Праблема міжасабовых адносін у сентыментальнай лірыцы ігнація быкоўскага



Дата канвертавання15.05.2016
Памер157.76 Kb.
УДК 821.161.3.09

Г.А. Гладкова

саіскальнік

Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава
ПРАБЛЕМА МІЖАСАБОВЫХ АДНОСІН У СЕНТЫМЕНТАЛЬНАЙ ЛІРЫЦЫ ІГНАЦІЯ БЫКОЎСКАГА
Грунтоўная творчая спадчына польскамоўнага пісьменніка Беларусі канца ХVIII – пачатку ХІХ стагоддзяў Ігнація Яксы Быкоўскага мала даследавана айчынным літаратуразнаўствам. Гэта звязана з недастатковай увагай навукоўцаў да польскамоўнай літаратуры Беларусі эпохі Асветніцтва з прычыны доўгага панавання ў савецкім літаратуразнаўстве аднабаковага падыходу да літаратурнага працэсу на беларускіх землях, калі да беларускай літаратуры адносіліся толькі беларускамоўныя творы. Такі крытэрый адбору спрыяў таму, што з кантэксту беларускай літаратуры доўгі час былі выключаны іншамоўныя мастацкія тэксты літаратараў-выхадцаў з Беларусі. На сучасным этапе прыярытэтным накірункам развіцця айчыннага літаратуразнаўства з’яўляецца пашырэнне інфармацыйных рэсурсаў па гісторыі беларускай літаратуры эпохі Асветніцтва, што дазваляе стварыць цэласную карціну літаратурнага працэсу на беларускіх землях у адзначаны перыяд.

Праблема міжасабовых адносін у сентыментальнай лірыцы І. Быкоўскага не знайшла пакуль належнага адлюстравання ў навуковых пошуках айчынных літаратуразнаўцаў. Аднак, апорай даследавання сталі некалькі прац, прысвечаных І. Быкоўскаму і апублікаваных на тэрыторыі Беларусі [1; 2; 3]. Акрамя гэтага, намі ўлічаны дасягненні польскіх даследчыкаў [5; 6; 7].

Мэта даследавання – на аснове выбраных паэтычных твораў І. Быкоўскага вылучыць асаблівасці яго творчай манеры, акцэнтаваць увагу на раскрыцці праблемы міжасабовых адносін у сентыментальнай лірыцы пісьменніка, паказаць уключанасць літаратурнага працэсу Рэчы Паспалітай у сусветны літаратурны працэс.

І. Быкоўскі пакінуў разнажанравую спадчыну, якая дазваляе ўбачыць у асобе літаратара філосафа, псіхолага, мараліста, выдатнага знаўцу сусветнай гісторыі. Аб’ектам нашай увагі стала празаічна-паэтычная кніга пісьменніка “Rozmyślania wieśniacze” (“Вясковыя развагі”) (1799), дзе акцэнт з грамадскага перанесены аўтарам на індывідуальнае. Прыкладам такога эстэтычнага падыходу да адлюстравання рэчаіснасці сталі песні “Osobność idyska”, “Czemu Małżeństwa rzadko kiedy dobieraią się zgodne”, “Strumyczek”, “Duma po oddaleniu Temiry” і інш.

Літаратурная песня І. Быкоўскага “Osobność idyska (“Адзінота”) належыць да ўзораў ролевай лірыкі, дзе ад імя дзяўчыны паэт ухваляў жыццё на ўлонні экзатычнай прыроды. Лірычная гераіня любіць адзіноту: “Ukochana osobności! / O chwilo nadеr mi miła! / Odtąd nie czuię tęskności, / Skorom ciebie ulubiła” (“Любая адзінота! / Прыемная надта хвіліна! / З той пары я не чую маркоты, / Як усім сэрцам цябе палюбіла”) [8, 29].

Ідылічныя малюнкі прыроды, створаныя ў песні, напоўнены журчаннем ручая, “мілымі трэлямі” турка і салавейкі, забаўкамі статку жывёл. Лірычная гераіня адчувае свабоду (“Zaliż tu nie iestem Pani?”), камфорт і задавальненне: “Pragnienie me wodą gaszę, / Pokarm móy z drzewa daktyle, / Rozrywka Piosneczki ptaszę; / Tak przypędzam krotofile” (“Смагу сваю вадой наталяю, / Ежай мне – з дрэва фінікі, / Забавай – песенькі птушак, / Я ў гэтым пацеху маю”) [8, 30].

Улічваючы, што песня – лірычны твор, напісаны на музыку ці прызначаны для выканання ў музычным суправаджэнні, натуральна, што лірычная гераіня ўзгадвае свой музычны інструмент – гуслі – і апісвае ўласны прыём музычнага акампанементу. Такім чынам творчы бок асобы выканаўцы праявіўся ў злучэнні з прыродай, якая напоўнена пяшчотнымі тонамі грання.

У традыцыі эстэтыкі сентыменталізму аўтар апісаў матэрыяльную, надпрыродную сферу (жыллё, адзенне гераіні), дзе пануе мінімалізм і натуральнасць (паркан з кветак, вянок з ружы, вопратка з воўны, чыстая крыніца замест люстэрка). Арыентальны каларыт акцэнтаваны аўтарам толькі ў адной дэталі: гераіня верша паведамляе, што яе асноўнай ежай з’яўляюцца фінікі. У астатнім этнаграфічны матэрыял твора не мае экзатычнай акрэсленасці. Паказальна, што ў тэксце верша сустракаецца ўпамінанне бога заходняга ветру Зефіра, што напаўняе мастацкую тканіну твора рысамі грэчаскай культуры. Такім чынам, адметнасцю лірычнай песні «Адзінота» стаў сінтэз культурных маркераў Усходу і Захаду.

У песні паступова ўзмацняецца адзін з асноўных матываў сентыментальнай лірыкі – адмаўленне цывілізацыі і непрыманне грамадства, поўнага сацыяльных і маральных заганаў. Лірычная гераіня радуецца, што крывадушнасць і няўдзячнасць не сустракаюцца ў яе рэальнасці, пры гэтым аддаленасць ад грамадства ў прыватнасці і цывілізацыі ў цэлым дазваляе дзяўчыне захаваць духоўную гармонію. І надалей гераіня песні не жадае злучацца з “натоўпам”: “Mieszkaycie wy sobie sami, / Nie póydę waszemi ślady, / Nie będę się łączyć z wami, / Na uczyły mię przykłady” (“Жывіце, як хочаце, самі, / Я не пайду вашым следам, / Не буду злучацца з вамі, / Бо прыклады розныя ведаю”) [8, 33].

Такім чынам, песня “Адзінота” дэманструе крайнюю ступень індывідуалізму гераіні, якая адчувае самадастатковасць у адзіноце; для гарманічнага існавання дзяўчыне не патрэбна пара, каханне трактуецца маладой асобай як момант страты спакою і набывае некаторую адмоўную характарыстыку: “Ні смутку, ні суму не знаю, / Жарсць ува мне не палае”, “У грамадстве… каханне заўжды сэрца раздражніць…” і г.д.

Наступная песня Czemu Małżeństwa rzadko kiedy dobieraią się zgodne (“Чаму ў шлюбных парах рэдка калі падыходзяць адно аднаму”) стала аўтарскім разважаннем над псіхалогіяй сямейных адносін. Паэт пачаў песню з малюнка сямейнай драмы: Ісмена рыдае, вінаваціць Карыла, што той перастаў яе кахаць. Аўтар шукае прычыну разладу і прапануе некалькі ўласных гіпотэз – несур’ёзнасць пачуцця, капрызы, умяшанне знешніх фактараў матэрыяльнага характару, якія сталі асновай шлюбу замест пачуцця. І. Быкоўскі рабіў удакладненне, што ён не можа даць рады тым сем’ям, якія створаны пад прымусам і дзе маладыя адразу прадбачаць свой нешчаслівы лёс. Паэт разважаў над праблемай тых шлюбаў, якія ўзніклі з надзеяй на сумеснае шчасце, але сутыкнуліся з крызісам сямейных адносін. Паэт так апісаў пачуццёвы спад і ўзнікненне ў партнёраў крытычнага погляду на ўласны шлюб: “Krew się ostudzi, … Rozum się wzbudzi / Y zacznie pilnie iuż wglądać…” (“Кроў астывае, … Розум абуджаецца / І пачынае пільна ўзірацца…”) [8, 34].

Прыхільнік маральнасці ва ўсіх сферах чалавечых адносін, І. Быкоўскі даў сваю параду тым, хто рыхтуецца браць шлюб, вылучыўшы тры якасці, якія абавязкова павінны прысутнічаць ва ўзаемаадносінах, – павагу, цноту і годнасць: “Ja w mym zamiarze… Chcący żyć w parze / Sposob taki przed się wziąłem, / Wielbiłem cnotyOraz przymioty / Pierwiey nim kochać zaczołem” (“Я, намер маючы жыць у пары, / Прыклад такі ўзяў: / Шанаваў цноту, таксама годнасць / Раней, чым кахаць пачаў”) [8, 35]. Паэт упэўнены, што з часам, нават калі астыне полымя пачуццяў, застанецца павага да спадарожніцы жыцця, а гэта, як лічыць І. Быкоўскі, аснова для моцнага шлюбу. У канцы песні аўтар выкарыстаў прыём антытэзы, супрацьпаставіўшы радасць і асалоду дабрачыннага шлюбу і тугу тых, хто не мае “гэтага дару”. Адчуваецца, што жыццёвы вопыт і шчаслівы ўласны шлюб дазволілі паэту глыбока разабрацца ў псіхалогіі шлюбных пар, даць свае парады і засцерагчы ад магчымых памылак.

Жаласлівы, мінорны настрой стаў дамінантным у элегічнай песні “Strumyczek (“Ручаёк”). Лірычны герой просіць ручай паведаміць каханай Ісмене пра сардэчную схільнасць да яе. Калі дзяўчына не адкажа ўзаемнасцю, яе чакае своеасаблівае пакаранне: ручай замуціць ваду, каб абыякавая прыгажуня не змагла ўбачыць сваё адлюстраванне. Адзначым, што мастацкія асаблівасці песні адпавядаюць настрою і эмацыянальнай узрушанасці лірычнага героя: адухаўленне прыроды і культ прыроднага пачатку працягваюць традыцыі сентыменталізму, рытарычныя звароты “strumyczku luby”, “strumyczku kochany” (“мілы ручаёк”, “ручаёк любы”) спалучаны з дзеяслоўнымі формамі загаднага ладу “zanieś Izmenie… Moie westchnienie”, “Mów iey z westchnieniem…”, “Zamąć wodę…” (“Занясі Ісмене … Мой уздых”, “Скажы ёй з уздыхам…”, “Замуці ваду…”) [8, 36-37]. Паэт выкарыстаў сталыя эпітэты “przezroczysty zdrój”, “gorzkie łzy”, “strumyczku luby” (“празрыстыя крыніцы”, “горкія слёзы”, “мілы ручаёк”), што дазваляе бачыць у песні традыцыйныя фальклорныя элементы. Узмоцненая пачуццёвасць, гіпертрафіраванасць любоўных пакут героя, які не саромеецца слёз і нават жадае, каб пра іх даведалася каханая, вядуць да таго, што песня ўспрымаецца як класічны ўзор сентыментальнай любоўнай паэзіі.

Медытатыўны пачатак разваг эмацыянальна лабільнага лірычнага героя характарызуе верш “Duma po oddaleniu Temiry” (“Дума пасля расставання з Тэмірай”). Лірычная экспрэсія выяўлена аўтарам праз аднатыпныя сінтаксічныя канструкцыі (пытальныя сказы) і эмацыянальныя разважанні лірычнага суб’екта. Асноўны настрой верша – сум пасля разлукі з дзяўчынай, які паступова змяняецца спадзяваннем на сустрэчу. Вобраз Каханай у паэта атаясамліваецца з уласным жыццём, аўтар наракае, што яго ўздыхі і стогны не здольны “zbliżyć pieszczoty” (“наблізіць пяшчотнасць”) [8, 38]. Як бачым, заглыбленасць ва ўласныя перажыванні, элегічнасць настрою, наяўнасць ранімага псіхалагічнага стану з шырокім пачуццёвым дыяпазонам характарызуюць “лірычнае я” верша “Дума пасля расставання з Тэмірай” у дакладнай адпаведнасці з эстэтыкай сентыменталізму.

Такім чынам, прадстаўленыя ў зборніку “Вясковыя развагі” прыклады лірычных песень дазваляюць гаварыць пра значны ўплыў на творчую манеру пісьменніка традыцый сентыменталізму, якія праявіліся перш за ўсё ў прыярытэце індывідуальнага, натуральнага пачатку над грамадскім і нават цывілізацыйным (“Адзінота…”), пачуццёвага над рацыянальным (“Дума пасля расставання з Тэмірай”), у зацікаўленасці псіхалогіяй чалавечых узаемаадносін (“Чаму ў шлюбных парах…”). Унікальнасць чалавечай індывідуальнасці разглядалася пісьменнікам як каштоўнасць, унутраны свет чалавека трактаваўся як непаўторны, варты ўвагі мастака, як і стыхія перажываемых пачуццяў. І. Быкоўскі прыйшоў да такога меркавання, абапіраючыся на падмурак сентыменталізму – сенсуалізм як новы павеў філасофіі і эстэтыкі ХVIII стагоддзя, які абвясціў прыярытэтнай ідэю “натуральнага” чалавека.

І. Быкоўскі як прадстаўнік сентыментальнай літаратурнай плыні не абыходзіў увагай ідылічны жанр і змясціў у зборніку “Rozmyślania wieśniacze” дзве ідыліі, у якіх па-мастацку асэнсаваў філасофскія пытанні чалавечага быцця і этычны кодэкс паводзін жанчыны.

У ідыліі “Tytyr (“Ціцір”) філасофскі пласт разваг героя змяняўся новым тэматычным колам – глыбока пачуццёвым, эмацыянальна напружаным матывам страты каханай жонкі Амарылы, якая заўчасна памерла на руках мужа. Адзіным суцяшэннем для лірычнага героя служыла спадзяванне, што “…część zimnego popiołu… / Z twoim się złączy pospolu” (“…халоднага попелу частка… / З тваім попелам злучыцца разам”) [8, 43].

Наступны ідылічны твор “Glicera (“Гліцэра”) мае эпіграф, якім стаў адзін з выразаў вядомага вастраслова ХVIII стагоддзя маркіза дэ Б’еўра: “Dieu! Quel foible secour garantir linnocence de la seduction, quelle est donc puissance?” (“Божа! Што за слабасць – абараняць бязвіннасць спакусы, у чым жа тады сіла?”) [8, 45].

Цэнтральны вобраз ідыліі – сірата Гліцэра, якая памятае матчын наказ захоўваць цнатлівасць паводзін і не паддавацца спакусам. Логіка развіцця сюжэта вядзе да таго, што дзяўчына сустракае прадбачанае маці выпрабаванне ў асобе пана, які, захапіўшыся абаяльнасцю сіраты, пачаў заляцанні, не забываючы пра шчодрыя падарункі. Наіўнасць дзяўчыны і даверлівы погляд на свет прывялі яе да спакушэння, якое толькі на кароткае імгненне пранікла ў сэрца Гліцэры. Гераіні ўласцівае пачуццё сораму, плачучы на магіле, яна з болем скардзіцца маці і небу на сваю памылку. Такім чынам, стаўшы адным з галоўных у творы, матыў галашэння выклікаў чытацкае суперажыванне. Пан, убачыўшы пакуты Гліцэры, супакойвае дзяўчыну, кажучы, што яе дабрачыннасць і цвёрдасць стрымалі яго самога ад непачцівых паводзін. Шчаслівы фінал – шлюб Гліцэры і пана – завяршаў ідылію.

Як бачым, з сюжэтнай асновы верша вынікае адказ на пытанне маркіза дэ Б’еўра: сіла чалавека – у дабрачыннасці і ўстойлівасці перад спакусай. Ідэйная накіраванасць твора заключана ў сцвярджэнні грахоўнасці спакушэння і абавязковасці высокіх маральных якасцей для дзяўчыны, што, на думку паэта, можа стаць асновай для шчаслівай жаночай долі.

Найбольш ужывальнымі мастацкімі прыёмамі, выкарыстанымі аўтарам у творы, сталі эпітэты (“tkliwa Matka”, “los srogi”, “dola nieszczęsna”, “chytre zalety”, “nadobne dziewczę”, “podniety zdradliwe” і г.д.), рытарычны зварот (“о Nieba!”), рытарычны выгук (“Аch jakże biedne te Dziatki, / Co się zostaną bez Matki!”). Тэкст ідыліі насычаны простай мовай не толькі для перадачы сутнасці зместу сказанага героямі, але і для стварэння адпаведнага эмацыянальнага фону. Адзначым, што паэт не імкнуўся сцішыць пачуццёвыя праявы герояў ідыліі, наадварот, эмацыянальнасць стала неад’емным элементам твора, на што працуюць усе выкарыстаныя аўтарам мастацкія прыёмы.

Сярод заключных вершаў зборніка “Rozmyślania wieśniacze” песенным матывам вылучаецца верш “Szczyre wyznanie Małżonki nowo zaszlubioney (“Шчырае прызнанне жонкі, якая нядаўна ўзяла шлюб”). Лірычная гераіня ў адпаведнасці з пабудаваным на хрысціянскіх традыцыях кодэксам паводзін замужняй жанчыны толькі пасля шлюбу адкрывае мужу свае пачуцці: хваляванне пры першым спатканні, замілаванне будучым мужам і радасць з нагоды шлюбу. І. Быкоўскі напоўніў верш інтымным гучаннем: “Usciski nadir twe żywe, / Przeszły do głębi mey duszy, / A zaś uczucia me tkliwe, / Ni czas odległy osuszy” (“Твае такія моцныя абдымкі / Праніклі ўглыб маёй душы, / Мае сардэчныя пачуцці / Далёкі час не зможа асушыць”) [8, 51]. Паэт выкарыстаў варыятыўны рэфрэн пасля некалькіх строф (“Teraz (dzisiay) Małżonku móy luby”), які дадаткова акцэнтаваў увагу на адрасаце лірычнага прызнання. Акрамя гэтага, цыклічнасць тэксту ствараецца паўторам другога катрэна ў канцы верша – як вядома, такі прыём з’яўляецца адным з характэрных у песеннай лірыцы.

Верш-зварот “Do synogarlicy (“Да турка”) працягваў дамінуючы сумны настрой паэтычных тэкстаў зборніка. Аўтар выкарыстаў прыём псіхалагічнага паралелізму, дзе ў якасці параўнальнай пары абраны сам лірычны герой і птушка. Верш пачынаўся са звароту да птушкі, якая кожную раніцу пранізвае мілагучнымі спевамі душу аўтара. Герой лічыць, што яго і птушку яднае вернасць (“Z wierności zaszczyt masz chwały, / Y ia się chlubię żem stały” (“За вернасць ты маеш шанаванне, / І я ганаруся, што пастаянны”) [8, 52]); адчуванне няшчасця (“Przenika głos mnie twóy tkliwy, / Y iam też tak nieszczęsliwy” (“Пранізвае мяне твой голас чуллівы, / І я таксама нешчаслівы”) [8, 52]); голас як сродак выяўлення перажываемых пачуццяў (“Dla czuciow swych wynurzenia / Ogłaszasz tkliwe ięczenia, / Ja czucia równe też znoszę, / A w pieniach moich ie głoszę” (“Каб выявіць свае пачуцці, / Ты пачынаеш буркаваць, / І я свае перажыванні / Імкнуся ў спевах выяўляць”) [8, 52]); вострае перажыванне здрады каханай (“Twa boleść w ten czas niezmierna, / Gdy Towarzyszka niewierna, / Y mnie iuż nic nie osładza, / Gdy chytra podeyściem zdrada” (“Твой сум у той момант нязмерны, / Калі Спадарожніца твая няверная, / І мяне ўжо нішто не суцяшае, / Калі здрада падманвае ліхая”) [8, 52]); наданне перавагі адзіноце, якую птушка знаходзіць у глухіх гаях, а лірычны герой – у аддаленасці ад прыдворнага шуму. На думку аўтара, адзінае, чаго не хапае чалавеку ў параўнанні з птушкай, – гэта воля: “Wolność, to twoia iest chwała, / W wzdychaniu korzyść zaś cała, / Ja równy z tobą w czulości, / Niemam w udziale wolności” (“Свабода – вось тваё шчасце, / Ва ўздыхах ёсць і карыснае, / Я роўны табе ў адчуваннях, / Ды воля на долю не выпала”) [8, 53].

Знаўца антычнай міфалогіі, І. Быкоўскі творча апрацаваў адну з вядомых легенд пра гібель старажытнагрэчаскай паэткі Сапфо на беразе Леўкаты з прычыны нешчаслівага кахання. Верш “Rozpacz Lucyndy (“Роспач Люцынды”) з падзагалоўкам “Nad brzegiem Leukatu” (“На беразе Леўкаты”), пабудаваны як унутраны маналог, дэманструе стан максімальнага псіхалагічнага напружання гераіні, якую таксама губіць безадказнае каханне. Люцында ўпэўнена, што вызваленне ад пакут прыйдзе толькі разам са смерцю: “Serca nieszczęsne tu na tey Skałe, / Chłodzą swóy płomień grążąc się w fale” (“Няшчасныя сэрцы з гэтай скалы, / Пагрузіўшыся ў хвалі, агонь свой астудзяць”) [8, 53]. Гераіня з расчараваннем пакідае сваю ліру, бо чароўныя гукі Апалона не здолелі крануць сэрца каханага. Трэці катрэн верша ўяўляе сабой зварот да невядомай дзяўчыны з перасцярогай ад легкадумнасці, навеянай уласным вопытам: “W dni twych poranku, w kwiecie młodości, / Znay twoią władzę, strzesz się chytrości” (“У маладыя дні, у квецені юнацтва / Я раю табе хітрасці асцерагацца”) [8, 54]. Верш заканчваўся спадзяваннем Люцынды, што яе смерць здолее расчуліць няўдзячнага каханага. Можна заўважыць, што аўтар эстэтызуе пакуты, ён жадае як мага глыбей перадаць эмацыянальнае напружанне гераіні, паэтызаваць яе трагедыю кахання з мэтай яшчэ раз прадэманстраваць дамінуючую пазіцыю пачуццёвасці ў адносінах да рацыянальнага пачатку.



Намечаны ў вышэйзгаданым вершы матыў засцярогі ўзмоцнены ў наступным творы Przestroga (“Перасцярога”). Паэт з сумам канстатаваў непастаянства прыязнасці і празмерны дзявочы давер каханку: “Zwyciężca z lekkomyślności, / Nasyciwszy się w miłości, / Przed inną głosi zapały, / Szukaiąc zwycięstw swych chwały” (“Пераможца легкадумны, / Задаволіўшыся ў каханні, / Ужо да іншай робіць заляцанні / Ды шукае сваім перамогам прызнання”), аўтар выводзіў ісціну: “Piękność nie nad to przenikła, / Gdzie miłość kończyć się zwykła” (“Прыгажосць не ўратуе, / Калі каханне скончыцца”) [8, 55].

Як вядома, эстэтыка Асветніцтва рабіла дамінуючым жаночы густ. Гэта вяло да таго, што мужчынскі стыль жыцця паступова стаў напаўняцца рысамі фемінізацыі (напрыклад, у мужчын стаў модным тыповы жаночы занятак ручнымі вырабамі), у грамадстве таксама адбылася змена густу на сабак. Паляўнічыя пароды згубілі вядучыя пазіцыі разам са знікненнем моды на паляванне. Замест іх папулярнымі сталі пакаёвыя сабакі маленькіх памераў, пры гэтым асаблівым поспехам карысталіся балонкі і мопсы. У эпоху Асветніцтва абавязковым складнікам удалага флірту сталі кампліменты сабакам паненак, што знайшло адлюстраванне ў літаратуры.

У паэтычнай спадчыне І. Быкоўскага захаваўся цікавы любоўны верш Przy oddaniu pieska bonońskiego (“Пры адданні шчанюка балонкі”), выкліканы новай модай на сабак. Твор напісаны ў форме ўнутранага маналогу кавалера, які робіць падарункам для каханай шчанюка балонкі. У лепшых традыцыях эстэтыкі сентыменталізму апісаны перажыванні маладога чалавека, які наракае на свой нешчаслівы лёс і зайздросціць сабаку, што будзе мець ласку ад будучай гаспадыні: “Na rączkach białych ty się będziesz mieścić, / Łożem twym nieraz jej będą kolana…” (“Сядзець ты будзеш на ручках белых / Або драмаць на яе каленях…”) [4, 10]. Выяўлены паэтам свет інтымных пачуццяў маладога героя быў абумоўлены аўтарскай зацікаўленасцю псіхалогіяй чалавека, душэўнымі пакутамі кахання, што з’яўлялася галоўным аб’ектам увагі сентыменталістаў.

Такім чынам, праведзены аналіз узораў сентыментальнай лірыкі са спадчыны І. Быкоўскага дазваляе зрабіць наступныя высновы: 1) І. Быкоўскі надаваў значную ўвагу праблеме ўзаемаадносін мужчыны і жанчыны, большасць сентыментальнай лірыкі са зборніка “Rozmyślania wieśniacze” прысвечана адлюстраванню любоўных перажыванняў чалавека; 2) Пісьменнік перадаў шматколерную палітру прыватных стасункаў, зазірнуў у патаемныя думкі сучаснікаў, паказаў інтымныя перажыванні герояў; 3) Паказальна, што асветнік І. Быкоўскі прызнаваў права жанчыны быць шчаслівай, рабіць свой выбар спосабу жыцця.

З поўным правам можна сцвярджаць, што І. Быкоўскі выступіў тонкім знаўцам псіхалогіі міжасабовых адносін, даў чытачу прыклад узорных паводзін у шлюбе, засцерагаў ад магчымых памылак. Глыбокая пісьменніцкая зацікаўленасць сферай прыватнага жыцця дазволіла І. Быкоўскаму падзяліцца ўласным вопытам пабудовы сямейных узаемаадносін, прапанаваць свой рэцэпт шчасця, раскрыць унікальны ўнутраны свет чалавека. У гэтым нам бачыцца каштоўнасць спадчыны І. Быкоўскага для сучаснікаў і нашчадкаў.

Літаратура

  1. Бурдзялёва І. Некаторыя аспекты перадрамантызму ў беларускай літаратуры / І. Бурдзялёва // Працы кафедры гісторыі беларускае літаратуры Белдзяржуніверсітэта : навук. зб. / пад рэд. М. Хаўстовіча. — Мінск : Права і эканоміка, 2008. — Вып. 9. — С. 11—33.

  2. Бурдзялёва І. Трансфармацыя традыцый еўрапейскага сентыменталізму ў беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя / І. Бурдзялёва // Скарыназнаўства, кнігазнаўства, літаратуразнаўства : матэрыялы ІІІ Міжнар. кангрэса беларусістаў «Беларуская культура ў дыялогу цывілізацый», Мінск, 21—25 мая, 4—7 снеж. 2000 г. / рэдкал.: У. Конан (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск, 2001. — С. 86—92.

  3. Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый : літаратура Беларусі пераходнага перыяду (другая палова ХVII—XVIII стст.) / А.І. Мальдзіс. — Мінск : Навука і тэхніка, 1980. — 352 с.

  4. Bykowski I. Przy oddaniu pieska bonońskiego / I. Bykowski // Gazeta Uniwersytecka. — 1992. — № 3. — S. 10.

  5. Kosienkowska H. Ignacy Jaksa Bykowski (1750—po 1818) / H. Kosienkowska // Pisarze polskiego oświecenia : w 3 t. / red. T. Kostkiewiczowa, Z. Goliński. — Warszawa, 1994. — T. 2. — S. 516.

  6. Kosienkowska H. Poezja dydaktyczno-moralizatorska Ignacego Jaksy Bykowskiego / H. Kosienkowska // Annales Universitatis Mariae Curie-Skłodowska. Sectio FF: Filologiae. — 1995. — T. 11. — S. 107—120.

  7. Mikulski T. Ze studiόw nad Oświecenem. Zagadnenia i fakty / T. Mikulski. — Warszawa : Państwowy Instytut Wydawniczy, 1956. — 555 s.

  8. Rozmyślania wieśniacze / przez Ignacego Bykowskiego Porucznika Wóysk Rossyskich. — W Wilnie : w Drukarni XX. Piarow, 1799. — 70 s.


Аннотация
В статье на материале поэтических произведений польскоязычного писателя Беларуси эпохи Просвещения Игнатия Быковского (сборник “Rozmyślania wieśniacze”, избранная лирика поэта) показано авторское решение проблемы межличностных отношений в русле эстетики сентиментализма. Особое внимание уделяется тематическому наполнению любовной лирики И. Быковского и анализу поэтики произведений. Данное исследование способствует решению важной задачи белорусского литературоведения – расширению информационных ресурсов национальной литературы.

Ключевые слова: польскоязычная литература Беларуси, литературный процесс, сентиментализм, эпоха Просвещения, психология межличностных отношений, индивидуализм, эмоциональный процесс.

Summary

The aim of article is reveal the literary features in the poetry of Ignaty Bukovsky who wrote in the Polish language at the Age of the Enlightenment. The object of the researching is the love lyrics of collection “Rozmyślania wieśniacze” (literary songs, idylls, ballads) and selected lyrics too. It was the first time when it was made an attempt of the literary analysis in the poetry of I. Bukovski. It contributed to the development of one of the main directions of the literature science.



Key words: the Polish language literature of Belarus, the literary process, sentimentalism, the Age of the Enlightenment, psychology of interpersonal relationship, individualism, emotional process.
: sites -> bdpu.org -> files -> konferencii
sites -> Закон рэспублікі беларусь 3 ліпеня 2008 г. №420-з аб Правілах беларускай арфаграфіі І пунктуацыі Прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 чэрвеня 2008 года Адобраны Саветам Рэспублікі 28 чэрвеня 2008 года
sites -> 1. Засяленне беларускіх зямель. Характарыстыка даіндаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі
sites -> Арганізацыя дзейнасці Лятучага ўніверсітэта як рэалізацыя місіі
sites -> Пытанні да экзамену па гісторыі Беларусі
sites -> Установа адукацыі «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна»
sites -> Гарадская палітыка ў беларусі: case-study рэканструкцыі гістарычнага цэнтра гродна
konferencii -> Асноўныя тэндэнцыі развіцця беларускай інтымнай паэзіі 19 стагоддзя
konferencii -> Кушнарова К. В




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка