Пакінуць след на зямлі



старонка1/11
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.85 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


Анатоль Крупа

Пакінуць

след

на зямлі


Анатоль Крупа

Пакінуць след на зямлі


Аўтар распавядае пра гістарычнае мінулае вёскі з моманту першага ўпамінання маёнтка «Бердаўка» ў пісьмовых крыніцах у 1527 годзе да дня сённяшняга. Чытач даведаецца пра малавядомыя факты мясцовай гісторыі, пра людзей – жыхароў Бердаўкі, якія добрасумленна працавалі і працуюць на карысць Радзімы. Закранаюцца тэмы культуры, адукацыі, побыту, маралі. Разлічана на шырокага чытача – усіх, хто цікавіцца краязнаўствам.

Ёсць такi куточак

У паўночна-ўсходнім закутку Лідчыны знаходзіцца мясціна, якая называецца Бердаўка. Прырода шчодра адарыла яе наваколле дзівоснымі краявідамі, а гісторыя настолькі багатая, наколькі драматычнае мінулае гэтай зямлі.

Сярод пасляледніковага краявіду плоскай слабаразрэзанай раўніны вока вандроўніка штораз трапляе на люстэрка маляўнічых штучных азераў, на палі, квітнеючыя вясной лугі, зялёны далягляд змешаных лясоў.

Тое, што зрабіла на гэтым акрайку Зямлі прырода, а з цягам астатніх пяці стагоддзяў удасканаліла праца дрывасека, земляроба, цесляра, будаўніка, архітэктара, стварыла для гэтага куточка цалкам вылучаную, калі не сказаць экзатычную, цэласнасць.

Зусім натуральна паўстае пытанне: чаму паселішча носіць назву Бердаўка? Што ж абазначае гэтае слова?

Аўтар шматлікіх публікацый па гісторыі Лідчыны Валерый Васільевіч Сліўкін, спрабуючы растлумачыць паходжанне назвы Бердаўка, дае вельмі грунтоўнае тлумачэнне дадзенаму тапоніму. Ён схіляецца да таго, што бердаўка – гэта невялікі бярозавы гай, а берд – гэта бяроза. У пацверджанне зазначае, што на летувіскай мове бяроза – berzas, а беразняк – berzyne. (Лідскі летапісец, №6 за 1998 год). Неабходна адзначыць, што ля вёскі ёсць гай, дзе растуць розныя шырокалісцевыя дрэвы. Бяроза ў нашым гаі сустракаецца не так часта. Больш пераважае цвёрдае дрэва, падобнае на вяз, – бераст, якое адносіцца да сямейства ільмавых, або вязавых (ільм, бераст, вяз) – сямейства Ulmaceas, род Ulmusl. Так што найбольш верагодна, што сваю назву Бердаўка атрымала не ад бярозавага гаю, а ад гаю, дзе расце бераст (брузэльнік, брызгліна, бярдзіна), з яго вырабляюць дугі. Дарэчы, гэтае дрэва расце і каля штучнага вадаёма ў 50м ад палаца.

Асмелюся выказаць і яшчэ адну думку наконт назвы вёскі. За 2км ад Сцеркава ў бок Бердаўкі некалькімі лініямі цягнуцца насыпаныя курганы. Іх вышыня дасягае 1–1,3м. Частка іх, магчыма, была разбурана ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека. У 1997 годзе вучні Бердаўскай школы пад кіраўніцтвам супрацоўніка НАН РБ Яраслава Звяругі правялі археалагічныя раскопкі двух курганоў. Было ўстаноўлена, што гэтыя пахаванні належаць аднаму з балцкіх плямёнаў. Магчыма – барцева, якія мігравалі на тэрыторыю Лідчыны ў канцы ХІІІ стагоддзя з паўднёвага ўзбярэжжа Балтыйскага мора пасля выцяснення іх Тэўтонскім ордэнам.

У адрозненне ад курганнага магільніка, які знаходзіцца ля вёскі Касоўшчына, сцеркаўскія курганы аказаліся беднымі: рэшткі попелу і некалькі каменьчыкаў, выкладзеных строга ў пэўным накірунку: усход – захад, поўдзень – поўнач.

У сённяшняй летувіскай мове слова berti абазначае “сыпаць”, слова priberti – “насыпаць”. Верагодна, мясціна Бердаўка, а затым і маёнтак атрымалі сваю назву ад слова berti – сыпаць. І “Бердаўка” абазначае месца за насыпамі (курганамі) або месца, дзе шмат насыпаў.

Маёнтак Бердаўка ўпершыню згадваецца ў прывілеях Гаспадара Вялікага княства Літоўскага Жыгімонта І Старога 28 траўня 1527 года. Сынам лідскага і беліцкага старасты, маршалка надворнага Юрыя Іллініча, Яну, Станіславу і Шчаснаму на палюбоўны падзел бацькоўскіх уладанняў на тры долі: ”А третья часть именья, отчизны их, достала брату их, пану Станиславу (кан. 1500-31), а двор Бердовка и Придбайловский дворец,... ”

Знаўца Лідчыны, Міхал Шымілевіч, пісаў, што Бердаўка ў ХVІ стагоддзі з’яўлялася прыватнай уласнасцю Бердаўскіх. І толькі даследчык Р. Атаназы, спецыяліст па гісторыі шляхецкіх сядзібаў, лічыць, што Бердаўка – радавое гняздо Бердаўскіх гербу Мандроскі.

У ВКЛ прозвішчы з’явіліся ў ХV – пачатку ХVІ ст. ст. Часта іх атрымлівалі ад назвы мясцовасці і паселішчаў, якімі валодалі. Верагодна, што Бердаўскія атрымалі сваё прозвішча ад назвы мясцовасці, а не наадварот, як лічаць некаторыя даследчыкі. Дзесьці ў канцы 80-х гадоў ХVІІ стагоддзя Бердаўскія маёнтак прадаюць. Ужо ў 1690 годзе ім валодае Аляксандр – Ян Місевіч, затым Крэчаты (1700), Гінгалы (1750), Томаш Умястоўскі (1784), Юзэфа Жабіна (1813), Нарбут.

У пачатку 60-х гадоў ХІХ стагоддзя Бердаўка з’яўлялася ўласнасцю Вінцэнта Захватовіча. У 1863 годзе ён, як і каля 200 шляхцічаў Лідскага павета, далучыўся да паўстанцаў К. Каліноўскага. У 1864 годзе маёнтак у Захватовіча быў канфіскаваны, а ён з сям’ёю высланы ў Варонежскую губернію.

Імператарскім пажалаваннем Бердаўка дасталася Аляксандру Станіслававічу Дамбавецкаму (1840 – пасля 1914). Аляксандр Станіслававіч Дамбавецкі – відны дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі: камергер, ганаровы суддзя Лідскага павета, магілёўскі губернатар, сенатар, беларускі краязнаўца. У канцы 60-х – першай палове 70-х гадоў пабудаваў у Бердаўцы цагляны палац у неагатычным стылі, разбіў пейзажны парк. У 1904-1905гг. на беразе става пабудаваў спіртзавод. Было ўзведзена шмат гаспадарчых пабудоў. Маёнтак адносіўся да ліку добраўпарадкаваных.

У пачатку ХХ стагоддзя ахопліваў 600 дзесяцін зямлі, да яго было прыпісана 118 работнікаў.

З верасня 1915 года да канца 1919 года ў маентку стаялі кайзераўскія войскі.

17 красавіка 1919 года ўвайшлі палякі. А з ліпеня па жнівень 1920 года Бердаўку нядоўгі час займала Чырвоная Армія.

У верасні 1920 года значная частка тэрыторыі Беларусі зноў акупіравана палякамі. 18 сакавіка 1921 года па Рыжскім мірным дагаворы тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да Польшчы. Перапіс, праведзены 30 верасня 1921г., засведчыў, што ў фальварку Бердаўка ў 7 жылых дамах пражывае 121 чалавек. У 1922 годзе фальварак перайшоў дзяржаўнай скарбніцы. Частку земляў маёнтка, прыкладна 320-400 га (па 15-30га), выдзелілі 16 сем’ям асаднікаў. Вось прозвішчы некаторых з іх : Халявінскі, Дулько, Міраслаўскі, Касцельнік, Яшчэржэмбскі.

З 1923 па 1939 год у маёнтку функцыянавала школа ральніча (агранамічная). Дырэктар – Квяткоўскі.

З сярэдзіны 30-х гадоў пачаўся новы перыяд у гісторыі Бердаўкі. Тут быў заснаваны племянны конезавод. Вялося будаўніцтва стайняў, гаспадарчых пабудоў, жылля для спецыялістаў конезавода, школы, касцёла.

Другая сусветная вайна прынесла жыхарам Бердаўкі і навакольных вёсак шмат выпрабаванняў, многім паламала лёсы. 13 чалавек трапілі на польска-германскі фронт. Міхаловіч Тэафіл, Груша Іосіф і Кучынскі Баляслаў апынуліся ў нямецкім палоне. Ксёндз Францішак загінуў, спрабуючы пры дапамозе Божага слова спыніць нямецкае наступленне. Ён заклікаў немцаў адумацца, не ваяваць супраць суседзяў, але для фашыстаў не было нічога святога, і чарга, выпушчаная з варожага кулямёта, абарвала жыццё гэтага высокамаральнага і смелага чалавека.

Капітан авіяцыі Войска Польскага Лясковіч, што валодаў фальваркамі Кір’янаўцы і Філіпкі, смела адбіваў атакі нямецкіх сцярвятнікаў, а калі супраціўленне стала бессэнсоўным, на сваім самалёце ў складзе авіяцыйнай эскадрыллі пераляцеў у Вялікабрытанію і працягваў змагацца з фашыстамі на розных франтах Другой сусветнай вайны.

16 сем’яў асаднікаў у 1940 годзе вывезлі ў Варкуту. Падчас Вялікай Айчыннай вайны 12 мірных жыхароў сельсавета загінулі ад рук акаўцаў: Алютаровіч К. Р., Алютаровіч У. М., Алютаровіч Ф. І., Залужын І. Л., Хоміч Б. К., Хоміч І. К., Хоміч Э. С., Багдзевіч А. У., Багдзевіч Л. А., Багінь З. К., Багінь К. У. У верасні 1942 года “чырвоныя” партызаны расстралялі сям’ю ўладальніка фальварка Ільянова, што знаходзіўся каля Татарцаў , Радкевіча Вітольда, спалілі будынак Сцеркаўскай школы.

52 ураджэнцы сельсавета апынуліся на франтах у дзеючай арміі. 16 з іх склалі свае галовы на апошнім месяцы вайны. Гэта Арэхва А. У., Варона В. А., Півута А. М., Півута І. А., Півута І. В., Півута М. Р., Пілевіч Т. І., Пілецкі М. Я., Сілюк П. С., Тулай М. А., Кіякоўскі С. В., Памаха І. Дз., Міхаловіч С. М., Багдзевіч У. У., Сантоцкі Т. А., Шульга М. А.

З першага па апошні дзень вайны знаходзіліся ў дзеючай арміі Бубен Цімафей Якаўлевіч – кавалер Ордэна Славы ІІІ ступені, Самахвалаў Міхаіл Якаўлевіч, ад Сталінгарада да Берліна прайшоў франтавымі дарогамі кавалер Ордэна Айчыннай вайны І і ІІ ступені Серада Іосіф Прохаравіч, удзельнічаў у баях за Берлін Бубен Іван Іванавіч, геройскі змагаліся з лютым ворагам Лобан Аляксандр Васільевіч – кавалер Ордэнаў Славы ІІІ ступені і Чырвонай Зоркі, Курсевіч Станіслаў Станіслававіч – кавалер Ордэна Крыжа Грунвальда, Півута Мікалай Мікалаевіч, узнагароджаны медалём “За адвагу”.

Апошнія 5 месяцаў вайны ў Войску Польскім змагаліся з фашыстамі Куташ Іван Альфонсавіч, Куташ Баляслаў Станіслававіч і Куташ Віктар Станіслававіч. Удзельнічаў у вайне з мілітарыскай Японіяй на тэрыторыі Маньчжурыі (Кітай) Сегень Стэфан Станіслававіч.

Ад рук бандытаў пасля вызвалення раёна загінулі 9 жыхароў сельсавета:

Залужны Л.Ф., старшыня Бердаўскага сельсавета, забіты ў ноч з 25 на 26.10.44г.,

Марцінкевіч Станіслава, в. Сцеркава, актывістка, загінула 24.01.1945г.,

Півута М.С., в.Ваўкаўцы, загінуў 12.07.1945г.,

сям’я Тулай -6 чалавек з в.Харужаўцы, з дзецьмі ва ўзросце ад 2- х месяцаў да 12 гадоў, забітыя 30.05.1945г.

28 чалавек рэпрэсаваныя ў 1945 – 1952 гадах: Нітко Ю.Я., Галавач Б.І., Галавач Л.Б., Галавач М.І., Галавач М.С., Галавач Р.Б., Галавач С.К., Галавач Т.У., Галавач Я.Б., Галавач Я.І., Гурская В.В., Гурская І.В., Гурская Я.І., Гурскі З.В., Гурскі Л.В., Гурскі Ч.В., Дулько Г.А., Дулько Е.К., Дулько З.К., Дулько К.М., Дулько Л.К., Дулько М.К., Дзядовіч М.В., Дзядовіч С.К., Запаснік А.Ю., Запаснік І.В., Запаснік М.А.

Да 1958 года ў Бердаўцы дзейнічаў конезавод. У 1958-1975 гг. – дзяржплемстанцыя штучнага асемянення. У пачатку 50-х гадоў у сельсавеце праводзілася гвалтоўная калектывізацыя. Калгасы былі створаны ў кожнай вёсцы. Усяго іх было шэсць. У 1975 годзе ў выніку аб’яднання калгасаў “Барацьбіт”, “Чырвоны Кастрычнік” і дзяржплемстанцыі ўтвораны калгас “Бердаўка”. З 1975 па 1993 год калгас узначальваў руплівы гаспадарнік і таленавіты арганізатар Каранюк А. А.. З 1993 па 2004 год – Калабухін А. М., а з 2004 года СВК “Бердаўка - Агра” ўзначальвае Каламіец П. І..

Вёска Бердаўка дзеліцца рэчкай Вядроўкай і двума штучнымі вадаёмамі на дзве часткі. Забудова правабярэжнай часткі ў асноўным праводзілася ў другой палове ХІХ–70-х гадах ХХ ст.ст. Тут размешчаны палац Дамбавецкага (Дом культуры – дырэктар Белакур І.В. і бібліятэка – загадчыца Чэчат А.Г.), дом дырэктара конезавода (амбулаторыя – галоўны ўрач Лучко Э.В.), дом прыслугі (жылы дом), дамы спецыялістаў конезавода (жылыя дамы), жылыя дамы вяскоўцаў, стайні сярэдзіны 30-х гг. ХХст., ферма БРЖ, стары парк.

Будаўніцтва левабярэжнай часткі, за выключэннем дзесятка будынкаў, вядзецца з сярэдзіны 70-х гадоў мінулага стагоддзя на землях фальварка Філіпкі. Да 1939 года фальварак належаў Лясковічам, адзін з якіх – Альберт Лясковіч – за ўдзел у паўстанні 1863 года пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага быў расстраляны ў Вільні. Тут размяшчаюцца адміністрацыйны будынак, дзе знаходзіцца праўленне СВК “Бердаўка-Агра”-старшыня Каламіец П.І., сельвыканкам, аддзяленне сувязі- начальнік Сташэўская І.І., аддзяленне Беларусбанка – кантралёр–касір Страчынская С.В. , школа і дзіцячы сад – дырэктар Крупа А.Л., два магазіны: дзяржаўны- загадчыца Мядзведская Т.М. – і прыватны, комплексна – прыёмны пункт – загадчыца Акрыш Т.С., лазнева – пральны камбінат, жылыя дамы з усімі выгодамі.

Шаша Ліда – Іўе аддзяляе вёску ад вытворчай зоны, дзе знаходзяцца фермы БРЖ, майстэрні, сушня, складскія памяшканні, Дамы механізатара і жывёлавода. Жылыя і вытворчыя зоны добраўпарадкаваныя, заасфальтаваныя, тут праведзена азеляненне.

Калі ў 1970 годзе ў вёсцы налічвалася 125 жылых дамоў і кватэр, у якіх пражывалі 383 жыхары, то да 2007 года іх колькасць дасягнула 250, а колькасць жыхароў узрасла да 652. Забудова населенага пункта працягваецца. Большасць жыхароў вёскі звязаныя з сельскай гаспадаркай. 191 чалавек працуе ў СВК “Бердаўка-Агра”, 32 чалавекі працуюць у школе і дзіцячым садку, 8 – у медыцынскіх установах, 13 – у сферы гандлю і абслугоўвання, 157 дзяцей і падлеткаў – да 18 год, 142 – пенсіянеры.

Бердаўскі сельсавет утвораны ў 1940 годзе. Уключае 9 вёсак: Бердаўка-250 двароў,Бялундзі-13 двароў-32 жыхары, Бакуны- 13 двароў - 23 жыхары, Воўкаўцы-30 двароў-60 жыхароў, Касоўшчына - 25 двароў- 52 жыхары, Кірьянаўцы-44 двары - 84 жыхары, Сцеркава – 118 двароў – 261 жыхар, Татарцы – 16 двароў – 27 жыхароў, Харужаўцы – 9 двароў – 18 жыхароў. Старшыня сельсавета – Пазняк А.П.

Розныя людзі жывуць у Бердаўцы. У кожнага з іх свой адметны лёс, свой характар, свае мары і надзеі. Яны працуюць, вучацца, ствараюць уласныя сем’і, нараджаюць дзяцей, адыходзяць у вечнасць. У чымсьці ўсе людзі падобныя адзін да аднаго, але ў кожнага з іх ёсць штосьці сваё, што вылучае яго як чалавека, як асобу.

Многія імкнуцца пакінуць на зямлі пасля сябе добры след. У нас жылі і жывуць людзі, якія шмат зрабілі дабра, плённа і творча працавалі, змагаліся з ворагамі, вырошчвалі хлеб, узводзілі будынкі, вучылі і выхоўвалі дзяцей, упрыгожвалі свой куток.

Шмат жыхароў Бердаўскага сельсавета маюць дзяржаўную адзнаку за сваю працу:

Бубен Л.І., звенявая калгаса «Бердаўка», узнагароджана ардэнамі Працоўнай Славы ІІІ ступені (1977), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972),

Вашкевіч Я.К., даярка Лідскай дзяржплемстанцыі, узнагароджана ардэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1975),

Варано Я.М., галоўны заатэхнік калгаса «Барацьбіт», узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» (1975),

Зубрыцкая А.П., даярка калгаса «Бердаўка», узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1977),

Кудзі В.М., даярка Лідскай дзяржплемстанцыі, узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966),

Кучынскі П.А., трактарыст калгаса «Бердаўка», узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1977),

Ловыш А.І., трактарыст калгаса «Барацьбіт», узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1971),

Марцінкевіч С.С., трактарыст калгаса «Бердаўка», узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені (1978),

Піута М.І., тэхнік калгаса «Барацьбіт», узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973),

Сілюк А.С., даярка Лідскай дзяржплемстанцыі, узнагароджана ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971),

Хоміч Я.П., даярка Лідскай дзяржплемстанцыі, узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973),

Чэчат М.М., аграном калгаса ім. Вярхоўнага Савета СССР, сакратар парткама калгаса «Бердаўка»,намеснік старшыні калгаса “Бердаўка” па кормавытворчасці, узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны» (1971, 1973),юбілейным медалём «За доблесную працу»(1970),шматлікімі граматамі аблвыканкама і райвыканкама.

Шыбутовіч А.С., даярка калгаса «Барацьбіт», узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» (1971).

Праляцяць гады, а ў людской памяці застануцца імёны Дамбавецкага А.С., Каранюка А.А., Нітко М.І., Самахвалавай Р.С., Самахвалава М.Я., Серады І.П., Хоміча П.К., Шафранскага І.М., Вінча Л.М., Кучынскай З.Ф., Васілеўскай А.В., Якубоўскага І.А., Кісялевай В.М., Парфенчыка І.І., Уласа Я.С., Сілюк А.С., Кудзі В.М., Хоміч Я.С., Чэчата М.М. ,Сяўко Р.С., Тулай Г.І. і многіх-многіх іншых.


: download
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Каляндар свят і знамянальных дат
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Даты. Імёны. Падзеі. Каляндар свят
download -> Тлумачальная запіска
download -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання
download -> Дзённік пастаноў 29 Паз. 638 Дадатак №11


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка