Пакінуць след на зямлі



старонка7/11
Дата канвертавання15.05.2016
Памер0.85 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

Вернасць доўгу


На словах усе людзі аднолькавыя,

і толькі ўчынкі выяўляюць розніцу паміж імі.

Ж. Мальер.

У постаці гэтай 79 - гадовай жанчыны бачыцца нічым не прыкрытая прыродная інтэлігентнасць, глыбокі і ясны розум, вялікі жыццёвы аптымізм.

Яе лёс падобны на лёс тысяч людзей, на долю якіх выпала шмат выпрабаванняў: калектывізацыя, вайна, пасляваенныя разбурэнні, сіроцкая доля, голад… Адкуль толькі браліся жыццёвыя сілы, што дапамагала выжыць, выстаяць, не зламацца.

Нарадзілася і вырасла Раіса Сцяпанаўна Самахвалава (Аўгусціновіч) у вёсцы Цярэшкавічы, што за 18 кіламетраў ад Гомеля, у сялянскай сям’і. Бацька, Сцяпан Рыгоравіч, у 1935 годзе ў час перавозкі сена праз Сож праваліўся пад лёд ракі, прастудзіўся і ў хуткім часе памёр.

Маці, Ганна Кліменцьеўна (яна пражыла 100 год) паходзіла з дваранскага роду Клімовічаў. Была адукаванай, эрудыраванай жанчынай. У свой час закончыла Гомельскую дзявочую гімназію. Займалася ў ліцэі. Нядрэнна ведала рускую і замежную літаратуру. Захаплялася паэзіяй Пушкіна, Лермантава, Цютчава, Блока, прозай Дастаеўскага, Талстога, Чэхава. Ведала латынь, грэчаскую і стараславянскую мовы, добра танцавала. Спявала ў царкоўным хоры. Любоў да чытання, да літаратуры яна прывіла сваім дочкам. На яе плечы і плечы яе чатырох непаўналетніх дзяўчынак лёг увесь цяжар як жаночай, так і мужчынскай працы. Прыходзілася араць, сеяць, жаць, малаціць, касіць, нарыхтоўваць дровы і выконваць іншыя работы па гаспадарцы.

У сем год Рая пайшла ў школу. Вучылася добра. Адрознівалася стараннасцю, мела нядрэнную памяць. Вялікую дапамогу ў першыя гады вучобы ёй аказвала Ганна Кліменьцеўна. Да вайны дзяўчынка паспела закончыць 6 класаў.

Вайну давялося пабачыць ва ўсіх яе антычалавечых жудасных праявах. Падчас нямецкай акупацыі са жніўня 1941 па лістапад 1943 года жылося складана. Лютавалі фашысты і бандэраўцы. Людзей, асабліва моладзь, адпраўлялі на катаржныя работы ў Германію. Праводзіліся карныя экспедыцыі. Так у 1943 годзе гітлераўцы спалілі ў хляве 40 жыхароў суседняй вёскі Церуха. Закатавалі дырэктара школы і яго жонку за сувязь з партызанамі. Забіралі апошнія прадукты харчавання. Прыходзілася есці гнілую бульбу, лебяду, у муку дабаўлялі мякіну.

Калі наступала Чырвоная Армія, разам з вяскоўцамі Аўгусціновічы хаваліся ў лесе ў салдацкіх акопах. Гітлераўцы, заўважыўшы людзей, адкрывалi агонь без папярэджвання. На ўласныя вочы пабачыла смерць семнаццацігадовага суседскага хлопца. Бачыла,як жанчына, маці дзяцей-двайнят, каб фашысты не пачулі плачу, накрывала іх галовы вялікай падушкай.

26 лістапада 1943 года горад Гомель быў вызвалены ад немцаў. Жыхары Цярэшкавічаў вярталіся ў вёску. Але на месцы многіх дамоў былі папялішчы. Сумная карціна паўстала прад вачыма Аўгусціновічаў: замест іхняй хаты тырчэў адзін толькі комін і валяліся галавешкі ад спаленых бярвенняў.

Але трэба было жыць. Ганна Кліменцьеўна з дзяўчатамі нацягалі са штабеляў, нарыхтаваных немцамі, бярвенняў і пабудавалі зямлянку. У куце склалі печку. Месца было нізкім, падыходзілі грунтовыя воды, і штодня прыходзілася выносіць з зямлянкі да 300 вёдзяр вады. Так і перазімавалі. Вясной садзілі агарод. Для таго, каб узараць зямлю, маці станавілася за плуг, а дзяўчаты запрагаліся і цягнулі яго. Збіралі на балоце шчаўе, у лесе – ландышы і насілі ў Гомель абменьваць на хлеб. Па начах на жытнім полі падбіралі каласкі. Гэта было вельмі небяспечна, бо па сталінскіх законах за пяць каласкоў пагражала турэмнае зняволенне. Выручала карова-карміцелька. Бачачы гаротнае становішча Аўгусціновічаў, улады хацелі забраць дзяўчынак у прытулак, але маці не дала на гэта згоду.

У калгасе з’явілася 8 кароў. Ганну Кліменцьеўну прынялі працаваць даяркай. За працу на калгаснай ферме ў тыя гады практычна нічога не плацілі. На працадні ў сшытак ставілі толькі палачкі. Праз некаторы час змаглі паставіць зруб і накрыць яго. Пераначавалі першую ноч у незакончанай хаце, а раніцай убачылі, што зямлянка, якая два гады была іх жыллём, абвалілася.

У 1947 годзе Рая закончыла сямігодку і ў той жа год стала студэнткай Гомельскага фельчарска-акушэрскага тэхнікума. Горад Гомель ляжаў у руінах. Складаны быў час. Не хапала самага неабходнага: ежы, адзення, абутку, медыцынскай літаратуры. У краіне была картачная сістэма. Па картках выдавалі буханку хлеба на тры дні, крышачку крупы, солі, цукру. Патрэбна было рана ўставаць, для таго, каб заняць чаргу і атаварыць карткі. Паёк вельмі мізэрны. Яго не хапала, каб задаволіць патрэбы ў ежы. Падчас заняткаў перад вачыма стаіў хлеб, па начах сніўся хлеб. Нягледзечы ні на што, дзяўчына займалася з вялікім жаданнем і ахвотай. Уважліва лавіла кожнае слова выкладчыкаў і запісвала пачутае ў канспект. На занятках была вельмі актыўная і старанная, паказвала глыбокія веды. Часта пасля лекцый, практычных заняткаў і ў выхадныя дні прыходзілася працаваць на расчыстцы гарадскіх завалаў. Пераносілі і загружалі на грузавікі цэглу, кавалкі тынкоўкі, дошкі, выконвалі іншыя работы.

Тры гады праляцелі хутка. Паспяхова былі здадзены выпускныя экзамены. У той час Заходняя Беларусь адчувала вельмі вострую патрэбу ў першую чаргу ў медыцынскіх і настаўніцкіх кадрах. Таму многія маладыя людзі на працу размяркоўваліся ў заходнія раёны. Атрымала такое размеркаванне ў Гродзенскую вобласць і Рая Аўгусціновіч.

У канцы ліпеня склала няхітрыя дзявочыя рэчы ў плеценую карзіну, зверху паклала вузельчык з ежай, апранула лепшую сукенку, абула парусінавыя туфлі і адправілася ў дарогу. Гродзенскі абласны аддзел здароўеаховы выдаў накіраванне ў Лідскі раён, у вёску Бердаўку.

На Лідскім чыгуначным вакзале маладога спецыяліста сустрэў чалавек гадоў 45-50, які назваўся Баляславам. Ён спрытна перахапіў з дзявочых рук карзіну і накіраваўся да месца, дзе стаяў запрэжаны ў брычку конь. “Вось і наша карэта, паедзем па-царску”, – з усмешкаю сказаў Баляслаў. Затым па-гаспадарску агледзеў брычку, паправіў конскую вупраж. “Но, Малік!” – крыкнуў фурман і лёгка ўдарыў коніка ляйчынай. Колы, “абутыя” у жалезныя абады, загрукаталі па брукаванай шашы.

Здавалася, што дарозе не будзе канца. Але наўкол была цудоўная прырода: змешаныя лясы, лугі, балоты, сярод якіх знаходзіліся вузкія і доўгія ўчасткі, дзе ўвіхаліся людзі, яны сенавалі. На палетках даспявала збажына. Пасвіліся каровы, коні, авечкі. Хаты ў асноўным былі накрытыя саломай, некаторыя дранкай або гонтам. Сустракаліся пад чарапіцай і нават пад ацынкаванай бляхай. Баляслаў аказаўся гаваркім чалавекам. За дзве з паловай гадзіны, што знаходзіліся ў дарозе, ён паспеў расказаць дзяўчыне пра навакольныя вёскі, пра Бердаўку, пра ўчастковую амбулаторыю і ахарактарызаваць увесь медыцынскі персанал. Праехалі гай, парослы елкамі, бярозамі, асінамі, вязамі, клёнамі і стогадовымі дубамі. Вось і наша Бердаўка. З левага боку знаходзіліся канюшні і гаспадарчыя пабудовы, загарада для выгулу коней. Крыху далей – некалькі баракаў, у парку віднеўся былы панскі палац, дом прыслугі і ўтульны домік, дзе знаходзілася кантора дзяржканюшні. Наперадзе – стаў і вадзяны млын. З правага боку – некалькі дамоў з мансардамі, касцёл, дом святара.

Фурман павярнуў управа. Грукат сціх. Брукаваная дарога закончылася. “Ну, вось мы і прыехалі, – сказаў Баляслаў, спыняючы каня каля акуратнага драўлянага дома, – гэта і ёсць наша амбулаторыя. ”

Урач участковай амбулаторыі, Цыбізава Антаніна Аляксееўна, ветліва сустрэла маладога спецыяліста, прагледзела накіраванне, дыплом, распытала, адкуль родам, пра бацькоў. Хуценька закіпяціла на прымусе ваду і заварыла заваркай з садавіны чай, парэзала хлеб і паставіла на стол міску з маслам. Пакуль дзяўчына піла чай, урач паведаміла аб некаторых абавязках фельчара. На вуліцы ўжо змяркалася. “Пра ўсё дагаворым заўтра, а цяпер я пакажу кватэру,” – сказала Антаніна Аляксееўна. Яна адвяла Раю на хутар Юткевічаў, што знаходзіўся ад амбулаторыі за паўкіламетра. Хата была падзелена печчу і дашчатай перагародкай на дзве часткі: кухню і святліцу. Святліца ў сваю чаргу дзялілася на два пакойчыкі. У адным кватаравала акушэрка з малалетнім сынам, а другі адвялі для фельчара. Гаспадары жылі на кухні. Падлога на кухні быў глінабітнай. Знутры хата была вымазана глінай і пабелена вапнай. У пакойчыку стаяў драўляны самаробны ложак, засланы саматканай дзяружкай, на якім пад столь узвышалася гара падушак. У куце пакойчыка каля сцяны стаяў стол, паўз яго – лавы, на покуце віселі абразы. На сцяне – рамка з фотаздымкамі і маленькае люстэрка.

Ноч праляцела хутка. За акном яшчэ толькі-толькі пачынала світаць, як Рая прачнулася. Да яе даносіліся абрыўкі сказаў. Гаварылі пра яе :“…новая доктарка такая худая і благая, ёй, мабыць, гадоў пятнаццаць, не болей…”

Праз некаторы час дзяўчына паднялася, выйшла на кухню, павіталася. Гаспадыня ўвіхалася ля печы. Яна спрытна здымала з патэльні пышныя падрумяненыя аладкі і складвала ў вялікую гліняную міску. Па хаце распаўсюджваўся апетытны пах.

“Пара снедаць, прашу за стол”, – сказала гаспадыня, запрашаючы сваіх пастаялак.

На стале стаяла міска з аладкамі, другая – з густой смятанай, трэцяя - з маслам, патэльня з яечняй, смажанай на скварках, гліняны збан з малаком.

Рая з’ела адну аладку, другую. У галаве з’явілася думка: ”Колькі ж гэта будзе каштаваць?” Стала дзякаваць, збірацца з-за стала. А гаспадыня пакрыўдзілася: “Ешце, калі ласка, у нас усё сваё: свая гаспадарка, маем дзве каровы, авечак, свіней, гусей, курэй. Слава Богу, калгасаў у нас яшчэ няма. Пагэтаму і хлеб ёсць, і да хлеба”.

Пачаліся працоўныя будні. Ляцелі дні, тыдні, месяцы. Малады фельчар з першых дзён праявіла сябе як добры спецыяліст. Старалася ўважліва, церпяліва выслухаць кожнага хворага, падтрымаць яго добрым словам, устанавіць правільны дыягназ, прапісаць неабходныя лекі, даць карысныя парады.

Зонай абслугоўвання Бердаўскай участковай амбулаторыі з’яўляліся вёскі Бердаўскага, часткова Дакудаўскага і Дубровенскага сельсаветаў. Вёскі ў тыя гады складаліся з хутароў. Бездарожжа, тэлефонная сувязь адсутнічае, “хуткай дапамогі” практычна няма. Адзіны транспартны сродак на ўвесь вялікі ўчастак – конь Малік, якога вясной, летам і ўвосень запрагалі ў калёсы, а ўзімку – у сані. У большасці выпадкаў прыходзілася хадзіць пешшу. Заробак у фельчара быў невялікі – 40 рублёў 50 капеек у месяц. Людзі ж з вялікай павагай ставіліся да доктара. Часта дапамагалі прадуктамі харчавання.

Паступова прыходзіць прызнанне, узрастаў аўтарытэт. Асабліва пасля таго, як маладая доктарка аказала кваліфікаваную дапамогу Сухойдзе Францу, які моцна пакалечыў нагу ў саломарэзцы. Не разгубілася, раны прамыла, апрацавала і спрытна па – майстэрску налажыла 12 швоў.

Даводзілася прымаць і роды. Быў святочны першамайскі дзень. Акушэрка паехала праведаць сваіх бацькоў. Малады мужчына з вёскі Анацкі прымчаўся на ўзмыленым кані і прасіў дапамагчы яго жонцы. І Раіса аказала кваліфікаваную дапамогу жанчыне. На радасць бацькоў на свет з’явілася двойня.

У тыя гады медыцынскі работнік на вёсцы не толькі займаўся выкананнем сваіх непасрэдных абавязкаў. Ён быў правадніком палітыкі Камуністычнай партыі і Савецкага ўрада. Раісе Сцяпанаўне прыйшлося стаць і агітатарам, і палітінфарматарам. Агітаваць за калгасы, за дзяржаўны заём, выступаць даверанай асобай кандыдатаў у дэпутаты, быць членам участковай выбарчай камісіі, выступаць у самадзейнасці і афармляць баявыя лісткі, насценныя газеты.

У 1952 годзе з дома раскулачанай сям’і Галавачоў пабудавалі ўчастковую бальніцу на 15 ложкаў, пазней яе пашырылі да 25 ложкаў. У бальніцы працавалі 19 чалавек медыцынскага і абслугоўваючага персаналу. Галоўнымі ўрачамі бальніцы ў розны час былі Рэшатнева Л.А., Гуркоў П.М., Федзін П.Г., Дземідчык М.У., Ліснеўскі Р.М., Астапковіч М.М., Яцкевіч У.У.

Бальніца праіснавала 20 гадоў. У 1972 годзе была зачынена, а на яе базе ўтворана ўчастковая амбулаторыя. У 1976 годзе амбулаторыю рэарганізавалі ў Бердаўскі ФАП.

Маладога спецыяліста цанілі людзі, добра ведалі як кваліфікаванага работніка ў раёне. За добрасумленную творчую працу яе адзначалі падзякамі, граматамі. 1954 годзе Раicу Сцяпанаўну ўзнагародзілі значком “Выдатнік здароўеаховы СССР”.

Уладкавалася і сямейнае жыццё. У тым жа 1954 годзе Рая звязала свой лёс з Міхаілам Самахвалавым.

М.Я. Самахвалаў нарадзіўся і вырас у горадзе Пушкіне, што за 25 кіламетраў ад Ленінграда. Закончыў політэхнічны тэхнікум. У 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Зімой 1939-40гг. удзельнічаў у савецка-фінскай вайне, затым служыў пад Вільнюсам у Літве, дзе і сустрэў Вялікую Айчынную вайну. Змагаўся з немцамі на Волхаўскім і Ленінградскім франтах. Быў цяжкапаранены, атрымаў кантузію. Два гады лячыўся ў шпіталях. Меў урадавыя ўзнагароды. Яго бацькі загінулі ў блакадным Ленінградзе. Прыехаў у Баяры-Смалоцкія да свайго дзядзькі ды так і застаўся на Лідчыне.

У 1947 годзе Міхаіл Якаўлевіч уладкаваўся працаваць на Бердаўскую дзяржканюшню шафёрам адзінай палутаркі. Затым працаваў механікам, загадчыкам гаражамі. Многія дзяўчаты ўздыхалі па ім, а ён не спяшаўся расставацца з халасцяцкім жыццём. Быў жартаўнік і весяльчак, але ў прысутнасці Раі губляўся, саромеўся. Нават, жывучы ў Бердаўцы, пісаў ёй пісьмы. Раіса Сцяпанаўна па сённяшні дзень беражліва іх захоўвае. Толькі ў 1954 годзе набраўся храбрасці і прапанаваў Раі стаць яго спадарожніцай жыцця. Ганна Кліменцьеўна, пабачыўшы абранніка дачкі, адобрыла яе выбар: “Ідзі за Мішу, не прападзеш”. Так і сышліся, як кажуць, з чамаданамі. Распісаліся ў сельсавеце. На ўрачыстым вечары прысутнічалі 10 чалавек – лепшыя сябры. Маладым выдзелілі маленькую кватэрку на мансардзе ў доме, пабудаваным палякамi ў 1934 годзе для спецыялістаў конезавода.

Пражылі 45 гадоў у згодзе душа ў душу. Вельмі радаваліся нараджэнню дзяцей. У 1955 годзе на свет з’явілася дачушка Наташа, а ў 1962 годзе – сын Мікалай. Дзяцей выхоўвалі ў строгасці, прывівалі працавітасць, абавязковасць, пунктуальнасць, чэснасць.

Наташа таксама, як і маці, стала медыцынскім работнікам. Сёння яна ўрач вышэйшай катэгорыі. Працуе ў г. Гомелі ў Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі арганізма чалавека ўрачом-афтальмолагам. Робіць складаныя аперацыі на воку, вядзе практычныя заняткі ў студэнтаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта. Стварыла сваю сям’ю. Выхоўваюць з мужам сына.

Мікалай закончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут. Жыве ў г.Лідзе, працуе дырэктарам ААГ “Гроднааптгандаль”. Жанаты. Мае дачку і сына.

Да Раісы Сцяпанаўны людзі звярталіся як да медыка-універсала. Таму для сябе яна вырашыла: калі ведаць што па сваёй прафесіі, то як мага больш. Пастаянна працавала над сабою. Паглыбляла веды самастойна: набывала і вывучала разнастайныя падручнікі і даведнікі па медыцыне. Прыходзіў вопыт, узрастаў аўтарытэт. З’явіліся новыя ўзнагароды. У 1968 годзе Раісу Сцяпанаўну ўзнагародзілі значком “Выдатнік санітарнай абароны СССР”, а ў 1970 годзе - юбілейным медалём “За доблесную працу”. А ў 1972 годзе Самахвалавай Раісе Сцяпанаўне Указам Прэзідіума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік здароўеаховы БССР”.

З 1976 па 1985 год Раіса Сцяпанаўна ўзначальвала Бердаўскі фельчарска-акушэрскі пункт. Пад яе кіраўніцтвам ФАП стаў адным з лепшых у раёне і неаднаразова займаў першыя месцы. На базе ФАПа праводзіліся семінары, працавала школа перадавога вопыту.

Усе гэтыя гады Раіса Сцяпанаўна актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці вёскі, раёна. Неаднаразова выбіралася дэпутатам сельскага і раённага Саветаў народных дэпутатаў, засядацелем народнага суда, удзельнічала ў сельскім хоры. Шмат працавала не толькі над павышэннем свайго прафесійнага майстэрства, але і над пашырэннем кругагляду. Яны з мужам Міхаілам Якаўлевічам з’яўляліся самымі актыўнымі чытачамі сельскай бібліятэкі.

Раіса Сцяпанаўна захапляецца творамі беларускіх пісьменнікаў І. Шамякіна, І. Мележа, У. Караткевіча, В. Быкава, любіць рускую класічную літаратуру - Л. Талстога, І. Тургенева, А. Чэхава, не адмаўляецца ад цікавых прыгодніцкіх раманаў і дэтэктываў. Захапляецца кветкаводствам.

Да яе і цяпер цягнуцца людзі. Для таго, каб атрымаць параду, каб проста паразмаўляць як з цікавым чалавекам. Сорак адзін год свайго жыцця Раіса Сцяпанаўна аддала прафесіі медыка, такой патрэбнай і неабходнай, мабыць, самай высакароднай на Зямлі. Імёны Раісы Сцяпанаўны і Міхаіла Якаўлевіча Самахвалавых ўпісана ў кнігу “Памяць” Лідскага раёна.

Іх любоў да жыцця, іх аптымізм, самаахвярнасць, чалавечая дабрыня і чуласць выклікаюць захапленне і гонар, з’яўляюцца прыкладам для пераймання.


: download
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Каляндар свят і знамянальных дат
download -> Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Даты. Імёны. Падзеі. Каляндар свят
download -> Тлумачальная запіска
download -> М.І. Таранда, С. Б. Пазняк, А. Г. Смалей Лабараторная дыягностыка бактэрыяльных і мікозных інфекцый сельскагаспадарчай і хатняй жывёлы
download -> АЎтарскі курс лекцый “славянская міфалогія” Электронная версія
download -> Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні
download -> Літаратурная Гомельшчына. Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання
download -> Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання
download -> Дзённік пастаноў 29 Паз. 638 Дадатак №11


1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка