Новыя парадыгмы мiжнароднай журналiстыкi, абумоўленыя ўтварэннем еўразiйскага эканамiчнага саюза



Дата канвертавання01.07.2016
Памер75.5 Kb.


Таццяна Дасаева

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
НОВЫЯ ПАРАДЫГМЫ МIЖНАРОДНАЙ ЖУРНАЛIСТЫКI, АБУМОЎЛЕНЫЯ ЎТВАРЭННЕМ

ЕЎРАЗIЙСКАГА ЭКАНАМIЧНАГА САЮЗА
1 студзеня 2015г. уступіў у сілу Дагавор аб утварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза, які заключылі Беларусь, Расія, Казахстан і Арменія. Падпісана пагадненне і аб далучэнні да Саюза Кыргыстана (усе працэдуры па гэтай дамоўленасці павінны завяршыцца да мая бягучага года). У Дагаворы аб ЕАЭС (частка першая, раздзел Ι, артыкул 1) запісана: “Саюз з’яўляецца міжнароднай арганізацыяй рэгіянальнай эканамічнай ітэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю”. Такім чынам “пачало функцыянаваць адно з буйнейшых у свеце інтэграцыйных аб’яднанняў, якое забяспечвае свабоду руху тавараў, капіталу і рабочай сілы” [1]. ЕАЭС утвораны з мэтай забеспячэння ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця і бяспекі краін – удзельніц, а таксама супрацоўніцтва іх з іншымі дзяржавамі, міжнароднымі эканамічнымі аб’яднаннямі і Еўрапейскім саюзам з выхадам на стварэнне агульнай эканамічнай прасторы. Узнікла новая геапалітычная рэальнасць, якая істотна паўплывае не толькі на знешнюю і ўнутраную палітыку краін-удзельніц, але і на сусветную палітыку і журналістыку.

Асаблівая роля ва ўсебаковым асвятленні інтэграцыйных працэсаў належыць міжнародным сегментам нацыянальнай журналістыкі краін-удзельніц. У сувязі з гэтым неабходна зноў звярнуцца да Дагавора аб утварэнні ЕАЭС, дзе ў частцы другой раздзела V “Інфармацыйнае ўзаемадзеянне і статыстыка” ў артыкуле 23 “Інфармацыйнае ўзаемадзеянне ў рамках Саюза” ў 5-м пункце запісана: “Асноўныя прынцыпы інфармацыйнага ўзаемадзеяння і каардынацыі яго ажыццяўлення ў рамках Саюза, а таксама парадку стварэння і развіцця інтэграванай інфармацыйнай сістэмы вызначаюцца згодна дадатка № 3 да дадзенега Дагавора. Гэта “Пратакол аб інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях і інфармацыйным ўзаемадзеянні ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза”. Пратакол складаецца з 34-х пунктаў. У 3-м пункце даецца шэраг паняццяў, якія выкарыстоўваюцца ў дакуменце, напрыклад, “інтэграваная інфармацыйная сістэма Саюза” – арганізацыйная сукупнасць тэрытарыяльна размеркаваных дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў і інфармацыйных сістэм Камісіі, аб’яднаных нацыянальнымі сегментамі дзяржаў-удзельніц і інтэграцыйным сегментам Камісіі; “інфармацыйная сістэма” – сукупнасць інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў, якія зябяспечваюць апрацоўку інфармацыйных рэсурсаў; “інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі” – сукупнасць метадаў і сродкаў рэалізацыі інфармацыйных тэхналогій і тэлекамунікацыйных працэсаў”; “інфармацыйныя тэхналогіі” – працэсы, метады пошуку, збору, назапашвання, сістэматызацыі, захавання, удакладнення, апрацоўкі, прадстаўлення, распаўсюджвання, знішчэння інфармацыі, а таксама спосабы ажыццяўлення такіх працэсаў і метадаў; “інфармацыйны рэсурс” – упарадкаваная сукупнасць дакументаў інфармацыі (базы дадзеных, іншыя масівы інфармацыі), якая змяшчаецца ў інфармацыйных сістэмах і інш.

Паколькі Беларусь з 1 студзення 2015г. уступіла ў старшынства ў Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі, то перад ёй непазбежна паўстае пытанне аб выпрацоўцы стратэгіі інфармацыйнай інтэграцыі, стварэнні добра наладжанай сістэмы інфармацыйнага ўзаемадзеяння, інфармацыйна-тэхналагічным абнаўленні еўразійскай прасторы. Агульная інфармацыйная прастора фактычна існуе, паколькі Рэспублікай Беларусь ужо падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне друку і інфармацыі з Казахстанам, Расіяй, Кыргыстанам, Таджыкістанам, Арменіяй, аднак яе трэба ўдасканальваць.

Для паспяховага развіцця нацыянальных сегментаў міжнароднай журналістыкі неабходна наяўнасць высокакваліфікаваных журналісцкіх кадраў у краінах-удзельніцах ЕАЭС. У Беларусі падрыхтоўку журналістаў-міжнароднікаў ажыццяўляе кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі БДУ. У Дагаворы аб утварэнні ЕАЭС ёсць палажэнні аб прызнанні дыпломаў грамадзян краін-удзельніц і свабодным працаўладкаванні ў межах Саюза. Гэта павялічвае магчымасці выбару месца працы нашых выпускнікоў. Думаецца, што у хуткім часе значна пашырацца сувязі супрацоўніцтва краін-членаў ЕАЭС у галіне адукацыі, у прыватнасці, у падрыхтоўцы журналісцкіх кадраў, з’явяцца пагадненні аб узаемным абмене студэнтамі, выкладчыкамі, узмацніцца супрацоўніцтва ў галіне навуковых даследаванняў, у тым ліку па журналістыцы.

Калектыў кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры зараз выконвае навукова-даследчую тэму “Трансфармацыя журналістыкі СНД на этапе ўзаемадзення Еўразійскага эканамічнага і Еўрапейскага саюзаў ва ўмовах глабалізацыі сусветнай інфармацыйнай і камунікацыйнай прасторы”. Выбар тэмы даследвання абумоўлены сучаснымі рэаліямі, яго вынікі маюць практычнае значэнне. Першы этап даследавання – “СНД: фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы і медыя”. Тут раскрываецца роля Рэспублікі Беларусь, якая ў свой час выступіла “ініцыятарам распрацоўкі канцэптуальных падыходаў і асноўных напрамкаў супрацоўніцтва па фарміраванні інфармацыйнай прасторы дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў” [2, с.4].

На другім этапе даследавання – “Мытны Саюз: супрацоўніцтва рэгіёнаў і медыя” – сістэматызаваны эмпірычныя дадзеныя па фарміраванні адзінай медыйна-інфармацыйнай прасторы рэгіёнаў краін Мытнага саюза, выяўлены і абагульнены інфармацыйна-інтэграцыйныя магчымасці журналістаў-міжнароднікаў Беларусі, Казахстана, Расіі. Навуковыя распрацоўкі супрацоўнікаў кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры ўяўляюцць сабой арыгінальныя аўтарскія мадэлі забеспячэння ўзаемадзеяння медыя рэгіёнаў Мытнага саюза з мэтай распаўсюджвання ідэй інтэграцыйнага будаўніцтва на постсавецкай прасторы. Прапанаваны рэкамендацыі па ўдасканаленні механізмаў прыярытэтных напрамкаў і форм супрацоўніцтва. У прыватнасці, увага сфакусавана на неабходнасці каардынацыі намаганняў прадстаўнікоў медыйнай сферы краін, якія ўваходзяць у Мытны саюз, на пошуку інавацыйных рашэнняў па фарміраванні адзінай інфармацыйнай і камунікацыйнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі, эфектыўнасць якіх залежыць ад прадуманай інавацыйнай стратэгіі, ажыццяўляемай як на ўзроўні міждзяржаўнага і міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, так і на ўзроўні канкрэтных медыя. Адпраўной кропкай у дадзенай частцы даследавання з’яўляецца разуменне таго, што супрацоўніцтва рэгіёнаў названых вышэй краін у трохбаковым фармаце знаходзіцца яшчэ на першапачатковым этапе развіцця. І каб атрымаць рэальны эфект ад правядзення рэгіянальнай інтэграцыйнай палітыкі, неабходна поўнамаштабнае падключэнне да гэтага працэсу прадстаўнікоў медыйнай сферы рэгіёнаў Беларусі, Казахстана і Расіі. Улічваючы рэалізацыю чарговага этапа інтэграцыі – утварэнне ЕАЭС – мяркуецца далучэнне яшчэ і Арменіі, Кыргыстана.

Немагчыма перацаніць ролю міжнародных навукова-практычных канфэрэнцый ў развіцці міжнароднай журналістыкі. З 2012г. на базе кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Інстытута журналістыкі БДУ штогод праводзяцца такія медыяфорумы. Геаграфія ўдзельнікаў і тэматычны дяпазон канферэнцый пашыраецца. Значная колькасць дакладаў, дасланых на 4-ю навукова-практычную канферэнцыю “Міжнародная журналістыка–2015: фарміраванне інфармацыйнай прасторы партнёрства ад Уладзівастока да Лісабона і медыя”, прысвечаны тэме Еўразійскага эканамічнага саюза.

У 2014г. дацэнты кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Б. Л. Залескі і М. А. Валькоўскі ажыццявілі чарговы інфармацыйна-інтэграцыйны праект “Еўразійскі эканамічны саюз: рэгіянальны аспект”. Пад такой назвай выйшла асобнае выданне матэрыялаў, апублікаваных на старонках беларускай прэсы, асноўным зместам якіх паслужылі развагі глаў рэгіёнаў Расіі, Казахстана, Беларусі па найбольш важных пытаннях развіцця трохбаковага расійска-беларуска-казахстанскага рэгіянальнага ўзаемадзення ў рамках фарміруемага на той час Еўразійскага эканамічнага саюза. Выйшаў з друку вучэбна-метадычны дапаможнік “Белорусская международная журналистика: особенности, тенденции, перспективы” (Мінск: БДУ, 2014), падрыхтаваны Б.Л. Залескім, для студэнтаў спецыяльнасці 1-23 01 09 “Журналістыка міжнародная”.

Кафедра замежнай журналістыкі і літаратуры рыхтуе кадры вышэйшай кваліфікацыі. Зараз у нас навучаецца пяць магістрантаў (два беларускія і тры замежныя), чатыры аспіранты (два беларускія і два замежныя), адзін суіскальнік. Абмеркавана і падрыхтавана да абароны дысертацыя М. А. Валькоўскага “СМІ ў кантэксце стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая” на суісканне вучонай ступені кандыдата філалагічных навук па спецыяльнасці 10.01.10 – журналістыка.

Функцыянаванне ЕАЭС напоўніць кантэнт міжнароднай журналістыкі новым зместам. Сродкі масавай інфармацыі Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Кыргыстана павінны забяспечваць насельніцтва аб’ектыўнай інфармацыяй пра розныя аспекты інтэграцыі, ствараць пазітыўны імідж ЕАЭС у супрацьлегласць заходнім СМІ, якія падаюць яго пераважна ў негатыўным плане. Павысіцца попыт на аналітычную інфармацыю, якая дасць магчымасць адпаведным структурам рабіць прагнозы, даваць ацэнкі, прымаць важныя рашэнні. Задача журналістаў-міжнароднікаў краін-удзельніц Саюза станоўча ўздзейнічаць на грамадскую думку жыхароў сваіх дзяржаў з мэтай іх кансалідацыі.

У друкаваных сродках масавай інфармацыі Рэспублікі Беларусь на працягу студзеня 2015г. апублікаваны шэраг матэрыялаў, прысвечаных ЕАЭС. 3 студзеня газета “Рэспубліка” ў рубрыцы “Точка зрения” пад назвай “Все плюсы общего пространства” апублікавала інтэрв’ю члена калегіі (Міністра) па эканоміцы і фінансавай палітыцы Еўразійскай эканамічнай камісіі Цімура Сулейманава. 14 студзеня “Звязда” змясціла матэрыял БЕЛТА “Ініцыятыва канкрэтных крокаў”. У газеце “Союз Беларась-Россия” (дадатак да “СБ. Беларусь сегодня) 22 студзеня апублікаваны матэрыял Ліліі Хлыстун “Сделано в ЕАЭС”. Аналітычны артыкул “Потенциал мощной энергии” Сяргея Сідорскага, члена Камісіі (Міністра) па прамысловасці і аграпрамысловаму комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі, доктара эканамічных навук, надрукаваны 23 студзеня ў “СБ. Беларусь сегодня”.

Асаблівай увагі заслугоўвае дадатак да газеты “Звязда” “Союз – Евразия” для чытачоў Арменіі, Беларусі, Кыргыстана, Расіі (пачаў выдавацца з 26 красавіка 2014г.), матэрыялы якога ўсебакова асвятляюць пытанні, звязаныя з ЕАЭС. У № 1 ад 13 студзеня 2015г. ўвайшлі публікацыі журналістаў краін-удзельніц новага інтэграцыйнага аб’яднання. Гэта матэрыялы Уладзіміра Кулецкага “Союз в действии” Ірыны Абрасян “Естественный прирост”, Ірыны Крыжэвіч “Российский «Квант» на страже”, Замангуль Акунавай “Кыргыстан. 5 месяцев до ЕАЭС”. Центральнае месца ў нумары займае публікацыя “Начало большой работы”, змешчаная ў рубрыцы “Дискуссионная площадка”. Тут асвятляецца праца медыясемінара, арганізаванага кафедрай замежных адносін Акадэмііі кіравання пры Прэзідэнце РБ сумесна з праектам “Союз – Евразия”. Пад загалоўкам “Сложные условия для старта” у нумары змешчаны таксама каментарый заходніх СМІ пра пачатак дзейнасці ЕАЭС.



Узаемадзеянне нацыянальных сегментаў міжнароднай журналістыкі Беларусі, Расіі, Казахстана, Арменіі, Каргыстана дапаможа паспяховаму станаўленню Еўрапейскага эканамічнага саюза як самастойнага цэнтра ўстойлівага эканамічнага развіцця.
Літаратура

  1. “Все плюсы общего пространства” // “Рэспубліка”. – 2015. – 3 студз.

  2. Концептуальные подходы и основные направления сотрудничества по формированию информационного пространства государств-участниц Содружества Независимых Государств / Коротченя И.М. [и др.]. – Минск: Ин-т информации и прогноза при Администрации Президента Республики Беларусь, 1995.




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка