Ніна Сцяпанаўна Рафаловіч (Масла), 1930 г н. пас. Палескі, Лунінецкі р-н



Дата канвертавання30.06.2016
Памер24.8 Kb.
Дадатак 2

Ніна Сцяпанаўна Рафаловіч (Масла), 1930 г. н.

пас. Палескі, Лунінецкі р-н

(памерла 14.06.2012)

У той дзень бацько паехаў па сена. Яго можна было вывезці з балота толькі ўзімку. А ў вёсцы стаялі парцізаны. Па дарозе бацьку спынілі карнікі і спыталі, адкуль ён. Дык ён не назваў сваю вёску Рубрын, а сказаў — Мерлінскія Хутары. Яго і адпусцілі. Ён і паехаў праз Хутары, вярнуўся іншай дарогай, а па сена ўжо і не паехаў. Валы паставіў у слівы, у самы гушчар. Гэта метраў 50 ад хаты. Тут яго і ранілі, адбілі нагу. Ён паспеў нам сказаць, каб мы схаваліся ў лёх [пограб], і суседзі былі з намі. Я накінула світку і таксама пабегла ў лёх. А маці прыцягнула бацьку ў хату. Яе таксама раніла. Мама стала прасіцца, каб не палілі хату, але яе забілі. Памятаю, у яе былі вельмі прыгожыя доўгія косы. А бацько жывы так і згарэў разам са сваёй хатай. Хата наша была каля самай дарогі, і лёх тут жа побач.

І паліцаі, калі ішлі, усё туды заглядалі, ці ёсць хто жывы. Стралялі туды і кідалі гранаты. Лёх быў перагароджаны дошкамі. Я была каля сценкі, і ў мяне кулі не патрапілі. Толькі рот быў увесь залеплены гразёю і крывёю і ў роце — пах гранаты.

У лёху былі і суседзі — дарослыя і дзеці. Хлопчыку Смародскаму куляй навылёт прабілі рот і шчаку. Ён выжыў. А мае сёстры — Аляксандра (11 год), Сарафіна (7 год), Вольга (4 гады), брат Валодзя (2 гады) загінулі. Яны не адразу памерлі. Усё вады прасілі. А дзе тае вады ўзяць? Уначы, калі наверсе пацішэла, я некалькі разоў вылазіла і прыносіла снег замест вады. Але я ўжо разумела, што мае родныя сястрычкі і брацік жыць не будуць, бо ў іх кішкі павылазілі і яны іх усё запіхвалі ў жывот.

На другі дзень да нас прыйшлі стрыечны дзед і баба Дар’я (Ідалія). Нябожчыкаў загарнулі ў нейкія дзяружкі, бацькавы костачкі таксама згрэблі ў кучку і загарнулі ў анучу. Труны не было як зрабіць. Бо ўсё пагарэла: сякеры, дошкі. Ды і баяліся нарабіць грукату, каб карнікі не вярнуліся.

Могліцы ў Рубрыны былі свае. Мерлінцы ж хавалі ва ўрочышчы Ёвы, гэта 10 км ад Рубрына. Зрабілі нейкую ямку, бо і капаць не было чым, ды і зямля была марозная. Прыкрылі нейкім рыззём і галінамі. Крыжа не ставілі, бо таксама баяліся. А калі ўжо праз лета вярнуліся з Абзова, дык і не знайшлі тое месца, бо ўсё пазарастала. Атабарыліся ва ўрочышчы Абзоў, гэта ўжэ за граніцай перад тымі Саветамі. Зрабілі буданы, потым курэні. Як выжылі — не разумею і сёння. Бо ніц жа не засталося.

Перад 39-м годам скончыла 3 класы польскай школы. У 16 год баба Ідалія аддала замуж, бо не было як жыць. Хату наноў будавалі самі. І брат Іван таксама не мог вучыцца, мае толькі 4 класы. Пайшоў працаваць у калгас. Пасля вайны прыязджалі з Гарадка, каб нас забраць у дзетдом. Але баба не аддала. Не было такой завядзёнкі; калі хто з радні заставаўся, той і браў сірат да сябе.
Юлія Данілаўна Ярмоліч (Рафаловіч), 1935 г. н.

пас. Палескі, Лунінецкі р-н

У той дзень бацька з сястрой рэзаў дровы. Раптам убачыў у лесе (лес жа быў навокал) чужых вайскоўцаў. У Рубрыны ж былі парцізаны. І ў нашай хаце таксама. Бацька сказаў парцізану пра немцаў. А ў таго быў бінокль. Ён паглядзеў у бінокль і ўбачыў шмат немцаў. Парцізан жа было няшмат. І яны адышлі ў лес. І мы пайшлі следам за імі. Каб не бацька, дык мы ўсе загінулі б. Але ён вельмі добра ведаў лес і ўсе сцежкі, кладкі. Павёў нас. І ўжэ з лесу мы бачылі, як гарэў наш Рубрын, чулі страляніну. Ноч і дзень сядзелі ў лесе. А потым, калі ўсё стала ціха, вярнуліся, але хаты ўжэ не было. Вярнуліся з Абзова толькі тады, калі немцаў навокал не было, Мерлінскія хутары былі вызваленыя.

Іосіф Піліпавіч Масла, 1938 г. н.,

і ягоная жонка Соф’я Сямёнаўна Масла, 1939 г. н.

пас. Палескі, Лунінецкі р-н

Мы былі яшчэ вельмі малыя і не памятаем, як тое адбылося. Не захаваўся ў дэталях гэты момант у нашай памяці. Але добра памятаем курэні ў Абзове, як мы там усе разам жылі, потым як адбудоўвалі наноў Рубрын. А пра трагедыю Рубрына ведаем больш са словаў старэйшых.
: files
files -> Конкурс журналісцкіх матэрыялаў "твой стыль"
files -> Кроніка грамадскага жыцця Гарадзеншчыны ад грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”
files -> Праграма Artes liberales 2013 (12–28. 02)
files -> Культурная праграма Першага нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”
files -> Штомесячны агляд эканомікі беларусі
files -> Пазакласны занятак па музыцы. Калейдаскоп дзіцячых фальклорных гульняў
files -> Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна
files -> 18 кастрычніка 2012 г. 1522 Аб узнагароджанні Ганаровай
files -> Клубы і аматарскія аб’яднанні Назва бібліятэкі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка