Пакінуць след на зямлі


Апошні ўладальнік маёнтка “Бердаўка”



старонка2/11
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.85 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

Апошні ўладальнік маёнтка “Бердаўка”


Сення на Лідчыне ды, мабыць, і ў самой вёсцы Бердаўцы мала хто ведае, што ўладальнікам маёнтка “Бердаўка” з сярэдзіны 60-х гадоў ХIХст. да 1914 года быў неардынарны чалавек – беларускі краязнаўца, грамадскі і палітычны дзеяч – Аляксандр Станіслававіч Дамбавецкі.

І толькі нямногія пажылыя людзі могуць узгадаць расказы сваіх бацькоў аб гэтым чалавеку.

У апошнія гады свайго жыцця А.С. Дамбавецкі жыў у Пецярбургу, а ў маёнтак прыязджаў на лета, каб адпачыць ад шумнага сталічнага жыцця.

Для работнікаў маёнтка і жыхароў навакольных вёсак прыезд пана ператвараўся ў сапраўдную падзею. Вітаць гаспадара збіраліся і старыя, і малыя. Дзеці выконвалі песні, чыталі вершы, танцавалі. За гэта ад Дамбавецкага яны атрымлівалі вельмі рэдкія ў тыя часы для сялянскіх дзяцей ласункі: цукеркі, пячэнне, пернікі.

Могуць згадаць аб яго патрабавальнасці і строгасці да работнікаў маёнтка, аб яго гаспадарлівасці і прыхільнасці да парадку, любові да прыгожага і да прыроды.

Захаваліся ўспаміны аб сям’і: жонка Марыя, сыны – Петр і Аляксей, дзве дачкі – Наталля і Вольга. Па расказах кухаркі Дамбавецкага, якая паходзіла з вёскі Меляшы сённяшняга Дварышчанскага сельсавета, яго сыны загінулі на фронце падчас 1-й сусветнай вайны, а дочкі эмігравалі за мяжу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917г.

Сведкам тых часоў у Бердаўцы з’яўляецца эфектны неагатычны палац – адзін з лепшых на Лідчыне, пабудаваны ў канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў ХIХ стагоддзя ( сёння ў ім месціцца сельскі Дом культуры і бібліятэка), таксама дом прыслугі, гаспадарчы будынак – магчыма,стайня,захаваліся разваліны амбара і піўніцы, фундамент млына, запушчаны стары парк.

Маёнтак “Бердаўка” перайшоў А.С. Дамбавецкаму ад Вінцэнта Захватовіча, у якога ён быў канфіскаваны за ўдзел у паўстанні 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, а сам Захватовіч высланы ў Варонежскую губернію.

Царызм праводзіў палітыку ўмацавання ў краі сваёй сацыяльнай апоры, і гэтым тлумачыцца насаджэнне ў беларуска-літоўскіх губерніях буйнога рускага памешчыцкага землеўладання замест польскага.

Аб дзіцячых гадах Аляксандра Дамбавецкага і яго бацьках практычна нічога невядома.

У фармулярным спіску губернатара ўказана, што ён “з дваран”, але пры гэтым ні ў яго бацькоў, ні ў яго самога маёнтка няма – дваранства, верагодна, атрымана па адукацыі і выслузе.

Вядомы беларускі літаратуразнавец, пісьменнік-публіцыст, прафесар Адам Мальдзіс нават лічыць, што А. Дамбавецкі – пазашлюбны сын імператара Аляксандра ІІ ! Тут няма нічога неверагоднага, бо слабасць “цара-вызваліцеля” да жаночага полу добра вядома, яму на момант нараджэння будучага губернатара (1840 год) было ўжо 22 гады. У дадатак да гэтага імклівая кар’ера Дамбавецкага і яго ўдалы шлюб амаль што былі немагчымыя без пратэкцыі ў вышэйшых колах Расійскай імперыі.

Малаверагодна, што ён быў палякам, бо ў фармуляры губернатара значыцца: ”Вераспавядання праваслаўнага”.

У 1860 годзе Дамбавецкі закончыў курс навук Кіеўскага універсітэта і атрымаў ступень Кандыдата, быў прыняты на службу ў Гаспадарчы дэпартамент Міністэрства ўнутраных спраў, але хутка быў пераведзены ў калежскія сакратары.

У 1862 годзе Дамбавецкага перамяшчаюць у канцэлярыю Рыжскага ваеннага генерал-губернатарства на пасаду сакратара гаспадарчага аддзялення. Акрамя гэтага, ён кіруе і паліцэйскім упраўленнем канцылярыі.

17 мая 1863 года Аляксандру нададзены чын тытулярнага саветніка, а ўжо 30 жніўня 1865 года ён прызначаецца чыноўнікам асобых даручэнняў IV класа пры Міністэрстве ўнутраных спраў.

У 1865 годзе Дамбавецкі бярэ шлюб з Марыяй Грын, дачкой генерал-маёра, ”дзяўчынай лютэранскага веравызнання”, хутчэй за ўсё, прыбалтыйскай немкай. 26 кастрычніка 1866 года ў іх нарадзіўся сын Пётр і адбылося чарговае павышэнне Аляксандра па службе. Яго перамяшчаюць на пасаду сакратара пры галоўным начальніку ІІІ Аддзялення Уласнай Яго Імператарскай Вялікасці Канцылярыі.

У 1868 годзе атрымлівае чын стацкага саветніка, а ў красавіку 1870 года-званне камергера Двара Яго Вялікасці.

30 сакавіка 1872 года А. С. Дамбавецкага прызначаюць магілёўскім губернатарам.

Пры прызначэнні на гэтую пасаду 32-гадовага А. С. Дамбавецкага імператар Аляксандр ІІ зрабіў яму наказ: ”Магілёўская губернія даўно ўжо знаходзіцца ў разладжаным стане, зрабі ўсё магчымае для аднаўлення яе сіл”.

Магілёўская губернія плошчай 48 тысяч кв. км. (пераўзыходзіла сваімі памерамі Бельгію, Нідэрланды або Швейцарыю) з насельніцтвам каля 1 мільёна чалавек.

Малады губернатар, з характэрнымі для яго стараннасцю і энергіяй, узяўся за даручаную справу, праяўляў добрыя арганізатарскія здольнасці, творчасць і энтузіязм.

Хутка першыя поспехі губернатара заўважылі ў Пецярбургу. За карысную справу па ўзыманні падаткаў і другіх акладных грашовых збораў у 1873г. губернатар атрымаў Вышэйшую падзяку, а ў 1874 годзе быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 3-й ступені і 2000 рублямі.

Наладжваўся і быт сям’і, дзе ўжо раслі трое дзяцей.

Жалаванне губернатара складала 1718 рублеў, столькі ж сталовых і 2000 рублёў прыбавачных...

У 1876 годзе губернатар адзначаецца чарговай высокай узнагародай – ордэнам Святога Станіслава 1-й ступені і 2000 рублямі.

1 красавіка 1879 года Дамбавецкі стаў кавалерам Ордэна Святой Ганны 1-й ступені.

Ад папярэдняга губернатара Дамбавецкаму дастаўся горад, які мала адпавядаў свайму статусу. Члены гарадской управы сумесна з гарадскім галавою распрацавалі план добраўпа-радкавання горада, які губернатар дапамог ажыццявіць. Грошы на гэтыя мэты давала падаткаабкладанне ўсіх гарадскіх дамоў. У хуткім часе ў горадзе быў распланаваны і засаджаны гарадскі сад, які абнеслі драўляным плотам. Першы магілёўскі парк мяшчане назвалі садам Дамбавецкага. Праз два гады (1878) у Магілёве быў уведзены ў эксплуатацыю вадаправод і тэлефонная 93- вёрстная лінія, якая абслугоўвала 68 абанентаў.

У 1875-92гг. узводзяцца будынкі фельчарскай школы, жаночай гімназіі, Аляксандраўскага рэальнага вучылішча, драматычнага тэатра, пабудаваны масты, добраўпарадкаваны вуліцы, пракладзены драўляныя тратуары.

У 1883 годзе ў сям’і Дамбавецкіх нарадзіўся другі сын Аляксей.

У 1885 годзе Дамбавецкага ўзнагароджваюць ордэнам Святога Уладзіміра 2-й ступені.

Губернатар у пастаяннай працы. З’явілася ідэя стварэння кнігі аб прыродных умовах, асноўных занятках, матэрыяльнай і духоўнай культуры жыхароў краю, развіцці прамысловасці, сельскай і лясной гаспадаркі, народнай адукацыі і ахове здароўя, ідэя апісання помнікаў археалогіі, архітэктуры, гісторыі населеных пунктаў і запісу народных песень. Складалі гэтую працу ўсе службы, уся эліта губернскага Магілёва.

І вось, роўна 125 гадоў таму, трохтомная кніга “Вопыт апісання Магілёўскай губерніі... ” пад рэдакцыяй А. С. Дамбавецкага пабачыла свет. У паліграфічных адносінах выданне не ўступала пецярбургскаму або маскоўскаму, а па змесце ўяўляла сабою бестселер таго часу. Пазней яе назавуць “энцыклапедыяй магілёўскага жыцця”.

30 жніўня 1882 года “за выдатную службу” Магілёўскі губернатар быў узведзены ў тайныя саветнікі. А за кнігу ”Вопыт апісання Магілёўскай губерніі” яму была аб’яўлена Вышэйшая падзяка.

Дамбавецкі стаў ініцыятарам адкрыцця гісторыка-этнаграфічнага музея ў Магілёве і ўсяляк садзейнічаў гістарычным пошукам і археалагічным даследаванням.

У музеі былі створаны гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны аддзелы, дзякуючы чаму Магілёўскі гісторыка-этнаграфічны музей да гэтага часу застаецца адным з лепшых на Беларусі.

Дзейнасць Дамбавецкага на пасадзе губернатара была шматграннай, але стан здароўя не заўседы дазваляў поўнасцю аддацца працы. Праз хваробу печані губернатар часта выязджаў за мяжу на лячэнне, дзе праводзіў 1-2 месяцы ў год, але на справе гэта не адлюстроўвалася.

У 1889 годзе губернатар быў узнагароджаны ордэнам Белага Арла – адной з вышэйшых узнагародаў Расійскай імперыі.

30 жніўня 1893 года адбылося чарговае і апошняе павышэнне па службовай лесвіцы.

Дамбавецкі А. С. імянным Вышэйшым указам прызначаецца сенатарам.

Без сумнення, займаючы такую высокую пасаду, ён плённа працуе на карысць Расійскай імперыі.

Вялікая занятасць не дазваляе часта бываць у маёнтку, але 2-3 разы на год ён адзін, а то і з сям’ёй, наведваецца ў Бердаўку.

Яшчэ ў канцы 60-х гадоў ХIХст. Дамбавецкі задумаў пабудаваць у маёнтку “Бердаўка” цагляны палац. Для забеспячэння будоўлі будаўнічым матэрыялам каля вёскі Харужаўцы ўзводзіцца цагельня.

Палац плошчай 381,4м.кв. пабудаваны ў неагатычным стылі і ўяўляе сабой двухпавярховы прастакутны будынак з рызалітам, які выступае за асноўную лінію фасада па ўсёй яго вышыні і складае з ім адно цэлае. Вертыкальная дамінанта – квадратная ў сячэнні вежа (вышынёй 14 метраў, з адкрытымі шасцю праёмамі) завершана каменнай каланадаю і чатырохкутнымі піноклямі. Па ўсім перыметры будынка праходзяць тры гарызантальныя карнізы: адзін – пад вокнамі першага паверха, другі (раздзяляльны) – паміж першым і другім паверхамі, трэці (завяршальны) падтрымлівае дах будынка і засцерагае страху ад вады. Фасад палаца з 16 вузкімі высокімі вокнамі раздзелены вертыкальнымі выступамі па паверхні сцяны – пілястрамі, шырыня якіх раўняецца 0,5м і якія служаць для члянення фасада будынка з мэтай надання яму большай выразнасці. З правага і з левага бакоў на даху перпендыкулярна пілястрам устаноўлены па два піноклі, а з тыльнага – па вуглах – па адным піноклі. У дэкоры выкарыстаны паўцыркулярныя завяршэнні крайніх аконных праёмаў, філенгі, профілі і інш. Палац меў тры ўваходы. Цэнтральны ўваход быў зроблены ў выглядзе арачнага порціка з балконам, агароджаным літай чыгуннай балюстрадай. Для стварэння рытмічнасці ў паўночна-заходняй сцяне палаца маецца 7 блендаў (ніш), якія імітуюць аконныя праёмы і маюць абрамленне ў выглядзе ліштваў. Таўшчыня сцен першага паверха ад 1м з усходняга боку да 1,2м з заходняга і другога – ад 0,6 да 0,7м. Страха будынка двухскатная, гладкая, пад ацынкованай бляхай. Пад будынкам маюцца скляпенні агульнай плошачай 74 кв.м., якія падзеленыя магутнымі цаглянымі сценамі на тры памяшканні са зводчатымі столямі. Глыбіня склепавых памяшканняў складае 3,2м. Спусціцца ў скляпенні можна было толькі знутры па лесвічным спуску і тамбуры, даўжыня якога 6м, а шырыня – 1,8м. У кожным са склепавых памяшканняў у сценах маюцца нішы і адтуліны для вентыляцыі. Таўшчыня сценаў скляпення дасягае 1,5м.

Унутраныя сцены палаца распісваліся маслянымі фарбамі, падлога была з дубовага паркету, які націраўся масцікай. Абаграваўся палац галандскімі печамі, зробленымі з белай паліванай кафлі з малюнкамі і ўпрыгожваннямі. Дымаходы праходзілі ўнутры сценаў. Толькі адзін з пакояў, магчыма сталовая, амаль захаваў свой першапачатковы выгляд: крыжападобная зводчатая столь, арачныя невялікія дзвярныя праёмы, нішы ў магутных (да 1,2м ) унутраных сценах. Да палаца ў 80-х гадах ХІХ ст. быў прыбудаваны невялікі аднапавярховы будынак (плошча 77 м.кв. ) з двухскатнай страхой. Ён служыў кухняй і каморай.

Узводзены млын, гаспадарчыя пабудовы, піўніца, амбар, адрына, аўчарня, цагляны дом для прыслугі. Добраўпадкавана тэрыторыя: разбіты пейзажны парк плошчай 3 га, які складаўся з двух частак: партэрнай перад палацам і пейзажнай на паўночна - ўсходнім і паўднёва - ўсходнім схілах узгорка. У планіроўцы адкрытыя, з курцінамі прагулачныя алеі. У парку высаджана больш за 30 відаў дрэў і кустоў. У тым ліку дубы, лістоўніца еўрапейская, блакітныя елкі, ясені, піхта, акацыя, воцатнае і коркавае дрэвы, а таксама і шмат разнастайных кветак.

Маёнтак “Бердаўка” ахопліваў 660 дзесяцін зямлі, да яго былі прыпісаны 118 работнікаў. А.С. Дамбавецкаму належалі таксама маёнткі Сліжы і Касоўшчына, засценкі Глебаўшчына і Харужаўцы (усяго 1017 дзесяцін і 204 работнікі). Асновай гаспадаркі маёнтка з’яўлялася земляробства, найперш вырошчванне збожжа (жыта, авёс, ячмень). Галоўную частку сваіх даходаў Дамбавецкі атрымліваў ад продажу земляробчай прадукцыі, астатнюю – ад збыту цэглы, прадуктаў жывёлагадоўлі.

У 70-80-х гг. ХIХст. важнай крыніцай даходаў маёнтка стала льнаводства. Пашыраліся пасевы канопляў, якія па Немане адпраўляліся ў Прусію (Кёнігсберг) на патрэбы Балтыйскага флоту.

На фермах маёнтка ўтрымлівалася буйная рагатая жывёла, авечкі, свінні, коні.

Па звестках Віленскага губернатара маёнтак “Бердаўка” адносіўся да “добраўпарадкаваных”. Аднак зямля ў гаспадарцы апрацоўвалася на аснове ўстарэлай агратэхнікі, старадзедаўскім інвентаром. Пануючай сістэмай земляробства заставалася трохполле.

Паступова ў 70-80-х гг. ХIХст. гаспадарка маёнтка пераходзіла на капіталістычны тып, набывала гандлевы, прадпрымальніцкі характар. Уводзіўся шматпольны севазварот, паляпшаліся прылады працы (жалезныя плугі, бароны і інш.). У пачатку ХХст. з’явіліся розныя сельскагаспадарчыя машыны (малатарні, веялкі, саломарэзкі, жняяркі, сеялкі і інш.). Але ўраджайнасць збожжавых заставалася невысокая (усяго каля 30 пудоў з гектара).

У другой палове 80-х гг. у сельскай гаспадарцы Беларусі пачаўся працяглы аграрны крызіс, выкліканы з’яўленнем на рынках Еўропы таннага высокаякаснага збожжа з Паўночнай Амерыкі, Аргенціны і Аўстраліі. Цана на жыта і іншыя збожжавыя культуры знізілася ў 2-2.3 разы.

А. С. Дамбавецкаму прыйшлося пераарыентаваць гаспадарку маёнтка на малочную жывелагадоўлю і вінакурства.

Колькасць буйной рагатай жывёлы вырасла прыблізна ў два разы. Былі заведзены высокапрадукцыйныя пароды кароў (галандскія). На месцы наладзілася перапрацоўка малака на сыр і масла.

У 1904 годзе на беразе става Дамбавецкі пабудаваў спіртзавод, які дзейнічаў да 1915 года. На ім было занята 15 работнікаў.

Спецыялізацыя гаспадаркі маёнтка на малочнай жывёлагадоўлі і вінакурстве суправаджалася пашырэннем пасяўных плошчаў пад кармавыя культуры і бульбу. У канцы 90-х гг. ХIХст. – пачатку ХХст. яны выраслі адпаведна ў 6 і 3 разы. Вытворчасць збожжа прызначалася пераважна на корм жывеле і вінакурства. Як рыначная галіна развівалася свінагадоўля. На знешні рынак маёнтак “Бердаўка” пастаўляў спірт, малочныя прадукты, мяса і сала, буйную рагатую жывёлу, ільновалакно і пакулле, алейнае семя.

Сталыпінская аграрная рэформа паскорыла працэс распаду дваранскай паўфеадальнай уласнасці. Гаспадарка маёнтка адчувае цяжкасці, А.С. Дамбавецкі пачаў прадаваць свае землі. 15 мая 1913 года прададзена 19 дзесяцін М. Мікалаевічу, затым 7 дзесяцін Сантоцкаму Івану. У хуткім часе пачалася першая сусветная вайна, затым рэвалюцыя, грамадзянская і савецка-польская войны...

…Палац А. С. Дамбавецкага стаіць у вёсцы Бердаўка як нямы сведка той бурлівай і цікавай гісторыі, якая пракацілася па нашым краі. Сёлета спаўняецца 167 год з дня нараджэння А. С. Дамбавецкага, які пакінуў на нашай зямлі свой след. Імя А.С. Дамбавецкага мы можам знайсці ў беларускіх энцклапедыях, у падручніках па гісторыі Беларусі.



: download
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Каляндар свят і знамянальных дат
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Даты. Імёны. Падзеі. Каляндар свят
download -> Тлумачальная запіска
download -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання
download -> Дзённік пастаноў 29 Паз. 638 Дадатак №11


1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка