Праграма факультатыўных заняткаў для X класа



Дата канвертавання30.06.2016
Памер137.1 Kb.

powerpluswatermarkobject3


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі

В.У. Зелянко

БЕЛАРУСКАЯ ТРАДЫЦЫЙНАЯ КУЛЬТУРА
Ў ЛЮСТЭРКУ МОВЫ



ПРАГРАМА

факультатыўных заняткаў для X класа

агульнаадукацыйных устаноў

з беларускай і рускай мовамі навучання

Мінск 2008



Тлумачальная запіска

Адной з задач вывучэння прадмета “Беларуская мова”, акрэсленых адукацыйным стандартам, з’яўляецца ўсведамленне вучнямі мовы як феномена культуры, у якім знайшлі адбітак яе праяўленні. Рэалізацыю названай задачы забяспечвае лінгвакультуралагічны падыход, звязаны з вывучэннем мовы праз прызму нацыянальнай і сусветнай культур. У аснову ўказанага падыходу пакладзена формула “мова + культура”, якая ў выніку лінгвістычных, культуралагічных, псіхалінгвістычных і лінгвадыдактычных даследаванняў апошніх дзесяцігоддзяў трансфармавалася ў пастулат “культура праз мову і мова праз культуру”, або “прысваенне фактаў культуры ў працэсе выкарыстання мовы і авалоданне мовай на аснове прысваення фактаў культуры” (Я.І. Пасаў).

Уласцівасць мовы адлюстроўваць адметнасць культуры яе носьбітаў абумоўлена кумулятыўнай функцыяй мовы, якая заключаецца ў назапашванні і захаванні традыцый, гістарычных здабыткаў, нацыянальнай свядомасці народа. Мову ў яе кумулятыўнай функцыі даследчыкі разглядаюць як механізм, што спрыяе кадзіраванню і трансляцыі культуры.

Інтэграваны курс “Беларуская традыцыйная культура ў люстэрку мовы” раскрывае перад старшакласнікамі багацце і унікальнасць традыцыйнай культуры, пад якой разумеюць “тып культуры, дзе прэвалююць звычаі і традыцыі, а змены і навацыі непрыкметныя для жыцця аднаго пакалення” (У.А. Лобач). У кантэксце ўзаемазвязанага вывучэння мовы і традыцыйнай культуры беларускага народа аб’ектам увагі на занятках становяцца культурна афарбаваныя моўныя адзінкі, якія з’яўляюцца прадуктам кумулятыўнай функцыі мовы і тым ці іншым элементам сваёй семантыкі або структуры адлюстроўваюць сувязь мовы і культуры:



  • найменні прадметаў і з’яў традыцыйнага беларускага побыту;

  • безэквівалентная лексіка;

  • міфалагізаваныя моўныя адзінкі, абрадава-рытуальныя формы культуры, замацаваныя ў фразеалагізмах, парэміях, вобразна-метафарычных адзінках;

  • прыказкі і прымаўкі, паходжанне і функцыянаванне якіх звязана з традыцыйнай культурай беларусаў;

  • сімвалы нацыянальнай культуры;

  • традыцыйныя формы маўленчых паводзін;

  • тэксты як адзінкі культуры.

Вывучэнне этнаграфічных тэм, уключаных у праграму курса (традыцыйныя гаспадарчыя заняткі беларусаў, народнае жыллё, адзенне, кухня, сямейная і каляндарная абраднасць, фальклор, народная музыка, харэаграфія, рэлігійныя вераванні, народныя веды), стварае ўмовы для асэнсавання старшакласнікамі самабытнасці, эстэтычнай каштоўнасці традыцыйнай матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа.

Арганізуючы заняткі, настаўніку варта памятаць, што найбольш выразна нацыянальная спецыфіка айчыннай культуры і роднай мовы раскрываецца пры параўнанні культур і моў. Дыялог культур на занятках курса будзе спрыяць усведамленню вучнямі адметнага і агульнага ў моўных сістэмах, культурных традыцыях, ладзе жыцця беларускага і іншых народаў, выхаванню павагі да культурных каштоўнасцей народаў свету.



Мэтай прапанаванага курса з’яўляецца культуралагічнае развіццё асобы вучня сродкамі нацыянальна афарбаваных рэсурсаў беларускай мовы, у якіх знайшлі адбітак рэаліі традыцыйнай этнакультуры.

Дасягненне ўказанай мэты прадугледжвае вырашэнне наступных задач:



  • узбагаціць веды вучняў пра традыцыйную матэрыяльную і духоўную культуру беларускага народа;

  • выпрацаваць уменне выяўляць культурны фон, які стаіць за моўнымі адзінкамі – назвамі рэалій традыцыйнай культуры;

  • фарміраваць навык лінгвакультуралагічнага аналізу навуковых, публіцыстычных, мастацкіх тэкстаў культуразнаўчага зместу;

  • удасканальваць уменне правільна ўжываць у маўленні нацыянальна маркіраваную лексіку;

  • выхоўваць пачуццё павагі да культурных каштоўнасцей беларускага і іншых народаў.

Праца над словам і тэкстам у лінгвакультуралагічным аспекце прадугледжвае выкарыстанне на занятках разнастайных метадаў і прыёмаў:

  • паведамленне настаўніка;

  • гутарка;

  • экстралінгвістычны каментарый, які ўключае інфармацыю пра паходжанне, значэнне слова (спалучэння слоў, выказвання), функцыю прадмета традыцыйнай культуры;

  • аналіз нацыянальна маркіраваных моўных адзінак рознага ўзроўню, які можа ўключаць:

    • выяўленне нацыянальна-культурнага кампанента значэння слоў (спалучэнняў слоў, выказванняў), іх лексічнага фона;

    • высвятленне этымалогіі і ўнутранай формы слова;

    • выяўленне канататыўных і сімвалічных значэнняў моўных адзінак;

    • складанне асацыятыўных палёў са словам;

    • параўнанне фразеалагізмаў беларускай і іншых моў;

  • праца з энцыклапедычнымі і лінгвістычнымі слоўнікамі;

  • складанне слоўнікавых артыкулаў лінгвакультуралагічнага характару, у якіх адлюстроўваецца намінатыўная функцыя моўных адзінак і экстралінгвістычная інфармацыя, “закадзіраваная” ў іх;

  • вусныя і пісьмовыя выказванні вучняў на этнаграфічныя і лінгвакультуралагічныя тэмы;

  • падрыхтоўка анатацый, рэцэнзіій, водгукаў на публікацыі, прысвечаныя традыцыйнай культуры беларусаў, этналінгвістычным праблемам;

  • напісанне перакладаў, пераказаў, сачыненняў;

  • наведванне краязнаўчых, этнаграфічных, мастацкіх музеяў (напрыклад, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея беларускага народнага мастацтва і інш.) з наступным напісаннем водгукаў і інш.

На занятках курса мэтазгодна выкарыстоўваць прыём канцэптуальнага аналізу слова (Н.Л. Мішаціна), які ўключае тры кампаненты:

  • раскрыццё лексічнага значэння слова з дапамогай лінгвістычных і энцыклапедычных слоўнікаў (слоўнікавы партрэт слова);

  • раскрыццё дадатковага (канататыўнага) значэння слова, якое выяўляецца ў словазлучэнні і мікратэксце (кантэкстуальна-метафарычны партрэт слова);

  • раскрыццё семантыкі слова на ўзроўні тэксту і ў дыялогу культур (слоўны партрэт канцэпту).

Асноўным напрамкам працы на занятках з’яўляецца лінгвакультуралагічны аналіз культуразнаўчых тэкстаў, накіраваны на “здабыванне з вобраза яго культурнай значнасці” (В.А. Маслава). Ён уключае выяўленне нацыянальна-культурнага кампанента сэнсу тэкстаў і аналіз іх моўнага афармлення.

У якасці наглядных дапаможнікаў настаўнік можа выкарыстаць багаты фота- і ілюстрацыйны матэрыял альбомаў “Вечназялёнае дрэва рамёстваў” Я. Сахуты (1997), “Беларускае народнае адзенне” М. Раманюка (1981), ілюстраваных выданняў “Мужчынскі касцюм на Беларусі” В.М. Бялявінай, Л.В. Ракавай (2007), “Беларускі народны касцюм” Л.І. Маленкі (2001), “Народная культура Беларусі” (2002), “Этнаграфія Беларусі” (1989), “Музыкальные инструменты мира” (2001), “Костюмы народов мира” Р. Хэральда (2002) і інш.

Такім чынам, у выніку вывучэння прапанаванага курса старшакласнікі не толькі атрымліваюць культуразнаўчую інфармацыю этнаграфічнага і лінгвакультуралагічнага характару, але і набываюць уменні карыстацца ёю з мэтай забеспячэння паўнацэннай камунікацыі, фарміруюць уласнае культурнае аблічча.
Змест курса (34 гадзіны)

I. Мова як крыніца звестак пра культуру народа – яе носьбіта (2 гадзіны)

1. Узаемасувязь мовы і культуры (1 гадзіна).

Даследаванні мовы як культурнага кода нацыі з пазіцый лінгвакультуралогіі, этналінгвістыкі, лінгвакраязнаўства, этнапсіхалінгві–стыкі. Паняцце моўнай карціны свету. Беларуская мова як кампанент нацыянальнай культуры. Праяўленне нацыянальнай самабытнасці мовы ў яе ідыяматыцы.



2. Традыцыйная культура – каштоўная частка гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа (1 гадзіна).

Паняцце традыцыйнай культуры. Адлюстраванне беларускіх звычаяў і традыцый у моўных адзінках з нацыянальна-культурным кампанентам значэння (безэквівалентнай лексіцы, фразеалагізмах, прыказках, прымаўках і інш.). Сімвалічнасць мовы традыцыйнай культуры. Сімвал як знак “мовы” культуры.



II. Выяўленне ў беларускай мове самабытнасці традыцыйнай матэрыяльнай культуры (12 гадзін).

1. Адлюстраванне ў лексіцы і фразеалогіі беларускай мовы спецыфікі традыцыйных гаспадарчых заняткаў беларусаў (3 гадзіны).

Традыцыйныя гаспадарчыя заняткі беларусаў. Нацыянальна-гістарычная афарбоўка моўных адзінак – назваў прылад працы. Праявы асаблівасцей беларускага нацыянальнага характару ў фразеалагізмах, прыказках і прымаўках на тэму працы.



2. Традыцыйнае жыллё беларусаў у люстэрку мовы (3 гадзіны).

Нацыянальная спецыфіка традыцыйных форм паселішчаў беларусаў. Моўныя адзінкі-назвы жыллёвых і гаспадарчых пабудоў як носьбіты этнакультуразнаўчай інфармацыі пра народны побыт. Роля апісанняў інтэр’ера традыцыйнага жылля ў творах мастацкай літаратуры і публіцыстыкі.



3. Беларускі народны касцюм у моўным асвятленні (3 гадзіны).

Назвы беларускага традыцыйнага адзення, дэкаратыўных элементаў для аздаблення адзення, іх роля ў стварэнні нацыянальнага каларыту мовы. Функцыя слоў-найменняў адзення ў мастацкіх тэкстах-апісаннях знешняга выгляду літаратурных персанажаў.



4. Беларуская традыцыйная кухня ў люстэрку мовы (3 гадзіны).

Безэквівалентныя найменні нацыянальных страў як крыніца звестак пра традыцыйную кухню беларусаў. Адлюстраванне ў мастацкай літаратуры кулінарных традыцый беларускага народа. Назвы нацыянальных страў народаў свету ў сучаснай беларускай мове.



III. Выяўленне ў беларускай мове самабытнасці традыцыйнай духоўнай культуры (19 гадзін).

1. Нацыянальна-культурная адметнасць сямейнай абраднасці беларусаў (3 гадзіны).

Сямейная абраднасць як крыніца інфармацыі пра калектыўны жыццёвы вопыт, лад жыцця народа. Семантычная і сімвалічная характарыстыка прадметаў, дзеянняў, асоб у вясельным абрадзе. Магічны сэнс вербальнага кампанента радзіннага абраду. Вобразнасць, эмацыянальнасць мовы вясельных, радзінных, хрэсьбінных песень, хаўтурных галашэнняў.



2. Нацыянальна-культурная спецыфіка каляндарнай абраднасці беларусаў (3 гадзіны).

Сімволіка прадметаў і дзеянняў у каляндарных абрадах, функцыі і асноўныя рысы іх вербальных кампанентаў. Багацце выяўленчых сродкаў мовы калядных, валачобных, купальскіх, жніўных, восеньскіх песень.



3. Праявы народнага характару ў мове фальклорных твораў (3 гадзіны).

Разнастайнасць малых фальклорных жанраў. Трапнасць, вобразнасць мовы народных выслоўяў (жартаў, вітанняў, зычэнняў, ветлівых і ласкавых зваротаў, праклёнаў, параўнанняў і інш.). Адлюстраванне ў іх светапогляду, псіхалогіі, маральна-этычных каштоўнасцей беларускага народа. Функцыі вобразаў, запазычаных з фальклорных твораў, у мастацкіх тэкстах.



4. Народнае музычнае мастацтва праз прызму мовы (2 гадзіны).

Словы-назвы народных музычных інструментаў, іх функцыянаванне ў якасці кампанентаў фразеалагізмаў. Найменні музычных інструментаў народаў свету ў сучаснай беларускай мове. Культуралагічны патэнцыял мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў, прысвечаных народнаму музычнаму мастацтву.



5. Народная харэаграфія, адлюстраваная ў мове (2 гадзіны).

Моўныя адзінкі-назвы традыцыйных беларускіх танцаў, карагодаў як носьбіты культуразнаўчай інфармацыі аб народнай харэаграфічнай творчасці. Адлюстраванне ў танцах народаў свету асаблівасцей этнічнага побыту людзей, рыс нацыянальнага характару.



6. Адлюстраванне ў мове традыцыйных рэлігійных вераванняў беларусаў (3 гадзіны).

Праявы старажытных міфалагічных уяўленняў славян у сучасных значэннях міфалагізаваных моўных адзінак. Назвы дэманалагічных істот, іх функцыянаванне ў складзе прыказак, прымавак, фразеалагізмаў, народных выслоўяў.



7. Народныя веды, увасобленыя ў мове (3 гадзіны).

Уласцівасць народнай свядомасці надзяляць з’явы рэчаіснасці глыбінным сэнсам. Сістэма метэаралагічных назіранняў беларусаў. Беларускі народны каляндар, этымалогія назваў месяцаў у беларускай мове (у параўнанні з іншымі мовамі), сімволіка дзён тыдня. Народная метралогія.



IV. Падагульненне вывучанага (1 гадзіна)

Адлюстраванне ў беларускай мове багатага жыццёвага вопыту народа, яго псіхалогіі, маральна-этычных і эстэтычных ідэалаў і каштоўнасцей. Уплыў нацыянальных звычаяў і традыцый на характар моўнай карціны свету.


Прагназуемыя вынікі:

У выніку вывучэння курса вучні павінны ўмець:



  • выяўляць у фальклорных творах, тэкстах мастацкай літаратуры, публіцыстыкі нацыянальна афарбаваныя адзінкі мовы – найменні рэалій традыцыйнай культуры беларусаў;

  • раскрываць унутраную форму слоў, якія абазначаюць з’явы матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа;

  • тлумачыць (самастойна або з дапамогай лінгвістычных і энцыклапедычных слоўнікаў) культурную семантыку слоў, якія называюць факты традыцыйнай беларускай культуры;

  • раскрываць сэнс сімвалаў нацыянальнай культуры;

  • вызначаць функцыю нацыянальна маркіраваных адзінак мовы ў культуразнаўчых тэкстах;

  • правільна ўжываць у маўленчай дзейнасці нацыянальна афарбаваную лексіку;

  • выкарыстоўваць факты беларускай і іншых моў для ацэнкі з’яў традыцыйнай культуры.


Рэкамендаваная літаратура

    1. Аляхновіч, Ю. Дні тыдня ў беларускіх і англійскіх фразеалагізмах / Ю. Аляхновіч // Роднае слова. – 2006. – № 6. – С. 81 – 82.

    2. Анталогія беларускай народнай прыказкі, прымаўкі і выслоўя / уклад. А.С. Фядосік. – Мінск: Ураджай, 2002. – 298 с.

    3. Беларускія народныя абрады / склад. Л.П. Касцюкавец. – Мінск: Беларусь, 1994. – 128 с.

    4. Бялявіна, В.М. Мужчынскі касцюм на Беларусі / В.М. Бялявіна, Л.В. Ракава. – Мінск: Беларусь, 2007. – 303 с.

    5. Валодзіна, Т.В. Семантыка рэчаў у духоўнай спадчыне беларусаў / Т.В. Валодзіна. – Мінск: Тэхналогія, 1999. – 167 с.

    6. Вечназялёнае дрэва рамёстваў = The evergreen tree of trades: альбом-каталог / склад. Я. Сахута. – Мінск: Чатыры чвэрці, 1997. – 55 с.

    7. Дубянецкі, Э.С. Таямніцы народнай душы: кніга для вучняў / Э.С. Дубянецкі. – Мінск: Народная асвета, 1995. – 47 с.

    8. Казакова, І.В. Беларускі фальклор: вучэб. дапаможнік / І.В. Казакова. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2007. – 309 с.

    9. Казакова, І.В. Традыцыйная сямейная абраднасць беларусаў / І.В. Казакова // Народная асвета. – 2007. – № 5. – С. 85 – 88; № 9. – С. 83 – 87; № 10. – С. 84 – 88; № 11. – С. 72 – 76.

    10. Касько, У.К. Палескі дзівасіл: бел. нар. прыказкі, прымаўкі, выслоўі: са скарбніцы А.К. Сержпутоўскага / У.К. Касько. – Мінск: Вышэйшая школа, 2005. – 383 с.

    11. Коваль, У.І. Народныя ўяўленні, павер’і і прыкметы: даведнік па ўсходнеславянскай міфалогіі / У.І. Коваль. – Гомель: Бел. агенцтва навук.-тэхн. і дзелавой інфармацыі, 1995. – 180 с.

    12. Котаў, М.К. Народныя гульні, карагоды, танцы / М.К. Котаў. – Мінск: Светач, 2006. – 72 с.

    13. Крук, І.І. Следам за сонцам: беларускі народны каляндар / І.І. Крук. – Мінск: Ураджай, 1998. – 216 с.

    14. Крук, Я. Сімволіка беларускай народнай культуры / Я. Крук. – 2-е выд. – Мінск: Беларусь, 2003. – 350 с.

    15. Кухаронак, Т.І. Сацыяльна-педагагічны патэнцыял беларускіх свят і абрадаў: вучэб.-метад. дапаможнік / Т.І. Кухаронак, В.Г. Кухаронак. – Мінск: БДПУ, 2005. – 108 с.

    16. Лакотка, А.І. Сцежкамі дзядоў: этнаграфічныя нарысы: кніга для вучняў / А.І. Лакотка, С.В. Барыс. – Мінск: Народная асвета, 1986. – 174 с.

    17. Ленсу, Я.Ю. Кавальства і кузня ў сістэме сімволікі беларускага народа / Я.Ю. Ленсу // Народная асвета. – 2007. – № 6. – С. 83 – 85.

    18. Ленсу, Я.Ю. Сімвалічная роля сельскагаспадарчых прылад працы / Я.Ю. Ленсу // Народная асвета. – 2006. – № 2. – С. 81 – 83.

    19. Ленсу, Я.Ю. Сімволіка беларускіх народных сельскагаспадарчых пабудоў для ўтрымання хатняй жывёлы / Я.Ю. Ленсу // Народная асвета. – 2007. – № 3. – С. 87 – 88.

    20. Ленсу, Я.Ю. Сімволіка млына ў беларускай народнай культуры / Я.Ю. Ленсу // Народная асвета. – 2007. – № 8. – С. 91 – 93.

    21. Ленсу, Я.Ю. Сімволіка сельскагаспадарчых пабудоў для перапрацоўкі і захавання збожжа / Я.Ю. Ленсу // Народная асвета. – 2006. – № 7. – С. 76 – 78.

    22. Лепешаў, І.Я. Моўныя самацветы / І.Я. Лепешаў. – Мінск: Народная асвета, 1985. – 72 с.

    23. Лепешаў, І.Я. Сінтаксічны разбор прыказак / І.Я. Лепешаў // Беларус. мова і літаратура. – 2006. – № 12. – С. 32 – 38.

    24. Лепешаў, І.Я. У слоўнікавую скарбонку: навуч. дапаможнік / І.Я. Лепешаў. – Гродна: Гродзенскі дзярж. ун-т, 1999. – 89 с.

    25. Лепешаў, І.Я. У фразеалагічную скарбонку: даведнік / І.Я. Лепешаў. – Гродна: Гродзенскі дзярж. ун-т, 2004. – 155 с.

    26. Лозка, А.Ю. Беларускі народны каляндар / А.Ю. Лозка. – 2-е выд. – Мінск: Полымя, 2002. – 240 с.

    27. Магія слова чароўнага / М-ва адукацыі і навукі Рэсп. Беларусь, Ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі; уклад. І.І. Крук. – Мінск: ІПК адукацыі, 1995. – 295 с.

    28. Малахава, Л. Каларыстычны вобраз нацыянальнага адзення беларусаў і яго рэгіянальныя асаблівасці / Л. Малахава // Беларус. гіст. часоп. – 2006. – № 7. –С. 43 – 46.

    29. Маленка, Л.І. Беларускі народны касцюм / Л.І. Маленка. – Мінск: Ураджай, 2001. – 160 с.

    30. Маслова, В.А. Введение в лингвокультурологию: учеб. пособие / В.А. Маслова. – М.: Наследие, 1997. – 207 с.

    31. Мишатина, Н.Л. Развитие речи учащихся на основе концептуального анализа слова / Н.Л. Мишатина // Рус. яз. в шк. – 2006. – № 6. – С. 19 – 22.

    32. Мурына, Л.А. Лінгвакультуралагічны падыход пры навучанні мовам у школе / Л.А. Мурына, Г.М. Валочка // Бел. мова і літаратура. – 2006. – №11. – С. 34 – 37.

    33. Новикова, Л. Путь к душе слова / Л. Новикова // Развитие личности. – 2005. – № 1. – С. 176 – 185.

    34. Пазнякоў, М. Дзіўныя “блізняты”: загадкі на беларуска-рускія амонімы / М. Пазнякоў. – Мінск: Юнацтва, 1987. – 24 с.

    35. Раманюк, М. Беларускае народнае адзенне = Белорусская народная одежда: альбом / М. Раманюк. – Мінск: Беларусь, 1981. – 47 с., 128 л. іл.

    36. Сахута, Я.М. Беларускае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва / Я.М. Сахута. – 2-е выд. – Мінск: Беларусь, 2001. – 107 с.

    37. Сахута, Я.М. Фарбы роднай зямлі: кніга для вучняў: нарысы пра народнае мастацтва Беларусі / Я.М. Сахута. – Мінск: Народная асвета, 1985. – 191 с.

    38. Сівіцкая, Н.В. Лексіка сакральна маркіраванага адзення ў народна-гутарковай мове: семантычнае поле адзення ў традыцыйнай культуры беларусаў / Н.В. Сівіцкая // Народная асвета. – 2006. – № 2. – С. 84 – 86.

    39. Сіпакоў, Я. Зялёны лісток на планеце Зямля: эсэ / Я. Сіпакоў. – Мінск: Харвест, 2006. – 288 с.

    40. Смірнова, А. Сярэдневяковая сістэма харчавання: саслоўны кантэкст / А. Смірнова // Беларус. гіст. часоп. – 2007. – № 7. –С. 20 – 26.

    41. Тер-Минасова, С.Г. Язык и межкультурная коммуникация: учеб. пособие / С.Г. Тер-Минасова. – М.: Слово / Slovo, 2000. – 624 с.

    42. Цітоў, В.С. Этнаграфічная спадчына. Беларусь. Традыцыйна-бытавая культура / В.С. Цітоў. – 2-е выд. – Мінск: Беларусь, 2001. – 207 с.

    43. Чурко, Ю.М. Вянок беларускіх танцаў / Ю.М. Чурко. – Мінск: Беларусь, 1994. – 88 с.

    44. Шамак, А.А. Міфалогія старажытнай Беларусі / А.А. Шамак. – Мінск: Сэр-Віт, 2004. – 240 с.

    45. Шанский, Н.М. Иностранные языки на уроках русского языка / Н.М. Шанский // Рус. яз. в шк. – 1997. – № 1. – С. 3 – 11; № 2. – С.26 – 29.

    46. Шчурава, Р. “Калі ласка, у хату…”: сцэнар вечарыны / Р. Шчурава // Роднае слова. – 2007. – № 10. – С. 67 – 71.

    47. Юлдашева, Л.В. Методологические и методические аспекты проблемы языка как культурно-исторической среды / Л.В. Юлдашева // Рус. яз. в шк. – 1990. – № 4. – С. 41 – 47.


Энцыклапедычныя і лінгвістычныя слоўнікі

  1. Беларуская міфалогія: энцыкл. слоўнік / склад. І. Клімковіч; рэдкал.: С. Санько [і інш.]. – 2-е выд. – Мінск: Беларусь, 2006. – 598 с.

  2. Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БелЭн, 2005 – 2006. – 2 т.

  3. Боярина, Е.Л. 2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых словосочетаний: словарь с пояснениями и примерами использования / Е.Л. Боярина, В.Н. Сивчиков. – Минск: Попурри, 2006. – 352 с.

  4. Лазука, Б.А. Слоўнік тэрмінаў: архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва: дапаможнік для вучняў / Б.А. Лазука. – Мінск: Беларусь, 2001. – 158 с.

  5. Лепешаў, І.Я. Слоўнік беларускіх прыказак / І.Я. Лепешаў, М.А. Якалцэвіч. – Мінск: Бел. навука, 2002. – 511 с.

  6. Лепешаў, І.Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т. / І.Я. Лепешаў. – Мінск: БелЭн, 1993. – 2 т.

  7. Лепешаў, І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў / І.Я. Лепешаў. – Мінск: БелЭн, 2004. – 448 с.

  8. Музыкальные инструменты мира: иллюстрированная энциклопедия / пер. с англ. Т.В. Лихач. – Минск: ООО «Попурри», 2001. – 320 с.

  9. Народная культура Беларусі: энцыкл. даведнік / пад агул. рэд. В.С. Цітова. – Мінск: БелЭн, 2002. – 432 с.

  10. Санько, З. Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем / З. Санько. – Мінск: Навука і тэхніка, 1991. – 218 с.

  11. Славянские древности: этнолингвистический словарь: в 5 т. / редкол.: Н.И. Толстой (отв. ред.) [и др.]. – М.: Междунар. отношения, 1995 – 2004. – 3 т.

  12. Хэрольд, Р. Костюмы народов мира: иллюстрированная энциклопедия / Р. Хэрольд. – М.: ЭКСМО-Пресс, 2002. – 240 с.

  13. Шкраба, І.Р. Самабытнае слова: слоўнік беларускай безэквівалентнай лексікі (у рускамоўным дачыненні) / І.Р. Шкраба. – Мінск: БелЭн, 1994. – 223 с.

  14. Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларус. савецкая энцыклапедыя; рэдкал.: І.П. Шамякін [і інш.]. – Мінск: БелСЭ, 1989. – 575 с.







: wp-content -> uploads -> 2014 -> umodos -> fakult1
fakult1 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь Нацыянальны інстытут адукацыі
fakult1 -> С. М. Якуба сакрэты словазмянення І формаўтварэння вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для VI класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання Мінск 2010 Тлумачальная запіска
fakult1 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь “мастацтва выцінанкі”
fakult1 -> Г. М. Валочка В. У. Зелянко
fakult1 -> Г. М. Валочка, С. А. Язерская
fakult1 -> Гэты няпросты просты сказ вучэбная праграма
fakult1 -> Навукова-метадычная установа “нацыянальны інстытут адукацыі” міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь
fakult1 -> Праграма факультатыўных заняткаў для 8 класа ўстаноў
fakult1 -> Т. У. Логінава Т. І. Мароз
fakult1 -> Нацыянальны інстытут адукацыі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка