Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь І Урадам Грузіі аб міжнародных аўтамабільных зносінах



Дата канвертавання02.07.2016
Памер108.05 Kb.
ПАГАДНЕННЕ

паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Грузіі

аб міжнародных аўтамабільных зносінах

Урад Рэспублікі Беларусь і Урад Грузіі, якія далей называюцца Бакамі,

імкнучыся садзейнічаць супрацоўніцтву паміж дзвюма дзяржавамі ў сферы аўтамабільных зносін і транзіту праз іх тэрыторыі,

зыходзячы з прынцыпаў узаемадзеяння і захавання двухбаковых інтарэсаў,

дамовіліся аб ніжэйпададзеным:

Артыкул 1


Палажэнні гэтага Пагаднення прымяняюцца да аўтамабільных перавозак пасажыраў і грузаў у двухбаковых зносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Грузіяй, транзітам праз іх тэрыторыі, а таксама ў (з )трэція дзяржавы.
Артыкул 2

Паняцці, якія выкарысоўваюцца ў Пагадненні, маюць наступныя значэнні:

"перавозчык" - любая фізічная або юрыдычная асоба, зарэгістраваная ў дзяржаве аднаго з Бакоў, якая мае права ажыццяўляць міжнародныя пасажырскія ці грузавыя перавозкі ў адпаведнасці з дзеючым у гэтай дзяржаве заканадаўствам і падзаконнымі актамі;

"транспартны сродак":

а) зарэгістраваны на тэрыторыі дзяржавы аднаго з Бакоў, прызначаны для перавозкі грузаў аўтатранспартны сродак ці камбінаваны транспартны сродак, які абсталяваны і прымяняецца толькі для перавозкі грузаў;

б) зарэгістраваны на тэрыторыі дзяржавы аднаго з Бакоў, прызначаны для перавозкі пасажыраў аўтатранспартны сродак (аўтобус), які па сваёй канструкцыі і абсталяванню выкарыстоўваецца для перавозкі болей дзевяці чалавек, уключаючы вадзіцеля;

"дазвол" - дакумент, які дае права на ўезд транспартнага сродку, што зарэгістраваны на тэрыторыі дзяржавы аднаго Боку, на тэрыторыю дзяржавы другога Боку альбо праезд транзітам праз гэтую тэрыторыю;

"транзіт" - перавозка грузаў (без пагрузкі і выгрузкі) і перавозка пасажыраў (без пасадкі і высадкі) перавозчыкам, які зарэгістраваны на тэрыторыі дзяржавы аднаго з Бакоў, праз тэрыторыю дзяржавы другога Боку ў трэцюю дзяржаву або з трэцяй дзяржавы;

"квота" - колькасць дазволаў, якія даюць права перавозчыку ажыццяўляць аўтамабільныя перавозкі ў двухбаковых зносінах паміж Рэспублікай Беларусь і Грузіяй, транзітам праз іх тэрыторыі, а таксама ў (з) трэція дзяржавы;

"кабатаж" - перавозка грузаў альбо пасажыраў аўтатранспартнымі сродкамі, якія зарэгістраваны на тэрыторыі дзяржавы аднаго Боку, паміж пунктамі, размешчанымі на тэрыторыі дзяржавы другога Боку;

"спецыяльны дазвол" - разавы дакумент, які дае права на ўезд транспартнага сродку дзяржавы аднаго Боку на тэрыторыю дзяржавы другога Боку або праезд транзітам праз яго тэрыторыю, калі агульная вага транспартнага сродку, яго габарыты альбо нагрузка на вось перавышаюць устаноўленыя на тэрыторыі гэтай дзяржавы нормы.

Кампетэнтныя органы ад:

Рэспублікі Беларусь - Міністэрства транспарту і камунікацый;

Грузіі - Адміністрацыя аўтамабільнага транспарту Міністэрства транспарту і камунікацый.


Частка I. Перавозка пасажыраў.

Артыкул 3

Гэтае Пагадненне прымяняецца да ўсіх відаў пасажырскіх перавозак, якія ажыццяўляюцца аўтатранспартнымі сродкамі (аўтобусамі) паміж дзяржавамі Бакоў і транзітам праз іх тэрыторыі.


Артыкул 4

Паняцці, якія выкарыстоўваюцца ў гэтым раздзеле, маюць наступныя значэнні:

1 ."Рэгулярныя перавозкі" - перавозкі, якія ажыццяўляюцца па папярэдне ўзгодненаму раскладу руху, па загадзя зацверджаным тарыфам, пэўнаму маршруту з вызначанымі пунктамі прыпынкаў. Умовы ажыццяўлення рэгулярных перавозак вызначаюцца на падставе гэтага Пагаднення па ўзгадненню кампетэнтных органаў Бакоў.

2. "Нерэгулярныя (чартарныя, турыстычныя) перавозкі":

а) тур пры зачыненых дзявярах - перавозка, у ходзе якой група пасажыраў аднаго і таго ж складу на працягу ўсёй паездкі перавозіцца адным і тым жа транспартным сродкам і вяртаецца ў дзяржаву яго рэгістрацыі;

б) перавозкі, пры якіх аўтатранспартны сродак ажыццяўляе паездку ў пункт прызначэння з пасажырамі і вяртаецца ў парожнім стане;

в) перавозкі, у ходзе якіх аўтатранспартны сродак ажыццяўляе паездку ў пункт прызначэння ў парожнім стане і вяртаецца з пасажырамі, пры ўмове, што пасажыры былі раней перавезены гэтым жа перавозчыкам;

г) перавозкі, якія не падпадаюць пад крытэрыі, што зазначаны вышэй, гэта значыць перавозкі другіх відаў.


Артыкул 5

1. На названыя ў падпунктах а), б) і в) пункта 2 артыкула 4 гэтага Пагаднення нерэгулярныя перавозкі дазволы не патрэбны. Яны ажыццяўляюцца на падставе кантрольнага дакумента (фармуляра).

2. У кантрольным дакуменце (фармуляры) павінна змяшчацца наступная інфармацыя:


  • від перавозкі;

  • маршрут;

  • перавозчык (перавозчыкі);

  • запоўнены спісак пасажыраў;

  • рэгістрацыйны нумар транспартнага сродку.

3. Зазначаныя ў падпункце г) пункта 2 артыкула 4 гэтага Пагаднення нерэгулярныя перавозкі могуць ажыццяўляцца толькі на падставе дазволу, які выдадзены кампетэнтным органам другога Боку. Колькасць, форма і змест гэтых дазволаў вызначаецца Сумеснай камісіяй, што зазначана у артыкуле 22 гэтага Пагаднення.
Артыкул 6

Дазволы не патрэбны на нерэгулярныя транзітныя перавозкі пасажыраў, якія ажыццяўляюцца праз тэрыторыю дзяржавы аднаго з Бакоў аўтатранспартным сродкам, што зарэгістраваны на тэрыторыі дзяржавы другога Боку.


Артыкул 7

1. Рэгулярныя перавозкі ажыццяўляюцца на падставе дазволаў, якія выдадзены кампетэнтным органам Боку, па тэрыторыі дзяржавы якога праходзіць маршрут.

2. Дазволы на рэгулярныя перавозкі будуць выдавацца на тэрмін да трох гадоў і могуць быць прадоўжаны па адпаведнаму запыту.

3. Дазвол павінен змяшчаць наступныя дадзеныя:



  • від перавозкі;

  • найменне перавозчыка;

  • маршрут з указаннем месцаў адпраўлення і прызначэння, прамежкавых прыпынкаў;

  • тэрмін дзеяння дазволу.

4. У дадатку да дазволу павінна змяшчацца інфармацыя аб перавозчыку, маршруце (зазначаным на схеме), раскладзе, тарыфе, перыядычнасці перавозак і пунктах прамежкавых прыпынкаў, дзе ажыццяўляецца пасадка і высадка пасажыраў, а таксама аб аўтобусах, якія будуць абслугоўваць маршрут.

5. Кампетэнтны орган аднаго з Бакоў накіроўвае рэкамендацыйнае пісьмо кампетэнтнаму органу другога Боку, якое змяшчае інфармацыю згодна з пунктам 4 гэтага артыкула. У выпадку згоды кампетэнтны орган Боку выдае дазвол на ўчастак маршруту, што праходзіць па тэрыторыі яго дзяржавы.

6. Дазвол і дадаткі павінны быць падпісаны ўпаўнаважанай асобай і зацверджаны пячаткай кампетэнтнага органа, які іх выдае.

7. Умовы абмену дазволамі вызначаюцца кампетэнтнымі органамі Бакоў.

8. Дазвол не патрэбны пры замене пашкоджанага аўтобуса другім аўтобусам.
Артыкул 8

1. Для рэгулярных перавозак пасажыраў, якія ажыццяўляюцца праз тэрыторыю дзяржавы аднаго з Бакоў (транзіт) аўтатранспартным сродкам, што зарэгістраваны ў дзяржаве другога Боку, неабходны дазвол. Ён павінен быць выдадзены кампетэнтным органам таго Боку, на тэрыторыі дзяржавы якога ажыццяўляюцца рэгулярныя перавозкі, на падставе заяўкі кампетэнтнага органа другога Боку.

2. Прыступіць да рэгулярных перавозак можна толькі пасля абмену кампетэнтнымі органамі абодвух Бакоў адпаведнымі дазволамі разам з усімі неабходнымі дадаткамі.

3. Орган, які выдаў дазвол на ажыццяўленне рэгулярных аўтобусных перавозак, можа яго адмяніць у тым выпадку, калі перавозчык не выконвае патрабаванні, на падставе якіх выдадзены дазвол, аб чым павінна быць паведамлена кампетэнтнаму органу другога Боку.


Артыкул 9

Сярод рознага віду паслуг, што звязаны з перавозкай пасажыраў, толькі пры рэгулярным абслугоўванні з перавозчыкаў дзяржаў Бакоў не збіраюцца ў пунктах пропуску праз дзяржаўную мяжу падаткі і зборы, якія звязаны з утрыманнем і выкарыстаннем дарог, за выключэннем збораў за платныя дарогі.


Частка II. Перавозка грузаў

Артыкул 10

1. Перавозчык, што зарэгістраваны на тэрыторыі дзяржавы аднаго з Бакоў, мае права ажыццяўляць міжнародныя аўтамабільныя перавозкі грузаў паміж тэрыторыямі дзяржаў Бакоў, транзітам праз іх тэрыторыі, а таксама ў (з) трэція дзяржавы на падставе дазволаў, якія выдадзены кампетэнтным органам другога Боку.

2. Дазвол сапраўдны для праезду транспартнага сродку з грузам або ў парожнім стане туды і назад.

3. Штогод кампетэнтныя органы Бакоў, Сумесная камісія, што зазначана ў артыкуле 22 гэтага Пагаднення, вызначаюць колькасць дазволаў (квоту), якія дазваляюць перавозчыкам дзяржаў Бакоў ажыццяўляць міжнародныя аўтамабільныя перавозкі грузаў.


Артыкул 11

Кампетэнтныя органы Бакоў альбо Сумесная камісія, зазначаная ў артыкуле 22 гэтага Пагаднення, узгадняюць форму дазволаў і працэдуру абмену імі.


Артыкул 12

На падставе пункта 1 артыкула 10 гэтага Пагаднення кампетэнтныя органы абодвух Бакоў штогод за два месяцы да пачатку каляндарнага года, які мае адбыцца, абменьваюцца ўзгодненай колькасцю дазволаў.


Артыкул 13

1. Дазволы, якія зазначаны ў артыкуле 10 гэтага Пагаднення, не патрэбны пры перавозках:



  • грузаў транспартнымі сродкамі, максімальная агульная маса якіх, уключаючы прычэпы, не перавышае 6 тон або максімальная грузападымальнасць якіх, уключаючы грузападымальнасць прычэпаў, не перавышае 3,5 тоны;

  • грузаў з грамадзянскага аэрапорта ў другі аэрапорт з прычыны аварыі самалёта альбо любога няшчаснага выпадку, вымушанай пасадкі пры змяненні курсу ці з прычыны надзвычайнага становішча, адмены рэйсаў;

  • пашкоджаных транспартных сродкаў;

  • нябожчыкаў;

  • пошты;

  • кірмашовых і выставачных грузаў;

  • дэкарацый і іншых грузаў, прызначаных для тэатра, музыкальных і другіх культурных мерапрыемстваў, цыркавых прадстаўленняў, паказу фільмаў, радыё- і тэлеперадач;

  • медыкаментаў і любых другіх матэрыялаў у выглядзе дапамогі ў выпадку стыхійных бедстваў.

Дазволы не патрэбны таксама пры праездзе:

  • спецыяльных аўтатранспартных сродкаў для аказання тэхнічнай дапамогі;

  • парожніх аўтатранспартных сродкаў для ажыццяўлення перавозкі грузаў замест пашкоджаных аўтатранспартных сродкаў;

  • аўтатранспартных сродкаў, якія прызначаны для замены пашкоджаных аўтатранспартных сродкаў, што знаходзяцца на тэрыторыі дзяржавы другога Боку.

2. У вадзіцеля павінны быць дакументы, якія пацвярджаюць, што перавозка, якую ён ажыццяўляе, з'яўляецца адным з вышэйпералічаных відаў перавозак.

Частка III. Агульныя палажэнні


Артыкул 14

1. Перавозчыкі дзяржавы аднаго з Бакоў, якія ажыццяўляюць рэйсы ў адпаведнасці з гэтым Пагадненнем, вызваляюцца ад мытных пошлінаў на ўвезенае на тэрыторыю дзяржавы другога Боку:

гаручае, якое знаходзіцца ў прадугледжаным заводам-вытворцам у адпаведнасці з канструкцыяй баку стандартнага памеру, тэхналагічна звязаным з рухавіком аўтатранспартнага сродку, у колькасці, што ўстаноўлена нацыянальным заканадаўствам дзяржавы Боку, па тэрыторыі якой ажыццяўляецца перавозка;

змазачныя матэрыялы ў колькасці, дастатковай для кіравання аўтатранспартным сродкам на працягу рэйса;

запасныя часткі, што ўвозяцца для рамонту пашкоджаных аўтатранспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць міжнародныя рэйсы. Нескарыстаныя запасныя часткі належаць зваротнаму вывазу.

2. Перавозчыкі, якія зарэгістраваны ў дзяржаве аднаго Боку, пры выкананні перавозак грузаў па тэрыторыі дзяржавы другога Боку вызваляюцца на падставе парытэту ў межах узгодненых квотаў дазволаў ад аплаты збораў, звязаных з утрыманнем і выкарыстаннем дарог, акрамя платных дарог, мастоў, тунэляў.



Артыкул 15

1. Кожны з Бакоў абавязваецца не прымяняць у адносінах да габарытаў, нагрузкі на вось і агульнай масы транспартных сродкаў, якія зарэгістраваны на тэрыторыі дзяржавы другога Боку, болей абмежавальных умоў, чым да транспартных сродкаў, што зарэгістраваны на тэрыторыі сваёй дзяржавы.

2. Калі габарыты, агульная маса альбо нагрузка на вось транспартнага сродку з грузам або без грузу перавышаюць устаноўленую ў дзяржаве другога Боку мяжу, патрэбны спецыяльны дазвол, які выдаецца ўпаўнаважаным органам гэтага Боку.

3. Перавозка небяспечных грузаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам дзяржавы Боку, па тэрыторыі якой праходзіць маршрут, на падставе спецыяльнага дазволу, што выдадзены адпаведным упаўнаважаным органам.

4. Пры перавозцы жывел і скорапсавальных грузаў пагранічны, мытны і санітарны кантроль ажыццяўляецца ў першачарговым парадку.

Артыкул 16

1. Перавозкі пасажыраў і грузаў на падставе гэтага Пагаднення ажыццяўляюцца пры ўмове абавязковага страхавання грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў.

2. Транспартны сродак, які ажыццяўляе міжнародную перавозку, павінен мець рэгістрацыйны і распазнавальны знакі сваёй дзяржавы.

3. Прычэпы і паўпрычэпы могуць мець рэгістрацыйныя і распазнавальныя знакі другіх дзяржаў пры ўмове рэгістрацыі грузавога аўтамабіля альбо аўтамабільнага цягача ў Рэспубліцы Беларусь або Грузіі.



Артыкул 17


Кабатаж пры перавозцы пасажыраў і грузаў забараняецца.

Артыкул 18


1. Усе неабходныя дакументы, такія, як дазвол, кантрольны дакумент (фармуляр), другія дазволы, таксама як і дакумент, які неабходны згодна з многабаковымі або двухбаковымі пагадненнямі, удзельнікамі якіх з'яўляюцца Бакі, альбо з заканадаўствам дзяржаў Бакоў, павінны знаходзіцца ў аўтатранспартных сродках і прад'яўляцца вадзіцелямі па патрабаванню кантралюючых органаў.

2. Дазволы выдаюцца перавозчыку. Яны не могуць быць перададзены трэцім асобам.



Артыкул 19


1. Калі перавозчык, што зарэгістраваны ў дзяржаве аднаго Боку, знаходзячыся на тэрыторыі дзяржавы другога Боку, парушыць дзеючае ў гэтай дзяржаве заканадаўства альбо палажэнні гэтага Пагаднення, кампетэнтны орган Боку, на тэрыторыі дзяржавы якога адбылося парушэнне, павінен паведаміць кампетэнтнаму органу другога Боку, які прыме захады, што прадугледжаны заканадаўствам дзяржавы гэтага Боку.

Кампетэнтныя органы Бакоў павінны інфармаваць адзін аднаго аб прымененых санкцыях.

2. Пытанні, што не ўрэгуляваны гэтым Пагадненнем, а таксама міжнароднымі дагаворамі, удзельнікамі якіх з'яўляюцца дзяржавы абодвух Бакоў, будуць вырашацца згодна з нацыянальным заканадаўствам дзяржавы кожнага з Бакоў.

Артыкул 20


Гэтае Пагадненне не закранае другіх міжнародных дагавораў, удзельнікамі якіх з'яўляюцца дзяржавы Бакоў.

Артыкул 21


Кампетэнтныя органы Бакоў будуць ажыццяўляць кантроль за выкананнем палажэнняў гэтага Пагаднення і абавязваюцца абменьвацца неабходнай інфармацыяй згодна з нацыянальным заканадаўствам дзяржаў Бакоў.

Артыкул 22


1. 3 прадстаўнікоў кампетэнтных органаў Бакоў ствараецца Сумесная камісія для вырашэння пытанняў, якія звязаны з аўтамабільнымі перавозкамі пасажыраў і грузаў, а таксама для ўрэгулявання праблем, што могуць узнікнуць пры рэалізацыі гэтага Пагаднення.

2. Раз у год альбо па просьбе кампетэнтнага органа аднаго з Бакоў Сумесная камісія праводзіць свае пасяджанні па чарзе на тэрыторыях дзяржаў Бакоў. Кожнае пасяджанне завяршаецца афармленнем пратакола, які падпісваецца кіраўнікамі дэлегацый.



Частка IV. Заключныя палажэнні

Артыкул 23


Унясенне змяненняў і дапаўненняў у гэтае Пагадненне ажыццяўляецца шляхам афармлення на падставе згоды Бакоў адпаведных пратаколаў, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай гэтага Пагаднення.

Артыкул 24


1. Гэтае Пагадненне ўступае ў сілу праз трыдцаць дзён пасля таго, як Бакі пісьмова паведамяць адзін аднаму па дыпламатычных каналах аб выкананні імі ўсіх неабходных для гэтага ўнутрыдзяржаўных працэдур.

2. Гэтае Пагадненне будзе дзейнічаць на працягу пяці гадоў і пасля сканчэння тэрміну будзе працягвацца на наступныя пяць гадоў пры ўмове, што ні адзін з Бакоў не паведаміць другому Боку аб сваім намеры спыніць дзеянне гэтага Пагаднення не пазней чым за шэсць месяцаў да сканчэння адпаведнага тэрміну яго дзеяння.



Здзейснена ў г. Мінску " 07 " сакавіка 2002 года ў двух сапраўдных экзэмплярах на беларускай, грузінскай і рускай мовах кожны, прычым усе тэксты маюць аднолькавую сілу. У выпадку ўзнікнення адрозненняў пры тлумачэнні палажэнняў гэтага Пагаднення за аснову будзе прымацца тэкст на рускай мове.
За Урад Рэспублікі Беларусь За Урад Грузіі
: pic -> dcontent
dcontent -> Паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Французскай Рэспублікi аб міжнародных аўтамабльных грузавых зносінах
dcontent -> Пагадненне памiж урадам рэспублiкi беларусь I федэральным саветам швейцарскай канфедэрацыi аб мiжнародных аўтамабiльных пасажырскiх I грузавых перавозках
dcontent -> Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь І Каралеўствам Данія аб міжнародных аўтамабільных перавозках пасажыраў І грузаў Рэспубліка Беларусь І Каралеўства Данія, якія называюцца далей "Дагаворныя Бакі", Урады якіх
dcontent -> Паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Фінляндскай Рэспублікi
dcontent -> Аб унясенні змяненняў І дапаўненняў да ііагаднення паміж
dcontent -> Пагадненне памiж урадам рэспублiкi беларусь I урадам фiнляндскай рэспублiкi аб унясеннi змяненняў у пагадненне памiж урадам рэспублiкi беларусь I урадам фiнляндскай рэспублiкi аб мiжнародных аўтамабiльных зносiнах ад 24 чэрвеня 1997 года
dcontent -> Пагадненне памiж Урадам Рэспублiкi Беларусь I Урадам Украiны аб мiжнародных аўтамабiльных зносiнах
dcontent -> Памiж урадам рэспублiкi беларусь I урадам румынii аб мiжнародных аўтамабiльных пасажырскiх I грузавых зносiнах
dcontent -> Пагадненне памiж урадам рэспублiкi беларусь I
dcontent -> Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь І Урадам Рэспублікі Македонія аб міжнародных аўтамабільных зносінах




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка