Паводле лірычных твораў А. С. Пушкіна мы іграем пушкіна



Дата канвертавання15.05.2016
Памер124.92 Kb.
ЛІТАРАТУРНА-МУЗЫЧНАЯ КАМПАЗІЦЫЯ ДЛЯ ВУЧНЯЎ СТАРЭЙШЫХ КЛАСАЎ

ПАВОДЛЕ ЛІРЫЧНЫХ ТВОРАЎ А. С. ПУШКІНА


МЫ ІГРАЕМ ПУШКІНА
( Гучыць “ Вальс до мінор” Ф.Шапэна. Выходзіць вядучы ў ролі Пушкіна).
Вядучы. Я помню дзіўнае імгненне:

Перада мной паўстала ты,

Як пралятаючае сненне,

Як геній чыстай пекнаты.


Праз боль і смутак невымоўны

За безразважнай мітуснёй

Мне чуўся голас твой чароўны

І мілы воблік сніўся твой.

Гады міналі. Шквал бунтоўны

Развеяў мар даўнейшых рой,

Забыў я голас твой чароўны,

Забыў я твар нябесны твой.


Ў глушы, у змроку зневальнення

Самотна дні мае плылі

Без захаплення, без натхнення,

Без слёз, жыцця і без любві.


Душа зазнала абуджэнне:

І вось ізноў паўстала ты,

Як пралятаючае сненне,

Як геній чыстай пекнаты.


І сэрца ў радасным імкненні,

І для яго ўваскрэслі зноў

І захапленне, і натхненне,

Жыццё, і слёзы, і любоў.



( Вядучы садзіцца за столік, збоку, перад кулісамі. Выходзяць Анегін і Ленскі).

Анегін. Скажы, каторая Тацяна?

Ленскі. Ды тая, што ўвесь час адна, маўклівая, нібы Святлана, сядзела ціха ля акна.

Анегін. Няўжо ты меншай захапіўся?

Ленскі. А што?

Анегін. Я б на другой спыніўся, каб меў, як ты, паэта дар.

( Гучыць мелодыя “ Белая шыпшына” з оперы А.Рыбнікава “ Юнона і Авось”. Танцуюць тры пары, сярод якіх Анегін і Тацяна).

Вядучы ( яшчэ гучыць музыка і кружацца ў танцы пары).

Тацяна, любая Тацяна!

З табой цяпер я слёзы лью;

У рукі моднага тырана

Ты долю кінула сваю.

Загінеш, любая, у пастцы;

Але спачатку, як у казцы,

-2-


Надзеяй светлай ты жывеш,

Ты шчасце цьмянае завеш,

Ты п’еш атрутны сок жаданняў,

Спакою мары не даюць:

Перад табою паўстаюць

Куткі шчаслівыя спатканняў;

Усюды ён перад табой...

( На сцэне Тацяна і няня).

Вядучы(працягвае). Не спіць Тацяна – душна ёй –

Так з няняй гутарыць сваёй.



Тацяна. Не спіцца, няня: грудзям цесна! Акно хутчэй мне адчыні.

Няня. Ды што з табою?

Тацяна. Мне балесна, расказвай пра былыя дні.

Няня. Аб чым жа, Таня? Я, бывала, у памяці сваёй хавала

І небыліц і быляў шмат пра ведзьмакоў і пра дзяўчат;

А сёння ўсё мне цёмна, Таня: пра ўсё забылася і я,

Чарга прыйшла ўжо і мая! Не помню...



Тацяна. Раскажы мне, няня, пра вашы даўнія гады:

Як вам кахалася тады?



Няня. Ды што ты, Таня? Ў нашы леты не ведалі мы гэткіх слоў;

А то звяла б мяне са свету мая нябожчыца свякроў.



Тацяна. А як вянчалася ты, няня?

Няня. Так Бог, відаць, жадаў. Мой Ваня быў маладзейшы ад мяне,

А год было трынаццаць мне. Спачатку цэлы тыдзень свацця

Штодня наведвалася нас, нарэшце бацька даў адказ.

Ад страху плакала я ў хаце; касу мне з плачам расплялі,

Ў царкву са спевам павялі. Я трапіла ў сям’ю чужую...

Ды ты не слухаеш мяне...



Тацяна. Ах, няня, няня, я сумую, ах, няня, няня, цяжка мне:

Гатова плакаць з адзіноты!..



Няня. Маё дзіцятка, што ты, што ты;

Няйначай, захварэла ты, ратуй нас, Божухна святы!..

Дай пырсну я святой вадою, ты, родная, гарыш уся...

Тацяна. Ах, няня, пакахала я...

Няня. Маё дзіцятка, Бог з табою! Сардэчны друг, ты нездарова.

Тацяна. Ідзі – адну мяне пакінь. Дай, няня, мне пяро, паперы

Ды стол падсунь; закутай дзверы; бывай.



Вядучы. І вось яна адна. Ёй свеціць месячык з акна.

Навокал ціха. Піша Таня,

І ўсё Анегін ў галаве,

І ў кожнай літары жыве

Душы даверлівай прызнанне.

Пасланне скончана даўно...

Тацяна! Для каго ж яно?

( Гучыць музыка. Выканаўца ролі Тацяны з аркушам паперы выходзіць на авансцэну, чытае поўнасцю “ Ліст Тацяны да Анегіна” ў перакладзе А. Куляшова. Гл. “ Яўгеній Анегін”. – А.С.Пушкін. Выбраныя творы. – Мінск “ Мастацкая літаратура” 1999. –

С. 170 – 172).

Вядучы. Яна зары не заўважае;

Сядзіць з пахілай галавой

І да ліста не прыкладае

-3-


Сваёй пячаткі выразной.

Ды ўжо Філіпаўна сівая

Паціху дзверы адчыняе.

Нясе ёй на падносе чай.



Няня. Пара, дзіця маё, ўставай!

Ды ты не спіш, ты ўжо гатова!

О птушка ранняя мая!

Дарма трывожылася я,

І , дзякуй Богу, ты здарова!

Тугі ўчарашняй знік і след,

А твар гарыць, як ружы цвет.

Тацяна. Ах!няня...пільная патрэба...

Няня. Зраблю, што скажаш, загадай.

Тацяна. Не думай толькі... вельмі трэба...

Ды бачыш... ах! Не адмаўляй.



Няня. Я ўсё зраблю.

Тацяна. Дык вось, запіска... пашлі ж ты ўнука... гэта блізка...

Хай аднясе яе ... таму суседу А... ды каб яму

Унук не гаварыў нічога, каб ён не называў мяне...

Няня. Паслаць няцяжка ўнука мне... Ліст да суседа? Да якога?

Суседзяў шмат вакол жыве – іх не ўтрымаць у галаве.



Тацяна. Ты нездагадлівая,няня!

Няня. Так, так, састарала ўжо я, але – тупее розум, Таня;

Бывала, любая мая, бывала, слова панскай волі...



Тацяна. Ах, няня родная, даволі! Не маю я патрэбы ў тым.

Тут справа ўся ў лісце маім Анегіну.



Няня. Я зразумела. Не злуйся, любая мая,

Што нездагадлівая я... Але чаго ж ты зноў збялела?



Тацяна.Так, глупства гэта, не зважай. Хутчэй жа ўнука пасылай.

Апавядальнік. Чым меней мы жанчыну любім,

Тым больш мы даспадобы ёй

І тым яе хутчэй мы губім

Няўвагай робленай сваёй.

Але чытаў пасланне Тані

З цікавасцю Анегін мой:

Душы дзявочай хваляванні

У ім збудзілі думак рой.

Згадаў ён твар яе маркотны

І выгляд ціхі і самотны;

І ў чысты і бязгрэшны сон

Душою акунуўся ён.

Магчыма, пачуццё былое

Ён на хвіліну прыгадаў;

Ён ашукаць не пажадаў

Даверлівасць душы святое.

Цяпер у сад пераляцім,

Дзе стрэлася Тацяна з ім.

( Выходзяць Тацяна і Анегін. Гучыць “ Серэнада” Ф.Шуберта).

Вядучы . Хвіліны дзве яны маўчалі,

Анегін гутарку пачаў.



Анегін. Я ведаю, вы мне пісалі...

-4-


Не адмаўляйце. Я пазнаў

Душы даверлівай прызнанне

І непасрэднае каханне;

Прыемнай шчырасць мне была,

Пачуцці зноў яна ўзняла

У сэрцы колькі год маўклівым...

Ды вас хваліць я не хачу –

Я за яе вам адплачу

Прызнаннем гэткім жа праўдзівым;

Прыміце споведзь вы маю:

Сябе на суд ваш аддаю.

( Музыка ўзмацняецца. Некалькі хвілін гучыць толькі яна).

Анегін ( працягвае). Гадоў і мар навечна страта;

Маёй душы не абнавіць...

Я вас люблю любоўю брата,

Яшчэ пяшчотней, можа быць.

Не раз дзяўчына маладая

На мары мары замяняе,

Другому сэрца аддае;

Так дрэўца лісцейкі свае

Мяняе з кожнаю вясною.

То лёсам суджана ўжо так.

Вы зноў палюбіце; аднак...

Валодаць трэба вам сабою;

Не кожны зразумее вас –

З бядою стрэнецеся ўраз.

( Музыка спыняецца. Анегін і Тацяна пакідаюць сцэну).

Вядучы. Каго ж любіць? Каму нам верыць?

І хто не здрадзіць нам адзін?

Хто справы ўсе і словы мерыць

Паслужліва на наш аршын,

Паклёпам нас не зневажае,

Пра гонар наш заўсёды дбае?

З кім не зазнаем мы нуды?

Хто можа дараваць заўжды

Нам недахопы і заганы?
Пакорны ўзросты ўсе каханню;

Але для сэрцаў юнакоў

Яго карысна парыванне,

Як бура мая для палёў:

Яны ў дажджы страсцей свяжэюць,

І аднаўляюцца, і спеюць,

Жыццё прыносіць з цягам дзён

Духмяны цвет, салодкі плён.


( Гучыць усходняя музыка. Вядучы падымаецца з-за стала, выходзіць на авансцэну).

Вядучы. Там, дзе мора вечна б’ецца

У крутыя берагі,

Там, дзе месячык снуецца

Ў хмарах цёплае смугі,

-5-

Дзе ў гарэмнай асалодзе



Ночку бавіць мусульман,

Чараўніца ў добрай згодзе

Мне ўручыла талісман.

( Выходзіць дзяўчына ва ўсходнім убранні).



Дзяўчына. І ласкава гаварыла:

“ Зберажы мой талісман:

Таямнічая ў ім сіла,

І каханне, і падман.

Ад хваробы, ад магілы,

Ў буру, ў грозны ураган

Галавы тваёй, мой мілы,

Не ўратуе талісман.

І багаццямі Усходу

Ён не зможа адарыць,

Паднявольныя народы

Не здалее пакарыць;

Ні ў сяброўскае улонне

І ні ў спадзявання зман

Ён цябе на поўнач з поўдня

Не замчыць, мой талісман...


А калі красуні вочы

Раптам на цябе зірнуць

І патайна рукі ўночы

Здрадна шыю абвіюць –

Дружа любы! Дасць ён рады

Ад сардэчных новых ран,

Ад падману і ад здрады –

Зберажэ мой талісман! ”



(Дзяўчына дорыць талісман і ўбягае са сцэны. Вядучы ідзе да стала).

Вядучы. Шумлівым гуртам цыганы

Па Бесарабіі вандруюць.

Цяпер над рэчкаю яны

Ў шатрах палапленых начуюць.

Агорнуты святлом нябёс

Іх адпачынак за шляхамі.

Між колаў езджаных калёс

Завешаныя дыванамі

Агні дымяцца...

( На сцэне рух. З’яўляюцца героі. Пачынае гучаць музычная тэма Земфіры і Алекі).

Вядучы (працягвае).

Ў адным шатры стары не спіць;

Над цьмяным вогнішчам сядзіць,

Сагрэты вуглямі, як марай,

І пільна ў далеч ён глядзіць,

Ахутаную ночнай парай.

Стары чакае ўжо даўно –

Яго дачка гуляе ў полі

Адна, вясёлая, на волі,

-6-


Яна прыйдзе; але ўжо ноч,

І хутка ў хмаркі месяц кіне

Святла апошнія струмкі;

Земфіра дзе?

. Вось і яна. За ёю стэпам

Ісці спяшаецца юнак;

Раней яго пад гэтым небам

Цыган не бачыў.


Земфіра. Тата, за буграмі

Яго ў пустэлі я знайшла

І вось у табар прывяла.

Ён жыць хацеў бы з цыганамі;

Яго сюды загнаў закон,

Яму тут быць, любіць прыроду.

Яго завуць Алека; ён

Ісці за мной выказваў згоду.


Стары. Я рад. Застанься да зары

Тут з намі ў нашым спаць шатры

Альбо жыві сабе паволі

Між нас, пі дзікіх кветак пах,

Дзялі агульны хлеб і дах.

Будзь наш, прыстань да нашай долі,

Вандроўнай беднасці і волі;

На досвітку ў шырокі край

На возе мы адным паедзем;

Любы занятак выбірай:

Жалеза куй, альбо спявай,

Альбо ў сяло заходзь з мядзведзем.



Алека. Я ваш.

Земфіра. І будзе ён маім: хто ж ад мяне яго адгоніць?

( Земфіра і Алека танцуюць).

Земфіра. Скажы, мой друг, ты не шкадуеш, таго, што кінуў назаўжды?

Алека. Што ж кінуў я?

Земфіра. Ты як не чуеш: людзей радзімы, гарады.

Алека. Што шкадаваць? Калі б ты знала,

Калі б ты толькі ўяўляла

Няволю душных гарадоў!

Там цесна, там за агароджай

Не дышуць раніцай прыгожай,

Ні пахам заліўных лугоў;

Кахаць саромяцца, гандлююць

Там воляю сваёй, мой друг,

З пакорай ідала шануюць,

Ім трэба грошы ды ланцуг.



Земфіра. Там велізарныя палаты,

А колькі дзіўных дываноў,

Там гульні, скокі, шум піроў,

А як апрануты дзяўчаты!



Алека. Што шум гулянак гарадскіх?

-7-


Смех весялосці без кахання?

Дзяўчаты... лепшая за іх

Ты, без караляў дарагіх

І без халоднага іх ззяння!

Ты не змяніся, дружа мой!

А я... адно маё жаданне

Заўсёды падзяляць з табой

Каханне, радасць і выгнанне.


Вядучы. Прайшло два леты. Зноў блукаюць

Натоўпам мірным цыганы;

Як і раней, усюды маюць

Гасціннасць і спакой яны.

Пракляўшы кайданы асветы,

Алека вольны, як яны;

Без жалю на учынак гэты

Вандроўныя вядзе ён дні.

Ён той жа ўсё, сям’я ўсё тая ж;

І год былых не памятае

Цыганскае вандроўкі госць.

Ён любіць іх начлег, турботы,

І слодыч вечнае ляноты,

І беднай мовы прыгажосць.


Ужо ў вясновых цёплых леках

Стары пад сонцам грэе кроў;

Каля калыскі пра любоў

Дачка спявае, а Алека

Бялее ад пачутых слоў.
Земфіра. Рэж мяне, муж стары,

Рэж, палі на агні:

Ні нажа, ні агню

Не баюся ані.

Ненавіджу цябе,

Не цярплю, не цярплю;

Да труны, да труны

Я другога люблю.



Алека. Пакінь. Уймі свой голас дзікі,

Абрыдла песня мне твая.



Земфіра. Абрыдла? Клопат невялікі!

Яе сабе спяваю я.

Рэж, палі на агні;

Ты не возьмеш свайго;

Муж стары, грозны муж,

Знаць не будзеш яго.



Алека. Маўчы, Земфіра, так нягожа...

Земфіра. Але ты песню зразумеў?

Алека. Земфіра!..

Земфіра. Ты злавацца можаш,

Бо пра цябе спяваю спеў.

-8-

( Выходзіць і спявае).



Стары. Я помню, помню: песня гэта

У нас складалася здаўна,

Ужо не раз на ўцеху света

Людзьмі спяваецца яна.

Вандруючы ў стэпах Кагула,

Зімой, скрозь ноч, пры лучніку

Яе спявала Марыула,

Маю калышучы дачку.

У розуме былыя леты

Штогод усё змрачней, змрачней;

Але запала песня гэта

Глыбока ў памяці маей.

Які, Алека, неспакой

Цябе штодня гняце няўмольна?

Тут небу ясна, людзям вольна,

Жанчыны славяцца красой.

Не плач, цябе нуда з’ядае.

Алека. Мяне Земфіра не кахае!

Стары. Паслухай, раскажу табе

Аповесць аб самім сабе.

Я быў юнак; мая душа

Ад радасці ў той час кіпела,

І галава мая сівых

Адзнак на кудзерах не мела.

Паміж сябровак маладых

Адна была... і доўга ёю,

Як сонцам, любаваўся я.

І ў рэшце рэшт назваў сваёю.

Ах, хутка маладосць мая

Падучай зоркай прамільгнула!

А ты, каханне, ты – мінула

Яшчэ хутчэй: і толькі год

Мяне кахала Марыула.

Аднойчы ля кагульскіх вод

Чужых мы цыганоў сустрэлі;

На тры начы свае шатры

Яны разбілі ля гары,

І вогнішчы адны нас грэлі.

Яны пайшлі перад зарой,

Дачку пакінуўшы малой,

Пайшла за імі Марыула.

Я мірна спаў; зара мільгнула;

Прачнуўся: любае няма,

Я клічу – але ўсё дарма.

Земфіра плакала ад страты,

Заплакаў я!.. з хвіліны той

Спрацівелі мне ўсе дзяўчаты;

Між іх ніколі позірк мой

Не выбіраў сабе сяброўкі,

І адзінокія вандроўкі,

-9-

Я ўжо ні з кім не падзяляў.



Алека. Чаму ж адразу не дагнаў

Ты здрадніцу ў паходзе пешым

І ёй, і цыганам драпежным

Кінжал у сэрца не ўвагнаў?



Стары. Губіць нягожа маладосці.

Хто зможа затрымаць любоў?

Усім па часе дні любосці;

Былыя дні не будуць зноў.



Алека. Я не такі. Я не дакорам

Даводзіў бы свае правы;

Я помсціўся б, пакуль жывы.

( Шум прыроды. Дождж.Грымоты. Алека адзін у глыбіні сцэны. Галасы за кулісамі).



Голас Земфіры. Пайду!

Мужчынскі голас. Чакай!

Голас Земфіры. Пайду, мой мілы.

Мужчынскі голас. Застанься, прычакаем дня.

Голас Земфіры. Час позні. Ты мяне загубіш.

Мужчынскі голас. Хвіліначку!

Голас Земфіры. Загіну я, прачнецца муж...

Алека. Прачнуўся я. Чакайце! Вас насцігла згуба;

І тут каля труны вам люба.

( Алека кідаецца за кулісы).

Голас Земфіры. Мой друг, бяжы, бяжы!

Алека. Куды?

Цыган. Паміраю!

( Алека гоніць Земфіру праз сцэну да другіх куліс).

Земфіра. Алека! Ты яго заб’еш! Зірні: ў крыві тваё убранне!

О, што ты нарабіў?



Алека. Але ж, цяпер дышы яго каханнем.

( Ужо за кулісамі).

Земфіра. Нянавісцю к табе гару, пагрозе ў вочы пазіраю,

Тваё забойства праклінаю.



Алека. Памры ж!

( Выйшаў бацька Земфіры. З-за куліс выскачыў Алека, не адразу ўбачыў старога цыгана. Некалькі секунд стаяць, пазіраючы адзін аднаму ў вочы. Гучыць музыка. Выходзяць дзяўчаты з чорнымі шалямі, застылі журботным клінам).



Стары. Ты, горды чалавек,

Пакінь нас, дзікіх, без законаў,

Без шыбеніцы, без турмы,

Не трэба нам крыві і стогнаў;

З забойцам жыць не хочам мы.

Радзіўся не для дзікай долі –

Сабе ты толькі прагнеш волі;

Мы не забудзем гэты час:

Мы ціхія, мы з сэрцам шчырым,

Ты злосны, - адыдзі ж ад нас,

Бывай! Жыві, Алека, з мірам!

Вядучы. Шумлівым вірам узняўся табар цыганоў

З даліны смерці і пагрозы,

І ўсё за далямі стэпоў схавалася.

-10-


Я сустракаў сярод стэпоў

Ля даўніх рубяжоў, у полі,

Пакорлівае племя волі,

Натоўпы мірных цыганоў.

Не раз паўдзённымі шляхамі

І я з натоўпам іх блукаў,

Іх беднай стравы каштаваў

І разам спаў перад кастрамі.

Ў паходах з любасцю ўспрымаў

Іх песень радасныя гулы,

І доўга мілай Марыулы

Не раз я імя вымаўляў.

(Вядучы выходзіць на цэнтр сцэны).

Вядучы. Што ў імені табе маім?

Яно памрэ ў сваіх намерах,

Як хваля, што кранула бераг,

Як гук начны ў бары пустым.


Яно на памятным лістку

Пакіне мёртвы след, нібыта

На мове, што не ўспомняць пліты,

Надтрунны надпіс неўзнаку.


Што ў ім? Яго забыў даўно

Парыў, што нанава нахлынуў,

Тваёй душы не дасць яно

Пяшчотных, чыстых успамінаў.


Ды ў дзень самоты, як у сне,

Скажы яго, і я пачую;

Скажы: ёсць памяць пра мяне,

Ёсць сэрца ў свеце, дзе жыву я...

( На сцэне – усе ўдзельнікі пастаноўкі. Паклон).

У пастаноўцы выкарыстаны творы:
1. “ Я помню дзіўнае імгненне”. Пераклаў Максім Лужанін. С. 43.

2. “ Яўгеній Анегін”. Раман у вершах. Пераклаў Аркадзь Куляшоў. С. 122 – 266.

3. “ Талісман ”. Пераклаў Васіль Вітка. С. 62.

4. “ Цыганы”. Паэма. Пераклаў Аркадзь Куляшоў. С. 269- 285.



5. “ Што ў імені табе маім?..” Пераклаў Рыгор Барадулін. С.83

А. С. Пушкін. Выбраныя творы. Вершы. Паэмы. – Мінск. Мастацкая літаратура. 1999.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка