"пра маці можна апавядаць бясконца" вобраз маці



Дата канвертавання03.06.2016
Памер121.32 Kb.
"Дзіця і маці сымбаль вечны...

Міхась ТЫЧЫНА


"ПРА МАЦІ МОЖНА АПАВЯДАЦЬ БЯСКОНЦА"
ВОБРАЗ МАЦІ Ў ТВОРЧАСЦІ АЛЕСЯ АДАМОВІЧА
Большага маральнага аўтарытэта, як маці, Алесь Адамовіч (3.09.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на — 26.01.1994, пахаваны ў в. Глуша Бабруйскага р-на) не ведаў у сваім жыцці. Паважаў бацьку Міхаіла Іосіфавіча, ганарыўся ім і нават пабойваўся яго. З вялікай павагай адносіўся да свайго дзядзькі-настаўніка, у якога праходзіў "агранку" школьнікам. Аднак менавіта маці была побач у часы Вялікай Айчыннай вайны, калі падлетку, які дарослее і становіцца юнаком, асабліва патрэбен узор духоўных паводзінаў. «Выявілася, - адзначаў пазней пісьменнік, - што я нават уласную маці па-сапраўднаму не ведаў. Любіў - і толькі. А як чалавека ўбачыў і зразумеў, калі пачалося страшнае жыццё. Калі мне што і ўдалося ў рамане "Вайна пад стрэхамі", дык гэта таму што раней гэтую кнігу маці напісала ўласным жыццём».

Маці, Ганна Мітрафанаўна, была жанчына з характарам, пасіянарнага тыпу, які не так часта сустракаецца сярод беларусак. У аўтабіяграфічнай аповесці "Vixi" ("Пражыта") А. Адамовіча яе фотапартрэт апісаны так: «Дзве тоўстыя касы, што па-вясковаму звісаюць спераду выразны абрыс вуснаў, носа, які робіць твар капрызна-ўпартым. Такая вясковая красуня зусім верагодна, што магла не стрымаць абурэння, плюнуцъ у твар польскому "жалнежу", колі ён па-салдацку груба схапіў яе за руку. Яна гэтак і зрабіла, наша магчымая мама, а потым суткі хавалася ў жыце, а яе шукалі раз'ятраныя палякі. Ну а знайшлі б?». Таксама гэтую гісторыю знаходзім ва ўспамінах Зінаіды Мітрафанаўны, малодшай сястры маці Алеся Адамовіча, напісаных на замову пісьменніка, які ўсіх сваіх цётак і дзядзькоў падбіваў пісаць успаміны: «Помню, як польскі афіцэр-камандзір убачыў Аню і кажа маме: "Яна будзе мая. Я яе павязу ў Польшчу, у Варшаву". А Ані сказаў: "Ты — прыгажуня. Ад мяне не ўцячэш. Я ў жыцці не бачыў такой прыгажуні". Ані было тады 17 гадоў. Бацькі схавалў яе ў вёсцы ў добрых, надзейных людзей. А паляк гэы, калі прыйшоў па яе, проста ашалеў: бізуном махае, крычыць "пся крэў". Але бацькі цвердзілі адно: "Пан, яна збегла. Мы не ведаем, куды". Ён перавярнуў увесь дом, бегаў па вёсцы, ж вар'ят. Але, на шчасце, прыйшоў загад пакінуць вёску, і яны з'ехалі».

Жыццё Ганны Мітрафанаўны Адамовіч (урэшце, і самога Алеся Адамовіча) амаль цалкам выкарыстана ў якасці матэрыялу ў творах пісьменніка. Менавіта адтуль можна даведацца пра тое, што яна закончыла Слуцкую гімназію (яе бацька разумеў, што такое адукацыя), пазней — медвучылішча і стала фармацэўтам, загадчыцай аптэкі ў пасёлку Глуша на Бабруйшчыне. Пасля высылкі раскулачаных бацькоў у Якуцію зрабіла ўсё, каб уратаваць некалі вялікую сям'ю, сабраць пасля вайны ў Беларусі, была, як пісаў А. Адамовіч, "Анёлам-Ахоўнікам ". Толькі бацька яе, працавіты беларускі селянін, "культурны гаспадар", ж гэта тады называлася, застаўся навекі ляжаць у настылай сібірскай зямлі, каля "полюса мерзлаты". Трагедыя беларусаў, якая так яскрава выявілася ў лесах родных і блізкіх маці пісьменніка, дазволіла яму з першага ж апублікаванага рамана "Вайна пад стрэхамі" ўвайсці ў шэрагі найлепшых беларускіх літаратараў.

Пісаць раман Алесь Адамовіч пачаў яшчэ ў 1950 г.: «Вельмі ўдзячны лёсу, што не асмеліўся тады напісаць і паспрабаваць надрукаваць нешта закончанае. Сапсаваў бы, мабыцъ, матэрыял. Перачытваючы тыя запісы, бачу што "зносіла" мяне моцнымі вятрамі таго часу». З аднаго боку, імкненне напісаць, "як усё было" а з другога - разуменне немагчымасці гэта зрабіць, што пазбаўляла сэнсу пісанне. Адамовіч -чалавек няўрымслівы - усе рабіў з поўнай самааддачай, з уласцівай яму, былому падполыпчыку і партызану, страсцю. Як літаратару яму пашанцавала, бо ў яго было на каго арыентавацца і з каго пісаць раман. Працэс пісання ішоў сам па сабе - памяць зафіксавала ўсё, што ўразіла ў жыцці, здавалася лёсаносным, сапраўды гістарычным. Гісторыю беларусаў XX ст. пісьменнік перажываў дамашнім чынам.

Вастрыня і драматызм тагачасных, асабліва ваенных, пачуццяў і думак былі унікальныя. I гэтая асаблівасць не толькі яго аднаго, больш чулага і таленавітага, апантанага і мэтанакіраванага. Чытаючы ўспаміны маці пісьменніка "I гэтак было штодня", напісаныя па просьбе музейных работнікаў і апублікаваныя пасля смерці аўтаркі, здзіўляешся, як падобна ўспрымалі яны свет, сталая жанчына-маці і сын-падлетак, як аднолькава ўсё запаміналі. Гэта ўжо была не асабістая, а нібы сямейная памяць. А былі ж і агульныя атрадныя ўспаміны, якія легка мог удакладніць і выправіць кожны ўдзельнік партызанскага руху. Складана было кіраваць гэтым працэсам пісання, каб калектыўныя ўспаміны натуральна ўключаліся ў спавядальны жанр. Раман "Вайна пад стрэхамі", як і яго другая частка - раман "Сыны ідуць у бой", дасюль уражваюць той шчодрасцю, з якой аўтар дзяліўся перажытым.

Шмат што запомнілася празаіку і галоўнаму герою рамана Толю Корзуну, які імкнецца не толькі апярэджваць падзеі, але і адначасова фіксаваць іх на экране асабістай памяці, пільна ўзірацца ў сябе самога і ў абліччы тых, з кім выпала сустрэць агульнанародную бяду, як быццам пазнаючы нанава. Нешта запомнілася мацней, нешта слабей. У эпіграфе да рамана-дылогіі чытаем (знакамітае, афарыстычнае, мудрае): войны не жаночае аблічча. Але нішто на гэтай войне не запомнілася больш, рэзка, страшней і прыгажэй, чым абліччы нашых маці". Беларусь апынулася на тры гады пад акупацыяй. Жанчыны - дзяўчаты, жонкі, маці - засталіся амаль сам-насам з ворагам. Вайна - у яе беларускім варыянце -усенародная справа. У ёй удзельнічаюць усе: мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці - незалежна ад таго, мелі яны ў руках зброю ці толькі маўкліва, зацята супраціўляліся загадам акупантаў і іх памагатых. Народная, партызанская вайна, а яна па сваім характары была, што ні пісалі б сёння, менавіта такой, - гэта калі ваююць і дзеці, калі дзяцей забіваюць на вачах іх маці і маці на вачах у дзяцей. I Толя Корзун, i яго старэйшы брат Аляксей, і іх маці Ганна Міхайлаўна Корзун пачалі сваё Беларускае Супраціўленне задоўга да таго, як наладзілі сувязь з партызанамі.

Паказальная адна з пачатковых сцэн, калі жанчыны кпліва назіраюць за нямецкім жаўнерам, які гаспадарыць у чужым двары, не можа ніяк злавіць спалоханую куру. "Немец з-за пляча яшчэ раз зірнуў на жанчын. Адна з іх, белазубая, з косамі, перахапіла яго позірк і ўсміхнулася нахабна, заахвочваючы: ну, ну, працягвай. Цень збянтэжанасці змяніўся чырванню. Немец залямантаваў нешта, махаючы даўгімі рукамі... Надзя з тым жа насмешлівым чаканнем на скуластым твары глядзела адкрыта ў пенснэ немцу. Той раптам шпурнуў дошку і пайшоў да шашы.

Ганна Міхайлаўна, па-мойму мы перамаглі? - весела спытала Надзя".

Такіх маленькіх перамог на рахунку герояў рамана шмат. Але самыя вялікія перамогі над бязлітасным і помслівым акупантам на рахунку Ганны Міхайлаўны Корзун, высокакультурнай, інтэлігентнай жанчыны, якая артыстычна пераігрывае і нямецкага каменданта, і начальніка паліцыі, і бургамістра. Яна ведае, за што змагаецца, "што сёння ляжыць на вагах" (Ганна Ахматава), і гатовая ахвяраваць сабой, каб уратаваць дзяцей. Гэта яна некалі плюнула ў вочы польскаму жаўнеру, гэта яна, не зважаючы на жорсткае патрабаванне савецкай улады адмовіцца ад уласных рэпрэсаваных бацькоў і сваякоў, не толькі падтрымлівала з імі сувязь, але і ратавала (як з агню выхоплівала " - такое параўнанне ўжываў А. Адамовіч ва ўспамінах).

Агульны цяжар лёг на плечы кожнага, але не кожны ў поўнай меры ўсведамляў што адбываецца. Адрозненне Ганны Корзун ад іншых персанажаў рамана ў тым і бачыцца, што яна баіцца страціць не толькі жыццё блізкіх, але і нешта большае, а менавіта - пачуццё чалавечай годнасці: "Дзеткі мае, вось і няма вашага жыцця, нічога няма". Амаль непрыкметна для сябе і, тым больш, для астатніх яна пачала рабіць тое, за што ў нямецкіх загадах абяцалася адно: расстрэл. Яе спробы не ўцягваць у падпольнае змаганне дзяцей скончыліся тым, што дзеці самі настоялі на праве рабіць маральны выбар. Уласнае падполле было ў душы кожнага беларуса, хто любіў свой край, хто проста фізічна адчуваў прысутнасць чужынцаў на роднай зямлі і чыста інстынктыўна супраціўляўся ўсякаму бесцырымоннаму ўмяшальніцтву ў свой лёс і лес народа.

Гістарычны выбар беларусы як нацыя здзейснілі даўно, і ў гады вайны ў іх не было пытання, з кім яны і супраць чаго. Ці не таму так востра ўспрымаюць яны хаду часу, а свядомасць сама па сабе адзначае: "На заводзе загуў гудок. Адзінаццаць гадзін", "Поўдзенъ, а гэта толькі першае паведамленне пра войну, якая пачалася а трэцяй гадзіне ночы", "Раніцай патэлефанаваў бацька", "Пяты вечар вайны быў ясны". Людзі пакуль што жывуць чуткамі і прадчуваннямі: «І ў жанчын вочы туманяцца трывогаю і той амаль адвечнай тугою, якая зацягвае вочы маці і жонкі, калі прыходзіць вестка пра "чорны народ", што невядома адкуль нахапіўся, - татар, "пранцуза", "германа". І вось ужо аднекулъ усплывае туманнае паняцце "лёс"».

Чалавек - гаспадар свайго лёсу. У тым ліку і ваеннага. Такі падыход да спраў імпануе брагам - падлетку Толю і юнаку Аляксею. Іх позіркі міжволі шукаюць тых, хто намагаецца кіраваць падзеямі. Яны не адразу заўважаюць, што такі чалавек знаходзіцца зусім блізка - іх маці. I гэта іх найвялікшае адкрыццё. Новае і сапраўднае ў дарослых і малых Корзунах - падвышаная чуласць да чалавечай годнасці і гонару, сумленнасць і заўсёднае адчуванне сябе перад позіркамі іншых: жыхароў пасёлка Лясная Сяліба, землякоў-беларусаў, чалавецтва. Ці не таму так шмат спрэчак і разваг у дылогіі А. Адамовіча? Спрэчак пра істотнае ў чалавеку. Каштоўнасць іх у тым, што яны правяраюцца вопытам вайны.

Маці Толі Корзуна жыве ў жорсткай напружанасці: "Нічога вы не разумееце, хоць і лічыце сябе вялікімі.

Аднаго паранілі, дваіх паранілі... Ад гэтага нелягчэй тым, хто збіраў і праводзіў з дому сыноў Толькі адвялі ад дому і тут жа пад кулі падставілі. Бяззбройных. Хлапчукоў". Гэта разумеюць найлепшыя. На "бухгалтарскую" выснову Толі: "Дык гэта добра - адзін на дзесяць ", - малады партызан рэзка адказвае: "Нам і дваццацъ за Федзю не трэба. І немцаў... і такіх вось... ". Мастак Віктар Пятрэня, схільны не толькі да дзеяння, але і да развагі, бачыць галоўнае ў вайне: "А па-мойму, самае цяжкае ў цяперашняй вайне - вось гэта: маці і дзеці.. Як чуўся б солдат, калі б у акоп падсадзілі яшчэ і дзетак ягоныхі. Я баяўся б глянуць на гэтага солдата". Толя Корзун слухае, згаджаецца, але пакуль яшчэ толькі разумова. Словы ўважліва слухае, глядзіць, запамінае займаюць прыкметнае месца ў частотным слоўніку рамана. Толя з тых, хто вучыцца на сваіх і чужых памылках, здольны чуць голас мудрасці, хто, урэшце, чуе патрэбу расказаць пра гэта людзям.

Матчына любоў не раз ратавала сям'ю ад вернай пагібелі, але яна і саму маці Ганну Міхайлаўну ратуе: інстынкт дапамагае ёй своечасова адчуць набліжэнне небяспекі. Але яна проста не можа быць убаку, калі людзі, якіх яна паважае і якія яе паважаюць, ахвяруюць сабой. Вось і Ганну Мітрафанаўну Адамовіч у атрадзе называлі "партызанскай мамай ". У яе ўспамінах чытаем: "Кожную смерць, кожнае ранение я аплаквала ў душы як маці. Увогуле ж ніхто не бачыў маіх слёз, ні мае дзеці, ні дзеці другіх маці. Я заўсёды прысутнічала на пастраеннях і пры адыходзе на баявыя аперацыі аддавала ўсім аднолькавую ўвагу, не вылучаючы сваіх дзяцей, - добраслаўляла ўсіх".

Алесь Адамовіч адшукаў важкае вызначэнне змагання, якое вяла Ганна Корзун: "вайна пад стрэхамі". Менавіта тут, пад мірнымі стрэхамі беларускіх хат, адчулі акупанты сустрэчную стратэгію, што навязвала ім аптэкарка Корзуніха і што не ўваходзіла ў іх планы. Няхай перамогі яе былі мясцовага значэння, але гэта былі перамогі над падступным і помслівым ворагам. На баку маці былі моц чалавечага розуму, не затуманенага карыслівасцю і танным разлікам, жаночая інтуіцыя дапамагала ёй імгненна ацэньваць сітуацыю і прымаць адзінае правільнае вырашэнне. Гэта наша нацыянальная рыса: не можа жанчына рыхтаваць абед, калыхаць дзіця, калі бачыць, што гіне яе краіна, яе народ.

У змаганні маці не адзінокая. Яна шкадуе салдата вермахта, у якім бачыць толькі падлетка, што люта змерз на марозе, і яе разумее сын Аляксей. Ахвяруюць сабою трое партызан, якія ведаюць, што іначай немцы спаляць цэлую вёску разам з яе жыхарамі. Іншыя адпускаюць на волю вар'ята-немца, бо з-за такога "паршыўца" могуць загінуць мірныя жыхары. "Тайная армія" - так называе гэтую з'яву аўтар. I кажа далей: "Паспрабуй вычарпай возера, у якое ўпадаюць падземныя рэкі". Маці ў варунках, калі лёгка памыліцца, падазрае Уладзіка Грабоўскага ў патаемнай здрадзе, але тут жа просіць дараваць ёй: "Нельга цяпер памыліццаў галоўным, помні пра гэта... у мяне таксама ўсяляк было ў жыцці. Я за старых крыўдзілася, і за братоў думалася... Але мінулае — мінулася. Галоўнае - дзеці. У іх будучыня была, а гэта для мяне, для кожной маці - галоўнае. Свая радзіма -як маці. А чужак заўсёды чужак. Можаш на людзей крыўдзіцца, але не на радзіму. Запомні гэта, Уладзічак, я табе толькі дабра жадаю".

Вобраз маці, які ў дылогіі А. Адамовіча знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, - сапраўднае мастацкае адкрыццё пісьменніка, што ўбачыў у Ганне Корзун сімвал беларускага характару. У іншых творах таксама прысутнічаюць вобраз маці і вобразы беларускіх жанчын. У аповесці "Апошні адпачынак" галоўны герой разважае пра фізічныя магчымасці чалавека і згадвае, як маці ратавала яго ад немінучай смерці: неверагодным намаганнем рассунула тоўстыя чыгунныя пруты агароджы, і ўражаны відовішчам карнік даў магчымасць хлапчуку ўцячы: "Колькі разоў яна (мы не ведаем, колькі разоў)-гэтая звышсіла любові чалавечай — перамагала пагрозу, якая навісла над намі, людзьмі!".

У аповесці "Венера, або Як я быў прыгоннікам" апавядальнік, былы партызан-падлетак, на вачах якога адбывалася драма беларускай дзяўчыны Венеры Станкевіч, толькі праз гады зразумеў, што дзіцячая наіўнасць і казённы аптымізм не заўсёды могуць быць апраўданнем за колішнюю віну без віны, і спавядаецца перад такімі, як яна. Гэты твор па сутнасці – твор пакаянне, своеасаблівы разлік з мінулым, без якога ў чалавека з добрай памяццю і сумленнем няма будучыні.



Вобраз уласнай маці Алеся Адамовіча яшчэ раз узнаўляецца ў аповесці "Vixi", напісанай у жанры мастацкай аўтабіяграфіі: пісьменнік аддае даніну пашаны, любові і ўдзячнасці ўсім людзям, без якіх не ўяўляе самога сябе.

Крыніца:

Тычына, М. “Пра маці можна апавядаць бясконца” : вобраз маці ў творчасці Алеся Адамовіча / Міхась Тычына // Роднае слова. — 2007. — № 9. — С. 5—7.


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка