Падзел Беларусі 1921 г у асэнсаванні сучасных беларускіх паэтаў



Дата канвертавання15.05.2016
Памер79.87 Kb.
Трафімчык Анатоль Віктаравіч (Мінск)
Падзел Беларусі 1921 г. у асэнсаванні сучасных беларускіх паэтаў
Асэнсаванне трагічнага падзелу Беларусі паводле Рыжскага дагавора 1921 г. дзеі беларускімі паэтамі дзякуючы Янку Купалу пачалося па-прароцку – нават раней, чым падзея адбылася. Беларускія лірыкі па абодва бакі мяжы (Якуб Колас, У. Жылка, У. Дубоўка і інш.), калі была адносная магчымасць казаць праўду, бачылі вінаватымі і Польшчу, і Расію, называючы іх чужынцамі ці да т. п. І толькі прымус, разгул сацыялагізатарства, пагражальны для жыцця свайго і блізкіх, кардынальна сказаўся на гучанні паэтавых ліраў.

Кожны з сучасных паэтаў, хто задумаўся над тым, што адбылося з Беларуссю ў 1921 г., з той ці іншай прычыны, па-свойму раскрывае падзею. Але ад радкоў любога з іх скразіць болем, агульнасць якога відавочная з перажываннямі тых, хто ішоў па гарачых слядах падзей, па свежых ранах парэзанай савецка-польскім лязом Беларусі.

Граніца! Яна па жывому, граніца!

Па ўсім, што любіў і люблю!

Над роднай зямлёю прайшла навальніца,

На часткі разбіўшы зямлю! <…>

Суседніх дзяржаў патаемная змова…

Цябе, як разменны пятак…

Там польская мова… Тут руская мова…

Радзіма! За што ж цябе так?! <…>

І там – пад прымусам,

І тут – пад прымусам

ад мовы цябе адраклі!

Ад мовы… Ад продкаў… Ад роднае хаты…

Турма, яна ўсюды турма!

Там – польскія краты…

А тут – Курапаты…

ГУЛАГ… Салаўкі… Калыма… (“Граніца, 1920 – 1939”) [1]

Гэтыя радкі Г. Аўласенкі можна параўнаць з выдыхам, стогнам – настолькі шчыміць аўтару. Такое адчуванне, што яму ные, ніяк не зарубцуецца шнар, нанесены Беларусі Польшчай і Расіяй у Рызе дзясяткі гадоў таму.

Тоесныя перажыванні, на мяжы з хваравітасцю, перадаюцца ў вершы С. Законнікава, які, гледзячы на праблему шырэй, чым Г. Аўласенка, але маючы на ўвазе перадусім Рыжскі падзел, справядліва ўзводзіць у ступень кону імкненне суседаў паланіць Беларусь:

Па карку дубінкай гумоваю – «Kresy»,

А пелькаю – «Северо-западный край»… («Я хворы табой…», 1987) [2, с. 182]

Абодва – і Г. Аўласенка, і С. Законнікаў – аднолькава расстаўляюць палітычныя акцэнты, указваючы на ўсходняга і заходняга суседаў – прыгнятальнікаў беларускага краю. Для ўказання Г. Аўласенка выкарыстоўвае «моўную» праблему – паланізацыі і русіфікацыі. С. Законнікаў – адміністрацыйны падзел, які існаваў падчас Расійскай Імперыі і міжваеннай Рэчы Паспалітай Польшчы: адпаведна «Северо-западный край» і «Kresy».

Не мінае тэмы і галоўны ў нашай паэзіі на дзень сённяшні трыбун – Н. Гілевіч. Ён ідзе следам за Янкам Купалам – шле шквал аналагічных класіку эмоцый-праклёнаў:

На абрыс Радзімы глянуў зноў —

І ўцямрэла неба грамавое!

Людзі! Колькі ёсць праклённых слоў

У святой і вечнай нашай мове —

Я прашу вас: па апошні ўздых,

Аж пакуль не прыме дол смяротны —

Праклінайце! Праклінайце тых,

Хто абрэзаў колісь край наш родны! («Перад картай Радзімы», 1993) [3, с. 147]

Словы народнага паэта адрасуюцца «падзельнікам» Беларусі ўсіх часоў. Краіна, калі казаць пра яе сапраўдную этнаграфічную прастору, у выніку апынулася абкарнаная ці не наўкола. Н. Гілевіч не заклікае да «гістарычнай справядлівасці» – перападзелу, вяртання спрадвечнай вотчыны (у чым на аснове гэтага працытаванага верша сёння спрабуюць пераканаць некаторыя журналісты [4, с. 94]). Паэту, аднак, баліць. Гэтаксама, як, бывае, ные, свярбіць, адчуваецца чалавеку яго страчаная частка цела. У дадзеным выпадку Н. Гілевіч выяўляецца як нерв макраарганізму пад назвай Беларусь, якой, тым не менш, з розных бакоў, па словах паэта, не перастаюць бубнець:

Куды ты ўсё прэшся?

Свой лёс ты між двух выбірай:

Ці «ўсходнія крэсы»,

Ці «северо-западный край». («Крумкач», красавік, 1991) [5, с. 18]

Прычым на гэту тэму народны паэт хоць і не выказваўся шмат, але не прамінуў, каб трагедыя беларускага народа 1921 г. не раскрыць яшчэ і ў драматургічным фармаце. Трагедыя ў дзвюх дзеях «Нас падзялілі» стала другой п'есай пасля купалаўскіх «Тутэйшых», у якой падзеі разгортваюцца ў сувязі з распалавіньваннем Беларусі. Аднак Н. Гілевіч не паўтараецца, ён абірае іншы мастацкі ракурс: паказана, як нацыянальная драма адбілася на прыватных лёсах – маладых закаханых Сцяпана і Параскі, вёскі якіх апынуліся па розныя бакі мяжы, што разлучыла пару. Другая дзея пераносіць нас у час «першых саветаў». Сцяпан трапіў пад сталінскія рэпрэсіі. Параску «аддалі замуж як непрытомную» [6, с. 178], але яе мужа мабілізавалі на вайну, дзе ён і загінуў. Мастацкім прыкладам творца чарговы раз даводзіць, што адносна канкрэтных людзей, пакрыўджаных Рыжскім дагаворам пра падзел Беларусі, так званай гістарычнай справядлівасці не наступіла.

Звычайна паэты, кажучы пра падзелы Беларусі ў ХХ ст., спыняюцца ў сваёй грамадзянскай лірыцы на двух асноўных удзельніках гвалту над краінай. Часам яны называюць таксама іншыя краіны, якія хоць і ў меншай ступені, але не абмінулі магчымасці адцяць на сваю карысць частку беларускай зямлі. У міжваенны перыяд Л. Родзевіч і У. Дубоўка ў гэтым аспекце справядліва звярталі ўвагу на Літву і Латвію. З шэрагу паэтаў-сучаснікаў пашырае геаграфію незычлівых суседзяў А. Балуценка:

Лiтоўцы i палякi, маскалi

Краiну на кавалкi разрывалi,

З усiх бакоў кускi чужой зямлi

Нахабна i без бою забiралi. («Адзіны погляд», 11.07.1995) [7]

Паэт, аднак, не імкнецца да распальвання міжнацыянальнай варожасці, але заклікае да разумення тыя дзяржавы, якія паквапіліся на Беларусь, да агульнасці поглядаў на свабоду.

Як і А. Балуценка, разважаючы над доляй краіны, І. Багдановіч звяртаецца да тэмы рабавання Бацькаўшчыны – і духоўнага, і матэрыяльнага, бачачы пры гэтым віну не толькі рабаўнікоў, але і сваіх супляменнікаў:

…І сталіцу й назовы суседзям

Раздалі і памяць панішчылі,

Цудам вось не сканалі ледзьве,

Забыўшыся ўсіх сваіх мітаў…

Паэтка задаецца пытаннем, рытарычнасць якога апелюе да сумлення і годнасці народа:

Як мы сьцерплі, што Край пасеклі,

Залілі атрутаю памяць?

Лірычная развязка верша І. Багдановіч мае аптымістычны характар:

І гісторыя зьменіць ракурс

Не па суседзкім рэцэпце… («Залатая шляхецкая вольнасць…) [8, с. 55-56]

Рытарычнасць у пытанні Л. Галубовіча, аднак, адваротная па настроі:

Там – касцёл, а тут царква.

Хто ж – Варшава ці Масква –

Даканаюць? («Нянавісць») [9, с. 15]

Як бачна, абазначаная намі тэма рыжскага падзелу Беларусі ў працытаваных творах некаторых сучасных мастакоў слова выглядае замглёна, не зусім канкрэтна. Часам гэта толькі рэха тых драматычных падзей. Але яна, увабраная ў алегорыі, кантэксты і падтэксты, ёсць. Як, прыкладам, у А. Разанава:

Госці прыйшлі ў мой дом.

Пытаюся, што ім трэба.

Адказваюць госці: мы хочам узяць твой скарб.

Пытаюся, хто яны.

Адказваюць госці: гаспадары.

Відаць, памыліліся госці і забрылі не ў той дом. Я жыву тут ад нараджэння і ведаю ўсё да апошняй драбніцы: вунь – столь, вунь – падлога, вунь – рэчы, бо ўсё, што ні ёсць тут, – маё.

Ды госці ўзрываюць маснічыны – і дастаюць з-пад іх куфар,

вымаюць пару цаглін са сцяны – і ўжо трымаюць шкатулку ў руках,

лезуць пад столь – і выцягваюць з нейкай шчыліны нейкі скрутак…

І вось я стаю ў сваім доме – госць. [10, с. 105]

Хіба не раскрытая філасофія прэтэнзій на беларускія землі? І не толькі савецка-польскіх. Але і тых у тым ліку.

Адзін з верагодных і лагічных адказаў на пытанне аб адвечных падзелах Беларусі яе суседзямі дае ў сваіх песнях С. Сокалаў-Воюш (цытуецца па памяці):

Хтосьці ўсмак гандляваў шматпакутнай радзімай краінай,

Не сваёй, а маёй, бо сваёй у яго не было. («Праўды святло»)

Зрэдку можна натыкнуцца і на вершы пра развязку становішча, створанага Рыжскім дагаворам, – акт далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Прычым – з антысавецкімі сэнсамі і канатацыямі. Прыкладам – верш С. Панізніка «Спадкі Заходняй Беларусі» з радкамі:

Сеялі і малацілі…

Раптам нас «асвабадзілі»,

на прыгон штодня прымусілі хадзіць… [11, с. 95]

Негатыўныя адносіны да «саветаў», якія апанавалі заходнюю частку Беларусі, С. Панізьнік праяўляе яшчэ ў некаторых вершах з кнігі «Пры сьвячэньні...»: «Браніслаў Тарашкевіч», «Разоры прысягі», «Гутарка з магіканам хутару» і «Восеньскія матывы радзімазнаўства». У якасці яскравых прыкладаў прывядзём пачатак апошняга з названых:

Як засушлівыя леты.

тут мяняліся «саветы». [12, с. 29]

А таксама ўрывак першага верша пра лёс Б. Тарашкевіча:

...Як брацьцяў узьядналі

і кінулі ў цяплушкі

расьпятую краіну.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Паўзла па ўсёй Заходняй

бяда з бальшавікамі... [12, с. 181]

Што праўда, тэма падзей верасня 1939 г. у творчасці іншых сучасных паэтаў нам у прыватнасці не траплялася. Гэта можа казаць не толькі пра яе непапулярнасць, але і пра тое, што яе складанасць не бачыцца вырашальнай для паэтычнай думкі або і таго больш – вырашальнай зусім не ў тым ключы, да якога прывучала ўся папярэдняя ідэалогія афіцыёзу.

Бадай, ва ўсіх з прыведзеных твораў іх аўтары глядзяць на геапалітычную распалавіненасць Беларусі праз прызму і ў кантэксце сучаснасці, таму часцей за ўсё наша тэма ў іх не дамінуе, з’яўляючыся праблемным для Беларусі момантам, які захаваўся, такім чынам, да часу сённяшняга.

Гістарыясофскім падагульненнем (зробленым NB на зары так званай перабудовы) глядзіцца падыход да такога беларускага кону І. Чыгрына:

Рускія вызвалялі ад палякаў.

Палякі вызвалялі ад рускіх.

Вызвалялі шведы,

Вызвалялі французы,

Вызвалялі немцы.

І хто нас толькі не вызваляў?

А мы як былі нявольнікамі,

Так і засталіся. («Рускія вызвалялі ад палякаў…», 1986) [13 с. 33]

У гэтым караценькім творы, бадай, раскрыта метафізічная сутнасць і дэтэрмінізм адвечных падзелаў Беларусі: аўтар коратка і ёмка кажа, што «мы былі нявольнікамі», г. зн. самі былі нявольнікамі, «так і засталіся», г. зн. самі засталіся. Такі наш нацыянальны выбар. Асабісты. Гэта – галоўнае.



Паэт не развівае думку. Але, нягледзячы на тое, што верш заканчваецца песімістычнай кропкай, а не шматкроп’ем з яго эвентуальным задалягляддзем, інтуітыўна адчуваецца (прынамсі на ўзроўні жадання) заключны эліпсіс, які падказвае (тым, хто здольны пачуць нявыказанае): трэба мацаваць нацыянальную пасіянарнасць! – “і гісторыя” – сапраўды – “зьменіць ракурс не па-суседзкім рэцэпце”!
Літаратура

  1. Полымя. – 1994. – №4. – С. 148.

  2. Тысяча гадоў добраму суседству: беларуска-літоўскае гістарычнае і літаратурнае сужыццё: анталогія / склад. Сяргей Панізьнік; рэдкал: А. Мальдзіс (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Кнігазбор, 2009.

  3. Гілевіч, Н. Выбраныя творы / Н. Гілевіч / Уклад., камент. Н. Гілевіча; прадм. У. Конана. Мінск: Кнігазбор, 2009.

  4. Przypadki Pawła Izotowicza: Rozmowa z Pawłem Jakubowiczem // Ograbiony naród: Rozmowy z intelektualistami białoruskimi. Wrocław: Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego, 2007.

  5. Гілевіч, Н. Збор твораў у 23 тамах / Н. Гілевіч. Мінск: ТДА «Пантограф», 2010 – 2014. – Том 2. Паэзія. – 2010.

  6. Гілевіч, Н. Адрынутыя. Дзве п’есы / Н. Гілевіч // Дзеяслоў. – 2012. – № 5.
  7. Балуценка А. Вершы аб свабодзе і незалежнасці [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://ab24b.narod.ru/f12_6.htm. Дата доступу: 13.01.2012.


  8. Верш на свабоду. Б.м.: Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода, 2002.

  9. Галубовіч, Л. Апошнія вершы леаніда галубовіча / Л. Галубовіч. – Полацак: «Полацкая ляда», 2000.

  10. Разанаў, А. Госці А. Разанаў // Роднае слова. – 2006. – № 4.

  11. Панізьнік, С. А пісар земскі...: вершы / С. Панізьнік. – Мінск: Маст. літ., 1994.

  12. Панізьнік, С. Пры сьвячэнні...: Зб. вершаў / С. Панізьнік. – Вільня: Наша Будучыня, 2004.

  13. Чыгрын, І. Нашчадак аратая / І. Чыгрын // Крыніца. – 1997. – № 9.

: bitstream -> 123456789 -> 109979
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка