Праблема ў тым, што, на жаль, сёння не існу



старонка1/9
Дата канвертавання21.05.2016
Памер2.02 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9


Прадмова

Кніга напісана з мэтай выяўлення тэрміналагічных праблем у авіяцыйнай беларускамоўнай лексіцы і спробы яе кадыфікацыі на аматарскім узроўні адным чалавекам, што павінна знайсці сваё адлюстраванне ўжо ў наступным выданні ў выглядзе руска-беларускага авіяцыйнага слоўніка. Такім чынам, кніга, вядома ж, не прэтэндуе на акадэмічнасць і тым больш на ролю апошняга апеляцыйнага суда ў Іерусаліме на чале з Саламонам. Яна прызначана, ў першую чаргу, для катэгорыі людзей, якім цікавая авіяцыя ўвогуле і авіяцыя ў беларускім вымярэнні ў прыватнасці.

Праблема ў тым, што, на жаль, сёння не існуе ўнармаванай авіяцыйнай тэрміналогіі на роднай мове. Адсутнасць такога ўнармавання і падштурхнула напісаць дадзеную кнігу! Выявілася, што проста механічна звезці ў асобны слоўнік з іншых усе тэрміны авіяцыі немагчыма. У чым жа праблема? Як кажуць, ліха адно не ходзіць, так і з нашымі праблемамі – іх дзве. Першая – неадназначнасць трактоўкі тэрмінаў у розных слоўніках, другая – адсутнасць некаторых тэрмінаў увогуле. Пра прычыну гэтых праблем ніжэй, а вынікам гэтага стаў “разнабой”, які назіраецца ў сучасным беларускамоўным друку і сеціве.

Прычына ж праблемы адсутнасці ўпарадкаванай авіяцыйнай лексікі крыецца ўжо ў агульнай, вялікай праблеме. Назва ёй – беларускае грамадства, а дакладней – стан беларускага грамадства. Беларусы – як нацыя – ужо некалькі стагоддзяў знаходзяцца ў “памежным стане”! Памежжа праходзіць праз усе сферы нашага жыцця – культурную, рэлігійную, моўную, грамадскую і іншыя. Вось гэта і ёсць нашай вялікай праблемай – стан нявызначанасці, неакрэсленасці нацыянальнай свядомасці, што і аслабляе нашае і без гэтага не надта згуртаванае грамадства. Узнік такі “раздзел” не па сваёй віне, а ў выніку “бітваў” цывілізацый на нашай зямлі за самы каштоўны рэсурс – нашыя душы. Гісторыю пра гэтае сутыкненне, то бок уласную трагічную гісторыю, мы ведаем. Але ж задача дзяржавы – не пераказ і тым больш не канстатацыя фактаў, а вырашэнне гэтай агульнай праблемы, то бок, ліквідацыя дзялення нас, беларусаў, па розных прыкметах. Каб нарэшце адбыўся пераход цэлага народа ў “часовым партале”, дзе мы захраслі, з пагранічнага стану “тутэйшых” у стан паўнавартаснай нацыі. Калі мы гэтага не зробім, то тэзіс Пятра Сталыпіна – “Народ, не имеющий национального самосознания, похож на навоз, на котором произрастают другие народы!” – можа ператварыцца ў жыццё. Вядома ж, ні ў кога жадання з’яўляцца “гноем” для суседніх народаў няма. Але ж для гэтага павінны існаваць ахоўныя інструменты ад такога “ператварэння” ў не зусім прыемную субстанцыю. Адным з такіх інструментаў і з’яўляецца нашая мова – галоўная імунная сістэма самабытнасці любога народа. А яна павінна быць дасканалай і абслугоўваць усе сферы нашага беларускага жыцця. Для чаго, у прыватнасці, і ствараецца кадыфікаваная прафесійная тэрміналогія.

Да чаго мы прыйшлі? А прыйшлі да таго, што агульная праблема, закранутая вышэй, на ўзроўні дзяржавы не вырашаецца. Але ў гісторыі адбываецца так, што калі за гэтую справу не бяруцца інстытуты, то бяруцца энтузіясты, якія не ў стане вырашыць агульную праблему ліквідацыі “памежжа”, але здольныя рабіць маленькія справы. Прынамсі, ім так здаецца. Як мне, напрыклад!

На сённяшні дзень шмат якія тэрміны ці з’яўляюцца спрэчнымі, ці ўвогуле не адлюстраваныя ў першую чаргу ў акадэмічным слоўніку інстытута Я. Коласа. Прычына такой сумнай сітуацыі на паверхні – незапатрабаванасць з боку дзяржаўных структур, бо авіяцыйная дзейнасць у нашай краіне – цалкам расейскамоўная. Функцыя ўжывання мовы ў авіяцыі зводзіцца да чырвоных літар на аэравакзале Нацыянальнага аэрапорту і шэўронаў у вайсковых авіятараў. Відавочных прыкмет выкарыстання нацыянальнай мовы як камунікацыйнага сродку ў авіяцыі не назіраецца. Пры гэтым зноў жа нагадаю, што мінскі аэрапорт з’яўляецца Нацыянальным дзякуючы менавіта беларускай нацыі з яе культурай і мовай – у адваротным жа разе такі аэрапорт быў бы шараговым саранскім ці разанскім. Дый любы мовазнаўца скажа, што распрацаваная і адназначна трактаваная прафесійная лексіка – гэта прыкмета развітасці літаратурнай мовы, а для нацыянальнай дзяржавы – справа прэстыжу. Выходзіць, мы яшчэ не дараслі да нацыянальнай дзяржавы, у адрозненне ад нашых суседзяў. І словы класіка – “заняць сваё пачэснае месца сярод народаў” – у культурным плане ўсё яшчэ для нас з’яўляюцца актуальнымі.

Яскравым фактам апошняй ступені дэнацыяналізацыі ёсць тое, што даводзілася сустракаць філолагаў, выкладчыкаў беларускай мовы, якія не размаўляюць па-беларуску за парогам аўдыторыі. Помню выпадак, калі адна настаўніца мовы, пры прыватнай сустрэчы, зрабіла заўвагу на “чистом и могучем”, чаму гэта я перайшоў на беларускую – можа яблык на галаву ўпаў – і папрасіла, каб я “говорил нормально”. Самае трагікамічнае тое, што выказванні і шчырую пагарду да ўжывання роднай мовы “па-за класам” яна рабіла з такім мяккім “сь”, што проста замілуешся. Выпрацоўцы мяккага “сь” ва ўласным маўленні аўтар надаваў павышаную ўвагу. На гэта былі свае прычыны. Першая, звязаная з моўным арэалам, дзе я вырас. На Брэсцкім Палессі, на мяжы з Украінай, фанетыка нашай мясцовай, “полэшуцькыі мовы” больш адпавядае ўкраінскай. І з мяккім “сь” аўтар не быў знаёмы цесна. Другая прычына вынікае з сучаснай граматыкі мовы – “наркамаўкі” – дзе знаёмства з “сь” праз правапіс ёсць не абавязковым і не акцэнтавалася настаўніцай. Вось такая метамарфоза – носьбіт не зусім роднай яму фанетычна гаворкі абараняе яе ад носьбіта, якому яна першасна родная і ад якой ён усімі сіламі адхрышчваецца і адпіхваецца, як ад праклёну продкаў. Пра такіх “удзячных дзяцей” самы час ўспомніць Багдановічаўскія радкі “што забылі цябе, адракліся, прадалі і аддалі ў палон”. Да таго ж, для нас з’яўляецца справядлівым тэзіс, што беларусаў беларусамі робяць не яны самі праз уласнае развіццё самасвядомасці, а вонкавыя абставіны, узаемадзеянне з вонкавым светам, дзе даўно ўжо людзі “падзелены” на нацыі – палякі, рускія (расейцы), летувісы, немцы, украінцы. Што і знайшло сваё пацверджанне ў выпадку нашых дыспетчараў, разгледжаным ніжэй. Праз цеснае аператыўнае ўзаемадзеянне з суседзямі-нацыямі беларускія цывільныя дыспетчары хутчэй прайшлі этап ад савецкага інтэрнацыяналізму да ўсведамлення сябе – хто я! Беларус, калі выходзіць з тутэйшай “хаты” ў вялікі свет, з гэтага крыху бянтэжыцца. А хто ж я? Мо мы ў такім разе людзі будучыні – без нацый, моў і з адным сусветным урадам? Але ж, як паказвае рэчаіснасць, пакуль такая думка заўчасная і ўтапічная. З такім падыходам і стэрыльнасцю самасвядомасці цябе хутка апрыходуюць – ці то ў “палякі”, ці то ў “рускія”. Здаецца, мы гэта ўжо праходзілі!

А зараз ад філасофіі пяройдзем да штодзённасці, да фактаў. Колькі беларускага прысутнічае ў авіяцыі? На сённяшні дзень роўнасць ужывання дзяржаўных моў, напрыклад, у радыёабмене зафіксавана Паветраным кодэксам краіны. Такую ж намінальную роўнасць ужывання роднай мовы ў афіцыйных авіяцыйных дакументах замацоўваюць Канстытуцыя і законы Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, курсанты авіяцыйнага факультэта Ваеннай (Вайсковай) акадэміі маюць курс беларускай мовы з раздзелам вайсковай лексікі. А зараз пра дыспетчараў. Калі па службе стаў часцей узаемадзейнічаць з дыспетчарамі цывільнага сектара нашага цэнтра адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху, якія кіруюць цывільнымі лятакамі ў нашай паветранай прасторы, пачаў заўважаць такую дэталь. Лётчыкі замежных авіяліній заўсёды вітаюцца “добрай раніцы, дзень, вечар” і развітваюцца “да пабачэння”, на што атрымліваюць ад беларусаў беларускія адказы. Нагадаю, што радыёабмен – цалкам на англійскай. Па словах саміх дыспетчараў, нідзе гэта афіцыйна не адлюстравана, проста такая традыцыя. І гэта не дзіўна. Бо якраз звязана са спецыфікай міжнародных палётаў. І ўзаемадзеянне з суседнімі цэнтрамі ўсіх дзяржаў-суседак адбываецца аператыўна і па-хатняму проста, быцам не з суседняй дзяржавай размаўляеш, а з добрым суседам праз плот. Вядома ж, у гэтым разе, калі паляк, летувіс, латыш і ўкраінец так трымаюцца сваёй мовы, культуры, то і беларусу даводзіцца задумвацца – а я хто гэткі? Свой, тутэйшы? Асабліва ярка на беларусаў уздзейнічае ўкраінскі фактар. Бо яшчэ на памяці (савецкай), што ўкраінцы і мы – адзіны народ, адна гісторыя, адна мова, адна краіна! А тут табе – “Здоровенькі булы, браты-білорусы, то Кыів-контроль. Підскажіть, будь ласка…” Яшчэ цікавым прыкладам вонкавага, міжнароднага “прымушэння” нас быць сабой – беларусамі, з’яўляюцца міжнародныя авіяцыйныя мапы структуры паветранай прасторы нашай краіны. На ёй уласныя назвы населеных пунктаў транслітаруюцца з беларускай мовы – Hrodna, Magiliou, Vicebsk, Homiel. Пачынальніку сучаснай беларускай літаратуры, які пісаў на беларускай лацінцы,


Ф. Багушэвічу, было б прыемна! Удвая гэта прыемна чалавеку, які прыклаў для гэтага вялікія намаганні і пераадолеў супраціў з боку зрусіфікаванай часткі інтэлігенцыі і чынавенства – выдатнаму філолагу, доктару філалагічных навук, прафесару Валянціне Лемцюговай, аўтару слоў – “Дзяржаўная мова – гэта катэгорыя палітычная. А нацыянальная мова ў нас адна – беларуская і вяршэнства належыць ёй!”. Рудыментам авіяцыйнай “беларусізацыі” пачатку 90-х гадоў стала размоўная назва службы бяспекі палётаў, якая так і завецца ў расейскамоўным кантэксце нашымі вайсковымі авіятарамі – “бяспека”. Цікавы прыклад спробы ўжывання беларускай мовы авіяцыйным спецыялістам Уладзімірам Плаксам пры канцы 90-х любы інтэрнэт-карыстальнік знойдзе па спасылцы: http://kamunikat.org/download.php?item=2263-4.html&pubref=2263. Пра ўласны досвед – прысягу беларускаму народу таксама прымаў на беларускай мове – вокладка, дарэчы, была беларускамоўная. Зараз вокладка, як заўважаў, у асноўным расейскамоўная, але ж выбар застаўся за будучым вайскоўцам, на якой мове казаць пра вернасць народу і Радзіме.

Для грунтоўнай кадыфікацыі найбольш эфектыўнай, зразумела, ёсць скаардынаваная праца адмыслова створанай камісіі, якая мае ў сваім складзе ўвесь “ланцужок” спецыялістаў – ад авіятараў, якія фарміруюць базу тэрмінаў для апрацоўкі, да мовазнаўцаў у званнях прафесараў ды дактароў навук. Патрэбна нагадаць, што такі орган па стварэнні прафесійнай лексікі ўжо меў месца ў 20-х гадах і насіў назву Навукова-тэрміналагічная камісія. Былі і пазнейшыя спробы кадыфікацыі на дзяржаўным узроўні, якія са смерцю Якуба Коласа ўвогуле заціхлі. І дзяржава адышла ўбок.

Але ж як патрыёт павінен канстатаваць, што ў любых неспрыяльных умовах – а такімі былі, на жаль, амаль усе апошнія два стагоддзі – мы не павінны апускаць рукі. Тут можна прывесці метафарычны, але наглядны філасофскі выбар. Ці ты жабка-няхай, беларускі пафігіст, які ўліваецца ў баяздольныя “канаповыя” войскі, ці знакамітая жабка-народаволец, якая б’ецца ў жбане з малаком пад назвай “усеагульная млявасць і абыякавасць”. Для неабыякавых выбар відавочны. Тым больш наш час, па словах старшыні ТБМ А. Трусава – найбольш спрыяльны для ўнёску ў беларускую культуру і нацыябудаўніцтва кожнага з нас, альтруістаў і патрыётаў сваёй зямлі. Нагадаем, што спартанцаў у свой час таксама было няшмат, але ж менавіта яны перамаглі шматкроць большае за іх персідскае войска. У наш час такім персідскім войскам з’яўляецца ўласнае бяспамяцтва. У дадатак, зараз існуюць такія магчымасці для вырашэння разглядаемай праблемы кадыфікацыі, якіх і блізка не магло быць у нашых славутых асветнікаў і навукоўцаў. Пра іх ніжэй.

У ходзе працы я скарыстаўся сучаснымі магчымасцямі, якія ўмоўна назавем інструментамі. Першы з іх – гэта сусветнае павуцінне, якое дазваляе імгненна знайсці амаль любую інфармацыю, назапашаную чалавецтвам, у тым ліку, і нашым народам. Якраз тут праяўляе сябе напоўніцу прынцып з’яўлення сістэмнай уласцівасці, калі два і больш аб’екты аб’ядноўваюцца ў сістэму, якая і нараджае такую новую ўласцівасць. Гаворка пра “Электронную энцыкляпедыю” – электронны рэсурс, распрацаваны менавіта такімі “спартанцамі”-альтруістамі і патрыётамі, якім неабыякавы лёс нашай Матухны-беларушчыны. У ім змешчаныя асноўныя слоўнікі, у тым ліку гістарычныя слоўнікі і слоўнікі прафесійнай лексікі. Дзякуючы чаму нашмат прасцей праводзіць аналіз тых ці іншых слоў і выяўляць пры гэтым прычынна-выніковыя сувязі сістэмным метадам. Такую высакародную працу па стварэнні электроннага рэсурса можна параўнаць з навуковай працай Я. Карскага “Белорусы”, якую мелі не ўсе вялікія нацыі, заўважым. Вялікая колькасць артыкулаў у сеціве (як сродкаў масавай інфармацыі, так і мастацкіх твораў) з патрэбнымі тэрмінамі дазваляе напоўніцу карыстацца факталагічным метадам пры аналізе слоў. Такім чынам для аналізу праблемных слоў і напісання артыкулаў выкарыстоўваўся камбінаваны метад, як найбольш аб’ектыўны (па суб’ектыўных, скажам так для гульні слоў, адчуваннях аўтара). Недахоп прафесійнай літаратуры ў сеціве перакрываўся выкарыстаннем другога магутнага інструмента – ужо цалкам нацыянальнага – фондам Нацыянальнай бібліятэкі – нашага “дыяменту” і, калі казаць у архітэктурным кантэксце з добрым пачуццём гумару і сарказму, нашай Эйфелевай вежы. Рэч у тым, што ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі знаходзяцца нешматлікія кнігі на тэму авіяцыі, напісаныя па-беларуску яшчэ ў пачатку 30-х гг., што дало магчымасць больш абгрунтавана падысці да шматлікіх праблемных тэрмінаў авіяцыі, напрыклад, такіх як “разведка-выведка”. Іншыя тэрміны, узятыя з гэтых кніг і ўстаўленыя ў артыкулы, з’яўляюцца яркім сведчаннем імклівага развіцця нашай мовы ў пачатку 30-х гг., яе магчымасці ўвайсці ў самы кароткі час у самыя розныя галіны навукі і тэхнікі. Тым больш паказальнай з’яўляецца дата выхаду апошняй такой беларускамоўнай авіяцыйнай кнігі – 1936 г.

Пры абмеркаванні таго ці іншага авіяцыйнага тэрміну ў нашай беларускай рэчаіснасці ўзнікае праблема яго аб’ектыўнасці, ці мае ён права менавіта на такую “абалонку”. Бо, як вядома, ў нас не адбываецца навучанне будучых авіятараў на беларускай мове, не гучыць беларускамоўны радыёабмен у беларускім эфіры, а значыць “не нараджаецца” жывая прафесійная лексіка. Дзе гэткім разам браць тэрміналогію з жывой мовы і кадыфікаваць яе, як гэта адбываецца ў іншых гістарычных умовах і ў іншых краінах? Канстатацыя факта – багатае магутнае лексічнае беларускамоўнае “мора”, як тое Аральскае мора – сумна знакамітая экалагічная катастрофа – “высахла”. Высах жа “Арал” не сам па-сабе, а дзякуючы мэтанакіраванай канцэпцыі “Северо-Западный край” з Усходу і “ Kresy Wschodnie” з Захаду. Але “на Беларусі Бог жыве”, і ён нам падказвае вырашэнне праблемы. Вырашэнне яе кроіцца ў выкарыстанні для аналізу афіцыйнай тэрміналогіі авіяцыі Украіны, дзе такое “мора” плёскаецца і не думае высыхаць. Украінская мова найбольш блізкая да нашай і лексічна і марфалагічна. Развіццё моў доўгі час адбывалася ў падобных культурных, гістарычных і палітычных умовах. Гэта наклала падабенства ў светапоглядзе і агульнай культуры беларусаў і ўкраінцаў, што, у сваю чаргу, аблягчала ўзаемапранікненне лексікі, устойлівых фразеалагізмаў адной мовы ў іншую. Трэба заўважыць, што гэта адбывалася стыхійна і натуральна, без усялякага адміністрацыйнага рэсурсу і ціску, як у выпадку з польскай і расейскай мовамі. Таму для нас авіяцыйная ўкраінская мова, якая шырока ўжываецца на сваёй радзіме ў афіцыйным асяроддзі і “перацякла” ў авіяцыйныя інстытуты і вайсковыя часці, з’яўляецца натуральным індыкатарам і арыенцірам для стварэння ўласнай прафесійнай тэрміналогіі.

Існуе “в узких кругах ограниченных людей» думка, што авіяцыйная лексіка – складаная і звышцяжкая для натуральнага, самастойнага яе засваення беларускай мовай праз свае моўныя невычарпальныя крыніцы, адкуль вынікае штучная выснова – запазычанні павінны адбывацца толькі праз “великий и могучий». Гэты прынцып пасярэдніцтва расейскай мовы, палітычна ўсталяваны за савецкім часам, дагэтуль мае “інерцыйны” след у беларускім словаўтварэнні тэрмінаў. Дарэчы, гэтым пакутуюць якраз афіцыйныя слоўнікі, росквіт і кадыфікацыя якіх адбылася за савецкім часам. Для вынішчэння ў свядомасці чытача такога штучна навязанага комплексу выкарыстаны яшчэ адзін інструмент, параўнальны – англійская мова. Мэта такіх напаўненняў англійскімі “разынкамі” нашага беларускага караваю відавочная – паказаць, што любы тэрмін – гэта не праца цэлых інстытутаў і карпарацый, а ўласнае індывідуальнае ўяўленне звычайнага чалавека, заснаванае на параўнанні новых з’яў са звычайнымі, знаёмымі яму з’явамі. Ну, вось чаго варты толькі адзін англамоўны варыянт агнёў УПП (узлётна-пасадачнай паласы) – “гусіная шыйка” – gooseneck!

Кніга структуравана наступным чынам. У першы раздзел унесеныя “праблемныя” тэрміны з аэрадынамікі, паветранай навігацыі, авіяцыйнай тэхнікі, арганізацыі паветранага руху, тактыкі авіяцыі. У другі раздзел уключаны вытворныя тэрміны на аснове “вырашэння” праблемных тэрмінаў першага раздзела. У дадатак сюды ж уключаны некаторыя тэрміны, якія цалкам адпавядаюць нормам акадэмічнага словаўтварэння і якія ў расейскай мове з’яўляюцца ўласнарасейскімі, а ў беларускай не замацаваныя ў значэнні ўстойлівых тэрмінаў. Асобным параграфам у другім раздзеле стаяць некаторыя ўстойлівыя фразы з жывой авіяцыйнай мовы. У трэцім раздзеле прыведзены цікавыя прыклады вайсковых тэрмінаў з практычнага вайсковага беларускага слоўніка 1927 г. і якія зараз, на жаль, нібыта не зусім адпавядаюць літаратурным нормам. На думку аўтара, над імі варта задумацца! Напрыклад, паранонімы аператыўныаперацыйны, больш якія падрабязна разгледжаны ў асобным артыкуле. Чацвёрты раздзел змяшчае прыклады ўжывання авіяцыйнай тэрміналогіі з разнастайных авіяцыйных дакументаў на падставе ўласнага службовага досведу. Уважлівы чытач убачыць, што ў кнізе прысутнічае тэрмін расейская мова. Зроблена гэта наўмысна з культуралагічнай мэтай, каб адбіць ахвоту рознага кшталту шавіністам манапалізаваць гістарычную спадчыну “русчызны” і потым казаць, што Скарына выдаў “Біблію руССкую”, а беларусы да гэтага не маюць ніякага дачынення. Тое ж тычыцца прычынення сучаснай Летувы, летувіскай мовы, летувісаў да гістарычнай Літвы. Для прыкладу, улічваючы падобнасць гістарычных і моўных працэсаў, ва ўкраінскай мове аб гэтым паклапаціліся: русский язык там – російска мова, русский – росіянин. А руський – «как прилагательное к "Русь", относящийся ко времени Киевской Руси».

Такім чынам, гэтая праца ў стылі, так бы мовіць, наіўнага мастацтва з’яўляецца ўласным унёскам у справу надання беларускай авіяцыі беларускага гучання і прызначана перш за ўсё тым, хто ганарыцца сваёй уласнай мінуўшчынай, з цяжкасцю пагаджаецца з рэчаіснасцю і з трывогай углядаецца ў смугу будучыні роднай Беларусі. Няхай Жыве Родная Беларусь!


Умоўныя скарачэнні
Гл. Воздушное судно – глядзі артыкул “Воздушное судно”;

мал. 2 – малюнак № 2;

размоўн. – размоўны варыянт;

арт.  – аднайменны артыкул;

[4] – нумар выкарыстанага слоўніка;



(МА) – Міністэрства абароны.


  1. Раздзел


Авиатор – авіятар, лётнік. Практычны беларускі вайсковы слоўнік 1927 г. лагічна падае слова лётнік у значэнні лётчик. Але, па зразумелых прычынах, гэтае слова ў такім значэнні ў сучаснай мове выціснута. Мы ведаем, што нашая мова з самага пачатку сутыкнення з такой з’явай, як авіяцыя, а гэта былі 20-тыя, развівалася ў лагічным рэчышчы словаўтварэння і натуральнага моўнага працэсу. І адразу так і пайшло, хто лятаў – той лётае, а не лятае, а лётаў лётнік і прызямляўся ён на лётнішча. Ды й увогуле рабіў лёты. Як мы бачым, была стройная сістэма словаўтварэння ад кораню -лёт- . І слоўнік 27-га года проста замацаваў гэта. У гэтым жа, дарэчы, слоўніку авиация – лётніцтва, а авиационный – лётніцкі. Адгалосак ад такой натуральнай сістэмы словаўтварэння застаўся толькі ў выглядзе размоўнага лётаць. Напрыклад, даводзілася чуць – “ён лётае на машыне, як шалёны”. Але надышоў час “славутай” моўнай рэформы і слоўніка 1933 года, калі так званыя “нацдэмы” былі адхіленыя ад далейшай працы тэрміналагічнай камісіі. У выніку сітуацыя стала падобнай на тую, аб якой казаў кінагерой у вядомым фільме – “коні п’яны, хлопцы запражоны”, калі ўсё перакручана і пастаўлена з ног на галаву. І гэта значыць, што натуральныя моўныя працэсы былі замененыя на штучныя. Тым больш становіцца крыўдна за той гвалт над мовай, што нас штучна прымусілі “ісці” за расейскай мовай, якая сама павяла сябе непаслядоўна ў гэтым. Бо, калі паглядзець на словаўтварэнне ад каранёў -летч- і -летн- , мы бачым, што абсалютная колькасць словаўтварэнняў у расейскай мове ідзе якраз ад -летн- . Напрыклад, летные навыки лётчыкаў, а не летчицкие, летная подготовка, як від баявой падрыхтоўкі лётчыкаў, а не летчицкая і гэтак далей. Тут толькі можна дадаць, што спрацаваў вядомы прынцып – “у кого больше прав, тот и прав”. Але ёсць магчымасць слова лётнік, так бы мовіць, “выратаваць” ад занядбання, надаўшы яму крыху іншае, больш шырокае значэнне. Рэч у тым, што калі звярнуцца да значэння тэрміна аэродромное (летное) поле, разгледжанае ніжэй, то лагічна меркаваць, што чалавек, які працуе (лятае, абслугоўвае авіяцыйную тэхніку) на аэрадромным (лётным) полі, то бок на лётнішчы, і ёсць лётнік. Як гэта выглядае па жартаўлівай аналогіі з бульбішчам і бульбянікам – аматарам бульбы ці бульбоўнікам – картофельным націннем, якое застаецца на бульбішчы. То бок, любы спецыяліст, які звязаны з авіяцыйнай справай, можа сябе з гонарам называць не проста авіятарам, а лётнікам. Трэба заўважыць, што ўвесь драматызм вышэйназванай ненатуральнай ломкі моўнай сістэмы адлюстраваны ў знакамітых купалаўскіх радках:Мой мілы таварыш, мой лётчык, вазьмі ты з сабою мяне! Я – ведай – вялікі ўжо хлопчык. I ўмею ўжо лётаць у сне.”, напісаных у 1935 г. “Лётаць” яшчэ не згублена, а вось “лётнік” адназначна выкраслена “лётчыкам”. А вось у [21] (1932 г.) чытаем – «лётнік усюды – лётнік павінен асабіста пераканацца ў спраўнасці машыны».

Атмосферное возмущение – атмасфернае абурэнне. Тэрмін авіяцыйнай метэаралогіі. Прыведзены толькі ў метэаслоўніку [15].

АРП – аўтаматычны радыёпеленгатар. Англійскі тэрмін – напрамкавы пошукавік – direction finder.

Аэродинамическая компановка і компановочный – 1. (працэс) – аэрадынамічнае кампанаванне, 2. (канструкцыя, упарадкаванне) – аэрадынамічная кампаноўка, кампанавальны – кампанавальная схема. У гэтым тэрміне ярка адлюстравана розніца ў падыходзе да словаўтварэння працэсу і прадметаў у расейскай і беларускай мовах. Для расейскай часцяком лагічна ствараць словы працэсу і прадмету (выніку) з адным канчаткам -ка. Для беларускай больш уласціва размяжоўваць гэта. Тое ж тычыцца і іншых падобных пар-тэрмінаў. (Гл. Швартовка).

Аэрадинамическое качество – аэрадынамічная якасць. Тэрмін практычна ўжываўся па-беларуску ўжо з 30-х гг. – [17].



Аэродром (мал. 1) – 1. Аэродром – аэрадром, 2. аэродромное (летное) поле – лётнішча. Праблема ў тым, што гэтыя словы ў сучасным друку канкуруюць на адным так бы мовіць “полі” – авіяцыйным. Вось прыклады ўжывання слова лётнішча ў звыклым значэнні аэрадром з сеціва – “аб’ектамі бамбаваньня было кабульскае лётнішча”, “лётнішча ў Радаме пачне працу ў верасьні бягучага году”, “а потым гледачы лётнішча Садкуў пабачылі клубы чорнага дыму”. Нам вядома з вышэйпрыведзенага прыкладу са словам “лётнік”, што згодна з традыцыйным словаўтварэннем у нашай мове мы павінны называць тое месца (па аналогіі з бульбішчам, грэчышчам і г.д.), адкуль узлятаюць – сядаюць самалёты і адбываецца іншая авіяцыйная дзейнасць, лётнішчам. І вось тут мы з гонарам можам сказаць, што якраз расейская мова тут аказалася бяднейшая насуперак сумназнакамітаму і недальнабачнаму выказванню, што “беларуская мова ёсць бедная мова. Ёсць толькі дзве вялікія мовы ў свеце – руская і англійская”. У расейскай мове такія абазначэнні фізічна адсутнічаюць. Напрыклад, у слоўніках падаецца наступнае: “бульбішча – поле, на котором растет картофель”. А зараз вернемся да таго, чаму трэба ўжываць словы аэрадром і лётнішча, надаўшы ім рознае значэнне. Зробім гэта, глянуўшы на развіццё аэрадрома, як інфраструктурнага комплексу. Спачатку аэрадромы ніякай інфраструктуры не мелі, гэта было проста роўнае поле з мінімальнымі патрабаваннямі да яго. І не дзіўна, што для традыцыйнага беларускага светапогляду такое поле беларусу – лётніку ў пачатку 20-х і ўяўлялася як звычайнае лётнішча – бульбішча. А вось потым пачалася на гэтым лётнішчы з’яўляцца больш складаная аэрадромная інфраструктура – бетонная паласа, дыспетчарскі пункт, дапаможныя інжынерныя збудаванні і г.д. Лагічна, што такі складаны інфраструктурны праект ужо не адпавядаў простаму лётнішчу. І трэба называць яго па-іншаму. І слова аэрадром, як сістэма аэрадромнай інфраструктуры, падаецца тут самым лагічным. Далей, па меры развіцця грамадства, з’явілася патрэба ў цывільнай авіяцыі, для якой на аэрадромах сталі дататкова будавацца аэравакзалы і аэравакзальныя комплексы. Натуральна, што іх назвалі аэрапортамі. Такім чынам, нашая беларуская “матрошка” атрымалася такой – лётнішча, аэрадром, аэрапорт. Трэба заўважыць, што лётнішча – гэта не гістарызм, а слова, ужыванае ў значэнні летное (аэродромное) поле ў інструкцыях пры апісанні характарыстык аэрадромаў і аэрапортаў. Такім чынам, прыклад з сеціва – “памеры лётнага поля 1000х150 м” неабходна перакласці на беларускі капыл – “памеры лётнішча 1000х150 м”.
мал. 1
Аэродромный диспетчерский пункт – аэрадромная дыспетчарская вышка. Тут мы маем пайсці па шляху вестэрнізацыі проста таму, што гэта агульная сусветная тэндэнцыя, звязаная з міжнародна прызнанай англамоўнай авіяцыйнай тэрміналогіяй і фразеалогіяй ICAO, без мовы-“пасярэдніцы”. Цікавая асаблівасць – у слэнгу авіятараў дыспечарскі пункт называецца “вышкай”. Ну хто не бачыў “вышку” нацыянальнага аэрапорта?! Тая ж вежа Біг-Бэна Вестмінстэрскага палаца, толькі белая і без гадзінніка! Менавіта ў англійскай мове такое збудаванне і называюць “tower” – вежа, вышка. Што і засведчана міжнароднымі авіяцыйнымі дакументамі. Украінскі варыянт – “аеродромна диспетчерська вишка». Але астатнія вайсковыя пункты застаюцца пунктамі – камандны пункт, камандна-назіральны пункт і г.д. Трэба заўважыць, што яны ўвогуле могуць быць заглыбленыя ў зямлю ці перасоўвацца на сучасных транспартных носьбітах. Таму вышкамі не могуць быць проста па вызначэнні.

Базирование – базаванне. Слоўнік Судніка падае гэты варыянт. А [2, 4, 5] – базіраванне. Быццам перавага другога варыянта. Але мы ведаем, што беларускай мове не ўласціва ўжыванне суфікса -іраванне і слоўнікі складаліся за савецкай традыцыяй, асноўным пастулатам якой было “ набліжэнне і поўнае зліццё брацкіх моў у адну”, вядома ж, у якую. У новых правілах беларускага правапісу якраз гаворыцца аб пашырэнні ролі ўжывання суфіксаў -аванне. І ўжо там, у якасці прыкладу, слова базирование падаецца ў двух варыянтах – базаванне, базіраванне. Тэндэнцыя навідавоку!

Балансировочный груз – балансавальны цяжар. Тэрмін, зразумела, у беларускім сегменце не існуе, але, дзякуй Богу, ужо жыве ў сеціве ў наступным выглядзе – балансіровачны цяжар,



мал. 2
адкуль і ўзяты. Адпавядае сэнсу – вага чаго-небудзь – і мае поўнае права на жыццё ў мадыфікаваным, то бок больш натуральным для нашай мовы выглядзе – балансавальны цяжар.

Балочный держатель (мал. 2) – бэлечны трымальнік. Усё ў адпаведнасці з акадэмічнымі нормамі словаўтварэння. Як асобныя словы прысутнічаюць, а вось як адзіны, досыць распаўсюджаны ў авіацыі, гэты тэрмін у разгледжаных слоўніках адсутнічае.

Бедствие – ліха. С. Станкевіч у сваёй кнізе [10] падае адпавядальнікі бяда, няшчасце. У сеціве кажуць пра «вельмі частую эвакуацыю ахвяр бедства», хтосьці па-расейску «терпит бедствие». А ва ўкраінскай авіяцыйнай тэрміналогіі бедствию адпавядае лихо. Вось некаторыя словаформы з афіцыйных дакументаў: «эвакуація тих, хто зазнав лиха», «стихійне лихо». Беларуская ж прымаўка кажа, што «сядзі ціха, не будеш ведаць ліха», а пра досвед чалавека гаворыць фразеалагізм «зведаць фунт ліха». Для даведкі, фунт з’яўляўся такім жа натуральным словам для продкаў, як і кілаграм зараз для нас. Фунты былі і літоўскія, і гданьскія і іншыя. Вяртаючыся «до лиха», нельга не пагадзіцца з украінцамі ў трапнасці і дакладнасці выразу, бо гісторыя ў нас блізкая і ліха нашымі народамі спасцігалася ўвесь час і моцна біла «бізунамі» то злева, то справа. Дакументальным пацверджаннем натуральнасці такога тэрміну з’яўляецца беларускі адпаведнік слову бедовый – ліха ў вайсковым слоўніку 1927 г. Вядома ж, што любая катастрофа, любое няшчасце, гэта тое ж самае Ліха – нячысцік, чорт, які прынёс гора. У традыцыйным значэнні яно мае вельмі яркі эмацыйны складнік. Можна параўнаць для трапнасці Ліха з «чужым» на касмічным караблі, ад якога няма паратунку і інструкцый. Таму для лётчыка ўключэнне выключальніка «Ліха» і перадача ў эфір – «на борце Ліха» з’яўляецца першасным пунктам пры ўзнікненні асаблівых выпадкаў у палёце. Адзначым, што англійскае SOS з’яўляецца не менш экспрэсіўным – «ратуйце нашыя душы». Такім чынам, адпаведнікамі для «терплю бедствие» будзе «на борце Ліха», «судно, терпящее бедствие» – «лятак, на якім Ліха», «судно, потерпевшее бедствие» – «лятак, які зведаў Ліха», «терпеть бедствие» – «зведаць Ліха». Ёсць адна праблема з выразам «никто не потерпел». Таму што тут «потерпел» мае сэнс «потерпел бедствие», дзе бедствие з цягам часу адпала. Наша мова такой магчымасці эвалюцыйна развівацца не мела, таму каб не калькаваць, а захаваць скрознасць у раней неўжывальнай форме «потерпел», кажам цалкам – «зведаў ліха». Такім чынам, «Пілот, які быў знойдзены сіламі пошукава-выратавальнай каманды, не зведаў ліха» лепш за «пілота, які...не пацярпеў». І, вядома ж, множны лік у беларускага стыхійнага ліха адсутнічае. Таму фразу – при возникновении стихийных бедствий – у беларускім варыянце лепш казаць – у выпадку (пры ўзнікненні) стыхійнага ліха.

Безразмерный – бязмерны. У слоўніках прыведзены безразмерны. Але ж размер, ведаем, па-беларуску памер ці проста мера ды й захаванне сінанімічных расейскіх безразмерныйбезмерный у “беларускім полі” не мае практычнай (сэнсавай) патрэбы. Хопіць з нас бязмернага!

Беспилотный і беспилотник (размоўн.) – беспілотны і беспілотнік, дрон. Праблем з прыметнікам беспілотны ў розных словаформах няма. Часта ў друку, калі падаецца афіцыйная навіна пра БЛА, кажуць дрон, які ў расейскай і беларускай мове ўспрымаецца спецыялістамі, як слэнг, жарганізм – у адрозненне ад афіцыйнага БЛА (БПЛА). Напрыклад – «ён убачыў дрон». Хаця паволі замацоўваецца тэндэнцыя для абазначэння лятаючага баявога робата дронам (англ. drone  труцень, гусці), што цалкам адпавядае фізіцы з’явы пераўтварэння прымітыўных беспілотнікаў у высокатэхналагічныя машыны са штучным розумам. Тым больш дапушчальна ўжыванне гэтага слова, якое займае ўсё большае месца ў вайсковай справе, у медыях.

Ближний (бой, зона, рубеж, ракета ) – блізкі. Прыметнік «близкий» з’яўляецца словаўтваральным для шмат якіх тэрмінаў у авіяцыі, таму яго нельга абмінуць. Тым больш, калі і тут назіраецца неўнармаванасць. І зноў людзі дзеляцца на “бліжніх” і “блізкіх”. І зноў, калі беларус робіць выбар, ён аказваецца ў сітуацыі Вылівахі, у стане (чытай –у ладдзі) роспачы. Бо прэцэдэнты ўжывання “бліжні” сярод аўтарытэтаў шмат – Купала, Каліноўскі, напрыклад, але сістэмнага ўжывання не мае, тым больш ужыванне ў гэтых аўтарытэтных прыкладах тычылася роднасці людзей, а не адлегласці. Слоўнікі таксама не дадаюць адназначнасці тэрміну, бо нават больш “аўтэнтычны” слоўнік Некрашэвіча-Байкова дае ў сваім беларуска-расейскім варыянце бліжні, а ў расейска-беларускім – блізкі. Праўда, у слоўніку Крапівы ў значэнні адлегласці падаецца блізкі. У слоўніку Станкевіча ёсць толькі блізкі й далёкі. А вось ваенны слоўнік 1933 г. падае нам цэлы тэрмін “ближний бой – блізкі бой”. Вельмі цікавыя развагі наконт праблематыкі “бліжні – блізкі” можна знайсці на старонцы сайта livejournal http://by – mova.livejournal.com/507104.html. Ва ўкраінскай мове, дарэчы, у вайсковай тэрміналогіі ўжываецца ближні. У расейскай і ўкраінскай мовах, атрымліваецца, вайсковая тэрміналогія мае адзіны тэрмін “ближний – ближні". У такіх выпадках, па словах спецыялістаў-мовазнаўцаў, адна надзея на моўную практыку, прыблізны зрэз якой дае друк, інтэрнэт. Скарыстаўшыся ўлюбёным метадам, які называецца “спытайся ў Google”, даведваемся, што “ў блізкім – бліжнім баі” з разгромным лікам 185000:1770 “перамагае” блізкі. Тое ж самае назіраецца і пры запыце іншых тэрмінаў з гэтым прыметнікам. Як гістарычны факт ужывання тэрміна ў адмысловым значэнні прывядзем цытату з кнігі 1933 г. [18] – «блізкая паветраная выведка ня менш цяжкая, чым далёкая». І гэта актуальна і зараз!

Боевая зарядка (мал. 3) (у тым жа сэнсе выкарыстоўваецца боевой заряд) і перезарядка, заряжать і перезаряжать, разряжать – баявы зброй і перазброй(ванне), збройваць і перазбройваць, раззбройваць. У класічным варыянце падаецца зарадка ў розных значэннях. Але няма, на жаль, менавіта цэльнага тэрміна боевая зарядка. І калі для такіх тэрмінаў як фізічная зарадка, зарадка акумулятара, снежны зарад падбіранне адпаведных беларускіх фразеалагізмаў вырашылі залішнім, то з боевой зарядкой пагадзіцца не магу. Увогуле, зарядка першасна адпавядае дынамічнаму незавершанаму працэсу, які і прасочваецца ў іншых тэрмінах, а ў працэсе боевой зарядки тое, што заряжалось, то бок увесь даступны комплекс узбраення, стала таксама называцца боевой зарядкой. Таму той комплекс узбраення – бомбы, ракеты, авіяцыйныя пушкі і кулямёты з заряженными лентамі – гэта тая зброя, якая ляціць непасрэдна ўшчэнціць загаданую цэль. Лагічна менавіта ад кораня -збро - і вясці “радавод” беларускай зарядки – зброі. І калі казаць метафарычна, то менавіта зброй мужчынскага роду з’яўляецца сынам “маці-зброі”. Цяжкасці з дзеясловам зарядить – зброіць таксама не ўзнікаюць, як і з прыслоўем заряжен – зброены. Таму зарядить (пирапатроны, патроны в ленту, ленту в пушку) – зброіць. Лента заряжена – лента зброена. У беларускім варыянце няма патрэбы размяжоўваць сінанімічныя расейскія разряжать – разоружать (кагосьці), бо слова будзе ісці ў кантэксце і заўсёды будзе зразумела, каго ці што раззбройваем. Таму дастаткова аднаго адпаведніка – раззбройваць. У слоўніку Судніка сустракаем – заряд - набой, заряжать - набіваць. Тэрмін, відавочна, узяты са слоўніка 1927 г. і мае пад сабой грунтоўны гістарычны падмурак. Але ж як быць з разрядкой? Ці перезарядка? Перанабіванне?! На ўласную думку, тэрмін набой, набіваць застанецца гістарычным і будзе прымяняцца ў выпадках, калі гаворка ідзе пра літаральнае “набіванне” порахам.

мал. 3
Боевая мощь (авиации) – баявая моц. Тэрмін тактыкі авіяцыі. Як ведаем, блізкі да моцы сінонім магутнасць абазначае практычную велічыню ў фізіцы, тады як моц мае тэндэнцыю для абазначэння больш абстрактных значэнняў. Хаця, напрыклад, Тангрэберт у кнізе “Авіяцыя ў сучаснай вайне” [18] пісаў наступнае: «гэтыя дасягненні значна павялічылі баявую магутнасць авіяцыі». Сучасны ўзус (на прыкладзе інтэрнэта) таксама паказвае невялікую перавагу выкарыстання баявой магутнасці перад баявой моцай. Але якраз тут неабходна казаць пра мэтазгоднасць размежавання паняццяў дзякуючы наяўнасці ўласных моўных сродкаў, што дазваляе выключыць залішнюю аманімічнасць тэрмінаў.

Боевое применение – баявое ўжыванне. Самае цікавае, што адразу хацеў пакінуць гэты тэрмін без увагі і аднесці звыклае баявое прымяненне адразу ў другі раздзел як бясспрэчнае. Але, калі пачаў чытаць беларускамоўныя артыкулы ў друку, мяне зноў захапіў звычны стан беларускага “карпускулярна-хвалевага” дуалізму. Бо беларусы і тут падзяліліся – хто за Напалеона, хто за Аляксандра першага ці як у прыказцы – адзін пра абразы, другі пра гарбузы. Пасля аналізу значэння тэрміну дазнаемся, што боевое применение, гэта заўсёды употребление, использование зброі і ўзбраення ў баі, вайсковай аперацыі, што ў беларускай свядомасці больш адпавядае ўжыванню. Слоўнік 1927 г. мае цэлы вайсковы тэрмін: применять оружие – ужываць зброю. У тлумачальным слоўніку ў дадатак знаходзім слушны прыклад – “применение новой машины в производстве – ужыванне (скарыстанне) новай машыны ў вытворчасці”. А прымяненне – па тым самым акадэмічным слоўніку – выкарыстоўваецца ў дачыненні да абстрактных з’яў, як, напрыклад, “применение новых методов – прымяненне новых метадаў”.



Боевое слаживание – 1. боевое слаживание – баявое шыхаванне (як тэрмін мабілізацыйных дакументаў); 2. слаживание (у складзе экіпажаў, звёнаў, эскадрылляў) – шыхаванне (як тэрмін тактыкі авіяцыі). У ходзе мабілізацыі для па(д)вышэння ўзроўню натрэніраванасці фарміруемых падраздзяленняў, якія прыбываюць так званымі “камандамі” з камплектуючых ваенкаматаў, ладзіцца боевое слаживание. То бок на занятках вайскоўцамі спачатку індывідуальна, потым у складзе падраздзяленняў аднаўляюцца забытыя навыкі, павышаецца скаардынаванасць іх дзеянняў. Усё гэта “па-просту” называецца “прыціранне”, “збіванне” адзін да аднаго, як тых фрагментаў пазла. У авіяцыйнай эскадрыллі, якая з’яўляецца падраздзяленнем сталай баявой гатоўнасці, такое “прыціранне” адбываецца штодзённа ў ходзе лётнай падрыхтоўкі і рэгулюецца курсамі баявой падрыхтоўкі рода авіяцыі. Калі звярнуцца да гісторыі з’явы, то пытанне мабілізацыі і трэніроўкі (шыхавання) паспалітага рушання, як важнай дзяржаўнай справы, вырашалася ў Вялікім Княстве вельмі развітым для таго часу заканадаўствам у выглядзе асобных артыкулаў у Статуце ВКЛ і актаў соймаў. “Каманды” “прызыўнікоў” фарміраваліся таксама па адміністрацыйна-тэрытарыяльным прынцыпе і называліся харугвамі. Раённым “ваенкамам” з’яўляўся павятовы харужы. Для цікавасці, харужы, у адрозненне ад ваенкама, вёў сам сваю харугву “войну воеваті”, а не проста дастаўляў на пункт збору сваё войска. Дык вось першасная семантыка слова шыхаванне – упарадкаванне, падрыхтоўка (у старабеларускім лексіконе – шыховаті - падрыхтоўваць) найбольш адпавядае значэнню тэрміну слаживание для нашай вайсковай, прымусова перарванай, традыцыі. Хаця ў сучасным друку шыхаванне (а найчасцей, шыхтаванне) падаецца як канкурэнт-сінонім слову пастраенне (як абазначэнне строю ці як збор падраздзяленняў часці зранку, увечары ў адпаведнасці з рэгламентам дня). Гэта выглядае, як «наш адказ Чэмберлену» прыхільнікаў «класічнага» прыхільнікам «некласічнага» правапісу. Напрыклад, «Да бітвы войска шыхтавалася ў тры шэрагі”. Але, як бачым пасля пераасэнсавання, патрэбныя два гэтыя словы, якія займаюць строга вызначанае месца. Такім чынам, фразу “Полет в сомкнутом боевом порядке звена требует высокой слаженности и натренированности, для чего летчики отрабатывают упражнения по программе слаживания сначала в составе пары, затем звена» можна перайначыць на беларускі “матыў” – “палёт у самкнёным баявым шыху звяна патрабуе высокай зладжанасці, з гэтай мэтай лётчыкі адпрацоўваюць практыкаванні па шыхаванні спачатку ў складзе пары, потым звяна”.

Боевой порядок і полетный строй (самалётаў, верталётаў) (мал. 4) – баявы шых і палётны строй. На зямлі беларускай вядуцца “баі” паміж страямі, парадкамі ды шыхамі (шыхтамі). Паветраныя “баі” адсутнічаюць проста з-за незапатрабаванасці такога тэрміна ў беларускамоўным “паветраным” асяроддзі. А ў авіяцыі гэта пашыраны тэрмін. Вельмі арыгінальна важнасць праблемы авіяцыйнага “порядка” адлюстроўвае рэкламны плакат аднаго банка, усталяваны на ўскрайку дарогі ў напрамку Нацыянальнага аэрапорта. На ім быў намаляваны клін буслоў і з боку надпіс – “во всем порядок”! Гэта сапраўды філасофская квінтэнсэнцыя сімвалізму, зразумелая, бадай, толькі вайсковым авіятарам-лётнікам! Для аўтара такі малюнак ёсць сапраўдным дэвізам дадзенай працы – у беларускай авіяцыі павінен быць беларускі парадак – беларускі шых! Дарэчы, слова порядок займае і ў расейскай мове канкурэнтнае месца разам з правилом у адным разе, і са строем у другім разе. І ў аўтара часта ўзнікала пытанне, чаму ўжываюцца розныя словы ў выпадках правил использования воздушного пространства і порядка пересечения государственной границы. Якая ж розніца паміж строем і порядком? Па-сутнасці, ніякай. А па часе і прымяненні – ў тым, што порядки ўзніклі пазней і тычацца, як правіла, механізаваных падраздзяленняў пры выкананні баявых задач. Напрыклад, у залежнасці ад ступені падрыхтаванасці да бою боевые порядки – баявыя шыхі могуць быць паходнымі, перадбаявымі і баявымі. Для авіяцыі існуе іншае дзяленне баявых шыхаў – самкнёны, разамкнёны і разгрупаваны (Гл. Сомкнутый, разомкнутый, рассредоточенный). Для паказальных палётаў і проста палётаў без выканання баявых задач актуальны тэрмін – палётны строй. Такім чынам, існаванне гэтых двух тэрмінаў у авіяцыі не выклікае сумневаў. У слоўніку Судніка строй заменены на шыхт: строевой смотр – шыхтовы агляд, строевые приемы – шыхтовыя хваты, перестроение (боевого порядка) – перашыхтаванне. У слоўніку Насовіча: шихъ – гэта порядокъ, образецъ, і прыведзены прыклад – Одным шыхомъ здзѣлано. У беларуска-расейскім слоўніку Байкова-Некрашэвіча шых – порядок, строй (военный). У Коласа ў вершы “Гады змагання, перамог” 1928 г. чытаем “Ідуць гады сталёвым шыхам”. Нагадаем, што ў слоўніку Крапівы ўсё проста – строй гэта строй, порядок гэта парадак і ніякой вам там традыцыі. Радавод слова шыхт, які на беларускай моўнай глебе апрацаваўся ў беларускае шых, мае нямецкія карані.. Таму, робячы выснову, адназначна можна сказаць, што менавіта строю і адпавядала “дзіцё” беларуска-нямецкага паходжання шых. Але незалежна ад нас, строй будзе канкураваць увесь час з шыхам, бо з’яўляецца часта ўжывальным словам, як у афіцыйнай пазіцыі, так і ў літаратурнай. А з боевым порядком – парадкам усё прасцей. Тут можна правесці аналогію з праблемай ужывання канчаткаў -іраванне, як неўласцівых нашай мове, і больш традыцыйных -аванне. Дык вось, у слове пікіраванне ўжо цяжка штосьці выправіць, а, напрыклад, з параўнальна новымі капіяванне, сканаванне такіх зацятых “баёў” няма. Таму пакінем традыцыйны строй строем, а храналагічна больш новы для расейскай мовы

мал. 4
боевой порядок заменім больш старым у беларускай мове шыхам. Тым больш, для шыха ў значэнні шыхаванне ў нас ёсць і іншыя “пазначаныя” месцы.

мал. 4
Боевой – баявы. Тут цяжкасцяў з прыметнікам боевой у мове няма, але з-за шматразгалінаванасці тэрмінаў з ім у авіяцыі яго нельга абмінуць: баявыя ўмовы, план баявых дзеянняў, баявая работа і г.д. Трэба заўважыць, што ўжо ў практычным вайсковым слоўніку адлюстраваныя такія тэрміны, як баявая здольнасць, баявы разлік.

Боевые действия – баявыя дзеянні. Тэрмін прыведзены для перасцярогі ад неабдуманага перакладу на беларускую мову, напрыклад, у выглядзе вайсковыя (ваенныя) дзеянні. Бо спецыялісты, у адрозненне ад журналістаў, ведаюць два яго значэнні: 1) як складнік вайсковых дзеянняў пры выкананні баявых задач; 2) як форма прымянення злучэнняў, часцей, падраздзяленняў (у класічным разуменні займае сярэдняе месца між больш буйной аперацыяй і меншай формай бой). Таму тут лепш захаваць менавіта такую форму, каб не заблытацца ў нераспрацаванай беларускамоўнай тэрміналогіі. Цікавы прыклад глумлення над мовай прыведзены ў слоўніку 1933 г. – баявыя дзействыя. Хаця яшчэ ў вайсковым слоўніку 1927 г. боевым действиям адпавядае баявыя дзеянні.

Бомбардировка, бомбардировать (бомбить) (мал. 5) – 1. бомбардировка, бомбить (лятальнымі апаратамі) – бамбаванне, бамбаваць (бамбіць); 2. бомбардировка, бомбардировать (артылерыяй) – бамбардаванне, бамбардаваць. [1] падае бамбаванне – 3 350 адказаў на запыт у сеціве. На бамбардзіроўку, якую падтрымліваюць класічныя [2, 3, 4] слоўнікі, “адклікнулася” 2 300 артыкулаў. У інтэрнэце пішуць: “Шведы сцвярджаюць, што бамбардавалі рэзідэнцыю цацкамі з заклікамі да свабоды”. Пытанне узнікае, яны рэзідэнцыю бамбардавалі з гаўбіц ці з марцір? Такая блытаніна ўзнікла па простай прычыне – адсутнасці аналізу прычынна-выніковай сувязі ўзнікнення слоў бомбардировка, бомбардировать, а таксама неўласцівасці мове суфіксальнай асновы -ірав-. Гістарычна першымі з’явіліся гарматы, якія бомбардировали – бамбардавалі крэпасці-фартэцыі. І рабілі гэта, дарэчы, бамбардзіры. Гэтае слова перабралася і ў спорт. Самага трапнага гульца, які часцей за ўсіх забівае мячы, так і называюць – бамбардзір. Па той самай аналогіі ў расейскай мове самалёт, які ляцеў з той жа мэтай, з якой прымяняліся гарматы – бомбардировать, быў названы бомбардировщиком. Вось чаму бомбардировщики ажыццяўляюць бомбардировку. Але калі чалавек, які пра такія тонкія матэрыі, як моўныя традыцыі, не ведае і бачыць, што ляцяць бомбы, то ён лагічна скажа – “нас бомбят”. Што і назіраецца скрозь, калі бомбардировка ператвараецца ў дзеяслоў – бомбить. І вось тут пакуль адзіны выпадак, калі «перастрахоўка» з боку афіцыйных слоўнікаў мае пад сабой грунт. Але хто сказаў, што мы павінны ісці ў рэчышчы расейскамоўнай традыцыі, калі насамрэч гэтыя з’явы – бомбить, якая паходзіць ад бомба, і бомбордировать – як даніна традыцыі – маюць роўныя правы на «жыццё». Таму беларусы-юзэры пайшлі іншым шляхам, а беларуская мова ўзбагацілася новым словам – бамбаванне, як скід бомбаў з бамбавіка (у расейскай мове бомбовка, бомбование адсутнічае ў адрозненне ад бомбить), а бамбардаванне ў артылерыі так і засталося бамбардаваннем. Да таго ж, беларускай мове не ўласціва ўтварэнне аддзеяслоўных назоўнікаў з канчаткам -ка. Гэтую праблему закрануў і Зміцер Крымоўскі ў сваім артыкуле “Нашай Нівы” – http://nn.by/?c=ar&i=153275.

Бомбардировщик і бомбардировочный (мал. 5) – бамбавік, бамбавальны (база, узбраенне). Гэтая праблема разгледжана сістэмным метадам у папярэднім артыкуле. Але разгледзім для цікавасці гэты тэрмін яшчэ глыбей. [1] падае бамбавальнік. [4] – слоўнік Крапівы – дае варыянт бамбардзіроўшчык. Такі варыянт быццам лічыцца класічным. Але стаў ён такім у сумна-знакамітым ваенным руска-беларускім слоўніку 1933 г. І ўжо ў [18] (1933 г.) сустракаем: бомбардыровачная авіяцыя, «перш нападае бомбардыроўшчык…», бомбамятанне. Але там жа аўтар ужывае бамбавальнік. Мабыць, па звычцы?! Гісторыя гэты гвалт разважыла па-свойму і па выніках запыту ў сеціве перавагу атрымаў менавіта бамбавік, як слова менш грувасткае і натуральнае беларускаму вуху – 19 200, а бамбардзіроўшчыкаў – 9 400. У бамбавальніка (у слоўніку Судніка) ўвогуле сумны вынік – толькі 7 адказаў на запыт. Трэба заўважыць, што часам і “тарашкевічы” ўжываюць слова бамбардзіроўшчык – “стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі дальняга дзеяньня Ту-16 і Ту-22МЗ”. А вось па-англійску ўсё проста – bomber. Па-польску – bombowiec. Дарэчы, польскае бомбовец нагадвае беларускія швец, жнец, кравец і “на дудзе ігрэц”, што паказвае яшчэ адзін недалёкі ад нас варыянт словаўтварэння баявых машын.




мал. 5

Бомбометание – бомбакіданне. Рэдкае адзінадушша ўсіх слоўнікаў. Але ж і тут Google “выдаў” тры бомбамятанні. Тлумачэнне гэтаму знаходзім у гісторыі развіцця мовы. Калі ў вайсковым слоўніку 1927 г. падаецца тэрмін бомбакіданне, то ўжо ў слоўніку 1933 г. – бомбаметанне. Далей: першыя бомбы не аддзяляліся ад гакаў падвескі, як на сучасных самалётах, а выкідваліся лётчыкамі з кабіны, перад гэтым добра прыцэліўшыся! Трэба заўважыць, што расейскім сбрасывать і метать адпавядаюць беларускія скідваць і кідаць (шпурляць). То бок магчымым было ўтварэнне тэрміна – бомбаскіданне. Але з’ява шырэй і ўключае бомбаскіданне (як этап), шпурлянне і траплянне ў цэль. Усе тры этапы і складаюць бомбакіданне.

Бронированный – браніраваны. Усе афіцыйныя слоўнікі падаюць браніраваны і ў сеціве назіраецца амаль у 10 разоў больш варыянтаў з браніраваны, чым з браняваны. Прыклады з сеціва: “Су -25 – савецкі браняваны дагукавы штурмавік”, “каля 470 баявых браніраваных машын”. Так, для нашай мовы не ўласцівыя суфіксы -ірав-, але тут той выпадак, калі мы можам зрабіць выключэнне для вайсковай мовы, бо для яе ўласціва і натуральна ўжываць больш зычных, чым галосных.

«Бреющий» полет – «брыючы» (ці «скрэбены») палёт. Тэрмін паходзіць ад расейскага фразеалагізма ад «брить деревья». Існуе, як адмысловы (спецыяльны) тэрмін у [4]. Калі даць волю фантазіі, мы можам сказаць «скоблить деревья» – «скрэбсці дрэвы», які ў прыметнікавай форме прыме выгляд – скрэбены. Факты выкарыстання тэрміна маюцца ў беларускамоўных авіяцыйных дакументах: [18] – «да цэлі атакі ША ляціць “брыючым палётам”», [21] – «палёт штурмавіка на малой вышыні называецца “брыючым палётам”».

-Брос- – -кід- . Гаворка не пра югаслаўскага Сталіна – Брос Ціта – вядома ж, а пра распаўсюджаную каранёвую аснову -брос- у шмат якіх авіяцыйных тэрмінах. З аналізу ўсіх гэтых розназначных тэрмінаў з расейскім -брос- вынікае, што беларускі адпаведнік -кід- цалкам яму адпавядае. Для прыкладу, расейскія сброс (фонаря, подвесок), выброска (десанта), переброска (техники) подброс (фонаря), заброс (оборотов, температуры) адпавядаюць беларускім скід, выкід (выкідванне), перакід (перакідванне), падкід, закід.

Восходящий і нисходящий (поток, фигура пилотажа) – узыходны і сыходны. Спецыяльны тэрмін – у [15]: сыходны (узыходны) вецер.

Ведущий і ведомый – 1. вядучы (гаворка пра прадмет, прыназ.) і вядзёны; 2. вядоўца (гаворка пра чалавека, наз.) і вядзёны. Амаль усе слоўнікі падаюць варыянт вядучы, у тым ліку і слоўнік Судніка. Толькі [5] дае вядоўцу. У дадатак, мы ведаем, што нашай мове не ўласцівыя -учыя, -ючыя. Хоць Google падказвае, што перавага ўсё роўна на баку “вядучага”, мы маем права ўжыць у спецыяльным значэнні слова “вядоўца” ў звязцы вядоўца-вядомы, калі гаворка ідзе пра чалавека, а калі тэрмін выступае ў якасці прыметніка, то кажам вядучы – вядучы вал, вядучы самалёт, але “Казінец – вядоўца дэманстрацыйнай групы”. Са словам вядзёны складаней атрымалася. Бо ў крапівоўскім варыянце прысутнічае і вядомы (якое мае, як там пазначана, другое значэнне – известный), так і вядзёны (воджаны, ведзены). Не заглыбляючыся, можна лёгка зразумець, якое з гэтых слоў з’яўляецца прыхаднем! А ў дадатак, фраза з сеціва – “Як вядзёны ў пары прыкрывае хвост вядоўцу, так і я прыкрываў Сяргееў кофар” (http://nn.by/?c=ar&i=5102).

Вертолет – верталёт. Усе слоўнікі падаюць гэты варыянт. Хаця арфаграфічны слоўнік “нашаніваўцаў” [6] у класічным правапісе выдае і гелікоптэр. Ва ўкраінскай мове афіцыйна ўжываецца вертоліт, а ў вольным друку таксама сустракаюцца варыянты гелікоптер, гвінтокрил. Сустракаюцца ў беларускім сегменце “сусветнага павуціння” і шрубалёты. Напрыклад, у Вікіпедыі – “181-ы асобны шрубалётны полк”, “181-я баявая шрубалётная база. Але гэта адзінкавыя выпадкі. Варыянт нядрэнны, бо мае традыцыю ў мове (напрыклад, шрубакрут – шуруповерт няблага сябе адчувае ў беларускамоўным асяродку), але, хутчэй за ўсё, не прыжывецца. Наша зрусіфікаванае насельніцтва, гэта не чэхі, якія з энтузіязмам і сцягамі напоўніцу прымянілі пурызм у ачышчэнні мовы ад германізмаў.

Видимость – бачнасць. Тэрмін шырока распаўсюджаны ў авіяцыі. Але ў складаных авіяцыйных значэннях па-беларуску прадстаўлены слаба. Прысутнічае некалькі варыянтаў бачнасці авіяцыйнай у метэаслоўніку [15]: вертыкальная, нахіленая бачнасць, далёкасць бачнасці. А вось у [18] (1933 г.) знаходзім і такое: відзімасць цэлі.

Визуальный – візуальны (вакамерны). Прыметнік сустракаецца ў шматлікіх авіяцыйных тэрмінах. Працуючы з метэаслоўнікам, заўважыў тэрмін вокамерныя назіранні – визуальные наблюдения. І зразумеў, што ўсе авіяцыйныя тэрміны са складнікам візуальны могуць таксама быць вокамернымі, бо гэта вызначаецца нават іхнімі абазначэннямі сутнасці. Вядома ж, звычка – моцная штука, але ж, як рэзервовы варыянт, вакамерны трэба трымаць на будучыню.

Вильчатый подкос (мал. 6) – ражковы падкос. Тут зроблена аналогія, але цяжка выявіць, што аўтар меў на ўвазе, гледзячы на два “зубы” прыстасавання – ці відэлец (вилка), ці вілкі (вилы). Хутчэй, калі браць памеры і сялянскае мінулае савецкіх канструктараў, асацыяцыя ішла з «вилами». Таму, адштурхоўваючыся ад такой высновы, па нормах словаўтварэння трэба ўжыць вілачны падкос. Але калі спытаць любую яшчэ жывую беларускамоўную бабулю, то яна адкажа больш натуральным для нашай мовы прыметнікам вілкавы. А зараз увага – мы ідзем зноў памылковым шляхам, бо спрабуем глядзець на такія тэхнічныя рэчы не сваімі

мал. 6

вачыма, а чужымі. У слоўніку 1927 г. ёсць цэлы вайсковы тэрмін: вилка соединительной планки – рожкі злучальнай планкі. Дык вось, калі вярнуцца да нашай гіпатэтычнай бабулі і спытаць, што ж ёй нагадвае такая канструкцыя, упэўнены, што адкажа па-беларуску – нейкія рожкі!

Винт – вінт. У сеціве ў значэнні прыстасавання, якое стварае тянущую – цяглавую ці пад’ёмную сілы часам ужываюць і слова шруба – “Эфект Каанда прымяняецца ў тэхналогіі NOTAR (англ.No Tail Rotor – «безхвастовай шрубы») – сістэме кіравання верталётам па гойсанні, якая ўжываецца замест рулявой шрубы”. Але гэтаму пытанню ўсё ж надалі належную ўвагу і ўжо ў слоўніках Крапівы і Булыкі знаходзім размежаванне паміж авіяцыйным вінтом і шрубай (винтом, шурупом). Здаецца, што тады больш дарэчным будзе ўжыванне прапелер, чым зусім аддаленае падабенства будаўнічага крапежа (мацавальніка) з прыкручанымі да вала лопасцямі. Хаця, як бачым, у расейскамоўным варыянце фантазія канструктара дазволіла такое параўнанне зрабіць. Таму даводзіцца лічыць і прымаць слова вінт з усёй яго гісторыяй, што і зафіксавалі беларускія слоўнікі.

Вихрь і вихревой, завихрение – віхор і віхравы, завіхрэнне Часта ўжываны тэрмін у аэрадынаміцы (генератар віхроў). Праблема ў варыятыўнасці ў літаратурнай мове – віхор, віхура, віхар. Але па апісанні з тлумачальнага слоўніка для такой аэрадынамічнай з’явы падыходзіць менавіта слова віхор. Адпаведна і множны лік будзе ад віхра – віхры, -роў. А вось прыметнік у тэрмінах адзіны – віхравы. У [15], напрыклад, прыведзены наступныя актуальныя для авіяцыі тэрміны – Каляпалярны віхор, віхравы рух, віхравая кінетычная энергія. Упершыню ўжыты у адмысловым значэнні ў [17] – завіхраныя патокі паветра, завіхрэнні.


: files -> blocks
blocks -> Паважаны Сяргей Мікалаевіч
blocks -> Прадмова да аблічбанавага выдання
blocks -> План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" на 2014 год
blocks -> Усеагульная дэкларацыя лiнгвiстычных правоў уводныя палажэннi
blocks -> Каардынацыйны савет па развіцці І прасоўванні «Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі» нацыянальная платформа
blocks -> Нацыянальнай платформы бізнеса беларусі
blocks -> Польска-беларускі слоўнік: тэрміны, паняцці і назвы з гісторыі і грамадазнаўства
blocks -> Стратэгія развіцця мовы
blocks -> Закон рэспублiкi беларусь 26 студзеня 1990 г. N 3094-xi аб мовах у рэспублiцы беларусь
blocks -> ПараўНАЎчы аналіз палажэнняў канстытуцый краін усходняга партнёрства І казахстана


  1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка