Паломніцкая літаратура ў кантэксце беларуска-ўкраінскай культурнай супольнасці



Дата канвертавання15.05.2016
Памер133.96 Kb.
ПАЛОМНІЦКАЯ ЛІТАРАТУРА Ў КАНТЭКСЦЕ

БЕЛАРУСКА-ЎКРАІНСКАЙ КУЛЬТУРНАЙ СУПОЛЬНАСЦІ


Хрышчэнне Старажытнай Русі садзейнічала актывізацыі ўсіх жыццёвых працэсаў на землях ўсходніх славян. З пашырэннем хрысціянства ў насельніцтва пачало ўзнікаць жаданне ўбачыць на ўласныя вочы тое, што было прадметам апісання ў Святым Пісьме. Паходы ў Святую Зямлю атрымалі назву хаджэнняў, апісанні іх ствараюць цікавы пласт усходнеславянскай паломніцкай літаратуры, даследаванне якога пачалося фактычна толькі ў ХІХ ст. Дзякуючы руплівасці даследчыкаў адбываліся пошукі і знаходкі рукапісаў хаджэнняў, выконвалася карпатлівая тэксталагічная работа. Каментарыі да тэкстаў мелі пераважна археаграфічны характар. Хаджэнні вывучаліся як богаслоўскія, гістарычныя, геаграфічныя, этнаграфічныя дакументы. У ХХ ст. тэксты хаджэнняў як ўзоры пісьменства пачалі прыцягваць увагу і даследчыкаў-філолагаў. Сёння варта гаварыць пра тое, што хаджэнні, побач з такімі сярэднявечнымі жанрамі, як летапісы і жыційныя тэксты, спрыялі выпрацоўцы эпічнага стылю пісьма. Вырашальны ўклад у гэты працэс уносілі аўтары ўкраінскіх і беларускіх хаджэнняў. Бо менавіта найперш на землях Вялікага княства Літоўскага адбывалася засваенне практыкі заходнееўрапейскай новай літаратуры, калі пастулаты Сярэднявечча пачалі саступаць месца тэорыі новага чалавека, чалавека Рэнесансу. З вопыту жанру хаджэння нараджаўся і ўсходнеславянскі раман. Расійскія вучоныя сярод усходнеславянскіх хаджэнняў вылучаюць дзве разнавіднасці: сакральную і свецкую. Так, М. Пракоф’еў налічвае пяць жанравых груп хаджэнняў: 1) дакументальна-мастацкі нарыс, 2) “путнікі” – кароткія практычныя паказчыкі маршрутаў, 3) “сказкі” – запіскі вусных аповедаў русічаў, якія пабывалі за мяжою ці вандравалі па Русі, 4) “стацейныя спіскі” – справаздачы паслоў, 5) легендарныя ці спецыяльна прыдуманыя з публіцыстычнай мэтай аповеды пра падарожжы [9]. Украінскі даследчык паломніцкай літаратуры П. Білавус таксама шырока вызначае час функцыянавання хаджэнняў, звяртае ўвагу на тое, што ў іх адлюстравана “ўскладненая дыялектыка літаратурных пошукаў” [1, 48]. П. Білавус адзначае, што жанр хаджэнняў, мадыфікуючыся, дасягнуў свайго апагею ў творы В. Грыгаровіча-Барскага “Странствования по Святым местам Востока с 1723 по 1747 гг.”

Беларускія вучоныя адносна жанру хаджэнняў прытрымліваюцца асобнай думкі. Так, С. Гаранін перакананы, што “класічныя хаджэнні, выканаўшы сваю гістарычную ролю, адыходзяць разам з эпохай Сярэднявечча...”, што “пераймальнасці ў выглядзе непасрэднага ўплыву паміж хаджэннямі і творамі эпохі Адраджэння бачыць нельга: Адраджэнне было не працягам старых традыцый, а адмаўленнем Сярэднявечча” [3, 93].

Аднак, зыходзячы з логікі аналізу пытання ў расійскім і ўкраінскім літаратуразнаўстве, лічым магчымым выказаць думку пра неабходнасць расшырэння храналагічных рамак хаджэнняў і ў беларускай літаратуры. Так, хаджэнні ХVІІ ст., паводле расійскіх даследчыкаў, сведчаць пра з’яўленне новага аўтара – “землепраходца”. Адпаведную сітуацыю можна прасачыць і ў беларускай літаратуры. Побач з запіскамі пра асваенне Сібіры, Далёкага Усходу такіх аўтараў, як С. Дзяжнёў, Я. Хабараў і інш., можна паставіць творы аналагічнага характару, напісаныя прадстаўнікамі інтэлігенцыі з Беларусі, якія былі высланы царскім урадам ў Сібір. Вартыя ўвагі ў святле пазначанай праблемы і мемуарная літаратура Беларусі ХVІ – ХVІІІ ст., арыгінальныя дыярыушы з апісаннем падарожжаў па Заходняй Еўропе, ці перакладныя тэксты, якія выдаваліся ў друкарнях беларускіх мястэчак. І нават калі браць да ўвагі толькі хаджэнні сакральнага характару, то і тут існуюць падставы для расшырэння поля паломніцкай літаратуры Беларусі.

Родапачынальнікам жанру паломніцкай прозы лічыцца тэкст “Хаджэнне Данііла”, створаны ігуменам з Чарнігаўшчыны ў ХІІ ст. на тэрыторыі Кіеўскай Русі. Шмат наступных паломніцкіх тэкстаў, што былі напісаны выхадцамі з Усходняй Славяншчыны, і нават з тэрыторый паўднёваславянскага арэалу, з Балгарыі, Сербіі, ствараліся пад уплывам тэксту Данііла [Див.: 5. ]. На працягу многіх стагоддзяў “Хаджэнне ігумена Данііла” ўспрымалася як кананічнае... “Безлобивый показа ми Бог видети, его же жадах много дний мыслию моею”, – пісаў Данііл ва ўступе да свайго твору [6]. Тэкст гэтага помніка досыць добра даследаваны і працягвае далей даследавацца вучонымі Расіі. Сучасныя ўкраінскія навукоўцы ўпэўнена залічваюць тэкст ігумена Данііла да ўласнага нацыянальнага пісьменства. Нагадаем, што існуюць думкі і пра беларускасць твору. Яшчэ В. Ластоўскі ў 1926 г. у сваёй “Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі” звяртае ўвагу на тое, што “странник Богом починаем” ігумен Данііл пры гробе Гасподнім, складаючы малітву ў гонар свайго палітычнага кіраўніцтва, згадвае не толькі кіеўскіх князёў, але і полацкіх: “Глеба князя Мінскага, Давыда Усяславіча і Барыса Усяславіча; усе тры князі – сыны слаўнага полацкага князя-чараўніка Усяслава”. Беларускі вучоны падкрэсліваў: “Хоць падарожжа Данііла дайшло да нас у розных спісках (найстарэйшы ХV ст.), але мова, якой напісана яно, у некаторых спісках падобна да мовы Смаленска-Полацкіх умоў з немцамі (1200-х гадоў – аўт.). Гэтыя даныя паказваюць, што Данііл паходзіў з абшараў полацка-крыўскіх зямель…”. Да таго ж, В. Ластоўскі адзначае, што “рака Снова”, якую Данііл параўноўвае з Ёрданам, працякае і праз этнаграфічна беларускія землі, “у крыўскай частцы Чарнігаўшчыны” [7, 24-25]. Вартая ўвагі і сучасная беларусазнаўчая канцэпцыя адносна тэксту Данііла. “Патрыятычнае пачуццё ў Данііла было зусім іншае, чым у мітрапаліта Іларыёна і Нестара. Для Данііла старажытная Русь была перадусім не дзяржавай, а зямлёй, краем, народы якога стаялі ў адным шэрагу з іншымі народамі хрысціянскага свету. Таму Данііл, смуткуючы з-за горкага лёсу Радзімы, разадранай разбуральнымі ўсобіцамі, маліўся за князёў, што варагавалі тады паміж сабой, згадаўшы сярод іх і Глеба Усяславіча Мінскага. Так, у “Хаджэнні ігумена Данііла” літаратура ўпершыню заявілі пра сябе як пра самастойную і незалежную ад палітычных улад прадстаўніцу народа”, – менавіта да такой высновы прыходзіць В. Чамярыцкі [4, 54.].

У сувязі з мангола-татарскім нашэсцем на Кіеўскую Русь у гісторыі паломніцкай літаратуры з’яўляецца новы, ноўгарадскі перыяд, бо цэнтр стварэння паломніцкіх тэкстаў у ХІІІ – першай палове ХVІ ст. пераносіцца з разбуранага Кіева ў Ноўгарад. Затым на працягу XIV, XV, XVI, пачатку XVIІ ст. ініцыятыва хаджэнняў і паломніцкіх твораў пераходзіць на беларускія тэрыторыі, якія, разам з украінскімі, складалі Вялікае княства Літоўскае. У расійскім літаратуразнаўстве і цяпер яшчэ, па раней усталяваным прынцыпе, існуе практыка ўспрыняцця тагачасных беларускіх тэрыторый як заходнерускіх, абазначаюцца яны таксама і тэрмінам Літва, што можа атаясамліваецца ў сучасных расіян з паняццем Літвы этнічнай. Не фігуруе, адпаведна, і беларускі складнік у гісторыі культуры таго часу: “заходнерускія” рэаліі падаюцца як літоўскія. Літва ж не ўспрымаецца сучасным чытачом як частка праваслаўнага хрысціянскага арэалу. Не ўлічваецца і полілінгвальнасць пісьмовай культуры, якая стваралася ў ХVІ – ХVІІІ ст. на тэрыторыі Беларусі і Украіны, тэксты, створаныя тут на польскай мове, успрымаюцца выключна як такія, што належаць культуры Польшчы. Усё гэта міжволі прыводзіць да звужанасці разумення гісторыка-культурных працэсаў, якія адбываліся на прасторах Усходняй Славяншчыны. Улічваючы геапалітычныя фактары, асаблівасці хрысціянскі традыцый на землях Вялікага княства Літоўскага, дзе выразна праступаў уплыў Рэфармацыі і контррэфармацыі, лічым, што пазначаны беларускі перыяд паломніцкай літаратурнай сітуацыі можа быць ахарактарызаваны корпусам тэкстаў, якія ўзніклі ў выніку хаджэнняў Аграфенія, Ігнація Смаляніна, свяшчэннаінака Варсанофія, Арсенія Селунскага, архімандрыта Данііла Корсуньскага, Мікалая Крыштофа Радзівіла, Мялеція Сматрыцкага.

С. Гаранін, даўшы выдатны разгорнуты аналіз першых трох з названых тут твораў у манаграфіі “Шляхамі даўніх вандраванняў” (1999), ахарактарызаваў іх як сведчанне “залатога веку беларускіх хаджэнняў”. Нам пашчасціла расшукаць публікацыі А. Маркава, прысвечаныя “Слову о бытии Іерусалимском” Арсенія Селунскага. Адно з яго даследаванняў пад назвай “Родина Арсения Селунского” было апублікавана ў салідным выданні “Русский филологический вестник”, што выходзіў пад рэдакцыяй акадэміка Я. Карскага. А. Маркаў, выступаючы супроць версій іншых вучоных пра рускае, украінскае ці нават паўднёваславянскае паходжанне помніка, пераканальна паказвае, што Арсеній Селунскі – беларус. Праўда, трэба прызнаць, што, у параўнанні з ігуменам Даніілам, новымі асабістымі эмоцыямі і ўражаннямі тэкст хаджэння ў Іерусалім у Селунскага не напоўнены. Аднак, паколькі С. Гаранін не закранае названы помнік, мы спецыяльна звяртаем на яго ўвагу. Бо, аднесены А. Маркавым да ХV ст., гэты тэкст пашырае поле беларускай паломніцкай літаратуры і разуменне гісторыка-культурнай сітуацыі ў краі. Аналізуючы тэкст Арсенія Селунскага, А. Маркаў высветліў, што слова Селунскі паходзіць ад назвы “літоўскага горада” Селунь (Селук), месца яго размяшчэння вызначаецца ў межах паўднёвай часткі Пскоўшчыны і паўночна-заходняй тэрыторыі Віцебшчыны.

Наступны твор, вядомы пад назвай “Перегринація, или путь до Ірусалиму Даниила архимандрыты Корсуньского з Белой Россіи», залічваецца сёння да ўкраінскай паломніцкай прозы. Месца яго стварэння – вёска Корсунь, што знаходзілася непадалёк ад Кобрына. Нават паводле тагачаснага адміністрацыйнага падзелу Корсунь уваходзіў у Кобрынскі павет і належаў да Гродзеншчыны. А гэта дае падставы разглядаць “Перегринацію” архімандрыта Данііла Корсуньскага як факт і беларускай культуры. Тэкст “Перегринаціі” Данііла Корсуньскага, створаны ў 1590-х гадах, мала чым адрозніваецца ад тэксту хаджэння ігумена Данііла. У народнай мове і ўкраінцаў, і беларусаў ужо адбываліся змены ў бок выяўлення нацыянальных адметнасцей. Аднак Данііл Корсуньскі і зместам твору, і моўным афармленнем свайго тэксту імкнуўся да захавання старажытнарускай традыцыі як адзінай для ўсіх усходніх славян. Пазнейшыя спіскі “Перегринаціі” сведчаць пра папулярнасць твору Корсуньскага ў многіх усходнеславянскіх рэгіёнах, уяўляюць цікавасць з боку моўнага афармлення, раскрываючы станаўленне нацыянальных моў, месцяць шэраг зместавых дапаўненняў да першапачатковага тэксту хаджэння. Нашу ўвагу прыцягвае той факт, што паломніцкі твор Данііла Корсуньскага ў моўным плане тыпалагічна блізкі да той канцэпцыі славянскай мовы, якая была заяўлена ў хуткім часе Мялеціем Сматрыцкім у яго працы “Грамматікі словенской правільная сінтагма” (1619). Відавочным у абодвух выпадках з’яўляецца імкненне да сцвярджэння агульнаславянскай моўнай мадэлі. Канец ХVІ ст. – гэта перыяд вострай міжканфесійнай барацьбы паміж католікамі і праваслаўнымі. Названыя тэксты нараджаліся як спроба праваслаўнай хрысціянскай традыцыі супрацьстаяць польскім літаратурным творам, модным у той гістарычны перыяд у Вялікім княстве Літоўскім.

У шэраг паломніцкіх тэкстаў нарэшце неабходна залічыць і “Апалогію перагрынацыі да краёў Усходніх” Мялеція Сматрыцкага. Усе перыяды жыццядзейнасці і творчасці Сматрыцкага даюць падставы ў аднолькавай ступені характарызаваць яго і як украінскага, і як беларускага пісьменніка. Напісаная ў 1628 годзе на Валыні ў Дэрмані, “Апалогія перагрынацыі” выяўляла погляды Сматрыцкага ў другі перыяд яго творчасці і з’явілася не толькі творам-хаджэннем, але і своеасаблівым палемічным тэкстам, які адлюстроўваў ідэю царкоўнай уніі паміж праваслаўнымі і католікамі. Паказальна, што “Перагрынацыя” Корсуньскага, створаная праваслаўным вернікам, і “Апалогія перагрынацыя” Сматрыцкага, напісаная ў абарону уніі, з’явіліся на свет прыблізна ў адзін час і ў той самай мясцовасці, на геаграфічна кампактнай тэрыторыі – беларуска-украінскім Палессі.

Сучасны падыход да даўняга пісьменства дазваляе паняццем “нацыянальнае” ахопліваць усю культурную спадчыны народу, незалежна ад мовы яе стварэння. Звернем увагу на тое, што старабеларускі пісьменнік Андрэй Рымша, імя якога фігуруе і ў гісторыі ўкраінскай старажытнай літаратуры, здзейсніў пераклад з лацінскай мовы на польскую твора Ансельма Поляка “Хараграфія, ці Тапаграфія... Святой Зямлі”, які ўбачыў свет у Вільні ў 1595 годзе. Адзначаючы цікавасць тагачаснага грамадства да паломніцкай тэмы, заўважым, што Рымша, які знаходзіўся на службе пры двары Крыштафа Радзівіла Перуна, быў, безумоўна, азнаёмлены з аповедамі пра падарожжа ў Святую Зямлю другога знакамітага прадстаўніка магутнага магнацкага роду Радзівілаў – Мікалая Крыштафа Радзівіла. Падарожжа М. К. Радзівіла адбывалася на працягу 1582 – 1584 гадоў. Апісанне яго вандроўкі пад назвай “Перагрынацыя ў Святую Зямлю” убачыла свет у 1601 годзе спачатку на лацінскай мове, затым неаднаразова выходзілі выданні “Перагрынацыі” Радзівіла на польскай, нямецкай мовах.

Само слова «перагрынацыя» – лацінскага паходжання і адзначае “странствование”, вандроўка, знаходжанне за мяжою. Для рымлян яно мела асаблівы сэнс, бо пад ім разумеўся чалавек не свой, а замежнік – перагрын, які прыўласніваў сабе права рымскага грамадзяніна. Лацінскае слова «peregrynacja», з’явіўшыся на свет, відавочна, яшчэ да распаўсюджання хрысціянства, мела больш свецкі характар, чым слова хаджэнне. Такім чынам, ад твора, пазначанага ў жанравых адносінах як перагрынацыя, дазволена чакаць больш шырокага зместу. Першапачатковая назва тэксту Данііла Корсуньскага – “Книга беседы о путі Иерусалимском”. У далейшым, верагодна, пад уплывам папулярнага твора М. К. Радзівіла, спіскі гэтага тэксту атрымалі назву “Перегринация или путь до Іерусалиму”.

Да М. К. Радзівіла сучаснае ўкраінскае літаратуразнаўства чамусьці цікавасці не выяўляе, нягледзячы на тое, што ў свой час ён быў моцна звязаны з украінцамі, хаця б па той прычыне, што, як адзін з магутнейшых магнатаў Вялікага княства Літоўскага, валодаў землямі на тэрыторыі Львоўшчыны, Кіеўшчыны. Са свайго боку, падкрэслім, што пра “Перагрынацыю” Радзівіла згадвае ў сваім творы “Небо новое” (Львоў, 1665, 1666, Магілёў, 1677) Іанікій Галятоўскі, які як рэлігійны і культурны дзеяч таксама залічаны ў сваю гісторыю і ўкраінцамі, і беларусамі. Дарэчы, месца нараджэння, юнацкія гады Іанікія Галятоўскага – таксама звязаны з берасцейска-валынскім Палессем. Рэктар Кіева-Магілянскай акадэміі, архімандрыт Ялецкага Чарнігаўскага манастыра, Галятоўскі выступаў за аб’яднанне ўсяго славянскага свету ў барацьбе з турэцка-татарскай агрэсіяй. Пераказваючы гісторыі пра цуды, якія здзяйсняе хрысціянская вера, Галятоўскі выкарыстаў прыклады з “Перагрынацыі” Радзівіла [2, 251].

Цікавыя вынікі дае зварот да недаследаванага на Украіне малавядомага ўкраінскага ананімнага твору “Слово о неком старце” ХVІІ ст., які набліжаны па змесце да паломніцкага тэксту, бо яго аўтар-украінец апынуўся на Святой Зямлі, вызваліўшыся з турэцкай няволі. Высвятленне біяграфічных звестак пра асобу героя праз украінскія гістарычныя песні прыводзіць нас да Ялецкага Чарнігаўскага манастыра і дае таксама пэўныя падставы гаварыць пра ўплыў на гэты твор “Перагрынацыі” Радзівіла.

Больш глыбокі аналіз разгледжаных паломніцкіх тэкстаў дазваляе зрабіць наступныя высновы. Па-першае, у ХVІ – ХVІІ ст., як і ў ранейшы перыяд, заставалася запатрабаванай структура першага паломніцкага тэксту – хаджэння ігумена Данііла. Аднак час дыктаваў і новыя падыходы да апісанняў паломніцтва. Наватарскія якасці хаджэнняў–перагрынацый знайшлі свае выявы ў наступным. Маналагічная аўтарская свядомасць, якая выявіла сябе ў хаджэнні Данііла і доўгі час з’яўлялася кананічнай формай аповеду, паступова саступае месца маналагічна/дыялагічнай свядомасці. Ідэйным канцэптам сярэднявечнага твора абавязкова з’яўляўся Бог. У творы пераходнага перыяду паступова пачынае ўваходзіць вобраз чалавека. Так, у палемічным тэксце “Апалогіі перагрынацыі” Сматрыцкага можна адчуць прысутнасць уяўнага вобразу дыскутанта. “Апалогія” Сматрыцкага месціць і царкоўныя, і свецкія пачаткі. Гэты твор можна разглядаць як жанравую мадыфікацыю хаджэння, бо ў ім рэалізаваліся яшчэ і якасці тэалагічнага трактату, юрыдычнага і палітычнага дакументаў, пропаведзі і споведзі.

Аповед у “Перагрынацыі” Радзівіла, пададзены праз ліставанне, атрымлівае форму бяседы, размовы з сябрам. Вынікае сувязь аўтар – чытач. Падача інфармацыі карэкціруецца ў адпаведнасці з успрыняццем яе рэцыпіентамі. Пры гэтым у абодвух тэкстах раскрываецца асоба аўтара, з’яўляюцца прыкметы аўтабіяграфіі. Пры дамінанце хрысціянскага пачуцця міласэрнасці і любові адначасна з сакральным матэрыялам ў тэкстах усё больш прысутнічае гісторыя роднага краю. Канкрэтнасць апісанняў суседнічае з іншасказальнасцю, з’яўляюцца фальклорныя кампаненты, якія набліжаюць аўтарскую мову да мастацкай. Як і ў тэкстах старажытнарускіх хаджэнняў, у творах пераходнага перыяду канстатуюцца факты, падаецца шырокая інфармацыя адносна сакральных рэалій. Аднак нельга не ўбачыць, што, скажам, у творы Радзівіла знаходзіць сваё месца яшчэ і свецкі пейзаж, карціны прыроды вызначаюцца пластычнасцю, яны сагрэты аўтарскім пачуццём, што ўрэшце не можа не спрыяць псіхалагізацыі аповеду.

На развіцці стараўкраінскай і старабеларускай літаратур не маглі не пазначыцца ўзаемазалежныя ўплывы. Дасягненнямі гэтых літаратур актыўна цікавіліся і ў Расіі. Так, ва ўсіх дарэвалюцыйных энцыклапедыях з’явіліся артыкулы пра Мялеція Сматрыцкага. Яго “Апалогія перагрынацыі” у 1863 г. была перакладзена на рускую мову. У прадмове да рускага выдання перакладчык І. Мартынаў адзначаў шырыню думак аўтара “Апалогіі”. Мартынаў заклікаў сваіх чытачоў так разумець прызначэнне славянства, як гэта прачытваецца ў “Апалогіі”. Думкі Сматрыцкага пра неабходнасць аб’яднання хрысціян перакладчык назваў “прарочымі” [8, 12].

Мастацкія своеасаблівасці «Перагрынацыі» Радзівіла рыхтавалі грунт для новага спосабу падачы матэрыялаў пра хаджэнні ў Святую Зямлю. Так, тэкст Радзівіла, які нарадзіўся на мяжы ХVІ–ХVІІ ст., “прадвызначыў” зместавыя і стылёвыя адметнасці “Странствований” В. Грыгоравіча-Барскага, якія з’явіліся ў сярэдзіне ХVІІІ ст. Вялікім поспехам карысталася “Перагрынацыя» Радзівіла і ў расіян. Твор Радзівіла сваімі шматлікімі мастацкімі навацыямі апярэджваў развіццё літаратуры ў Расіі, прывабліваў чытачоў паяданнем у адным творы сакральнай тэмы з рэнесансным жывым пачуццём рэальнасці, апісаннямі экзотыкі Усходу. Сёння ў бібліятэчных сховішчах Расіі захоўваецца больш дзесяці рукапісных спіскаў “Перагрынацыі” Радзівіла. Першы рускамоўны пераклад “Перагрынацыі” выйшаў друкам у 1677 г. (пераклад з кракаўскага выдання 1628 г.). Наступныя публікацыі з’яўляліся ў ХVІІІ, ХІХ ст., твор Радзівіла меў безумоўны ўплыў на станаўленне рускай літаратуры [10, 25-33].

Тэксты перагрынацый Сматрыцкага і Радзівіла ілюструюць як індывідуальны почырк кожнага аўтара, так і агульныя тэндэнцыі развіцця грамадства і літаратурнага працэсу на землях Беларусі і Украіны. Абодва пісьменнікі выявілі сваёй творчасцю зараджэнне такога тыпу мастацкай свядомасці, якая фармавалася як пераходная паміж сярэднявечным мастацтвам і пісьменствам Новага часу. Філасафічнасць і медытацыя, навуковая пазнавальнасць і асветніцкі змест, дынаміка аповеду за кошт расшырэння апавядальнай стылістыкі, увядзенне народнага моўнага элементу – тыя якасці, якія спрыялі белетрызацыі паломніцкага тэксту. У гэтым працэсе паяднання традыцыйнага і наватарскага адбывалася і зараджэнне новага тыпу аўтара, які ўпэўнена ўвойдзе ў мастацкую літаратуру Новага часу. І ў Сматрыцкага, і ў Радзівіла, і ў ананімнага аўтара “Слова пра некого старца” пры распрацоўцы паломніцкай тэмы здзяйснялася спроба “універсалізацыі” матэрыялу. Аўтары адчувалі, што канкрэтныя гісторыі пра рэальных людзей можна наблізіць да тыпізаваных. Пісьменнікі, у той ці іншай ступені, рэалізоўвалі імкненне да абагульнення. Адзначанымі навацыямі, як і тэндэнцыяй да секулярызацыі матэрыялу, паломніцкія творы, што ўзніклі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага яшчэ ў ХVI – на пачатку XVІІ ст., здзейснілі ўплыў на станаўленне літаратурнага працэсу ў Расіі, прыскорыўшы яго развіццё, паспрыяўшы ў тым ліку і станаўленню ў расійскай літаратуры такога эпічнага жанру, як раман.

Такім чынам, паломніцкія тэксты беларусаў і ўкраінцаў пераходнага перыяду развіцця літаратуры на землях усходніх славян засведчылі паварот у бок інтэрпрэтацыі жыццёвага матэрыялу, прызнання каштоўнасці індывідуальнага ўспрыняцця свету. Гэтыя ж тэксты засведчылі і зараджэнне новай мастацкай свядомасці.



Спіс літаратуры

1. Білоус П. Паломницький жанр в історії української літератури. – Житомир, 1997.

2. Галятовський І. Ключ розуміння. – К., 1985.

3. Гаранін С. Шляхамі даўніх вандраванняў. – Мінск, 1999.

4. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ – ХІХ ст.: У 2 т. Т. 1. – Мінск, 2007.

5. Гюрова С. Книга за българските хаджии. – София, 2002.

6. Житье и хоженье Данила Руськыя земли игумена // Библиотека литературы Древней Руси: ХІІ век: В 20-и т. – СПб, 1997. – Т. 4: ХІІ век. С. 26-118.

7. Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. – Коўна, 1926.

8. Мартынов И. О Мелетии Смотрицком // Кирилло-Мефодиевский сборник. Вып. 1. – Лейпциг; Париж, 1863.

9. Прокофьев Н.И. Хождение как жанр в древнерусской литературе // Вопросы русской литературы: Учен. зап. МГПИ им. В.И. Ленина. М., 1968. Т. 288. С. 3–24.

10. Федорова И. В. «Путешествие в Святую землю князя Николая Радзивилла» в русской книжности второй половины ХVІІ века // Белорусский сборник. Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Вып. 2. – СПб., 2002. – С. 25–33.

Дзюкава, Э. Ю. Паломніцкая літаратура ў кантэксце беларуска-ўкраінскай культурнай супольнасці / Э. Ю. Дзюкава // Роднае слова. – 2010. – № 5. С. 22 26.
: bitstream -> 123456789 -> 90807
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка