Няказкавая фальклорная проза: ракурсы жанравага ўспрымання рэчаіснасці



Дата канвертавання15.05.2016
Памер65.01 Kb.
Лук’янава Т.В.

БДУ, Мінск


НЯКАЗКАВАЯ ФАЛЬКЛОРНАЯ ПРОЗА: РАКУРСЫ ЖАНРАВАГА ЎСПРЫМАННЯ РЭЧАІСНАСЦІ
Мастацкая спецыфіка празаічных няказкавых твораў беларускага фальклору ў значнай ступені залежыць ад адметнасцей калектыўнай свядомасці носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі. Гэтыя адметнасці іманентна прадстаўлены ў творах у выглядзе пэўнай мадэлі свядомасці, што змяшчае ў сабе адмысловую карціну свету, арганізуе і рэгулюе дзейнасць творчых працэсаў.

Як непасрэдны папярэднік і крыніца фальклору значны ўплыў на фальклорную свядомасць аказаў міф, перадаўшы ёй пэўныя стэрэатыпы мыслення і протамадэлі мастацкага светаўтварэння. Дзякуючы ўласцівасці ўключаць у сваю структуру кампаненты іншых формаў грамадскай свядомасці, творча перапрацоўваць інфармацыю самага рознага кшталту, прапускаючы яе скрозь фільтры мастацкай традыцыі, фальклорная свядомасць набыла важнейшую для народнай культуры функцыю накапляльніка і транслятара традыцыйных калектыўных уяўленняў. Сама фальклорная свядомасць таксама ў значнай ступені традыцыйная, што праяўляецца ў яе залежнасці ад вызначаных мастацкіх норм і прынцыпаў.

Творчая перапрацоўка элементаў пазамастацкай і мастацкай рэчаіснасці ў завершаны свет фальклорных твораў магчыма дзякуючы працэсу фальклорнага мыслення. Ён валодае, на нашу думку, жанрава дыферэнцыраванай будовай і ўяўляе сабой “мысленне жанрамі” носьбітаў фальклору, г. зн. папераменную актуалізацыю ў фальклорнай свядомасці параметраў таго ці іншага жанру. Спецыфіка жанравага мыслення вызначае адрозненне жанру ад іншых, узнаўляе цэласную карціну свету, уласцівую гэтаму жанру, вызначае падбор стылістычных сродкаў і прыёмаў, абумоўлівае асаблівасці ўспрымання твораў слухачамі.

Жанравае мысленне абумоўлена перш за ўсё заканамернасцямі функцыяніравання фальклорнай свядомасці, якая ў сваю чаргу звязана з асаблівасцямі чалавечай псіхалогіі ў цэлым і характарам нацыянальнай псіхалогіі, а таксама той сэнсавай прасторай, якую ўяўляе сабой культура беларускага народа. З іншага боку, фальклорная свядомасць мадэліруе свет адпаведна законам жанравага мыслення.

Жанр не толькі тыпалагічная катэгорыя, якая характарызуе арганізацыю пэўнага зместу ў межах жанравай структуры. Гэта своеасаблівая форма асэнсавання “агульнага стану свету” і канфліктаў [1, с. 56]. Таму жанр можна вызначыць як адметны пункт гледжання на свет, а жанравае мысленне пры гэтым адыгрывае ролю пасрэдніка паміж “творцам маленькага свету” і сусветам. Можна казаць, што мастак бачыць свет вачамі жанру. Фальклорны аўтар асэнсоўвае рэчаіснасць з розных бакоў, што абумоўлівае багацце і разнастайнасць жанраў вуснай народнай творчасці. Кожны жанр назапашвае свае адметныя формы бачання і асэнсавання абраных бакоў рэчаіснасці.

Аспектам, важным для разумення адметнасцей жанравага мыслення стваральнікаў беларускай няказкавай прозы, выступаюць асаблівасці жанравага ўспрымання рэчаіснасці носьбітамі фальклору. Успрымаць свет, як сцвярджае А.Р. Лурыя, – значыць “сістэматызаваць прадметы, якія ў яго ўваходзяць, кадзіраваць набытую інфармацыю” [4, с. 58]. Жанравае светаўспрыманне якраз і ўяўляе сабой адзін са спосабаў такой сістэматызацыі, знакава-сімвалічнай кадыфікацыі. Набор кодаў (заалагічны, колерны, персаніфікацыйны, касмічны, прасторава-тапаграфічны, сацыяльны і інш.), які выкарыстоўваецца ў жанрах беларускай фальклорнай прозы, па сутнасці, аднолькавы, але спосабы арганізацыі яго элементаў і іх выбар розныя. Своеасаблівым вынікам функцыяніравання жанравага мыслення з’яўляецца ўтварэнне ў фальклорнай свядомасці адметнай мастацкай карціны свету, якая таксама вызначаецца жанравым прынцыпам.

Выяўляючы спецыфіку жанравага мыслення носьбітаў фальклору на базе няказкавых празаічных жанраў, мы прыйшлі да высновы, што небыліцы характарызуе “скажонае” ўспрыманне свету, калі парушаюцца законы, уласцівыя свету рэальнаму: “Ішоў я ражком-беражком, аж ляціць муха без крыла ды камар без нагі...” [9].

Жанраваму мысленню стваральнікаў былічак уласціва “містыка-міфалагічнае” успрыманне: свет населены варожымі духамі, якія ў любы момант могуць уварвацца ў жыццё чалавека: “...адзін мужык спугаўся быў. Паехаў рыбу лавіць на озера і прыбягаіць ноччу, гаворыць: “Што эта такое? Я цягну сетку, а мне казёл папаўся ў сеткі. І чуць мяне не затапіў. Я стаў цягнуць етава казла, а ён як захахочэць: “Не, ты мяне не вазьмёш!” І гэты казёл выплутаўся і так чалавечаскім голасам... “ме-э-э! Дзям’ян, Дзям’ян, ме-э-э!” [7, с. 768].

Легенды вылучаюцца “гісторыка-міфалагічным” успрыманнем свету, калі адзначаецца шэраг падзей мінулага (зрэдку будучыні), па той ці іншай прычыне прыцягнуўшых увагу народа, успрымаемых як значныя, а таму неабходныя для запамінання і перадачы наступным пакаленням: “На Вялікдзень Хрыстос спускаецца з неба на зямлю, разам з Юр’ем і Міколам, і ходзяць яны па зямлі. Вот яны ідуць. А чалавек узяў, надзеў кажух, вывернуў і стаў пад мостам – пужаець. А Бог і каэць: “Раві, раві! Сколька ты будзеш жыць, усё тваё племя будзець пужаць людзей і хавацца”. Вот з гэтага чалавека стаў мядзведзь. Вот жа і хваста ў яго нет. І ён пужаець” [7, с. 754].

Для стваральнікаў вусных апавяданняў-успамінаў характэрна “суб’ектыўна-падзейнае” ўспрыманне свету, калі падзеі прапускаюцца перш за ўсё праз так званае “індывідуальна-суб’ектыўнае” бачанне: “Бывае так па жызні: дзеўка красівая, а так выйдзе блага, а другая... наадварот. Даўней жа, як хадзілі ў Маладзечна за хлебам, ідуць бабы і гавораць: “Ідзе красівы марак, адзежа красівая, а яна такая некрасівая, длінная, нос длінны... Мы ідзем, ды: “А Божэ мой, якое чуда! Ці яму вочы заступіла, на халера ён такую браў!” Ён на дзеўку: “Пойдзем, пойдзем...” А яна не абазлілася і кажа: “Як Бог красату даваў, я спала, а як долю – я ўстала!” І засьмяялася. Во так і бывае па жызьні...” [7, с. 468].

Межы паміж рознымі тыпамі жанравага мыслення размытыя. Гэта значыць, што розныя тыпы жанравага мыслення могуць мець аднолькавыя рысы. Але, нягледзячы на некаторую дыфузнасць сваёй структуры, менавіта жанравае мысленне з’яўляецца тым ядром, якое надае жанравым межам адносную ўстойлівасць.

Жанравае мысленне носьбітаў беларускай вусна-паэтычнай традыцыі адбірае тыя прадметы і з’явы рэчаіснасці, бакі жыцця, сітуацыі, якія маюць грамадскую значнасць, падвяргае іх пераасэнсаванню, мастацкай перапрацоўцы, фармулізацыі, г.зн. суадносіць з ужо вядомымі абагульненнямі, сінтэзуе з традыцыяй, падвяргае ўздзеянню такіх “прынцыпаў эпічнай эстэтыкі”, – згодна з Б.М. Пуцілавым, – як “ідэалізацыя, гіпербалізацыя, умоўнасць, сітуатыўнасць” [5, с. 233–234]. Менавіта “якасць” мыслення абумоўлівае стварэнне твора пэўнага жанру, надае зместу вызначаную форму. З іншага боку, апісанне тых ці іншых падзей, як сцвярджае Д.С. Раеўскі, падпарадкавана ў першую чаргу задачы кадзіравання не прыватных звестак аб гэтых падзеях, а “менавіта такога роду грамадска каштоўнай інфармацыі”, і таму само апісанне будуецца па загадзя зададзенай мадэлі [6, с. 70]. Паколькі падобныя семіятычныя мадэлі скіраваны ў канчатковым выніку на вызначэнне правіл паводзін пэўнага калектыву і асобы ў ім, “калектыў здзяйсняе кантроль над захоўваннем і перадачай гэтых мадэлей і над спосабамі іх увядзення ў чалавека...” [2, с. 8]. Жанравае мысленне носьбітаў вусна-паэтычнай традыцыі, прадстаўленае вызначанымі жанравымі мадэлямі, не толькі трансфармуе рэальныя з’явы і падзеі, але і абумоўлівае адбор фактаў, якія належаць захаванню ў памяці калектыву: “Як на ката калі закрычыш, так дзед казаў: “Чаго ганяеш! Бо мы на ката і на сабачай долі жывем”. А было: людзі жнуць, аж ідзе Бог. “Памагай Божа!” Так яны: “Ай! Ці памагай, ці не памагай, а ўсё раўно хватае таго збожжа, няма дзе падзяваць”. А! Тады Бог як зазловаўся, давай ім убіраць зерне ў коласе. І смотрыць, еты колас ужо ідзе аж пад верх. А ён быў ад зямлі, колас. Патом ужо каты началі мяўкаць і сабакі брахаць. І тады ўжо затрымаўся толька еты колас, і такі ўжо ёсць. А каб не началі брахаць, так былі б увогуле без хлеба” (“Грэх – ганарлівасць, няўдзячнасць чалавека” [8, сc. 364–365]).

Вядома, спараджаючая мадэль кожнага жанру, якая ўяўляе сабой набор жанравых універсалій, “працуе” ў свядомасці носьбітаў фальклору не ў абстрактным выглядзе. “Па адной “мадэлі ўвогуле”, – піша Б.М. Пуцілаў, – тэкст стварыць немагчыма” [5, с. 156]. Яна функцыяніруе ў выглядзе мноства рознатыповых “іпастасей”, але ў кожным канкрэтным тэксце можна без цяжкасці ўбачыць за “іпастассю” дзеянне агульных законаў жанру: “А то во ў Вугольшчыне, адкуль матка мая нябожчыца була ўзядзена. Дык яны раз ехалі з канюшні, уранні, многа ехала, вярхамі. А яна – к ім. Яны як кінулісь уцякаць усе, дык адна дзеўка і з каня, – ведама, як тэй каа, страх такі: спужалась і ўпала. Дык яна на яе наскочыла, накрыж разгарнула і зашлакатала. Назаўтрага і знайшлі мёртвую” (“Русалкі” [3, с. 174]) .

Жанравае мысленне, як і фальклорная свядомасць увогуле, валодае значнай ступенню мастацкай традыцыйнасці. Яно кансерватыўна і сістэмна замкнёна, не можа пераступіць пэўныя эстэтычныя межы, нормы і прынцыпы. Адсюль перавага стэрэатыпнага, формульнага спосабу апісання падзей, сітуацый, паводзін людзей у фальклорных творах. Але яно не застылае. З цягам часу жанравае мысленне змяняецца, таму што рухаецца сама фальклорная свядомасць, хоць і робіць гэта значна павольней за развіццё агульнай сістэмы ўяўленняў калектыву.



Літаратура





  1. Андреев, А. Н. Целостный анализ литературного произведения / Андреев А. Н. – Минск: НМ Центр, 1995. – 144 с.

2. Иванов, Вяч. Вс., Топоров, В. Н. Славянские языковые моделирующие семиотические системы (Древний период) / Вяч. Вс. Иванов, В. Н. Топоров. – М.: Наука, 1965. – 246 с.

3. Легенды і паданні / склад. М. Я. Грынблат і А. І. Гурскі; рэд. тома А. С. Фядосік. – Мінск: Бел. навука, 2005. – 552 с.

4. Лурия, А. Р. Об историческом развитии познавательных процессов. Экспериментально-психологическое исследование / А. Р. Лурия. – М.: Наука, 1974. – 172 с.

5. Путилов, Б. Н. Фольклор и народная культура / Б. Н. Путилов. – СПб.: Наука, 1994. – 236 с.

6. Раевский, Д. С. Модель мира скифской культуры / Д. С. Раевский. – М.: Наука, 1985. – 256 с.
7. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 2. Віцебскае Падзвінне / склад. Т. Б. Варфаламеева. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 910 с.

8. Традыцыйная мастацкая культура беларусаў. У 6 т. Т. 3. Гродзенскае Панямонне / пад рэд. Т. Б. Варфаламеевай. – Мінск: Вышэйшая школа, 2006. – 736 с.



9. Матэрыялы жанравага архіва вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору пры кафедры тэорыі літаратуры БДУ.
: bitstream -> 123456789 -> 36265
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка