Праграма курса на выбар для XI класа



Дата канвертавання30.06.2016
Памер60.82 Kb.

powerpluswatermarkobject1


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі




МАЙСТЭРСТВА ПЕРАКЛАДУ
ПРАГРАМА

курса на выбар для XI класа

агульнаадукацыйных устаноў з беларускай

і рускай мовамі навучання з 12-гадовым

тэрмінам навучання

Мінск 2007



ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Курс мае на мэце ўдасканальванне ў вучняў XI класаў уменняў вусна і пісьмова перакладаць з рускай мовы на беларускую тэксты рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці.

На асобных уроках перакладу ў V—X класах вучні авалодваюць элементарнымі навыкамі перакладу, яны ў адпаведнасці з патрабаваннямі праграмы па беларускай мове перакладаюць тэксты розных тыпаў, стыляў і жанраў (напрыклад, пераклад на беларускую мову тэкстаў навуковага стылю, пераклад тэкстаў мастацкага стылю з элементамі апісання рэчаў, жывёл, памяшкання і г.д.). Адпаведна выпрацоўка навыкаў перакладу, уменне карыстацца слоўнікамі, выкарыстоўваць розныя прыёмы перакладу для дасягнення максімальнай адэкватнасці, умець бачыць у напісаным варыянце недакладнасці, недахопы, памылкі з мэтай паляпшэння напісанага з’яўляюцца актуальнымі і на другой, і на трэцяй ступені навучання.

У гэтай сувязі пераклад з’яўляецца адным з найбольш прадуктыўных сродкаў практычнага выкарыстання ведаў, атрыманых на ўроках беларускай мовы. Па-першае, працуючы з тэкстамі для перакладу, вучні актывізуюць навыкі ў розных відах маўленчай дзейнасці (чытанне, гаварэнне, аўдзіраванне, пісьмо), удасканальваюць веды пра тэкст, яго будову, моўныя і зместавыя асаблівасці, тыпы, стылі і жанры маўлення, паколькі, перш чым прыступіць да перакладу, абавязкова даецца характарыстыка тэксту паводле яго прыналежнасці да пэўнага стылю, вызначаецца форма выражэння (апавяданне, апісанне, разважанне), аналізуюцца моўныя асаблівасці тэксту і г.д. Па-другое, параўнанне ў працэсе перакладу мовы арыгінала (рускай) і беларускай мовы садзейнічае больш глыбокаму засваенню адной і другой, павышае маўленчую культуру вучняў, бо параўнанне моўных адзінак адбываецца не ізалявана, а ў тэксце, г.зн. на функцыянальнай аснове.

Акрамя таго, заняткі перакладам будуць спрыяць знаёмству вучняў з такой сферай дзейнасці, як прафесійны пераклад.

Такім чынам, пераклад тэкстаў з адной мовы на другую садзейнічае пашырэнню лексічнага запасу вучняў, удасканаленню ведаў па граматыцы, спрыяе больш глыбокаму засваенню абедзвюх моў, забяспечвае сістэматызацыю атрыманых ведаў на функцыянальнай аснове, спрыяе развіццю навыкаў у розных відах маўленчай дзейнасці.

У працэсе перакладу тэкстаў розных тыпаў, стыляў і жанраў асноўнае значэнне маюць уменні аўтаматычнага і творчага характару. Пад аўтаматычнымі ўменнямі разумеецца веданне гатовых перакладчыцкіх адпаведнікаў, якія існуюць паміж мовай арыгінала і перакладу, і навык прымяняць іх. Пад творчымі – а) уменне знаходзіць аналагі, г.зн выбіраць адзін з некалькіх магчымых сінонімаў і б) майстэрства выконваць адэкватныя замены. У сувязі з гэтым на трэцяй ступені навучання актуальным становіцца ўдасканальванне ўменняў карыстацца сінанімічным багаццем беларускай мовы, уменняў выбіраць з некалькіх магчымых варыянтаў найбольш прыдатны для кожнага канкрэтнага выпадку, а таксама знаходзіць нестандартныя рашэнні, адхіляючыся ад арыгінала, выконваць розныя замены, перастаноўкі, трансфармацыі. Адпаведна гэта садзейнічае развіццю творчых здольнасцей вучняў, уменняў прымаць нестандартныя рашэнні. Праца над перакладам патрабуе не проста валодання дзвюма мовамі, але і аналітычнага мыслення; гэта дзейнасць, звязаная з пошукам нестандартных рашэнняў.

Мэтай курса на выбар “Майстэрства перакладу” з’яўляецца ўдасканаленне ўмення вусна і пісьмова перакладаць з рускай мовы на беларускую розныя ў жанрава-стылістычных адносінах тэксты, што звязана як з развіццём творчых здольнасцей вучняў, так і з прафесійнай накіраванасцю курса.

У адпаведнасці з пастаўленай мэтай вырашаюцца наступныя задачы:

-- выпрацоўка ўмення правільна зразумець змест на адной мове і па магчымасці больш дакладна перадаць гэты змест сродкамі іншай мовы;

-- удасканаленне ведаў пра тэкст, яго будову, моўныя і зместавыя асаблівасці, тыпы, стылі і жанры маўлення;

-- паглыбленне ведаў вучняў па беларускай і рускай мовах, пашырэнне іх агульнага філалагічнага кругагляду, павышэнне маўленчай культуры;

-- далейшае развіццё навыкаў у розных відах маўленчай дзейнасці.



ЗМЕСТ КУРСА


(17 гадзін)

1. Мэта і змест курса. Пераклад як дзейнасць. Патрабаванні да перакладу (1 гадзіна)

2. Віды перакладу: традыцыйны і машынны; пісьмовы (пісьмовы пераклад пісьмовага тэксту, пісьмовы пераклад вуснага тэксту, т зв. пераклад-дыктант) і вусны пераклад (паслядоўны і сінхронны); вольны, адэкватны і літаральны; пераклад тэкстаў навуковага, афіцыйнага, мастацкага, публіцыстычнага і гутарковага стыляў; поўны і няпоўны пераклад (фрагментарны, анатацыйны ці рэфератыўны) (1 гадзіна)

3. Праца са слоўнікамі і іншай даведачнай літаратурай (2 гадзіны)



Знаходжанне патрэбных слоў у слоўніку, запіс іх у алфавітным парадку з улікам другой, трэцяй і г.д. літар; знаёмства са структурай слоўнікавага артыкула ў розных слоўніках; знаёмства з “фальшывымі сябрамі перакладчыка” (міжмоўнымі амонімамі). Практыкаванні на выпрацоўку ўменняў хутка знаходзіць патрэбнае слова ў слоўніку і правільна арыентавацца ў структуры слоўнікавага артыкула. Практыкаванні, звязаныя з уменнем правільнага выбару неабходнага адпаведніка са слоўнікавага артыкула (суаднясенне слова і кантэксту; значэння слова, якое падаецца ў слоўнікавым артыкуле, з яго кантэкстуальным значэннем). Практыкаванні на выпрацоўку ўмення выбіраць з некалькіх прапанаваных слоўнікам варыянтаў найбольш дакладнага адпаведніка (умелае карыстанне сінанімічным багаццем мовы, яе мнагазначнасцю і аманіміяй).

4. Асноўныя правілы і прыёмы перакладу. Пастаянныя адпаведнікі, варыянтныя адпаведнікі, безэквівалентнасць (2 гадзіны)



Знаёмства з асноўнымі правіламі і прыёмамі перакладу (падстаноўкамі, заменамі і трансфармацыямі). Назіранне над спосабамі перадачы арыгінала. Калектыўнае вызначэнне і аналіз спосабаў перадачы арыгінала. Самастойнае выкананне перакладу выказванняў з рускай мовы на беларускую з тлумачэннем выкарыстаных спосабаў (прыёмаў). Практыкаванні, звязаныя з уменнем перадаваць адзін і той змест рознымі моўнымі сродкамі (моўныя пераўтварэнні ў межах адной і дзвюх моў).

5. Пераклад тэкстаў розных стыляў і жанраў.

Пераклад тэкстаў мастацкага стылю (2 гадзіны).

Пераклад тэкстаў навуковага стылю (1 гадзіна).

Пераклад тэкстаў афіцыйнага стылю (1 гадзіна).

Пераклад тэкстаў публіцыстычнага стылю (1 гадзіна).

Пераклад тэкстаў гутарковага стылю (1 гадзіна).

Пераклад-анатацыя (1 гадзіна).

Пераклад-рэферат (2 гадзіны)

6. Рэдагаванне тэксту перакладу (2 гадзіны).



Аналіз памылак і недахопаў ў змесце (скажэнні і недакладнасці) і моўным афармленні (лексічныя і стылістычныя памылкі). Знаходжанне і выпраўленне памылак і недахопаў у тэкстах перакладаў (самаправерка і ўзаемаправерка).
Прагназуемыя вынікі:

-- разумець змест і накіраванасць тэкстаў, вызначаць іх прыналежнаць да пэўнага тыпу, стылю і жанру, зместавыя і моўныя асаблівасці разнастайных тэкстаў;

-- умець карыстацца слоўнікамі: хутка знаходзіць патрэбнае слова, выбіраць з некалькіх прапанаваных у слоўнікавым артыкуле найбольш дакладны адпаведнік;

-- ведаць гатовыя перакладчыцкія адпаведнікі (эквіваленты), якія існуюць паміж рускай і беларускай мовамі, умець прымяняць іх пры перакладзе тэкстаў;

-- умець карыстацца рознымі прыёмамі (падстаноўкамі, заменамі, трансфармацыямі) для дасягнення максімальнай адэкватнасці перакладнога і арыгінальнага тэкстаў;

-- рабіць пераклад тэкстаў розных тыпаў, стыляў і жанраў з рускай мовы на беларускую;



-- рэдагаваць уласны тэкст перакладу (выпраўляць недакладнасці, недахопы, памылкі з мэтай паляпшэння напісанага).

Літаратура


  1. Валочка, Г.М. Пераклад – праца творчая: курс на выбар: эксперым. дапам. для вучняў 11 і 12 класаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агул. сярэд. адукацыі з бел. і руск. мовамі навучання. – Мн.: Народная асвета, 2004.

  2. Валочка, Г.М. Навучанне перакладу ў школе / Г.М. Валочка. – Мн.: НМЦэнтр, 1999.

  3. Валочка, Г.М. Навучанне перакладу і ацэнка яго якасці / Г.М.Валочка // Роднае слова. – 1996. – № 9. – С. 151—160.

  4. Выкладанне беларускай мовы ў школе / М.Г. Яленскі [і інш.]; пад рэд. М.Г. Яленскага. – Мн.: Народная асвета, 1994.

  5. Лаўрэль, Я.М. Пераклад у сістэме развіцця звязнай мовы вучняў / Я.М. Лаўрэль // Народная асвета. – 1985. – № 8. – С. 19—29.

  6. Фарміраванне ў школьнікаў агульнаадукацыйных уменняў і навыкаў пры навучанні беларускай мове: зб. навук. арт. / НІА. – Мн.: НІА, 1994.

  7. Яленскі, М.Г. Пераклад і методыка яго правядзення / М.Г. Яленскі // Народная асвета. – 1984. – № 11. – С. 31—36.



База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка