Нда у рэфармаваньні адукацыі: скрозь прызму чэскага досьведу. А. Карпіевіч



Дата канвертавання04.07.2016
Памер84.84 Kb.
НДА у рэфармаваньні адукацыі: скрозь прызму чэскага досьведу.

А. Карпіевіч
На сёньняшні момант сыстэма адукацыі ў Чэхіі знаходзіцца ў стане рэфармаваньня. Некаторыя асаблівасьці яе канцэптуальнай распрацоўкі і практычнага ажыцьцяўленьня былі зафіксаваныя намі ў працэсе стажыроўкі ў Чэскай Рэспубліцы, якая адбывалася ў два этапы: у кастрычніку 2003 і ў студзені 2004 гг. У працэсе знаёмства з сыстэмай адукацыі ўдалося паглядзець розныя яе ўзроўні: ад пачатковай школы да сыстэмы падвышэньня кваліфікацыі. Зьмест кожнае сустрэчы можа стварыць аснову асобнага артыкулу, напрыклад, пра сытуацыю, якая б распавяла аб пэдагагічнай адукацыі, праграмах разьвіцьця прафэсійнай кампэтэнцыі пэдагогаў. Аднак прадметам, які будзе разглядацца ў рамках дадзенага тэксту, стане роля недзяржаўных арганізацыяў у гэтай важнай дзяржаўнай справе.

Трэба зазначыць, што сама стажыроўка арыентавалася ня толькі на прадстаўнікоў НДА. У групе, якая ўдзельнічала ў гэтым праекце, прысутнічалі найперш спэцыялісты розных установаў акадэмічнай адукацыі. Гэты факт бачыцца вельмі важным. Пытаньні, каментары калегаў дазвалялі ня толькі па-іншаму ўбачыць чэскі досьвед, але й былі цікавымі ў кантэксьце аналізу адукацыйнае сытуацыі ў Беларусі. Якія ж асноўныя праблемы? У чым праяўляюцца дасьледчыя й прагматычныя інтарэсы пэдагагічнай супольнасьці. Якія чаканьні розных адукацыйных структураў у стасунках адно да аднога? Нягледзячы на тое, што гэтыя пытаньні не абмяркоўваліся яўна, тым ня менш, яны выяўляліся ў працэсе камунікацыі, прадметам якой зьяўляўся досьвед рэфармаваньня адукацыйнае сыстэмы ў Чэхіі.

Неабходна зафіксаваць, што ў працэсе наведваньня рознага роду адукацыйных арганізацыяў і ўстановаў (візыты, сустрэчы былі асноўнай формай нашае стажыроўкі) часта гучалі апэляцыі да пэўнага дакумэнту – Нацыянальнай праграме разьвіцьця адукацыі ў Чэскай рэспубліцы, якую часьцей за ўсё называюць “Белай кнігай”. Гэты праграмны дакумэнт ведаюць, яго цытуюць, на яго спасылаюцца ня толькі чыноўнікі Міністэрства адукацыі, але й дырэктары школаў, сябры недзяржаўных адукацыйных ініцыятываў, прадстаўнікі сыстэмы падвышэньня кваліфікацыі. Цяжка знайсьці аналяг такога нефармальнага, пазытыўнага стаўленьня практыкаў адукацыі да канцэптуальных і адміністратыўных распрацовак у нашай краіне. Стварылася ўражаньне, што “Белая кніга” сталася своечасовай, якая адказвае ня толькі дзяржаўнай замове, але й замове грамадства, “выпакутаванай” ня толькі групай распрацоўшчыкаў-канцэптуалаў, але й шырокай пэдагагічнай супольнасьцю.

Новыя задачы, якія ставіць “Белая кніга”, патрабуюць вызначэньня адпаведных прынцыпаў арганізацыі адукацыйнага працэсу. На сёньняшні дзень актыўна аргумэнтуецца й распрацоўваецца кампэтэнтнастны падыход да вызначэньня мэтаў, зьместу, тэхналёгіяў адукацыі на ўсіх этапах. Адукацыя разумеецца не як набыцьцё ведаў, але як разьвіцьцё інтэлектуальных здольнасьцяў, асваеньне сацыяльных уменьняў, духоўных, маральных, эстэтычных каштоўнасьцяў. Зьмяненьне падыходаў, задачаў дыктуе патрэба ў падрыхтоўцы спэцыялістаў пэўнай кваліфікацыі. Складаецца новы вобраз пэдагога-прафэсіянала.

Як паказаў досьвед дзьвюх стажыровак, НДА у Чэхіі, рэалізуючы ўласныя праграмы працы з настаўнікамі, робяць істотны ўнёсак у справу рэфармаваньня адукацыі. Іхныя намаганьні шмат у чым узгадняюцца зь дзеяньнямі афіцыйных структураў, якія рэалізуюць задачы дзяржаўнае адукацыйнае палітыкі. Належыць пазначыць, што менавіта ўзгадняюцца, а не падпарадкоўваюцца, вызначаюцца, абмяжоўваюцца і кантралююцца апошнімі.

Наведваньне такіх адукацыйных ініцыятываў як “Новая школа”, AISIS, праект “Варыянты” паказала, што асобныя праграмы, якія рэалізуюцца ў Чэхіі й у Беларусі, па задуме шмат у чым пераклікаюцца. І ў той і ў другой краіне праз недзяржаўны сэктар у школу пранікаюць актыўныя мэтады навучаньня. Сэмінары, праграмы, скіраваныя на культываваньне пазытыўнай атмасфэры ў школе, на дэмакратызацыю нормаў узаемадзеяньня, на разьвіцьцё міжкультурнага ўзаемаразуменьня, крытычнага мысьленьня і г.д.

На першы погляд можа здасца, што задачы шмат у чым падобныя, спосабы рэалізацыі ідэнтычныя і нават зваротная сувязь ад настаўнікаў-практыкаў, якія пазначаюць, што прапановы недзяржаўнага сэктару ў Чэхіі на дадзеным этапе больш адпавядаюць запросам пэдагогаў, чым прапановы дзяржаўных цэнтраў падвышэньня кваліфікацыі настаўнікаў, шмат у чым пазнаюцца. Тым ня менш, для нас прынцыпова зафіксаваць ня толькі агульныя моманты і ўпэўніцца ў тым, што “трымаем плянку”, “працуем на роўні”, але й знайсьці прынцыповыя адрозьненьні, а таксама ўбачыць магчымыя пэрспэктывы асабістага росту.

У прыватнасьці, вялікую цікавасьць прадстаўляе практыка экпэртызы і ліцэнзаваньня адукацыйных праграм, якая даволі пасьпяхова рэалізуецца НДА. На сёняшні дзень падобны досьвед мае вялікую актуальнасьць для Беларусі, дзе шмат у чым праблема ўсталяваньня нормаў і правілаў супрацоўніцтва недзяржаўных арганізацый і дзяржаўных установаў ёсьць перашкодай. Нормы, якія прапануюцца, не могуць задаволіць грамадскасьць, бо яны значна абмяжоўваюць доступ НДА ў школы і робяць цяжкім рэалізацыю праектаў.

У Чэхіі адукацыйныя НДА – паўнавартасныя і актыўныя суб’екты адукацыйнае палітыкі. Часьцей за ўсё яны самі выступаюць з ініцыятывай і гэтая ініцыятыва, як правіла, падтрымліваецца. Ствараецца ўражаньне, што практыка ліцэнзаваньня прымяняецца ня з мэтай абмежаваньня магчымасьцяў дзейнасьці арганізацый і татальнага кантролю, а хутчэй дзеля ўмацаваньня іхнага статусу.

Перш за ўсё варта заўважыць, што аб’ектам ліцэнзаваньня выступаюць ня самі арганізацыі, а канкрэтныя праграмы (сэмінары, курсы). Прычым толькі тыя, якія адрасуюцца настаўнікам, і ўдзел у якіх можа быць залічаны пэдагогам у якасьці афіцыйнага падвышэньня кваліфікацыі. Праграмы для школьнікаў ліцэнзаваньню ўвогуле не падлягаюць. Права прымаць рашэньні пра магчымыя акцыі НДА ў чэскіх школах маюць непасрэдна самі дырэктары школаў. І, трэба зазначыць, актыўна, з карысьцю для навучальна-выхаваўчага працэсу гэтым правам карыстаюцца.

Араганізуючы працу з пэдагогамі, рэгіянальныя цэнтры падвышэньня кваліфікацыі таксама ўдзельнічаюць у аналягічнай працэдуры ліцэнзаваньня й атрымліваюць дазволы зь Міністэрства. Тое, што па статусу дадзеныя ўстановы зьяўляюцца дзяржаўнымі, яшчэ не забясьпечвае ім неабмежаваныя правы і прывелеі.

Такім чынам, на полі падвышэньня кваліфікацыі пэдагагічных кадраў, дзе “удзельнічаць у гульні” дазволена як дзяржаўным, так і недзяржаўным арганізацыям, прысутнічае і здаровая канкурэнцыя (настаўнікі, якія маюць пратэкцыю дырэктара, самі могуць выбіраць любыя курсы і праграмы), і ўзаемакарыснае супрацоўніцтва. Напрыклад, рэалізуючы праекты, недзяржаўныя арганізацыі прапануюць свае распрацоўкі, матэрыялы, паслугі лектараў альбо мадэратараў, а рэгіянальныя цэнтры займаюцца адміністратыўнымі справамі, напрыклад, наборам удзельнікаў, забесьпячэньнем памяшканьняў. Гнуткі навучальны плян апошніх, абмежаваная колькасьць штатных супрацоўнікаў, якія выконваюць у асноўным пошук выкладнікаў і набор слухачоў, дазваляе рэальна і эфэктыўна ўзаемадзейнічаць у дадзеным кірунку.

Належыць пазначыць, што спроба аналізу дзейнасьці адукацыйных НДА праз прызму чэскага досьведу, дазволіла зафіксаваць і шэраг іншых праблемных момантаў. Іх можна аднесьці ня толькі да рамкавых, як напрыклад, праблема ўсталяваньня эфэктыўных нормаў узаемадзеяньня дзяржаўных арганізацыяў зь недзяржаўным сэктарам, але тых, што знаходзяцца ў галіне ўнутраных стандартаў якасьці адукацыйнае дзейнасьці.

Тут, перш за ўсё, трэба зазначыць маштаб плануемых зьменаў, які імкнуцца ўтрымаць пры распрацоўцы сваіх праектаў нашыя чэскія калегі, а таксама сыстэмнасьць практычных дзеяньняў, якія яны ажыцьцяўляюць.

У прыватнасьці, увагі заслугоўвае праект “Варыянты”, накіраваны на прасоўваньне міжкультурнае адукацыі ў школы. Дадзены праект ахоплівае пачатковую школу, сярэднюю, зьбіраецца стварыць падручнік, выпусціць CD мэтадычнага зьместу, а таксама мае на мэце і зьмяненьне вучэбнага пляну. Дзейнасьць па праекце накіраваная ня толькі на набыцьцё асобных кампэтэнцый, але й на інстытуцыянальныя зьмены ў вучэбным пляне.

У дадзеным і некаторых іншых прыкладах удалося заўважыць некаторае якаснае адрозьненьне дзейнасьці чэскіх НДА ад часьцей за ўсё лякальных высілкаў адукацыйных НДА ў Беларусі. Стварылася ўражаньне, што яны працуюць больш сыстэмна, прадуманна, рэалізуюць вялікія, доўгатэрміновыя праекты. А калі й працуюць з настаўнікамі, то запрашаюць не па два выпадковых чалавекі са школы, з адміністрацыяй якой усталяваныя асабістыя кантакты, а арыентуюцца на вялікія групы матываваных пэдагогаў, а таксама дырэктароў, інспэктараў і г.д. Ад дзьвюх апошніх катэгорыяў удзельнікаў як раз шмат у чым залежыць прасоўваньне зьменаў, якія мяркуюцца, ў рэальную практыку навучальна-выхаваўчага працэсу. Як правіла, канкрэтныя школы становяцца тымі пляцоўкамі, на якіх і разварочваецца актыўная дзейнасьць адукацыйных НДА. Высілкі, якія ажыцьцяўляюцца, становяцца тады больш датыкальнымі, а дасягненьне ці недасягненьне выніку – больш відавочным.

У працэсе стажыровак даволі нечакана высьветлілася, што асноўнай адзінкай адукацыйнае дзейнасьці зьяўляецца не 2-3-дзённы адукацыйны сэмінар, які стаў традыцыйным для нашае практыцы, а хутчэй курс. Такія курсы доўгатэрміновыя, разьбітыя на некалькі этапаў, якія маюць сваю сэнсоўную завершанасьць. Рэалізацыя курсаў, як правіла, расьцягнутая па часе правядзеньня, а таксама часта мае й арганізацыйна забясьпечаныя наступствы. З пункту гледзішча рамкавых умоваў курс ёсьць больш зручным для пэдагогаў-практыкаў, бо не патрабуе неабходнасьці пераносу сваіх заняткаў у школе, а часта мае на ўвазе занятасьць у паабедзенны альбо вечаровы час.

Вывучэньне дадзенага досьведу яшчэ больш узмацніла сумненьне, якое мелася, ў тым, што можна ўскладаць вялікія надзеі на аднаразовыя сэмінары і чакаць ад удзельнікаў сур’ёзных зьменаў у сваёй дзейнасьці. Мае сэнс зьвярнуць увагу і на разнастайныя віды падтрымліваючай актыўнасьці ў працы з настаўнікамі (сайт, клюб, кансультацый), а не толькі на выданьне мэтадычных дапаможнікаў, якія ужо трывала занялі сваё месца ў шматлікіх адукацыйных праектах, якія рэалізуюцца НДА ў Беларусі.

Знаёмства з досьведам чэскіх НДА і супастаўленьне з нашым досьведам абвастрыла адну актуальную праблему – агульную для нас і чэхаў. Гэта зьвязана з трансьляцыяй шэрагу ідэй, атрыманых у нашых заходніх калегаў. Шмат зь ідэяў маюць несумненную актуальнасьць і навізну для нас: разьвіцьцё міжкультурнай кампэтэнтнасьці, крытычнага мысьленьня, школьнага самакіраваньня, “навучаньня на роўных” і г.д. Іх рэалізацыя дзесьці з большым, а дзесьці зь меншым посьпехам робіць пэўны ўнёсак у справу калі не інтэграцыі, то набліжэньня да эўрапейскай супольнасьці. З аднаго боку нельга не прызнаць, што трансьляцыя не заўсёды адбываецца з улікам спэцыфікі мясцовай сытуацыі, яе сацыякультурных асаблівасьцяў. У гэтай сувязі актуальнай задачай ёсьць руплівы крытычны аналіз ідэяў (высьвятленьне падмурку, мэтаў, якія яны вырашалі на дадзены момант свайго нараджэньня), а толькі пасьля гэтага – “культурная адаптацыя” і карэктнае “высаджванне” на мясцовую глебу.

Зь іншага боку, задачай НДА зьяўляецца не толькі трансьляцыя, але і гэнэрацыя “вытворчасьць” уласных ідэяў, гнуткае рэагаваньне, у залежнасьці ад рэальных патрабаваньняў існуючай сытуацыі. У гэтай плоскасьці цікавасьць прадстаўляў досьвед НДА “Творчая школа” (г. Брно). Яе супрацоўнікі – практыкуючыя пэдагогі, якія імкнуцца пераасэнсаваць пэдагагічную канцэпцыю Я.А. Каменскага і ўпэўніць, што традыцыйная школа Чэхіі (ды і магчыма, ўсёй Эўропы), пабудаваная на класна-ўрочнай сыстэме, далёкая ад пэдагагічных прынцыпаў Каменскага. Дадзены досьвед цікавы не толькі тым, што апэлюе да нацыянальных традыцыяў, але й выяўляе цікавую зьмястоўную канкурэнцыю ідэяў, якія высілкамі чэскіх НДА актыўна пранікаюць у школу.

Што тычыцца гнуткага рэагаваньня на сытуацыю, якая складаецца, то вартай увагі становіцца ініцыятыва, зь якой на дадзены момант гатовыя выступіць НДА ў Чэхіі. Гэта канкрэтная мэтадычная дапамога школам для напісаньня імі ўласных праграмаў разьвіцьця.

Неабходна патлумачыць, што на аснове рамкавай праграмы (якая вызначае перш за ўсё агульныя мінімальныя патрабаваньні) школам неабходна распрацаваць уласныя дакумэнты, якія ўключаюць аналіз стану школы, абгрунтаваньне асабістых навучальных плянаў, распрацоўку крытэраў і паказчыкаў эфэктыўнасьці вучэбнай і пэдагагічнай дзейнасьці, па якім у далейшым школы будуць ацэньвацца інспэкцыямі.

На сёняшні дзень, па выніках працы пілётных школаў, актуалізавалася цяжкасьць у знаходжаньні мэханізмаў пасярэдніцтва паміж Інстытутам пэдагогікі (канцэптуальныя распрацоўкі, рамкавая праграма) і дзейнасьцю школаў па распрацоўцы ўласных праграмаў. Часьцей за ўсё пэдагагічныя калектывы самастойна такую задачу асіліць ня могуць. Магчыма, падтрымку, пасрэдніцтва ў камунікацыі, кансультаваньне, навучаньне праектаваньню могуць ажыцьцяўляць установы падвышэньня кваліфікацыі.

Аднак актыўна ў дадзенай сытуацыі пачынаюць праяўляць сябе і асобныя чэскія НДА, якія дэманструюць асабістую гатоўнасьць пачынаць апэратыўна працаваць са школамі па пераадоленьню канкрэтнай цяжкасьці, якая адкрылася ў працэсе рэфармаваньня.



Не валодаючы цалкам сытуацыяй, можна меркаваць, што дзеля вырашэньня дадзенай задачы Міністэрствам могуць быць выдзеленыя пэўныя сродкі. Аднак справа ня толькі ў іх.

Дадзены досьвед для нас важны ў ракурсе таго, што патэнцыйная гатоўнасьць узяць адказнасьць і пазыцыянаваць сябе ў якасьці суб’екта адукацыйнае палітыкі можа разглядацца, нароўні з барацьбой за элемэнтарнае выжываньне, прынцыповай кропкай росту беларускіх НДА, якія займаюцца адукацыйнай дзейнасьцю.
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка