Праграма фальклорнага гуртка



старонка1/4
Дата канвертавання02.07.2016
Памер480.18 Kb.
  1   2   3   4
УСТАНОВА АДУКАЦЫІ

“НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЦЭНТР МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦІ ДЗЯЦЕЙ І МОЛАДЗІ”

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ


ПРАГРАМА

ФАЛЬКЛОРНАГА ГУРТКА

ЗАРАНАК”


Узрост навучэнцаў: 11-15 гадоў

Узровень адукацыі: базавы

Срок рэалізацыі праграмы: 3 гады

Аўтар-складальнік: Ваніслаўчык Т.П.

педагог дадатковай адукацыі;



УА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г.Дзятлава”.

2014 г.

“ЗАРАНАК”


ПРАГРАМА ФАЛЬКЛОРНАГА ГУРТКА “ЗАРАНАК”

Ваніслаўчык Т. П.
Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г. Дзятлава

Тлумачальная запіска

У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі адной з прыярытэтных задач адукацыйнага працэсу на сучасным этапе з’яўляецца выхаванне ў дзяцей і моладзі грамадзянскасці і патрыятызму. Выхаванне грамадзянскіх якасцей з’яўляецца немагчымым без свайго важнейшага кампанента – працэсу сацыялізацыі асобы, у ходзе якой адбываецца ўключэнне індывіда ў соцыум, гэта значыць арганічнае ўваходжанне ў свет грамадскіх, палітыка-прававых адносін, станаўленне духоўна-маральных якасцей асобы.

Фальклор (у перакладзе з англійскай мовы “folklore” – азначае народныя веды, народная мудрасць) заўжды займаў важнае месца ў духоўным жыцці беларускага народа. Цяжка пераацаніць яго грамадска-палітычнае, эстэтычнае і выхаваўчае значэнне на ўсіх этапах развіцця грамадства. Народная творчасць вучыць палымяна любіць Радзіму, садзейнічае выхаванню лепшых якасцей чалавека: імкнення да свабоды, павагі да людзей, працавітасці, справядлівасці, сумленнасці, выхоўвае пачуццё прыгожага на лепшых узорах створанага народам мастацтва.

Беларускі песенны фальклор уключае ў сябе вялізную колькасць высокамастацкіх твораў, якія заўжды застаюцца актуальнымі, паколькі яны адлюстроўваюць духоўнасць асобы, спосабы светаўспрымання, разуменне месца чалавека ў прыродзе, яго ўнутраны свет, філасофскія пошукі ісціны, садзейнічаюць станаўленню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, развіваюць духоўна-маральныя, патрыятычныя якасці, спрыяюць паспяховай сацыялізацыі асобы ў грамадстве. Таму мэтанакіраванае далучэнне падрастаючага пакалення да вывучэння беларускага песеннага фальклору набывае ў цяперашні час асаблівую актуальнасць.

Праграма дзіцячага фальклорнага гуртка “Заранак” створана ў адпаведнасці з тыпавой праграмай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі мастацкага профілю, рэалізуецца на базавым узроўні і ставіць сваёй мэтай развіццё музычна-творчых здольнасцей і выхаванне грамадзянска-патрыятычных якасцей падрастаючага пакалення сродкамі беларускага песеннага фальклору.

Задачы:

-  развіваць вакальныя, музычна-творчыя здольнасці навучэнцаў, навыкі народнага сольнага і ансамблевага выканання, прывіваць цікавасць да народнай музыкі і спеваў;

-  фарміраваць пачуццё ўзаемадзеяння з калектывам, вопыт творчай дзейнасці, самавызначэння, самарэгуляцыі і самавыхавання асобы навучэнца;

-  выхоўваць у падрастаючага пакалення патрэбу ў зберажэнні і павелічэнні нацыянальнага духоўна-культурнага здабытку, гістарычнай спадчыны, самабытных традыцый беларускага народа.

Прапанаваная праграма распрацавана з улікам узроставых асаблівасцей і магчымасцяў навучэнцаў сярэдняга ўзросту, мясцовых умоў, грунтуецца на вопыце айчынных фалькларыстаў і педагогаў, якія займаюцца пошукам найбольш эфектыўных форм і метадаў мэтанакіраванага вывучэння фальклору дзецьмі і разлічана на тры гады навучання.

Праграма арыентуе на засваенне агульначалавечых духоўных і маральных каштоўнасцей, эстэтычны і творчы характар успрымання навучэнцамі прапанаванага матэрыялу.

Асаблівасці будовы праграмы звязаны з працэсам паступовага засваення навучэнцамі спецыфікі народна-песеннай мовы, яе інтанацыйна-ладавых і метрарытмічных асаблівасцяў. Характар адукацыйнага працэсу абумоўлены фальклорным рэпертуарам, формамі і тэхнікамі яго канцэртна-сцэнічнага ўвасаблення. Рэпертуар выконвае функцыі духоўна-эстэтычнага выхавання, улічваючы неабходнасць захавання тэматычнай, стылістычнай і жанравай разнастайнасці. Пры гэтым выкарыстоўваюцца прынцыпы ад простага да складанага, паступовасці і паслядоўнасці ў авалодванні тэхнічнымі навыкамі выканання і развіцця творчых здольнасцей дзяцей.

Змест заняткаў з навучэнцамі грунтуецца на метадалагічных пазіцыях, якія звязаны з рэалізацыяй асобасна арыентаванага і культуралагічнага падыходаў. У аснову адбору навучальнага матэрыялу пакладзены прынцыпы нацыянальна-культурнай адметнасці, адпаведнасць зместу навучання наяўнаму часу, які адводзіцца згодна з вучэбна-тэматычным планам.

Асноўным накірункам працы з навучэнцамі на першым годзе навучання з’яўляецца фарміраванне асноўных вакальна-харавых навыкаў, навыкаў сольных спеваў, мастацка-эстэтычнага густу, стымуляванне росту іх духоўнасці сродкамі дзіцячага песеннага фальклору, каляндарна-абрадавай песеннасці беларусаў. Адметнасцю другога года навучання з’яўляецца прывіццё навучэнцам цікавасці, разумення і любові да народнай песні, традыцый праз паглыбленне і сістэматызацыю ведаў аб каляндарна-абрадавай паэзіі беларусаў. Спецыфікай трэцяга года навучання з’яўляецца выхаванне музычнага густу ў галіне народнага мастацтва, грамадзянскіх і патрыятычных якасцей, павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства навучэнцаў праз далучэнне да фальклорна-этнаграфічных традыцый свайго гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна – Панямоння, малой радзімы – Дзятлаўшчыны, музычны матэрыял якіх вызначаецца лакальнымі асаблівасцямі бытавання.

У праграме прадугледжаны комплексны падыход да арганізацыі пазнавальнай дзейнасці: вывучэнне тэарэтычных асноў народнай культуры, прымяненне розных відаў дзейнасці (слуханне музыкі, выкананне твораў, самастойныя і калектыўныя міні-даследаванні, ілюстраванне, інсцэніраванне, рэканструкцыя абрадаў, стварэнне літаратурна-музычных кампазіцый і сцэнарыяў традыцыйных народных святаў, а таксама гульні, вандроўкі, экскурсіі, наведванне тэатраў, выстаў, музеяў народнага побыту, канцэртаў фальклорна-этнаграфічных калектываў, праслухоўванне магнітафонных запісаў, абмеркаванне адпаведных радыё- і тэлеперадач, прагляд навукова-папулярных кінафільмаў, правядзенне фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, падрыхтоўка і правядзенне вечарын гумару, народнай песні, пошукава-краязнаўчая праца і інш.). Прадугледжана вакальна-харавая работа, заняткі па народнай харэаграфіі (сцэнічны рух), рэпетыцыйна-пастановачная дзейнасць.



Арганізацыйныя ўмовы рэалізацыі праграмы

Праграма фальклорнага гуртка “Заранак” распрацавана на 3 гады навучання, узрост навучэнцаў 11-15 гадоў. Асноўнай формай арганізацыі адукацыйнага працэсу пры рэалізацыі праграмы з’яўляецца занятак. Працягласць аднаго занятка (вучэбнай гадзіны) – 45 хвілін.

На праходжанне матэрыялу ў межах праграмы адводзіцца адпаведная колькасць гадзін з улікам узросту навучэнцаў:

першы год навучання (11–13 гадоў) – заняткі праводзяцца 2 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 4 гадзіны на тыдзень (144 гадзіны на год);

другі год навучання (12–14 гадоў) – заняткі праводзяцца 3 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 6 гадзін на тыдзень (216 гадзін на год);

трэці год навучання (13–15 гадоў) – заняткі праводзяцца 3 разы на тыдзень па 2 гадзіны, усяго 6 гадзін на тыдзень (216 гадзін на год).

Напаўняльнасць гуртка першага года навучання складае не менш за 15 навучэнцаў, другога і трэцяга – не менш за 12 навучэнцаў.

Пры вывучэнні раздзела праграмы “Вакальна-харавая работа” на выпрацоўку вакальна-харавых навыкаў, навыкаў народнага сольнага і ансамблевага выканання прадугледжаны заняткі з навучэнцамі па пастаноўцы голасу. Аснову навучання складае ансамблевая работа, таму мэтазгодна аб’ядноўваць навучэнцаў у невялікія вакальныя ансамблі, спалучаючы пры гэтым індывідуальную работу разам з вакальна-ансамблевай. Заняткі могуць праводзіцца як невялікімі ансамблямі (дуэт, трыа, квартэт), так і індывідуальна (работа з 3 навучэнцамі па 15 хвілін на кожнага на адным занятку).

Для паспяховай рэалізацыі праграмы неабходна:

кадравае забеспячэнне:педагогі дадатковай адукацыі па напрамках дзейнасці музычны фальклор, народная харэаграфія; акампаніятар;

матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне:спецыяльна абсталяваныя кабінеты для заняткаў з навучэнцамі (для заняткаў харэаграфіяй абсталюецца ўніверсальная зала з разлікам 3 – 4м2 плошчы на аднаго навучэнца з поручням харэаграфічнага станка на вышыні 0,9-1,1м ад падлогі і 0,3 м ад сцяны і люстэркамі на вышыні 2,1м ад падлогі на адной са сцен, драўлянай падлогай без шчылін і зазораў, нефарбаванай або пакрытай матэрыяламі, якія маюць неслізкую паверхню), памяшканне для арганізацыі тэарэтычных заняткаў, прадугледжваецца касцюмерная майстэрня (не менш за 18м2). Для правядзення пастановачнай работы, выступленняў абсталююцца: канцэртная зала пры ўмяшчальнасці 300-500 месцаў (200 – 400м2), дзве касцюмерныя для хлопчыкаў і дзяўчынак (10 – 18м2) у зручнай сувязі са сцэнай; памяшканні для захоўвання касцюмаў, дэкарацый; музычныя інструменты: фартэпіяна, гармонік (баян), барабан, трашчотка і г.д.; тэхнічныя сродкі навучання: магнітафон, відэа-і аўдыёапаратура, наборы СD-дыскаў, мікрафоны і інш.;

метадычнае забеспячэнне: дыдактычны і раздатачны матэрыял, дапаможнікі па народнай творчасці, камплект метадычнай і тэарэтычнай літаратуры, распрацаваныя сцэнарыі гульняў і свят.

Праграма не рэгламентуе дзейнасць педагога, даючы яму прастору для творчасці. Педагагічная творчасць можа праяўляцца ў выбары і размеркаванні мастацкага матэрыялу, інтэрпрэтацыі той ці іншай мастацкай ідэі, мастацка-драматургічным планаванні і ажыццяўленні навучальнага працэсу ў цэлым.

Пры арганізацыі і правядзенні заняткаў пажадана максімальна ўлічваць мясцовыя фальклорна-этнаграфічныя асаблівасці.

Да праграмы фальклорнага гуртка прапануецца неабходная літаратура.

Першы год навучання

Мэта: фарміраванне асноўных вакальна-харавых навыкаў, навыкаў сольных спеваў, мастацка-эстэтычнага густу навучэнцаў сродкамі дзіцячага песеннага фальклору, каляндарна-абрадавай песеннасці беларусаў, далучэнне іх да гісторыі і культуры свайго народа праз уключэнне ў традыцыйную вакальную дзейнасць.

Задачы:

-  развіць індывідуальныя вакальна-харавыя, творчыя здольнасці дзяцей, музычны густ у галіне народнага вакальнага мастацтва;

-  прывіць навыкі сольнага і калектыўнага музіцыравання, пачуцця адказнасці за агульную справу;

-  выхаваць выканальніцкую культуру, творчую актыўнасць навучэнцаў.



 

Вучэбна-тэматычны план першага года навучання



п\п

Змест

Колькасць гадзін

Усяго__Тэарэтычныя__заняткі__Практычныя__заняткі'>Усяго

Тэарэтычныя

заняткі

Практычныя

заняткі

1.

Уводны занятак

1

1

-

2.

Вакальна-харавая работа

70

10

60

3.

Дзіцячы фальклор. Дзіцячыя песні

10

4

6

4.

Беларускі земляробчы каляндар

24

8

16

5.

Сцэнічны рух (народная харэаграфія)

16

4

12

6.

Слуханне музыкі

6

-

6

7.

Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару

8

-

8

8.

Канцэртныя выступленні

8

-

8

9.

Выніковы занятак

1

-

1

Усяго

144

27

117

 

Змест праграмы першага года навучання

  1. 1.  Уводны занятак (1г.)

Арганізацыя работы аб’яднання па інтарэсах. Правядзенне арганізацыйнага сходу, камплектацыя груп. Знаёмства з рэжымам работы калектыву, правіламі паводзін у кабінеце, правіламі асабістай гігіены вакаліста. Інструктаж па тэхніцы бяспекі. Выбар актыву. Праслухоўванне, дыягностыка музычных здольнасцей удзельнікаў калектыву (музычны слых, памяць, чысціня інтаніравання). Выяўленне ўзроўню музычнай падрыхтоўкі.

  1. 2.  Вакальна-харавая работа (70г.)

Асноўныя дырыжорскія жэсты (увага, дыханне, пачатак спеваў, заканчэнне спеваў). Будова галасавога апарату. Работа галасавых звязак. Гартань і яе становішча ў працэсе спявання. Гігіена дзіцячага голасу. Пеўчая ўстаноўка. Пасадка спевака, становішча корпуса, галавы. Пеўчае дыханне (дыханне перад пачаткам спеваў, адначасовы ўдых і пачатак спеваў, розныя характары дыхання перад пачаткам спеваў у залежнасці ад характару выкананага твора: павольнае, хуткае, змена дыхання ў працэсе спеваў). Прыёмы дыхання. Цэзуры. “Ланцужковае” дыханне. Музычны гук. Вышыня гуку. Галаўны і грудны рэгістры. Знаёмства з музычнай тэрміналогіяй, сродкамі музычнай выразнасці. Вакальны ансамбль.

Практычныя заняткі. Фарміраванне асноўных навыкаў спеваў і пеўчай устаноўкі. Практыкаванні дыхальнай гімнастыкі, дыхальная размінка. Вымаўленне скорагаворак і шматлікіх гукаў для фарміравання выразнай моўнай пазіцыі пры падрыхтоўцы да спеваў. Выпрацоўка навыкаў спявання седзячы і стоячы. Выраўніванне рэгістраў пеўчага голасу. Праца над гукавядзеннем і чысцінёй інтаніравання (натуральны свабодны гук без крыку і напружання, мяккая атака гуку, спосабы фарміравання галосных у розных рэгістрах). Спевы нон легата, легата, стаката. Праца над роўным гучаннем ва ўсім дыяпазоне дзіцячага голасу, уменнем выкарыстоўваць галаўны і грудны рэгістры. Праца над дыкцыяй і артыкуляцыяй, развіццём узгодненасці артыкуляцыйных органаў. Гімнастыка для артыкуляцыйнага апарату.Практыкаванні на развіццё выразнай дыкцыі. Праца над асаблівасцямі вымаўлення пры народных спевах (напеўнасць галосных, хуткае і дакладнае вымаўленне зычных і г.д.). Выпрацоўка навыкаў спеваў на “ланцужковым” дыханні (спевы вытрыманага гуку ў канцы музычнага твора, выкананне працяглых музычных фраз на “ланцужковым” дыханні). Індывідуальная работа з навучэнцамі па пастаноўцы голасу. Фарміраванне навыкаў спеваў у ансамблі. Выпрацоўка навыкаў спеваў ва ўнісон. Выпрацоўка рытмічнай устойлівасці ва ўмераных тэмпах пры суадносінах простых працягласцей (чвэрць, восьмая, палова) з паступовым пашырэннем задач: інтаніраванне твораў у розных відах мажору і мінору, рытмічная ўстойлівасць у больш хуткіх і павольных тэмпах з больш складаным рытмічным малюнкам (шаснаццатыя, пункцірны рытм). Выпрацоўка навыкаў двухгалосся. Спевы нескладаных двухгалосных песень у суправаджэнні і без суправаджэння беларускіх народных інструментаў.

  1. 3.  Дзіцячы фальклор. Дзіцячыя песні (10г.)

Беларускі фальклор (азначэнне).Традыцыйная вусна-паэтычная творчасць беларусаў. Паняцце дзіцячы фальклор. Спецыфіка жанру. Калыханкі (фантастычныя і рэалістычныя). Творы, звязаныя з гульнёй (пестункі, пацешкі, або забаўлянкі, лічылкі, песні-гульні, гульні, гульнёвыя прыпеўкі). Творы, не звязаныя з гульнёй (заклічкі, маўчанкі, скорагаворкі, навывараткі, дражнілкі, небыліцы, казкі-забаўлянкі). Жанры дарослага фальклору ў дзіцячым рэпертуары.

Практычныя заняткі. Спяванне, рэчытацыя, рытмічнае скандаванне. Развучванне калыханак: “Ах ты, коцік, мой каток”, “Люлі-люлі-люлі”, “Баю-баю-баінькі”; заклічак і прыгаворак: “Дожджык, дожджык, секані”, “Сонейка, сонца”; забаўлянак: “Пайшоў каток пад масток”, “Ладу-ладу-ладкі”, “Саломінка”; дражнілак “Сяргей-верабей”, “Дзілінь-дзілінь-баў”, “Наталля – праля”; лічылак: “Раз, два – булава”, “Сядзіць зайчык на прыпечку”, “Кацілася торба”, “Раз, два, тры, чатыры”; дзіцячых песень: “Пайшоў каток у лясок”,“Сядзіць коцік на кухні”,“Сарока”, “Верабей”, “Камарова смерць”, “Ой, бычок, мой бысенька”, “Горкай, горкай, горачкай”, “Кую, кую ножку”, “Мышка”, “Каза рагатая”,“Кукарэку, певунок!”, “Белка”, “Ой, люлі, люлі, люлі”.

  1. 4.  Беларускі земляробчы каляндар (24г.)

Беларускі земляробчы каляндар.Традыцыйныя святы беларускага земляробчага календара. Каляды. Аграрная тэматыка калядных абрадаў і песень. Шчадраванне. Асноўны змест калядак і шчадровак. Праводзіны зімы. Асноўныя матывы масленічных песень. Гуканне вясны. Вяснянкі ііх змест: услаўленне вясны, замыканне зімы і адмыканне лета. Вялікдзень. Велікодныя абрады і звычаі. Валачобнікі. Мастацкія вобразы валачобных песень. Веснавыя карагоды. Юр'я. Юраўскія песні. Сёмуха або Троіца. Матывы ўрадлівасці зямлі, першай зеляніны ў троіцкіх песнях. Русальны тыдзень. Русальныя песні, матывы і сюжэты. Купалле. Пятро. Матывы пошукаў шчасця і лепшай долі ў купальскіх песнях. Гумарыстычныя купальскія песні. Пятро – працяг Купалля. Тэма прыроды ў пятроўскіх песнях. Жніво, зажынкі і дажынкі. Працоўны змест жніўных песень. Пакровы (Багач). Восеньскія песні. Талака. Талочныя песні. Асноўныя тэматычныя групы (песні пра талочную працу, пра гаспадара і гаспадыню, аб сямейным жыцці, долі).

Практычныя заняткі. Развучванне калядных песень: “Ой, дзе ж мы ходзім”, “На двары чорна хмара ўецца”, “Добры вечар тому, хто ў гэтаму дому”, “На нова лета радзі, Божа, жыта”, “Хадзіла-блудзіла семсот малайцоў”; масленічных песень: “У нас сягоння масленіца, масленіца”, “Калода рагочыць, сыра, бліна хочыць. Ці спёкся блін, ці зварыўся сыр?”, “А ад масла – гара ясна”; вяснянак: “Харашо вясной да поле чыстае”, “Жавароначкі, прыляціце”,“Медуніца”, “Вясна-вясенечка”; велікодных песень: “Валачобнікі валачыліся”, “Хрыстос васкрэс на ўвесь свет”; юр’евых песень: “Юр'я, устань рана, Юр'я, умыйся бела”, “А Юр'ева маці, божа мілы!”, “Зарадзі, Божа, жыта на прышлаё лета”; троіцкіх песень: “Хадзiла Тройца каля аконца”, “Бяроза дзевачак прасiла”; русальных песень: “На граной нядзелі”, “Правяду русалку і з бору да бору”; купальскіх песень: “Сягоння й Купала, заўтра Ян, да заграй, сонейка, заграй нам”, “Ой, рана-рана на Яна”, “Малая ночка Купалночка”; жніўных песень “Хвалілася сыраежка”, “Ой, не ляжы, ветру, у полі”, “Заходзь, заходзь, сонейка, ды за гару борзджэнька”; талочных песень: “Як ішлі мы з талакою”, “Таўкучы, мелючы, запылілася”, “А знаць наш бацюшка багата жывець”, “На гары лён”.

  1. 5.  Сцэнічны рух (народная харэаграфія) (16г.)

Традыцыйныя побытавыя танцы.Пастаноўка корпуса ў традыцыйным побытавым танцы (пастаноўка корпуса, ног, рук). Асноўныя элементы традыцыйнага побытавага танца (бег, прытупы і плясканні і г.д.). Лексіка і малюнак беларускіх карагодаў. Віды карагодаў: апавядальна-лірычныя песні-карагоды, гульнявыя песні-карагоды, танцавальныя песні-карагоды. Асноўныя хады карагодаў.

Практычныя заняткі.Развучванне асноўных крокаў традыцыйнага побытавага танца (просты крок, просты крок з пад’ёмам на паўпальцы, бакавыя прыстаўныя крокі, прыпаданне, галоп, падскок); асноўных хадоў традыцыйнага побытавага танца (просты ход, пераменны, камбінаваны ход з вынасам нагі наперад на 45°, спружыністы ход). Засваенне асноўных элементаў традыцыйнага побытавага танца: просты бег, пераменны бег з ударамі абцасаў аб падлогу, бег на месцы і ў малюнку); удары абцасамі аб падлогу ў такт музыкі, трайны прытуп, трайны прытуп з пераскокам, плясканні ў далоні ў такт музыкі, плясканні ў далоні ў простым рытмічным малюнку; простыя і двайныя прысяды, прысяды з адкрыццём нагі ў розных кірунках: назад, убок, наперад, на месцы і ў руху па малюнку. Развучванне асноўных рухаў беларускіх карагодаў: кола, кола ў коле (з рухам у розныя бакі, прамы ланцужок, здвоеная васьмёрка (“крывы танок”), змейка, ручаёк, калона, адвольны гурт; асноўных элементаў рухаў беларускіх карагодаў (звычайны крок, крок з рухам убок, “пераменны крок” і інш.). Выкананне карагодаў: “Казачок”, “Мяцеліца”.

  1. 6.  Слуханне музыкі (6г.)

Фарміраванне культуры музычнага ўспрымання. Праслухоўванне народных песень у выкананні дзіцячых фальклорных калектываў, народных выканаўцаў.

  1. 7. Мерапрыемствы выхаваўча-пазнавальнага характару (8г.)

Правядзенне экскурсій, наведванне музеяў народнага побыту, выстаў, бібліятэк. Сустрэчы з народнымі майстрамі.

  1. 8.  Канцэртныя выступленні(8г.)

Удзел у творчых справаздачах, тэматычных канцэртах.

9.Выніковы занятак(1г.)

Фальклорнае свята “Бабулін куфэрак” (дэманстрацыя творчых дасягненняў навучэнцаў з удзелам бацькоў, сацыяльных партнёраў).



Прагноз выніковасці першага года навучання

У канцы першага года навучання ў навучэнцаў фарміруюцца: ўяўленні аб разнастайнасці свету гукаў і спосабах гукаатрымання, выразных фарбах асабістага голасу, музычнай тэрміналогіі, сродках музычнай выразнасці, жанрах дзіцячага фальклору, традыцыйных святах беларускага земляробчага календара; асноўных элементах рухаў беларускага народнага танца; веды пра жыццёвы ўклад, побыт, культуру беларускага народа, інтарэс да гісторыі і культуры Бацькаўшчыны; асноўныя вакальна-харавыя навыкі (пеўчая ўстаноўка, актыўная праца артыкуляцыйнага апарату, тэхніка дыхання, гукаўтварэння, разуменне асноўных дырыжорскіх жэстаў, чысціня інтанавання і г.д.); навыкі ўзаемадзеяння з калектывам; культура музычнага ўспрымання.

Навучэнцы павінны ўмець:

-  разумець дырыжорскія жэсты педагога (увага, дыханне, пачатак спеваў, заканчэнне спеваў);

- мяняць па руцэ дырыжора сілу гуку, тэмп;

- правільна размяркоўваць дыханне ў фразе, выкарыстоўваць “ланцужковае” дыханне;

- спяваць лёгка, мякка, чыста ў ансамблі ва ўнісон у адкрытай народнай манеры;

- спяваць некаторыя віды двухгалосся ў суправаджэнні і без суправаджэння беларускіх народных інструментаў;

- правільна фарміраваць галосныя, мякка і напеўна – зычныя гукі;

- адчуваць музычную пульсацыю песні, выконваць нескладаныя распевы,

- свядома карыстацца сродкамі музычнай выразнасці;

- распазнаваць па характэрных прыметах жанры беларускага дзіцячага песеннага фальклору, традыцыйныя песні беларускага земляробчага календара;

- выконваць раўнамерны “пульс” у песнях рознага характару, вылучаць моцныя і слабыя долі “пульсу”;

- вызначаць характар, настрой героя музычнага твора;

- выконваць асноўныя крокі, хады, элементы  традыцыйнага побытавага танца;

- ствараць нескладаныя малюнкі беларускіх карагодаў – кола, кола ў коле (з рухам у розныя бакі, прамы ланцужок, здвоеная васьмёрка (“крывы танок”), змейка, ручаёк, калона, адвольны гурт;

- выконваць беларускія народныя дзіцячыя песні, традыцыйныя песні беларускага земляробчага календара, карагоды“Казачок”, “Мяцеліца”;

- разважаць аб сувязях беларускай народнай песні і жыцця.



Валодаць:

-  ведамі аб будове галасавога апарату, рабоце галасавых звязак, гігіене дзіцячага голасу, пеўчай устаноўцы, пеўчым дыханні, прыёмах дыхання, музычнай тэрміналогіі, сродках музычнай выразнасці, рэгістрах пеўчага голасу;

- тэхнікай дыхання (бясшумны кароткі ўдых, апора дыхання і паступовае яго расходаванне);

- навыкамі мяккай атакі гуку, правільнага фарміравання галосных,  яснага і выразнага вымаўлення зычных гукаў, актыўнай работы артыкуляцыйнага апарату;

- асноўнымі крокамі традыцыйнага побытавага танца (просты крок,  просты крок з пад’ёмам на паўпальцы, бакавыя прыстаўныя крокі, прыпаданне, галоп, падскок); хадамі традыцыйнага побытавага танца (просты ход, пераменны, камбінаваны ход з вынасам нагі наперад на 45°, спружыністы ход);

- элементамі традыцыйнага побытавага танца: просты бег, пераменны бег з ударамі абцасаў аб падлогу, бег на месцы і ў малюнку і г.д.), асноўнымі рухамі беларускіх карагодаў: кола, кола ў коле (з рухам у розныя бакі, прамы ланцужок, здвоеная васьмёрка (“крывы танок”), змейка, ручаёк, калона, адвольны гурт; элементамі рухаў беларускіх карагодаў (звычайны крок, крок з рухам убок, “пераменны крок” і інш.).





  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка