Обры Бёрдслі/ Aubrey Beardsley 1872 – 1898



старонка1/4
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.53 Mb.
  1   2   3   4



Обры Бёрдслі/ Aubrey Beardsley (1872 – 1898) – Обры Вінсэнт Бёрдслі, ангельскі мастак-графік, ілюстратар, дэкаратар, пісьменнік, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў эстэтычнага руху 1890-х гадоў.

Венера і Тангёйзэр

(Under Hill)


Рамантычная навэла
Гісторыя Венеры і Тангёйзэра1, у якой праўдзіва апісваюцца норавы двара Венеры, багіні і распусніцы, пад знакамітай Хёрсэльбэрг2, і якая апавядае пра прыгоды Тангёйзэра ў гэтай мясціне, яго пакаянне, яго падарожжа ў Рым і вяртанне да ўзгорка кахання. Напісана Обры Бёрдслі.
Найшаноўнейшаму і найпабожнейшаму князю Джуліё Польда Пэцолi3, кардыналу святой каталіцкай царквы, намінальнаму біскупу царквы св. Марыі ў Трастэвэры4, арцыбіскупу Остыі і Велетры5, нунцыю найсвяцейшага стальца ў Нікарагуа6 і Патагоніі7, бацьку бедных, рэфарматару царкоўнага парадку, прыкладу вучонасці, мудрасці і святасці ў жыцці з належнай павагай прысвячаецца гэтая кніга яго пакорным слугой, які апісвае і малюе марны свет і які стварыў гэту кнігу, – Обры Бёрдслі
Найшаноўнейшаму і найпабожнейшаму князю Джуліё Польда Пэцолі
Найшаноўнейшы князь!

Не ведаю, чаму традыцыя прысвячэння твораў апынулася занядбанай, – з прычыны пыхлівасці аўтараў ці стрыманасці іх апекуноў. Аднак традыцыя гэтая так мне падабаецца і так мяне вабіць, што я насмеліўся паспрабаваць свае сілы ў гэтым сціплым мастацтве і з усёй урачыстасцю пакласці сваю першую кнігу да Вашых ног. Мушу прызнацца, я вельмі баяўся, каб мяне не прыцягнулі да суду за нахабства, з якім я выбраў такое высакароднае імя, як Вашае, і паставіў яго ў пачатку гэтае гісторыі. Адылі спадзяюся, што такое абвінавачанне лёгка абміне мяне – бо калі я і вінаваты, то толькі ў цалкам натуральным гонары за тое, што выпадак дазволіў мне скіраваць маленькую лайбачку майго розуму пад Вашую абарону.

Аднак хаця я і магу апраўдаць сябе, мне ўсё адно давядзецца папрасіць прабачэння – бо як я насмельваюся прапаноўваць Вам кнігу, у якой ідзе размова пра такую фантастычную і нікчэмную рэч, як Каханне? Я ведаю, што меркаваннем большасці людзей амурныя справы залічаныя ў ганебныя і смешныя; насамрэч варта прызнаць, што Каханне выклікала на тварах больш румянцу, чым што б ні было яшчэ, а каханкі – гэта вечная прычына для смеху. Апроч гэтага, у кнізе падымаюцца тэмы больш значныя, чым простая венерыя, бо тут апісваецца вялікае раскаянне галоўнага героя, а ў асобных частках закранаюцца царкоўныя пытанні, і таму я не страчваю надзеі, што Ваша Правялебнасць прабачыць мне гісторыю пра Узгорак Венеры, экстравагантнасць якой тлумачыцца маім маладым узростам.

Яшчэ я мушу вымольваць Вашае дараванне за тое, што прысвячэнне напісанае не на лаціне, аднак праз свае сціплыя веды ў галіне лацінскага стылю я не рызыкую выходзіць далёка за межы свае роднае мовы. Дзеля ўсіх скарбаў свету не дазволіў бы я варварскім гукам грубых дзікунскіх словаў абразіць Вашыя далікатныя паўднёвыя вушы – аднак мне здаецца, няма такіх грубых моваў, якія не мог бы адшліфаваць вытанчаны творца, а такіх нямала было на гэтых землях цягам мінулых стагоддзяў; яны прывялі нашую мову да найвышэйшай дасканаласці. На жаль, цяперашнім часам нашыя пёры паламаныя неадукаванымі пісьменнікамі і нявыхаванымі крытыкамі, што вядзе хутчэй да разбурэння, чым да стварэння, хутчэй да спусташэння, чым да гадавання. Аднак якая карысць ліць слёзы над даўно мінулым?

Аднак я мушу гаварыць не пра свае недахопы, а пра Вашыя вялікія вартасці, бо інакш буду няўважлівым да тых абавязкаў, якія сам паставіў перад сабой, прысвяціўшы твор Вам. Я мушу быць вестуном Вашых высакародных цнотаў (хаця ўвесь свет ведае пра іх), Вашага густу і Вашае дасціпнасці, Вашага клопату пра літаратуру і сапраўднай цікавасці да мастацтва.

Хаця не выклікае сумневаў тое, што кожны чалавек дастаткова разумны, каб вынесці сваё меркаванне на тую ці іншую тэму, а шмат хто – яшчэ і дастаткова нахабны, каб яго надрукаваць (апошняе ў асноўным датычыць крытыкаў), я заўсёды лічыў, што крытычнае майстэрства сустракаецца значна радзей, чым майстэрства вынаходніцкае. І менавіта майстэрствам крытыка Ваша Правялебнасць валодае ў такой высокай ступені, што любое Вашае ўхваленне ці асуджэнне ёсць абсалютна беспамылковым, а Вашыя выказванні – такія ж непагрэшныя, як вялікія геніі ці прыгожыя жанчыны. Крытыка – самы прыемны занятак для Вашага розуму, які, як мне вядома, знаходзіць асалоду ў самых праніклівых думках і самых тонкіх нюансах, і які хутчэй разважлівы, чым дзейны. Шкада, што ў такога ідэальнага Мецэната няма свайго Гарацыя8, каб падтрымаць яго, няма “Георгікаў”9, каб прыняць іх; функцыя і абавязак апекуна і крытыка несумненна будуць недаацэненыя ў нашае стагоддзе дробных людзей і дробных твораў. У былыя часы для вялікіх князёў і дзяржаўных людзей не было нічога зневажальнага ў тым, каб адорваць сваёй прыязнасцю і добразычлівасцю паэтаў, бо такім чынам яны атрымлівалі не менш, чым давалі. Ці не ўзяў з годнасцю князь Фест пад сваю абарону шэдэўр Юліяна, і ці не была “Энеіда”10 цудоўным паднашэннем цэзару11?

Веданне без ацэнкі – нішто, аднак я не здольны вызначыць, у чым Вашая найвышэйшая вартасць – у Вашай любові да мастацтва ці ў Вашым веданні яго. Што ж дзіўнага тады ў маім жаданні дагадзіць Вам і здабыць Вашую падтрымку? Вы цудоўна ведаеце, як я ўдзячны за Вашую былую да мяне прыхільнасць, Вашую бясконцую дабрыню і шчодрасць, што значна пераўзышлі мае сціплыя заслугі і нязначныя дасягненні, якія, здавалася, не вартыя аніякага ўхвалення. На жаль, мой цяперашні дарунак такі ж сціплы, аднак калі пасля таго, як Вы прагледзіце першыя старонкі кнігі (напрыклад, седзячы вечарам на сваёй тэрасе), Вы палічыце яе вартай хоць якога месца ў Вашай шыкоўнай бібліятэцы, веданне таго, што мая кніга захоўваецца ў Вас, будзе дастатковай узнагародай за маю працу і прынясе мне шчасце, што зробіцца вянцом той асалоды, з якой гэтая невялікая кніга пісалася.

Пакорны і рахманы слуга Вашае Правялебнасці,

Обры Бёрдслі.

Частка 1
Пра тое, як кавалер Тангёйзэр пранік ва Узгорак Венеры
Сышоўшы з каня, кавалер Тангёйзэр на імгненне нерашуча затрымаўся ля змрочнай брамы Венусбергу, злёгку ўсхваляваны тым, што дзённае падарожжа самым бязлітасным чынам знішчыла ўсю элегантнасць, якая каштавала яму немалой працы. Пальцы кавалера, тонкія і зграбныя, нібы пальцы маркізы дзю Дэфан на палатне кісці Кармантэля12, нервова круцілі залатыя пасмы – валасы Тангёйзэра падалі на плечы, быццам добра завіты парык, – і блукалі па бездакорным адзенні, утаймоўваючы бунт гальштука і манжэтак.

Надышоў час змяркання, калі стомленая зямля апранае накідку з туманоў і ценяў, калі ў зачараваных лясах чуюцца лёгкія крокі і тонкія галаскі эльфаў, калі нават паветра можа злёгку ап’яніць – бо нават дэндзі, седзячы перад сваімі туалетнымі столікамі, гэтым часам пачынаюць крышачку марыць.

Удалы момант, каб крыху пабыць у выгнанні, падумаў Тангёйзэр.

Наўкола яго сонна хваляваліся дзіўныя кветкі і, ацяжэлыя ад водару, разлівалі духмяны пах. Гэтыя змрочныя безназоўныя зёлкі нельга знайсці нават у Менцэліюса13. Вялізныя начныя матылькі з такімі шыкоўна расквечанымі крыламі, нібыта яны карміліся габеленамі і каралеўскім аксамітам, спалі на калонах па абодва бакі ад уваходу, аднак вочы іх заставаліся адкрытымі і гарэлі, узрываючыся сеткамі венаў. Калоны былі з нейкага светлага каменю і ўздымаліся, нібы гімны асалодзе, бо з верху да нізу кожная з іх была ўпрыгожаная выразанымі фігуркамі каханкаў, якія дэманстравалі адмысловую вынаходлівасць і дасведчанасць, здольную выклікаць такое глыбокае зацікаўленне, што Тангёйзэр не на адну хвіліну затрымаўся, разглядаючы іх. Выявы на калонах пераўзыходзілі ўсе карціны, сюжэты для якіх японцы пазычалі ў сваіх maisons vertes14, усе карціны ў прахалодных ванных пакоях кардынала Ля Мота, і разбівалі ўшчэнт нават надзвычайныя ілюстрацыі да “Дзіцячых казак” Джонса.

– Нішто сабе брама, – прашаптаў кавалер, папраўляючы пас.

Як толькі ён сказаў гэта, ціхі спеў даляцеў да яго з-пад узгорка – ціхая музыка, такая ж незвычайная і далёкая, як марскія легенды, якія можна пачуць, прыклаўшы вуха да ракавіны.

– Як я разумею, вячэрня Венеры, – сказаў Тангёйзэр і злёгку ўзяў некалькі сугучных акордаў на сваёй маленькай лютні. Мелодыя мякка пераадолела зачараваны ўваход і паплыла, абвінаючы вытанчаныя калоны, пакуль матылькоў не ахапіла жарсць і яны не пачалі зграбна рухацца ўва сне. Адзін з іх, абуджаны больш рэзкай мелодыяй з лютні кавалера, паляцеў у пячору. Тангёйзэр зразумеў, што гэта намёк.

– Бывайце! – усклікнуў ён, скіроўваючыся да пячоры, і, убачыўшы халоднае кола прыўкраснай і чароўнай поўні, што толькі-толькі пачала з’яўляцца ў небе, дадаў: – Да сустрэчы, Мадонна! – у яго голасе адчулася нотка сентыментальнасці.

– Някепска было б яшчэ раз перад уваходам зірнуць у люстэрка, – уздыхнуў ён. – Аднак яна ж багіня, а таму, безумоўна, ужо нацешылася дасканаласцю, і яе погляд не абразіць дасканаласць з лёгкім арэолам незавершанасці.

Дзікая ружа зачапіла карункавы каўнер, і ў першым парыве гневу ён хацеў груба адкінуць яе, сурова пакараўшы такім чынам нахабную кветку. Аднак праз імгненне раздражнёнасць знікла – у дзёрзкім нападзе тонкіх пялёсткаў было нешта цудоўна-недарэчнае. Тангёйзэр адмяніў пакаранне і пакляўся, што ружа застанецца там, дзе яна вісела, і будзе яго своеасаблівым пропускам з верхняга свету ў ніжні.

– Надзвычайнасць і дзёрзкасць учынку, – сказаў ён, – цалкам яе выбачае. І, здымаючы кутасік са сваёй тросці, ён увайшоў у цьмяны калідор, які вёў углыб таямнічага ўзгорка – увайшоў з чароўнай самаўпэўненасцю і нязменнай ветлівасцю Дона Хуана.

Частка 2
Пра тое, як Венера прычэсвалася і рыхтавалася да вячэры
Перад туалетным столікам, што ззяў, нібыта алтар Notre Dame des Victoires15, сядзела Венера ў танюткім пеньюары колеру геліятропу. Цырульнік Касмэ займаўся яе надушанай chevelure16 і маленькімі срэбнымі шчыпчыкамі, сагрэтымі ласкавым полымем, падкручваў лёгкія, як дыханне, дзівосныя пасмы, што аблямоўвалі яе лоб і віліся лазой вакол яе шыі. Тры яе ўлюбёнкі, Папэлярд, Бланшмэна і Ларэйн, стаялі тут жа з парфумай і пудрай у адмысловых флаконах і крохкіх скрыначках, з парцалянавымі скляначкамі, поўнымі цудоўнай касметыкі, якую вырабляе Шатліна для гэтых шчок і вуснаў, крыху пабляклых ад тугі выгнання. Тры яе ўлюбёнцы, Клод, Клэр і Сарацын, пажадліва гледзячы на яе, стаялі наўкола з падстаўкамі, веерамі і сурвэткамі. Мнагамур трымаў паднос з пантофлікамі, Мінета – некалькі параў тонкіх пальчатак, Папліньер – валадарка строяў – мела напагатове жоўтую з жоўтым сукенку. Замбеліна несла каштоўнасці, Фларызэль – кветкі, Амадур – скрынку з разнастайнымі шпількамі, а Вадыюс – банбаньерку са слодычамі. Галубы Венеры, што заўсёды жылі тут, шпацыравалі па пакоі, аздобленым шыкоўнымі палотнамі Жана Батыста Дара17, а некалькі карузлікаў і іншых неверагодных істотаў сядзелі па кутах і паказвалі адно аднаму языкі, шчыпаліся і па-рознаму выдурняліся. Зрэдку Венера дарыла ім усмешкі.

Пакуль апрананне ішло сваёй хадою, Прыяпея, тоўстая манікюрніца і fardeuse18, увайшла ў пакой і апусцілася на крэсла ля туалетнага століка, па-сяброўску ківаючы Венеры. На ёй была сукенка з белага муару з залатымі карункамі і аксамітным каўнерам колеру штучнае кінавары. Валасы яе, схопленыя над вушамі стужкамі, пераходзілі на патыліцы ў вялізны шыньён, а шыракаполы капялюш, аздоблены брыжамі з ружовага мусліну, квітнеў чырвонымі ружамі.

Голас Прыяпеі быў поўны жарсці і палкасці; яна страшна жэстыкулявала, дзіўна паводзіла плячыма, перарывіста дыхала, ад чаго яе карсаж надзвычай моцна моршчыўся. У яе былі былі вялікія асалавелыя вочы, нос, бы ў папугая, рот, што ўвесь час рухаўся, тоўстыя друзлыя шчокі, скура, уся ў зморшчынах, і некалькі падбароддзяў, якія насядалі адно на адно. Яна была мудрай асобай, і таму Венера любіла яе больш за каго іншага сярод сваіх служак і прыдумляла ёй сотні пяшчотных мянушак накшталт Любая Рапуха, Міленькі Попка, Малінавачка, Даражэнькі Роцік, Асялок19, Мятная Цукерачка, Цацачка, Пабягушка, Сэрцайка, Распуснічка, місіс Мускул, Маленькая Зласліўка, Саладзенькі Лычык, Капрызуля, Амулецік і Туз.

Размова паміж Прыяпеяй і яе спадарыняй належала да тых выключных размоваў, якія адбываюцца паміж старымі сябрамі, калі абсалютнае ўзаемаразуменне вяртае ўрыўкавым фразам іх поўнае значэнне, а самаму тонкаму намёку надае вычарпальнасць. Безумоўна, крыху пагаварылі пра новага госця, Тангёйзэра. Венера яго яшчэ не бачыла, а таму задавала шмат пытанняў, якія тонка закраналі самую сутнасць.

Прыяпея расказала пра яго прыезд, пра яго зацікаўленасць садам і спакойнае задавальненне ўсім, што ён там пабачыў, пра яго раптоўнае каханне да зграбнай дзяўчыны на першай тэрасе, пра натоўп спадніцаў, што сабраліся вакол і закідвалі яго ружамі, пра тую далікатнасць, з якой ён абараняў сябе маскаю, і пра тое, як ён незвычайна пакланіўся выяве бога ўсіх садоў, пацалаваўшы яе з пабожнасцю пілігрыма. У дадзены момант Тангёйзэр быў у купальні і рабіў там фурор.

Справаздача і прычэсванне скончыліся адначасова.

– Касмэ, – сказала Венера, – вы былі надзвычай чароўны і мілы. Сёння вы проста пераўзышлі самога сябе!

– Спадарыня лёсціць мне, – адказаў ёй стары як свет прыяцель і па-дзявочаму захіхікаў пад сваёй чорнай атласнай маскай. – Божа мой, уладарка! Часам мне здаеццца, што я поўны няздара, але мушу прызнацца, сёння я нават пачаў сабой ганарыцца.

Мне было б балюча расказваць вам пра тое, як быў нафарбаваны твар Венеры; абмяжуюся тым, што скажу – нават гэтая сумная частка працы была выкананая дзівосна, шчыра і без аніякай спробы каго-небудзь падмануць.

Венера скінула пеньюар і стала перад люстэркам, уся ў трапяткіх карунках і фальбонках. Абрыс яе шыі і плеч быў дасканала акрэслены, а маленькія дзёрзкія грудзі ўзбуджалі і чаравалі прынадамі, якія ніколі нельга зразумець цалкам і якія не могуць даць найвышэйшай, гранічнай асалоды. Рукі Венеры былі невыразнага, але вытанчанага складу, а ногі – па-боску доўгія: дваццаць два дзюймы ад сцягна да калена і дваццаць два – ад калена да пяткі, як і належыць нагам багіні.

Мне хацелася б пагаварыць пра яе падрабязней, бо абагульненні падчас апісання зусім недарэчныя. Аднак баюся, што вымушанае маўчанне пакіне на карціне столькі белых плямаў, што лепей нават не пачынаць, чым пасля пакідаць недаробленым.

Гледзячы на сваю мілую дзяўчынку, Прыяпея зрабілася зусім сентыментальнай і сто разоў пацалавала яе рукі.

– Мілы Язычок, паводзь сябе прыстойна, – сказала Венера і загадала Мнагамуру падаць пантофлікі.

Паднос быў увесь застаўлены самымі шыкоўнымі і неверагоднымі пантофлікамі, такімі, што нават Клюні перад імі ператварылася б у поўнае нішто. Тут былі чаравічкі з шэрай, чорнай і карычневай замшы, белага ядвабу і ружовага атласу, аксаміту і тафты, чаравічкі колеру марской хвалі з вішнёвым кветам, чырвоныя чаравічкі з галінкамі вярбы, шэрыя чаравічкі з яркакрылымі птушкамі. Тут былі абцасы з золата, срэбра і слановае косці, спражкі з каштоўных камянёў у форме таямнічых магічных знакаў, стужкі, завязаныя і закручаныя ў самыя разнастайныя банты, гузікі, прыгожыя да такой ступені, што зашпількі паміралі ад жадання абхапіць іх, падноскі з тонкае скуры, надушаныя а-ля Марэшаль, і падкладкі з мяккіх тканінаў, што пахлі ліпеньскімі кветкамі. Але Венера не знайшла нічога на свой густ і загадала прынесці пару ношаных туфлікаў з крывава-чырвонага саф’яну, аздобленых пярлінамі, – яны цудоўна пасавалі да белых ядвабных панчохаў.

Калі паднос выносілі, жартаўлівы Фларызэль, як заўсёды, сцягнуў адзін пантофлік, насунуў яго на свой чэлес і зрабіў некалькі адпаведных рухаў. Гэта было адно з яго маленькіх дзівацтваў. Тым часам падышла з сукенкай Папліньер.

– Я не буду сёння апранаць сукенкі, – сказала Венера і нацягнула пальчаткі.

Калі апрананне падыходзіла да канца, усе галубы сабраліся ля яе ног, жадаючы дакрануцца да іх, а карузлікі запляскалі ў далоні і засвісцелі, засунуўшы пальцы ў рот. Ніколі яшчэ Венера не была такой бліскучай і такой чароўнай. Спірыдыён адарваўся ў куце ад свае гульні ў спеліканы і задрыжаў. Клод і Клэр, бледныя ад асалоды, лашчылі яе пяшчотнымі рукамі, моршчылі яе панчохі нервовымі вуснамі і тут жа разгладжвалі іх тонкімі пальцамі, а Сарацын адцягнуў яе падвязкі, пацалаваў іх унутраны бок і вярнуў на месца, прыціскаючыся вуснамі да яе сцёгнаў. Магу вас упэўніць, карузлікі тым часам вельмі асмялелі. Была амаль бойка. Яны ілюстравалі старонкі 72 і 73 слоўніка Дэльво20.

У самым разгары Пранцмунгель абвясціў, што на пятай тэрасе гатовая вячэра.

– Ах! – ускрыкнула Венера. – Я паміраю ад голаду!

Частка 3
Пра тое, як Венера вячэрала, а пасля надзвычай забаўлялася цікавымі свавольствамі свае світы
Яна была ў захапленні ад Тангёйзэра, і за вячэрай ён канечне сядзеў ля яе.

Тэраса, упрыгожаная тысячамі яркіх і вычварных дробязяў і застаўленая сотняй сталоў і чатырма сотнямі канапаў, уяўляла сапраўды багатае відовішча. Пасярэдзіне стаяў вялізны бронзавы фантан з трыма басейнамі. З першага падымаўся шматгаловы цмок і чатыры маленькія амурчыкі на лебедзях, і кожны з амурчыкаў трымаў лук і стрэлы. Двое з іх стаялі твар да твару з пачварай і, здавалася, з жахам адхіляліся, двое астатніх былі крыху ззаду і таму насмеліліся навесці на цмока свае стрэлы. Са сценак другога басейна падымалася кола зграбных залатых калонаў, на якіх сядзелі срэбныя галубы з раскрытымі крыламі і хвастамі. У цэнтры трэцяга басейна, які трымалі гратэскава-вытанчаныя сатыры, уздымаўся тонкі слуп, аздоблены маскамі, ружамі і вылепленымі дзіцячымі галовамі.

З ротаў амураў і цмока, з вачэй лебедзяў, з грудзей галубоў, з рагоў і вуснаў сатыраў, з адтулінаў на масках і з пасмаў дзяцей шчодра лілася вада, б’ючыся аб дзівосныя арабескі і па-майстэрску вылепленыя статуі.

Уся тэраса была асветленая свечкамі. Іх было чатыры тысячы, не лічачы расстаўленых па сталах. Да бясконцасці разнастайныя кандэлябры ўсміхаліся вылепленымі cochonneries21. Некаторыя з іх, вышынёй у дваццаць футаў, трымалі толькі адну свечку, што палала над сталамі, нібы пахкая паходня, і аплывала воскам, які сцякаў з яе доўгімі дзідамі. Іншыя, увешаныя вытанчанымі спаднічкамі і карункамі з зіхоткай маёлікі, трымалі цэлыя сотні танюткіх свечак, расстаўленых кольцамі, пірамідкамі, квадратамі, клінамі, асобнымі шэрагамі, як жаўнеры ў шыхтах, альбо паўмесяцамі.

На незвычайнай формы п’едэсталах, на тэрмінах22 і рознага кшталту мудрагелістых пілястрах стаялі вазы, падобныя да ракавін, даверху поўныя такой колькасцю пладоў і кветак, што спустошыць вазы было проста немажліва. Апельсінавыя і міртавыя дрэвы ў крохкіх парцалянавых гаршчках былі ўпрыгожаныя барвовымі стужкамі, а ружовыя кусты ўсімі магчымымі спосабамі абвіналі і апляталі трэльяж і каганцы. З аднаго боку тэрасы размяшчаліся доўгія пазалочаныя масткі для камедыянтаў, пакуль завешаныя пагонскімі габеленамі, а насупраць стаялі пюпітры. Круглыя сталы паміж фантанам і лесвіцай на шостую тэрасу былі пакрытыя абрусамі з белага адамашку і ўсыпаныя касачамі, ружамі, лотацямі, ворлікамі, нарцысамі, гваздзікамі і лілеямі, а на абцягнутых усімі магчымымі тканінамі канапах, якія здаваліся вельмі высокімі праз мяккія падушкі, былі раскіданыя вееры і пакуначкі з любоўнымі сюрпрызамі.

За escalier23 цягнуліся сады, распланаваныя так дасканала і так шыкоўна, што архітэктар Fêtes dArmailhacq24 не знайшоў бы тут ніводнага недахопу, каб прычапіцца; ціхія ставы, па якіх плавалі чаўны са стракатымі кветкамі і васковымі марыянеткамі, прысады з высокіх дрэваў, аркады і каскады, альтанкі, пячоры і статуі багоў – усё гэта ў яркім святле балявання набывала дзіўнае святочнае адценне.

Венера без сукенкі і Тангёйзэр, а разам з імі Прыяпея, Клод, Клэр і Фарсі, галоўны камедыянт, сядзелі за адным сталом. Тангёйзэр, які паспеў скінуць дарожнае ўбранне, апрануў чорныя ядвабныя панчохі з цудоўнымі падвязкамі, густоўную карункавую кашулю, чаравікі і шыкоўны халат. Клод і Клэр былі цалкам аголеныя (чароўны прывілей юнацтва), а Фарсі быў у звычайным вечаровым уборы. Што ж датычыць астатніх, яны маглі пахваліцца асобнымі вартымі ўвагі строямі і цэлымі сталамі надзвычай прыгожых прычосак. Тут былі вэлюмы ў крапінку, праз якія твары здаваліся заплямленымі ад нейкай вытанчанай каралеўскай хваробы, вееры з прарэзамі для вачэй, каб уладальнікі маглі цішком падглядаць і разглядаць прысутных, вееры, размаляваныя рознымі фігуркамі і распісаныя санэтамі Спарыёна і кароткімі апавяданнямі Скарамуша, вееры з вялікіх жывых матылькоў, насаджаных на срэбны стрыжань. Тут былі маскі з зялёнага аксаміту, пад якімі твар здаваўся тройчы напудраным, маскі ў выглядзе галоваў птушак, малпаў, змеяў, дэльфінаў, мужчын і жанчын, эмбрыёнаў і катоў, маскі з тварамі багоў, маскі, зробленыя з каляровага шкла, тонкага тальку і гумы. Тут былі парыкі з чорнай і пунсовай воўны, з паўлінавага пер’я, залатых і срэбных нітак, лебядзінага пуху, вінаградных вусікаў і чалавечых валасоў; былі вялізныя каўнеры з накрухмаленага мусліну, што падымаліся вышэй за галаву, цэлыя сукенкі з падкручанага страўсавага пер’я, тунікі з пантэравай скуры, пад якімі цудоўна глядзеліся ружовыя трыко, доўгія плашчы з малінавага атласу, аздобленыя крыламі соваў, рукавы ў форме апакрыфічных звяроў, панталоны з брыжамі да самых костачак, расшытыя маленькімі чырвонымі ружамі, панчохі з вышытымі fêtes galantes25 і рознымі цікавымі сцэнкамі і спадніцы, падобныя да штучных кветак. Асобныя дамы прыляпілі маленькія чароўныя вусікі, пафарбаваныя ў пунсовы альбо ярка-зялёны колер і наваскаваныя з выключным майстэрствам; іншыя начапілі доўгія белыя бароды, як у святой Вільгефорты26. Дара тут і там распісаў іх целы дзівоснымі віньеткамі і гратэскавымі малюнкамі. На шчацэ – стары, што пачэсвае сваю рагатую галаву, на ілбе – старая, якую дражніць нахабны амур, на плячы – любоўная singerie27, вакол грудзей – кола сатыраў, вакол запясця – вянок бледных немаўлятак, на локці – букет вясновых кветак, на спіне – сцэны незвычайных прыгодаў, у куточках рота – маленькія чырвоныя плямкі, а вакол шыі – палёт птушак, папугай у клетцы, галінка з пладамі, матылёк, павук, п’яны карузлік альбо проста некалькі ініцыялаў. Але найпрыгажэйшымі былі намаляваныя на нагах чорныя сілуэты, бачныя праз белыя ядвабныя панчохі і падобныя да шыкоўных крывападцёкаў.

Вячэра, прыгатаваная вынаходлівым Рамбуе, была вартая найвышэйшага захаплення. Яшчэ ніколі не ствараў ён такога цудоўнага меню. Аднаго кансамэ-экспромту было б дастаткова, каб зрабіць імя любога кухара бессмяротным. А што ўжо тады казаць пра dorade bouillie sauce maréchale, the ragoût aux langues de carpes, the ramereaux à la charnière, the ciboulette de gibier à l’espagnole, the pâté de cuisses d’oie aux pois de Monsalvie, the queues d’agneau au clair de lune, the artichauts à la Grecque, the charlotte de pommes à la Lucy Waters, the bombes à la marée, and the glaces aux rayons d’or28? Гэта было сапраўднае tour de cuisine29, што пераўзышоў нават знакамітыя маленькія вячэры, якія даваў маркіз дэ Рэшаль у Пасі і якія абат Мірлітон называў “бездакорнымі і занадта добрымі, каб быць з’едзенымі”.

Ах! П’ер Антуан Беркен дэ Рамбуе, ты варты сваёй боскай уладаркі!

Просты голад хутка саступіў месца больш вытанчанаму пачуццю патрабавальнага гурмана, а незвычайнае віно, ахалоджанае ў вёдрах з лёдам, развязала прысутным языкі для пікантных размоваў і гамерычнага рогату.



Частка 4
: storehouse -> authors
authors -> 1547 — пасля 1590 Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі
authors -> Саламея Пільштынова
authors -> 1547 – пасля 1590 Пра пачатак, паходжанне, адвагу, рыцарскія і дамовыя дзеі слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага
authors -> Эдгар Алан По Філасофія кампазіцыі
authors -> Ўільям Батлер Ейтс / William Butler Yeats
authors -> Хітрамудры ідальга Дон Кіхот Ламанчаскі
authors -> Хорас Ўолпал (Horace Walpole) 1717—1797 Замак Отранта
authors -> Чарлз Кослі (Charles Causley) 1917—2003 Прывіды Мілерз-Энда
authors -> Жэрар дэ Нэрваль/ Gérard de Nerval
authors -> Роберт Рос/ Robert Ross


  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка