Пакінуць след на зямлі



старонка5/11
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.85 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

Ён пабудаваў сабе помнік


У нашым жыцці часта здараецца, што постаць чалавека, яго значнасць мы ацэньваем праз гады. У адносінах да былога старшыні калгаса “Бердаўка”, заслужанага калгасніка Каранюка Аляксандра Аляксандравіча гэтага не скажаш. У канцы 70-х –пачатку-90-х гадоў мінулага стагоддзя ён пазнаў славу і за сваю нястомную працу атрымаў вялікую колькасць узнагарод. Сярод іх шматлікія падзякі і Ганаровыя граматы, медалі “За працоўныя поспехі”, ”Выстава народнай гаспадаркі СССР”, ордэны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Знак Пашаны, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Неаднаразова выбіраўся ў прадстаўнічыя органы ўлады: мясцовы, раённы і абласны Савет, з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 10 склікання. Яго імя занесена ў Кнігу народнай славы.

А гаспадарку, якую ўзначальваў Аляксандр Аляксандравіч Каранюк, ведалі не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. У тыя гады ў Бердаўку ехалі з розных раёнаў і абласцей нашай рэспублікі, рэспублік Савецкага Саюза, краін сацыялістычнай садружнасці, каб пераняць вопыт гаспадарання, вопыт забудовы цэнтральнай сядзібы. Жыхары вёскі Бердаўка ўспамінаюць А.А. Каранюка як кіраўніка з вялікай удзячнасцю і цеплынёй.

Гісторыя жыцця гэтага чалавека тыповая для прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

Нарадзіўся Аляксандр Аляксандравіч 1 чэрвеня 1929 года ў вёсцы Дакудава Лідскага раёна. Сям’я была вялікая: бацькі, дзядуля з бабуляй, і пяцёра дзяцей. У сям’і ён быў старэйшы сын. Бацька меў 31 гектар зямлі. З іх 18 – ворнай, а астатняя – выган, сенажаць, лес. Бацька часта хварэў, і ўвесь цяжар нялёгкай сялянскай працы з ранняга дзяцінства лёг на плечы Аляксандра. Прыходзілася працаваць з ранку да позняга вечара. З сямі гадоў хлопчык дапамагаў дарослым пасвіць авечак, кароў, коней, а з дванаццаці – давялося араць зямлю і выконваць усю сельскагаспадарчую працу.

Была ў вясковага хлопчыка вялікая мара вучыцца, але на першае месца ў сям’і ставілася праца па гаспадарцы. І ўсё ж да 1939 года яму ўдалося закончыць 4 класы польскай школы, а да 1941 года былі яшчэ 2 гады вучобы ў савецкай школе. У 1952 годзе Аляксандр закончыў усяго 5 класаў вячэрняй школы.

У пачатку 50-х гадоў ХХст. у Заходняй Беларусі праводзілася прымусовая калектывізацыя. Бацькі і Аляксандр уступілі ў калгас імя Панамарэнкі. Даводзілася выконваць розную сельскагаспадарчую працу: араць, сеяць, касіць. Працаваў на здабычы торфу рабочым, а затым брыгадзірам.

Калгас адчуваў вострую патрэбу ў спецыялістах. Вось тады Каранюка А.А. і паслалі на вучобу за кошт гаспадаркі ў г.Гродна ў школу па падрыхтоўцы старшыняў калгасаў. Залічвалі ў навучальную ўстанову на базе сямігадовай адукацыі. Прыйшлося ўзяць фіктыўную даведку. Вучоба давалася цяжка. Не хапала ведаў. Часта выклікалі ў канцылярыю, гутарылі з ім, нават уздымалі пытанне аб выключэнні. Але дзякуючы працавітасці і ўпартаму характару на другім годзе навучання Аляксандр – ужо ў ліку сярэдніх, а на трэцім – сярод лепшых вучняў.

Пасля заканчэння школы 6 кастрычніка 1955 года Каранюк А. А. вярнуўся на радзіму ў вёску Дакудава, дзе працаваў ў калгасе аграномам, намеснікам старшыні па жывёлагадоўлі.

Калгасы былі слабымі. Абсалютная большасць працы выконвалася рукамі, а працаваць прыходзілася шмат як днём, так і ноччу.

У 1958 годзе ў жыцці Аляксандра Аляксандравіча адбылася знамянальная падзея. Ён злучыў сваё жыццё з душэўнай і працавітай дзяўчынай Вандай Вікенцьеўнай, якая на доўгія гады стала яму не толькі вернай жонкай, але і надзейным сябрам і дарадцам. Яны ўзрасцілі і выхавалі дваіх дзяцей: сына Віктара, які стаў афіцэрам Савецкай Арміі, і дачку Алену, якая атрымала прафесію настаўніка і зараз выкладае рускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 9 г.Ліды..

У пачатку 1959 года маладая сям’я Каранюк пераехала ў горад. Ванда Вікенцьеўна працавала ў МБА прамсельскагаспадарчай інспекцыі галоўным заатэхнікам, а Аляксандр – у калгасе імя Свярдлава галоўным аграномам.

Праз тры гады Аляксандр Аляксандравіч быў накіраваны ў доследчую гаспадарку, што знаходзілася ў вёсцы Бердаўка, дзе прапрацаваў адзін год. Затым было назначэнне ў раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі на пасаду інспектара-арганізатара. У яго абавязкі ўваходзіла куратарства шасці калгасаў. Адначасова Каранюк А.А. паспяхова сумяшчаў працу з завочнай вучобай ў Гродзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым інстытуце на агранамічным факультэце, які закончыў у 1962 годзе.

Па прапанове Лідскага райкама КПБ інструктара-арганізатара Каранюка А.А. у 1964 годзе накіравалі на новую адказную пасаду. Яго прызначылі старшынёй калгаса “Барацьбіт”. Гэта была гаспадарка са слабой матэрыяльнай базай. Недастаткова тэхнікі, невысокая культура земляробства, нізкая ўраджайнасць, недахоп кармоў, малыя надоі і прывагі – такая незайздросная спадчына дасталася новаму кіраўніку.

З характэрнай для яго энергіяй і энтузіязмам добрасумленна ўзяўся Аляксандр Аляксандравіч Каранюк за працу на новай пасадзе. Праз 12 год, у 1976 годзе, адбылося аб’яднанне двух калгасаў “Барацьбіт” і “Чырвоны Кастрычнік”, а таксама земляў Лідскай дзяржплемстанцыі ў адну гаспадарку – калгас “Бердаўка”. Кіраўніком аб’яднанай гаспадаркі прызначаецца Каранюк А.А. На гэтай пасадзе ён плённа працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак у 1993 годзе.

На першым сходзе аб’яднанага калгаса Аляксандр Аляксандравіч акрэсліў свае планы на бліжэйшы час і перспектыву: “Каб калгас стаў моцнай гаспадаркай, а калгаснікі жылі заможна, нам усім патрэбна шмат і добрасумленна працаваць, змагацца з марнатраўствам і “несунамі”. Я ўсё зраблю і сваёй паўсядзённай працай дакажу, што наш калгас стане лепшым у раёне, а жыццё калгаснікаў не горшым, чым у горадзе”.

Старшыня разумеў, што патрэбна працаваць так, каб людзі яму паверылі і пайшлі за ім. У першую чаргу паказваць асабісты прыклад адносінаў да справы, да людзей. Неабходна ўмацоўваць працоўную дысцыпліну, павышаць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, паляпшаць яе якасць. Да перадавікоў прымяняліся меры заахвочвання, да нядбайных – меры спагнання.

Плённая праца дала свае вынікі. Асноўныя вытворчыя паказчыкі па раслінаводстве і жывёлагадоўлі палепшыліся, вырас заробак калгаснікаў.

Падабалася Аляксандру Аляксандравічу рабіць людзям дабро, добраўпарадкоўваць населеныя пункты, цэнтральную сядзібу калгаса, упрыгожваць свой куток, родную зямлю. У канцы 80-х гадоў на бердаўскай зямлі вырас сапраўдны аграрны гарадок. З дабротным камфартабельным жыллём, дзе быў набор усіх сацыяльных і бытавых паслуг. Усё гэта было зроблена дзякуючы намаганням і арганізатарскай працы руплівага гаспадарніка, сапраўднага патрыёта нашага краю Каранюка Аляксандра Аляксандравіча.

Упершыню мне давялося сустрэцца з гэтым прыгожым статным 55-гадовым чалавекам у пачатку верасня 1984 года. Я падняўся на трэці паверх адміністрацыйнага будынка і сутыкнуўся з высокім мужчынам, які выходзіў з кабінета старшыні калгаса, “Прабачце, я ў раён”, – прамовіў ён.

“Я новы дырэктар школы”, – кінуў я наўздагон. Мужчына спыніўся. ”Я змагу вам удзяліць некалькі хвілін, праходзьце ў кабінет”, – сказаў невядомы, прапускаючы мяне наперад. Мы пазнаёміліся. Ад Каранюка А.А. зыходзіла моц і ўпэўненасць у сваіх сілах: ”Сустрэнемся пасля працы, пакажу вам сваю гаспадарку”.

А васемнаццатай гадзіне каля будынка праўлення калгаса Аляксандр Аляксандравіч чакаў мяне ў кабіне службовага “козліка”. Разгаварыліся. Я больш выступаў у ролі слухача, зрэдку задаючы ўдакладняючыя пытанні. А Каранюк А.А. шчыра і бясхітрасна паведаў пра сябе, сваё жыццё, свае планы.

“Задумаў я, Анатоль, – раптам ён перайшоў на “ты”, – пабудаваць сабе помнік”. Я са здзіўленнем паглядзеў на Каранюка. ”Помнік не ў прамым сэнсе слова, – працягваў ён. – Помнікам мне павінен стаць пасёлак з усім комплексам паслуг і даброт на цэнтральнай сядзібе калгаса. Я хачу, каб жыхары пасёлка адчувалі сябе лепш, чым у горадзе. А цяпер мы бліжэй пазнаёмімся з гаспадаркай, здзейснім, так бы мовіць, экскурсію”. Пасля гэтых слоў ён запусціў рухавік свайго “козліка”, і машына плаўна пакацілася ў бок вытворчай зоны. “Вось гэта палявы стан. На сённяшні дзень у гаспадарцы маецца 40 трактароў, 24 грузавыя аўтамабілі, 10 збожжаўборачных камбайнаў і шмат іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. А гэта рамонтныя майстэрні, – кіўнуў ён у бок дабротнага двухпавярховага будынка. – Гэта гаражы для аўтамашын, навесы для камбайнаў, ворахасушня, збожжасклад на 2000 тон збожжа, КЗС. Плануем пабудаваць Дом механізатара”.

Затым сваю машыну Аляксандр Аляксандравіч накіраваў на тэрыторыю малочна-таварнай фермы “Філіпкі”. Перад вачыма паўсталі адзінаццаць новых будынкаў: памяшканні для адкорму маладняку на 300 галоў, цялятнік на 200 галоў, кароўнікі і г. д.

“А гэта Дом жывёлавода”, – паказаў Каранюк рукою ў бок утульнага доміка, што прытуліўся да агароджы ў сарака метрах ад вытворчых памяшканняў. Мы выехалі на шырокую заасфальтаваную вуліцу пасёлка аграрнікаў. Насупраць дома адміністрацыі старшыня спыніў машыну і выключыў рухавік.

Свой позірк я накіраваў на трохпавярховы будынак з вялікім гербам БССР на фасадзе, са шклянымі вітражамі, упрыгожанымі пятнаццаццю пяцікутнымі зоркамі, якія сімвалізавалі пятнаццацць рэспублік СССР. ”У нас тут размяшчаецца праўленне калгаса, сельвыканкам, аддзяленне сувязі і ашчадная каса, а насупраць – гандлёвы цэнтр, дзе месцяцца магазіны харчовых і прамысловых тавараў, сталовая, Дом быту, гасцінніца. Усё гэта ўзведзена за апошнія два гады”.

…Наша экскурсія працягвалася. Мы ехалі па шырокай вуліцы, і я пранікаўся ўсё большай і большай сімпатыяй і павагай да гэтага мудрага чалавека, захапляўся велічнасцю яго планаў.

“Вось тут мы будуем лазнева – пральны камбінат, – паказаў ён у бок амаль завершанай новабудоўлі. – У канцы мінулага года ў Бердаўку прыйшоў прыродны газ, што дазволіла нам газіфікаваць жыллё, ацяпленне як жылых дамоў, так і вытворчых памяшканняў перавесці на газавае паліва”.

Праз нейкі час мы накіраваліся ў стары парк, дзе па ініцыятыве старшыні і за сродкі калгаса ўзводзіўся помнік загінуўшым падчас мінулай вайны савецкім салдатам.

“Вунь з таго дома, што знаходзіцца каля палаца Дамбавецкага, мару зрабіць калгасны дом для састарэлых, а ў памяшканні, дзе сёння месціцца дзіцячы садок, – амбулаторыю”

Наступным прыпынкам для нас стаў бераг напалову асушанага става. ”У гэтым месцы плануем пабудаваць пляж з пірсам. А гэта скульптуры “залатой” рыбкі, русалкі і шчупака. Усё зроблена рукамі студэнтаў і выкладчыкаў Берасцейскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Дарэчы, мабыць, бачыў казачны домік са шматлікімі разнымі драўлянымі скульптурамі, што ў цэнтры сядзібы?” “Так”, – адказаў я. ”Гэта таксама праца студэнтаў БІБІ”. Ён яшчэ доўга расказваў пра будаўніцтва новай школы на 320 вучнеўскіх месцаў, тэхкласа, стралковага ціра, гароднесховішча. Паведаў пра свае планы на будучыню. Наша экскурсія і размова зацягнуліся далека за поўнач…

Мне па абавязку працы прыйшлося кантактаваць з Каранюком А.А. 9 год. І заўсёды ўражвала маштабнасць яго мыслення, дзяржаўны падыход да абавязку, здольнасць бачыць прыгожае і захапляцца ім, любоў да сваёй радзімы не на словах, а на справе.

У 80-х-пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя Бердаўка ўяўляла сабою суцэльную будаўнічую пляцоўку. Адначасова на розных аб’ектах працавалі па 10 і больш будаўнічых арганізацый і брыгад. За гэтыя гады быў узведзены дзіцячы садок з плавацельным басейнам на 140 месцаў і шмат дабротнага жылля, катэджы па праекце, што дэманстраваўся на ВДНГ БССР, усяго 85 кватэр, распачата будаўніцтва бальніцы на 25 ложкаў, аказана фінансавая дапамога школе ў стварэнні гісторыка-краязнаўчага музея, праведзена добраўпарадкаванне і азеляненне вуліц і двароў.

На левым беразе става у той перыяд быў закладзены новы парк, узведзена шмат гаспадарчых пабудоў.

Хацелася Аляксандру Аляксандравічу, каб у Бердаўцы для людзей было ўсё самае лепшае, таму для праектавання пасёлка аграрнікаў запрашаліся архітэктары з Мінска, падбіраліся арыгінальныя праекты. А жыллё ў першую чаргу выдзялялася маладым сем’ям калгаснікаў і вясковай інтэлігенцыі. Так, напрыклад, у тыя гады 9 настаўніцкіх сем’яў атрымалі кватэры і катэджы. Акрамя сваіх непасрэдных абавязкаў па кіраўніцтве калгасам, ён жыва цікавіўся становішчам і аказваў матэрыяльную дапамогу ўстановам медыцыны, адукацыі і культуры. ”Усё гэта для людзей і іх дзетак, ” – любіў падкрэсліць старшыня.

Клапаціўся Аляксандр Аляксандравіч і пра новыя рабочыя месцы для сяльчан. У гэтыя гады развіваліся падсобныя промыслы. Функцыянавалі цэх па вытворчасці фарбаў, майстэрні па рамонце і афарбоўцы аўтамабіляў, па вытворчасці помнікаў, па пашыве рабочага адзення.

Была мара пабудаваць дом састарэлых, царкву і бальніцу. Але па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах гэта не ўдалося здзейсніць.

У свае 78 год Аляксандр Аляксандравіч не сядзіць без справы. Ён пастаянна ў працы па хатняй гаспадарцы, на прысядзібным участку. Вясной нарыхтоўвае бярозавы сок, а ўвосень збірае вінаград, якім частуе аднавяскоўцаў. Сёлета, напрыклад, раздаў сяльчанам каля 2,5 тон соку, каля 30 вёдзер вінаграду.

Вось такі гэта чалавек. Шчыры беларус, стваральнік, працаўнік, які пры жыцці пабудаваў сабе помнік. ЧАЛАВЕК !!!



: download
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Каляндар свят і знамянальных дат
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Даты. Імёны. Падзеі. Каляндар свят
download -> Тлумачальная запіска
download -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання
download -> Дзённік пастаноў 29 Паз. 638 Дадатак №11


1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка