Патрыярх беларускага адраджэння



Дата канвертавання15.05.2016
Памер77.58 Kb.
Патрыярх беларускага адраджэння.

У гісторыі беларускага пісьменства ХІХ – першай трэці ХХ ст. яму належыць своеасаблівае месца. І хоць ён не мае на сваім творчым рахунку шыкоўна выдадзеных фаліянтаў, вядомых у навуковым асяроддзі арыгінальных прац, але яго лічаць сваім настаўнікам, клапатлівым і бескарыслівым дарадцам і апекуном амаль усе беларускія літаратары той пары – ад Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і Змітрака Бядулі да Янкі Купалы, Якуба Коласа, Цішкі Гартнага. У той час, калі польскія і рускія шавіністы крычалі, што Беларусь ніколі не мела сваіх пісьменнікаў, ён беражліва і любоўна выдаваў В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, К. Каганца, рэдагаваў першыя кнігі будучых класікаў і пачынальнікаў сучаснай беларускай літаратуры. Яго кватэра № 16 у 45-м доме на 4-й лініі Васільеўскага вострава Пецярбурга, па ўспамінах Цішкі Гартнага, на многія гады стала сапраўдным беларускім штабам, у якім адбываліся пасяджэнні гуртка беларускіх студэнтаў Пецярбургскага універсітэта, дзе абмяркоўваліся навуковыя рэфераты, аналізаваліся мастацкія творы, набіраліся вопыту і спрактыкаванасці будучы аўтар “Беларускай граматыкі для школ” Браніслаў Тарашкевіч, адзін з пачынальнікаў беларускай літаратурнай крытыкі Яўген Хлябцэвіч, бібліёграф Рамуальд Зямкевіч і інш. Усё сказанае датычыцца прафесара Пецярбургскага універсітэта Браніслава Ігнатавіча Эпімаха-Шыпілы.

Б. І. Эпімах-Шыпіла нарадзіўся 4 верасня 1859 г. у фальварку Будзькаўшчына на Лепельшчыне, а дзяцінства яго прайшло ў фальварку Залессе (цяпер гэта Полацкі раён Віцебскай вобласці), куды неўзабаве пераехалі бацькі. У дзесяцігадовым узросце Браніслава адправілі ў Рыгу, тут ён у 1880 годзе з залатым медалём закончыў Аляксандраўскую гімназію. Далей была вучоба на аддзяленні класічных моў гісторыка-філалагічнага факультэта Пецярбургскага універсітэта, дзе дасканала авалодаў больш чым дваццацю старажытнымі і новымі еўрапейскімі мовамі. З-за выключных здольнасцей да навукі быў пакінуты пры універсітэце, у якім у 1887 г. абараніў дысертацыю і атрымаў вучоную ступень кандыдата гісторыка-філалагічных навук. З гэтага часу пачалася яго выкладчыцкая дзейнасць у розных навучальных установах паўночнай сталіцы: Рымска-каталіцкай духоўнай акадэміі, на агульнаадукацыйных курсах Чарняева, мужчынскай і жаночай гімназій. Каля трыццаці пяці гадоў працаваў на пасадзе памочніка дырэктара бібліятэкі Пецярбургскага універсітэта. У 1925 г. па запрашэнні Інбелкульта пераехаў у Мінск, працаваў спачатку рэдактарам, а ў 1927--1929 гг. старшынёй камісіі Інбелкульта па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. У ліпені 1930 г. быў беспадстаўна арыштаваны і зняволены, у верасні ж гэта года быў выпушчаны на волю без права жыць у Мінску. Памёр Б. І. Эпімах-Шыпіла 6 чэрвеня 1934 года ў Пецярбургскай бальніцы імя С. Пяроўскай.

Парадаксальна, але доўгія гады дзейнасць Эпімаха-Шыпілы абмяжоўвалася стварэннем і кіраўніцтвам беларускай выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша аконца”, беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Пецярбургскага універсітэта, у цэлым беларускага культурна-грамадскага руху ў Пецярбургу. Толькі ў канцы 1960-х гадоў, дзякуючы нястомным пошукам літаратуразнаўцы Рыгора Семашкевіча, з асобы Б. Эпімаха-Шыпілы стала знімацца чыноўніцкае табу. Перад намі паступова сталі раскрывацца старонкі жыцця унікальнага чалавека – выдаўца, фалькларыста, літаратуразнаўца, моваведа, збіральніка фальклору і помнікаў літаратуры, мудрага настаўніка і арганізатара, які паўстагоддзя аддаў служэнню беларускаму народу. Дзякуючы яго рукапіснай “Беларускай хрэстаматыі”, што складалася з 1889 да 1931 г., у гісторыі беларускай літаратуры захаваліся многія арыгінальныя творы таго часу, акуратна перапісаныя і пашпартызаваныя. Як піша Р. Семашкевіч, “у хрэстаматыі Эпімаха-Шыпілы адбіліся найбольш складаныя, вузлавыя пытанні літаратурнага, больш таго, грамадскага жыцця Беларусі. І яна больш поўна, чым любы гістарычны даведнік ці асобныя публікацыі, расказвае пра гэта. Старэйшы шэдэўр пра прыгоды Тараса на Парнасе і зусім рэальныя зямныя перыпетыі шукання рэвалюцыйнага ідэалу ў вершах Ул. Сыракомлі, ілжэнародныя падробкі палітыкаў (“Гутарка старога дзеда”) і першыя пераклады на беларускую мову (“Ямшчык” Ул. Сыракомлі ў перакладзе Я. Лучыны), і факт прыходу ў беларускую літаратуру новага паэта (верш “Вясновай парой” Я. Лучыны) – усё гэта з незвычайнай яркасцю паказвае складаны кірунак думак і ўказвае на шляхі дзейнасці беларускага грамадства ХІХ стагоддзя” [2, 18-19].

Рукапісная “Хрэстаматыя”, па ўсім відаць, стала штуршком для стварэння выдавецкай суполкі “Загляне сонца і ў наша ваконца”, у якой былі надрукаваны творы Э. Ажэшкі, Ф. Багушэвіча, З. Бядулі, Ц. Гартнага, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Я. Коласа, Я. Купалы, Цёткі, А. Чэхава і інш. За дзесяць гадоў свайго існавання (1906-1914) суполка выдала 39 назваў кніг літаратурнага, бытавога, грамадска-палітычнага зместу агульным накладам больш як сто тысяч паасобнікаў.

Б. Эпімах-Шыпіла адыграў выключную ролю ў жыцці і творчасці Янкі Купалы. Можна сказаць, ён падрыхтаваў яго як паэта, прывіў яму любоў да кнігі, паспрыяўшы паступленню Янкі Купалы на курсы А. Чарняева, выкладанне на якіх набліжалася да універсітэцкага і давала глыбокія веды ў розных галінах навукі. Б. Эпімах-Шыпіла аказваў паэту вялікую матэрыяльную дапамогу – “аддаў у яго распараджэнне пакой, забяспечыў на правах члена сям’і поўным харчаваннем і ўносіў плату за абучэнне на Чарняеўскіх курсах, нават ахвяроўваў належную суму грошай на так званыя кішанковыя выдаткі: кіно, тэатр, фурманкі, конкі, параходы” [4, 190]. Пецярбургскі перыяд у жыцці паэта атаясамліваецца з такімі цудоўнымі творамі, як “Курган”, “Сон на кургане”, “Паўлінка”, зборнікамі “Жалейка”, “Шляхам жыцця”.

Новым этапам у жыцці прафесара сталіся 20-я гады ХХ ст., калі былі створаны Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры, у якім пастановай Народнага камісарыята асветы вучоны быў зацверджаны пажыццёвым сапраўдным членам інстытута. Зусім не выпадкова было прызначэнне вучонага ў камісію па складанні слоўніка жывой беларускай мовы. Каму як не Браніславу Ігнатавічу, знаўцу многіх еўрапейскіх моў, можна было даручыць такую працу. Адразу ж былі вызначаны і шляхі збору і сістэматызацыі моўнага матэрыялу – з дапамогай спецыяльных праграм-інструкцый і праз укладанне краёвых (рэгіянальных) слоўнікаў і слоўнікаў мовы асобных аўтараў (Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага). Падключаліся да гэтай работы і краязнаўчыя арганізацыі, асобныя краязнаўцы, пісьменнікі. Ужо да канца 1927 года ў камісіі было назапашана больш як 240 тысяч картак, фактычна на кожным з пасяджэнняў заслухоўваліся водзывы Б. Эпімаха-Шыпілы аб матэрыялах, што прысылаліся з розных рэгіёнаў Беларусі. Вось як, напрыклад, ацэньвае Б. Эпімах-Шыпіла карткі І. Мацьвяёнка з Быхаўскага раёна: “З лексічнага боку карткі даюць многа каштоўнага матэрыялу, бо больш 9 % рэдкіх, цікавых, новых або з новым значэннем, характэрных, трапных і зусім нечуваных прыгожых слоў, як – бажадай – пожалуй, бліскуха – маланка, зэз: толькі пачалі людзі касіць, як на той зэз пашоў дождж, імжэль у восень цэлымі днямі, як цераз сіта ліецца, казáба – хіба, расійск. – разве: а казаба ты не ведаў, што сянні будзе сход, перакараніўся ўвесь яго род, а цяпер ад яго і следу няма, коц – саламяная мата на вакно, чэмер – паралич, цэлым карагодам лётаюць салдацікі (стрекозы), як табе собіла (угораздило) скінуцца з ганак? і многа іншых гэтым падобных” [1, 55].

У 1927 -1928 акадэмічным годзе Слоўнікавая камісія для разгляду разаслала ва ўсе акруговыя таварыствы краязнаўства “Беларуска-расійскі слоўнік” М. Байкова і С. Некрашэвіча. У вызначаны тэрмін (да 1 сакавіка 1928 г.) паступілі водзывы Аршанскага таварыства краязнаўства, а таксама К. Вашыны, П. Самцэвіча, С. Калядка, А. Сержпутоўскага, А. Мяцельскага, А. Шашалевіча. Б. Эпімах-Шыпіла асабліва выдзяляе разгляд слоўніка П. Самцэвічам (в. Дакудава Крупскага раёна): “Самае багатае і самае каштоўнае ў разглядзе Самцэвіча, гэта – яго спіс слоў, каторыя апроч значэнняў, што даны ў слоўніку, маюць яшчэ іншыя. Выпіс такіх слоў, каля 680, зроблены Самцэвічам на асобных 27 аркушох, дзе даданы адно, два ці нават і болей значэнняў, якіх брак у слоўніку. Гэта вялікі семасіялагічны матэрыял для слоўніка, якога ніхто яшчэ не даваў у такой колькасці” [1, 55].

Б. Эпімах-Шыпіла не толькі рэцэнзаваў дасланыя матэрыялы, але і на іх аснове сам пачаў складанне слоўніка. У Санкт-Пецярбургскім архіве Расійскай акадэміі навук, у паперах славіста Канстанціна Пушкарэвіча літаратуразнавец Рыгор Семашкевіч адшукаў 82 ацалелыя старонкі рукапіснага слоўніка, спісаныя акуратным почыркам сінім і чырвоным чарнілам. Рыхтуючы публікацыю, Р. Семашкевіч сістэматызаваў і выбраў “тое, што здавалася самым цікавым, падзяліўшы запісы на некалькі груп (руска-беларускі слоўнік, выклічнікі дзеяслоўныя і інш.)” [3, 225]. Матэрыялы слоўніка сведчаць аб шырокай геаграфіі зробленых запісаў, хоць прыводзяцца і непашпартызаваныя словы, магчыма, добра вядомыя самому складальніку або шырока распаўсюджаныя ў тагачаснай Беларусі. Параўн.:

Вместо – заміж.

Манжеты – 1. Каўнярцы. Наста вышыла сабе прыгожыя каўнярцы (в. Оўсішча, Сенненскі р-н). 2. Каўнерчыкі (Случчына). 3. Шлягі (М. Азарычы). 4. Абшэўкі. Купіў у Слабадзе на абшэўкі паркалю (в. Хамічы, Калінкавіцкі р-н). 5. Чахлы. К сарочцы прышылі новыя чахлы (в. Глушкавічы Лельчыцкі р-н).

Элегант, форсун – выстаўнóжка. Ах ты, выстаўножка нягодная! (в. Мужычы, Азарыцкі р-н).

Свісь! Скрып! Скрып-скрып дзверы. Стук! Саўгель! А маладая саўгель яму хвігу пад нос. Скрыгі! Гаспадыня хі-хі, а свінні скрыгі.

Чох! Прынясла вады ды разам чох у чугун. Чырык! Чмых! Лось чмых дай пабег.

Аляльнішча – льняное поле.

Жарлюк – рыба, праглынутая другой рыбай. Як разрэзаў я шчупака, а там жарлюкі (в. Вялікае сяло, Мазыршчына).

Палявец – вартаўнік поля.

Чаранкі – вокладкі сшытка, кнігі. Яна падрала чаранкі (в. Вераб’ёўка, Веткаўскі р-н).

Дзяльбу дзяліць. А ў новым горадзе дзяльбу дзеляць (Е. Романов. Белорусский сборник).

З мовазнаўчых прац Б. Эпімаха-Шыпілы вядома таксама грунтоўная рэцэнзія на фальклорны зборнік А. Сержпутоўскага “Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павету” (1926), апублікаваная ў “Запісках аддзела гуманітарных навук. Працы класа філалогіі” (1928. Т. 1, кн. 2. – С. 377 -- 380). Як адзначае рэцэнзент, беларускія казкі і апавяданні, запісаныя А. Сержпутоўскім на яго бацькаўшчыне, на паграніччы Случчыны і Мазыршчыны паміж 1890 і 1923-м гадамі, чытаюцца з вялікай цікавасцю, прыемнасцю і захапленнем. Пекнатой мовы, яе гладкасцю, плыннасцю, нярэдка паэтычнасцю і мастацкай літаратурнай формай казкі Сержпутоўскага стаяць куды вышэй за казкі, запісаныя іншымі вядомымі збіральнікамі, як Шэйнам, Раманавым, М. Федароўскім і г. д.” (с. 378). З замілаванасцю гаворачы аб таленавітых баечніках-мастаках, гэтых непісьменных народных беларускіх “пісменніках”, што заслугоўваюць быць занесенымі на старонкі нашай народнай літаратуры, Б. Эпімах-Шыпіла ўсё ж строга крытычна аднёсся да матэрыялаў кнігі, не абмінаючы ніводнай дробязі, уважліва аналізуючы ўсе няяснасці, незразумеласці і хібы, друкарскія памылкі і інш., выявіўшы выдатнае веданне дыялекталогіі, гістарычнай граматыкі.

Плённасць мовазнаўчай (найперш лексікаграфічнай) працы Б. Эпімаха-Шыпілы пацвярджаюць і “Віцебскі краёвы слоўнік” (1927) М. Каспяровіча і “Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны” (1929) М. Шатэрніка, што былі адрэдагаваны ім сумесна з М. Байковым. Ёсць звесткі, што вучоны напісаў яшчэ дзве мовазнаўчыя работы – “Аб пратэтычнасці і аферэзэсе ў беларускай мове” і “Прыназоўнік за з родным склонам”, аднак яны дагэтуль не адшуканы.

Навуковая і грамадска-культурніцкая дзейнасць прафесара Б. Эпімаха-Шыпілы ў апошнія дзесяцігоддзі ўсё часцей прыцягвае ўвагу даследчыкаў. Акрамя згаданых прац Р. Семашкевіча можна прыгадаць з добры дзесятак публікацый у 15-й кнізе “Беларусіка =Albaruthenica” (матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 140-годдзю з дня нараджэння прафесара Б. Эпімаха-Шыпілы; Ветрына, верасень 1999 г.), вялікі артыкул А. Каўкі ў зборніку “Скарыніч” (1991) і інш. Да паўтаравекавога юбілею з дня нараджэння вучонага дырыктарам Музея-архіва літаратуры і мастацтва Ганнай Запартыка падрыхтаваны ладны томік малавядомых архіўных матэрыялаў і навуковай спадчыны Б. Эпімаха –Шыпілы. Намаганнямі літаратуразнаўцаў, архівістаў, гісторыкаў і моваведаў робіцца ўсё, каб імя Браніслава Ігнатавіча Эпімаха-Шыпілы заняло годнае месца ў пантэоне славы беларускага народа.


Спіс літаратуры


  1. Байкоў М. Слоўнікавая праца на мясцох у БССР за тры гады (1925-1928) // Наш край, 1928, № 12 (39).

  2. Семашкевіч Р. Браніслаў Эпімах-Шыпіла. -- Мінск, 1968.

  3. Семашкевіч Р. Слоўнік Б. Эпімаха-Шыпілы // Полымя, 1969, № 7.

  4. Сушынскі Я. Купала ў Пецярбурзе // Полымя, 1967, № 3.

Мікалай Прыгодзіч, доктар філалагічных навук,



прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы БДУ
: documents -> %D0%9A%D0%B0%D1%84%D0%B5%D0%B4%D1%80%D0%B0%20%D0%B3%D1%96%D1%81%D1%82%D0%BE%D1%80%D1%8B%D1%96%20%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D0%B9%20%D0%BC%D0%BE%D0%B2%D1%8B -> %D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> %D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Беларуская мова
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Прыгодзіч М. Р. (Мінск, Беларусь) беларусіст з берагоў дуная
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Родам з нясвіжшчыны
%D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> Сяргей Запрудскі (Мінск) Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў
%D0%9F%D0%B0%D0%BF%D0%BA%D1%96%20%D0%B2%D1%8B%D0%BA%D0%BB%D0%B0%D0%B4%D1%87%D1%8B%D0%BA%D0%B0%D1%9E -> Сяргей Запрудскі Беларусістычныя зацікаўленні Самуэля Багуміла Ліндэ1
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Яна была першай
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> З гісторыі мовазнаўства Мікалай прыгодзіч
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> ДАЎні сябра беларускай мовы
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Андраш золтан як даследчык помнікаў беларускага пісьменства
%D0%9F%D1%80%D1%8B%D0%B3%D0%BE%D0%B4%D0%B7%D1%96%D1%87%20%D0%9C.%D0%A0 -> Прыгодзіч М., Бду, Беларусь з гісторыі вывучэння аказіянальнай лексікі беларускай мовы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка