Пакінуць след на зямлі


Бердаўскі гісторыка-краязнаўчы народны музей



старонка10/11
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.85 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

Бердаўскі гісторыка-краязнаўчы народны музей


Пытанне, як выхаваць вучня ў сучасных умовах, калі ў грамадстве рашуча мяняецца спосаб жыцця, як пераадолець у асяроддзі падлеткаў страту патрыятызму, хвалюе педагогаў. Задача фарміравання грамадзянскай сталасці школьнікаў, пачуцця нацыянальнай самасвядомасці, палітычнай і маральнай адказнасці ніколі не стаяла так востра, як цяпер. Для вырашэння яе неабходны кардынальна новы падыход, які адказваў бы сучасным сацыяльна-эканамічным і духоўным умовам нашага жыцця.

Відавочна, што выхаванне грамадзяніна разглядаецца сёння як адзін з напрамкаў нацыянальнага адраджэння, рэстаўрацыі агульначалавечых каштоўнасцей. Асэнсаванне пачуцця прыналежнасці да грамадзяніна сваёй Радзімы, безумоўна, дапаможа зарыентавацца ў барацьбе поглядаў, ідэй, характэрных для сучаснага грамадства. Яно будзе садзейнічаць пераадоленню сярод падрастаючага пакалення забыцця патрыятычных пачуццяў, праяўлення бездухоўнасці.

Школьнаму музею належыць важнае месца ў выхаванні навучэнцкай моладзі, забеспячэнні захаванасці каштоўнасцей гісторыі, культуры, прыроды, а таксама ў пашырэнні сярод вучняў ведаў пра значныя падзеі мінуўшчыны і сучаснасці.

Дзякуючы музею, педагагічныя работнікі праз канкрэтныя матэрыялы і факты ўплываюць на фарміраванне светапогляду навучэнцаў, выхоўваюць у іх такія якасці, як патрыятызм, грамадзянскі абавязак, адказнасць.

Ідэя стварыць школьны музей з’явілася ў сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя. І, магчыма, гэтая ідэя засталася б марай, каб не дапамог яе ўвасобіць у жыцце былы старшыня калгаса “Бердаўка”, руплівы гаспадарнік, сапраўдны патрыёт нашай Бацькаўшчыны Каранюк Аляксандр Аляксандравіч. Гэта ён праявіў зацікаўленасць, ініцыяваў некалькі паездак у музеі гарадоў Ліды, Гродна, вёскі Каменюкі, што ў Белавежскай пушчы, і музей вёскі Гудзевічы Мастоўскага раёна. Мы атрымалі метадычную дапамогу ад навуковых супрацоўнікаў Лідскага музея і кансультацыю вядомага беларускага краязнаўцы Алеся Белакоза.

Пад музей вырашылі прыстасаваць адно з памяшканняў старой школы, а да гэтага дом польскага асадніка. Калгас выдзеліў сродкі, рабочых, аплаціў працу мастака-афарміцеля. Паралельна з гэтым вучні школы і настаўнікі вялі збор экспанатаў па гісторыі і этнаграфіі нашага краю.

Галоўная задача, якая ставілася перад педагагічным і вучнёўскім калектывам, – па крупінцы сабраць расцярушаную часам гістарычную і духоўную спадчыну і захаваць яе для будучых пакаленняў.

Крыніцы збору матэрыялаў для музея былі вельмі розныя, асноўная з іх- сістэматычны збор матэрыялаў па абранай тэматыцы, які ажыццяўляўся праз сістэму заданняў падчас вучобы, правядзення экспедыцый, вандровак, эскурсій, сустрэч, шляхам перапіскі з арганізацыямі, асобнымі людзьмі.

Рашэнне аб адкрыцці музея прымалася педагагічным саветам школы 20 мая 1989 года.

Музей складаецца з шасці экспазіцыйных залаў агульнай плошчай 145 м2. У ім захоўваецца 2.5 тысячы экспанатаў асноўнага і дапаможнага фонду, многія з якіх уяўляюць гістарычную, прыродазнаўчую і навуковую каштоўнасць. Гэта прадметы працы і абіходу, адзенне нашых продкаў, старадаўняя мэбля, крамянёвыя прылады працы і кераміка, рэшткі зброі часоў вайны, кнігі з аўтографамі аўтараў, шматлікія дакументы і фотаздымкі, публікацыі ў газетах і часопісах, матэрыялы перапіскі.

Збор экспанатаў для музея вёўся з сярэдзіны 80-х гг. ХХ стагоддзя па вёсках Бердаўскага, Дакудаўскага, Беліцкага, Пескаўскага і Ліпнішскага сельсаветаў Лідскага і Іўеўскага раёнаў. Ёсць экспанаты з Гомеля, Слуцка і нават з Эстоніі.

У музеі прадстаўлены наступныя экспазіцыі:

1. Першабытнаабшчынны лад на Лідчыне.

2. Месца Лідчыны ў ВКЛ і РП.

3. Маёнтак “Бердаўка”.

4. Жыццё і побыт беларускага сялянства ў канцы ХIХ-50-х гг. ХХ ст.ст.

5. Вялікая Айчынная вайна ў нашым краі.

6. Калгас “Бердаўка”.

7. Флора і фауна раёна.

8. Славутыя землякі.

9. Гісторыя школы.

Кожны экспанат – гэта гісторыя жыцця нашых продкаў. Глядзіш на гэтыя прадметы і перад табой паўстаюць карціны сівой даўніны і часу зусім блізкага. Захапляешся кемлівасцю і майстэрствам жыхароў нашых мясцін, іх вынаходлівасцю.

Музейная экспазіцыя пабудавана на аснове спалучэння тэматычнага, сістэматычнага і ансамблевага метадаў.

Так, напрыклад, тэматычная экспазіцыя “Першабытнаабшчынны лад на Лідчыне” падпарадкавана храналагічнаму прынцыпу і адлюстроўваецца ў дыялектычным развіцці. У ёй экспазіцыйныя комплексы аб’яднаныя ў тэмы і раздзелы.

Сістэматычная экспазіцыя дазваляе дэманстраваць калекцыю аднародных прадметаў. Так, калекцыя археалагічных знаходак дэманструецца ў адпаведнасці з навуковай сістэматыкай, прынятай у археалогіі.

У ансамблевай экспазіцыі захоўваюцца ці ўзнаўляюцца на дакументальнай падставе абставіны, звязаныя з гістарычнымі падзеямі, культурай, побытам народа, дзейнасцю выдатнай асобы.

Менавіта гэты метад выкарыстаны пры афармленні экспазіцыі “Жыццё і побыт беларусаў у канцы ХІХ-сярэдзіне ХХст.ст”, ”Апошні ўладальнік маентка “Бердаўка” А.С.Дамбавецкі”, “Лідчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Гэты метад з’яўляецца найбольш прымальным для нашага гісторыка- краязнаўчага музея.

У арганізацыі работы музея актыўны ўдзел прымаюць вучні. Асноўную частку працы ажыццяўляе актыў. Але да працы абавязкова прыцягваюцца вучні, якія не ўваходзяць у яго лік.

Педагагічнае кіраўніцтва работай актыву музея ажыццяўляе настаўнік, які прызначаны загадам дырэктара школы. Педагог-кіраўнік перадае свой вопыт, вучыць арганізацыйнаму майстэрству, дапамагае лектарам і экскурсаводам у распрацоўцы і правядзенні лекцый, экскурсій, арганізацыі масавых мерапрыемстваў, афармленні экспазіцый музея.

Работу музея арганізуе Савет, які складаецца з пяці сектараў: пошукавага, перапіскі, экскурсійнага, фондавага, афарміцельскага. У склад Савета музея ўваходзяць як вучні, так і настаўнікі, і ўсе яны аб’яднаны ў клуб “Спадчына”. Савет музея не вельмі вялікі, што дазваляе лёгка ім кіраваць, аператыўна разглядаць тыя ці іншыя пытанні. У Савеце музея ёсць адказныя за асобныя накірункі дзейнасці.

Сектар пошукавай працы займаецца камплектаваннем фондаў, распрацоўкай маршрутаў вандровак і экспедыцый, арганізацыяй заняткаў па вывучэнні методыкі выяўлення і збору помнікаў гісторыі, культуры, прыроды, іх апісанне, запіс успамінаў, апавяданняў і г.д. Сектар перапіскі наладжвае і вядзе перапіску з установамі, арганізацыямі, музеямі, выпускнікамі школы, з цікавымі людзьмі. Фондавы сектар вядзе ўлік дакументацыі, арганізуе захаванне помнікаў гісторыі, культуры, прыроды, кантроль за рэжымамі захавання. Сектар экскурсійнай работы распрацоўвае і праводзіць агляды, тэматычныя экскурсіі, вучэбныя экскурсіі па прадметах школьнай праграмы. Афарміцельскі сектар займаецца распрацоўкай новых экспазіцый, адборам экспанатаў, падрыхтоўкай этыкетажу, афармленнем і мантажом экспазіцый для музея і выстаў.

З актывам музея вядзецца пастаянная праца па іх падрыхтоўцы. Рыхтуюцца і абмяркоўваюцца матэрыялы для экскурсаводаў, праводзяцца сустрэчы з навуковымі супрацоўнікамі Лідскага краязнаўчага музея, арганізуюцца экскурсіі ў музеі гарадоў Ліды, Гродна, Мінска, Навагрудка, Міра, Нясвіжа, Полацка. Сябры Савета музея прымалі ўдзел у шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных семінарах па краязнаўстве, музейнай справе. Праводзіліся сустрэчы з вядомымі навукоўцамі, паэтамі і пісьменнікамі Беларусі. Так, напрыклад, актыў музея ўдзельнічаў у навукова-практычнай канферэнцыі ”Гістарычныя і філалагічныя навукі як сродак фарміравання нацыянальнай самасвядомасці” з запрашэннем галоўных рэдактараў ”Гістарычнага часопіса” Васіля Кушнера, часопіса “Роднае слова” Міхася Шавыркіна, рэдактара “Лідскага летапісца” Станіслава Судніка, гісторыка Паўла Лойкі. Цікавымі і запамінальнымі былі выступленні супрацоўнікаў Нацыянальнай Акадэміі Навук РБ Яраслава Звяругі, Міхася Чарняўскага і Вадзіма Лакізы. Актыў музея і вучні школы даведаліся пра археалагічныя помнікі Лідчыны, пазнаёміліся з некаторымі знаходкамі, праблемамі археалагічнай навукі. Актыў музея меў магчымасць праслухаць выступленне знакамітага беларускага этнографа Янкі Крука па тэме ”Абрады і звычаі беларусаў”, сустрэцца з беларускімі паэтамі Рыгорам Барадуліным, Міхасём Скоблам, Уладзімірам Клімовічам, Данутай Бічэль-Загнетавай, пісьменнікам Уладзімірам Арловым, Уладзмірам Ліпскім, беларускімі бардамі Зміцерам Бартосікам, Алесем Камоцкім, Алесем Мельнікам і Андрэем Хадановічам, навукоўцам-педагогам Пшэмыславам Фенрыхам з Польшчы, прадстаўнікамі беларускай дыяспары з Вільні.

Савет музея сумесна з сябрамі клуба “Спадчына” ў рамках Усебеларускай турысцка-краязнаўчай экспедыцыі “Наш край” праводзіць вялікую пошукава-даследчую і асветніцкую працу. Так, у 1997, 1999, 2000 і 2004 гадах арганізоўваўся і праводзіўся летнік “Юны археолаг і этнограф “,

удзельнікі якога пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў Нацыянальнай Акадэміі Навук кандыдатаў гістарычных навук Вадзіма Лакізы і Яраслава Звяругі здзяйснялі паверхневыя зборы і раскопкі археалагічных помнікаў эпохі мезаліту, неаліту і бронзавага вякоў у раёне вёскі Дакудава, курганнага магільніка ля вёскі Касоўшчына, адкрылі і абследавалі невядомы курганны магільнік ля вёскі Сцеркава, даследавалі пясчаную дзюну ў пойме ракі Дзітва каля вёскі Даржы, дзе знаходзілася майстэрня першабытнага чалавека па вырабу крамянёвых прыладаў працы. Частка знаходак пасля апрацоўкі супрацоўнікамі НАН РБ перададзена Бердаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею. Рэгулярна здзяйсняюцца этнаграфічныя экспедыцыі па вёсках Бердаўскага, Дакудаўскага і Ліпнішскага сельсаветаў, у час якіх вядзецца збор этнаграфічных экспанатаў, праводзіцца запіс абрадаў, звычаяў, легендаў мясцовасці. Апошняя вандроўка дапамагла нам пазнаёміцца з планіроўкай беларускага мястэчка Ліпнішкі, пабываць на месцы бітвы паўстанцаў 1794 года пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі з расійскімі войскамі каля вёскі Сураж Іўеўскага раёна, дазволіла зафатаграфаваць капліцу, што ўстаноўлена на полі бітвы ў памяць аб палеглых паўстанцах.

У розныя гады вялася перапіска з ваеннымі, партыйнымі, дзяржаўнымі архівамі і музеямі. Дзякуючы гэтай працы знойдзены многія сваякі воінаў, што загінулі падчас мінулай вайны і пахаваны ў брацкай магіле ў парку вёскі Бердаўка. Вельмі цікавы матэрыял аб апошнім уладальніку маёнтка “Бердаўка” губернатару Магілеўскай губерніі А.С.Дамбавецкім атрыманы з Магілёўскага гісторыка-краязнаўчага музея .

Змястоўны матэрыял аб канфесійным складзе насельніцтва вёсак сённяшняга Бердаўскага сельсавета канца ХIХ – пачатку ХХ стагоддзяў сабраў выпускнік нашай школы, былы прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта кандыдат гістарычных навук М.В.Васілючак. Маюцца трывалыя сувязі з Нацыянальнай Акадэміяй Навук РБ. Вядзецца перапіска з супрацоўнікамі Акадэміі, для музея перададзены кнігі з аўтографамі аўтараў.

На базе музея праводзяцца школьныя, раённыя і абласныя семінары па краязнаўстве і музейнай справе. Матэрыялы музея дазваляюць больш змястоўна і цікава праводзіць урокі гісторыі, літаратуры, геаграфіі, біялогіі, пазакласныя выхаваўчыя мерапрыемствы. Вельмі шмат урокаў у музеі праводзяць выкладчыкі гісторыі 5-11 і настаўнікі пачатковых класаў па прадмеце “Мая Радзіма– Беларусь”. Дзякуючы багатым матэрыялам, што маюцца ў музеі, яны дабіваюцца высокай выніковасці засваення вучэбнага матэрыялу.

Сярод вучняў школы праводзяцца конкурсы па этнаграфіі краю, па гісторыі вёскі, гісторыі калгаса, школы. Арганізоўваюцца фальклорна-абрадавыя святы ”Калядкі”, ”Вячоркі”. У пачатку навучальнага года кожны клас атрымлівае заданне на збор матэрыялаў аб ветэранах вайны і працы, аб людзях, што пакінулі свой след на нашай зямлі. Сабраныя і аформленыя матэрыялы затым перадаюцца ў музей. Савет музея сумесна з дырэкцыяй школы распрацоўвае маршруты паходаў па цікавых мясцінах, звязаных з гісторыяй нашай Бацькаўшчыны. Гэта і наведванне прамысловых прадпрыемстваў, музеяў, і археалагічныя разведкі, раскопкі, і этнаграфічныя вандроўкі.

У маі 2005 года сябры клуба ”Спадчына” і актыў музея арганізавалі прэзентацыю творчасці мастака, скульптара і паэта, выпускніка Бердаўскай сярэдняй школы Рычарда Грушы. Вучні, бацькі і настаўнікі змаглі пазнаёміцца з творчасцю нашага таленавітага земляка, наведалі выставу карцін, праслухалі песні на яго вершы. Рычард Баляслававіч прадэманстраваў дзве свае апошнія працы – мемарыяльныя шыльды людзям, што пакінулі след на Бердаўскай зямлі: уладальніку маёнтка “Бердаўка”, беларускаму краязнаўцу Дамбавецкаму А.С. і былому старшыні калгаса, у перыяд кіраўніцтва якога быў адбудаваны пасёлак Бердаўка, Каранюку А.А. Шыльды пасля дазволу ўладаў будуць устаноўлены на будынку сельскага Дома культуры і на адміністрацыйным памяшканні СВК “Бердаўка - АГРА”.

18 год музей працуе на грамадскіх пачатках на даволі высокім арганізацыйным і навуковым узроўні ў навукова-асветніцкай, збіральніцкай, фондава-захаваўчай, папулярызатарскай і культурна-выхаваўчай рабоце.

У музеі вядзецца дакладная ўліковая дакументацыя (інвентарная кніга, акты прыему музейных рэчаў, вопісы прадметаў, якія ўзяты на ўлік дзяржаўным музеем, навуковыя пашпарты, картатэка).

Штогод музей наведвае ў сярэднім больш за тысячу чалавек. Гэта вучні не толькі нашай школы, але суседніх сельскіх, а таксама гарадскіх школ, дарослыя людзі з розных мясцін нашай рэспублікі.

У штогадовым плане работы музея імкнёмся адлюстраваць розныя бакі сваёй дзейнасці. Наш музей будзе развівацца. Плануецца адкрыццё новых экспазіцый, збор экспанатаў, сустрэчы з цікавымі людзьмі, вандроўкі па нашым краі, археалагічныя раскопкі, семінары. Сёння, калі вялікая ўвага надаецца турызму, мы збіраемся ўключыць наведванне музея ў экскурсійны маршрут. Будзем займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі парку, абазначэннем месцаў размяшчэння гаспадарчых пабудоў маёнтка.

Чакаем новых гасцей і наведвальнікаў.

Праца педкалектыву школы і актыву музея адзначана граматамі, дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Так , у 2000 годзе школа заняла 1 месца ў рэспубліцы на лепшую вясковую школу па нацыянальна–культурным адраджэнні, у 2001 годзе ўдзельнічалі ў абласным конкурсе відэафільмаў ”Гарады і мястэчкі Гродзеншчыны”, дзе наш відэафільм ”Ёсць куток на зямлі..." пра вёску Бердаўку заняў 1 месца, у 2002 годзе гістарычны гурток стаў дыпламантам IV фестываля нацыянальных культур, у 2004 годзе сябры клуба ”Спадчына” за дапамогу ў правядзенні археалагічных раскопкаў былі ўзнагароджаны Пахвальнай граматай Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук РБ, 17 чэрвеня 2005 года рашэннем калегіі ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама гісторыка-краязнаўчаму музею Бердаўскай СШ прысвоена званне “Народны музей”, у 2006 годзе музей узнагароджаны Дыпломам за перамогу ў рэспубліканскім конкурсе краязнаўчых музеяў устаноў адукацыі па тэме: “Даследчая дзейнасць і навуковыя дасягненні сучаснага музея ўстановы адукацыі”.

Такім чынам, наяўнасць у школе музея дазваляе глыбей вывучыць і асэнсаваць гісторыю, культуру ў мэтах развіцця інтэлектуальных, маральных, культурных і творчых магчымасцей вучняў, выхоўваць у іх нацыянальную самасвядомасць, далучаць іх да нацыянальнай і агульначалавечай культуры, удзельнічаць ва ўдасканаленні вучэбна-выхаваўчай работы, праводзіць культурна-асветніцкую працу сярод вучняў, бацькоў, насельніцтва.



: download
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Каляндар свят і знамянальных дат
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Даты. Імёны. Падзеі. Каляндар свят
download -> Тлумачальная запіска
download -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання
download -> Дзённік пастаноў 29 Паз. 638 Дадатак №11


1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка