Пытанні землеўладання І землекарыстання ў беларусі ў феадальны перыяд у працах у.І. Пічэты І. А. Доўнар



Дата канвертавання15.05.2016
Памер85.17 Kb.
ПЫТАННІ ЗЕМЛЕЎЛАДАННЯ І ЗЕМЛЕКАРЫСТАННЯ Ў БЕЛАРУСІ Ў ФЕАДАЛЬНЫ ПЕРЫЯД У ПРАЦАХ У.І. ПІЧЭТЫ
І.А. Доўнар
Першы рэктар БДУ У.І. Пічэта напісаў шмат навуковых прац, у тым ліку каля 150 непасрэдна па гісторыі Беларусі. Асаблівая яго заслуга ў тым, што ўжо праз год знаходжання ў Беларусі на пасяджэнні Таварыства гісторыі і старажытнасцей, якое адбылося ў кастрычніку 1922 г., ім была агучана думка аб тым, што беларускія гісторыкі павінны накіраваць свае намагані “на создание истории белорусского народа, отказавшись от взглядов на историю Белоруссии как на часть истории Москвы, Польши или Литвы» [1, c. 23]. Як адзначаюць навукоўцы, менавіта У.І. Пічэта “паставіў на практычную аснову пытанне аб глыбокім вывучэнні і выкладанні беларускай гісторыі” [2, c. 123]. Значная частка яго навуковых прац была прысвечана эканамічнаму стану беларускага насельніцтва і рэгуляванню пытанняў землеўладання і землекарыстання ў феадальны перыяд. Ужо ў 1918 г. у Маскоўскім універсітэце ён абараняе доктарскую дысертацыю на тэму: “Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве”. Дадзенай праблемай У.І. Пічэта займаецца на працягу доўгага часу. Выніковым жа даследаваннем аб рэформе ХVI ст. стала яго навуковая праца, надрукаваная ўпершыню ў 1928 г. у Берліне на нямецкай мове. У ёй абагульняюцца і суміруюцца ўсе яго папярэднія напрацоўкі па гэтай тэме. На рускай мове гэта праца пад назвай “Аграрные реформы в восточных областях Литовско-Русского государства во второй половине ХVI и начале ХVII в.” была надрукавана толькі ў 1961 г. у кнізе У.І. Пічэты, якая была прысвечана розным пытанням сацыяльна-эканамічнага развіцця Вялікага Княства Літоўскага.

Разглядаючы працэс землеўладкавальнай палітыкі на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага, У.І. Пічэта крытычна ставіцца да некаторых меркаванняў папярэдніх навукоўцаў (М.Ф. Уладзімірскага-Буданава, М.А. Максімейкі, М.К. Любаўскага і інш.). Напрыклад, ён не пагаджаецца з думкай М.В. Доўнар-Запольскага аб тым, што ўжо ў канцы ХV ст. існаваў падзел дзяржаўных зямель на землі, якія знаходзіліся ў асабістым карыстанні вялікага князя і ў агульным дзяржаўным валоданні. Адначасова пагаджаецца, што разам з падараваннем вялікім князем феадалам зямель на “вечнасць”, у “асабістую ўласнасць”, у “вотчыну”, князь пазбаўляўся значнай часткі свайго зямельнага фонду [3, c. 592]. Разам з тым ўдакладняе, што нават валоданні на правах спадчынных насілі не ўмоўны, а адносны характар [2, c. 212]. Увогуле У.І. Пічэта піша, што пытанне аб аграрнай рэформе (т.зв.“валочнай памеры”) толькі часткова было закранута М.В. Доўнар-Запольскім, прычым працы апошняга не раскрываюць яго поўнасцю і ў большасці носяць апісальны характар, бо на той час не быў выкарыстаны архіўны матэрыял, які б дазволіў узнавіць ход рэформы і паказаць адносіны да яе ўсіх пластоў насельніцтва [2, c. 188].

У.І. Пічэта ў сваёй працы аналізуе шматлікі архіўны і дакументальна-прававы матэрыял, на падставе чаго робіць вывад, што першыя і даволі сістэматычныя спробы стварыць новыя формы землекарыстання і землеўладання ў Вялікім Княстве Літоўскім былі зроблены каралевай Бонай на тэрыторыі Пінскага і Клецкага княстваў. Менавіта гэтыя дзеянні ён называе аграрнай рэформай і адзначае, што яна пачалася вясной 1552 г і была скончана вясной 1555 г.

Патрэбна адзначыць, што на той час у Вялікім Княстве Літоўскім яшчэ канчаткова не завершылася фарміраванне феадальных адносін у сферы зямлеўладання і землекарыстання, а каралева Бона – маці Жыгімонта-Аўгуста спрабуе арганізаваць і увесці штосьці падобнае заходнееўрапейскім зараджаючымся буржуазным адносінам у гэтай сферы. Як адзначае У.І. Пічэта, каралева Бона, стаўшы на шлях ажыццяўлення новай землеўладкавальнай палітыкі ў Пінскім і Клецкім княствах, рашуча парывала са старымі гаспадарчымі адносінамі і ў мэтах павелічэння прыбытковасці дваровай гаспадаркі выводзіць сельскагаспадарчыя адносіны на новы ўзровень. Пры гэтым, робячы ацэнку зямельным пераўтварэнням каралевы Боны, вучоны адзначае, што аграрная рэформа з’яўлялася “в некотором отношении аграрной революцией, насильственно разрывавшей с истаринными формами землепользования, уничтожавшей череполосицу и положившей конец незаконному владению землей” [2, c. 22].

У.І. Пічэта піша аб тым, што ў працэсе яе правядзення было высветлена, што частка мясцовых землеўласнікаў валодае зямлей без дастатковых юрыдычных падстаў. У асобным артыкуле “Проверка прав на землю во владениях королевы Боны”, вучоны падкрэслівае, што аграрная рэформа не магла не прывесці да мерапрыемстваў па праверцы правоў на валоданне зямлей, таму на землях каралевы Боны яна заканамерна суправаджалася праверкай правоў на зямлю. Праверка дала станоўчыя вынікі і паклала канец незаконнаму валоданню зямлей. Нягледзячы на тое, што яна закранала інтарэсы як шляхецкага, так і сялянскага, а таксама духоўнага землеўладання і землекарыстання, праверка не выклікала актыўнага супраціўлення насельніцтва, што і дазволіла правесці рэформу амаль за тры гады.

Для ажыццяўлення такой вялізарнай і адказнай працы патрэбны былі нейкія агульныя правілы і прынцыпы. Каралевай Бонай было складзена агульнае эканамічнае настаўленне, якое, як адзначае У.І. Пічэта, было невялікім па аб’ёму і абмяжоўвалася фармулёўкай пэўных прынцыпаў у выглядзе агульных меркаванняў. Парушэнне старога зямельнага ладу дасягалася шляхам увядзення новай зямельнай адзінкі – валокі (30 моргаў). Устава каралевы Боны пачыналася з вызначэння памераў валокі, аднак у даволі агульнай форме. Увогуле рэформа мела значныя недахопы, у тым ліку тое, што гаспадарча-адміністрацыйныя абавязкі так званага “вряда” не былі вызначаны ў Пісцовай кнізе Пінскага і Клецкага княстваў [2, с. 23]. Аднак У.І. Пічэта падкрэслівае, што гэта было і непатрэбным, бо Бона асабіста наглядала за правядзеннем рэформы, раздавала пісьмовыя і вусныя ўказанні “вряду”, умешвалася ва ўсе гаспадарчыя справы сваіх зямель і ўвесь час была ў курсе мерапрыемстваў сваіх адміністратараў.

Згодна Ўставе фальваркавая гаспадарка вялася з дапамогай сялян, пасаджаных на так званых цяглавых валоках. Устава каралевы Боны ведае некалькі разрадаў сельскага насельніцтва – кавалі, падлазнікі, баброўнікі, калеснікі, бортнікі, бондары, пушкары і інш. Вызначаючы іх павіннасці, Устава прытрыміваецца прынцыповага палажэння – вышэйшы разрад сельскага насельніцтва сядзіць на канкрэтных валоках, вольных “от всех платов”, аднак пры ўмове належнага выканання службы і павіннасцей. Пры гэтым, устанаўленне пры дварах пашні паставіла на павестку дня пытанне аб забеспячэнні яе належнай колькасцю рабочых рук. Каралевай Бонай стала зразумелай неабходнасць перамен у становішчы чэлядзі нявольнай як рабочай сілы, калі яна ўводзіла валочную памеру ў Пінскім і Клецкім княствах. У яе зямельных валоданнях у гаспадарскіх маёнтках у Пінскім старостве на працягу 1560 – 1566 гг. знік стан нявольніцтва. У.І. Пічэта адзначае, што ў гэты перыяд і ў Кобрынскай эканоміі ўжо адсутнічаюць сляды рабства. Пасаджаныя на агародныя ўчасткі нявольнікі прыблізіліся па свайму эканамічнаму стану і павіннасцях да гаспадарскіх сялян [2, с. 65]. Усё гэта не магло не паўплываць на вялікакняжацкіх рэвізораў, якія пазней праводзілі рэвізіі гаспадарскіх двароў. Яны улічвалі новыя спосабы вядзення гаспадаркі, імкнуліся прыстасаваць чэлядзь нявольную да новых гаспадарчых умоў, атрымаць ад яе, як новага разрада рабочай сілы, максімальную карысць для дваровай гаспадаркі. Таму і асаджвалі яе на зямлю, што прыводзіла да зліцця гэтай катэгорыі насельніцтва з цяглым сялянствам [2, с. 175].

Увогуле другая палова ХVI ст. стала перыядам істотных змен у сацыяльна-эканамічным развіцці Вялікага Княства Літоўскага. На тэрыторыі ўсёй дзяржавы старая сістэма вядзення гаспадаркі станавілася ўбытачнай, а челядзь нявольная, як гаспадарчая адзінка, траціла сваё значэнне рабочай сілы. Феадальнае землеўладанне інтэнсіўна звязвалася з унутраным і знешнім рынкамі, а землеўладальнікі ўсё больш зацікаўліваліся ў павышэнні прыбытковасці і павелічэнні вытворчасці сваёй гаспадаркі, таму і трымаць чэлядзь нявольную на месячыне станавілася нявыгадным. Новыя задачы феадальнай гаспадаркі патрабавалі іншай арганізацыі гаспадаркі і іншага спосаба утрымання халопаў. Яны станавіліся больш прадпрымальніцкімі [2, с. 174]. Аднак, адначасова ўзмацнялася эксплуатацыя сялянства, павялічваліся павіннасці, пагаршалася эканамічнае становішча ўсіх яго катэгорый.

Разглядаючы рэформу, У.І. Пічэта ў многіх сваіх працах надае значную ўвагу становішчу чэлядзі нявольнай. Ён пастаянна падкрэслівае што зямельная рэформа і яе мэта – паляпшэнне эканамічнага становішча дзяржавы, шмат у чым упіралася ў гэта пытанне. У працы “Институт холопства в Великом княжестве Литовском в ХV – ХVI вв”,спецыяльна прысвечанай гэтай праблеме, ён піша, што Ўстава Жыгімонта-Аўгуста 1529 г. не ўнесла нічога новага ў становішча чэлядзі нявольнай, а абмежавалася толькі вызначэннем яе дваровых павіннасцей. Хоць Устава і спрабавала паставіць гаспадарку ў вялікакняжацкіх дварах пад кантроль урада, аднак гэта не вельмі адбылося і Ўстава выконвалася не ў поўнай меры. Менавіта таму Жыгімонт-Аўгуст выдаў яе ў 1542 г. паўторна без усялякіх змен. У гэты перыяд для феадальнай гаспадаркі ВКЛ складвалася спрыяльная кан’юнктура, бо Заходняя Еўропа пачала прад’яўляць усё большы спрос на сыравіну ВКЛ. Таму вялікі князь і феадалы былі зацікаўлены ў павелічэнні вываза сваёй сельскагаспадарчай прадукцыі за межы дзяржавы і адпаведна – прымалі ўсялякія меры для павышэння прыбытковасці сваіх маёнткаў. У гэтых умовах і Ўстава 1542 г. не магла задаволіць новых задач. Напярэдадні пераходу да новай землеўладкавальнай палітыкі вялікі князь выдаў новую Ўставу, якая ў гістарычнай літаратуры вядома як Наказ старастам і дзяржаўцаім, якая садзейнічала рэформе, хоць і не ўнесла значных змен у становішча чэлядзі нявольнай [2, с.163].

Надаючы шмат увагі пытанням, звязаным з аграрнай рэформай ХVI ст., У.І. Пічэта піша аб тым, што закладзеныя каралевай Бонай прынцыпы аграрнай рэформы былі выкарыстаны Жыгімонтам II пры ажыццяўленні рэформы на ўласна гаспадарскіх землях. У 1557 г. Жыгімонт-Аўгуст прыступіў да правядзення аналагічнай зямельнай палітыкі ва ўсіх феадальных землеўладаннях, размешчаных ў заходніх раёнах Беларусі і Літве. З гэтай мэтай ён выдаў уласную новую гаспадарчую ўставу – так званую Ўставу на валокі, крыніцай якой У.І. Пічэта лічыць Уставу каралевы Боны. Ва Ўставе на валокі прынцыпы і меркаванні каралевы Боны атрымалі развіццё і дэталізацыю. Пры гэтым Жыгімонт-Аўгуст знаходзіўся пад ціскам пустаты гаспадарскага скарбу, таму рэформа не магла насіць лакальны характар і пачала праводзіцца на ўсей тэрыторыі дзяржавы. У адрозненне ад Уставы Боны, Устава Жыгімонта ўказвала аб’ектыўныя дадзеныя, якімі павінен быў кіравацца рэвізор пры правядзенні мерапрыемстваў па рэформе. Устава Жыгімонта вызначала валоку ў 33 моргі.

У сваіх навуковых працах У.І. Пічэта падкрэслівае, што аграрныя мерапрыемствы Жыгімонта-Аўгуста мелі вялікае значэнне для сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы, паколькі яны парушалі сялянскую абшчыну і ўмацоўвалі феадальна-прыгонніцкую сістэму. Пры гэтым навуковец падкрэслівае, што толькі вывучэнне арганізацыі феадальнага памеснага землеўладання да паловы ХVI ст. дазваляе зразумець сутнасць новай землеўладкавальнай палітыкі [2, с. 190]. Ён робіць агульны вывад аб тым, што аграрная рэформа другой паловы ХVI ст. поўнасцю адпавядала патрабаванням эканамічнага жыцця дзяржавы. Яна рашуча парывала са старымі формамі землекарыстання, знішчала сямейна-родавае землеўладанне і на яго месца ставіла індывідуальнае, уводзячы пры гэтым новую адзінку зямельнай меры – валоку з яе канкрэтнымі павіннасцямі. Пры гэтым аграрныя пераўтварэнні, якія спачатку праводзіліся на заходніх беларускіх землях, нанеслі цяжкі ўдар па сялянскаму землеўладанню [2, с. 122]. У сувязі з галоўнай мэтай вялікакняжацкай фальваркавай гаспадаркі – задавальненне патрэб знешняга рынку, рэформа ў цэлым дала станоўчыя вынікі, у тым ліку паступова павялічваліся прыбыткі фальваркаў. У.І. Пічэта падмацоўвае гэтыя вывады канкрэтнымі лічбамі.

Патрэбна адзначыць, што аналіз практыкі правядзення рэформы вельмі характэрны для прац У.І. Пічэты. Уражвае таксама дэталёвая і грунтоўная аргументацыя асноўных вывадаў яго даследаванняў. Асабліва важным было тое, што на падставе аналізу арганізацыі дваровай гаспадаркі, У.І. Пічэта імкнуўся паказаць аграрную рэформу ў дзеянні, у тым ліку паказаць склад і становішча сельскага насельніцтва да рэформы і пасля яе правядзення.

Аднак не з усімі вывадамі У.І. Пічэты можна пагадзіцца. Напрыклад, можна паспрачацца адносна таго, што прыгоннае права ўзнікла ў Беларусі “не в силу законодательства, а у силу принцыпа давности-старин”, што Статут 1588 г. “уже не знает челяди невольной, а все источники холопства потеряли силу», што «шляхетское законодательство юридически оформило образование крепостного сословия [2, с. 182, 412 і інш.]. У цэлым жа, нягледзячы на спрэчнасць і дыскусійнасць шэрагу палажэнняў навуковых прац У.І. Пічэты, яго навуковая спадчына займае пачэснае месца сярод даследаванняў гісторыі Беларусі і зараз уяўляе значны навуковы інтарэс для сучасных даследчыкаў.

СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ:

1. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі. – Мінск : БДУ, 2001. – 320 с.

2. Пичета, В.И. Белоруссия и Литва в ХV – ХVI вв. (исследования по истории социально-экономическго, политического и культурного развития). – М.: изд-во Академии наук СССР. – 816 с.



3. Довнар-Запольский, М.В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. – Т.1. – Киев, 1901. – 807 с.
: bitstream -> 123456789 -> 110415
123456789 -> Марына Шода «Несучы хвалу красе» (паэзія Уільяма Батлера Ейтса)
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка