Праграма факультатыўных заняткаў для 8 класа ўстаноў



Дата канвертавання17.06.2016
Памер114.45 Kb.

powerpluswatermarkobject1


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі



Культура маўленчых паводзін
Праграма

факультатыўных заняткаў для 8 класа ўстаноў,

якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі,

з 12-гадовым тэрмінам навучання

Мінск 2007



Тлумачальная запіска
У якой бы сферы вытворчасці чалавек ні працаваў, што б ні рабіў, ён так ці інакш уступае ў маўленчыя ўзаеміны з іншымі людзьмі. Гэта неабходна ў час сумеснай працоўнай дзейнасці, пры стварэнні і ўмацаванні сям'і, у выхаванні дзяцей, у штодзённых зносінах. Высокі ўзровень культуры маўленчых узаемаадносін з'яўляецца важнай сацыяльнай характарыстыкай асобы. Сучаснае грамадства выпрацавала складаную сістэму правілаў паводзін, якія дапамагаюць людзям існаваць разам і выкананне якіх абавязковае для кожнага члена грамадства. Таму кожнаму члену грамадства неабходна перш за ўсё пазнаёміцца і разабрацца ў самых агульных пытаннях і правілах культуры маўленчых узаемін, а таксама маўленчага этыкету, які шмат у чым забяспечвае гэту культуру.

Факультатыўныя заняткі "Культура маўленчых паводзін" накіраваны на авалоданне школьнікамі правіламі маўленчых міжасобасных узаемаадносін і выпрацоўку ўмення карыстацца імі ў штодзённым жыцці. Навучанне правілам маўленчага ўзаемадзеяння актыўна ўплывае на многія характарыстыкі камунікатыўнай дзейнасці навучэнцаў. Заняткі, пабудаваныя на аснове ўвагі да асобы школьніка і на іх узаемадзеянні, маюць важнае выхаваўчае значэнне, пашыраюць агульны культурны ўзровень, садзейнічаюць развіццю ўспрыняцця, увагі, памяці, уяўлення, мыслення, што дазваляе больш паспяхова выконваць вучэбную дзейнасць, а таксама развіваюць эмацыянальную сферу асобы. Значны ўплыў аказваюць педагагічна правільна пабудаваныя маўленчыя ўзаеміны і на валявое развіццё падлеткаў. Удзел у разнастайных маўленчых сітуацыях, заснаваных на ўліку маральных прынцыпаў грамадства, будзе спрыяць развіццю мэтанакіраванасці, сабранасці, настойлівасці, рашучасці асобы, выхоўваць увагу і павагу да іншых людзей.



Мэта факультатыўных заняткаў "Культура маўленчых паводзін" – сфарміраваць асобу высокай культуры маўленчых паводзін.

Задачы:

  • дапамагчы школьнікам авалодаць ведамі і ўменнямі па культуры чалавечых узаемаадносін і суразмоўніцтву.

  • пазнаёміць з відамі маўленчай камунікацыі, правіламі паводзін моўцы і слухача;

  • навучыць арыентавацца ў маўленчай сітуацыі і змесце ўзаемаадносін;

  • навучыць разбірацца ў людзях, правільна іх ацэньваць, адэкватна эмацыянальна адгукацца на іх паводзіны і стан;

  • дапамагчы авалодаць моўным багаццем, назапашаным у грамадстве для выражэння неканфліктных, добразычлівых адносін да людзей;

  • навучыць выбіраць у адносінах да кожнага з суразмоўцаў спосаб узаемін, які б не разыходзіўся з правіламі маўленчых паводзін і ў той жа час найлепшым чынам адпавядаў індывідуальным асаблівасцям тых, з кім даводзіцца ўступаць ва ўзаеміны.

Праграма факультатыва пабудавана з улікам асобасна арыентаванага, матывацыйна-мэтавага і камунікатыўна-дзейнаснага падыходаў да навучання мове ў школе. Неабходна ўсведамляць, што ўмовай паспяховага фарміравання культуры маўленчых паводзін школьнікаў з'яўляецца належная выхаванасць іх эмацыянальнай сферы, якая праяўляецца ва ўменні суперажываць іншым: разумець чужыя думкі, пачуцці, учынкі. Таму варта наладжваць вучэбныя заняткі на аснове ўзаемадзеяння – гульнявога, практычнага, пазнавальнага. У час чытання і аналізу адпаведнага лінгвістычнага матэрыялу, урыўкаў з мастацкіх твораў, якія вывучаліся школьнікамі на ўроках літаратуры ў 5-8 класах, артыкулаў з часопісаў і газет вучні знаёмяцца з правіламі маўленчых паводзін у розных сітуацыях і спосабах іх моўнага выражэння. Не менш важна, каб у час практычных відаў вучэбнай дзейнасці, арганізаваных на ўроку (складанне і прамаўленне разнастайных дыялогаў, інсцэніроўка дыялагічных тэкстаў, абмеркаванне рэальных учынкаў знаёмых і аднакласнікаў і інш.), вучні набылі неабходныя ўменні і навыкі і, зразумела, выкарыстоўвалі іх у штодзённых узаемаадносінах з сябрамі, бацькамі, настаўнікамі, суседзямі, незнаёмымі людзьмі.

ПРАГРАМА

(34 гадзіны на год)
Маўленчыя ўзаемаадносіны ( 3 гадзіны)
Паняцце маўленчых узаемаадносін, іх мэты. Віды маўленчай дзейнасці: гаварэнне, пісьмо (перадача інфармацыі); слуханне, чытанне (успрыняцце зместу тэксту). Віды маўленчых узаемаадносін:

1) па становішчы камунікантаў у прасторы і часе: кантактнае – дыстантнае;

2) па наяўнасці ці адсутнасці якіх-небудзь пасрэднікаў (апаратаў): непасрэднае – апасрэдаванае (лісты , кнігі, тэлефон,, радыё, тэлебачанне, камп’ютэр і інш.);

3) па форме існавання мовы: вуснае – пісьмовае;

4) з пазіцыі слухача і моўцы: дыялагічнае – маналагічнае;

5) па колькасці ўдзельнікаў: міжасобаснае – масавае;

6) з пазіцыі ўзаемаадносін суразмоўцаў і абставін: прыватнае – афіцыйнае;

7) па характары перадаваемага зместу: інфарматыўнае (навуковыя, афіцыйныя, публіцыстычныя тэксты) – фактычнае (бытавыя размовы, размовы па тэлефоне).



Вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу, яго абмеркаванне; чытанне і аналіз урыўкаў з мастацкіх твораў ,публіцыстычных тэкстаў, вызначэнне мэты ўзаемаадносін, іх відаў.

Паняцце маўленчай сітуацыі (3 гадзіны)

Комплекс сітуацыйных прыкмет маўленчай сітуацыі: аўтар і адрасат, тэма, месца і час маўлення, прычына і мэта. Знешнія абставіны (месца, час і тэма) і ўнутраная рэакцыя партнёраў (прычына і мэта маўлення). Выяўленне сацыяльнай ролі моўцы ў этыкетным уступе ў маўленчы кантакт. Камунікатыўныя намеры ў адносінах да іншых людзей: папрасіць, паабяцаць, пераканаць, ухваліць, забараніць, параіць, сагітаваць, дазволіць, удакладніць, перапытаць і інш., іх моўнае выражэнне.



Знаёмства з тэарэтычным матэрыялам, выказванні на адпаведную тэму; чытанне і абмеркаванне прапанаваных прыкладаў маўленчых сітуацый; выяўленне аўтара і адрасата, тэмы, месца і часу маўлення, прычыны і мэты; камунікатыўных намераў; выяўленне сацыяльнай ролі моўцы па этыкетных выразах.
Правілы маўленчых паводзін для моўцы (6 гадзін)

Добразычлівыя, паважлівыя адносіны да суразмоўцы (забараняецца крыўдзіць, абражаць, выказваць пагарду).

Дарэчная ветлівасць (улік узросту, полу, службовага і грамадскага становішча адрасата, суаднясенне са сваімі ўласнымі сацыяльнымі прыкметамі).

У цэнтр увагі свая асоба не ставіцца (неабходна быць сціплым у самаацэнках, не навязваць настойліва і катэгарычна сваіх меркаванняў і ацэнак, умець зразумець партнёра, валодаць пачуццём эмпатыі).

У цэнтры ўвагі слухач (з улікам яго асобы, дасведчанасці ў тэме, ступені зацікаўленасці, наяўнасці вольнага часу і інш).

Тэма для размовы павінна быць дарэчная ў дадзенай сітуацыі, цікавая і зразумелая для суразмоўцы.

Захаванне логікі разгортвання тэмы (высновы не супярэчаць пасылцы, следства выводзіцца з прычын; выразная кампазіцыя тэксту, выказванне падзяляецца на сэнсавыя часткі, тэма разгортваецца паслядоўна).

Улік мяжы сэнсавага ўспрыняцця тэксту і канцэнтрацыі ўвагі ў слухача. Працягласць вуснага выказвання, час выказвання. Сродкі актывізацыі ўвагі: наяўнасць паўз, паўтор звароткаў, ужыванне сродкаў аўтарызацыі і адраснасці тэксту, інфармацыя пра далейшыя намеры аўтара, пра пабудову тэксту, паслядоўнасць думак і інш.

Адбор моўных сродкаў у адпаведнасці з абранай стылістычнай танальнасцю тэксту, арыентацыя не толькі на адрасата, але і на сітуацыю ўзаемін увогуле, на афіцыйнасць або неафіцыйнасць абставін.

Улік прынятых у дадзенай нацыянальнай і сацыяльнай культуры сігналаў невербальнай камунікацыі: дыстанцыя, жэсты, позы, міміка, агульная манера трымацца і інш.



Знаёмства з правіламі паводзін для моўцы, іх абмеркаванне; аналіз прапанаваных прыкладаў, узятых з часопісаў, газет, мастацкіх твораў, відэаматэрыялаў, уласных назіранняў, ацэнка паводзін моўцы, яго маўлення; падрыхтоўка і прамаўленне дыялогаў на абраную тэму, іх аналіз, карэкціроўка, напісанне творчых работ на адпаведную тэму.
Правілы маўленчых паводзін для слухачоў (4 гадзіны)

Перавага слуханню перад усімі відамі дзейнасці. Увага да моўцы, уменне выбраць слухача на службе, у магазіне, у транспарце і да т.п.

Паважлівыя адносіны да партнёра: добразычлівасць, уважлівасць і цярплівасць, уменне выслухаць.

Паводзіны слухача ў час суразмоўніцтва: не рэкамендуецца перабіваць моўцу, збіваць з думкі, устаўляць недарэчныя або колкія заўвагі, пераводзіць слуханне ва ўласнае гаварэнне.

Уменне, не перабіваючы і не перапыняючы суразмоўцу, пастаянна праяўляць сваю камунікатыўную ролю слухача (з дапамогай выклічнікаў, жэстаў, мімікі і інш.).

Уменне спалучаць ролю слухача з роляй моўцы: своечасова ацэньваць маўленне суразмоўцы, згаджацца або не згаджацца з ім, адказваць на пастаўленыя пытанні. У дыялогу даецца магчымасць гаварыць іншаму, не варта пазбягаць ролі слухача: "Слова – серабро, а маўчанне – золата".

Паводзіны у маўленчай сітуацыі, калі слухачоў больш, чым два: не рэкамендуецца адказваць на пытанне, зададзенае іншаму, увогуле рэагаваць на маўленне, накіраванае не да цябе; калі ж адрасат не рэагуе на пытанне (што з'яўляецца парушэннем правілаў паводзін), то іншыя слухачы могуць уступіць у размову, тым самым ратуючы становішча ў агульнай гутарцы.

Чытанне і абмеркаванне правілаў паводзін для слухача; аналіз прапанаваных прыкладаў, узятых з часопісаў, газет, мастацкіх твораў, відэаматэрыялаў, ацэнка паводзін слухача ; састаўленне і прамаўленне дыялогаў на абраную тэму, іх аналіз, карэкціроўка, напісанне творчых работ на адпаведную тэму.
Паняцце камунікатыўнай прасторы суразмоўцаў (4 гадзіны)

Уплыў і ўлік прысутнасці іншых людзей: Гаварыце цішэй! Не так гучна! Пагаворым сам на сам! Трэба пагаварыць без сведкаў! Уменне перанесці размову ў часе і прасторы: Пагаворым іншым разам! Абмяркуем у іншым месцы!

Дарэчны выбар тэмы абмеркавання ў прысутнасці трэцяй асобы.

Правілы маўленчых паводзін у грамадскіх месцах: у бібліятэцы, у магазіне, у тэатры, у грамадскім транспарце і інш.

Размова для дваіх, разлічаная на прысутнасць трэцяй асобы, – арыентацыя на іншага слухача (пазіцыя ўскоснага адрасата).

Моўныя сродкі ўключэння ў размову іншых прысутных: Выбачайце, што я ўмешваюся..; Я выпадкова пачуў, што вы сказалі ... Шляхі нейтралізацыі пастаронняга: спыненне размовы, перанос узаемін у іншае месца. Пазбяганне грубасці: Вас не пытаюцца! А вам якая справа! Абыдземся без парад! Не ваша справа!



Вывучэнне тэарэтычнага матэрыялу па тэме, яго абмеркаванне, падбор адпаведных прыкладаў з уласнага вопыту, прагледжаных кінафільмаў і тэлеперадач; чытанне і аналіз адпаведных урыўкаў з мастацкіх твораў, публіцыстычных артыкулаў. Складанне дыялогаў і ўдзел у дыялогах па зададзенай або самастойна вызначанай маўленчай сітуацыі і тэме маўлення.
Этыкет камп’ютэрных узаемаадносін (5 гадзін)

Камп’ютэрныя ўзаемаадносіны як распаўсюджаны від камунікацыі.

Формы камп’ютэрных зносін: вусная (пры наяўнасці галасавога мадэма) і пісьмовая (тэставая і графічная); актуальная (узаемаадносіны з рэальнымі людзьмі) і віртуальная (абмен інфармацыі з уяўным суразмоўцам). Жанры камп’ютэрных зносін: 1) электронная пошта (асабістая перапіска, афіцыйны абмен інфармацыяй і запыт інфармацыі); 2) “чат” – нефармальныя зносіны ў рэальным часе; 3) электронныя дошкі аб’яў; 4) камп’ютэрныя канферэнцыі.

Асноўныя прыкметы камп’ютэрных зносін: 1) электронны сігнал як канал зносін; 2) віртуальнасць; 3) дыстантнасць; 4) апасрэдаванасць; 5) высокая ступень пранікальнасці; 6) наяўнасць гіпертэксту; 7) пераважна статусная раўнапраўнасць удзельнікаў; 8) перадача пачуццяў, мімікі з дапамогай “смайлікаў”.

Маўленчыя правілы паводзін суразмоўцаў у камп’ютэрным асяроддзі:

1) не дазваляецца адхіляцца ад абранай тэмы зносін;

2) неабходна абавязкова захоўваць лагічную паслядоўнасць выказвання, лаканічнасць, строгі падзел паведамлення на сэнсавыя часткі;

3) для памякчэння катэгарычнасці сцвярджэнняў прынята выкарыстоўваць “смайлікі”;

4) строга забараняецца ўжываць абразлівую, грубую, лаянкавую лексіку;

5) фарматныя абмежаванні, звязаныя з працягласцю пісьма;

6) пэўныя забароны на некаторыя віды пісем (chain-letters);

7) патрабуецца прайсці папярэднюю падрыхтоўку перад удзелам у камп’ютэрнай канферэнцыі.

Скарачэнні ў камп’ютэрных зносінах. Незвычайныя формы ўзмацнення экспрэсіўнасці паведамлення. Моўныя спосабы ўпарадкавання аргументацыі. Моўнае выражэнне сваёй пазіцыі. Спосабы заахвочвання суразмоўцаў да зваротнай рэакцыі, далучэння да ўзаемін.

Знаёмства з разнастайнымі прыкладамі камп’ютэрных узаемаадносін, іх аналіз і характарыстыка. Вывучэнне правілаў напісання электронных лістоў, абмену меркаваннямі, інфармацыяй ў рэальным часе. Праца на камп’ютэры: напісанне электронных лістоў і адказаў, нефармальныя зносіны ў рэальным часе; сама- і ўзаемаацэнка вынікаў працы.
Паняцце стэрэатыпу маўленчых узаемін (8 гадзін)

Пісаныя і няпісаныя законы сацыяльных паводзін. Маўленчыя формулы (клішэ) у штодзённа паўтараемай сітуацыі. Стандартызаваныя выразы ў розных стылях маўлення: афіцыйным, гутарковым, мастацкім, публіцыстычным, навуковым. Маўленчы этыкет як сістэма правіл паводзінаў чалавека ў тыповых маўленчых сітуацыях. Тыповыя маўленчыя сітуацыі і адпаведныя формулы маўленчага этыкету. Ветлівасць як форма маўленчых паводзін, яе адлюстраванне ў маўленні: лексічныя сродкі, граматычныя катэгорыі, выразы маўленчага этыкету.. Этыкетнае значэнне назваў самога сябе і іншых. Функцыі і формы звароту да знаёмых і незнаёмых. Ужыванне ты/Вы-формаў звароту да знаёмых і незнаёмых людзей. Дарэчнасць ужывання мімікі і жэстаў як невербальных сродкаў маўленчых узаемаадносін.



Знаёмства з адпаведным тэарэтычным матэрыялам, вусныя выказванні на прапанаваную тэму; ацэнка ўжывання стандартызаваных выразаў у тэкстах розных стыляў; падрыхтоўка дыялогаў па зададзенай маўленчай сітуацыі, іх сама- і ўзаемаацэнка, карэкціроўка.
Патрабаванні да ведаў, уменняў і навыкаў:

1) ведаць віды маўленчай камунікацыі, правілы маўленчых паводзін у пэўных маўленчых сітуацыях, формулы маўленчага этыкету;

2) арыентавацца ў маўленчай сітуацыі і змесце камунікацыі, адэкватна аналізаваць пачуцці моўцы, немаўленчыя сродкі зносін, маўленчыя намеры і адпаведна рэагаваць на іх;

3) ужываць згодна з маўленчай сітуацыяй і зместам камунікацыі адпаведныя моўныя сродкі для наладжвання неканфліктных, добразычлівых і паспяховых узаемаадносін.



Літаратура


    1. Акишина, А.А. Этикет русского телефонного разговора / А.А.Акишина. – М.: Русский язык, 1990.

    2. Верещагин, Е.М.,. Язык и культура / Е.М.Верещагин, В.Г.Костомаров. – М.: Индрик, 1991.

    3. винокур, М.Г. Говорящий и слушающий: Варианты речевого поведения / М.Г.Винокур. – М.:Наука, 1993.

    4. Выслоўі / Склад., сістэмат. тэкстаў, уступ. артыкул і камент. М.Грынбланта. Рэд. тома А.Фядосік. – Мн.: Навука і тэхніка, 1979.

    5. Галичкина, Е.Н. Специфика компьютерного этикета / Е.Н.Галичкина // Языковая личность: аспекты лингвистики и лингводидактики: Сб. научн.трудов. / ВГПУ. – Волгоград: Перемена, 1999. – С. 93-98.

    6. Казарцева, О.М. Культура речевого общения: теория и практика обучения / О.М.Казарцева. – М.: Флинта: Наука, 2003.

    7. Канюшкевіч, М. Лінгвістычныя апазіцыі ў люстэрку беларускага маўленчага этыкету / М.Канюшкевіч // Роднае слова. –1999.-- №3.— С.76—83. №10. – С.95—100.

    8. Коткова, Н.Ф. Обучение речевому этикету / Н.Ф.Коткова. // Адукацыя і выхаванне. –2002-- №7.—С.55-58.

    9. Піваварчык, Т. Моўныя паводзіны камунікантаў у сітуацыі развітання/ Т.Піваварчык // Зборнік артыкулаў аспірантаў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта. – Гродна, 1996.—С.93—98.

    10. Піваварчык, Т.А. "Братка беларус…". Роднай мовы чулыя і ветлівыя словы / Т.А.Піваварчык // Роднае слова.--2002--№9.—С.39—42.

    11. Піваварчык, Т.А. Ласкавае слоўка, як сонейка, грэе / Т.А.Піавварчык // Роднае слова.—2002.-- №10.—С.27—30.

    12. Піваварчык, Т.А. Маўленчаэтыкетная сітуацыя "абяцанне": Жанравыя разнавіднасці / Т.А.Піваварчык // Роднае слова.—2000.-- №6.—С.43—46. №7. – С.46—49.

    13. Піваварчык, Т.А. Маўленчая сітуацыя "парада": структура і этыкетныя формулы / Т.А.Піваварчык // Роднае слова.—2001-- №5.— С.47—50.

    14. Соколова, В.В. Культура речи. Культура общения / В.В.Соколова. – М.: Просвещение, 1995.

    15. Старавойтава, Н. Гісторыя і сучаснасць беларускага слоўнага этыкету / Н.Старавойтава // Роднае слова. –2006. -- №6.—С.39—42.

    16. Формановская, Н.И. Культура общения и речевой этикет/ Н.И.Формановская. – М.: Икар, 2005,

    17. Формановская, Н.И. Речевое общение: коммуникативно-прагматический подход / Н.И.Формановская. – М.: Рус. яз., 2002.

    18. Яўменава, І.І. Нацыянальна-моўная канцэптуалізацыя часу ў формулах беларускага маўленчага этыкету / І.І.Яўменава // Беларуская мова і мовазнаўства на рубяжы ІІІ тысячагоддзя. – Мн.: Выдавецтва “Права і эканоміка”, 2000.—С.244--246.



: wp-content -> uploads -> 2014 -> umodos -> fakult1
fakult1 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь Нацыянальны інстытут адукацыі
fakult1 -> С. М. Якуба сакрэты словазмянення І формаўтварэння вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для VI класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання Мінск 2010 Тлумачальная запіска
fakult1 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь “мастацтва выцінанкі”
fakult1 -> Г. М. Валочка В. У. Зелянко
fakult1 -> Г. М. Валочка, С. А. Язерская
fakult1 -> Гэты няпросты просты сказ вучэбная праграма
fakult1 -> Навукова-метадычная установа “нацыянальны інстытут адукацыі” міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь
fakult1 -> Т. У. Логінава Т. І. Мароз
fakult1 -> Нацыянальны інстытут адукацыі
fakult1 -> Грані слова праграма факультатыўных заняткаў для V класа




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка