Праграма курса на выбар для Х класа



Дата канвертавання19.07.2016
Памер115.42 Kb.

powerpluswatermarkobject3


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі



БЕЛАРУСКАЯ ТАПАНІМІКА І МІКРАТАПАНІМІКА


ПРАГРАМА

курса на выбар для Х класа

агульнаадукацыйных устаноў

з беларускай і рускай мовамі навучання

з 12-гадовым тэрмінам навучання

Мінск 2007


Тлумачальная запіска

Дапрофільнае навучанне ў базавай школе накіравана на забеспячэнне індывідуалізацыі і развіцця асобы пры дапамозе змен у структуры, змесце і арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, што дазваляе найбольш поўна ўлічваць патрэбы вучняў у пашырэнні і паглыбленні ведаў па пэўных прадметах, рэалізаваць памкненні ў вырашэнні перспектыўных задач, прафесійнай накіраванасці навучання.

Курс на выбар «Беларуская тапаніміка і мікратапаніміка» прапанаваны для вывучэння ў X класе базавай школы і адносіцца да так званых развіццёвых (агульнакультурных) курсаў, якія закліканы зада­воліць пазнавальныя інтарэсы вучняў. Разам з тым ён накіраваны на фарміраванне лінгвакультура­лагічнай кампетэнцыі школьнікаў, паняцце якой уключае ў сябе спасціжэнне нацыянальнай культуры, самабытнасці беларусаў праз асэнсаванне ролі роднай мовы ў жыцці народа і вывучэнне нацыянальна маркіраваных моўных адзінак розных узроўняў.

Для кожнага народа характэрна свая адметная тапаніміка. Нягледзячы на шматлікія страты, беларуская тапаніміка таксама вызначаецца самабытнасцю і непаўторнасцю. Вывучэнне беларускіх геаграфічных назваў дапаможа лепш пазнаць наша мінулае, даць уяўленне пра засяленне сучаснай тэрыторыі Беларусі са старажытнасці да нашых часоў, пра прыродна-геаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы развіцця грамадства, пра кантакты беларусаў з суседнімі народамі.

З лінгвістычнага пункту гледжання актуальным будзе знаёмства з тапанімічнай тэрміналогіяй, асноўнымі заканамернасцямі ўзнікнення, развіцця і трансфармацыі (фанетычнай, марфалагічнай і інш.) беларускіх геаграфічных назваў, іх тыпалогіяй, адметнасцю словаўтваральнай будовы і шляхамі фармі­равання.

Мэта курса на выбар – пазнаёміць з багаццем і самабытнасцю беларускай анамастычнай лексікі, прынцыпамі і відамі класіфікацыі тапонімаў і мікратапонімаў, адметнасцю ўтварэння беларускіх тапанімічных назваў, паказаць шляхі станаўлення, развіцця і захавання беларускіх тапонімаў, садзей­нічаць выхаванню паважлівага стаўлення да тапанімічнай спадчыны як помніка нацыянальнай культуры і духоўнасці.

Курс «Беларуская тапаніміка і мікратапаніміка» пабудаваны з арыентацыяй на наступныя прынцыпы:

– прынцып узаемазвязанага культурнага і лінгвістычнага развіцця асобы;

– прынцып прыярытэту праблемных заданняў і творчых работ пры знаёмстве з тапаніміяй і мікра­тапаніміяй Беларусі;

– прынцып актуалізацыі апоры на міжпрадметныя веды і ўменні школьнікаў.

Свядомы выбар курса (з улікам патрэб сённяшняга і заўтрашняга дзён, рэальных інтарэсаў, асабістых здольнасцей школьнікаў,) і магчымасць вучняў планаваць сваю адукацыйную траекторыю ў пазаўрочны час дазваляюць настаўніку разлічваць на павышаную матывацыю навучання, зацікаўле­насць акрэсленай праблемай і вынікамі яе вырашэння, творчае стаўленне да працы.

Зразумела, што знаёмства з тапонімамі і мікратапонімамі адбываецца на працягу ўсяго навучання ў школе, але інфармацыя падаецца не цэласна, а ў выглядзе каментарыяў пры вывучэнні той ці іншай тэмы на ўроках мовы, літаратуры, гісторыі, геаграфіі і іншых дысцыплін.

Курс на выбар накіраваны на:

– задавальненне пазнавальных інтарэсаў у засваенні тапаніміі Беларусі ў кантэксце беларускай і сусветнай культуры, пашырэнне кругагляду школьнікаў;

– паглыбленне ведаў пра лексічнае багацце беларускай мовы, папаўненне слоўнікавага складу нацыянальна маркіраванымі лексічнымі адзінкамі, удасканаленне ўменняў праводзіць аналіз тапонімаў і мікратапонімаў паводле структуры, утварэння, паходжання, карыстацца імі ў маўленні ў адпаведнасці з камунікатыўнай культурай;

– фарміраванне ўменняў рыхтаваць паведамленні пра беларускія тапанімічныя назвы на аснове навуковых крыніц, уласных назіранняў і даследаванняў;

– развіццё творчага патэнцыялу, інтэлекту, даследчыцкіх навыкаў, творчых здольнасцей;

– фарміраванне духоўна арыентаванага мыслення, маральных якасцей, нацыянальнай самасвя­домасці школьнікаў.

Пры рабоце над кожнай тэмай вучні:

– слухаюць паведамленні настаўніка па тэматычных падраздзелах, матэрыял да якіх складана знайсці або ён выклікае цяжкасці ў засваенні;

– прымаюць актыўны ўдзел у семінарскіх і практычных занятках;

– выконваюць групавыя і індывідуальныя праекты і выступаюць са справаздачамі па іх;

– ацэньваюць разам з настаўнікам якасць сваёй работы.

Падчас засваення курса «Беларуская тапаніміка і мікратапаніміка» інтэгруюцца і шырока выка­рыстоўваюцца веды вучняў, атрыманыя пры вывучэнні такіх дысцыплін, як гісторыя, геаграфія, літара­тура і інш. На занятках мэтазгодна спалучаць калектыўныя і індывідуальныя формы работы, ствараць атмасферу супрацоўніцтва.

Нягледзячы на тое, што дамінуючай формай работы на занятках з’яўляецца франтальнае апытанне, настаўніку больш увагі варта надаваць індывідуальнай і групавой рабоце, у ходзе якой адбы­ваецца самарэалізацыя вучня, павышаецца яго творчая актыўнасць, пазнавальныя здольнасці. Зразумела, што рэалізаваць пастаўленыя мэты магчыма толькі ў тым выпадку, калі засваенне матэрыялу будзе ажыццяўляцца на аснове праблемных пытанняў і заданняў: пазнавальна-пошукавых, пошукава-даследчых. Прычым гэта могуць быць групавыя і індывідуальныя праекты, якія дазваляюць выпрацаваць уменні і навыкі ў лінгвакультурнай адукацыі і самаадукацыі. Разам з традыцыйнымі творчымі праектамі (дакладамі, рэфератамі, газетамі і інш.) мэтазгодна выкарыстоўвацьтакія, як:

– вочныя і завочныя экскурсіі (афармленне буклетаў да іх);

– камп’ютэрныя часопісы;

– дыстанцыйны абмен інфармацыяй з вучнямі іншых школ, якія займаюцца праблемамі вывучэння тапаніміі і мікратапаніміі;

– даследаванні, заснаваныя на правядзенні параўнальнага аналізу тапонімаў розных рэгіёнаў Беларусі, беларускай і рускай анамастычнай лексікі і інш.

Прычым для індывідуальнай работы можна прапанаваць напісанне даклада (рэферата), невялікае даследаванне і яго прэзентацыю; складанне тэстаў, заданняў, крыжаванак, віктарын і інш. Увага настаў­ніка павінна быць звернута на ўменні вучняў абагульняць, параўноўваць, сістэматызаваць, якія шырока выкарыстоўваюцца пры падрыхтоўцы выступленняў, рэалізацыі творчых заданняў і г. д. Для ажыццяў­лення групавога праекта прапануюцца камп’ютэрныя праграмы, насценгазеты, фотастэнды, інтэрв’ю, апытанні, экскурсіі, сустрэчы з даследчыкамі анамастычнай лексікі, краязнаўцамі, складанне тапаніміч­ных слоўнікаў і інш. Калектыўна ажыццяўляюцца такія праекты, як круглы стол, тэматычныя вечары, лінгвакультуралагічны марафон і інш.

У якасці міні-даследавання можна прапанаваць вывучэнне рэгіянальнай тапаніміі. Зразумела, што даследаванню мясцовых геаграфічных назваў павінна папярэднічаць спецыяльная падрыхтоўка. Так, вучню неабходна валодаць пэўнымі тэарэтычнымі ведамі па тапаніміцы, уменнем працаваць з навуко­вай літаратурай, збіраць фактычны матэрыял, ствараць картатэку тапонімаў і мікратапонімаў, класіфіка­ваць анамастычныя адзінкі паводле верагоднасці ўзнікнення, словаўтваральнай структуры, аналізаваць матэрыял у адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі і задачамі даследавання, стылем і жанрам маўлення. Так, выклікаюць цікавасць у вучняў даследаванні тыпу «Белая і Чорная Русь», «Тапанімія і мікратапа­німія Тураўскага рэгіёна», «Назвы майго краю», «Тапанімічная прастора прыказак і прымавак» і інш.

Праграма пабудавана паводле лінейнага прынцыпу і складаецца з пяці раздзелаў. У раздзеле «Тапаніміка як навука» змешчаны матэрыял на засваенне асноўных паняццяў тапанімікі, вызначаецца месца тапанімікі сярод іншых навук. Пры вывучэнні першага раздзела мэтазгодна не толькі пазнаёміць школьнікаў з асноўнымі анамастычнымі паняццямі, такімі, як «тапонім», «мікратапонім», «айконім», «гідронім», «этнонім» і інш., але і засяродзіцца на заканамернасцях, якія характэрны як для беларускай тапаніміі, так і для тапаніміі розных народаў свету. Так, адной з заканамернасцей тапанімікі з’яўляецца меркаванне, што адна і тая прымета (напрыклад, новы горад) можа быць пакладзена ў аснову розных тапонімаў: Навагрудак (бел.), Ноўгарад (рус.), Навабад (тадж.), Ньюсіты ці Ньюкасл (англ.), Неапаль (італ.), Нойштад (ням.), Шахрэ-Ноу (перс.).

Другі раздзел прадугледжвае вывучэнне шляхоў развіцця беларускай тапаніміі, знаёмства з паняц­цямі «народная этымалогія» і «навуковая этымалогія», вывучэнне паходжання мясцовых геаграфічных назваў. Трэці раздзел мае на мэце пазнаёміць з асноўнымі тыпамі беларускіх тапонімаў, спосабамі іх утварэння, а таксама скіроўвае ўвагу школьнікаў на тыпалогію мясцовых назваў і даследаванне функцыянавання розных тыпаў тапонімаў у тэкстах беларускіх пісьменнікаў. У чацвёртым раздзеле па­даецца матэрыял пра ўвасабленне ў тапонімах жыцця і побыту беларускага народа з даўніх часоў да сучаснасці, звяртаецца ўвага на рэгіянальныя асаблівасці геаграфічных назваў. Пяты раздзел прысве­чаны праблеме адраджэння беларускай тапаніміі, яе месцу ў культурнай прасторы.

Колькасць тэм пры вывучэнні кожнага раздзела залежыць ад аб’ёму вучэбнага матэрыялу, спосабу арганізацыі вучэбнага працэсу, колькасці творчых праектаў і г. д. Настаўнік можа ўнесці змены ў змест праграмы, пашырыць ці скараціць аб’ём матэрыялу ў залежнасці ад умоў навучання і ступені падрыхтаванасці школьнікаў, іх імкнення рэалізаваць свае пазнавальныя інтарэсы, жадання ўдасканаліць практычныя ўменні і навыкі.
Змест курса

(17 гадзін)


I. Тапаніміка як навука (2 гадзіны)

1. Прадмет і задачы тапанімікі. Асноўныя тапанімічныя паняцці («тапонім», «айконім», «мікратапонім», «гідронім», «этнонім»і інш.).

2. Месца тапанімікі сярод іншых навук: тапаніміка і мовазнаўства, тапаніміка і гісторыя, тапа­німіка і геаграфія. Роля тапанімічных назваў у асвятленні гісторыі краіны.

3. Заканамернасці тапанімічнай намінацыі.


II. Вытокі геаграфічных назваў Беларусі (3 гадзіны)

1. Узнікненне тапонімаў на беларускай зямлі. Фарміраванне тапаніміі Беларусі ў працэсе кантакту з іншымі народамі. Пытанне адносна ўстойлівасці тапаніміі.

2. Народная і навуковая этымалогія. Паходжанне назваў вашай мясцовасці паводле народнай этымалогіі. Адлюстраванне народнай этымалогіі ў вуснай народнай творчасці і творах мастацкай літаратуры.

III. Асаблівасці ўтварэння тапонімаў (3 гадзіны)

1. Змяненне геаграфічных назваў у працэсе іх гістарычнага ўжывання.

2. Лексіка-семантычная характарыстыка тапонімаўтваральных асноў. Тапонімы, утвораныя ад агульных і ўласных назоўнікаў. Запазычаныя назвы.

3. Геаграфія фармантаў у тапаніміі Беларусі. Тапонімы на -ея, -ха, -омль, -іна, -ына, -ова, -ёва, -аў, -оў, -ічы, -ычы, -шчына, -ск, -ае, -ое і інш.

4. Тыпы тапонімаў і мікратапонімаў. Тапонімы рознай структурна-граматычнай будовы ў творах беларускіх пісьменнікаў, іх стылістычная роля.
IV. Тапанімічныя назвы як адлюстраванне жыцця і побыту народа (7 гадзін)

1. Народная тэрміналогія ў геаграфічных назвах Беларусі. Прыклады адлюстравання народнай тэрміналогіі ў тапонімах і мікратапонімах вашай мясцовасці.

2. Тыпы пасяленняў на тэрыторыі старажытнай Беларусі. Замацаванне іх назваў у тапаніміцы.

3. Увасабленне ў тапонімах асаблівасцей прыродна-кліматычных умоў, расліннага і жывёльнага свету.

4. Назвы беларускіх гарадоў і паселішчаў як вынік палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных адносін. Скажоныя назвы. Тапонімы-мігранты. Паходжанне назвы «Белая Русь». Тапанімія савецкага перыяду.

5. Рэлігійна-культавыя тапонімы дахрысціянскага і хрысціянскага перыяду. Стаўленне да іх улад у савецкія часы.

6. Этнатапонімы на тэрыторыі Беларусі.

7. Рэгіянальныя асаблівасці тапаніміі і мікратапаніміі. Назвы населеных пунктаў і ландшафтаў вашай вёскі, раёна, вобласці. Ужыванне іх у вуснай народнай творчасці і літаратурных творах.


V. Шляхі адраджэння беларускай тапаніміі (2 гадзіны)

1. Прычыны перайменавання населеных пунктаў. Дыскусія адносна вяртання старых назваў пасе­лішчам краіны.

2. Беларускія тапонімы ў кантэксце сучаснай культуры.

У выніку вывучэння курса на выбар вучні павінны



ведаць:

– асноўныя паняцці і заканамернасці тапанімікі;

– культурна-гістарычныя карані геаграфічных назваў;

– тыпалогію беларускіх тапонімаў і мікратапонімаў.



Умець:

– выяўляць тапонімы і мікратапонімы ў тэкстах, характарызаваць іх паводле прапанаваных пры­мет, тлумачыць утварэнне назвы, адметнасць функцыянавання ў маўленні;

– працаваць з навуковай і даведачнай літаратурай;

– збіраць, сістэматызаваць і прэзентаваць тапанімічны матэрыял, выкарыстоўваючы вучэбную і навукова-папулярную літаратуру, матэрыялы сродкаў масавай інфармацыі, а таксама рэсурсы Інтэрнэта;

– праводзіць аналогіі пры параўнанні і супрацьпастаўленні, абагульненні фактаў беларускай тапа­німіі і мікратапаніміі, рэферыраваць сабраны матэрыял;

– рабіць паведамленні па пытаннях сучаснага і мінулага беларускай тапаніміі з выкарыстаннем ілюстрацый, цытат, літаратурных крыніц, фота- і відэаматэрыялаў;

– рыхтаваць матэрыялы пра беларускія тапонімы і мікратапонімы на аснове звестак па рэгіяналь­най анамастыцы;

– складаць рэбусы, крыжаванкі, рыхтаваць віктарыны на аснове беларускай тапаніміі і мясцовых тапонімаў;

– выконваць тапанімічныя праекты (у тым ліку з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій) і прэзентаваць іх.

Літаратура


1. Адамовіч Я. М. Мікратапанімічныя назвы. – Мн., 1971.

2. Беларуская тапанімія. – Магілёў, 1996.

3. Грыгор’ева Л. М. Тапаніміка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. – 1987. – № 5. – С. 240.

4. Грыгор’ева Л. М. Тапанімія // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. – 1987. – № 5. – С. 240.

5. Грынблат М. Я. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. – Мн., 1988.

6. Дудзюк З. І. Шляхамі адвечнага слова. – Брэст, 2001.

7. Жучкевіч В. А. Чаму так названа. – Мн., 1969.

8. Жучкевич В. А. Топонимика Белоруссии. – Мн., 1968.

9. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. – Мн., 1974.

10. Жучкевич В. А. Дороги и водные пути Беларуси. – Мн., 1977.

11. Імя тваё Белая Русь [Зб. арт.]. Мн., 1991.

12. Казлоўская Т. А. Раскрыццё таямніц геаграфічных назваў // Народная асвета. – 2005. – № 11. – С. 21–22.

13. Крывіцкі А. А. Назва Палессе – свая ці чужая? З гісторыі назваў // Роднае слова. – 1997. – № 8. – С. 35–43.

14. Лексіка Палесся ў прасторы і часе. – Мн.: Навука і тэхніка, 1971.

15. Лемцюгова В. П. Беларуская айканімія. – Мн., 1970.

16. Лыч Л. М. Назвы зямлі беларускай. – Мн., 1994.

17. Максімовіч Рыгор. Як беларускі Менск стаўся «Мінскам» // Спадчына. – 2000. – № 2. – С. 142–146.

18. Мезенка Г. М. Шляхам гадоў. – Мн., 1993.

19. Мурзаев Э. М. География в названиях. – Мн., 1979.

20. Ненадавец А. М. Брэстчына. Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў. – Мн., 1995.

21. Ненадавец А. М. Віцебшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў. – Мн.. 2000.

22. Ненадавец А. М. Міншчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў. – Мн., 1998.

23. Пытанні беларускай тапанімікі. – Мн.,

24. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці. – Мн., 1977.

25. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. – Мн., 1980.

26. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці. – Мн., 1981.

27. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. – Мн., 1982.

28. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Магілёўскай вобласці. – Мн., 1983.

29. Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. – Мн., 1986.

30. Рогалев А. Ф. Географические названия Гомельщины. В 2 ч. Ч. 1. «Красная книга» топонимов Гомеля и окрестностей. – Гомель: Гомел. гос. ун-т, 1991.

31. Рогалеў А. Зямля, дзе жылі чарнарусы: Да паходжання назвы Чорная Русь // Беларуская мова і літаратура ў школе. – 1990. – № 9. – С. 68–71.

32. Рогалеў А. Ф. Сцежкі ў даўніну. – Мн., 1992.

33. Рогалеў А. Што ў імені тваім, Клецк? // Настаўніцкая газета. – 1990. – 28 сак.

34. Рогалеў А. Ф. Этнатапанімія Беларусі (на фоне этнічнай гісторыі). – Гомель, 1993.

35. Рылюк И. Я. Истоки географических названий Беларуси с основами общей топонимии. – Мн., 1999.

36. Суперанская А. В. Что такое топонимика. – М., 1985.

37. Успенский Л. Загадки топонимики. – М., 1969.

38. Шур Васіль. Беларускія тыпы паселішчаў і іх назвы // Геаграфія: Праблемы выкладання. – 1997. – С. 75–85.

39. Шышыгіна-Патоцкая Е. Скарбы Нясвіжа. – Мн., 1993.

40. Яшкін І. Я. Беларускія геаграфічныя назвы. – Мн., 1972.




Образовательный портал www.adu.by / Национальный институт образования





База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка