Праца з бацькамі актыўная і падсумоўваючая ацэнка



Дата канвертавання02.07.2016
Памер141.56 Kb.
. Праца з бацькамі - актыўная і падсумоўваючая ацэнка

Актыўная ацэнка грунтуецца на зваротнай сувязі, якая вызначае, што вучань зрабіў добра, а таксама тое, што ён павінен рабіць інакш. Зваротная сувязь мае форму каментара настаўніка да работы вучня.


Падсумоўваючая ацэнка падводзіць вынік працы вучня, акрэслівае, наколькі добра ён выканаў пэўнае заданне.

Актыўная ацэнка не ліквідуе адзнак – балаў, а толькі абмяжоўвае частату іх выстаўлення.

У перавагах такой рэфармаванай формулы працы з вучнямі мы хацелі б пераканаць бацькоў. Гэтай задачы будзе прысвечаны змест трэцяга модуля.
Ніжэй змешчаны толькі спрошчаны дыдактычны матэрыял, поўны дыдактычны матэрыял для модуля 3 і сцэнар сустрэчы з настаўнікамі ў модулі 3 можна спампаваць, націснуўшы спасылку ў ніжняй частцы экрана.
Калі ласка, прадстаўце справаздачы да канца перадапошняга тыдня модуля, каб апошні прысвяціць дыскусіям на форуме.

Модуль 3

Актыўная і падсумоўваючая ацэнка.

Праца з бацькамі.
У трэцім модулі мы будзем разглядаць два пытанні: адрозненне паміж актыўнай і падсумоўваючай ацэнкай і супрацоўніцтва з бацькамі ў працы з актыўнай ацэнкай.


  1. Актыўная і падсумоўваючая ацэнка.

Актыўная ацэнка засноўваецца на зваротнай сувязі, якая паказвае на тое, што вучань зрабіў добра, а таксама на тое, што ён павінен зрабіць па-іншаму. Актыўная ацэнка таксама змяшчае парады: як вучань павінен палепшыць работу і як яму трэба вучыцца далей. У сучаснай педагогіцы цэніцца фарміраванне працэсу навучання, а не толькі дасягнуты эфект. Падсумоўваючую ацэнку мы выкарыстоўваем і ў актыўнай ацэнцы, аднак не так часта і інтэнсіўна.

Многія педагогі атаясамляюць актыўную ацэнку з безадзнакавым навучаннем, якое выкарыстоўваецца ў малодшых класах. Яны лічаць, што выкарыстанне актыўнай ацэнкі засноўваецца толькі на пазбяганні выстаўлення вучням адзнак у выглядзе балаў. Таму яны замяняюць балы на пункты, працэнты ці смайлікі з усмешкай - але гэта таксама выстаўленне адзнак, толькі ў іншым выглядзе.

Ацэнка, выражаная балам, дае вучню толькі інфармацыю пра тое, наколькі яго работа блізкая або далёкая ад ідэальнай. Яна толькі падводзіць вынік навучання дзіцяці на пэўным этапе. Дзякуючы ёй вучань атрымлівае толькі наступную інфармацыю: колькі ён вывучыў. Апісальная ацэнка таксама перадаецца як падсумаванне працы вучня. Яна дае агульнае ўяўленне аб тым, што дзіця ведае, але звычайна не ўключае канкрэтных рэкамендацый, што і як трэба палепшыць і што рабіць для таго, каб лепш вучыцца. Напэўна, многія настаўнікі, выкарыстоўваючы апісальную ацэнку, ужываюць яе таксама як актыўную, але гэта не з'яўляецца відавочным і папулярным.

Ніжэй мы хацелі б разгледзець прынцыповае адрозненне паміж актыўнай і падсумоўваючай ацэнкай. Мы прапануем абмежаваць выстаўленне вучням адзнак і паведаміць пры гэтым, якія работы будуць ацэньвацца балам, а якія не.
1. Адрозненне актыўнай і падсумоўваючай ацэнкі.

Ёсць тры варыянты ацэньвання адной і той жа работы або выказвання:



  • толькі актыўная ацэнка;

  • толькі падсумоўваючая ацэнка;

  • абедзве ацэнкі адначасова.

Мы настойліва не рэкамендуем трэці варыянт. Вы не павінны аб’ядноўваць адначасова актыўную і падсумоўваючую ацэнку, бо тады карысныя функцыі абедзвюх ацэнак будуць страчаныя. Даследаванні актыўнай ацэнкі паказваюць, што калі разам з актыўнай ацэнкай, выражанай зваротнай сувяззю, мы паставім падсумоўваючую ацэнку (бал), то вучань будзе менш зацікаўлены або ўвогуле не зацікаўлены ў каментарах настаўніка. Ён будзе звяртаць увагу толькі на атрыманы бал і параўноўваць яго з баламі сваіх аднакласнікаў. Увага ж вучняў будзе накіравана на параўнанне і ацэньванне справядлівасці выстаўленых адзнак. Каб пазбегнуць гэтага, Вы павінны ацаніць канкрэтную працу толькі актыўнай або толькі падсмоўваючай ацэнкай. Тады Вы можаце разлічваць на тое, што функцыі абодвух метадаў ацэнкі будуць захаваныя.

Адну даследчыцу зацікавіла, якога тыпу зваротную сувязь вучні атрымлівалі да сваіх пісьмовых работ. У яе эксперыменце было тры віды зваротнай сувязі для вучняў: балы, каментары і камбінацыя балаў і каментароў. Апошні метад, дарэчы, выкарыстоўваецца большасцю брытанскіх настаўнікаў для перадачы вучням зваротнай сувязі. Даследаванне паказала, што найбольшую карысць для навучання атрымала група, якая карысталася толькі каментарамі, а іншыя метады не прынеслі ніякай карысці. Некаторыя настаўнікі былі шакаваныя гэтым вынікам і першапачаткова не маглі сабе ўявіць, як ацэньванне з дапамогай адных каментароў магло б стаць рэальнасцю ў іх школах”.

Як ацэньваць, каб вучыць?”, П.Блэк і інш.
Калі вы выкарыстоўваеце актыўную ацэнку (толькі каментар), то асноўная функцыя гэтай ацэнкі - дапамагчы вучню ў яго далейшай працы; калі ж мы выкарыстоўваем адзнаку (бал), то хочам паінфармаваць вучняў аб узроўні іх ведаў па дадзенай тэме. Адсюль вынікае, што актыўная ацэнка павінна суправаджаць працэс навучання, а падсумоўваючая ацэнка павінна падводзіць вынік пэўнага этапа навучання. Мы ўсе абавязаны выстаўляць падсумоўваючыя адзнакі хаця б для таго, каб падвесці вынікі чвэрці ці навучальнага года. Для настаўнікаў праверачныя работы – важная крыніца інфармацыі аб эфектыўнасці іх выкладання, а для вучняў – аб узроўні і грунтоўнасці іх ведаў. У сённяшняй сістэме адукацыі мы не можам адмовіцца ад праверачных работ пасля пэўных этапаў навучання. Кантрольная работа ці тэст у канцы навучальнага года даюць добрую інфармацыю аб узроўні ведаў і ўменняў вучняў (падсумоўваючая адзнака), але не могуць быць выкарыстаны як актыўная ацэнка, паколькі ўжо занадта позна паляпшаць свае вынікі. Але пры ацэньванні ў працэсе навучання не павінны дамінаваць праверачныя работы. Каб лепш зразумець розніцу паміж актыўнай і падсумоўваючай ацэнкай, выкарыстаем такое параўнанне: калі повар каштуе на смак суп падчас яго прыгатавання, то прымяняе актыўную ацэнку (яшчэ можна штосьці змяніць, дадаць іншыя кампаненты), а калі гэтым жа супам частуюцца кліенты рэстарана, гэта падсумоўваючая ацэнка (повар ужо нічога не можа зрабіць з гэтым супам).

Для многіх настаўнікаў адмаўленне ад адзнак і балаў было цяжкай задачай. Вучні, якія прывыклі атрымліваць высокія ацэнкі, цяпер не былі ўпэўненыя, ці добра былі выкананы іх работы, і хацелі атрымліваць зваротную сувязь, якая б падтрымлівала іх успрыманне сябе як добрых вучняў. Яшчэ больш дзіўным было тое, што некаторыя вучні, якія дагэтуль атрымлівалі горшыя адзнакі, таксама разгубіліся ў такой сітуацыі, верагодна, таму, што бачылі прычыну сваіх дрэнных адзнак у нейкіх знешніх фактарах (напрыклад, не шанцуе). Таму яны спадзяваліся на тое, што ім калісьці пашанцуе і яны атрымаюць добрую адзнаку. Трэба памятаць пра тое, што падобная змена ў выстаўленні адзнак можа дэзарыентаваць вучняў, што яны павінны ведаць прычыны гэтых зменаў у сваім навучанні”.

Як ацэньваць, каб вучыць?”, П.Блэк і інш.
У пэўным сэнсе падсумоўваючая ацэнка можа быць таксама часткай актыўнай ацэнкі. Вучань, атрымаўшы адзнаку, можа зрабіць высновы аб узроўні сваіх ведаў па пэўнай тэме і можа захацець выправіць адзнаку. Тэарэтычна так можа быць, але звычайна адзнакі не матывуюць вучняў да навучання. Калі вучань атрымлівае дрэнную адзнаку, ён адчувае сябе прыгнечаным, калі ж адзнака высокая, ён разумее, што яму не трэба прыкладаць большых намаганняў, паколькі яго і так добра ацанілі.


  • Адзнакі штучна падзяляюць вучняў на групы з розным узроўнем падрыхтоўкі або групы з розным узроўнем здольнасцяў і ўменняў;

  • Але ў доўгатэрміновай перспектыве дзіця імкнецца атрымаць больш адзнак, чым іншыя, выконвае розныя віды дзейнасці, большасць з якіх не мае нічога агульнага з навучаннем;

  • Парадокс заключаецца ў тым, што адзнакі матывуюць тых вучняў, каму гэта менш за ўсё трэба, г.зн. тых, хто вучыцца добра. А вось тых, каго трэба матываваць у першую чаргу, паколькі яны вучацца дрэнна, адзнакі стрымліваюць і палохаюць;

  • Міфы аб станоўчай ролі канкурэнцыі ў матывацыі вучняў і перакананне, што настаўнікі могуць уплываць на дасягненні дзяцей шляхам павелічэння колькасці ўзнагарод, атрымалі шырокае прызнанне ў грамадстве. Лічыцца, што гэтыя міфы не супярэчаць здароваму сэнсу і паўсядзённаму вопыту, а таму вельмі цяжка іх аспрэчыць. Напрыклад, ці не з’яўляецца распаўсюджаным меркаванне, што вучні будуць працаваць з большым натхненнем, калі мы прапануем ім больш узнагарод? Цяжка пазбавіцца ад гэтых перакананняў, нават калі практычны досвед працы ў школах паказвае іх памылковасць”.

Матывацыя да навучання”, Martin V. Covington i Karen Manheim Teel
"[...] Дзякуючы актыўнай ацэнцы я магу яшчэ перад выстаўленнем падсумоўваючай ацэнкі даведацца, што з пройдзенага матэрыялу вучань засвоіў, а з чым яшчэ ёсць праблемы; я магу фактычна “спазнаць” веды вучня і ўсталяваць асабісты кантакт з ім праз індывідуальныя пісьмовыя каментары. Я думаю, што актыўная ацэнка больш патрабуе ад настаўніка, але таксама больш дае вучню, таму варта выкарыстоўваць яе", - настаўніца англійскай мовы.
"Я заўважыла вельмі пазітыўную рэакцыю на новаўвядзенні ў вучаніцы, якая кожны дзень мела шмат праблем у навучанні: “Цяпер я ведаю, чаму я павінна навучыцца”. Так, па праверачнай рабоце, да якой я напісала НаШтоБуЗУ, яна атрымала 84% балаў. Іншы вучань, выбраны мной для назірання (ён часта не выконваў дамашнія заданні), цяпер выканаў дамашняе заданне першым яшчэ за тры дні да заканчэння тэрміну і папрасіў каментар”, - настаўніца пачатковых класаў.
Пытанні да справаздачы:

Якую стратэгію ацэньвання Вы прымянілі ў класе, дзе працуеце з АА (падзел паміж актыўнай і падсумоўваючай ацэнкамі)? Чаму вы абралі менавіта такі метад?

Якое Ваша асабістае меркаванне пра ўвядзенне абмежавання выстаўлення вучням адзнак (балаў)?
2. Вызначэнне стратэгіі ацэньвання разам з вучнямі
Вучням, верагодна, спачатку спадабаецца перспектыва адсутнасці або абмежавання адзнак. Але праз некаторы час яны пачнуць непакоіцца і нарэшце спытаюць у Вас: "А наколькі я ведаю? Які бал я атрымаў бы, калі б выстаўляліся адзнакі? Што мне сказаць сваім бацькам?". Бацькі будуць прыходзіць да Вас і пытаць: “Ці добра вучыцца мой сын? Ці на фоне астатніх ён выглядае добра або адстае ад іншых? Калі б ён напісаў праверачную работу, якую адзнаку атрымаў бы?".

Мы павінны добра растлумачыць вучням і іх бацькам, чым адрозніваецца падсумоўваючая ацэнка ад актыўнай, вызначыць стратэгію ўвядзення актыўнай ацэнкі на нашых ўроках і кампраміс паміж гэтымі ацэнкамі: актыўнай і падсумоўваючай. Абедзве ацэнкі павінны заахвочваць, а не канкураваць паміж сабой.

Актыўная ацэнка – гэта ацэнка, якая дапамагае вучню вучыцца. Падсумоўваючая ацэнка – гэта ацэнка, якая вызначае ўзровень ведаў вучня па дадзенай тэме. Вучню ж неабходна інфармацыя як пра тое, наколькі добра ён вывучыў дадзены матэрыял, так і пра тое, што і як ён можа палепшыць у сваёй рабоце. Таму мы не адмаўляемся ад выстаўлення адзнак увогуле, а толькі вызначаем стратэгію аб’яднання гэтых двух метадаў ацэньвання, якая павінна дапамагаць дзіцяці ў яго навучанні.

Такую стратэгію ацэньвання трэба вызначыць разам з вучнямі, а потым пастаянна яе ўжываць. Каб гэта стратэгія “запрацавала”, трэба найперш растлумачыць вучням, навошта Вы прапануеце ім абмежаваць выстаўленне адзнак. Вучні павінны быць упэўнены, што Вы такім чынам хочаце дапамагчы ім вучыцца. Мы можам толькі даць вучням выбраную намі стратэгію ацэньвання, аднак значна лепшыя вынікі прынясе азнаямленне з іх меркаваннямі, дазвол дзецям штосьці вызначыць у справе іх ацэньвання.

Працэс адыходу ад выстаўлення адзнак не можа быць гвалтоўным. Вы не атрымаеце хуткіх поспехаў, шмат разоў Вас будуць пераконваць у няправільным выбары метаду ацэньвання, і нават Вы самі захочаце адмовіцца ад актыўнай ацэнкі і вярнуцца да традыцыйнай. Таму трэба добра прадумаць сваю сістэму выкарыстання актыўнай ацэнкі і пераканаць самога сябе, што яе трэба прымяняць. Магчыма, Вам давядзецца шмат разоў прадстаўляць свае аргументы вучням, бацькам, дырэктару і, магчыма, іншым настаўнікам у школе.

Як мы ўжо згадвалі вышэй, ад Вас не патрабуецца адмовіцца ад выстаўлення вучням адзнак. Мы прапануем Вам вырашыць, калі Вы будзеце выкарыстоўваць падсумоўваючую ацэнку, а калі – актыўную ацэнку. Кожны з Вас павінен сам гэта вызначыць, паколькі тут няма гатовых рэцэптаў. Вашая стратэгія павінна быць адаптавана да вучняў, традыцый школы і іншых фактараў.

Вось некалькі прапаноў:


  • вы можаце адкласці выстаўленне адзнакі. Спачатку ідзе актыўная ацэнка, а потым падсумоўваючая - бал. Пасля раздачы вучнёўскіх работ з каментарамі настаўніка можна спытаць, каму паставіць адзнаку;

  • вы можаце паведаміць дзецям, чые работы будуць ацэнены балам, і пасля праверкі гэтых работ выстаўляць толькі адзнаку без каментароў. Найбольш карысна ацэньваць падсумоўваючай ацэнкай кантрольныя і праверачныя работы, напрыклад, па нейкіх тэмах, а вось актыўную ацэнку выкарыстоўваць для ўсіх астатніх работ, якія выконваюцца дзецьмі для засваення матэрыялу і развіцця пэўных навыкаў;

  • пасля здачы работ можна папрасіць вучняў, каб яны самі ацанілі сябе на падставе акрэсленых раней крытэрыяў або ацанілі працу аднакласніка і напісалі да яе каментар. Вучні па-рознаму ставяцца да зваротнай сувязі ад настаўніка і аднакласніка;

  • прапанова з брашуры “Унутры чорнай скрыні”, D.Wiliam і P.Black: «Некаторыя настаўнікі ўвогуле адмовіліся ад адзнак, некаторыя выстаўлялі іх толькі ў журнал або дзённік, але не ў сшытак, іншыя ж ставілі адзнакі, калі вучань выконваў рэкамендацыі, змешчаныя ў каментары настаўніка;

  • вы можаце дадаць да свайго каментара да работы вучня наступную заўвагу: "Калі ты выправіш сваю работу так, як тут напісана, то атрымаеш лепшую (можна напісаць, якую) адзнаку". Толькі ад вучня залежыць, ці захоча ён палепшыць сваю работу і атрымаць лепшую адзнаку.

Мы спадзяемся, што вы знойдзеце ўласную стратэгію для аб'яднання актыўнай і падсумоўваючай ацэнкі і падзеліцеся ёй з намі. Але спачатку ўзгадніце гэту стратэгію з вучнямі і іх бацькамі.

Пытанні да справаздачы:

Апішыце, як Вы разам з вучнямі вызначылі стратэгію ацэньвання?

Якой была рэакцыя і меркаванні трох вучняў, выбраных Вамі для назірання за эфектамі новаўвядзенняў? Запішыце меркаванне кожнага з іх.
II. Супрацоўніцтва з бацькамі
Вельмі важна, каб бацькі зразумелі, што пасля вяртання дзіцяці са школы першым пытаннем павінна быць: “Што ты даведаўся сёння?”, а не "Якую ацэнку ты атрымаў сёння?”

Здаецца, асноўная цяжкасць актыўнай ацэнкі - пераканаць навучэнцаў і іх бацькоў у неабходнасці абмежаваць падсумоўваючую ацэнку на карысць актыўнай ацэнкі. Падумайце над наступнымі пытаннямі:

 Як зрабіць бацькоў саюзнікамі у актыўнай ацэнцы?

 Якімі аргументамі пераканаць бацькоў у перавагах гэтай формы навучання?

 Як растлумачыць бацькам розніцу паміж актыўнай і падсумоўваючай ацэнкай?

Вы павінны лічыцца з супрацівам. Вашы дзеянні будуць ісці насуперак школьным традыцыям. Каб пераканаць зацікаўленыя бакі, Вы самі павінны верыць у неабходнасць увядзення АА.

У перавагах актыўнай ацэнкі трэба таксама пераканаць і бацькоў, растлумачыць ім усе плюсы гэтага метаду, які дапамагае іх дзецям у навучанні. Тут можа дапамагчы апеляцыя да ўласнага досведу навучання: наколькі лягчэй чамусьці навучыцца, калі вы атрымліваеце падказкі пра тое, што неабходна палепшыць, што зроблена добра, а не проста адзнаку як інфармацыю аб ступені правільнасці вашай работы. Дзякуючы зваротнай сувязі, якая суправаджае актыўную ацэнку, бацькі таксама змогуць даведацца, што іх дзіця зрабіла правільна, у чым дапусціла памылкі і як гэта трэба выправіць. Дзякуючы зваротнай сувязі бацькі атрымаюць парады аб тым, як дапамагчы свайму дзіцяці ў навучанні і падтрымаць яго.

Вы можаце выкарыстаць прапанаваны сцэнар сустрэчы з бацькамі, які распрацавала і выкарыстала на практыцы Ева Боргаш. Сцэнар можна спампаваць на сайце.

Вы таксама можаце спытаць у бацькоў, што дае ім інфармацыя 3+ або 60% пад класнай работай іх дзіцяці. Ці з’яўляецца такая інфармацыя вычарпальнай? Звычайна бацькі адказваюць, што падобная інфармацыя мае сэнс толькі на фоне адзнак іншых вучняў у класе. Ведаючы адзнакі іншых вучняў, бацькі арыентуюцца, ведае іх дзіця больш або менш у параўнанні з іншымі вучнямі. Ці з’яўляецца іх дзіця больш здольным, чым іншыя, або наадварот. Але яны не могуць даведацца, што іх дзіця павінна змяніць або палепшыць, каб дамагчыся прагрэсу ў навучанні. У размове з бацькамі карысна прывесці аналогію з прафесійнай дзейнасцю дарослага чалавека. Можна папрасіць бацькоў уявіць сабе сітуацыю, калі іх начальнік некалькі разоў на працягу дня кажа: "Вы робіце гэта на 3+, а гэта толькі на 2". Зразумела, для іх гэта выглядае абсурдным, а таму яны павінны ўсвядоміць, як цяжка іх дзіцяці, калі ўся яго праца ацэньваецца толькі баламі, без пахвалы і без падказкі шляхоў выпраўлення.

Мы думаем, што Вы самі знойдзеце свой шлях у інфармаванні навучэнцаў і іх бацькоў аб перавагах актыўнай ацэнкі.

Бацькі прывыклі да бальнай ацэнкі. Так было ў час іх навучання, так ёсць сярод іх знаёмых, адзнакамі цікавяцца бабулі і дзядулі вучняў. Пра што звычайна пытаюцца бацькі ў сваіх дзяцей, калі тыя вяртаюцца са школы?

“Якую адзнаку ты атрымаў? Чаму?”. Мы хацелі б, каб яны спыталі:

“Чаму ты навучыўся сёння?”. Гэта было б проста цудоўна, але пакуль разгледзім тыповую сітуацыю, калі бацькі прызвычаіліся да адзнак і патрабуюць ад дзіцяці высокіх балаў. Такая рэальнасць. Бацькі самі хадзілі ў школу і атрымлівалі ацэнкі, а іх бацькі таксама пыталіся: "Што ты атрымаў сёння?”. Школа, у разуменні бацькоў і навучэнцаў, гэта адзнакі. Мы хацелі б змяніць гэтую сітуацыю. Як растлумачыць бацькам, што яны адпраўляюць сваіх дзяцей у школу, каб тыя вучыліся, а не прыносілі дадому балы?

У нашым курсе дагэтуль было вельмі бяспечна. Мы прапанавалі відавочна карысныя для вучняў элементы навучання (мэты і НаШтоБуЗУ). Вучні павінны быць задаволеныя нашай прапановай, а калі яны і не праяўлялі задавальнення , то ім, ва ўсялякім выпадку, было ўсё роўна. Зараз мы ўводзім нешта спрэчнае і павінны пра гэта паінфармаваць навучэнцаў і іх бацькоў. Мы рэкамендуем Вам правесці тлумачальную работу на сустрэчах з бацькамі і падчас індывідуальных гутарак. Наш вопыт паказвае, што трэба вяртацца да гэтай тэмы і змагацца са звычкай бацькоў глядзець на вынікі навучання праз падсумоўваючую ацэнку і балы. Жадаем Вам вялікага цярпення ў гэтай справе.

Найперш трэба растлумачыць бацькам, што мы не адмаўляемся ад адзнак, што нашай мэтай у актыўнай ацэнцы з’яўляецца дапамога вучням, падказкі, што яны ўжо ведаюць, а над чым яшчэ трэба працаваць і як палепшыць сваю работу. Трэба абмеркаваць гэтае пытанне з бацькамі, папрасіць іх выказаць уласнае меркаванне на тэму выкарыстання ацэнкі ў выглядзе бала. Цікавымі падаюцца многія меркаванні на гэтую тэму, змешчаныя ў кнізе “Матывацыя да навучання”, - Martin V. Covington i Karen Manheim Teel. Вось некалькі цытат:


  • шматлікасць розных правілаў і абавязкаў у школе ператварае працэс навучання ў гонку, што азначае ўкараненне матывацыі не да вучобы, а да канкурэнцыі з іншымі;

  • станоўчая матывацыя да навучання, як правіла, унутраная, а гэта значыць, што ўзнагародай за поспех у нейкім заданні з’яўляецца сам поспех;

  • барацьба за школьную адзнаку – найбольш яскравы прыклад таго, як глыбока вучні ўцягваюцца ў гонку;

  • адзнакі карыстаюцца велізарным даверам як бацькоў, так і супрацоўнікаў розных адукацыйных камісій;

  • даследаванні паказваюць, што ніякі іншы фактар не ўплывае ў такой ступені на самаацэнку вучня, як добрая ацэнка яго працы; і ніякі іншы фактар не ўплывае на яго так дэструктыўна, як дрэнная выніковая адзнака;

  • атрыманне добрых адзнак можа зрабіцца больш важным, чым сам працэс навучання;

  • адзнакі могуць выклікаць канфлікт паміж вучнямі і настаўнікам, а таксама стварыць атмасферу недаверу і падазронасці;

  • сістэма ацэньвання з дапамогай балаў можа заахвоціць вучняў да падману, таму што яны адчуваюць ціск, каб паказаць лепшы вынік за іншых любой цаной;

  • школьныя адзнакі вельмі суб'ектыўныя, часам іх выстаўляюць несправядліва і па нейкіх асабістых прычынах.

Падсумоўваючая ацэнка, як мы ўжо вызначылі ва ўводзінах, паказвае ўзровень ведаў і ўменняў на дадзены момант. Гэта так, быццам бы мы гэтыя веды і ўменні паклалі на шалі і вызначылі іх вагу. Але, як заўважылі многія, “ад самога ўзважвання карова не павялічыць сваю вагу". Калі мы будзем толькі вымяраць, чаму навучыліся нашы вучні, гэта не прывядзе да таго, што яны пачнуць вучыць больш.

Мы прапануем Вам вельмі добры спосаб абмену інфармацыяй з бацькамі вучняў аб поспехах іх дзяцей у навучанні:

Лоры Эліёт з школы Дэвіса ў Грынэл (Аёва, ЗША) выкарыстоўвае просты, але вельмі эфектыўны спосаб інфармавання бацькоў аб поспехах іх дзяцей у школе. Кожнае дзіця штопятніцу атрымлівае картку з назвамі ўсіх прадметаў. Кожны прадмет мае сваю калонку. Дзіця ўпісвае ў гэту калонку адзін-два сказы пра тое, чаму яно навучылася па гэтым прадмеце на працягу тыдня.

Вучні, запаўняючы такія калонкі, думаюць, чаму яны навучыліся, выбіраючы тыя моманты, якія ім найбольш запомніліся. Настаўнік пасля атрымання картак даведваецца, чаму ён навучыў дзяцей, што ім запомнілася і ці дасягнуў ён пастаўленых мэтаў. Карткі настаўнік вяртае вучням, якія перадаюць іх бацькам. Бацькі могуць паразмаўляць з дзецьмі пра тое, што адбылося на гэтым тыдні ў школе, а таму маюць актуальную інфармацыю пра тое, чаму вучыцца іх дзіця.

Гэты метад патрабуе супрацоўніцтва педагогаў з бацькамі. Бацькі павінны быць зацікаўленыя ў тым, што дзіця напісала, і паразмаўляць з ім пра гэта. Магчыма, дзякуючы гэтаму размова бацькоў з дзецьмі не абмяжуецца толькі інфармацыяй пра атрыманыя адзнакі, а пяройдзе ў дыскусію па цікавых тэмах, якія дзіця вывучала ў школе.

Пытанні да справаздачы:

Апішыце метад, з дапамогай якога Вы пераканалі бацькоў у неабходнасці абмежавання падсумоўваючай ацэнкі на карысць актыўнай ацэнкі. Якія аргументы Вы выкарысталі?

Якой была рэакцыя і меркаванні бацькоў? Прывядзіце некалькі прыкладаў.

З якімі цяжкасцямі Вы сутыкнуліся ў трэцім модулі? Як Вы пераадольвалі іх?


Данута Стэрна




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка