Праграма курса на выбар для X класа



Дата канвертавання22.07.2016
Памер100.71 Kb.

powerpluswatermarkobject1


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі



Цяжкія пытанні сінтаксісу


ПРАГРАМА
курса на выбар для X класа

агульнаадукацыйных устаноў з беларускай

і рускай мовамі навучання з 12-гадовым

тэрмінам навучання

Мінск 2007



Тлумачальная запіска

У прапануемым курсе “Цяжкія пытанні сінтаксісу і пунктуацыі (складаны сказ)” разглядаецца асноўная моўная адзінка – складаны сказ і яго пунктуацыйнае афармленне. Складаны сказ з’яўляецца тым “падмуркам”, які дапамагае развіваць мысленне і творчыя здольнасці вучняў; базай, якая дае магчымасць замацаваць моўныя, маўленчыя, арфаграфічныя і пунктуацыйныя веды, уменні і навыкі школьнікаў, набытыя імі ў ходзе вывучэння раздзелаў курса беларускай мовы ў папярэдніх класах – фанетыкі, лексікі, словаўтварэння, марфалогіі, сінтаксісу простага сказа. Важнасць і мэтазгоднасць вывучэння такога курса абумоўліваецца многааспектнасцю складанага сказа, асаблівасцямі яго будовы, канструктыўна-семантычным багаццем структурных кампанентаў у яго саставе, разнастайнасцю сэнсава-граматычных адносін паміж часткамі, відаў і сродкаў сувязі, якія ўдзельнічаюць у выражэнні адпаведных адносін, а таксама сэнсава-стылістычнай магчымасцю таго ці іншага складанага сказа ў арганізацыі маўлення і стварэнні тэкстаў розных стыляў і жанраў.

Пры мінімальным пашырэнні тэарэтычных звестак у параўнанні з базавым узроўнем курс акцэнтуе ўвагу на азнаямленні вучняў з найбольш цяжкімі пытаннямі, звязанымі з нялёгкімі выпадкамі асэнсавання “сінтаксічнай прыроды” складанага сказа, будовы і дакладнасці вызначэння межаў яго састаўных частак, характару і разнавіднасцей адносін паміж часткамі, адрознення сродкаў сувязі частак. Практыка паказвае, што засваенне гэтых сінтаксічных паняццяў мае непасрэднае дачыненне да фарміравання інтанацыйных і пунктуацыйных навыкаў школьнікаў. А гэта азначае, што сінтаксіс складанага сказа неабходна вывучаць у цеснай сувязі з пунктуацыяй. Вядома, што пунктуацыйны знак – гэта “сігнал для разважання”. Ён дапамагае выбраць адпаведную інтанацыю, перадаць на пісьме важнейшыя асаблівасці “жывога” гучання мовы, сэнсавыя адносіны паміж часткамі складаных сказаў розных тыпаў.

Прапануемы курс стварае аснову для наладжвання самастойнай працы вучняў, накіраванай на развіццё іх мыслення, пазнавальнай дзейнасці, фарміраванне практычных моўных і маўленчых навыкаў, у тым ліку арфаграфічных і пунктуацыйных, на ўдасканаленне іх моўнай і маўленчай кампетэнцыі, паляпшэнне моўнай культуры.

Вельмі важна, каб вучні зразумелі, што складаны сказ, як і просты, фарміруецца згодна з законамі граматыкі беларускай мовы. Яго можна разглядаць як структурна-семантычную адзінку і як функцыянальна-камунікатыўную. А гэта азначае, што ён можа быць самастойным сродкам паведамлення або выконваць пэўную ролю ў разгортванні цэласнай адзінкі моўных зносін – тэксту. Таму надзвычай важна навучыць школьнікаў не толькі самастойна ажыццяўляць трансфармацыйную перабудову такіх сінтаксічных канструкцый, але і ўключаць іх у вусныя і пісьмовыя паведамленні ў адпаведнасці з канкрэтнымі жыццёвымі сітуацыямі і задачамі маўлення для дасягнення сацыяльных патрэб – актыўнага ўзаемадзеяння ў асяроддзі людзей.

Засяроджваецца таксама ўвага на інтанацыйным і пунктуацыйным афармленні канструкцый з чужой мовай, выкарыстанні і афармленні цытат і эпіграфаў.

Праз гэты курс школьнікі пераканаюцца, што лінгвістычныя веды, засвоеныя на ўроку, не павінны разглядацца як канчатковая мэта навучання, а толькі як этап у іх навучальнай дзейнасці. Праграма курса арыентуе на рэалізацыю і захаванне прынцыпаў пераемнасці і развіцця, сістэмнасці і паслядоўнасці пры вывучэнні сінтаксічных адзінак.

Азнаямленне вучняў з найбольш цяжкімі пытаннямі сутнасці складаных сказаў, вызначэння асаблівасцей іх будовы і сінтаксічных прымет будзе садзейнічаць узбагачэнню слоўніка вучняў сінтаксічнымі тэрмінамі і паняццямі, пашырэнню агульнага і філалагічнага кругагляду вучняў, развіццю інтэлектуальных і творчых здольнасцей асобы школьніка, фарміраванню даследчыцкіх навыкаў і пунктуацыйнай пісьменнасці, цікавасці да роднай мовы, павагі да лінгвістаў, метадыстаў і настаўнікаў-практыкаў, якія ўнеслі і ўносяць значны ўклад у развіццё сінтаксісу беларускай мовы.

У сувязі з выкладзеным акрэслены мэты і задачы прапануемага курса.

Мэта курса: сфарміраваць у вучняў сістэму сінтаксічных паняццяў, лагічна звязаных з сутнасцю складанага сказа як спецыфічнай моўнай і маўленчай адзінкі.

Задачы курса:

-- фарміраваць у вучняў тэарэтычныя ўяўленні аб структурна-семантычных асаблівасцях сінтаксісу складанага сказа і канструкцый з чужымі выказваннямі;

-- знаёміць вучняў з разнастайнымі па будове і значэнні тыпамі і відамі складаных сказаў, спосабамі перадачы чужых выказванняў, іх сэнсава-стылістычнымі магчымасцямі і сферай ужывання;

-- удасканальваць навыкі хуткага распазнавання ў тэкстах складаных сказаў розных тыпаў, рабіць аналіз такіх моўных сінтаксічных адзінак;

-- удасканальваць уменне школьнікаў правільна карыстацца складанымі сінтаксічнымі канструкцыямі ў сваіх вусных выказваннях і пісьмовых паведамленнях для дасягнення сацыяльных патрэб – актыўнага ўзаемадзеяння ў асяроддзі людзей;

-- на новай, больш трывалай тэарэтычнай і практычнай аснове паглыбляць і пашыраць сінтаксічныя паняцці, што вывучаліся ў папярэдніх класах, удасканальваць арфаграфічную і пунктуацыйную пісьменнасць школьнікаў, іх моўную і маўленчую культуру;

-- садзейнічаць развіццю лінгвістычнага мыслення школьнікаў, фарміраванню ўмення самастойна набываць веды ў працэсе навучальнай і творчай дзейнасці;

-- накіроўваць пазнавальную дзейнасць вучняў, развіваць іх даследчыцкія навыкі і творчыя здольнасці.



ЗМЕСТ

10 клас

(34 гадзіны1)

Складаны сказ (2 гадзіны)

Сутнасць складанага сказа як цэласнай сінтаксічнай адзінкі. Асаблівасці будовы складаных сказаў. Агульнае і адметнае ў будове простых і складаных сказаў. Значэнне сродкаў сувязі частак у складаным сказе. Знакі прыпынку на мяжы частак у складаным сказе. Лексіка-семантычныя і сэнсава-стылістычныя магчымасці складаных сказаў у тэксце.



Чытанне і аналіз тэкстаў з мэтай распазнавання складаных сказаў, вызначэнне межаў і сродкаў сувязі частак, пастаноўка і абгрунтаванне знакаў прыпынку; параўнальна-супастаўляльны аналіз простых і складаных сказаў; назіранне за сэнсава-стылістычнай роляй складаных сказаў у тэксце.

Складаназлучаны сказ (4 гадзіны)

Сінтаксічныя прыметы складаназлучаных сказаў. Сэнсавыя адносіны паміж часткамі ў складаназлучаных сказах. Сродкі выражэння сэнсавых адносін паміж часткамі. Адрозненне складаназлучаных сказаў ад простых сказаў з аднароднымі членамі. Знакі прыпынку на мяжы частак у складаназлучаных сказах: наяўнасць або адсутнасць коскі, кропка з коскай, працяжнік; варыянтнасць знакаў прыпынку. Тэкстаўтваральная роля складаназлучаных сказаў.



Чытанне і аналіз тэкстаў з мэтай распазнавання складаназлучаных сказаў з рознымі сэнсавымі адносінамі паміж часткамі; параўнальна-супастаўляльны аналіз складаназлучаных сказаў і простых сказаў з аднароднымі членамі, пастаноўка знакаў прыпынку; абгрунтаванне пастаноўкі варыянтных знакаў прыпынку; канструяванне складаназлучаных сказаў; стварэнне ўласнага тэксту з уключэннем у яго складаназлучаных сказаў.

Складаназалежныя сказы (10 гадзін)

Сінтаксічныя прыметы складаназалежных сказаў, асаблівасці іх будовы. Роля падпарадкавальных злучнікаў, злучальных і ўказальных слоў у складаназалежных сказах. Размежаванне падпарадкавальных злучнікаў і злучальных слоў. Класіфікацыя даданых частак па будове і значэнні. Сінанімічнасць складаназалежных сказаў з простымі ўскладненымі сказамі (сказы з адасобленымі членамі, параўнальнымі зваротамі). Складаназалежныя сказы з адной і некалькімі даданымі часткамі. Віды падпарадкавання частак у складаназалежных сказах з некалькімі даданымі часткамі. Сэнсава-стылістычная роля і месца даданай/даданых частак у складаназалежным сказе. Знакі прыпынку ў складаназалежных сказах з адной даданай часткай: калі даданая частка размяшчаецца пасля галоўнай; калі даданая частка размяшчаецца перад галоўнай; калі даданая частка размяшчаецца ў сярэдзіне галоўнай; наяўнасць або адсутнасць знака прыпынку пры састаўным падпарадкавальным злучніку.

Знакі прыпынку ў складаназалежных сказах з некалькімі даданымі часткамі, калі даданыя часткі звязаны адзіночнымі злучнікамі і, ды (=і), ці, або; знакі прыпынку пры збегу двух злучнікаў, якія стаяць на мяжы галоўнай і даданай частак.

Тэкстаўтваральная роля складаназалежных сказаў.



Чытанне і аналіз тэкстаў з мэтай распазнавання складаназалежных сказаў і сэнсава-граматычных адносін паміж іх часткамі; назіранне за парадкам размяшчэння галоўнай і даданай частак, функцыяй злучнікаў і злучальных слоў, іх размежаваннем; пастаноўка і абгрунтаванне знакаў прыпынку ў складаназалежных сказах з адной і некалькімі даданымі часткамі; сінтаксічны разбор і пабудова схем складаназалежных сказаў з адной і некалькімі даданымі часткамі; канструяванне складаназалежных сказаў, уключэнне іх ва ўласна створаныя тэксты; выяўленне тэкстаўтваральнай ролі і сэнсава-стылістычных магчымасцей выкарыстання складаназалежных сказаў.

Бяззлучнікавыя складаныя сказы (8 гадзін)

Сінтаксічныя прыметы бяззлучнікавых складаных сказаў. Сэнсавыя ўзаемаадносіны паміж часткамі ў бяззлучнікавых складаных сказах. Знакі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах з аднатыпнымі часткамі. Знакі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах з разнатыпнымі часткамі.

Сэнсава-стылістычныя магчымасці бяззлучнікавых складаных сказаў у тэкстах.

Вылучэнне бяззлучнікавых складаных сказаў у тэкстах, іх інтанаванне і выяўленне сэнсавых адносін паміж часткамі; пастаноўка і абгрунтаванне знакаў прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах; абгрунтаванне пастаноўкі варыянтных знакаў прыпынку; сінанімічныя замены бяззлучнікавых складаных сказаў; канструяванне бяззлучнікавых складаных сказаў, увядзенне іх у кантэкст; абгрунтаванне мэтазгоднасці выкарыстання бяззлучнікавых складаных сказаў у тэкстах розных стыляў.

Складаныя сказы з рознымі відамі сувязі частак (6 гадзін)

Сінтаксічныя прыметы складаных сказаў з рознымі відамі сувязі частак, асаблівасці будовы такіх сінтаксічных канструкцый. Віды і сродкі сувязі частак у складаных сказах названага тыпу. Знакі прыпынку ў складаных сказах з рознымі відамі сувязі частак. Сэнсава-стылістычныя магчымасці складаных сказаў з рознымі відамі сувязі частак у тэкстах.



Вылучэнне складаных сказаў з рознымі відамі сувязі частак у тэкстах, выяўленне іх сэнсава-стылістычнай ролі; сінтаксічны разбор і пабудова схем складаных сказаў з рознымі відамі сувязі частак: канструяванне сказаў з рознымі відамі сувязі; пастаноўка і абгрунтаванне знакаў прыпынку.

Сінтаксічныя канструкцыі з чужой мовай (4 гадзіны)

Асаблівасці будовы сінтаксічных канструкцый з простай, няўласна-простай і ўскоснай мовай.

Спосабы замены простай мовы ўскоснай. Знакі прыпынку ў сказах з названымі сінтаксічнымі канструкцыямі. Сінтаксічныя сінонімы сказаў з простай мовай, іх тэкстаўтваральная роля. Пунктуацыйнае афармленне дыялогаў, цытат, эпіграфа.

Чытанне і аналіз тэкстаў з мэтай выяўлення ў іх сінтаксічных канструкцый з чужой мовай; пастаноўка і абгрунтаванне знакаў прыпынку ў сказах з простай, ускоснай, няўласна-простай мовай; уключэнне ва ўласна створаныя тэксты цытат; пунктуацыйнае афармленне цытат, эпіграфа.

Паказчыкі цікавасці школьнікаў да вывучэння прапануемага курса:



  • цікавасць да асэнсавання сутнасці складаных сказаў розных тыпаў;

  • жаданне разглядаць цяжкія пытанні сінтаксісу і пунктуацыі і атрыманне задавальнення ў час працы са складанымі сінтаксічнымі канструкцыямі;

  • жаданне пераадолець цяжкасці ў пазнанні складаных сінтаксічных моўных з’яў;

  • высокая пазнавальная і творчая актыўнасць пры выкананні практыкаванняў на пабудову складаных сказаў і стварэнне тэкстаў розных стыляў і жанраў.

Прагназуемыя вынікі:

  • ведаць сінтаксічныя прыметы і асаблівасці будовы складаных сказаў розных тыпаў;

  • сродкі сувязі частак у складаных сказах;

  • пунктуацыйныя нормы і варыянты знакаў прыпынку пры пісьмовым афармленні складаных сказаў;

  • спосабы перадачы чужой мовы, пунктуацыйнае афармленне сінтаксічных канструкцый з чужым выказваннем;

  • умець распазнаваць у тэкстах складаныя сказы розных тыпаў, выяўляць у іх колькасць сэнсава-граматычных частак, вызначаць межы частак;

  • вызначаць сэнсава-граматычныя адносіны паміж часткамі ў складаных сказах;

  • абазначаць сродкі сувязі частак, адрозніваць падпарадкавальныя злучнікі ад злучальных слоў;

  • расстаўляць у адпаведнасці з пунктуацыйнымі правіламі знакі прыпынку паміж часткамі складанага сказа, тлумачыць варыянтныя знакі прыпынку;

  • будаваць складаныя сказы розных тыпаў на прапанаваную тэму, свядома выкарыстоўваць іх у самастойных вусных выказваннях і і пісьмовых паведамленнях у адпаведнасці з сітуацыяй маўлення;

  • афармляць пунктуацыйна правільна на пісьме сказы з простай, няўласна-простай і ўскоснай мовай, дыялогі і цытаты, выкарыстоўваць і афармляць эпіграфы ў сачыненнях;

  • абгрунтоўваць мэтазгоднасць ужывання сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных стыляў і жанраў.

Літаратура

  1. Беларуская граматыка: У 2 ч. Ч. 2: Сінтаксіс / Пад рэд. М.В.Бірылы, П.П.Шубы. Мн., 1986.

  2. Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі / Пад рэд. А.Падлужнага. – Мн., 1987.

  3. Беларуская мова: Энцыклапедыя / Пад рэд. А.Я.Міхневіча, Мн., 1994.

  4. Беларуская мова: Вучэб.дапам. / Пад рэд. М.С.Яўневіча. – Мн., 1991.

  5. Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. – Мн., 1982.

  6. Бурак Л.І., Бурак І.Л. Сучасная беларуская мова: Арфаграфія і пунктуацыя: Практыкум. – Мн., 1993.

  7. Выкладанне беларускай мовы ў школе / Пад рэд. М.Г.Яленскага. – Мн., 1994.

  8. Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3-е выд., дапрац. -- Мн., 1990.

  9. Клюсаў Г.Н., Юрэвіч А.К. Сучасная беларуская пунктуацыя. – Мн., 1972.

  10. Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі. – Гродна, 1993.

  11. Лепешаў І.Я., Малажай Г.І., Панюціч К.М. Практыкум па беларускай мове / Пад рэд. Ф.М.Янкоўскага. – Мн., 1980.

  12. Пальчик Г.В. Организационно-теоретические основания разработки вариативного компонента содержания общего среднего образования // Кіраванне ў адукацыі. – 2006. – № 7. – С. 3-10.

  13. Протчанка В.У. Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы: Вучэб.дапам. – Мн., 1987.

  14. Протчанка В.У. Вывучэнне сінтаксісу складанага сказа ў 9 класе. 2-е выд., дапрац. – Мн., 2004.

  15. Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы: Падруч. для студ.філалаг. спец. – Мн., 2006.

1 Заўвага. У залежнасці ад умоў і жадання школьнікаў настаўнік можа ўнесці змены ў змест праграмы, змяніць колькасць гадзін на вывучэнне пэўнай тэмы, пры гэтым не парушаючы агульнай колькасці гадзін.


: wp-content -> uploads -> 2014 -> umodos -> fakult1
fakult1 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь Нацыянальны інстытут адукацыі
fakult1 -> С. М. Якуба сакрэты словазмянення І формаўтварэння вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для VI класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання Мінск 2010 Тлумачальная запіска
fakult1 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь “мастацтва выцінанкі”
fakult1 -> Г. М. Валочка В. У. Зелянко
fakult1 -> Г. М. Валочка, С. А. Язерская
fakult1 -> Гэты няпросты просты сказ вучэбная праграма
fakult1 -> Навукова-метадычная установа “нацыянальны інстытут адукацыі” міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь
fakult1 -> Праграма факультатыўных заняткаў для 8 класа ўстаноў
fakult1 -> Т. У. Логінава Т. І. Мароз
fakult1 -> Нацыянальны інстытут адукацыі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка