Не воблака, а проста аблачынка Загадкава плыве над галавой



Дата канвертавання06.07.2016
Памер20.79 Kb.
ЯЎГЕНІЯ ЯНІШЧЫЦ

***


Не воблака, а проста аблачынка

Загадкава плыве над галавой.

Смяюся я:

вясёлая дзяўчынка,

Як матылёк,

ляціць над кладкай той...

Як добра ёй журыцца беспрычынна!

Да твару ёй і лета, і зіма...

Ўсміхнуся я:

яшчэ бяжыць дзяўчынка

Па кладцы той, якой даўно няма.
***

Чаму ніколі не баюся я

Апусташэння галавы і сэрца?

Ёсць у мяне зялёная зямля,

Яна магутней слабасці і смерці.
Ёсць у мяне глыбінная туга

Па далавых і ціхіх берагах.

Ёсць у мяне на пальцах мазалі —

Таксама ад любові да зямлі.


***

Помню, помню праз гады,

Спеўная ваколіца:

«Выпі, золатца, вады,

Сэрца супакоіцца».
Да крынічнай, спакайной —

Сцежкі-птушкі вольныя.

Трыццаць вёснаў за спіной,

А ці ўсе спакойныя?


Мне дарогі не пытаць,

Сонейка высокага.

А як жа стану суцяшаць

Ў горы сябра-сокала?


Ды, вядома, як тады

Ты мяне, ваколіца:

«Выпі, золатца, вады,

Сэрца супакоіцца».



ЛЮБОЎ МАЯ...

Вы без мяне ляціце, самалёты.

Вы без мяне імчыце, цягнікі.

...Любоў мая, ты песня, і маркота,

I спелы бор, і вольны гон ракі.
Балючы век. Надвор я перамена:

Яшчэ лісток не ўпаў — а снегапад.

Ды скрыпачка з дзесятага калена

Пяе ў душы на блаславёны лад.


Усё вастрэй — радні маёй прагалы,

Агеньчык дрогкі з маміных акон.

Ды зазвіняць вясельныя цымбалы

I жаркім вокам гляне ў сэрца конь.


Пяе віхор, пяе лісток апалы,

Пяе зямля курганняў і удоў.

Любоў мая, ты скрыпка, і цымбалы,

I шаргункі — над грывамі гад

***

Ты пакліч мяне. Пазаві.



Там заблудзімся ў хмельных травах.

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява.

І тады душой не крыві

На дарозе жыцця шырокай.

Пачынаецца ўсё з любві –

Першы поспех і першыя крокі.

Прыручаюцца салаўі,

І змяняюцца краявіды

Пачынаецца ўсё з любві –

Нават ненавісць і агіда...

Ты пакліч мяне. Пазаві.

Сто дарог за маімі плячыма.

Пачынаецца ўсё з любві.



А інакш і жыць немагчыма.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка