інстытут адукацыі” міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь



Дата канвертавання15.06.2016
Памер160.84 Kb.


НАВУКОВА-МЕТАДЫЧНАЯ УСТАНОВА

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ІНСТЫТУТ АДУКАЦЫІ”



МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

АСНОВЫ МАСТАЦКАГА ТКАЦТВА”


Праграма курса па выбары для 9 класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай (рускай) мовамі навучання

Мінск - 2006

Аўтар-складальнік: Віннікава Марыя Мікалаеўна, старшы навуковы супрацоўнік ІМЭФ ім. К.Крапівы НАН Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства

ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Ручное ўзорыстае ткацтва – самабытная мастацкая з’ява ў нацыянальнай культуры беларусаў. Гэта адзін з самых старажытных відаў мастацкага рамяства, які атрымаў надзвычай шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі нашай краіны. На працягу шматлікіх стагоддзяў набываўся і перадаваўся з пакалення ў пакаленне каштоўны вопыт па мастацкаму афармленню даматканых вырабаў, у тым ліку і розных частак адзення, развіваліся і ўдасканальваліся віды і тэхнікі ткацтва, адточвалася графіка арнаментальных матываў, складалія характэрныя кампазіцыйныя прыёмы. Перыяд найвышэйшага росквіту беларускага ўзорыстага ткацтва прыпадае на канец ХІХ – пачатак ХХ ст. Тканыя вырабы гэтага перыяду (абрадавыя ручнікі, традыцыйны касцюм) з’яўляюцца сапраўднай візітнай карткай беларусаў. Яны адлюстроўваюць эстэтычны густ народа, асаблівасці гістарычнага, эканамічнага і культурнага развіцця краіны, узаемаадносіны з культурай іншых этнасаў.

Знаёмства з багатай спадчынай беларусаў у галіне ручнога ўзорыстага ткацтва павінна спрыяць развіццю ў моладзі нацыянальнай самасвядомасці, пачуцця гонару за сваю бацькаўшчыну і яе таленавіты народ, імкненню зберагчы скарбы беларускага народнага мастацтва як яркую старонку нацыянальнай культуры. Практычнае авалоданне некаторымі традыцыйнымі прыёмамі мастацкага ткацтва дасць падставы для абуджэння творчых здольнасцей падлеткаў, развіцця іх фантазіі і мастацкага густу. Магчыма для некаторых вучняў ткацтва з’явіцца сапраўдным захапленнем на ўсё жыццё і дапаможа зрабіць прафесійны выбар, звязаны з вытворчасцю прамысловага або мастацкага тэкстылю.

Праграма навучання разлічана на 36 гадзін. Курс навучання складаецца з тэарэтычных і практычных заняткаў. Тэарэтычныя заняткі прадугледжваюць знаёмства з развіццём мастацкага ткацтва на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў сучасны момант, а таксама з выкарыстаннем дэкаратыўных тканых рэчаў у традыцыйным адзенні, у хатнім побыце, сямейнай абраднасці. Практычныя заняткі накіраваны на развіццё творчых здольнасцяў навучэнцаў праз знаёмства з асноўнымі тэхнікамі беларускага народнага ткацтва, авалоданне канкрэтнымі прыёмамі ўзорыстага ткання.

Увесь матэрыял практычнага курса падзелены на тэмы, якія даюцца ў пэўнай паслядоўнасці, адпаведна іх складанасці. Практычнае засваенне новых відаў ткацтва пачынаецца з кароткага тэарэтычнага агляду тэмы і знаёмства з аўтэнтычнымі і сучаснымі тканымі творамі. Для лепшага засваення навучэнцамі матэрыялу па кожнай тэме настаўнік павінен карыстацца нагляднымі дапаможнікамі – узорамі беларускіх народных і сучасных мастацкіх тканін, вырабленых у розных тэхніках ручнога ткацтва, схемамі, малюнкамі. Наведванне этнаграфічных музеяў і выставак мастацкага тэкстылю дапаможа пашырыць кругагляд вучняў, замацаваць атрыманыя веды.



Мэта курса: сфарміраваць ў вучняў цэласнае ўяўленне аб мастацкім ткацтве як самабытнай частцы нацыянальнай культуры і выпрацаваць адпаведныя дадзенаму віду дзейнасці кампетэнцыі.
Задачы курса:

– даць вучням уяўленне пра ручное ўзорыстае ткацтва як важную частку традыцыйнай культуры беларусаў, цесна звязаную з матэрыяльным і духоўным жыццём народа;

– пазнаёміць з рознымі відамі беларускага народнага ткацтва, іх мастацка-дэкаратыўнымі асаблівасцямі і галінамі выкарыстання;

– навучыць асноўным падрыхтоўчым працэсам ткацтва – снаванню асновы, навіванню яе на навой, запраўцы станка;

– навучыць самастойнай распрацоўцы эскізаў, запісу заправачных малюнкаў і розным прыёмам узорыстага ткацтва.
Патрабаванні да месца правядзення заняткаў

Заняткі па ўзорнаму ткацтву праводзяцца ў добра асветленым і праветраным памяшканні. Працоўныя месцы павінны быць асветляны зверху і злева. У памяшканні варта мець шафы ці кладоўкі для захоўвання матэрыялаў і інструментаў.



Тэхналагічнае абсталяванне

Для правядзення заняткаў патрабуецца наступнае абсталяванне і інструменты:

– ткацкія дошчачкі – тонкія квадратныя пласцінкі з адтулінамі па вуглах (адзін камплект складаецца з 20 – 24 –х дошчачак);

– насценная і настольныя сновальні (для снавання нітак асновы);

– настольныя ткацкія станкі – рамкі з прыстасаваннем для ўтварэння ткацкага зева;

– ручныя ткацкія станкі гарызантальнага тыпу з чатырма панажамі; да кожнага з іх трэба мець па два камплекты зеваўтваральных прыстасаванняў – рэмізак: першы камплект – з дзвюх рэмізак – выкарыстоўваецца для вырабу тканін з браным, выбарным, ажурным, пераборным арнаментам, таму рэмізкі павінны быць з ніцянымі галевамі – “ніты”; другі камплект – з чатырох рэмізак – можа мець металічныя галевы (выкарыстоўваецца для асваення прыёмаў узорыстага ткацтва на чатырох панажах);

– чаўнакі двух відаў: “лодачкі” з донцам (са шпулямі для кожнага чаўнака) і плоскія чаўнакі – “ігліцы”;

– дошчачкі-“бральніцы” – вузкія лінейкі з адным завостраным канцом (выкарыстоўваюцца пры вырабу тканін з браным, выбарным, ажурным, пераборным арнаментам);

– шырокія дошкі з адным завостраным канцом (выкарыстоўваюцца пры вырабу тканін з браным, выбарным, ажурным, пераборным арнаментам);

– тонкія стальныя або лазовыя пруткі, па даўжыні роўныя шырыні станка; шнуры з пяцелькамі, завязанымі праз кожныя 20 см (выкарыстоўваюцца для фіксавання ўзорнага зева пры вырабе тканін з браным, выбарным, ажурным, пераборным арнаментам);

– бёрды № № 50, 60, 75;

– “радкі” – прыстасаванні для раўнамернага размеркавання нітак асновы пры навіванні іх на навой ткацкага станка;

– “упругі” – прыстасаванні для падтрымання аднолькавай шырыні тканіны, якая вырабляецца на ткацкім станку;

– плоскія кручкі (выкарыстоўваюцца для запраўкі нітак асновы ў металічныя галевы рэмізак і бёрды);

– вязальныя кручкі розных нумароў (выкарыстоўваюцца пры мастацкім аздабленні краёў тканых вырабаў);

– нажніцы;

– іголкі з шырокімі вушкамі.

– сшыткі ў клетку, ручкі, алоўкі, фламастэры.


Матэрыялы

Баваўняныя ніткі № 10 белага, шэрага і чорнага колераў; шарсцяныя, паўшарсцяныя і акрылавыя ніткі розных нумароў і колераў, ніткі “мулінэ”, “ірыс”, “рамонак” і інш. чырвонага, чорнага і белага колераў.



ПРЫКЛАДНЫ ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН
Тэарэтычны курс


№п/п

Назвы тэм

Колькасць гадзін

1

Ручное ўзорыстае ткацтва – самабытны від беларускага народнага мастацтва. Традыцыйны асартымент узорыстых тканін.

1

2

Асноўныя тэхнікі беларускага народнага ўзорыстага ткацтва і іх мастацка-дэкаратыўныя асаблівасці.

1

3

Канструкцыя і прынцып работы ткацкага станка. Падрыхтоўка да ткання. Тэхніка бяспекі пры рабоце на ткацкім станку.

1

4

Развіццё традыцый беларускага народнага ткацтва ў сістэме мастацкіх промыслаў Беларусі, у прыватнасці ў Навукова-вытворчым рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца”.

1

5

Падагульняючыя заняткі

1

Практычны курс


№п/п

Назвы тэм

Колькасць гадзін

1

Найпрасцейшыя спосабы ўзорыстага ткацтва. Выраб пояса або закладкі на дошчачках.

3

2

Ткацтва на двух нітах. Практычнае авалоданне рознымі прыёмамі двухнітовага ткацтва.

2

3

Закладное ткацтва. Выраб дэкаратыўнага міні-пано.

4

4

Бранае ткацтва. Выраб сувеніра (сурвэткі, дарожкі).

4

5

Выбарнае ткацтва. Выраб закладкі.

2

6

Ажурнае ткацтва. Выраб дэкаратыўнай устаўкі для сукенкі.

3

7

Ткацтва на чатырох нітах. Выраб сувенірнага ручніка.

9

8

Пераборнае ткацтва. Выраб футляра для акуляраў, дэкаратыўнай устаўкі для торбачкі ці інш.

4



ЗМЕСТ

І чвэрць

Тэарэтычны курс, тэма 1, 2.

Мэтазгодна пачаць заняткі з наведвання этнаграфічнага музея, дзе вучні змогуць пазнаёміцца з вырабамі беларускага народнага ткацтва – традыцыйным касцюмам, ручнікамі, абрусамі, посцілкамі, а таксама з прыладамі для апрацоўкі льну, прадзення і ткацтва. Паколькі аднаго часу для наведвання музея недастаткова, можна аб’яднаць дзве першыя тэмы тэарэтычнага курса і правесці адначасова два ўрокі на базе музея. Тэарэтычны матэрыял, праілюстраваны аўтэнтычнымі рэчамі, якія знаходзяцца ў музейнай экспазіцыі, будзе больш зразумелым для вучняў і лепш запомніцца.



Практычны курс, тэма 1.

Практычныя заняткі трэба пачаць са знаёмства з прасцейшымі спосабамі ткацтва, а менавіта з ткацтва на дошчачках. На першым уроке па гэтай тэме настаўнік паказвае ўзоры вырабаў, вытканых на дошчачках (паясы, галаўныя павязкі, закладкі для кніг і інш.), дэманструе спосаб іх вырабу на падрыхтаваных для ткання дошчачках. Затым разам з вучнямі аналізуе прынцып запраўкі дошчачак для дадзенага вырабу і паказвае як робіцца графічная схема запраўкі. Далей вучні распрацоўваюць свой эскіз вырабу на невялікую колькасць дошчачак (6 – 10), робяць схему запраўкі да яго і рыхтуюць ніткі асновы. На другім уроку пад кіраўніцтвам настаўніка робіцца запраўка дошчачак і тчэцца выраб. На трэцім уроку работа працягваецца і завяршаецца.



Практычны курс, тэма 2.

Наступная тэма практычнага курса пачынаецца з тэарэтычнага занятка (тэарэтычны курс, тэма 3), на якім разглядаюцца: канструкцыя і прынцып работы ткацкага станка, працэсы падрыхтоўкі да ткання, тэхніка бяспекі пры рабоце на ткацкім станку. На двух наступных уроках вывучаюцца мастацкія магчымасці двухнітовага ткацтва (палоска, клетка, прыёмы двухчаўночнага ткацтва, змяненне структуры палатна, іншыя сродкі дэкарыравання двухнітовай тканіны). Практычнае засваенне прыёмаў двухнітовага ткацтва вядзецца на падрыхтаваных настаўнікам ткацкіх станках з дзвюма рэмізкамі (нітамі) і панажамі або на настольных ткацкіх станках з зеваўтваральнымі прыстасаваннямі. Пры гэтым на розныя станкі можна навіць розныя варыянты асновы: аднакаляровую, раўнамерную па шчыльнасці (для стварэння папярочнапаласатага, дробнаўзорыстага (двухчаўночнага) дэкору, і інш.); з рознакаляровымі прасноўкамі (для стварэння падоўжных палосак і клетак); з двухколеравай асновай, запраўленай для ўтварэння ўзора “костачкі”; з нераўнамернай запраўкай у бёрда (для атрымання дэкору за кошт змены структуры палатна).


ІІ чвэрць

Практычны курс, тэма 3.

Закладное ткацтва – адна з найбольш старажытных і тэхналагічна простых тэхнік ручнога ўзорыстага ткацтва. Яна не патрабуе складанага абсталявання. Тканіна з закладным арнаментам можа быць выраблена на ткацкай раме ці іншым нескладаным прыстасаванні для ткацтва. Але для большай хуткасці працэса вырабу і павелічэння дэкаратыўнасці твору, рэкамендуецца асвойваць яе на ткацкім станку з двумя рэмізкамі (нітамі). Пры гэтым закладны арнамент можна спалучаць з прыёмамі двухнітовага ткання і такім чынам замацоўваць навыкі, атрыманыя раней.

Спачатку настаўнік павінен пазнаёміць вучняў з мастацка-дэкаратыўнымі асаблівасцямі тканін з закладным арнаментам, прывесці прыклады ўжывання закладнога дэкору ў беларускіх народных тканінах (ручнікі Падняпроўя, Усходняга Палесся, Цэнтральнай Беларусі, наміткі-сярпанкі Столінскага р-на, розныя часткі жаночага адзення Гомельшчыны). Трэба звярнуць увагу на каларыт традыцыйных вырабаў і геаметрычны характар арнаментальных матываў закладнога ткацтва, магчымасць спалучэння яго з папярочна-паласатым і дробным шашачным узораччам.

На падставе вывучэння мастацка-тэхналагічных асаблівасцей закладнога ткацтва пад кіраўніцтвам настаўніка вучні ствараюць эскізы міні-пано і вырабляюць іх у матэрыяле.


Практычны курс, тэма 4.

Сярод традыцыйных тэхнік беларускага ўзорыстага ткацтва ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. найбольш распаўсюджанай была браная. Менавіта ёй аддавалася перавага пры аздабленні святочнага адзення – жаночых кашуль, фартухоў, намітак, а таксама ручнікоў-набожнікаў, абрусоў. Народныя майстрыхі віртуозна валодалі рознымі спосабамі бранага ткацтва і выкарыстоўвалі іх як для стварэння яркіх рэльефных бардзюраў, насычаных чырвоным колерам, з выразным геаметрычным арнаментам (бранае двухуточнае ткацтва), так і для вырабу вельмі тонкіх белых тканін з ажурападобным ці фактурным ячэйкавым дэкорам (бранае аднаўточнае ткацтва).

Для вырабу тканін з браным арнаментам выкарыстоўваліся: адмысловая дошчачка-бральніца, якой перабіралі ніткі асновы для ўтварэння ўзорнага зева, пруткі або матузы для яго фіксавання за нітамі і шырокая дошка, якой раскрывалі зафіксаваную ўзорную праборку. Браныя ўзоры звычайна ткалі ўдваіх – адна жанчына сядзела за краснамі, а памочнік (часта гэта былі дзеці) шырокай дошкай адкрываў патрэбны ўзорны зеў. Таму для практычных заняткаў па гэтай тэме варта падзяліць вучняў на пары, але ў працэсе работы яны павінны мяняцца месцамі.

Для практычнага авалодання тэхнікай бранага ткацтва пажадана выбраць двухуточны яго варыянт, паколькі ён найбольш наглядны і просты для разумення. На першым занятку мэтазгодна папрактыкавацца ў капіраванні на краснах нескладаных аўтэнтычных узораў, астатнія часы прысвяціць самастойнай творчай працы.


ІІІ чвэрць

Тэарэтычны курс, тэма 4.

Развіццё традыцый беларускага народнага ткацтва ў сістэме мастацкіх промыслаў Беларусі, у прыватнасці ў Навукова-вытворчым рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца”.

Для правядзення гэтага ўрока трэба мець добры наглядны матэрыял, на якім можна паказаць выкарыстанне традыцыйных прыёмаў ткацтва ў сучасным мастацкім тэкстылі. Пры магчымасці пажадана наведаць адпаведную выстаўку, зрабіць экскурсію ў “Скарбніцу” або запрасіць на ўрок майстра мастацкага ткацтва з яго творамі.

Практычны курс, тэма 5.

Выбарнае ткацтва мае непасрэдную сувязь з браным двухуточным. Яго можна лічыць разнавіднасцю бранага, паколькі спосаб вырабу і характар арнаменту гэтых відаў ткацтва шмат у чым падобныя. Іх адрозненне ў тым, што матывы выбарнага арнаменту ткуцца асобнымі ніткамі і таму могуць свабодна кампанавацца на полі тканіны.

У традыцыйным беларускім тэкстылі выбарныя ўзоры часцей за ўсё сустракаюцца на жаночых сарочках (Добрушскі, Буда-Кашалёўскі, Жлобінскі р-ны Гомельскай вобл.) у спалучэнні з бардзюрамі бранага ткання і адпавядаюць ім як сваім графічным вырашэннем, так і чырвона-белым каларытам. Выбарнае ткацтва Віцебшчыны вядома ў асноўным па стараверскіх ручніках, якім ўласціва паліхромнасць, а ў арнаменце разам з геаметрычнымі матывамі часта сустракаюцца стылізаваныя раслінныя і антрапаморфныя.

Для практычнага засваення прыёмаў выбарнага ткацтва можна скапіраваць у матэрыяле нескладаны матыў аўтэнтычнага выбарнага арнаменту, ці асобны матыў бранага арнаменту. Для большай дэкаратыўнасці твору магчыма спалучэнне бранага і выбарнага ткацтва.



Практычны курс, тэма 6.

Ажурныя льняныя тканіны – “рэдчыкі” – вырабляліся ў шмат якіх месцах Беларусі, але найбольшае распаўсюджанне яны атрымалі ў паўночна-ўсходніх раёнах Віцебшчыны. Тут сустракаюцца ажурныя тканіны з папарнай і групавой перавіўкай нітак асновы, а таксама з камбінаванымі варыянтамі ажурнага перапляцення. Беларускія ажурныя тканіны выкарыстоўваліся ў якасці фіранак, часам – ручнікоў і абрусоў. Аднак, магчымасці ажурнага ткацтва дазваляюць вырабляць тканіны і іншага прызначэння. На практычных занятках можна прапанаваць вучням выткаць невялікую ажурную сурвэтку або дэкаратыўную ўстаўку для сукенкі.

Ажурныя тканіны вырабляюцца з дапамогай дошчачкі-бральніцы, якой перавіваюцца ніткі асновы для ўтварэння ўзорнага зева. Бардзюры ажурнага дэкору можна спалучаць з паласатым і дробнашашачным (двухчаўночным) арнаментам.

Практычны курс, тэма 7.

Тэхніка чатырохрэмізнага (чатырохнітовага) ткацтва дазваляе вырабляць тканіны, разнастайныя па прызначэнню, характару дэкору і структуры перапляцення. На тэрыторыі Беларусі розныя віды чатырохнітовага ткацтва з даўніх часоў выкарыстоўваліся для вырабу адзення, ручнікоў, абрусоў, посцілак, а таксама для ткання розных іншых гаспадарчых рэчаў. Адпаведна прынцыпу перапляцення нітак асновы і ўтку чатырохнітовыя тканіны падзяляюцца на аднаўточныя і двухуточныя. Двухуточны спосаб чатырохнітовага ткацтва мае значна большыя дэкаратыўныя магчымасці, таму для вырабу сувенірнага ручніка мэтазгодна выбраць менавіта гэтую тэхніку. Аднак вучняў трэба пазнаёміць з рознымі варыянтамі чатырохнітовага ткацтва, ахарактарызаваць іх асаблівасці.

Наступны этап засваення дадзенай тэмы – запіс заправачнага малюнка. Для гэтага мэтазгодна на прыкладзе аўтэнтычнай тканіны або сучаснага тканага вырабу разгледзець характар перапляцення нітак асновы і ўтку, растлумачыць прынцып запраўкі станка і запісу заправачнага малюнка. Трэба браць тканіну з нескладаным, але выразным арнаментам, для атрымання якога станок запраўляецца ў два зводы.

Пасля выбару арнаменту і запісу заправачнага малюнка вучні пад кіраўніцтвам настаўніка запраўляюць станок (накідаюць ніткі асновы ў ніты і бёрда), падвязваюць аснову і пачынаюць ткаць. Пажадана спачатку выткаць невялікі ўзор тканіны. Пры гэтым правяраецца якасць запраўкі і ацэньваюцца мастацкія магчымасці тэхнікі ткацтва, на падставе чаго робіцца эскіз. Мэтазгодна пазнаёміць вучняў з рознымі варыянтамі народных ручнікоў, звярнуць увагу на асаблівасці іх кампазіцыйнага вырашэння. У працэсе ткацтва эскіз карэкціруецца, паколькі пры рабоце ў матэрыяле раскрываюцца новыя магчымасці ткацкай тэхнікі.

Дадзеная тэма даволі складаная і патрабуе шмат часу на тлумачэнні, карпатлівы працэс запраўкі станка і само ткацтва, таму праца над ёй не завяршаецца ў ІІІ чвэрці, а працягваецца ў IV чвэрці.
ІV чвэрць

Практычны курс, тэма 7.

У пачатку чвэрці працягваецца і завяршаецца праца па вырабу тканага сувеніра на чатырох нітах. Значная ўвага надаецца канчатковаму афармленню твора – падшыўцы, навязванню махроў і інш.



Практычны курс, тэма 8.

Пераборнае ткацтва мае шмат разнавіднасцей, многія з якіх вядомы на Беларусі: перабор “пад палатно”, перабор “пад паркі”, аднабаковы перабор з прыціскной асновай, двухбаковы перабор з прыціскной асновай, перабор з выбарам, пяцельны перабор. Найбольш познія з іх – аднабаковы і двухбаковы віды перабору з прыціскной асновай вызначаюцца высокай дэкаратыўнасцю, магчымасцю перадаваць складаныя формы арнаменту і разнастайныя кампазіцыйныя вырашэнні. Гэта дало магчымасць выкарыстоўваць іх для вырабу рознага асартыменту дэкаратыўных тканін – ручнікоў, абрусоў, дываноў, посцілак. Асаблівае развіццё і распаўсюджанне гэтых тэхнік ткацтва прыйшлося на сярэдзіну – другую палавіну ХХ ст.

Двухбаковы перабор з прыціскной асновай сваёй тэхнікай выканання падобны на бранае двухуточнае ткацтва. Узор, таксама як і ў браным ткацтве, перабіраецца дошчачкай-бральніцай, толькі не па ліку нітак асновы, а па ліку пучкоў нітак асновы, раздзеленых “страчавымі” ніткамі. Атрыманы зеў, як і ў браным ткацтве, фіксуецца паўнітамі (“ніткамі”) або доўгімі шнурамі (“матузамі”). Узорны ўток пракідваецца чаўнаком праз усю шырыню тканіны. У Беларусі такія тканіны ў асноўным былі двухколернымі (колер фонавага палатна і колер арнаменту). Пры жаданні колер фону і ўзора можна мяняць. Калі пракідваць уток чаўнаком, то яго колер будзе чаргавацца палосамі, але застанецца аднолькавым ў кожнай паласе, якая пройдзе праз усю шырыню тканіны.

Можна ткаць ніткамі рознага колеру асобныя матывы арнаментальнай кампазіцыі. Тады мы атрымаем іншы від перабору – аднабаковы перабор з выбарам, які па тэхніцы выканання будзе падобным на выбарнае ткацтва.

Існуе яшчэ адзін від аднабаковага перабору з прыціскной асновай, пры якім дошкай або спецыяльным нітом падымаюцца толькі “страчавыя” ніткі асновы. Пад іх уручную закладвалі ўзорны ўток, згодна малюнку. Пры гэтым матывы арнаменту маглі ткацца ніткамі рознага колеру, а кампазіцыйнае вырашэнне тканіны было больш вольным.

Усе пералічаныя віды перабору можна спалучаць з паласатым дэкорам. Для сваёй творчай працы вучні могуць выбраць любы з гэтых відаў. Знаёмства з творамі народных майстрых дапаможа выявіць асаблівасці арнаментальных матываў пераборнага ткацтва, зрабіць эскіз невялікага вырабу (футляра для акуляраў або мабільнага тэлефона, дэкаратыўнай устаўкі для торбачкі ці інш.) і вырабіць яго ў матэрыяле.



Падагульняючыя заняткі.

Прапануецца зрабіць выстаўку вучэбных і творчых работ і правесці іх абмеркаванне.


Чакаемыя вынікі
- устойлівы інтарэс вучняў да народнай творчасці, мастацкіх раместваў;

- развіцце эстэтычнага густу і культурнага кругагляду;

- развіцце творчых здольнасцяў і фантазіі;

- працоўная культура;

- ажыццяўленне асобнымі вучнямі прафісійнага выбара, звязанага з вытворчасцю прамысловага або мастацкага тэкстылю;

- прадстаўленне аб развіцці мастацкага ткацтва на тэрыторыі Беларусі, выкарыстанні дэкаратыўных тканых рэчаў у традыцыйным адзенні, у хатнім побыце, сямейнай абраднасці;

- сістэма ведаў аб асноўных тэхніках беларускага народнага ткацтва;

- валоданне канкрэтнымі прыёмамі ўзорыстага ткання.


Прапануемая літаратура


  1. Арнаменты Падняпроўя. – Мінск: Беларуская навука, 2004.

  2. Беларускія народныя тканіны ў зборы Дзяржаўнага мастацкага музея БССР: Каталог. – Мінск: Беларусь, 1979.

  3. Віннікава М. М. Ажурныя тканіны Віцебшчыны //Помнікі мастацкай культуры Беларусі. Новыя даследаванні: Зб. артыкул. – Мінск: Навука і тэхніка, 1989. – С. 89 –92.

  4. Віннікава М. М. Мастацка-тэхнічныя асаблівасці беларускіх браных тканін канца ХІХ – сярэдзіны ХХ ст. //Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук, 1989. – № 1. – С. 78 – 86.

  5. Кацар М. С. Беларускі арнамент. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1996.

  6. Королёва Н. С., Кожевникова Л. А. Современное узорное ткачество. – М.: Лёгкая индустрия, 1970.

  7. Курилович А. Н. Белорусское народное ткачество. – Минск: Наука и техника, 1981.

  8. Лабачэўская В. А. Повязь часоў – беларускі ручнік.– Мінск: Беларусь, 2002.

  9. Лысенко О. В., Комарова С. В. Ткань. Ритуал. Человек. – СПб., 1992.

  10. Основы художественного ремесла: Практическое пособие для руководителей школьных кружков; Под ред.В.А. Барадулина, О.В. Танкус. –М: Просвещение, 1978.

  11. Раманюк М. Ф. Беларускае народнае адзенне: Альбом. – Мінск: Беларусь, 1981.

  12. Сахута Я. М. Народнае мастацтва Беларусі. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1997.

  13. Сахута Я. М. Народныя мастацкія рамёствы Беларусі: Метад. дапам. – Мінск: Беларусь, 1996.

  14. Селивончик В. И., Винникова М. Н. Возрождение ремесла: Пособие по ручному узорному ткачеству. – Минск: Полымя, 1993.

  15. Ткацтва: Зб. матэрыялаў па беларускаму народнаму ткацтву. /Беларус. ін-т праблем культуры; Уклад. В.А. Лабачэўская. – Мінск: , 1999.

  16. Фадзеева В. Я. Беларускі ручнік. – Мінск: Полымя, 1994.

  17. Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. – Мінск: БелСЭ, 1989.


: wp-content -> uploads -> 2014 -> umodos -> fakult1
fakult1 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь Нацыянальны інстытут адукацыі
fakult1 -> С. М. Якуба сакрэты словазмянення І формаўтварэння вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для VI класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання Мінск 2010 Тлумачальная запіска
fakult1 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь “мастацтва выцінанкі”
fakult1 -> Г. М. Валочка В. У. Зелянко
fakult1 -> Г. М. Валочка, С. А. Язерская
fakult1 -> Гэты няпросты просты сказ вучэбная праграма
fakult1 -> Праграма факультатыўных заняткаў для 8 класа ўстаноў
fakult1 -> Т. У. Логінава Т. І. Мароз
fakult1 -> Нацыянальны інстытут адукацыі
fakult1 -> Грані слова праграма факультатыўных заняткаў для V класа




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка