Працаваць на тэстамі далей



Дата канвертавання28.06.2016
Памер149.25 Kb.
Каб “працаваць на тэстамі далей”, іх трэба ўважліва чытаць цяпер.

У сучаснай педагагічнай практыцы тэсціраванне ўсё больш актыўна выкарыстоўваецца як у навучальным працэсе, так і для выніковага кантролю ведаў вучняў. У нашай краіне цэнтралізаванае тэсціраванне з’яўляецца асноўнай формай правядзення ўступных іспытаў пры паступленні ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

На старонках перыядычнага друку неаднаразова разглядаліся ўсе пытанні арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, усе асаблівасці падрыхтоўкі тэставых матэрыялаў. Вызначаны перавагі і ўказаны недахопы такой формы ўступных іспытаў.

У абмеркаванні штогодніх вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання самымі актыўнымі з’яўляюцца выкладчыкі ВНУ. Яно і зразумела. Ім працаваць з тымі, каго залічылі ў першакурснікі. Вось і на гэты раз наша публікацыя з’яўляецца адказам на асобныя прапановы, якія паступілі ад Ю. Залатухіна падчас “круглага стала” ў “Настаўніцкай газеце” пад рубрыкай “Над тэстамі па матэматыцы трэба працаваць далей” (гэта і вызначыла назву нашага артыкула). Для нас стала нечаканай пазіцыя выкладчыка матэматыкі аднаго з вядучых ВНУ. Аўтар звяртае ўвагу на пытанні, якія, на наш погляд, даўно вырашаны ці знаходзяцца непасрэдна ў кампетэнцыі ўстаноў адукацыі.


Ці патрэбен так называемы “прапускны бал”?

Пачнём з “прапускнога бала”, з якога адзнака ўступных іспытаў лічыцца станоўчай. Патрэбна адзначыць, што гэтая праблема знаходзіцца па-за межамі цэнтралізаванага тэсціравання. Задача цэнтралізаванага тэсціравання - дакладна вымераць узровень падрыхтоўкі абітурыента і адлюстраваць гэта на пэўнай шкале. Як выкарыстаць вынікі гэтага вымярэння, па якіх з іх правесці залічэнне абітурыентаў - гэта задача ВНУ.

Калі вышэйшая навучальная ўстанова, у нашым выпадку Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Я.Купалы, згодна залічыць, з улікам конкурсу, на спецыяльнасць “Матэматыка” абітурыентаў з сумай балаў па трох прадметах меншай за сто - гэта прэрагатыва ўніверсітэта.

На сённяшні дзень колькасць месц на ўсе формы навучання ў ВНУ прыкладна роўная колькасці выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў бягучага навучальнага года. У такой сітуацыі колькасць балаў займае другаснае месца, таму што месцамі ўсе абітурыенты, выпускнікі школ бягучага года, будуць забяспечаны. Вось чаму студэнтамі становяцца і тыя, хто атрымаў менш за дзесяць балаў са ста магчымых па профільным прадмеце.

Большасць з такіх студэнтаў на самой справе не здольна працягваць адукацыю на вышэйшай ступені. Аднак пры чым тут цэнтралізаванае тэсціраванне? Яно сваю функцыю выканала. Па выніках іспытаў вызначаны ўзровень падрыхтоўкі канкрэтнага абітурыента. Больш таго ўсе ўдзельнікі іспытаў размеркаваны адзін адносна другога ў рэйтынгавым парадку. ВНУ ў адпаведнасці з рэйтынгам кожнага прэтэндэнта на студэнцкае месца праводзіць залічэнне на першы курс установы.

Пытанне аб нейкай ніжняй граніцы “прапускных балаў”, пачынаючы з якой адзнака ўступнага іспыту лічыцца станоўчай, неабходна абмяркоўваць і вырашаць на пасяджэнні рэктарата і вучонага савета ВНУ. Прычым прымаць рашэнне па гэтым пытанні, напэўна, неабходна па кожнай спецыяльнасці, на якую ажыццяўляецца прыём абітурыентаў. ВНУ можа гэтую норму зафіксаваць у Парадку прыёму і ўнесці яе на зацвярджэнне ў Міністэрства адукацыі.

Разам з тым адзначым, што ўвядзенне “прапускных балаў” не пярэчыць дзеючым Правілам прыёму. Некалькі гадоў таму рашэнне аб устанаўленні ніжняй граніцы “прапускных балаў” прымалася Міністэрствам адукацыі ў адпаведнасці з прапановай дзяржкамісіі па кантролю за ходам уступных іспытаў. Аднак потым прыняцце адзінай ніжняй граніцы на ўсе спецыяльнасці і па ўсіх ВНУ было прызнана немэтазгодным.

Адносна немэтазгоднасці ўвядзення “прапускнога бала” ёсць яшчэ некалькі аргументаў.

Штогодняе скарачэнне колькасці выпускнікоў агульнаадукацыйных устаноў (калі ў бягучым годзе іх было 88215 чалавек, у 2011 будзе 76480, а ў 2012 - толькі каля 65000) прыводзіць да скарачэння агульнага конкурсу на сярэднестатыстычнае месца ў вышэйшых навучальных установах. Увядзенне ж ніжняй граніцы “прапускнога бала” для ўсіх абітурыентаў прывядзе да яшчэ большага скарачэння кантынгенту. Тады нават бюджэтныя групы на менш прэстыжных спецыяльнасцях будуць не ўкамплектаваны.

А як жа гэтыя праблемы вырашаюць нашы суседзі? Возьмем для прыкладу Польшчу. Конкурсны бал пры паступленні ў Познанскі палітэхнічны інстытут на спецыяльнасць “Інфарматыка” разлічваецца па формуле: Б=0.5*П+0.5*З+3.5*М, дзе П, З, М - вынікі кваліфікацыйных экзаменаў па польскай і замежнай мовах, матэматыцы, якія атрымалі абітурыенты пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы. Відавочна, што наколькі больш важкі вынік абітурыента па профільным прадмеце ў параўнанні з вынікамі іншых прадметаў, настолькі вышэй верагоднасць яго залічэння на выбраны факультэт ці спецыяльнасць.

Дарэчы ўжо два гады запар прыём студэнтаў у вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства культуры нашай краіны вядзецца па падобнай мадэлі. Экзамен па спецыяльнасці (малюнак, музычная кампазіцыя і інш.) мае большую вагу, чым агульнаадукацыйныя прадметы (мова, гісторыя і інш.). На самай справе, гэта, напэўна, больш справядліва.

І яшчэ. Не думаю, што “прычынай звальнення па ўласным жаданні вопытнага выкладчыка” кафедры матэматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, на што звяртае ўвагу ўдзельнікаў “круглага стала” Ю.Залатухін, з’яўляецца тое, “што 30% з прынятых (маецца на ўвазе ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт, М.Ф.) маюць бал сертыфіката па матэматыцы ніжэй за сярэдні па краіне”. А можа, гэта лепшы выбар у жыцці аднаго з калег Ю.Залатухіна ў сувязі з яго прызнаннем: “Нічому не магу іх (студэнтаў, М.Ф.) навучыць”?


Аб “паляпшэнні зместу тэстаў па матэматыцы”

Мы ўдзячны Ю. Залатухіну за адзнаку ў “тым, што ў апошні час назіраецца некаторае паляпшэнне якасці зместу тэстаў па матэматыцы”.

Між тым не хочацца пакінуць па-за ўвагай некаторыя парады аўтара наконт таго, якой павінна быць спецыфікацыя тэста і яго змест.

Спецыфікацыя - на самой справе навукова-метадычны дакумент, які ўтрымлівае такія якасныя характарыстыкі, як змест і тыпы заданняў, эквівалентнасць варыянтаў, іх колькасць, структуру тэста па раздзелах і тэмах усяго курса. У гэтым дакуменце вызначаюцца аб’екты кантролю, метады і сродкі кантролю, умовы правядзення іспытаў.

Што тычыцца заўвагі наконт таго, што “логіка складання тэста па матэматыцы ў цэлым, як правіла, няясная,” то патрэбна адзначыць наступнае.

Спецыфікацыя кожны год узгадняецца і зацвярджаецца ў Міністэрстве адукацыі і з’яўляецца рабочым дакументам перш за ўсё для нашых аўтараў тэставых заданняў, а таксама супрацоўнікаў інстытута, якія нясуць адказнасць за падрыхтоўку экзаменацыйнага матэрыялу па кожным прадмеце.

У сувязі з тым, што гэты дакумент вызначае кампаненты, якія да правядзення цэнтралізаванага тэсціравання носяць канфідэнцыяльны характар, мы не размяшчаем яго адкрыта ў сродках масавай інфармацыі. “Логіку складання тэста” можна зразумець, аналізуючы яго ўжо пасля іспытаў, таму дзіўна, як Ю. Залатухін хлёстка піша пра тое, чаго не чытаў.

Адно з “вузкіх месцаў” наш апанент бачыць у “адарванасці беларускіх тэстаў па матэматыцы ад жыцця” і прапануе раўняцца на “экзамены ў еўрапейскіх краінах”.

Па-першае, поўнасцю згадзіўся б з аўтарам, калі б у аснову нашых вучэбных праграм, дапаможнікаў і тэстаў быў бы пакладзены падыход PISA. Як вядома, даследаванне PISA накіравана не на вызначэнне пэўнага ўзроўню засваення школьных праграм, а на ацэнку здольнасці навучэнцаў прымяняць атрыманыя ў школе веды, і, у канкрэтных жыццёвых сітуацыях, гэта так званы кампэтэнтнасны падыход.

Нашы падыходы, якія закладзены ў вучэбных праграмах, базіруюцца на атрыманні ў школе канкрэтных ведаў, уменняў і замацаваных на іх аснове, навыкаў.

Таму і тэсты павінны адпавядаць агульнай канцэпцыі адукацыі. Зменіцца канцэпцыя, мэты і задачы адукацыі - зменяцца падыходы да сістэмы ацэньвання вучняў наогул і ў тэставых іспытах у тым ліку.

Па-другое, мы не можам адыходзіць не толькі ад зместу вучэбных праграм, а нават іншы раз і ад формы заданняў, каб захаваць роўныя магчымасці ў час іспытаў для ўсіх абітурыентаў, незалежна ад таго, якую агульнаадукацыйную ўстанову яны закончылі. “Актуалізаваць міжпрадметныя сувязі”, паважаны Юрый Пракопавіч, патрэбна на ўроку, а не ў час цэнтралізаванага тэсціравання. Зборнік тэстаў не падручнік і нават не дапаможнік па матэматыцы (ці па фізіцы).

Па-трэцяе. Уяўляю, які разгромны матэрыял даслаў бы ў рэдакцыю рэспубліканскай газеты Ю.Залатухін, калі б мы хоць часткова выканалі яго ж прапановы па інтэграцыі навукі і практыкі. І, безумоўна, меў бы рацыю.

Па-чацвёртае, кожнае заданне павінна быць не толькі ў межах вучэбных праграм, а валодаць высокай дыферэнцыруючай здольнасцю. Прасцей кажучы, заданні павінны быць разлічаны на веды сярэднестатыстычнага абітурыента.

Так што “празмерны акадэмізм” больш стасуецца да тэставых заданняў пры абітурыенцкіх іспытах. А вось “задачы з практычным сэнсам” на творчых конкурсах, алімпіядах былі б у самы раз.

На асобныя заўвагі Ю. Залатухіна мне больш прыемна адказаць словамі настаўнікаў і кіраўнікоў школ, абітурыентаў, выказванні якіх мы сустракалі ў перыядычным друку.

Н.У. Бушная, дырэктар гімназіі № 1 г. Мінска: “Тэсты не ўтрымліваюць такіх аб’ёмных, грувасткіх задач, у працэсе іх выканання напружанне чаргуецца з адпачынкам. У той жа час я не пагаджуся з меркаваннем, што тэсты разлічаны на павярхоўныя веды. Яны пабудаваны так, што заданні ідуць ад простага да складанага. Над апошнімі, самымі складанымі, таксама трэба падумаць. Але іх рэальна рашыць за 15-20 хвілін”.

Т.А. Калевіч, былы дырэктар ліцэя БДУ: “Сёння ў рэспубліцы ўдалося забяспечыць узровень складанасці тэстаў, які дазволіў аб’ектыўна ацаніць не толькі веды, уменні і навыкі абітурыентаў, але таксама іх інтэлектуальны і творчы патэнцыял. Тэсты засталіся дастаткова складанымі для таго, каб практычна цалкам з імі маглі справіцца найбольш таленавітыя, падрыхтаваныя і матываваныя абітурыенты. Карэкціроўка вучэбных праграм патрабавала ад аўтараў тэставых заданняў пошуку арыгінальных фармуліровак, якія патрабуюць ад абітурыентаў умення арыентавацца ў незнаёмай сітуацыі з улікам захавання адпаведнасці тэставых заданняў праграмнаму матэрыялу”.

А. Гус, абітурыент 2010 г.: “ Я не брал репетиторов ни по одному из предметов. Только выполнял все домашние задания…Раздули из тестов такую проблему, что дети волнуются и не могут сконцентрироваться”.

Я.Б. Лівянт, настаўнік: “Меркаванне, што ЦТ - гэта “ўгадайка”, - памылковае. Варта аддаць належнае РІКВ. Кожны год яны прапаноўваюць больш дасканалыя тэсты, дзе ўгадаць адказ практычна немагчыма. У гэтым годзе тэсціраванне было самае простае і карэктнае за ўсе папярэднія гады, цалкам у межах школьнай праграмы ”.

Між тым мы зусім не ў тым стане, каб заахвочваць сябе станоўчымі характарыстыкамі нашых школьных калег, бацькоў і абітурыентаў. Над тэстамі сапраўды мы працуем увесь час. І зараз па якасных характарыстыках яны значна адрозніваюцца ад тых, што прапаноўвалі на іспытах некалькі гадоў таму.

Далей у сваім матэрыяле наш апанент залікае “змяніць сітуацыю, пры якой школьнікі не валодаюць найпрасцейшымі матэматычнымі паняццямі, не могуць правесці нескладаныя арыфметычныя вылічэнні…”

Паважаны Юрый Пракопавіч, мы ў інстытуце таксама гэтага хацелі б. Больш прыемна ранжыраваць абітурыентаў з высокімі адзнакамі пасля іспытаў. Аднак вы, напэўна, памыляецеся: мы не навучальная ўстанова, каб вучыць тэхніцы “найпрасцейшых арыфметычных вылічэнняў” і “прымяненню іх пры рашэнні практыка-арыентаваных задач”.

Пры такой форме іспытаў і такіх вялізных маштабах ахопу ўдзельнікаў мы толькі даем магчымасць выявіць асобныя недахопы ў ведах абітурыентаў.

І вельмі задаволены, што гэта дапаможа выправіць тыя ж недахопы праз новыя дапаможнікі, больш прымальныя методыкі выкладання.

Наша задача - вылучыць лепшых сярод тых, хто прыйшоў на іспыты. Нам прыемна, што крытыкуючы нас за тое, што выпускнікі школ дрэнна падрыхтаваны па матэматыцы (?!), вы выкарыстоўваеце статыстыку і прыклады (аб плошчы падлогі кухні) па матэрыялах чарговага тэсціравання. Калі б не тэсціраванне, то, магчыма, і не бачылі б гэтых праблем. І вы ў тым ліку, настаўнік настаўнікаў матэматыкі.


Адкуль узялося 60% закрытых заданняў?”
Сістэмы знешняга незалежнага ацэньвання шырока прадстаўлены на розных узроўнях атрымання адукацыі многіх вядучых па навукова-тэхнічным патэнцыяле дзяржаў. Але ў кожнай дзяржаве (былі б гэта ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Германія або Японія) няма адзінай мадэлі пабудовы дадзеных сістэм. Рознага шмат як па задачах, метадах, спосабах і формах арганізацыі, так і па тэхналогіі правядзення знешняга ацэньвання. Наша сістэма цэнтралізаванага тэсціравання, па прызначэнні, не можа быць падобнай адначасова на ўсе сістэмы ў пералічаных краінах, таму што сістэмы знешняга ацэньвання у кожнай з гэтых краін розныя. Мы ўзялі за аснову найбольш прыдатны для нас варыянт – паўночнаамерыканскую школу тэсціравання. Мы адабралі лепшае і найбольш прагрэсіўнае ў іх сістэме і адаптавалі для нашых умоў. Не варта забывать, што наша сістэма цэнтралізаванага тэсціравання з’яўляецца па-свойму ўнікальнай.

Адзіныя і аднолькавыя ўмовы для ўсіх абітурыентаў краіны, адзіны цэнтр апрацоўкі тэставых матэрыялаў, вельмі сціслыя тэрміны правядзення тэсціравання, строгі дзяржаўны кантроль – гэта тое, чым не могуць пахваліцца нашы калегі з іншых краін. З-за цеснай сувязі нашай краіны з Расійскай Федэрацыяй, у тым ліку і ў галіне адукацыі, у нас, безумоўна, ёсць агульныя пункты судакранання і адзіныя падыходы з нашымі расійскімі калегамі. Аднак сцвярджаць, што мы скапіравалі іх сістэму 90-х гадоў, проста абсурдна.

Абсалютна не адпавядае рэчаіснасці сцвярджэнне Ю. Залатухіна аб тым, што ў Расіі поўнасцю адмовіліся ад выкарыстання заданняў закрытага тыпу. Адным з двух вучэбных прадметаў, дзе з мінулага года сапраўды ў якасці эксперыменту у тэстах адсутнічаюць заданні закрытага тыпу, з’яўляецца матэматыка. Другі вучэбны прадмет (літаратуру) мы не разглядаем, таму што ў нас у краіне ўступныя іспыты ў тэставай форме па дадзенай дысцыпліне не праводзяцца. Прычына, з-за якой менавіта ў матэматыцы адсутнічаюць заданні часткі А, больш празаічная, чым можа здавацца на першы погляд. У сілу таго, што на заданні адкрытай формы па матэматыцы адказ даецца толькі ў форме цэлага ліку, дадзеныя абставіны неістотна ўплываюць на тэрміны апрацоўкі і прадстаўлення вынікаў Адзінага дзяржаўнага экзамену.

Наш інстытут працуе ў цесным кантакце з Федэральным цэнтрам тэсціравання і Федэральным інстытутам педагагічных вымярэнняў, і мы ўважліва адсочваем пазітыўны вопыт нашых калег па ўсіх аспектах нашай работы.

Хацелася б звярнуць увагу нашых чытачоў на тыя абставіны, што ў такіх краінах, як Вялікабрытанія, Галандыя, Польшча, Літва распаўсюджана не проста тэставая форма кантролю, а форма кваліфікацыйных экзаменаў, калі частка экзамену праводзіцца па матэрыялах, састаўленых па форме педагагічнага тэста. Менавіта гэты момант застаецца па-за ўвагай Ю. Залатухіна. Апрацоўка матэрыялаў такіх экзаменаў ажыццяўляецца экспертамі ўручную. Поўнасцю аўтаматызаваная апрацоўка адсутнічае. Часавыя рамкі, адведзеныя на правядзенне іспытаў, колькасць прыцягнутага персаналу, матэрыяльныя затраты там зусім іншыя. А галоўнае – гэта адрозненні ў патрабаваннях па інфармацыйнай бяспецы ў час правядзення гэтых мерапрыемстваў. Менавіта з-за гэтых прычын ў нас узяты курс на поўную аўтаматызацыю працэсу апрацоўкі тэставых матэрыялаў. Часткова гэтым (але не толькі) тлумачыцца наяўнасць у тэстах цэнтралізаванага тэсціравання заданняў закрытага тыпу.

У такіх краінах, як ЗША, Украіна, Літва, Польшча, заданні закрытага тыпу актыўна выкарыстоўваюцца. Так, напрыклад, у Польшчы ў экзаменацыйнай рабоце па матэматыцы на базавым узроўні змяшчаецца 20 заданняў часткі А і 11 заданняў часткі Б. На выкананне работы адводзіца 170 мінут.

Паняцце даўжыні тэста, узроўню складанасці тэставых заданняў, у тым ліку форма падачы гэтых заданняў, а таксама час, адведзены на выкананне ўсяго тэста, вельмі цесна ўзаемазвязаны. Сучасная тэорыя мадэліравання і параметрызацыі педагагічных тэстаў разглядае працэдуру тэсціравання і ацэнку ведаў падыспытных як працэс аб’ектыўнага вымярэння, а вынікі такіх вымярэнняў, атрыманыя стандартнымі матэматычнымі метадамі, суправаджае стандартнымі характарыстыкамі дакладнасці.

У аснове дадзенай працэдуры ляжыць паняцце педагагічнага тэста – спецыяльнага вымяральнага інструмента. Адной з асноўных характарыстык гэтага інструмента з’яўляецца надзейнасць. Надзейнасць тэста – гэта характарыстыка методыкі, якая адлюстроўвае дакладнасць вымярэння і ўстойлівасць вынікаў да ўздзеяння пабочных выпадковых фактараў, у тым ліку такога фактару, як наяўнасць магчымасці ўгадвання адказу ў частцы А.

У спецыяльнай літаратуры, прысвечанай пытанням тэсталогіі, гэтая тэма вывучана дасканала. Даказана, што пры дакладнай каліброўцы ўзроўняў складанасці заданняў, якія ўваходзяць у педагагічны тэст, аптымальным падборы колькасці гэтых заданняў надзейнасць тэста не залежыць ад формы падачы заданняў. Інакш кажучы, наяўнасць або адсутнасць у тэсце так званай часткі А ўрэшце рэшт не ўплывае на канчатковы вынік – дакладнасць педагагічнага вымярэння.

Было б лагічным задаць пытанне: навошта ўскладняць працэдуру тэсціравання, рабіць працэс больш дарагім, пакідаць магчымасць умяшальніцтва праславутага “чалавечага фактару” ў працэс апрацоўкі, калі на канчатковым выніку гэта не адаб’ецца.? Абсурдна нават разглядаць магчымасць выпадковага ўгадвання, дастатковага для набору хаця б 30 балаў па матэматыцы. Напомнім, што за правільнае выкананне ўсіх 18 заданняў часткі А (з 30 заданняў тэста) існуе магчымасць набраць не больш за 50 балаў, таму што ў гэтай частцы тэста размешчаны элементарныя заданні нізкага ўзроўню складанасці, частку якіх выканаць можна вусна, не ажыццяўляючы нават якіх-небудзь вылічэнняў.

Па дадзеных, прадстаўленых нам Беларускім дзяржаўным універсітэтам, сярэдні тэставы бал абітурыентаў, залічаных у гэту навучальную ўстанову на бюджэтную форму навучання, склаў па матэматыцы 64 балы, па рускай і беларускай мове – 69 і 68 балаў адпаведна, па англійскай мове – 72 балы, па грамадазнаўстве – 81 бал. Па водгуках выкладчыкаў, усе абітурыенты маюць дастаткова высокі ўзровень ведаў. Нават далёкаму ад матэматыкі чалавеку зразумела, што магчымасць набраць такія балы шляхам угадвання зводзіцца да нуля. У сітуацыях, калі ў асобных вузах на некаторыя спецыяльнасці залічваюць абітурыентаў з сямю баламі са ста магчымых, рэкамендуем узмацніць прафарыентацыйную работу сярод вучнёўскай моладзі.

Намі неаднаразова ў друку разглядаліся пытанні падрыхтоўкі тэставых матэрыялаў і іх спецыфікацый. Мы не адзін раз расказвалі пра якасны склад нашых аўтарскіх калектываў і экспертных груп, у якія ўваходзіць дастатковая колькасць прафесарска-выкладчыцкага саставу вышэйшых навучальных устаноў. Сярод нашых аўтараў і экспертаў ёсць, у тым ліку, выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Таму мы са здзіўленнем успрымаем заўвагу Ю. Залатухіна наконт недастатковасці навукова-метадычнай работы пры падрыхтоўцы тэстаў. Дададзім толькі, што па ключавых пытаннях метадычнага забеспячэння цэнтралізаванага тэсціравання мы працуем сумесна з Акадэміяй навук і Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй Рэспублікі Беларусь, актыўна супрацоўнічаем з замежнымі арганізацыямі, напрыклад, CITO (Галандыя) і міжнароднай арганізацыяй АЕА-Europe. Штогод увесь тэставы матэрыял, пададзены на цэнтралізаваным тэсціраванні, падвяргаецца жорсткай незалежнай экспертызе, якую арганізуе Дзяржаўная камісія па кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

Спынімся яшчэ на адным важным пытанні, вынесеным на абмеркаванне. Час, адведзены на выкананне тэста цэнтралізаванага тэсціравання (па матэматыцы – 180 мінут), не з’яўляецца чымсьці незвычайным у нас у параўнанні з іншымі краінамі. Той факт, што ў Расіі даецца больш часу (240 мінут) на выкананне тэста па матэматыцы, тлумачыцца наяўнасцю ў тэсце так званай часткі С, адказ на якую абітурыент афармляе, суправаджаючы графікамі, малюнкамі і разгорнутым тлумачэннем. Менавіта на графічнае афармленне адказу патрабуецца той дадатковы прамежак часу, які і даецца расійскаму абітурыенту.

Коратка растлумачым, як разлічваецца час, які адводзіцца для выканання тэста цэнтралізаванага тэсціравання. Час, неабходны для выканання асобных заданняў тэста і ўсяго тэста ў цэлым, вызначаецца па выніках апрабацыі тэставага матэрыялу. Кантынгент удзельнікаў пры гэтым фарміруецца ў асноўным з навучэнцаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, розных тыпаў – ад звычайных гарадскіх і сельскіх агульнаадукацыйных школ да гімназій і ліцэяў.

Акрамя гэтага, апрабацыя тэставага матэрыялу праводзіцца ў вышэйшых навучальных установах сярод студэнтаў першага году навучання, якія складаюць невялікую частку ад агульнай колькасці ўдзельнікаў. Час выканання кожнага задання ў кожнай групе ўдзельнікаў фіксуецца. Пасля заканчэння апрабацыі час, неабходны для выканання кожнага задання, разлічваецца як сярэдняе арыфметычнае, акругляючыся ў большы бок да наступнага цэлага значэння ў мінутах. Час, неабходны для выканання ўсяго тэста, вызначаецца сумай часавых адрэзкаў, неабходных для выканання кожнага задання, і яго канчатковае значэнне можа нязначна карэкціравацца ў залежнасці ад велічыні дысперсіі першасных балаў. Пры гэтым перавага аддаецца такой велічыні, пры якой дасягаецца максімум гэтай дысперсіі. Калі ў канкрэтнага абітурыента па стане здароўя маюцца адхіленні, звязаныя з некаторай марудлівасцю або затарможанасцю, то такі выпадак прадугледжаны Правіламі прыёму ў ВНУ. Для гэтага абітурыента маецца магчымасць арганізацыі ўступнага іспыту ў ВНУ ў традыцыйнай форме яго правядзення.

Глыбока памылковай з’яўляецца думка Ю. Залатухіна аб раздзяленні “атэстацыйнай і конкурснай кампаненты” цэнтралізаванага тэсціравання. Заўважым, што атэстацыйнай кампаненты ў цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы ніколі не было, няма і ў цяперашні момант. Задача цэнтралізаванага тэсціравання заключаецца ў забяспечванні роўных правоў і магчымасцей усіх абітурыентаў на атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у арганізацыі справядлівага конкурснага адбору. У сілу аб’ектыўных прычын немагчыма пры аднакратным тэсціраванні вырашыць праблему атэстацыі навучэнца і праблему конкурснага адбору ў ВНУ. Менавіта таму мы і з’яўляемся прыхільнікамі захавання правядзення выпускных экзаменаў у школах у традыцыйнай форме.

У заключэнне заўважым, што вось ужо на працягу пяці гадоў Правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ застаюцца нязменнымі. Тэхналогія правядзення цэнтралізаванага тэсціравання адпрацавана да драбніц. У 2010 г. не было адзначана ніводнага сур’ёзнага парушэння пры правядзенні ўступнай кампаніі. На гэтым фоне любыя кардынальныя новаўвядзенні ў адпрацаваную схему арганізацыі цэнтралізаванага тэсціравання неабходна вельмі ўважліва аналізаваць. Ажыццяўляць новаўвядзенні толькі дзеля самога працэсу штосьці перайначыць уяўляецца нам ірацыянальным.
М. Фяськоў

Дырэктар “Рэспубліканскага

інстытута кантролю ведаў”

P.S. У сваім пасляслоўі Ю.Залатухін з жалем піша, што “за рамкамі засталіся многія важныя пытанні падтрымкі сельскіх школьнікаў і дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, наступствы ўліку сярэдняга бала атэстата, якасць дапаможнікаў” і г.д.

Толькі хочацца яшчэ раз спытаць: як жа гэтыя прапановы стасуюцца з “працай над тэстамі па матэматыцы”?




: testing -> articles
articles -> Ці павінен настаўнік рыхтаваць сваіх вучняў да цт?
articles -> Традыцыі і навацыі Што дазваляе маленькай краіне трымаць лідарства ў галіне адукацыі
articles -> Мікалай фяськоў: "З матэматыкай "не сябруюць" не толькі беларускія школьнікі "
articles -> Усякі попыт заўсёды нараджае прапанаванне
articles -> Колькі працоўнага імпэту патрэбна настаўніку?
articles -> Ці правяраюць тэсты творчыя здольнасці ў абітурыентаў?
articles -> Хто ў шоку ад pisa?
articles -> Праграмнае забеспячэнне як сродак эфектыўнай падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання
articles -> Рэпліка Як правільна выбраць партытуру да эфектыўнага ўроку ?




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка