Не кожны горад можа пахваліцца 600-гадовай пісанай гісторыяй. А менавіта столькі год з часу першай пісьмовай згадкі аб Докшыцах спаўняецца ў 2007 годзе



старонка1/11
Дата канвертавання15.05.2016
Памер1.78 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11
Ад аўтара
Не кожны горад можа пахваліцца 600-гадовай пісанай гісторыяй. А менавіта столькі год з часу першай пісьмовай згадкі аб Докшыцах спаўняецца ў 2007 годзе. Амаль стагоддзе таму аўтар кнігі "Нашы касцёлы" пісаў: "Хоць Докшыцы існуюць з вельмі даўніх часоў, аднак яны, дзякуючы нязручнаму месцазнаходжанню, не адыгрывалі вялікай ролі ў гісторыі дзеяў грамадства, як іншыя мястэчкі нашага краю, таму не бачылі тут тых тлумаў войск, як дзесьці, не бачылі тут праліцця крыві і падобных да таго рэчаў з мінуўшчыны." З ім можна пагадзіцца, аднак, нягледзячы на гэта, мінуўшчына Докшыц, як і любога горада, мястэчка ці нават вёскі, непаўторная і цікавая. Калі ў летам 2006 года я пачаў пісаць артыкул у незалежную газету "Вольнае Глыбокае" аб мінулым Докшыц, неяк мільганула думка: а пра Докшыцы яшчэ не напісана ніводнай кнігі. Тады і вырашыў: трэба што-небудзь напісаць.
За некалькі месяцаў стварыць якую-небудзь грунтоўную працу немагчыма. Але ж мінуўшчына Докшыц нядрэнна даследвалася ў розныя часы рознымі людзьмі. Ды толькі ніхто яшчэ не ўзяўся сабраць ўсё ў адным месцы. Я ж якраз і зрабіў гэта. Ёсць тут і мае асабістыя знаходкі, у тым ліку з архіва ў Маладзечне. У напісанні мне шмат дапамагаў краязнаўца Мікалай Чысцякоў, які шмат гадоў прысвяціў вывучэнню мінулага Докшыц. Ён - жывая энцыклапедыя падзеяў ў Докшыцах ХХ стагоддзя, бо на свае вочы бачыў часы Другой Рэчы Паспалітай, нямецкую акупацыю, савецкае панаванне, ён жа ў маладыя гады апытаў многіх сведкаў савецка-польскай і Першай Сусветнай войнаў. М. Чысцякоў прадаставіў мне шмат звестак, якія сабраў за жыццё.
У сваёй працы я пастараўся як мага больш поўна і дакладна распавесці пра ўсе падзеі з мінуўшчыны Докшыц. Канечне, даследванні на гэтым не спыняюцца. Шмат яшчэ "белых плям" у гісторыі нашага горада перастануць быць "белымі плямамі". Звяртаюся і да Вас, шаноўныя чытачы: калі хтосьці з Вас мае цікавыя факты, дакументы ці фотаздымкі аб Докшыцах, паведамляйце мне. Запрашаю завітаць на свой вэб-сайт http://dokshitsy.narod.ru/, прысвечаны мінуўшчыне Докшыцкага краю.

Кастусь Шыталь.
Асноўныя падзеі ў гісторыі Докшыц
13 студзеня 1407 года - У грамаце вялікага князя Вітаўта згадваюцца сяляне-даннікі doxyczane. Даннікі з Докшыц і навакольных сёлаў Харэцкай воласці перадаваліся віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду. Пазней на працягу двух стагоддзяў уладальнікі Докшыц змяняліся некалькі разоў.

1514 год - Упершыню ўзгадваецца праваслаўная царква, якую надзяліў землямі гетман К. Астрожскі. Яна стаяла пры сённяшняй вуліцы Горкага.

1560 год - Упершыню згадваецца “двор с челядью невольной” у Докшыцах, які належаў Ганне Кішка і размяшчаўся ў раёне сучанай вуліцы Горкага.

1608 год - Уладальнік Докшыц Станіслаў Кішка заснаваў на плошчы касцёл, падараваў яму фальварак Туркі з вёскамі Туркі і Альхоўка, пры гэтым абавязаў пробашча ўтрымліваць школу.

1621 год - Докшыцы атрымалі статус мястэчка.

1622 год - правабярэжная частка Докшыц падаравана С. Кішкам жамойцкаму біскупцтву. Левабярэжная частка, якая называлася Докшыцкай Слабадой, засталася ва ўласнасці Кішкаў.

1655 год - Докшыцы захоплены расійскімі войскамі. Акупанты спалілі касцёл, пасля чаго да 1745 года набажэнствы праводзіліся ў стадоле.

1708 год (1706?) - Докшыцы ізноў спалены і разрабаваны шведскімі войскамі.

Сярэдзіна 18 стагоддзя - Докшыцкая Слабада прададзена Кішкамі Юдыцкаму, які пазней перапрадаў яе Гутаровічам. У Докшыцкай Слабадзе існавалі ўніяцкая царква і рынкавая плошча, а на месцы сённяшняй сельгастэхнікі была сядзіба.

1753 год - Асвячэнне новага касцёла, адбудаванага па фундацыі Міхаіла Федаровіча.

1793 год - Далучэнне Докшыц да Расійскай імперыі. Маёнтак Докшыцы капітулы жамойцкай перадаецца генералу В. Мілашэвічу. Праз некалькі гадоў горад быў забраны ў казну.

1795 год - Стварэнне Докшыцкага павета і наданне Докшыцам статуса павятовага горада. Існаванне ў Докшыцах царквы, касцёла, аднаго мураванага будынка на плошчы, яўрэйскай і каталіцкай школ.

22 студзеня 1796 года - наданне Докшыцам герба у выглядзе двух збаноў на пагорках, з якіх выцякаюць ручаі, якія сімвалізуюць водападзел Бярэзіны і Віліі.

1797 год - скасаванне Докшыцкага павета. Докшыцкая Слабада трапляе ў склад Вілейскага, горад Докшыцы - Барысаўскага паветаў.

Ліпень - лістапад 1812 года - Акупацыя Докшыц французскімі войскамі. Докшыцы былі цэнтрам кантона. Акупанты рабавалі насельніцтва, спалілі значную частку горада, царкву ў Докшыцкай Слабадзе, сядзібу.

Пачатак 19 стагоддзя - Заснаванне суконнай фабрыкі (уласнасць Д. Шапіры), заснаванне паштовай станцыі.

1830-я гг - Далучэнне Докшыцкай Слабады да Докшыц.

1843 год – Канфіскацыя ўладамі фальварка Туркі і каталіцкай парафіяльнай школы. Закрыццё школы.

1861 год - стварэнне Докшыцкай воласці.

1863 год - Будаўніцтва новай каменнай царквы Кузьмы і Дзям’яна на месцы старажытнай, будаўніцтва драўлянай прыпісной царквы Яна Багаслова на могілках пры вуліцы Даўгінаўскай.

1863 год - Заснаванне народнага вучылішча ў Докшыцах.

1889 год - Забарона богаслужэнняў у царкве Яна Багаслова ў сувязі з аварыйным станам будынка.

12 кастрычніка 1897 года - Асвячэнне адноўленай могілкавай царквы Яна Багаслова.

1899 год - Разбурэнне Кузьма-Дзям’янскай царквы ў сувязі з планам будаўніцтва новага каменнага храма.

1900-1903 гг - Будаўніцтва каменнай Свята-Пакроўскай царквы.

1906 год - перанос царквы Яна Багаслова на месца раенйшай Кузьма-Дзям’янскай.

2-я палова 19 стагоддзя - заснаванне сядзібы ў Блоні, на месцы сённяшняй бальніцы. Сядзіба належала Славінскім, пасля Прушынскім.

1907 год - нелегальная канферэнцыя дзеячаў БСГ у Докшыцах, на якім прынята рашэнне аб спыненні легальнай дзейнасці партыі.

18 сакавіка 1921 года - Афіцыйнае ўваходжанне Докшыц у склад Другой Рэчы Паспалітай.

1925 год - Уваходжанне Докшыц у склад Дзісненскага павета Віленскай Зямлі.

1920-я - будаўніцтва млына з лесапілкай пры сённяшняй вуліцы Горкага, уласнасць суполкі “Шэйман, Ёльк і Франкфурт”.

1928 год - Правядзенне электрычнасці ў горад ад электрагенератара Прушынскага ў маёнтку Блонь.

17 верасня 1939 года - захоп Докшыц Чырвонай Арміяй. Рэпрэсіі супраць польскай адміністрацыі, паліцыі, салдатаў КОП, асаднікаў і г.д.

15 студзеня 1940 года - стварэнне Докшыцкага раёна.

2 ліпеня 1941 года - захоп Докшыц нямецкімі акупантамі.

Ліпень - верасень 1941 года - размяшчэнне ў царкве лагера для ваеннапалонных. Пазней ён быў перанесены на ўскраіну горада.

Верасень 1941 года - Стварэнне гета.

29 траўня 1942 года - “Ліквідацыя” гета, дзе загінулі 2653 яўрэі.

Люты 1943 года - Першыя абстрэлы Докшыц партызанамі. Напад і частковае разбурэнне фальварка Блонь.

4 траўня 1943 года - напад партызанаў брыгады імя ЦК КП(б)Б на Докшыцы.

17 жніўня 1943 года - Разгром нямецкага гарнізона ў Докшыцах 1-й Рускай Антыфашысцкай брыгадай (“радзівонаўцамі”). Рабаўніцтва і падпал горада партызанамі брыгады “Жалязняк”. Спалены касцёл і большасць буйных будынкаў горада.

18 жніўня 1943 года - Планавалася масавае вынішчэнне насельніцтва Докшыц нямецкімі акупантамі, аднак за гараджанаў заступіўся нямецкі афіцэр, якога днём раней уратавалі жыхары горада.

2 ліпеня 1944 года - Вызваленне ад акупантаў. У сувязі з разбурэннямі ў Докшыцах раённыя ўстановы былі размешчаны на станцыі Параф’янава.

1945 год - Будаўніцтва каталіцкай капліцы, якая ў хуткім часе была разбурана савецкімі ўладамі.

1946 год - Перанос райвыканкама і райкама КП(б)Б з Параф’янава ў Докшыцы. Установы размяшчаліся ў асноўным у драўляных будынках, перанесеных з навакольных фальваркаў.

1965 - 67 гг - Стварэнне возера на рацэ Бярэзіне, асфальтаванне цэнтральнай вуліцы, знішчэнне двух яўрэйскіх і старажытных хрысціянскіх могілак.

1960-я - 1980-я гг - Паступовае аднаўленне горада, масавае будаўніцтва жылля, будынкаў грамадскіх устаноў, прадпрыемстваў і арганізацый.

Канец 1980-х - пачатак 1990-х - Масавае будаўніцтва прыватнага жылля.

1991-95 гг - Будаўніцтва новага касцёла Святой Тройцы, заснаванне тут у хуткім часе кляштараў Меншых Братоў Капуцынаў і Сясцёр Адараторак Крыві Хрыста.

2004 - 2005 год - Стварэнне новай гарадской плошчы пры вуліцы Ленінскай.

12 студзеня 2006 года - Прыезд у Докшыцы А. Лукашэнкі, які запаліў тут паходню прыроднага газу.
І. Скрозь стагоддзі...

Пісаная гісторыя Докшыц налічвае 600 гадоў. А колькі яшчэ няпісанай? Колькі стагоддзяў ці нават тысячагоддзяў жывуць людзі у гэтых месцах па-над вытокамі Бярэзіны? Загадкі, якія, мабыць, ніколі ніхто не разгадае… У гэтым раздзеле расказваецца пра Докшыцы да 1793 года – часу захопу іх Расійскай імперыяй.
Адкуль пачыналіся Докшыцы?

Як даўно тут жылі людзі? Немагчыма даць дакладнага і адназначнага адказу на гэтае пытанне, але ў наваколлях Докшыц людзі сяліліся вельмі даўно. Па меркаванню навукоўцаў, тэрыторыю Паўночнай Беларусі чалавек пачаў засяляць у ІХ-V тысячагоддзях да н. э. На тэрыторыі Докшыцкага раёна даводзілася знаходзіць каменныя сякеры, што сведчыць аб існаванні тут паселішчаў каменнага веку. На беразе возера Медзазол за дваццаць кіламетраў на ўсход ад Докшыц восенню 2005 года археолаг А. Вайцяховіч знаходзіў шмат крамянёвых адшчэпаў - адыходаў апрацоўкі крэменю, што з’яўляецца доказам існавання на беразе гэтага возера мезалітычнай ці неалітычнай стаянкі. Самае старажытнае вывучанае гарадзішча на тэрыторыі раёна - каля в. Гарадзішча на Бягомльшчыне, датуецца ІІІ-ІІ ст. да н. э. і адносіцца да культуры штрыхаванай керамікі. Да гэтай жа культуры адносіцца і вядомая Шведская Гара каля Біруляў. Таксама вядомыя шэсць гарадзішчаў III-IV ст. н. э., якія адносяцца да днепра-дзвінскай культуры. Варта сказаць, што сапраўдная колькасць гарадзішчаў і курганных могільнікаў куды большая за тую, якая паказана ў афіцыйным спісе. Шмат хто з вас, напэўна, звяртаў увагу на тое, што пагорак пры вуліцы Полацкай (М. Горкага) у Докшыцах мае вельмі стромкія схілы і роўную пляцоўку. Гэта нагадвае гарадзішча – старажытнае ўмацаванае паселішча. Па словах настаўніка СШ № 1 Дзмітрыя Грабоўскага, падчас рыцця катлаванаў у “Царскім Сяле” была знойдзена кераміка 10 – 13 стагоддзяў. Усё гэта сведчыць пра дзве рэчы. Па-першае, Докшыцы існавалі задоўга да таго, як пачынаюць згадвацца ў пісьмовых крыніцах, па-другое - трэба праводзіць археалагічныя раскопкі, каб больш-менш дакладна вызначыць “узрост” Докшыц. Самы блізкі ад Докшыц курганны могільнік знаходзіцца ў лесе каля былога фальварка Турулька. У 1960-я гады ён быў разбураны пры будаўніцтве калгаснага двара калгаса “Зара камунізма” (Таргуны). Магчыма, існуюць пакуль што не выяўленыя археалагічныя помнікі і бліжэй да Докшыц, магчыма ж, яны даўно ўжо былі разбураны. У свой час, паводле кнігі “Памяць…”, каля Докшыц была знойдзена рымская манета пачатку 1 тысячагоддзя н.э.


Паходжанне назвы Докшыцы

Існуюць некалькі версій паходжання назвы “Докшыцы”. Па адной з найбольш верагодных, назва горада можа паходзіць ад слова doksne , якое азначае “лахмоцці”. Безумоўна, гэта не вельмі прыемная версія, але ёсць і іншыя меркаванні. Магчыма, што назва “Докшыцы” можа паходзіць ад слова "докша" якое утворана ад слова "докстить"="докрестить". Яшчэ існуе версія, што “Докша” - гэта неафіцыйная форма ўласнага імя Еўдакій. Нельга выключыць таксама версію паходжання назвы горада ад балцкага слова degesys, якое азначае “пажарышча” альбо ад прозвішча балцкага паходжання. На жаль, немагчыма канчаткова і адназначна вызначыць паходжанне назвы Докшыц.


Паданні аб паходжанні назвы “Докшыцы”

Нашыя продкі таксама не маглі зразумець, адкуль паходзіць назва “Докшыцы”, і таму склаліся некалькі паданняў, якія тлумачаць гэта. Іх лёгка можна абвергнуць пры дапамозе гістарычных фактаў, але дзеля цікавасці мы тут іх прывядзём.



Паводле аднаго з iх, расiйская iмператрыца Кацярына II у час падарожжа з Санкт-Пецярбурга ў Крым, на “новыя землi”, праязджала праз нашу мясцовасць. Дарога была не лепшай якасцi, iмператрыцу падкiдвала на калдобiнах, але раптам карэта паехала роўненька i плаўна. Яна выглянула ў вакно - ехалi праз паселiшча i маставая была заслана дошкамi. “Дошчачкi! Дошчачкi!” - быццам бы ўсклiкнула Кацярына ІІ, даўшы, па гэтай легендзе, назву паселiшчу. Існуе версія гэтага падання, што, наадварот, маставая была дрэнная, паміж дошкамі былі шчыліны, і Кацярына крычала “Дошчачкі!” ад таго, што карэту моцна трэсла на гэтых шчылінах. - Гэта прыгожае паданне, але вельмі далёкае ад рэальнасці, бо Докшыцы ўпершыню згадваюцца яшчэ ў 1407 годзе, калі нікому нават у самым страшным сне не снілася, што па нашых землях будуць ездзіць расійскія імператары.

Другая легенда таксама звязана з “дошчачкамi”. Па ёй для нейкага князя вельмi важна было пабудаваць “горад” ля вытокаў Беразiны. Ен сагнаў на гэтае месца мноства халопаў (фактычна рабоў), якiя мелi на шыi невялiкiя дошчачкi, дзе была ўказана цi мянушка халопа, цi тое, каму ён належаў. Справу зрабiлi хутка - паселiшча пабудавалi, дарогi замасцiлi. I князь, у знак удзячнасцi, вызвалiў будаўнiкоў ад залежнасцi, дараваў iм свабоду. Задаволеныя рабы пачалi зрываць з сябе ненавiсныя сiмвалы рабства i кiдаць iх на зямлю. Хутка ўсё месца, на якiм уладар iх сабраў, было лiтаральна ўсеяна “дошчачкамi”. Суседзi, якiя першымi наведалi гэтыя мясцiны, яшчэ доўга паўтаралi: “Дошчачкi, дошчачкi”. Затым гэта назва ператварылася ў “Докшыцы” i iснуе да цяперашняга часу.

Мае хаджэнне i легенда пра тое, што ў канцы XIV стагоддзя ў нашу мясцовасць былі пераселены вялiкiм князем Вiтаўтам татары, якія зваліся “дакшыты”. Яны былi гарбарамi, мелi асобае прывiлеяванае становiшча, бо шылi сёдлы для князя i яго прыблiжаных, а вырабы iх былi выключнай якасцi.

Ёсць легенда пра яўрэяў Дока i Шыца, што жылi на процiлеглых берагах Беразiны i пераклiквалiся памiж сабой: “Дока!…. Шыца!” - вось i назва. Або пагалоска пра сувязь назвы з прозвiшчам магната Станiслава Кiшкi, якi быў заснавальнiкам касцёла i школы ў Докшыцах. Маўляў, казалі людзі “Пойдзем да Кішкі, да Кішкі”, што з часам трансфармавалася ў “Докшыцы”. Але Докшыцы існавалі як мінімум за 200 гадоў да таго, як сталі належаць Кішку.
Дакшычане ў апісанні Я. Тышкевіча

У кнізе Яўстафія Тышкевіча “Opisanie powjatu Borysowskiego” (Wiłno, 1847) знаходзім cловы аб побыце і адзенні жыхароў Докшыц і наваколля.

Жыхары наваколля Докшыц зусім адрозніваюцца адзеннем.

У мужчын адзенне складаецца з шарсцяной світы да каленяў карычневага колеру, на ёй насоў белы палатняны, паверху падпаясаны рэмнем (дзягай), пад якім вісіць каліта. Нагавіцы (штаны) шэрыя або палатняныя. Лапці, абутак у выглядзе чаравік, плеценых з лыка часцей з ліпавага, пакрываюць нагу ад ступні да калена, абгорнутую палатном, як зімой, так і летам, каўнер у іх расшпілены, кашуля, зашпіленая бліскучай засцежкай, прыкрывае шыю.

Жанчыны носяць: на галаве накідкі, г. зн. абвязваюць галаву белым палатном, старанна звязаным і чыстым, капот шарсцяны карычневага колеру без дзягі. Андаран (спадніца шарсцяная каляровая) носяць жанчыны, што маюць ткую магчымасць, больш бедныя палатняную спадніцу і зверху фартух. На нагах часцей за ўсё чаравікі, часам лапці. Дзяўчаты ўсе ў белым, на галаве белыя хусткі, з-пад якіх звісаюць косы, пацеркі, шнуроўка каляровая і засцяжка бліскучая.

Жыхары палёў маюць з зямлі ўвесь свой прыбытак, займаюцца перавозкамі па сушы, накіроўваюцца далёка на заработкі ў Пецярбург, Маскву, Варшаву. Хаты звычайна чыстыя, добра ўтрымліваюцца, платы і агароджы захоўваюцца пастаянна. Для ўцяплення заўсёды маецца запас дроў, якія заўсёды акуратна складзеныя і расходуюцца па меры неабходнасці.

Сельскагаспадарчы інвентар і калёсы старанна захоўваюцца, бо набыццё драўніны каштуе ім грошай, якія могуць атрымаць толькі сваёй цяжкай працай. Зямля сама па сабе больш ураджайная, чым у лясных месцах, і пры меншых затратах працы дае большы ўраджай, затое кожны неўраджайны год для іх страшны, паколькі яны не маюць іншых крыніц даходаў у жыцці.”
З сівой мінуўшчыны…

Звестак пра тэрыторыю Докшыцкага раёна ў старажытнарускі час не захавалася. Хутчэй за ўсё, гэтыя землі, пакрытыя лясамі і балотамі, уваходзілі ў Менскае княства, а па рацэ Бярэзіне праходзіла мяжа з Полацкім і Лукомскім княствамі. Калі са складу Менскай зямлі часова вылучалася Лагожскае (Лагойскае) княства, то ў яго павінна была ўваходзіць і сучасная Докшыччына. Гэты край быў амаль цалкам пакрыты коўдрай векавечных лясоў, сярод якіх невялікімі выспамі ляжалі сёлы з пашамі і выганамі. Пра лад жыцця ў гэты час можна меркаваць толькі ў самых агульных рысах. Асноўная частка сельскага насельніцтва з'яўлялася дзяржаўнымі падданымі. Першапачаткова князь сам аб'язджаў цэнтры падуладных тэрыторый (пагосты), куды звозілася даніна і дзе адбываўся княжы суд, пазней гэтым сталі займацца цівуны. Прыкладна з XI - ХІІ стст. узнікаюць феадальныя двары, дзе працавалі залежныя сяляне. Аднак на тэрыторыі Докшыцкага раёна не знойдзена археалагічных помнікаў, якія былі б рэшткамі такіх двароў. Магчыма, іх тут і не было, а насельніцтва края ў XI - XIII стст. цалкам складалася з дзяржаўных сялян, абавязкам якіх была выплата даніны.


Старажытнарускія воласці падзяляліся на тэрыторыі асобных сельскіх абшчын, якія зваліся вервямі ці мірамі. Кожная такая абшчына складалася з некалькіх дзесяткаў сялянскіх двароў, якія маглі ствараць адно буйное паселішча (сяло) ці некалькі дробных, хутарскога тыпу. Надзелы ворных земляў знаходзіліся ў карыстанні асобных сем'яў, якія плацілі падаткі ад дыма (адзінкавай сямейнай гаспадаркі) ці ад сахі (зямельнага надзела, які апрацоўваўся адной запражкай). Асабістую ўласнасць стваралі і борці, з якіх сяляне здабывалі мёд - асноўны від даніны. Астатнія землі абшчыны былі ў калектыўным карыстанні ўсіх яе членаў.
У ХІV ст. Менская зямля разам з Лагойскам увайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага. На першых парах гэта мала адбілася на жыцці мясцовага насельніцтва. Толькі замест цівуноў менскага ці лагойскага князя даніну пачалі збіраць цівуны вялікага князя. Менская зямля ў складзе Вялікага княства Літоўскага падзялялася на некалькі буйных валасцей. Амаль увесь сучасны Докшыцкі раён з сумежнымі часткамі Лагойскага і Барысаўскага ўтваралі Харэцкую воласць, якая нагадваецца ў шэрагу велікакняжацкіх грамат канца XIV - пачатку ХV ст. Яна ахоплівала вярхоўі Бярэзіны ад яе вытокаў прыкладна да ўпадзення Гайны і межавала на поўдні з Лагойскай воласцю, на поўначы і ўсходзе - з Полацкай зямлей. Дзе знаходзіўся цэнтр Харэцкай воласці, невядома. Даследчыкі мяркуюць, што такім цэнтрам мог быць феадальны двор, а пазней замак Камень Харэцкі (сучасная вёска Камена ў Лагойскім раёне, на ўсход ад Плешчаніц). Да сённяшняга дня жыхары наваколляў Крулеўшчыны называюць тумілаўцаў і таргуноўцаў “харакамі”. Мабыць, гэтая мянушка звязана якраз з назвай Харэцкай воласці, межы якой маглі праходзіць па Бярэзіне.
Харэцкая воласць падзялялася на тэрыторыі асобных сельскіх абшчын, якія ў крыніцах названы сёламі. Кожная такая абшчына займала каля 10-15 км упоперак. Велікакняжацкія прывілеі (на лацінскай мове) захавалі назвы некаторых сёлаў - цэнтраў абшчын: Berezincy (суч. Беразіно), Wolcza (Ваўча), Nezdylowicze (Гнязділава), Domaszkowicze (Дамашковічы), Doxiczane (Докшыцы). Апрача таго, на падставе крыху пазнейшых звестак рэканструіруюцца некаторыя іншыя сельскія абшчыны: Вілейка, Вольбаравічы, Тумілавічы, Порплішча.
Напрыканцы 14 - напачатку 15 стагоддзя даннікі Харэцкай воласці былі падараваныя вялікім князем Вітаўтам розным феадалам, а таксама каталіцкай царкве. На кошт капітула (савета) пры віленскім біскупе ў 1395 г. былі запісаны сяляне-даннікі з некалькіх сёлаў, сярод іх - з Ваўчы ў Харэцкай воласці. Гэта, дарэчы, самае ранняе ўпамінанне населенага пункта Докшыччыны ў пісьмовых крыніцах. У лацінскамоўным тэксце прывілея Вітаўта прыводзіцца даволі разгорнутае апісанне новых уладанняў капітула: "сёлы з людзьмі, ... з усімі даходамі, судовымі і іншымі плацяжамі, пажыткамі, ворывам, лугамі, пашамі, лясамі, гаямі, дубровамі, сажалкамі, рыбалоўнымі ўгоддзямі, барамі, борцямі, паляўнічымі гонамі, птушынымі ловамі, усімі абшарамі і дадаткамі, так, як папярэднікі нашы і мы самі трымалі ў нашым карыстанні, даруем дарам вечным і непарушным на вечныя часы". З гэтага апісання можна вызначыць, што ваўчане займаліся не толькі (а можа, і не столькі) земляробствам, але і бортніцтвам, паляваннем, рыбалоўствам і ляснымі промысламі. Іх падаткі пайшлі з гэтага часу на ўтрыманне капітула, які складаўся ў асноўным са святароў кафедральнага касцёла Св. Станіслава ў Вільні.
Найбольш значным прадстаўніком новага пануючага саслоўя быў Войцах (па латыні Альберт) Манівід - першы віленскі ваявода. Напачатку ён валодаў усяго дзвюма феадальнымі сялібамі, а праз некалькі дзесяцігоддзяў яго зямельныя уладанні можна было параўнаць з уладаннямі буйнога князя. Сярод іншых маёнткаў вялікі князь Вітаўт падараваў Манівіду вялікую колькасць сялянскіх сем'яў ("даннікаў мядовых, інакш бортнікаў"), што жылі ў пералічаных вышэй сёлах Харэцкай воласці: Беразіне, Гняздзілавічах, Докшыцах, Дамашкавічах. 13 студзеня 1407 г. вялікакняжацкай граматай гэтыя наданні былі замацаваны за ім і яго нашчадкамі навечна, што з'яўляецца першым непасрэдным іх упамінаннем. З гэтага моманту сяляне, якіх пажалаваў Вітаўт, ператварыліся з дзяржаўных у прыватнаўласніцкіх: яны не залежалі ўжо ад воласці, а ўсе павіннасці давалі цівуну (урадніку) новага пана. Ён жа атрымліваў права судзіць іх.
У 1422 г. Манівід падараваў віленскаму бікупству яму дзве роднасныя паміж сабой групы сялян - "Львовічаў і Небутавічаў з іх братамі і родзічамі", якія жылі недзе на рацэ Бярэзіне (напэўна на памежжы сёлаў Беразіно і Ваўча, і ў выніку гэтага падаравання яны перайшлі з падданства першай абшчыны ў другую). У лацінскамоўным дакуменце пазначаецца, што яны ўтваралі шэсць самастойных "фамілій, па мясцоваму сем'яў" (sex familiae vlgariter siemie). Усе разам яны павінны былі даваць даніну ў памеры шасціпяднага лукна мёду. На думку даследчыкаў, такое лукно умяшчала каля 12 пудоў мёду. На адну сям'ю ў такім выпадку прыходзілася па 2 пуды. Адначасова з імі Манівід падараваў біскупцтву тры сям'і Цярэнцьевічаў, што жылі ў іншым месцы, назва якога скажоная да непазнавальнасці. Іх даніна была крыху большай - пяціпяднае лукно, альбо каля 10 пудоў на тры сям'і.
На працягу канца ХІV - ХV стст. усе былыя дзяржаўныя даннікі з Харэцкай воласці былі раздадзены некалькім буйным феадальным родам і віленскаму капітулу. Пераход з дзяржаўнага ў прыватнаўласніцкае падданства спачатку мала змяніў жыццё насельнікаў Докшыччыны. Змяніўся адрасат феадальнай даніны, але не яе характар, і падданыя новых паноў яшчэ доўга называвюцца ў крыніцах даннікамі. Ніхто з новых уладальнікаў Харэцкай воласці не жыў на яе тэрыторыі. Паны Манівіды жылі ці ў Вільні, ці ў сваім галоўным маёнтку Геранёны (недалёка ад Ліды ў суч. Гродненскай вобл.).
Ян Манівідавіч, сын Войцеха Манівіда, памёр у 1458 г., і пакінуў чатырох дзяцей: сыноў Войцаха і Яна, дачок Ядвігу і Соф'ю. Сыны памерлі бяздзетнымі. Усе ўладанні перайшлі да іх сясцёр, з якіх Соф'я была жонкай літоўскага пана Мікалая Радзівілавіча - пазнейшага ваяводы віленскага і канцлера, нашчадкі якога вядомыя пад прозвішчам "Радзівілы". Ядвіга выйшла за пана Алехну Судзімонтавіча - аддаленага родзіча Радзівілаў, які быў старэйшы за Мікалая і займаў пасады віленскага ваяводы і канцлера перад ім.
Соф'я ў шлюбе з Мікалаем Радзівілавічам пакінула чатырох сыноў: Мікалая (таго, што быў жанаты з Альжбетай Саковіч, тытулаваўся князем на Мядзелі і Ганёндзі і пасля бацькі займаў пасаду віленскага ваяводы), Яна, Юрыя (яны паклалі пачатак адпаведна нясвіжскай і біржайскай галінам Радзівілаў) і Войцаха. З іх нежанаты Войцах, біскуп віленскі, памёр у 1519 г., а ў наступным годзе тры астатнія браты, якія былі ўжо сталымі людзмі, нанова падзялілі свае маёнткі. Сярод уладанняў згадваюцца і "всих людей данников Хорецких 316 человек". Даннікі былі падзелены пароўну паміж братамі, кожнаму з іх прыпала па 105 "чалавек" (сем'яў), адна сям'я засталася па-за падзелам. З даннікаў, што ўвайшлі ў кожную долю, належала мёду па "4 пуловицы и 14 пудов и 4 безмена". Усе даннікі, за выключэннем 27 жыхароў Тамілавічаў і часткі Докшыцаў, якія сталі належаць Мікалаю, плацілі яшчэ грашовы падатак у памеры "15 коп без 12 грошаў", гэта значыць - 888 грошаў. У разліку на адну сям'ю гэты падатак складаў каля 3 грошаў.
Мікалай Мікалаевіч Радзівіл памёр напачатку 1522 г. Трое яго сыноў і ўдава Альжбета Саковіч здейснілі новы падзел маёнткаў на чатыры часткі, падзяліўшы і 105 харэцкіх даннікаў. Яну Мікалаевічу Радзівілу, старасту жамойцкаму, дасталіся 32 сям'і з Тамілавічаў, якія выконвалі павіннасці коштам у 6,5 коп грошаў (такім чынам, у сярэднім на сям'ю прыходзілася па 12 грошаў). Яны былі прыпісаны да маёнтка Упнікі (на паўночны захад ад Вільні). Даннікі "Томиловские и Докшичцкие" ўносілі мядовую даніну ў памеры 33 пудоў і паловы бязмена, а кошт пуда мёду складаў 12 грошаў. Гэта якраз супадае з коштам павіннасцяў, якія прычыталіся з кожнага тамілавіцкага падданага. Напэўна, яны ўвесь падатак уносілі менавіта мёдам, што дазваляе пазнаць у іх тых харэцкіх даннікаў, якія пры падзеле 1520 г. згадваліся як пазбаўленыя ад грашовай выплаты. Пры гэтым на сям'ю зараз прыпадала не 2 пуды, як у 1422 г., а ўдвая менш. У 1535 г. Ян Радзівіл меў памежны канфлікт з полацкім баярынам Багданам Іванавічам Зяноўевічам-Корсакам, уладальнікам маёнтка Галубічы за ракой Бярэзінай, у сучасным Глыбоцкім раёне. Абодва яны абвінавачвалі адзін аднаго ў захопе зямлі, нападзе на маёнткі, рабаванні і збіцці сваіх падданых. У прыватнасці, Зяноўевіч-Корсак зрабіў напад на Тамілавічы. Ян памёр у 1542 г. апошнім з сыноў М.М. Радзівіла, і на ім скончылася мужчынская галіна князёў на Мядзелі і Ганёндзі.
Спадчына Я. М. Радзівіла была падзелена паміж трыма дачкамі. Да 1565 г. дзве з іх памерлі бяздзетнымі і ўся спадчына зноў сабралася ў руках трэцяй - Ганны, удавы Станіслава Кішкі (пазней яна выйшла другім шлюбам за Крыштафа Садоўскага). Частка Докшыц, што належала Ганне Радзівілаўне-Кішчынай, у 1560 г. налічвала 48 дымоў (19 службаў). У гэты час у Докшыцах згадваецца праваслаўная царква (напэўна, заснаваная значна раней). Ганна памёрла ў 1600 г., пасля чаго манівідаўска-радзівілаўская спадчына перайшла да яе сыноў, Яна і Станіслава Кішкаў.
Другая палова спадчыны Манівідаў наследвалася наступным чынам. Пан Алехна Судзімонтавіч памёр каля 1491 г., пакінуўшы дзвюх дачок. Адна з іх, невядомая з імя, стала ў далейшым жонкай Станіслава Барташэвіча Мантоўта. Праз яе частка харэцкіх даннікаў трапіла да Мантоўта, а затым да яго дачкі. У гэтую частку ўваходзілі жыхары сумесных з Радзівіламі Вольбаравічаў і Гняздзілава, а таксама, верагодна, сёлы Запонне і Нябышына, якія пачынаюць згадвацца ў дакументах крыху пазней. Другая дачка Алехны Судзімонтавіча, Соф'я, выйшла за князя Аляксандра Юр'евіча Гальшанскага. Частка харэцкіх даннікаў затым належала чатыром яе дачкам і сыну Паўлу Гальшанскаму, біскупу віленскаму. Да гэтай часткі належалі некалькі сем'яў з Докшыц.
У 1525 г. сярод маёнткаў Ядвігі Аляксандраўны Гальшанскай, дачкі Соф’і, якая на той час была ўдавой пана Яна Літавора Храбтовіча, прыгадваецца частка Вітунічаў. Ёй жа належала частка Докшыц. Гэтую частку, разам з іншымі маёнткамі, Ядвіга Гальшанская перад смерцю падаравала жонцы вялікага князя Жыгімонта - Боне, пазбавішы такім чынам законнай спадчыны сваю дачку Соф'ю Храбтовіч, якая без мацярынскай згоды выйшла ў 1531 г. замуж за польскага шляхціча Мікалая Ўралеўскага. Аднак Бона ў 1539 г. вярнула гэтыя маёнткі Ўралеўскаму, які неўзабаве прадаў іх Міхаілу Федаровічу, а той у 1551 г. перапрадаў Васілю Цішкевічу (Тышкевічу), уладальніку Лагойска пасля князёў Чартарыйскіх. Апошні, верагодна, набыў і некаторыя іншыя часткі князёў Гальшанскіх. У 1567 г. ён жа ўзяў у заклад за 2800 коп грошаў сумежныя маёнткі Мікалая Юр'евіча Радзівіла - Дзедзілавічы, Дамжэрычы, Войбаравічы і Гняздзілавічы. Гэтая частка пазней трапіла ва ўладанні глыбоцкіх кармелітаў босых.
У Ядвігі Гальшанскай-Храбтовічавай была яшчэ адна дачка - Ганна, жонка Юрыя Осціка. Яна сваю частку спадчыны завяшчала сыну, Мікалаю Осціку, а той у сваю чаргу падараваў яе ў 1569 г. свайму зяцю, князю Льву Сангушку-Кашырскаму. Сярод гэтых уладанняў была яшчэ адна частка Докшыцаў.
Брат Ядвігі Павел, біскуп віленскі, быў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду князёў Гальшанскіх. Ён памёр у 1555 г., пасля чаго яго частка судзімонтаўскай спадчыны аб'ядналася з часткай пляменнікаў і пляменніц: чатырох сыноў і дзвюх дачок Ганны Аляксандраўны Гальшанскай ад шлюбу з Мікалаем Пацам. Докшыцы і іншыя маёнткі былой Харэцкай воласці былі падзелены паміж імі на невялікія долі. Адзін з гэтых пляменнікаў, Станіслаў Пац, у 1561 г. са згоды астатніх братоў прадаў 5 службаў у Докшыцах, якія прыпалі на іх долю, Ганне Радзівілаўне-Кішчынай, якая ўжо валодала радзівілаўскай часткай таго ж маёнтка.
Асаблівасцю лёсу харэцкіх сёлаў (як і многіх іншых паселішчаў таго часу) было драбленне іх паміж некалькімі саўладальнікамі. Гэта было вынікам таго, што феадалы пры падзеле спадчыны імкнуліся атрымаць долі, роўныя не толькі па колькасці падданых, але і па іншых акалічнасцях: аддаленасці ад небяспечных межаў дзяржавы і ад галоўнай сваёй рэзідэнцыі, якасці глебы і інш. Таму кожны браў сабе не асобнае сяло, а па пэўнай колькасці сялян у розных паселішчах. Часам жыхары дзвюх суседніх сялянскіх сяліб апыналіся падданымі розных гаспадароў, галоўныя маёнткі якіх знаходзіліся вельмі далёка і ад гэтага сяла, і адзін ад аднаго. У такіх умовах былая сялянская абшчына паспытала моцную трансфармацыю. Зараз яна ахоплівала не жыхароў спрадвечнай верві, а падданых аднаго ўладальніка, якія жылі ў тэрытарыяльна блізкіх паселішчах. Звычайна адно з іх, найбольш буйное, рабілася цэнтрам уладання. Там узнікаў феадальны двор - рэзідэнцыя самога феадала ці, часцей, урадніка. Там жа, як правіла, будавалася царква. Адно з такіх паселішчаў – з царквой і феадальным дваром - сфарміравалася ў першай палове 16 стагоддзя і на месцы сённяшніх Докшыц. Такое паселішча звалася сялом, у польскамоўных дакументах - вессю, адкуль паходзіць і сучасная беларуская назва "вёска". Больш дробныя паселішчы зваліся "засценкамі”.
Павіннасці сялян - як цяглых, так і даннікаў - вызначаліся ад зямельнага надзела, якім яны карысталіся для ўласных патрэб. Надзел пэўнага памеру (каля 15 - 20 га) зваўся службай. Сялянская сям'я, што трымала службу, плацілі зафіксаваны падатак і выконвала іншыя павіннасці незалежна ад колькасці едакоў і працаўнікоў. Гэта прыводзіла да таго, што сем'і з цягам часу разрасталіся і дзяліліся, але працягвалі трымацца старой службы, каб выконваць менш павіннасцяў. У выніку на некаторых службах "сядзелі" да 4-5 двароў, а ў сярэднім памер службы складаў у 1560-я гг. каля двух двароў.

З XVI ст. у ВКЛ пачалі набываць пашырэнне маёнткі з панскай запашкай, на якой працавалі цяглыя сяляне - фальваркі.

Праваслаўная царква ў Докшыцах ўпершыню згадваецца ў 1514 годзе. У гэтым годзе ёй перадаў частку зямель славуты палкаводзец князь Канстанцін Астрожскі, які ў той жа год перамог расійцаў у славутай Аршанскай бітве. Царква была ўзведзена побач з феадальнай сядзібай 16 стагоддзя, што размяшчалася каля дарогі на Ушачы, за 200 метраў на ўсход ад узнікшай пазней гандлёвай плошчы. «Церковь руска, которая ся в том же именью моим ест, и с наданьем к той церкви земель пашных, лесов, сеножатей и дерева бортного» ў Докшыцах згадваецца ў 1560 годзе ў “Пацвярджэнні Жыгімонтам Аўгустам лісту пані Станіслававай Пятровіча Кішчынай - віцебскай ваяводзіны - пані Ганны Янаўны Радзівілаўны аб дараванні свайму слугу-васалу Пятру Скалдзіцкаму за адданую службу маёнтка Докшыцы”. Пасля заключэння ў 1596 годзе Берасцейскай царкоўнай уніі праваслаўная царква стала ўніяцкай. Яна згадваецца зноў у 1690 годзе. Шкада, звестак пра яе зусім мала. Толькі ў 1840 годзе, калі яна зноў стала праваслаўнай, з’яўляецца падрабязнае апісанне царквы. Але аб гэтым - пазней.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка