Пакінуць след на зямлі



старонка3/11
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.85 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

Сябры клуба “Спадчына”, што дзейнічае пры гісторыка-краязнаўчым музеі Бердаўскай СШ, вырашылі ўвекавечыць памяць аб гэтым чалавеку. Выпускнік школы 1980 года скульптар Рычард Груша зрабіў мемарыяльную шыльду з выявай А. С. Дамбавецкага, якая пасля дазволу ўладаў размесціцца на фасадзе сельскага Дома культуры (былы палац).




Якая справа, такая і слава


Многім вядомая старая быль пра людзей, якія пераносілі каменне. Аднаго разу іх спыталі, што яны робяць. ”Ці не бачыце, каменне нашу”, – рэзка адказаў адзін. “А я зарабляю на хлеб для сям’і”, – спакойна адказаў другі. ”Я будую храм для людзей”, – з упэўненасцю адказаў трэці. І кожны з іх меў рацыю. Хаця разуменне імі сутнасці чалавечага дзеяння рознае. У сваім жыцці кожны чалавек выбірае для сябе пэўныя мэты, пэўныя каштоўнасці.

Гэты чалавек у свае 73 гады актыўны, працягвае рабіць людзям дабро, ён бескарыслівы, сумленны і справядлівы. Такім яго выхавалі бацькі, загартавала жыццё. Ен сам абраў свае жыццевыя арыенціры, сам стварыў сябе.

Нарадзіўся Мечыслаў Іосіфавіч Нітко 1 снежня 1933 года ў вёсцы Пекары Гнезненскага павета Познанскага ваяводства. Бацька, Юзэф Янавіч, працаваў мастэляжам (конюхам), а затым, закончыўшы курсы бухгалтараў, – бухгалтарам конезавода ў Гнезна. Маці памерла ў маладым узросце, калі Мечыславу быў усяго 1 год і 7 месяцаў. Мачаха, Марта Янаўна, сціплая, акуратная і працавітая жанчына, замяніла яму маці і ўсю сваю душэўную цеплыню і ласку аддала прыёмнаму сыну і дачцэ Люцыі.

У міжваенны перыяд у Польшчы паспяхова развівалася конегадоўля. Да сярэдзіны 30-х гадоў колькасць коней дасягнула чатырох мільёнаў галоў. Вось тады ўрад краіны прыняў рашэнне будаваць конезаводы ва ўсходніх крэсах.

Адзін з такіх племянных конезаводаў будуецца ў 1934-1935 гадах у вёсцы Бердаўка на тэрыторыі былога маёнтка Дамбавецкага. Былі ўзведзены тры цагляныя прасторныя стайні пад чырвоным шыферам агульнай плошчай 1878 кв.м. на 120 галоў племянных жарабцоў, манеж, ветэрынарны лазарэт з ізалятарам, склады фуражу, конскага інвентару і інш. Пабудаваны 4 драўляныя шасцікватэрныя жылыя дамы з мансардамі для спецыялістаў (кожны па чатыры кватэры для сямейных і па дзве аднапакаёвыя кватэры для халасцякоў).

Былі ўзведены каменны аднапавярховы асабняк з мансардаю для дырэктара конезавода, будынак школы з трыма класнымі пакоямі, настаўніцкай і гардэробнай, распачалося будаўніцтва драўлянага касцёла. У адным з новых дамоў размясціўся дзіцячы сад, які наведвала каля 40 дзяцей служачых конезавода, выкладчыкаў школы ральнічай (агранамічнай), настаўнікаў.

27 спецыялістаў накіравалі з Гнезна і Бяла-Падляскi: прыехалі Бортнік Уладзіслаў, Вайцяховіч Браніслаў, Смотр Станіслаў, Сегенчук Мікалай, Светлік Ян, Свярчэўскі Франц, Турок Петр, Пэрдон Эдвард, Шчэрба Юзеф, Кавальскі Станіслаў, каваль Борак Карл, ветэрынар Прэнткоўскі Ян, бухгалтар Нітко Юзеф і іншыя. Дырэктарам конезавода быў назначаны маёр Станіслаў Сігмунд.

Усе мастэляжы мелі парадную форму шэрага колеру, якая складалася з мундзіра, галіфэ, шыняля і фуражкі з какардай, на якой была выява арла, і хромавых ботаў.

Сям’я Нітко пасялілася ў доме, пабудаваным у канцы 70-х гадоў ХІХст. для прыслугі маёнтка. Тут жа знаходзілася бухгалтэрыя і святліца (пакой для адпачынку работнікаў), дзе размяшчалася радыё, маленькая бібліятэчка і некаторыя перыядычныя выданні на польскай мове. Заробак у служачых конезавода быў прыстойны – 150-220 злотых у месяц, а бухгалтар атрымліваў у 1,5 разы болей. У тыя часы добрая карова каштавала 100 злотых. Гаспадарка займалася ўзнаўленнем і гадоўляй высокаякасных коней на племя. Яна забяспечвала жарабцамі-вытворнікамі конегадоўчыя прыватныя гаспадаркі. На конезавод былі завезены 120 племянных жарабцоў чыстых ангельскіх крывей, а таксама шведскія гудбрансдалі. Пры заводзе меліся свінарнік, аўчарня, вадзяны млын.

Хутка ляцелі дні, месяцы, гады. Бацька Мечыслава добрасумленна працаваў, старанна вёў бухгалтэрыю конезавода. Адрозніваўся пунктуальнасцю і акуратнасцю. Марта Янаўна ўвіхалася па хатняй гаспадарцы. У сям’і быў дастатак. Дзяцінства Мечыслава было бестурботным і праходзіла ў гульнях і забавах…

1 верасня 1939 года пачалася Другая сусветная вайна, а 19 верасня ў Бердаўцы з’явіліся рэгулярныя войскі Чырвонай Арміі, якія раскватараваліся ў палацы Дамбавецкага, прыстасаваўшы яго пад казармы. У парку размясцілі танкеткі і гарматы.

У хуткім часе ўсталявалася Савецкая ўлада. Пачаліся пераўтварэнні. Школа ральніча спыніла сваю дзейнасць. Ужо 24 верасня 1939 года аднавіла работу адукацыйная школа, навучанне ў якой было пераведзена з польскай мовы на беларускую.

У пачатку 1940года 16 сем’яў асаднікаў, якія жылі ў Бердаўцы, вывезлі ў Варкуту. У вёсцы Ваўкаўцы арганізуецца першы ў сельскім савеце калгас імя Молатава, а 15 снежня 1940 года адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў працоўных. Конезавод сваю дзейнасць не прыпыніў. Кіраўніком конезавода стаў Ігар Крыжаў.

Бацькі Мечыслава хваляваліся. Хадзілі чуткі: пад Катынню, што на Смаленшчыне, саветы расстралялі звыш 20 тысяч польскіх афіцэраў, настаўнікаў, ксяндзоў. Пагаворвалі, што хутка ізноў пачнецца вайна. Гітлер рыхтуецца да нападу на Савецкі Саюз…

Так яно і сталася. На досвітку 22 чэрвеня 1941 года з боку Ліды пачуліся выбухі, бачыліся бліскавіцы і ў неба ўздымаліся клубы густога чорнага дыму. Немцы бамбілі горад, вакзал, аэрадром… У гэты ж дзень чырвонаармейцы спешна пакінулі вёску. Прайшло некалькі дзён у трывожным чаканні. Фашысты з’явіліся ў Бердаўцы 27 чэрвеня. Сямігадовы Мечыслаў памятае, як па шашы ў бок Іўя праехаў бронетранспарцёр і некалькі матацыклетаў з кулямётамі. Праз некаторы час яны вярнуліся назад, а затым праз вёску пайшлі машыны, танкі, бронетранспарцёры, матацыклеты, аграмадныя коні, якія цягнулі гарматы, шмат немцаў ехала на веласіпедах, а яшчэ больш ішло пешшу. Некаторыя з іх спыняліся на адпачынак, купаліся ў ставе, фатаграфаваліся, ігралі на губных гармоніках, дзяцей частавалі шакаладам. Кідаўся ў вочы іх акуратны, халёны знешні выгляд.

У ліпені месяцы ў Бердаўцы ў палацы Дамбавецкага размясціўся аддзел жандармерыі. На тэрыторыі парка яны пабудавалі бліндажы і 4 бункеры, выкапалі акопы. Праз некалькі тыдняў з’явіліся нямецкія каланісты.

Конезаводам цяпер кіраваў спакойны і ўраўнаважаны Фос, а заатэхнікам стаў вельмі жорсткі і ўзрыўны Брайтак, які не выпускаў з рук бізун. Пакаштаваў нямецкага бізуна і Мечыслаў. Адзін раз за тое, што ў крынічку, адкуль бралі ваду, шпурляў каменні, а другі раз за гульню на нямецкім агародзе.

Пагалоўе коней папоўнілася за кошт бельгійскіх кургузых жарабцоў з абрэзанымі хвастамі. Зямля абраблялася двухкорпуснымі плугамі, у якія запрагалі чацвярых жарабцоў і ўзорвалі за дзень 1,1-1,3 гектары зямлі.

На конезаводзе працавалі спецыялісты, што прыехалі ў Бердаўку ў 1935-1936 гадах. Заробак выплочваўся рэгулярна без затрымак.

Юзэф Нітко, як і да вайны, вёў бухгалтэрыю. Дзякуючы добрай памяці і прыродным здольнасцям змог засвоіць нямецкую мову. Калі была патрэба, то выступаў і ў ролі перакладчыка.

У 1942 годзе ў вёсцы пачала працаваць беларускамоўная школа. Настаўнічалі муж і жонка Кшэмінскія. Да гэтага часу бацька ўжо навучыў Мечыслава чытаць, пісаць і лічыць. Яго прынялі ў 2 клас. У вучобе хлопчык праяўляў стараннасць, адрозніваўся вялікімі здольнасцямі. Школа працавала ўсяго адзін год. У 1943 годзе была зачынена, так як настаўнікі баяліся расправы з боку акаўцаў, якія кватаравалі ў вёсцы Сцеркава і ўжо ўчынілі забойства васьмі жыхароў фальварка Ільянова і чатырох жыхароў Сцеркава.

У ліпені 1943 года да “чырвоных” партызанаў падаўся ветлекар конезавода Іван Цікач, папярэдне прыхапіўшы некалькі коней з сёдламі. Восенню 1943 года ў адну з начэй нехта спрабаваў падпаліць канюшню. Немцы адкрылі страляніну. Пажар удалося патушыць. Часткова згарэлі толькі адныя дзверы.

У пачатку ліпеня 1944 года пачалося нямецкае адступленне. Цяпер ўжо нямецкія салдаты мала чым нагадвалі тых бравых зухаватых ваякаў, якім здавалася, што іх перамогі не скончацца і ля іх ног будзе ляжаць увесь свет. Немцы, а затым і ўласаўцы забралі з конезавода амаль усіх коней. У тыя дні сям’я Нітко хавалася ў склепе на хутары Сегеня. Адзінаццацігадоваму Мечыславу давялося быць сведкам расстрэлу ўласаўцамі гаспадара хутара Сегеня за тое, што той не аддаў ім свайго каня.

8 ліпеня 1944 года ў Бердаўку ўвайшлі рэгулярныя часці Чырвонай Арміі. А на наступны дзень прыблізна ў 11 гадзін дня варожая авіяцыя па наводцы нямецкага шпіёна падвергла бомбаваму ўдару падраздзяленні нашых войскаў у раёне вёскі Татарцы. Страты чырвонаармейцаў склалі больш за 100 чалавек забітымі. Загінуўшыя вайскоўцы былі пахаваныя на мясцовых могілках, а пазней іх парэшткі перазахавалі ў брацкай магіле ў парку вёскі Бердаўка.

Пачало наладжвацца мірнае жыццё. Восенню 1944 года конезавод атрымаў статус дзяржканюшні. За ёй 23 красавіка 1945 года выканкам Лідскага раённага Савета замацаваў 300га ворнай зямлі і 200га сенажаці.

На дзяржканюшню завозяць жарабцоў новых парод. З’явіліся ахалтэкінец, расійскі ўладзімірскі цяжкавоз і арлоўскі рысісты, будзёнаўскі кавалерыйскі. Большасць жарабцоў былі беларускія запражныя, якія найбольш прыстасаваныя да мясцовых умоў. Кіравала конезаводам у пасляваенны перыяд Румянцава, а яе муж быў ветэрынарным урачом. Ён ведаў лекавыя ўласцівасці разнастайных зёлак і лячыў людзей. Жыхары Бердаўкі і навакольных вёсак называлі яго прафесарам. У канцы 40-х гадоў Румянцаў быў рэпрасаваны.

У сакавіку 1945 года бацьку Мечыслава, Юзэфа Янавіча Нікто, па даносе жанчыны Станкуць, арыштавалі. Яго абвінавацілі ў супрацоўніцтве з немцамі.

У 1945-1946 гадах спецыялісты конезавода, што прыехалі ў сярэдзіне 30-х гг., пакінулі Бердаўку. Толькі Марта Янаўна Нітко з дзецьмі адкладвала ад’езд у Польшчу да вяртання мужа. Але дарэмна. Так і не дачакаліся. Ён бясследна знік.

Марта Янаўна працавала на палявых работах. Ей дапамагаў Мечыслаў. Хлопчыку хацелася вучыцца, але магчымасці не было.

І толькі ў 1947 годзе ўдалося закончыць 4 класы Бердаўскай вячэрняй школы. У 14 год юнак пачаў афіцыйна працаваць на дзяржканюшні. Пасвіў коней, кароў, выконваў абавязкі конюха. Затым два гады даглядаў племянных жарабцоў. За ім было замацавана 6 жарабцоў. У абавязкі ўваходзіла карміць жывёлу, паіць, чысціць, прагульваць і размінаць па дзве гадзіны ў дзень.

З сакавіка па жнівень месяц племенных жарабцоў па заяўцы кіраўнікоў калгасаў развозілі па гаспадарках вобласці. У гэтыя месяцы спецыялісты займаліся рамонтнымі і сельскагаспадарчымі работамі, нарыхтоўвалі корм. Здаралася, што іх пасылалі ў камандзіроўкі ў калгасы.

З 1952 па 1955 год Мечыслаў праходзіў тэрміновую службу ў Савецкай Арміі ў Забайкальскай ваеннай акрузе ў горадзе Чыта. Служыць давялося ў матулі пяхоце.

Пасля заканчэння службы Нітко вяртаецца ў Бердаўку. Ізноў працуе конюхам, затым брыгадзірам. Да працы адносіўся вельмі добрасумленна. Кожны ўчастак зямлі, што належала дзяржканюшні, вымераны дзесяткі разоў яго крокамі і старанным роўным почыркам намаляваны схемы і запісаны іх памеры. Уся праца тады выконвалася ў асноўным ўручную, зямля абраблялася коньмі, толькі ў 1947 года з’явілася палутарка, на якой працаваў Самахвалаў Міхаіл, і трактар на гусянічным хаду – трактарыстам быў Улас Ян. Заробак выплочваўся нізкі. Але жылі, працавалі, верылі ў лепшыя часы.

Амаль штогод змяняліся кіраўнікі дзяржканюшні: Куршаў, Ялманаў, Чэрнікаў, Конараў, Хутчанка, Бычкоў… Жарабцы дзяржканюшні ў 50-х гадах удзельнічалі ў спаборніцтвах па конным спорце. Наезнік Вайцяховіч на адным з жарабцоў быў першым на спаборніцтвах, што праводзіліся ў Пскове ў 1950-1951г.г.

“Вялікі спецыяліст” у сельскай гаспадарцы М. С. Хрушчоў палічыў, што ў век НТР коні на вёсцы не патрэбныя. Іх заменіць “конь сталёвы”. Пачалося рэзкае скарачэнне пагалоўя такіх патрэбных у сялянскай гаспадарцы жывёлін. У 1958 годзе дзяржканюшня спыніла сваё існаванне. Жарабцоў адправілі на бойню і толькі нямногіх распрадалі калгасам. На базе дзяржканюшні арганізавалі дзяржплемстанцыю штучнага асемянення. Замест пародзістых жарабцоў завезлі 47 элітных быкоў-вытворцаў малочных парод: чырвонай беларускай і чырвонай дацкай, бурай латвійскай і 8 быкоў спецыялізаваных мясных парод. Зона абслугоўвання станцыі ўключала сельскагаспадарчыя гаспадаркі трох раенаў. Так, напрыклад, толькі за 1967 год штучна былі пакрыты 34108 кароў.

Мечыслаў Іосіфавіч пачаў працаваць брыгадзірам дзяржплемстанцыі. Без адрыву ад вытворчасці завочна займаецца ў Жыровіцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі, пасля заканчэння якога працаваў механікам дзяржплемстанцыі, а з 1970 па 1975 год – механікам калгаса “Барацьбіт”, старшынёй якога з’яўляўся Каранюк А. А.

У гэтыя гады М.І.Нітко стварыў сям’ю. Спадарожніцай яго жыцця стала Валерыя Ігнацьеўна Шафранская, настаўніца гісторыі Бердаўскай СШ. Яны ўзрасцілі і выхавалі двух дачок Марыну і Вольгу.

Мечыслаў Іосіфавіч 20 гадоў займаў пасаду галоўнага інжынера калгаса “Бердаўка”, а апошнія тры гады працаваў на пасадзе загадчыка майстэрняў. Вялікія прыродныя здольнасці, працавітасць дапамаглі яму дасканала засвоіць будову і прынцып дзеяння ўсёй сельскагаспадарчай тэхнікі.

Часта можна было пабачыць такую карціну: галоўны інжынер, закасаўшы рукавы, сам корпаецца ў рухавіку, дае парады механізатарам, дапамагае рамантаваць трактары, аўтамашыны. Галоўныя рысы гэтага чалавека – высокі прафесіяналізм, працавітасць, пунктуальнасць, вернасць дадзенаму слову, абавязковасць, развазжлівасць. Для яго характэрна прыродная інтэлегентнасць. Стрыманы і спакойны, сціплы.Ад яго не пачуеш брыдкаслоўя. Такія людзі выклікаюць павагу. На іх заўседы можна пакласціся ў любой справе.

У 65 гадоў Мечыслаў Іосіфавіч выйшаў на пенсію. За шматгадовую добрасумленную працу праўленне калгаса ”Бердаўка” прыняло рашэнне падараваць Нітко М.І. трактар “Уладзіміравец”. Усе прычапныя механізмы Мечыслаў Іосіфавіч зрабіў сам, выкарыстаўшы дэталі спісанага сельскагаспадарчага інвентару. За невялікую плату ён аднавяскоўцам і зямлю ўзарэ, і бульбу пасадзіць, апрацуе ад жука і фітафторы, акучыць яе, выкапае. Нікому не адкажа. Усё зробіць своечасова і якасна.

Не адзін год Мечыслаў Іоcіфавіч з’яўляецца старастам вёскі і старшынёй касцёльнага камітэта. Толькі дзякуючы яго кемлівасці, руплівасці, настойлівасці і ўменню давесці пачатую справу да канца ўзвысіўся ў Бердаўцы за возерам прыгожы будынак новага касцёла Святой Троіцы, будаўніцтва якога вядзецца ўжо пяць год. Штодзень можна бачыць пажылога высокага хударлявага чалавека то ў кабіне трактара, то на будоўлі. Ён спяшаецца рабіць людзям дабро. Ён будуе храм для людзей.


: download
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Каляндар свят і знамянальных дат
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Даты. Імёны. Падзеі. Каляндар свят
download -> Тлумачальная запіска
download -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання
download -> Дзённік пастаноў 29 Паз. 638 Дадатак №11


1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка