Называць усё сваімі імёнамі пра алеся адамовіча



Дата канвертавання17.06.2016
Памер114.21 Kb.
Міхась ТЫЧЫНА

НАЗЫВАЦЬ УСЁ СВАІМІ ІМЁНАМІ


ПРА АЛЕСЯ АДАМОВІЧА
Аднойчы, яшчэ ў часы Каіна, стаўшы на "сцяжыну вайны", чалавек асуджаны зноў і зноў паўтараць свой сумны вопыт і спрабаваць вырашаць свае праблемы з дапамогай сілы. Алесь Адамовіч, празаік, крытык, вучоны, кінадраматург, публіцыст, грамадскі дзеяч, які ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як аўтар твораў пра вайну, заўсёды памятаў пра гэта. Аднак няўжо зло непазбежнае і вечнае? Розум і сумленне пісьменніка-гуманіста не маглі пагадзіцца з наканаванай асуджанасцю роду чалавечага. На самым ускрайку прорвы, у якую па інерцыі гісторыі спаўзаў свет, ён шукаў словы, здольныя абудзіць людзей да актыўнага дзеяння, да ўпартага супраціўлення лёсу.
ПАД РОДНЫМІ СТРЭХАМІ

На пачатку 1960-х гг., калі Алесь Адамовіч быў ужо знаным аўтарам раманаў "Вайна пад стрэхамі" (1955 - 1959) і "Сыны ідуць у бой" (1950, 1960 — 1963), у беларускім друку з'явіўся сяброўскі шарж. Пад фатаграфіяй пісьменніка, на якой ён іранічна пазіраў некуды ўбок, значылася:



Дарэмна вярнуўся

Пад гэтыя стрэхі:

Маскоўскіх дыскусій

Не чутка тут рэха.

Алесь Адамовіч, тады малады доктар філалогіі, які кінуў надзейнае хлебнае месца ў акадэмічным НДІ і стаў слухачом Вышэйшых сцэнарных курсаў у Маскве, завітаў у Мінск на нейкі чарговы пісьменніцкі з'езд ці пленум. Яго, па натуры байца, заўсёды цягнула ў эпіцэнтр сацыяльных і літаратурных сутычак, дзе вырашаўся лес самой будучыні. А Мінск у тыя пасляадліжныя часы, вядома, успрымаўся як глухая правінцыя. Аднак пасёлак Глуша на Бабруйшчыне, дзе прайшло дзяцінства, ніколі не звязваўся ў яго ўяўленні з палескай глухаманню, хоць этымалогія назвы і заахвочвала да гэтага. Там жыла яго маці. Там ён стаў спачатку падпольшчыкам, а потым партизанам. Там былі магілы бацькі, бабулі.

Пад беларускімі стрэхамі дзесяцігоддзямі ішла маўклівая, але зацятая, да апошняй магчымасці, "малая вайна" з ворагам, які паўставаў то ў абліччы ўзброенага да зубоў акупанта, то ў скуры пярэваратня-калабаранта, то ў вобразе суседа-даносчыка ці сябра-стукача. Пра гэта Алесь Адамовіч і напісаў у аўтабіяграфічных, літаральна "з натуры", раманах. Ёсцьтам і пра захапленне падлетка паэзіяй Аляксандра Пушкіна: "...вершы, ой-ё-ёй, дзесьці на дне ў ім, як вада ў тым калодзежы". Ёсць і пра чытанне запоем "складаных" кніг накшталт эпапеі Льва Талстога "Вайна і мір", рамана Максіма Горкага "Жыццё Кліма Самгіна", артыкулаў Вісарыёна Бялінскага. Ёсць і пра раскулачванне (дзеда, Мітрафана Тычыну, разам з сям'ёй выслалі ўЯкуцію), і пра сталінскія рэпрэсіі (бацьку Адамовіча, на якога паступіў данос, выратаваў выпадак: яго дапытваў следчы, што аказаўся земляком-аднавяскоўцам).

У вайну ў пасёлку Глуша дзейнічала падполле, і маці будучага пісьменніка неяк натуральна і проста ўключылася ў народнае супраціўленне ворагу, пачаўшы з малога — з дапамогі бежанцам і палонным харчаваннем, медыкаментамі (яна была загадчыцай аптэкі). Як яна ні аберагала ад актыўнага ўдзелу ў агульным і смяротна небяспечным змаганні сваіх дзяцей, старшага сына Яўгена і малодшага Алеся, але само жыццё падчас акупацыі міжволі ўцягвала іх у вір супрацьстаяння. Спакойна сузіраць факты прыніжэння і гвалту ніводзін сумленны чалавек не мог, тым больш калі справа тычылася маладых і чыстых душою, летуценных юнакоў, якія атрымалі ў сям'і поўны "джэнтльменскі" набор маральных прынцыпаў заснаваных на вяскова-сялянскай, нацыянальна-беларускай этыцы. Абодва хутка сталі падполыдчыкамі, а з зімы 1943 г., калі Адамовічы вымушаны былі "пайсці ў лес",— партызанамі атрада імя Юрава. Алесь Адамовіч, пакідаючы родны пасёлак, замест пакладзенага маці ў торбу бохана хлеба ўзяў з сабою "сіненькі томік" Аляксандра Пушкіна, гэтак адразу вызначыўшы свае прыярытэты ў векавечным клопаце пра "хлеб надзённы" і "хлеб духоўны".


ЯК ГЭТА БЫЛО

У студэнцкія і аспіранцкія гады, пішучы і публікуючы крытычныя артыкулы пра сучасную беларускую літаратуру, Алесь Адамовіч крадком пісаў раман пра тое, што добра зведаў на ўласным вопыце: пра ўсенародную вайну з фашызмам, якою яна была на самай справе, а не такой, як у большасці тагачасных твораў «Вельмі хацелася расказацъ пра перажытае, бачанае ў час вайны, — успамінаў пісьменнік пазней. — І чым болъш чытаў аб вайне, тым больш верыў, што "маё" яшчэ не расказана... Вельмі ўдзячны лёсу, што не асмеліўся тады напісаць і паспрабавацъ надрукавацъ нешта закончанае. Сапсаваў бы, мабыцъ, матэрыял. Перачытваючы тыя запісы, бачу, што "зносіла" мяне моцнымі вятрамі таго часу: не-не ды і пачынаў пісаць не так, "як яно было", а так, "як павінна было быць".



Алесь Адамовіч з яго тэмпераментам змагара і апантанасцю новымі ідэямі, якія луналі ў паветры часоў "адлігі", з прагай працаваць з поўнай самааддачай, кінуўся ў літаратурную крытыку. Ён лічыў, што вельмі многае, калі не ўсё, вырашалася ў тэарэтычнай барацьбе з састарэлымі поглядамі на жыццё і творчасць. Малады вучоны і крытык расчышчаў шлях для іншых і ў тым ліку для самога сябе як мастака слова. «Я кінуўся ў крытыку, увесь, зусімі думкамі і эмоцыямі, пісаў А. Адамовіч.— І літаратурная крытыка, магу засведчыць, здольна стаць тваёй страсцю, але пакуль ты верыш, што гэта не "бура ў шклянцы вады", а сапраўды грамадская справа». Менавіта тады ён зразумеў, што чалавек, надзелены талентам, становіцца пісьменнікам, калі ўсведамляе сябе грамадзянінам.

"Жыццё, — сцвярджаў Алесь Адамовіч, — можа падарыць пісьменніку сапраўды яркую і значную знаходку толькіўтым выпадку, калі ён сам ідзе на-сустрач фактам, калі ён падыходзіць да жыцця з вялікай думкай". Раман-дылогія1 "Вайна пад стрэхамі" і "Сыны ідуць у бой" (публікавалася і пад агульнай назвай "Партызаны") багаты на факты з біяграфіі празаіка. Пераважная большасць яго герояў мае сваіх прататыпаў падзеі ўзяты з асабістых успамінаў раманіста, з вусных аповедаў яго родных і блізкіх, сяброў па зброі. У лёсе падлетка-падпольшчыка Толі Корзуна амаль дакладна паўтараецца жыццё самога Алеся Адамовіча. Вачыма гэтага наіўна-летуценнага кніжніка, улюбёнага ў жыццё, захопленага веліччу падзей, у якіх яму выпала ўдзельнічаць, чытач бачыць вайну, вылучае ў яе хадзе найбольш яскравыя моманты, каларытныя вобразы, шматзначныя падрабязнасці. Сваімі жанравымі асаблівасцямі раман нагадвае традыцыйную хроніку, аднак аўтарскі пачатак вельмі актыўна выяўляе сябе ў стылі і тэмпе мастацкага аповеду, які імкліва вядзе да новых і новых падзей, няспынна папаўняе панараму вайны новымі дэталямі, паказвае многае ў нечаканым ракурсе. Вялікае месца ў вобразнай сістэме твора займае "кінемата-графічнасць" светабачання: асобныя сцэны-"кадры" з дапамогай мантажу выбудоўваюцца ў напружаны сюжэт, які перадае сам ход і кірунак лірычна-філасофскага мыслення празаіка. Алесь Адамовіч не проста "ўспамінаў" і "запісваў", але ствараў уласны вобраз вайны. Менавіта "вайны пад стрэхамі", якую зусім не па прымусе, а па жыццёвай неабходнасці распачынаюць і вадуць да апошняга мірныя людзі — старыя, жанчыны, дзеці. Нешта запомнілася мацней, а нешта слабей, "але нішто на гэтай вайне не запомнілася больш рэзка, страшней і прыгажэй, чым твары на шых маці",— нездарма словы "ў вайны не жаночы твар" вынесены ў эпіграф да рамана "Вайна пад стрэхамі". «Выявілася, адзначаў пазней aўтар, — што я нават уласную маці па-сапраўднаму не ведаў. Любіў — і толькі. А як чалавека ўбачыў і зразумеў, каліпачалося страшнае жыццё. Калі мне што і ўдалося ў рамане "Вайна пад стрэхамі", дык гэта таму, што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём». Канцэпцыя ўсенароднай вайны як "вайны пад стрэхамі", калі змаганне набывала формы штодзённай барацьбы за выжыванне, за захаванне ўласнай годнасці, з лёгкай рукі Алеся Адамовіча набыла шырокую вядомасць і актыўна выкарыстоўвалася і разгортвалася ў прозе Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Івана Навуменкі, Івана Чыгрынава, Івана Пташнікава, Вячаслава Адамчыка, Віктара Казько і інш.
У ГЛЫБІНЮ НАРОДНАЙ ПАМЯЦІ

Да тэмы вайны Алесь Адамовіч звяртаўся ў творах — прозе і публіцыстыцы, кінасцэнарах і навуковых працах — з відавочным пастаянствам. Аднак пафасам яго творчасці стала не гераізацыя подзвігу народа, што назіралася ў першых раманах, а талстоўска-чорнаўская "думка народная" пра вайну як непрымальны шлях вырашэння актуальных праблем. Ён аб'яўляў, калі выкарыстоўваць назву драмы Якуба Коласа, "вайну вайне". Аб'яўляў вайну і тым палітыкам, якія яе прапагандавалі і апраўдвалі ("войны справядлівыя і несправядлівыя", "вызваленчыя і захопніцкія"). У 1968 г. па сцэнары Алеся Адамовіча быў зняты дакументальны фільм "Хатынь, 4 кіламетры" (рэжысёр Ігар Калоўскі), з якога пачаўся новы этап у мастацка-філасофскай распрацоўцы ваеннай праблематыкі. На змену "гераізацыі" прыйшла "трагедыйнасць" у паказе мінулага. Паводле ўласнага вызначэння пісьменніка, "вярнуўся смак да паўнаважкага слова, але не ранейшага, лішне кампанейскага, акружанага шумным, жывапісным і неабавязковым натоўпам сяброў-слоў, а да слова-ўчынку, слова-дзеяння".

Менавіта такой мовай пісалася аповесць "Апошні адпачынак" (1969), якая сведчыла пра напружаны творчы пошук празаіка. Ён звярнуўся да сучаснай тэмы і паспрабаваў злучыць у адно цэлае роздум над духоўнымі пошукамі асобы і над вырашэннем агульначалавечых калізій суровага XX ст. Лірычны герой твора ацэньвае духоўныя і фізічныя магчымасці сучасніка, вымяраючы іх успамінамі пра паводзіны чалавека на вайне. Маці героя неверагодным высілкам разгінае чыгунныя пруты агароджы, каб даць магчымасць малому сыну ўцячы, і немец-карнік, уражаны ўбачаным, даруе хлопчыку волю: "Колькі разоў яна (мы не ведаем, колькі разоў) — гэтая звышсіла любові чалавечай — перамагала пагрозу, якая на-вісла над намі, людзьмі!".

Узлёты чалавечага духу цікавілі не толькі Адамовіча-мастака, але і Адамовіча—даследчыка роднай літаратуры. Ён раптоўна адкрыў для сябе менавіта з гэтага боку К.Чорнага, пра якога ўжо не раз пісаў раней ("Маштабнасць прозы", 1972). Паставіўшы творчасць найлепшых беларускіх празаікаў Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Віктара Казько ў шырокі кантэкст сусветнай літаратуры, Алесь Адамовіч пераканальна прадэманстраваў вялікія мастацкія і філасофскія магчымасці нацыянальнай літаратуры і прыйшоў да лагічнага пытання аб перспектывах эстэтычнага руху: "А што там, далей?", "Ці адэкватная рэакцыя?", "Як быць геніяльным?", "Калі не мы, дык хто ж?".Так называліся публіцыстычна-эўрыстычныя артыкулы пісьменніка, які шукаў адказ на адвечнае пытанне — што рабіць? I адказ яго быў, на першы погляд, парадаксальны: "Ну дык рабіце звышлі-таратуру!" Гэта выклікала ў многіх літаратараў неразуменне і рэзкае непрыманне. Найбольш глыбокія даследчыкі, уважлівыя да зместу, а не формы выказвання, такія, як бліскучы расейскі крытык Ігар Дзядкоў, паспрабавалі належным чынам ацаніць Адамовічаву думку: "Звыш літаратура, да якой заклікаў Адамовіч, мабыць, утопія, але гэтым пісьменнікам добра зразумета, што без новага мыслення і новай пачуццёвасці чалавек, магчыма, і вытрывае, але не пераможа. Магчыма, звышлітаратура — гэта браць ношу як мага цяжэйшую?..".



"Хатынская аповесць" (1970) стваралася як своеасаблівы адказ Алеся Адамовіча на сумненні асобных тэарэтыкаў сучаснай літаратуры, якія сцвярджалі, што "мастацкая літаратура немагчыма пасля Асвенцімаў" (вядомае выказванне філосафаТодара Адорна). Беларускі празаік, здаецца, свядома ўступаў у адкрытае спаборніцтва з гістарычнымі дакументамі і ўспамінамі відавочцаў і ахвяраў страшных ваенных злачынстваў на тэрыторыі Беларусі, дэманстраваў здольнасць літаратурнага слова перадаваць эмацыйны напал падзеяў часу вайны, невыносны боль беларускіх жанчын і дзяцей, якія перажылі сваю пагібель і намагаюцца адшукаць словы, адэкватныя перажытаму імі. Аповесць (у старажытным разуменні гэтага жанру) складаецца з некалькіх канцэнтрычных крутоў, якія паступова, сказ за сказам, абзац за абзацам, набліжаюць чытача да ўспрымання пякучага болю людзей з "вогненных вёсак", узводзяць да глыбокага філасофскага разумення беларускай гісторыі XX ст.

Аўтар імкнуўся ўлічыць спецыфіку чалавечай псіхікі, якая адмаўляецца ўспрымаць жахлівае і агіднае, і ў той жа час сказаць праўду пра вайну "ў яе сапраўдным, крывава-пачварным абліччы" (словы Льва Талстога). Твор адрасаваўся не толькі беларусам, якія добра помнілі, што такое вайна, але і ўсяму цывілізаванаму свету, які не зведаў у поўнай меры жаху этнацыду і генацыду, а таму не адразу ацаніў нялюдскасць рэжыму ў Камбоджы, маштабы ваенных злачынстваў амерыканцаў у В'етнаме. Мастацкі аповед у "Хатынскай аповесці" раз-пораз перапыняецца ўстаўкамі з дакументальных запісаў, зробленых Алесем Адамовічам і яго сябрамі па пяры, па змаганні ў гады вайны Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам. Чытач можа легка пераканацца ў тым, што вобразнае слова годна вытрымлівае канкурэнцыю з гістарычным дакументам, а мастацкая літаратура і ў новых акалічнасцях не страціла сваёй пераканальнасці.

Аднак сам аўтар прызнаваўся, што, нягледзячы на поспех твора ў чытача, беларускага, саюзнага і сусветнага, жыў з адчуваннем "літаратурнага паражэння": "Выявіў, узняў, паказаў адну толькі крупінку праўды, кроплю таго, што пабачыў, спазнаў, а бяздонны акіян народнай, вогненнай, хатынскай памяці застаўся, там жа, нячутны, нябачаны свету". Менавіта тады прыйшла ідэя стварыць дакументальную кнігу, у якой была б вычарпана хоць часцінка народнай памяці, бо "ўсё пра вайну ведае толькі народ" (словы класіка савецкай літаратуры Канстанціна Сіманава). На працягу 1970 — 1973 гг. Алесь Адамовіч, Янка Брыль і Уладзімір Калеснік аб'ехалі, абкалясілі з магнітафонам і фотаапаратам усю Беларусь, пабывалі ў сотнях спаленых вёсак, апыталі і запісалі больш за трыста сведкаў масавай трагедыі шматлікіх "беларускіх хатыняў". Выдатнымі пісьменнікамі рухала думка пра тое , што няўмольны час вельмі хутка "вымывае" з народнай памяці страшныя веды пра вайну, якой яна была для беларусаў і якой яе не ведаў цывілізаваны свет. Проста паміралі апошнія сведкі, якія цудам выратаваліся ад, здавалася, непазбежнай пагібелі нібыта дзеля таго, каб расказачь праўду нашчадкам і ўсяму свету.

Перакладзеная на многія замежныя мовы, кніга з вогненнай вёскі..." (1975) стала літаратурным бестселерам. Паказальным быў пачатак артыкула расейскага крытыка Міхаіла Кузняцова: "Страшней за гэтую кнігу я нічога не ведаю...". Сустракаліся ў іншых водгуках і такія словы: "Гэта кніга не магла не з'явіцца...". Аднак яе аўтары, і асабліва настойліва Алесь Адамовіч, сведчылі, што яна сапраўды магла не з'явіцца, што і яны спачатку не былі перакананы ў неабходнасці менавіта такой калектыўнай кнігі-памяці. Кнігі "Я з вогненнай вёскі..." сваім узнікненнем нібы падвяла рысу пад цэлым этапам літаратурнай гісторыі, абудзіла ў грамадстве імкненне ведаць як мага больш пра мінулае, якім бы яно ні было жахлівым.


Заканчэнне будзе.
Крыніца:

Тычына, М. Называць усе сваімі іменамі : пра Алеся Адамовіча / Міхась Тычына // Роднае слова. — 2002. — № 9. — С. 11-14.

1Пра гэты і іншыя творы ("Хатынская аповесць", "Карнікі") у часопісе "Роднае слова" друкаваўся артыкул "Алесь Адамовіч: здалёк і зблізку" Міхася Тычыны. (1994. № 7-8). Пра экранізацыю прозы А. Адамовіча ("Ідзі і гля-дзі") змяшчаўся артыкул "Беларуская экранная культура: біяэнергетыка чалавека і народа" Вольгі Нячай (1998. № 6).— Заўвага рэд.



База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка