Праблематыка і парадак дня савецкай эліты канца 1980х — пачатку 1990х гадоў



Дата канвертавання15.05.2016
Памер255.6 Kb.
Таццяна Чыжова

Праблематыка і парадак дня савецкай эліты канца 1980х — пачатку 1990х гадоў (па матэрыялах «Беларускай думкі / Коммуниста Белоруссии»)
Abstract.

У артыкуле прааналізаваны змест часопіса «Беларуская думка» («Коммунист Белоруссии») з мэтай выявіць самаўсведамленне беларускай савецкай эліты канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў як самастойнага палітычнага субъекта, яе бачанне эканамічнай, сацыяльнай, палітычнай і г. д. стратэгій развіцця Беларусі ў пераходную эпоху станаўлення беларускай незалежнасці.


Ключавыя словы: «Беларуская думка», «Коммунист Белоруссии», КПБ, нацыянальнае будаўніцтва, перабудова, рынкавыя стасункі, рэформы, савецкая эліта.
Пераломным момантам у найноўшай гісторыі Беларусі стаў распад СССР у 1991 годзе, у выніку якога савецкія рэспублікі ператварыліся ў незалежныя дзяржавы. Кожная з іх пайшла далей сваім адмысловым шляхам нацыянальнага будаўніцтва. Але распаду Савецкага Саюза папярэднічала пяцігодка перабудовы — перыяду, калі паняткі «дэмакратыя», «галоснасць», «рынак» трывала ўвайшлі ў лексікон савецкай эліты і грамадзянаў.

Характэрна бадай для ўсіх рэспублік былога СССР тое, што немалая колькасць будучых палітыкаў незалежных дзяржаў (а таксама палітолагі, аналітыкі, дарадцы) выйшлі з нетраў КПСС, дзе на той момант адбывалася ўнутранае хваляванне. Не толькі адбываўся масавы выхад з партыі мноства шараговых чальцоў, але і знік маўклівы кансэнсус спасярод саміх кіраўнікоў: між дысцыплінаваных партыйцаў раптам выявіліся людзі з уласнымі пазіцыямі, утварыліся групоўкі накшталт камуністаў-дэмакратаў, камуністаў-незалежнікаў і г. д. Немалая частка партыйнай эліты брала актыўны ўдзел у працэсах дэмантажу і рэфармавання старой сістэмы і потым прадстаўлялі палітычную і эканамічную эліту ў незалежных краінах.

Якім чынам адбываліся гэтыя працэсы ў Беларусі? Што ў гэты пераходны час рабіла кіраўніцтва БССР? Вакол чаго разгараліся дыскусіі і як развівалася грамадска-палітычная думка ў афіцыйным (каля)партыйным асяродку? З чым атаясамлялася ў тых колах Беларусь? Якой бачылася яе будучыня, яе шляхі развіцця? Магчыма, адказы на гэтыя пытанні дапамогуць нам зразумець, што адбылося (і што не адбылося) пасля атрымання Беларуссю незалежнасці. Звернемся да афіцыйнага дзяржаўнага грамадска-палітычнага выдання, вядомага цяпер як часопіс «Беларуская думка», а да верасня — кастрычніка 1991 года — як «Коммунист Белоруссии». Як адлюстроўваліся ў ім працэсы ў свеце і ў краіне, якая праблематыка была найбольш распрацаваная, які ўзровень рэфлексіі і асэнсавання праблемаў сучаснасці быў уласцівы гэтаму часопісу, што прапаноўвалася ў якасці праектаў будучыні, якія аўтары і героі з’яўляліся на яго старонках, каб потым знікнуць у невядомасці альбо, наадварот, стаць сённяшнімі вядомымі публічнымі асобамі?

У пошуку адказаў на гэтыя пытанні былі прааналізаваныя нумары за 1989—1991 гады.

Як пазначана ў выхадных дадзеных, «Коммунист Белоруссии» (далей КБ) — «тэарэтычны і
9

палітычны часопіс ЦК КПБ». У 1989 годзе яго наклад сягаў 37 469 экзэмпляраў. Галоўным рэдактарам быў Уладзімір Вялічка. Часопіс выконваў функцыю друкаванага органа ЦК КПБ і большую частку ў ім займалі матэрыялы, прысвечаныя партыйнаму будаўніцтву, абмеркаванню з’ездаў і пастановаў ЦК КПСС і ЦК КПБ. Але зрэдчас з’яўляліся першыя, так бы мовіць, праблемныя артыкулы. Так, у № 3 за 1989 год былі надрукаваныя дыскусія аб цэнавай палітыцы ў звязку з дэфіцытам і артыкул, прысвечаны праблеме беспрацоўя спасярод людзей з вышэйшай адукацыяй (КБ, 1989, № 3). Асаблівая ўвага менавіта ў гэтым нумары нададзена моўнаму пытанню ў Беларусі. Так, Адам Мальдзіс напісаў пра нацыянальны нігілізм і найперш закрануў пытанне прысутнасці беларускай мовы ў выхаваўча-адукацыйнай сістэме. Ён адзначыў неабходнасць надання беларускай мове статусу дзяржаўнай па прыкладзе іншых рэспублік (з чаго, на яго думку,

вынікае неабходнасць аднавіць 22-і артыкул Канстытуцыі БССР 1927 г. аб беларускай мове як пераважнай), важнасць павышэння прэстыжнасці беларускай мовы (прапанаваў дэпутатам праводзіць выступленні на сесіях ВС БССР па-беларуску) (КБ, 1989, № 3). Моўнай праблеме прысвечаныя яшчэ некалькі вострых артыкулаў у гэтым і наступных нумарах КБ.

У № 4 за 1989 год Т. Процька напісала пра гісторыю грамадскіх арганізацый у СССР (легальных), пра тагачасных нефармалаў і пра неабходнасць супрацоўніцтва УЛКСМ з маладымі нефармальнымі арганізацыямі (Протько: 59). Тэма аналізу маладзевых нефармальных аб’яднанняў працягнутая і ў № 6. У асобную катэгорыю вылучаныя «сацыяльныя» аб’яднанні: эканамічныя, гісторыка-палітычныя, нацыянальна-патрыятычныя (за выключэннем «адкрыта нацыяналістычных») (КБ, 1989, № 6). Прыклады, назвы канкрэтных арганізацый не пададзеныя.

Упершыню ў № 9 прагучала інфармацыя пра «эканамічны крызіс», а ў артыкуле «Чаго мы не ведаем пра Чарнобыль» пастаўлена пытанне пра тое, хто і чаму хаваў і хавае звесткі пра Чарнобыльскую катастрофу і яе наступствы, каму гэта выгодна (у тым ліку гутарка ідзе пра МАГАТЭ як «ядзернага лабіста», чые лічбы не адпавядаюць куды больш жудаснай рэальнасці) (КБ, 1989, № 9).

Нацыянальныя стасункі ў СССР, праблема міжнацыянальнага напружання, адкрытага сутыкнення паміж рэспублікамі-сёстрамі альбо ўнутры іх — упершыню гэтыя тэмы закранаюцца ў № 10 (КБ, 1989, № 10).

У 1990 годзе наклад КБ упаў да 30 230 экзэмпляраў. Першы нумар галоўны рэдактар распачаў «Словам да чытача». Задачамі часопіса ў новым годзе ён пералічыў наступныя: «ачысціць пакрытыя флёрам нігілізму прымітыўныя ўяўленні аб паслякастрычніцкай гісторыі»; «пераадолець у масавай свядомасці нігілізм у дачыненні да сур’ёзнай літаратуры наогул і да грамадскіх навук у прыватнасці»; «разабрацца, што адбываецца ў партыі, яе нізавых звёнах» (КБ, 1990, № 1: 4).

На пытанні анкеты КБ: «Што для вас значыць галоснасць? Як вы ставіцеся да тэзы: “Дазволенаўсё, што не забаронена”? Якія кнігі, выданні, цыклы часопісных і газетных публікацый, тэле- і радыёпраграм, на ваш погляд, найболей поўна адпавядаюць духу дэмакратыі і галоснасці? Што ў вашых планах на 1990 год?» — адказалі галоўныя рэдактары такіх беларускіх выданняў, як

«Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Полымя», «Беларусь», «Родник», «Вожык». Прычым шмат

хто з іх (У. Някляеў, В. Блакіт ды інш.) выказаліся даволі катэгарычна: маўляў, паняткі дэмакратыі і галоснасці часта выкарыстоўваюцца ў якасці шырмаў для прыкрыцця адсутнасці сапраўднай свабоды слова і друку (Анкета…: 6—11).

Па-ранейшаму пытанням унутрыпартыйнага і унутрыапаратнага кшталту (напрыклад, напярэдадні XXVIII з’езда КПСС) аддавалася найбольшая прастора часопіса. Працягвала гучаць чарнобыльская тэматыка, асабліва крытыкавалася яе недастатковае асвятленне ў савецкіх афіцыйных крыніцах інфармацыі.

Асобнай тэмай у звязку з разгорнутымі падчас перабудовы працэсамі дэсталінізацыі стала ўнутраная палітыка сталінскага перыяду. Напрыклад: артыкул Валянціна Акулава «Сталін і пытанні мовазнаўства» (крытыка з марксісцкіх пазіцый канцэпцыі Сталіна аб зліцці і уніфікацыі моваў) (Акулов: 59—63), «У пошуках страчанага часу» (публікацыі дакументаў пра рэпрэсіі прадстаўнікоў «антысавецкага падполля» 1937—1938 гадоў у Беларусі, у тым ліку пра Гікалу, Чарвякова, Галадзеда, Жылуновіча і інш.) (КБ, 1990, № 1: 64—71), дакументы і артыкулы пра рэпрэсіі беларускай інтэлігенцыі.

Тамсама апублікаваны вельмі цікавы дакумент — дакладная запіска ад 28.12.1924 г. намесніка ўпаўнаважанага прадстаўніка АДПУ па Заходнім краі Апанскага аб палітычных на строях сярод беларуская інтэлегенцыі (шмат пра Я. Лёсіка, Я. Коласа, іх «перагіб у бок нацы
10

янал-шавінізму, з рэлігійнымі, боска-саладжавымі настроямі», пра рэакцыйнасць З. Бядулі). У запісцы пададзены лічбы: у Беларусі жыве 70% беларусаў, 17% — «вялікаросаў», 10% — яўрэяў,

2% — палякаў, 1% — іншых. «Разам небеларусаў 30 адсоткаў. Прычым гэтыя нацыянальнасці па колькасці ў некаторых раёнах размяркоўваюцца інакш, то бок адсотак небеларусаў у некаторых месцах дасягае 50 адсоткаў, як, напрыклад, на Магілёўшчыне. Таму адзін і той самы тэмп правядзення беларусізацыі ва ўсіх раёнах можа ператварыць нацыянальную палітыку ў сваю супрацьлегласць… Часцяком у школах, у якіх навучаюцца пераважна небеларусы, праводзіцца беларусізацыя насуперак жаданню саміх навучэнцаў, як то ў Менску, некаторыя непаразуменні на гэтай глебе ў Оршы, Горках і нават у Магілёўскай Саўпартшколе» (КБ, 1990, № 2: 38—71).

Публікацыя архіўных дакументаў працягнулася і надалей. Напрыклад, у «Рэзалюцыі па праверцы складу інтэлігенцыі на падставе рашэння пленуму ЦК» пазначана, што ў Наркамасвеце, БДУ, Інбелкульце выяўлена шмат «варожых элементаў інтэлігенцыі»: Цвікевіч, Лёсік, Азбукін, Трамповіч, Чаржынскі, Смоліч, Луцэвіч (Купала), Міцкевіч (Колас) ды інш. У дакладной запісцы аб праявах нацыянал-шавіністычных і антысавецкіх настрояў у беларускіх перыядычных і пачасавых выданнях за 1928 год з цытатамі з вершаў пералічаны Пушча, Кляшторны, Лужанін, Чарнушэвіч, а таксама «Узвышша» ў цэлым.

У № 2 за 1990 год з’явіўся першы ў КБ матэрыял па-беларуску — публікацыя, прысвечаная 500-годдзю Францішка Скарыны (КБ, 1990, № 2: 82). Нумар распачаўся дыскусіяй аб інфляцыі: «Нас доўгі час пераконвалі, што дастаткова добра працаваць кожнаму на сваім месцы, і мы лёгка перагонім усе развітыя краіны як па ўзроўні жыцця, так і па ўсіх іншых паказніках. Нам доўгі час давалі ілжывую эканамічную інфармацыю, якая, на думку яе аўтараў, павінна была ўвасабляць наш імклівы рух наперад. Але як выявілася, нягледзячы на тое, што ў нас шматматмільённая армія ўдарнікаў камуністычнай працы, а працэнты вытворчасці на паперы ўзрасталі хутчэй, чым у нашых сацыяльных канкурэнтаў, мы ўсё больш і больш адставалі. І толькі зацяглы крызіс, усеагульны дэфіцыт змусілі нас усвядоміць, што акрамя плана, які мы яшчэ нядаўна абагаўлялі, існуюць аб’ектыўныя законы эканомікі. Іх нельга падмануць пастановамі і лукавымі лічбамі» (Инфляция…: 3). Эканамічны крызіс, які біў па кішэнях і спажывецкіх кошыках савецкіх грамадзянаў, вымусіў падняць гэтую тэму нават у цэкоўскім часопісе, бо абмінуць яе было ўсё адно што схаваць галаву ў пясок, калі на цябе зрынаецца манументальная пабудова.

Раз-пораз акрамя прызнання відавочнай нестабільнасці эканамічнай сістэмы прасочваецца і крытыка палітычнай: «Па сутнасці, наша эканоміка ўся інфляцыйная. І галоўная прычына тут, на мой погляд, — інфляцыя сістэмы ўлады, палітычнай сістэмы найперш» (А. Яжоў, ЦНДІ эканомікі і кіравання будаўніцтвам). Сярод канкрэтных прапаноў па барацьбе з інфляцыяй прапануюцца: «рэформа палітычнай сістэмы; вырашэнне пытання аб суб’ектах уласнасці на сродкі вытворчасці, то бок перадача права ўласнасці калектывам прадпрыемстваў; суцэльнае разняволенне эканамічнага механізму, зняцце ўсіх забаронаў, суцэльная гаспадарчая самастойнасць; спыненне выдаткаў на бюракратычны апарат, чатыры пятых якога проста замінаюць працы; ліквідацыя выдаткоўнай метадалогіі, то бок “ілжывай вартасці”; і апошняе, як гэта не падаецца парадаксальным, — павышэнне заробкаў» (КБ, 1990, № 2: 3).

Найбольшую цікавасць у звязку з пытаннем пра самаўсведамленне Беларусі як самастойнага суб’екта выклікае «посткаланіяльны» аналіз Сяргеем Крапівіным беларускай прэсы. У яго матэрыяле «Рэжым найменшага спрыяння, або Некаторыя меркаванні аб праекце Закона аб друку» гутарка ідзе пра несамастойнасць беларускіх СМІ, іх каланіяльную залежнасць ад цэнтральных маскоўскіх крыніц інфармацыі. Аўтар вельмі жорстка выказаўся на адрас айчынных газет: «Давайце зазірнем праўдзе ў вочы: нашы буйнафарматныя рэспубліканскія і абласныя газеты на справе ператварыліся ў філіялы цэнтральных газет. Так, філіялы, хоць і з правамі некаторай аўтаноміі. Зрэшты, уся гэтая аўтаномія — не больш як тубыльная экзотыка. Яна адкідаецца па першым сігнале з метраполіі — ТАССу і г. д.» (Крапивин: 14).

Аўтар памянёнага артыкула правёў невялічкае даследаванне: параўнаў падшыўкі «Правды», «Советской Белоруссии» і «Минской правды» і высветліў, што за паўгоддзе 119 палосаў «Советской Белоруссии» і «Минской правды» цалкам супалі з палосамі «Правды». Наступствы такой практыкі ён назваў катастрафічнымі для беларускага друку: «Местачковы дух убоства, няздольнасці глядзець на мір уласнымі вачыма вызначаюць агульную атмасферу нашых рэдакцый... Жанр публіцыстычнага першапалоснага водгуку «ў нумар» на падзеі ўнутры рэспублікі цяпер


11

у нас практычна зышоў... Калі меркаваць па першых палосах абласных і рэспубліканскіх газет, у Беларусі проста нічога ніколі не адбываецца. Усё адбываецца дзесьці ў іншых рэгіёнах…». На думку С. Крапівіна, беларускі чытач уяўляе з сябе «рэлікт узору 1924 года, калі на 17 двароў Беларусі трапляла ўсяго адна газета» (Крапивин: 16). Ён прапанаваў скарачаць ужо апублікаваныя ў маскоўскім друку паведамленні і весці адно толькі іх «хроніку» з пазначэннем крыніцы. Наконт грошай, якіх нібыта будзе не ставаць для ўсіх мясцовых аўтараў арыгінальных матэрыялаў, запэўніў: «Няпраўда! Грошы ў нас ёсць. Гэта тыя шматлікія тысячы рублёў, якія мы штогод пера-

лічваем так званым крыніцам інфармацыі. А хто-небудзь сур’ёзна цікавіўся пытаннем: “За што і каму мы плацім?”» (Крапивин: 17).

Праблемам развіцця сацыяльных навук ва ўмовах дагматызму мыслення савецкай эпохі, а таксама неабходнасці асэнсавання новых грамадскіх з’яў і працэсаў прысвечаныя артыкулы філосафаў У. Новікава і Ю. Харына ў № 3 КБ за 1990 год.

У рубрыцы «Тры пытанні» Г. Лыч, дырэктар Інстытута эканомікі АН БССР і У. Ціхіня, міністр юстыцыі, распавялі пра сваё бачанне сітуацыі ў грамадстве. Г. Лыч сітуацыю назваў наўпрост крызіснай (не толькі ў эканамічнай сферы, але і ва ўсіх сферах грамадства), У. Ціхіня быў куды больш асцярожны і мудрагелісты ў ацэнках (КБ, 1990, № 3: 50—51).

Пра тое, што «Нацыянальнае пытанне — з’ява сусветная…», напісаў, цытуючы Леніна, Іван Антановіч. Ён справядліва зазначыў: «Нацыянальная дзяржава выяўляе ўстойлівую актыўнасць і значнасць, і сёння, нягледзячы на глабальны характар светагаспадарчай дзейнасці імперыялізму… устойлівасць нацыянальнай дзяржавы як суб’екта ўнутранай і вонкавай палітыкі такая, што і сёння мы цалкам можам зрабіць прагноз, што на найбліжэйшы аглядавы перыяд да канца і на пачатак будучага стагоддзя нацыянальная дзяржава, відаць, станецца асноўным міжнародным палітычным утварэннем, якое будзе адыгрываць вялікую ролю ў фармаванні аблічча свету» (Антонович: 85). А далей распавёў пра прыгнечаныя нацыянальныя меншасці ў капіталістычных краінах, раскрытыкаваў нацыянальную палітыку СССР, накіраваную на зліццё і уніфікацыю нацыянальных культур, і моўную палітыку. Перабудова мусіць выправіць усе перакосы ў нацыянальнай палітыцы — такая выснова аўтара.

У супольным артыкуле ў № 4 таго ж года «Закулісныя манеўры, альбо Погляд на выбарчую кампанію “знутры”» У. Вялічка, І. Калюта і А. Ярась распавялі пра махінацыі мясцовых партыйных кіраўнікоў пры балатаванні ў дэпутаты ВС БССР 12-га склікання, прычым назвалі канкрэтныя прозвішчы на месцах. У якасці яскравага прыкладу прыведзена гісторыя з першым сакратаром Быхаўскага райкама КПБ А. Пазюмкам. Гаворачы пра хітрыкі сакратара і яго памагатых падчас выбараў, аўтары задаюцца пытаннем: «І міжволі падумалася: хіба можна чакаць ад

такіх “удзельных князькоў”» кардынальных мераў па абнаўленні грамадскага жыцця?». Напрыканцы, у разважаннях пра ролю вулічных масавых акцый у грамадскім жыцці, прыгадваецца серыя мітынгаў 25 лютага 1990 года, асабліва шэсце дэманстрантаў на чале з лідэрамі БНФ да будынка тэлебачання: «Лідэры БНФ запатрабавалі непасрэднага выхаду ў эфір. Разам з маніфестантамі яны накіраваліся да будынка тэлебачання, які ахоўваў нарад міліцыі. Няўжо сутыкненне? На сэрцы адлегла, калі пабачылі на экране Зянона Пазняка, народнага дэпутата БССР, які зачытваў прыняты на мітынгу зварот» (Величко: 29).

Апублікаваная серыя артыкулаў пра дыялог камуністаў з Царквой. Андрэй Дыякан у матэрыяле «Лікбез па антымату?» раскрытыкаваў вульгарны матэрыялізм на прыкладах падручнікаў па дыямаце 1980-х гадоў.

На старонках таго ж чацвёртага нумара вядзецца дыскусія пра гаспадарчы разлік. Гутарка вядзецца пра самафінансаванне і самакіраванне рэспубліканскай эканомікі. Знакавым падаецца выказванне М. Мікіценкі, намесніка дырэктара Інстытута эканомікі АН БССР: «А нядаўна мяне інтэрвьюявалі ўкраінскія тэлэвізійнікі, якія не без сарказму адзначалі: шчаслівыя вы, беларусы, — 1 студзеня 1990 года прачнуліся ў новых умовах гаспадарання. А вось у іх, на Украіне, адкідаецца ўжо сёмы варыянт. Трэба зазначыць, што мяне бянтэжыць тая лёгкасць, з якой мы ажыццявілі гэты пераход. Гэта тлумачыцца дзвюма прычынамі. Па-першае, тым, што наша канцэпцыя з’яўляецца найменей радыкальнай, таму не сустракае вялікіх супрацьдзеянняў. Па-другое, напэўна яна задавальняе большасць. Таму так хутка была прынятая Саўмінам СССР і рэспубліканскім іраўніцтвам». Заўвага Капітулы, ІЭ АН БССР: «Няма на прадпрыемствах гасразліку, колькі разоў мы б ні паўтаралі гэтае слова ў прэсе!» (Концепция: 37). П. Мікіценка, намеснік дырэктара Інстытута павышэння кваліфікацыі пры БДУ, зазначыў: «Пакуль мы разглядаем пытанне на ўзроўні эмоцый, у Прыбалтыцы пайшлі далей. Яны ўжо рыхтуюць каля


12

дзвюхсот заканадаўчых актаў, шмат якія, дарэчы, прынятыя. І праблема гэтая дэталёва адпрацоўваецца на сур’ёзным навуковым узроўні, а не на адміністрацыйна-бюракратычным, як, нажаль, почасту адбываецца ў нас. Вядома, у іх канцэпцыі задзейнічаны палітычны аспект, але ці можна вырашыць сёння палітэканамічнае пытанне без палітыкі?» (Концепция: 39).

Публікацыі эканамічнай праблематыкі займаюць найбольшае месца і ў наступных нумарах.

Так, № 5 і № 6 адметныя публікацыямі пра шведскую мадэль грамадства. Відавочна, што шведская версія сацыялізму прывабіла рэдакцыю часопіса як трэці шлях, які можа стацца прыдатным і для Беларусі (Шведская модель…).

Пастаянна з’яўляюцца артыкулы на чарнобыльскую тэму, у тым ліку па праблеме ўтойвання сапраўднай інфармацыі пра аварыю на ЧАЭС (Ярос: 78—84). Працягваецца публікацыя архіўных дакументаў сталінскіх часоў. У№ 8 змешчаная рэцэнзія на кнігу Г. Тарнаўскага, В. Собалева, Я. Гарэліка «Курапаты: следства працягваецца». Прыгадваецца першая кніга на тэму Курапатаў З. Пазняка і Я. Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці». Безумоўна, як зазначыў аўтар рэцэнзіі, з’явяцца і новыя старонкі ў трагічным летапісе Курапатаў (Мясніков: 92—93).

Напрыканцы 1990 года наклад № 12 нязначна зменшыўся і склаў 29 710 асобнікаў. А вось тыраж № 1 за 1991 год знізіўся амаль утрая – да 10 870 экзэмпляраў. Гэты нумар прысвечаны ХХХI з’езду КПБ: пастаўлена праблема абнаўлення партыі камуністаў, пытанне аб пазіцыі і Праграме КПБ у сувязі з пераходам рэспублікі на рынкавыя адносіны (КБ, 1991, № 1).

Словы «рынак», «рынкавыя адносіны» на той час ужо ўстойліва ўвайшлі ў лексікон савецкай партыйнай эліты. Так, у № 2 змешчаны артыкулы пад назвамі кшталту «Што абяцае нам рынак?» (КБ, 1991, № 2). Заўзятыя (прынамсі, на словах) камуністы шчыруюць на ніве ўсталявання рынкавай сістэмы, развіцця прыватнай уласнасці, фактычна — капіталістычных адносінаў у грамадстве.

Прычым, на іх думку, рынкавая сістэма мусіць быць «кіраванай», а сацыяльны сектар — мецьмоцную дзяржаўную падтрымку. Але ўсім дыскусіям, пры іх часта высокім тэарэтычным узроўні,не стае канкрэтыкі, апісання механізмаў «кіраванага рынку». Падобна, што за прыблізны ідэал бярэцца нэп 20-х гадоў ХХ стагоддзя.

Відавочна, тагачасныя камуністы былі заклапочаныя захаваннем партыі — яе структуры, статусу, ідэалогіі і г. д. І таму асноўны матыў матэрыялаў, змешчаных у КБ, — гэта пытанне, якой быць КПБ у новых умовах, пытанне выжывання і захавання статус-кво (рэфрэнам гучыць напамін пра вядучую ролю КПСС). У раздзеле «ЦК КПБ у асобах» надрукаваная гутарка з У. Ціхіням. Яго пазіцыя акрэслена як «палітыка новай хвалі», пералічаны ў храналагічным парадку яго пасады: 1-ы прарэктар БДУ, міністр юстыцыі БССР, народны дэпутат ВС БССР, на ХХХI з’ездзе КПБ абраны членам Бюро, сакратаром ЦК КПБ. У. Ціхіня разважае пра прававую культуру, павагу да закону, лічыць, што «дэмакратыю не выратуе бум шматпартыйнасці» і «папулісцкая антыкамуністычная дэмагогія новых дэмакратаў», што «неабходна выключыць праватворчую ліхаманку» (але адначасова сцвярджае, што «парадак у нашым грамадстве навядзе не моцная рука рэжыму, ад каго б ён ні зыходзіў, а яго вялікасць Закон»). Лідэраў БНФ называе «напалеончыкамі», якія «імкнуліся тарпедаваць правядзенне ў нашай рэспубліцы ўсесаюзнага рэферэндуму, мелі намер ажыццявіць ліквідацыю СССР… Яны тармозяць, перашкаджаюць заключэнню новай Саюзнай дамовы, фактычна вядуць антынародную палітыку, асуджаную на правал…» (ЦК КПБ в лицах...).

Восьмы нумар падае гутарку з яшчэ адным партыйным кіраўніком — А. Русецкім, сакратаром ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. Ён выступіў, натуральна, супраць дэпартызацыі на рабочых месцах. Збольшага, гутарка зведзена да разваг пра панятак ідэалогіі, яе адмоўны вобраз, які трэба пераадольваць, а таксама пра эфектыўнасць ідэалагічнай работы ЦК КПБ і паляпшэнні яе формаў. Пры ЦК была створаная ідэалагічная камісія, «сярод дарадцаў якой вядомыя філосафы — акадэмік АН БССР А. Міхайлаў» (Не просмотреть бы…). У кантэксце праблемы захавання цэласнасці, статусу і колькаснага складу КПБ згаданыя яе ўнутраныя ворагі, якія «спрабуюць падарваць партыю знутры». З’яўленне парламенцкай фракцыі «Камуністы Беларусі за дэмакратыю» А. Русецкі пракаментаваў так: «Так, нядаўна аб з’яўленні такой фракцыі ў парламенце рэспублікі (іншай трыбуны не знайшлося) абвясціў дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна А. Лукашэнка. Падобна, калі ўлічваць утрапёную фігуру дэпутата, што яго выкарыстоўваюць у якасці літоўскага Бразаўскаса. Як далёка зойдзе справа, пакажа час».

Трэці нумар КБ за 1991 год галоўным чынам займае тэма будучага рэферэндуму аб захаванні СССР. Напярэдадні рэферэндуму аб увахо
13

джанні Беларусі ў склад СССР усё часцей гучаў тэзіс кшталту «народ зробіць правільны выбар» (КБ, 1991, № 3). У працяг тэмы пра праект новай Саюзнай дамовы змешчаны артыкул д. ю. н. Вадзіма Круталевіча, прысвечаны пытанню нацыянальнай палітыкі ў СССР. Аўтар раскрытыкаваў заганы сталінскай савецкай палітыкі ў дачыненні да рэспублік, адзначыў і праблему русіфікацыі. У Саюзнай дамове, на яго думку, трэба ўлічыць усе гэтыя недахопы і зрабіць яе «на новых асновах» Круталевич: 31—36).

У артыкуле Міхаіла Падгайнага, 2-га сакратара Першамайскага райкама КПБ у Мінску, пададзены агляд «новых партый і рухаў». Пры пераліку тагачасных асноўных партый і рухаў дэмакратычнага кірунку (БНФ, Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі, Рабочы саюз, Беларуская Сялянская Партыя, Аб’яднаная Дэмакратычная Партыя Беларусі) аўтар звінаваціў іх у «адсутнасці сур’ёзных інтэлектуальных сілаў», у выніку чаго яны «перапяваюць з чужога голасу», а ў горшым выпадку «займаюцца тым, што народ вобразна назваў местачковым правінцыялізмам», што ўся рыторыка гэтых «псеўдадэмакратаў» заснаваная толькі на антыкамуністычных лозунгах, якіх яны нахапаліся з артыкулаў у «Огоньке», з Салжаніцына і інш., і назваў развал СССР, калі такое магчыма, агульнанацыянальнай катастрофай» (Подгайный: 17).

Падзеям красавіка 1991 года — стыхійнага сацыяльнага выбуху дасюль «маўклівай масы», беларускіх рабочых, — прысвечаная вокладка № 5 — чорна-белая выява цёмнага натоўпу — і прадмова ад галоўнага рэдактара: «Удар цэнаў выклікаў выплеск людской незадаволенасці… Урад рэспублікі выпрацаваў дадатковыя меры сацыяльнай абароны насельніцтва ў сувязі з рэформай рознічных цэнаў. Так, ужо да канца бягучага года заробкі працаўнікоў у сярэднім узрастуць на 50%, а да канца будучага яны павялічацца ўдвая… У звароце “Да народа Беларусі!” ЦК КПБ заклікаў жыхароў рэспублікі не паддавацца інтрыгам палітыканаў і дэмагогаў» (КБ, 1991, № 5: 3). Відавочна, партыйнае кіраўніцтва не ведала, як рэагаваць на гэтую з’яву. КПСС заўжды лічыла сацыяльным падмуркам партыі індустрыйны пралетарыят. А тут «падмурак» раптам ашчэрыўся, і яго патрабаванні сацыяльна-эканамічнага кшталту вельмі хутка ператварыліся ў палітычныя: выказванне недаверу камуністычнай эліце, патрабаванне дэпартызацыі і дэпалітызацыі на рабочых месцах (папросту кажучы, вывад структур КПСС з вытворчых прадпрыемстваў). Такі паварот падзеяў, па сутнасці, цалкам адпавядае ленінскім пастулатам аб пераходзе эканамічнага змагання ў змаганне палітычнае. Але партыйныя босы чамусьці забыліся на тэорыі класікаў камуністычнага вучэння. Зазначым, што аналізу падзей — прычынаў, перадумоваў, выплеску незадавальнення — у друку так і не з’явілася, былі толькі заклінанні накшталт «урад прыняў меры» і «людзі, не паддавайцеся на правакацыі палітыканаў».

Вельмі цікавымі з гістарычнага пункту погляду публікацыямі азначыўся доктар гістарычных навук Мікалай Сташкевіч. Серыя яго артыкулаў прысвечаная гісторыі палітычных партый Беларусі пачатку ХХ стагоддзя і агляду тагачаснага стану шматпартыйнасці (Сташкевич. Белорусская…: 86—93; Сташкевич. Эсеры…: 84—90). Тут зроблена спроба сацыяльна-гістарычнага аналізу беларускіх партый да ўсталявання бальшавіцкай улады (на прыкладах БСГ і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў): іх праграмных мэтаў, сацыяльнай базы і г. д. Праведзены паралелі з сучаснымі партыямі, якія спрабуюць «рэалізаваць спадчыну» папярэднікаў. Але аўтар не вельмі ўхваляе дзейнасць як першых, так і апошніх. З аднаго боку, лічыць аўтар, папярэднікі «нічым не замаралі сябе падчас Грамадзянскай вайны», з другога — прайгралі, «бо за імі не пайшоў народ». «Ён пайшоў за партыяй бальшавікоў» — такое падсумаванне. Рэальнай шматпартыйнасці ў Беларусі, на яго думку, пакуль не існуе. Сучасныя партыі не маюць моцнай сацыяльна-эканамічнай асновы, бо ў сучасным грамадстве пакуль не сфармаваліся «сацыяльныя групы і класы з розным дачыненнем да сродкаў вытворчасці» (а толькі на гэтай падставе, мяркуе аўтар, можа ўтварыцца барацьба інтарэсаў). Пакуль жа партыі з’яўляюцца адно «палітызаванымі аб’яднаннямі аднадумцаў».

Дзевяты нумар КБ выйшаў акурат пасля падзей жніўня 1991 года. На месцы рэдкалегіі — пуста, толькі, як і раней, галоўным рэдактарам пазначаны У. Вялічка. На адваротным баку вокладкі зазначана: «У сувязі з тым, што дзейнасць КПБ прыпыненая, наш часопіс апынуўся ў крытычным становішчы… Мы разумеем: права на жыццё абноўлены часопіс будзе мець толькі ў тым выпадку, калі яго аблічча будзе адпавядаць глыбінным маштабам дэмакратычных пераўтварэнняў у грамадстве…».

Матэрыялы, змешчаныя ў часопісе, відавочна, узятыя з «дажнівеньскіх» часоў. Так, упер
14

шыню з’явілася спроба асвятліць з розных бакоў выступы рабочых у красавіку 1991 года і прызнаць недзеяздольнасць КПБ падчас масавых хваляванняў: «Чаму КПБ не змагла ўступіць у дыялог і хоць трохі паўплываць на хаду падзей?». «Ці не азначае гэта, — у жаху задаюцца пытаннем аўтары часопіса, — што працоўны рух свядома адкідае партыю, у шэрагах якой і сёння лічацца сотні тысяч простых працаўнікоў, чые інтарэсы яна закліканая абараняць?» (Авангард…: 6). Таксама ўпершыню слова даецца не толькі такім партыйным кіраўнікам, як У. Ціхіня, які пагражае «тым гарачым галовам, якія спрабавалі і спрабуюць сілай вытурыць парткамы» 196-м артыкулам Крымінальнага кодэкса БССР (Авангард…: 11), але і такім, як Яўген Новікаў, Георгі Мухін (сустаршыня Мінскага страйкаму).

На гэтым гісторыя «Коммуниста Белоруссии» завяршаецца. Нягледзячы на тое, што КБ называўся тэарэтычна-палітычным часопісам, сур’ёзнай палітычнай аналітыкай ён не грашыў. Былі адносна глыбокія і ёмістыя спробы эканамічнага аналізу і акрэслівання стратэгій далейшага развіцця (у рамках «Дыскусійнага клуба КБ», дзе бралі ўдзел навукоўцы-эканамісты з Беларусі), вострыя крытычныя артыкулы сацыяльна-экалагічнай тэматыкі, першыя спробы асвятлення белых плямаў гісторыі Беларусі сталінскіх часоў. Палітычныя ж матэрыялы, увогуле ўся палітыка зводзіліся да ўнутрупартыйных рэформаў КПБ, дакладаў з партыйных з’ездаў, пэўнай крытыкі партыйнага кіраўніцтва на месцах і зрэдчас прыгадваліся БНФ і нефармалы.

У 1991 годзе з № 10—12 часопіса выйшлі пад назвай «Беларуская думка» (далей БД). Галоўным рэдактарам застаўся Уладзімір Вялічка, склад рэдакцыі змяніўся. Заснавальнікам часопіса стаў Навукова-даследчы эканамічны інстытут Дзяржэканамплана Рэспублікі Беларусь. Наклад № 10 у параўнанні з № 9 значна не змяніўся (9 908 асобнікаў), але выхадныя дадзеныя і назвы рубрык ужо былі напісаныя па-беларуску.

На старонках абноўленага часопіса прадстаўнікі НДЭІ Дзяржэканамплана У. Шымаў і Я. Александровіч прэзентавалі канцэпцыю сацыяльна-эканамічнага развіцця на перыяд да 2010 года, распрацаваную ў інстытуце. Канстатаваны заняпад адміністрацыйна-каманднай сістэмы, нізкі ўзровень развіцця і выкарыстання навуковага і вытворча-эканамічнага патэнцыялу. Адзначана, што «дыктат саюзных галіновых міністэрстваў і ведамстваў прывёў да гіпертрафаванага развіцця матэрыяла- і энергаёмістых галінаў машынабудавання, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці» (Шимов: 6).

У якасці выйсця аўтары прапанавалі наступныя захады: пераарыентацыю вытворчасці на пераважнае задавальненне патрэбаў унутрырэспубліканскага рынку і пераразмеркаванне рэсурсаў на карысць спажывецкага сектара за кошт галін у цяжкой прамысловасці; абнаўленне тэхналогій, падвышэнне экспартнага патэнцыялу вырабаў; канверсію абароннай прамысловасці; вывядзенне з абарачэння забруджаных земляў; ліквідацыю бездарожжа ў сельскай мясцовасці; скарачэнне аб’ёмаў неэфектыўнага будаўніцтва; фармаванне вольных эканамічных зонаў (Берасцейскі р-н, зона аэрапорта Мінск-2, Гомель і Гомельская вобл.). Аўтары адзначылі неабходнасць стварэння пакета новых законаў, адзінай падатковай сістэмы, фінансава-крэдытнай рэформы. Некалькі разоў паўтараецца пра неабходнасць пераарыентацыі спецыфікі і аб’ёмаў прамысловасці на задавальненне патрэбаў унутранага рынку. Новую эканамічную сістэму, па словах Шымава і Александровіча, трэба засноўваць на разнастайных формах уласнасці, на прынцыпах дэцэнтралізаванага тэрытарыяльнага кіравання. У новай сістэме роля дзяржавы павінна звесціся да прадухілення эканамічных крызісаў (Шимов: 7).

Наступныя нумары БД за 1991 год прысвечаныя пераважна асвятленню пытанняў эканамічных пераўтварэнняў і сацыяльнай нестабільнасці. Спецыфіка праблематыкі абумоўлена эканамічным заняпадам Беларусі ў постсавецкі час, неабходнасцю рэформы эканамічнай сістэмы, а таксама спецыялізацыяй складу заснавальнікаў і рэдактараў (супрацоўнікі навукова-даследчага эканамічнага інстытуту Дзяржэканамплана), якія і былі аўтарамі вялікай колькасці артыкулаў. У якасці мадэлі новай эканамічнай сістэмы найчасцей прапаноўвалася змяшаная, з рознымі формамі ўласнасці, з моцнай сацыяльнай сферай. Змешчана вельмі шмат артыкулаў на тэму сельскай гаспадаркі. Тут пазіцыі ўсіх аўтараў супадаюць: яны вітаюць стварэнне новых формаў гаспадарання (кааператываў, фермаў), але выступаюць за захаванне паспяховых буйных калектыўных гаспадарак (калгасаў, саўгасаў), якія, на іх думку, яшчэ не вычарпалі свайго патэнцыялу.

Пераемнасць паміж «Беларускай думкай» пачатку 1990-х гадоў і «Коммуниста Белоруссии» апошніх двух-трох гадоў яго існавання відавочная: гэта ўхіл у сацыяльна-эканамічную праблематыку. І «Беларуская думка» за 1992 год вы


15

годна розніцца ад свайго папярэдніка. Тут упершыню гаворыцца пра Беларусь на міжнароднай арэне, пра геапалітычныя вектары краіны (у адным з артыкулаў апісаная ідэя Балцка-Чарнаморскага саюза і магчымыя выгоды ад яго для Беларусі і рэгіёну). Слова бяруць палітыкі самых розных кірункаў. Праўда, часопіс стаў крыху больш эклектычным. Калі ў КБ за 1989 год толькі-толькі пачалі публікавацца як запознены водгук на сітуацыю перабудовы першыя крытычныя артыкулы (пераважна на эканамічную, экалагічную і гістарычную антысталінскую тэматыку), а таксама першыя згадкі пра альтэрнатыўныя Камуністычнай партыі нефармальныя рухі, дык КБ за 1990 год сваім характарам набліжаўся да выдання сацыяльна-крытычнага кшталту з левацэнтрысцкім ухілам. З’явілася вялікая колькасць матэрыялаў, архіўных дакументаў па гісторыі сталінскіх рэпрэсій у Беларусі (асабліва па рэпрэсіях беларускай творчай, навуковай і настаўніцкай эліты).

Пытанні па рэформе гаспадаркі, пераадоленні інфляцыі і заняпаду вытворчасці ў краіне ўздымаліся траха не ў кожным нумары КБ за 1990 год. Самай вострай бачыцца дыскусія, надрукаваная ў № 2, дзе сцвярджаецца, што рэформа эканамічная не можа адбыцца без рэформы палітычнай, і наракаецца на адсутнасць рэальных зрухаў у рэфармаванні сістэмы (Инфляция…: 3).

Але асноўная палеміка адбывалася вакол аналізу прычынаў эканамічнага заняпаду. Аднак няма сутыкнення пазіцый па праграме рэформаў. Адсутнічаюць якія-колечы моцныя, радыкальныя прапановы па трансфармаванні народнай гаспадаркі. Афіцыйныя эксперты прытрымліваліся маўклівага кансэнсусу, выяўляючы схільнасць да асцярожнага рэфармізму.

Разам з гэтымі дзвюмя тэмамі (гісторыя рэпрэсій і эканамічныя пытанні) на першым месцы стаіць таксама чарнобыльская праблематыка: пошук вінаватых у несвоечасовым інфармаванні насельніцтва, выкрыццё ілжывых звестак пра ступень забруджанасці навакольнага асяроддзя на

тэрыторыі Беларусі, а таксама пытанне аб кампенсацыі Беларусі і пацярпелым жыхарам забруджаных раёнаў за наступствы аварыі з боку цэнтральнага кіраўніцтва.

Пакрысе пачала актуалізавацца тэма нацыянальнага ўсведамлення — пераадолення перыферыйнасці і залежнасці ад цэнтру (Крапивин:14–17). Статус беларускай мовы прызнаны, але часопіс застаўся цалкам рускамоўным. З’явілася крытыка недэмакратычных і супрацьправавых паводзінаў некаторых мясцовых кіраўнікоў (асабліва падчас парламенцкіх выбараў у 1990 годзе).

Разам з тым даволі спакойна, без нападак згадваюцца і апаненты КПБ (у асноўным БНФ). Гэтым палітычная праблематыка «тэарэтычнага і палітычнага часопіса ЦК КПБ» за 1990 год і абмяжоўваецца. Пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі, законатворчасці фактычна не разглядаюцца. Ніякіх дыскусій, палемікі, прапановаў стратэгій развіцця краіны тут амаль няма, збольшага ў часопісе прысутнічае адно толькі крытыка існага і паўтараецца няўмольнае «што рабіць?».

У 1991 годзе змест КБ значна пагоршыўся ў параўнанні з 1990 годам, бо часопіс заняў цалкам апалагетычную пазіцыю ў дачыненні да КПБ і КПСС, не зважаючы на памылкі, хібы і бяздзейнасць партыйнага кіраўніцтва ў перыяд канца 1980-х — пачатку 1990-х. Увогуле, апошнія нумары КБ за 1991 год (акурат перад путчам) характарызуюцца, з аднаго боку, абарончай рыторыкай — абараняецца роля і статус КПСС, сцвярджаецца неабходнасць апошняй для ўсяго грамадства; з другога — непрыхавана агрэсіўнымі нападамі на апанентаў — прадстаўнікоў некамуністычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Няма ранейшага цікаўна-паблажлівага стаўлення да апошніх, няма і ценю той ачышчальнай самакрытыкі КПБ, якую мы бачылі ў нумарах за 1990 год. Відавочна, што ў той час у Беларусі (асабліва пасля красавіцкіх падзей) Камуністычная партыя страціла ўвесь аўтарытэт у вачах грамадскасці і трапіла пад шквальную крытыку з усіх бакоў адначасна. Дый, вядома, не толькі ў Беларусі. Тэза аб самароспуску КПСС на той момант ужо была агучаная не адным дэпутатам у парламентах савецкіх рэспублік.

Цягам 1990 года партыйная эліта яшчэ спакойна назірала за станаўленнем першых парасткаў галоснасці і дэмакратыі, успрымала іх як належнае, як тое, што адбываецца ў рамках праекту перабудовы. У наступным годзе паглыбіўся сацыяльна-эканамічны крызіс, назапасіўся недавер грамадства да савецкага кіраўніцтва, вырасла крытычная маса рознага кшталту «нефармалаў», што пачалі актыўна выказваць нязгоду з дзеяннямі (а дакладней, з бяздзейнасцю) партыйнага кіраўніцтва, адкрыта гаварыць пра «дэпалітызацыю» — вывядзенне партыйных структур з прадпрыемстваў (а камсамольскіх і піянерскіх арганізацый — з навучальных устаноў). У такіх умовах кіраўніцтва партыі выразна адчула хісткасць свайго статусу і пачало змагацца за яго захаванне любымі сродкамі.


16

«Беларуская думка» з канца 1991 года паступова ператваралася ў пляцоўку для выказвання самых розных меркаванняў і пазіцый па пытаннях эканомікі, палітыкі, сацыяльнай абароны, культуры і г. д., што крыху размывала аблічча часопіса, але затое выклікала сапраўдную цікавасць чытачоў.

Шмат якія постаці і імёны са старонак часопіса за 1989—1991 гады і дагэтуль на слыху. Вялікая колькасць прадстаўнікоў былой партыйнай бюракратычнай эліты сталі элітай адміністрацыйнага апарату і займаюць высокія пасады ў дзяржаве. Некаторыя пытанні, што агучвала партыйнае кіраўніцтва ў 1991 годзе (напрыклад, пра статус афіцыйнай ідэалогіі, яе карэкцыю і распаўсюд), нечакана зноў актуалізаваліся. Асноўная функцыя гэтага выдання і сёння такая самая — выкананне дзяржаўнага сацыяльнага заказу, тэарэтычная легітымацыя сацыяльна-палітычных практык улады. Хіба за часам перабудовы, пры яшчэ моцнай цэнтралізаванай уладзе партыі, часопіс (пры ўсіх яго недахопах) быў куды больш смелы і крытычны, чым цяпер. Сённяшні нагадвае якраз КБ 1991 года напярэдадні падзення камуністычнай ўлады: тая самая кансалідацыя, апалогія афіцыйнага курсу і адсутнасць хоць нейкай рэальнай палемікі, сутыкненняў розных поглядаў на мінуўшчыну, сучаснасць і будучыню Беларусі.
Літаратура

1. Национальные отношения в СССР // Коммунист Белоруссии. 1989. № 10.

2. Чего мы не знаем о Чернобыле? // Коммунист Белоруссии. 1989. № 9.

3. Авангард, союзник или оппонент? // Коммунист Белоруссии. 1991. № 9. С. 6—11.

4. Акулов, В. Сталин и вопросы языкознания // Коммунист Белоруссии. 1990. № 1. С. 59—63.

5. Александрович, Я., Шимов, В. // Коммунист Белоруссии. 1991. № 9. С. 3—7.

6. Анкета «КБ» // Коммунист Белоруссии. 1990. № 1. С. 6—11.

7. В поисках утраченного времени // Коммунист Белоруссии. 1990. № 1. С. 64—71.

8. Величко, В., Калюта, И., Ярось, А. Закулисные маневры, или Взгляд на избирательную кампанию изнутри // Коммунист

Белоруссии. 1990. № 4. С. 29—31.

9. Инфляция: прохладный душ или ледяная купель? // Коммунист Белоруссии. 1990. № 2.

10. Концепция под скальпелем науки: дискуссионный клуб «Коммуниста Белоруссии» и Института экономики АН БССР //

Коммунист Белоруссии. 1990. № 4. С. 34—41.

11. Крапивин, С. Режим наименьшего благоприятствования, или Некоторые соображения о проекте Закона о печати //

Коммунист Белоруссии. 1990. № 2. С. 14—17.

12. Круталевич, В. Не выбивать коврик о собственную голову // Коммунист Белоруссии. 1991. № 4. С. 31—36.

13. Мясников, А. Куропаты раскрывают тайны // Коммунист Белоруссии. 1990. № 8. С. 92—93.

14. Не просмотреть бы Моцарта... // Коммунист Белоруссии. 1991. № 8.

15. Подгайный, М. С кем мы и чего хотим? // Коммунист Белоруссии. 1991. № 3. С. 17.

16. Протько, Т. Обратного хода нет // Коммунист Белоруссии. 1989. № 4.

17. Сташкевич, Н. Белорусская социалистическая громада // Коммунист Белоруссии. 1991. № 6. С. 86—93.

18. Сташкевич, Н. Эсэры: прошлое без будущего // Коммунист Белоруссии. 1991. № 9. С. 84—90.

19. ЦК КПБ в лицах // Коммунист Белоруссии. 1991. № 6.

20. Что сулит нам рынок? // Коммунист Белоруссии. 1991. № 2.

21. Шведская модель: третий путь развития // Коммунист Белоруссии. 1990. № 5—6.

22. Ярось, А. Агония продолжается // Коммунист Белоруссии. 1990. № 5. С. 78—84.

Крыніцы

1. Коммунист Белоруссии. 1989. № 1—12.



2. Коммунист Белоруссии. 1990. № 1—12.

3. Коммунист Белоруссии. 1991. № 1—9.



4. Беларуская думка. 1991. № 10—12.
: media -> library
library -> Жанчына як “іншае” ў дыскурсе беларускай дэмакратыі
library -> Вал. Акудовіч Улада і мова
library -> Ігнат Абдзіраловіч
library -> Democracy and the ethical life
library -> Традыцыяналісцкі пагляд на традыцыю: „прэзумпцыя аўтахтоннасьці”
library -> Аляксандр К’ёсэў
library -> Тацяна Чыжова. Статус суб’екта сацыяльна-гістарычнага працэса ў філасофіі К. Маркса
library -> Валянцін Акудовіч мяне няма: роздумы на руінах чалавека
library -> «Беларусь – краіна, выклятая геаграфіяй ды гісторыяй» The New York Times, 31 жніўня 1996, стар. А19
library -> Фурс Уладзімер Да пытаньня аб "беларускай ідэнтычнасьці"




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка