Праблемы гістарыяграфіі гісторыі беларусі канца XVIII – пачатку XX ст



Дата канвертавання15.05.2016
Памер43.75 Kb.

powerpluswatermarkobject724734




ПРАБЛЕМЫ ГІСТАРЫЯГРАФІІ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

КАНЦА XVIII – ПАЧАТКУ XX ст.
Люты, А. М. Праблемы гістарыяграфіі гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст. / А. М. Люты // Европа: актуальные проблемы этнокультуры : сб. науч. ст. / Белорус. гос. пед. ун-т ; редкол. : В. В. Тугай (отв. ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – С. 158163.

Ключевые слова: айчынная гістарыяграфія, беларуская культура, гістарычнае даследванне, дакументальныя матэрыялы.
Спроба аналізу айчыннай гістарыяграфіі гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ ст. была зроблена калектывам супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі ў 2006 г. [1]. Але пералік абраных для гістарыяграфічнага аналізу праблем гісторыі даследуемага перыяду (тэрыторыя і насельніцтва; нацыянальная і саслоўная палітыка царскага ўрада ў Беларусі; ваенна-палітычныя падзеі на тэрыторыі краю; унутраны рынак, гістарыяграфічныя і метедалагічныя праблемы вывучэння грамадскіх рухаў у Беларусі ў XIX ст.; гісторыя жанчын канца XVIII – першай паловы XIX ст.; беларуская культура ў кантэксце развіцця славянскіх; некаторыя праблемы канфесійнай гісторыі Беларусі ў XIX – пачатку XX ст. і стан сучаснай айчыннай гістарыяграфіі па канфесійнай гісторыі ў цэлым; беларускі нацыянальны рух у пачатку ХХ ст.) сведчыць аб выпадковасці іх уключэння ў гэты зборнік.

Аўтары выдання выступаюць супраць палітызацыі гістарыяграфіі і прапануюць, каб гістарыяграфічны аналіз абавязкова прайшоў верыфікацыю архіўным і іншым дакументальным матэрыялам, але, на жаль, самі не заўсёды даюць такі прыклад [1, с. 3].

Аб’ём артыкула не дазваляе нам прааналізаваць усе артыкулы і таму абмяжуемся толькі першым раздзелам, які прысвечаны тэрыторыі і насельніцтву Беларусі ў ацэнках гістарыяграфіі.

Ужо ў першым параграфе “Тэрытарыяльная палітыка ўрада Расійскай імперыі” (аўтар А.М. Філатава) шмат агульных разважванняў і сцвярджэнняў накшталт “савецкая гістарыяграфія гэтай праблемы мізэрная” [1, с. 11] ці “… сучасная беларуская гістарыяграфія ў галіне дадзенай праблемы застаецца ў большасці сваёй на ступені друкавання фактычных матэрыялаў” [1, с. 16], а асабістая канцэпцыя адсутнічае, бо аўтар не зрабіла ніводнай спасылкі на архіўныя матэрыялы.

Нельга так негатыўна ацэньваць і дасягненні сучаснай айчыннай гістарыяграфіі па дадзенай праблеме, бо даследаванні А.П. Грыцкевіча, Я.А. Юхо, Я.К. Анішчанка, В.В. Шведа і інш. сведчаць не толькі аб актуальнасці, але і грунтоўнай распрацаванасці гісторыі тэрытарыяльнай палітыкі ўрада Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст.

Другі, трэці і чацвёрты параграфы першага раздзела прысвечаны колькасці і складу насельніцтва як прадмету гістарычнага даследавання, дэмаграфічным працэсам і міграцыі. Даследаваны гэтыя праблемы грунтоўна і таму акрамя пераліка прац вучоных і невялікіх заўваг, сумненняў аўтар не дае гістарыяграфічнага аналізу, як і не дае аўтарскай канцэпцыі гэтых складаных навуковых праблем.

Адзначаючы, што ў Расіі з 1719 па 1858 г. было праведзена 10 рэвізій і першыя шэсць прааналізаваў К.Ф. Герман [1, с. 20], Я.П. Насытка зрабіў толькі адзін (і той не абаснаваны) вывад, што не магло такога быць, каб з 1804 па 1810 г. насельніцтва Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. паменшылася на 137,3 тыс. чалавек, як сцвярджаў К.Ф. Герман [1, с. 22]. Я.П. Насытка лічыць, што да 1812 г. у Беларусі рост насельніцтва быў устойлівым [1, с. 23]. Але К.Ф. Герман тлумачыць свае вывады смяротнасцю, раздачай казённых сялян памешчыкам, умовамі жыцця і інш. [2, с. 37, 68, 120, 121, 128130], то Я.П. Насытка свае сумненні нічым не аргументуе.

Не пагаджаецца Я.П. Насытка і з падлікамі А.Г. Трайніцкім [3] прыгоннага сялянства па 10 перапісу. Ён сцвярджае, што А.Г. Трайніцкі пры падліках удзельнай вагі прыгонных сялян няправільна суадносіў яго колькасць па 10-й рэвізіі з лічбай наяўнага насельніцтва, узятай з дадзеных статкамітэтаў, што знізіла ўдзельную вагу прыгонных [1, с. 28]. Але, на жаль, і гэта сумненне не грунтуецца на аналізе крыніц. П.Г. Рындзюнскі, які ў цэлым пагаджаўся з высновамі А.Г. Трайніцкага, таксама быў раскрытыкаваны Я.П. Насыткам, які лічыць, што не было вымірання прыгонных у біялагічным сэнсе, а на волю было адпушчана з 1828 па 1851 г. у Расійскай імперыі ўсяго 108570 душ, але не прыводзіць спасылкі на архіўныя матэрыялы, пра якія ён піша [1, с. 29].

Крытыкуе Я.П. Насытка і абагульняючыя табліцы колькасці насельніцтва гарадоў Беларусі, складзеныя А.М. Лютым у манаграфіі “Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII – первой половине XIX в.” (Минск, 1987). Ён лічыць, што “не зусім карэктна, з навуковага пункту гледжання, пабудаваны табліцы. На некаторыя гады на шэрагу гарадоў адсутнічаюць даныя, але аўтар тым не менш выводзіць выніковыя лічбы” [1, с. 32]. Але Я.П. Насытка, відаць, акрамя табліц не чытаў тэкст манаграфіі, бо А.М. Люты супастаўляе гэтыя лічбы з гадамі, за якія ёсць звесткі па ўсіх гарадах, а колькасць за асобныя гады выкарыстоўвае для выяўлення дынамікі па асобным гарадам, што не скажае дынаміку агульнай колькасці насельніцтва гарадоў і яго асноўныя крытэрыі.

Вызывае ў Я.П. Насыткі шэраг пытанняў і манаграфія У.А. Сосна “Фарміраванне саслоўна-групавога складу сялянства Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст.” (Мінск, 2000). Ён лічыць, у У.А. Сосна табліца аб колькасці сялян па катэгорыям існуе як быццам сама па сабе, а яго лічбы часам разыходзяцца з выказанымі палажэннямі. “Так, У. Сосна,  піша Я.П. Насытка,  салідарны з М. Улашчыкам у тым, што колькасць вольных людзей увесь час скарачалася, аднак табліца сведчыць пра адваротнае – за 17961851 гг. іх колькасць вырасла з 22,9 да 32,1 тыс. чал.” [1, с. 32]. Але аўтар скажае сутнасць пытання, бо У.А. Сосна пагаджаецца з М. Улашчыкам у тым, што на працягу першай паловы XIX ст. скарачалася ўдзельная вага вольных людзей у параўнанні з іншымі групамі сялянства Беларусі.

Трэба пагадзіцца з Я.П. Насытка ў тым, што “патрабуюць удакладнення першакрыніцы першай паловы XIX ст., найперш рэвізій, даныя якіх па заходніх губернях маюць сваю спецыфіку. Ёсць неабходнасць увядзення ў навуковы ўжытак новых крыніц. Варта звярнуць увагу на асобныя саслоўі і групы насельніцтва не толькі з боку сацыяльна-эканамічных, а і дэмаграфічных асаблівасцей” [1, с. 33].

Безумоўна, што патрэбна правесці комплекснае даследаванне па вывучэнні пытанняў дынамікі колькасці насельніцтва Беларусі, яго эканамічнага, сацыяльнага, канфесійнага, нацыянальнага, полаўзроставага, прафесійнага, адукацыйнага складу. Але не зусім зразумела каму Я.П. Насытка даручае гэта зрабіць?



Літаратура і крыніцы

1. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку XX ст. : праблемы, здабыткі, перспектывы / Н.В. Анофранка [і інш.] ; нав. рэд. В.В. Яноўская. – Мінск : Беларус. навука, 2006. – 447 с.

2. Герман, К.Ф. Статистические исследования относительно Российской империи / К.Ф. Герман. – СПб., 1819. – Ч. 1 : О народонаселении.

3. Тройницкий, А.Г. Крепостное население России по 10 народной переписи / А.Г. Тройницкий. – СПб., 1861.





: bitstream -> doc -> 1869
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканамічным развіцці полацка канца XVIII — пачатку XX ст. А. У. Канойка
doc -> Надрукавана: Спрэчныя пытанні. З гісторыі польска-беларускіх узаемаадносін у 1918-1945 гг. Генезі, кантэкст. Вынікі : Зборнік навуковых прац II і IV міжнар навук. – тэарэтыч канф., Мінск, 2010-1012 гг
doc -> У. В. Тугай, бдпу (Мінск)
doc -> Шостыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні
doc -> Аналіз крыніц па гісторыі гандлю ў беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст
doc -> Шляхі зносін І транспарт у эканоміцы беларускага Палесся ў канцы XVIII — пачатку XX ст
doc -> Европа: актуальные проблемы этнокультуры, Материалы IV международной научно-теоретической конференции, Минск, 23 июня 2012, Бел гос пед ун-т им. М. Танка; ред кол. В. В. Тугай (отв ред.) [и др.] Минск, бгпу, 2012
doc -> Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму
doc -> Надрукавана: Гісторыя І памяць. XV-XX стст. Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гародня, 9-10 лістапада 2013 г.), / Пад. Рэд. А. К. Краўцэвіча І А. Ф. Смалянчука, Гародня 2014. – С. 304-312. Ключавыя словы




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка