Праграма курса на выбар для XI класа



Дата канвертавання30.06.2016
Памер69.9 Kb.

powerpluswatermarkobject1


Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі



КОМПЛЕКСНЫ АНАЛІЗ ТЭКСТУ
ПРАГРАМА

курса на выбар для XI класа

агульнаадукацыйных устаноў з беларускай

і рускай мовамі навучання з 12-гадовым

тэрмінам навучання

Мінск 2007



ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА

Комплексны аналіз тэксту перадае сучасны падыход да навучання беларускай мове на тэкставай аснове. Такая накіраванасць у навучанні дазваляе не толькі фарміраваць граматычныя і правапісныя ўменні і навыкі, развіваць здольнасць абагульняць і сістэматызаваць вывучаны матэрыял, але і садзейнічае выпрацоўцы маўленчых уменняў і навыкаў: аналіз тэксту на аснове маўленчых паняццяў, яго зместу і будовы; разуменне тэксту; уменне ствараць выказванне ў працэсе вуснага ці пісьмовага аналізу тэксту. Апора на тэкст дазваляе аб’яднаць у адно цэлае фарміраванне моўнай (лінгвістычнай), камунікатыўнай і лінгвакультуралагічнай кампетэнцый, якія з’яўляюцца асноўнымі зместавымі лініямі прадмета “Беларуская мова”.

Акрамя таго, выбар тэксту ў якасці асноўнай дыдактычнай адзінкі забяспечвае сінтаксічную аснову вывучэння лінгвістычных з’яў. Толькі ў тэксце моўныя адзінкі, уступаючы ў граматыка-семантычныя адносіны, ствараюць змест, сэнс выказвання. Менавіта ў тэксце моўныя элементы ў поўнай меры рэалізуюць сваё прызначэнне, тэкстаўтваральныя функцыі.

Тэкст выступае і ў якасці сродку развіцця камунікатыўных здольнасцей вучняў, забяспечвае ўмовы для фарміравання навыкаў ва ўсіх відах маўленчай дзейнасці (аўдзіраванне, гаварэнне, чытанне, пісьмо). Вучэбная дзейнасць ажыццяўляецца ў працэсе ўспрымання, асэнсавання і аналізу заключанай у тэксце інфармацыі. Адпаведна вялікае значэнне набывае не толькі пазнавальная функцыя тэкстаў на ўроку, але і выхаваўчая, і развіццёвая, г.зн. фарміраванне і ўзбагачэнне духоўнага свету вучня.

Тэкст разглядаецца ў аспекце лінгвакультуралагічнага падыходу, г.зн. не толькі як факт мовы, але і як факт культуры, бо тэкст з’яўляецца састаўной часткай культуры. Праз тэкст засвойваюцца новыя веды і каштоўнасці, матэрыяльная і духоўная культура свайго народа, асэнсоўваецца і ўдакладняецца ўласная маральная і эстэтычная пазіцыі.

Комплексны аналіз тэксту, такім чынам, рэалізуе сістэмна-функцыянальны, камунікатыўна-дзейнасны і лінгвакультуралагічны падыходы да навучання мове. Па-першае, дазваляе сістэматызаваць веды вучняў як па арфаграфіі і пунктуацыі, так і практычна па ўсіх раздзелах школьнага курса беларускай мовы (фанетыка, лексіка, склад слова і словаўтварэнне, марфалогія, сінтаксіс). Па-другое, садзейнічае засваенню вучнямі маўленчых (“речеведческих”) паняццяў (тэкст, тыпы, стылі і жанры маўлення). Па-трэцяе, выпрацоўвае ўменне бачыць моўнае майстэрства пісьменніка, выкарыстанне ім адзінак мовы розных узроўняў (фанетычнага, лексічнага, марфалагічнага, сінтаксічнага) з пэўнай камунікатыўнай задачай. Па-чацвёртае, уменне выказваць і аргументаваць сваю думку, сваё меркаванне пры аналізе тэксту спрыяе развіццю звязнага маўлення школьнікаў, развіццю ўменняў успрымаць і аналізаваць змест чужых выказванняў (пісьмовых тэкстаў), а таксама ствараць ўласныя выказванні ў вуснай і пісьмовай форме.

Асаблівасцю комплекснага аналізу тэксту з’яўляецца тое, што тэкст разглядаецца па асноўных напрамках (змест, кампазіцыя, моўнае афармленне) на аснове маўленчых (“речеведческих”) паняццяў.

Поўны комплексны аналіз тэксту ўключае:



зместавы аналіз: асэнсаванне загалоўка і яго суадноснасць з тэмай і асноўнай думкай (або вызначэнне тэмы і асноўнай думкі тэксту, падбор загалоўка, які перадаваў бы тэму ці асноўную думку тэксту); колькасць тэм, падтэм і мікратэм, спосаб і сродкі сувязі сказаў і частак у тэксце;

тыпалагічна-кампазіцыйны: вызначэнне тыпу маўлення (вядучы тып, спалучэнне розных тыпаў); аналіз кампазіцыйнай схемы тэксту, судноснасць пачатку і канца;

жанрава-стылістычны: вызначэнне стылю і жанру маўлення, выдзяленне характэрных для канкрэтнага стылю і жанру моўных сродкаў і стылістычных праёмаў;

аналіз функцыянавання моўных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца аўтарам для вырашэння пэўнай камунікатыўнай задачы.

Такім чынам, прапанаваны курс мае на мэце сістэматызацыю і ўдасканаленне звестак па ўсіх раздзелах школьнага курса беларускай мовы на комплекснай аснове (моўная, камунікатыўная, лінгвакультуралагічная кампетэнцыя).

Комплексны аналіз тэксту дазваляе вырашыць наступныя задачы:

-- сістэматызаваць звесткі пра мову, маўленне і прадукт маўленчай дзейнасці (тэкст), неабходныя пры аналізе тэкстаў;

-- ліквідаваць недахопы ў веданні лінгвістычнай і маўленчай (“речеведческой”) тэорыі;

-- фарміраваць маўленчыя ўменні і навыкі: аналізаваць змест і структуру тэксту на аснове маўленчых паняццяў;

-- удасканальваць уменне разумець змест прачытанага;

-- развіваць уменне ствараць уласныя выказванні ў працэсе аналізу тэксту;

-- павышаць чытацкую культуру, выхоўваць мастацкі густ.




ЗМЕСТ КУРСА


17 гадзін


  1. Сістэматызацыя лінгвістычнай і маўленчай (“речеведческой”) тэорыі (тэарэтычная частка)




  1. Тэкст, прыметы тэксту: тэматычнае адзінства, звязнасць, цэласнасць, разгорнутасць, завершанасць; падтэмы і мікратэмы; спосабы і сродкі сувязі сказаў і частак у тэксце (2 гадзіны).

  2. Тып маўлення: апавяданне, апісанне, разважанне; іх тыповыя кампазіцыйныя схемы, моўныя сродкі; спалучэнне розных тыпаў (2 гадзіны).

  3. Стыль маўлення: гутарковы, навуковы, мастацкі, афіцыйны, публіцыстычны; сфера выкарыстання, мэта выказвання, асноўныя стылёвыя рысы, характэрныя моўныя сродкі, жанравыя разнавіднасці (2 гадзіны).

  4. Жанр маўлення: асноўныя прыметы жанру, кампазіцыя, моўныя асаблівасці (1 гадзіна).

  5. Лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя сродкі арганізацыі тэксту (2 гадзіны).




  1. Комплексны аналіз тэкстаў (практычная частка)

1. Аналіз вершаванага тэксту (1 гадзіна).

Асэнсаванне загалоўка, эпіграфа, ключавых слоў і выразаў у вершы.

Асаблівасці структуры і кампазіцыі верша. Аналіз падтэксту.

Аналіз рытму і рыфмы, інтанацыі, фанетычных асаблівасцей вершаванага тэксту.

Марфалагічныя сродкі. Лексічная характарыстыка верша. Сінтаксіс тэксту. Тропы і стылістычныя фігуры.

2. Аналіз празаічнага мастацкага тэксту (3 гадзіны).

Загаловак. Тэма і асноўная думка тэксту. Аўтар—адрасат.

Тып маўлення. Асаблівасці сюжэта, кампазіцыі, будовы тэксту; суадноснасць пачатку і канца тэксту.

Жанрава-стылёвая разнавіднасць тэксту. Асноўныя стылёвыя рысы. Аб’ектыўная і суб’ектыўная мадальнасць. Характэрныя моўныя сродкі, стылістычныя прыёмы.

Функцыянаванне моўных сродкаў у тэксце. Асноўныя моўныя сродкі і прыёмы пры пабудове сістэмы вобразаў і стварэнні мастацкай выразнасці тэксту.

3. Аналіз навуковага тэксту (1 гадзіна).

Характар будовы і кампазіцыі тэксту. Фармальныя моўныя сродкі, што служаць для перадачы семантыкі: ужыванне дзеясловаў пераважна ў форме 3-й асобы множнага ліку цяперашняга часу для паказу ўстойлівых уласцівасцей з’яў, прадметаў, аб’ектыўнага характару звестак; ужыванне назоўнікаў у форме множнага ліку для абагульненасці апісанняў.

4. Параўнанне двух і больш тэкстаў (2 гадзіны).

Параўнанне мастацкага і навуковага тэкстаў.

Параўнанне тэксту арыгінала і перакладу яго на беларускую мову.


  1. Падагульненне (1 гадзіна).


Прагназуемыя вынікі:

-- асэнсоўваць паняцце «тэкст», выяўляць прыметы тэксту; вызначаць тэму і асноўную думку; даваць загаловак, суадносіць яго з тэмай ці асноўнай думкай тэксту; дзяліць тэкст на часткі (падтэмы і мікратэмы) і абзацы; складаць просты і складаны план; выдзяляць апорныя (ключавыя) словы, словазлучэнні, сказы;

-- вызначаць тып маўлення (або спалучэнне тыпаў); абгрунтоўваць прыналежнасць тэкстаў да пэўнага тыпу (рабіць тыпалагічны аналіз тэксту); выяўляць кампазіцыйныя асаблівасці тэкстаў розных тыпаў маўлення, аналізаваць ужыванне моўных сродкаў у тэкстах розных тыпаў;

-- вызначаць стыль тэксту; абгрунтоўваць прыналежнасць тэкстаў да пэўнага стылю (рабіць стылістычны аналіз тэксту); выяўляць асаблівасці ўжывання моўных сродкаў у тэкстах розных стыляў маўлення;

-- вызначаць жанр маўлення; абгрунтоўваць прыналежнасць тэкстаў да пэўнага жанру; аналізаваць ужыванне моўных сродкаў у тэкстах розных жанраў;

-- тлумачыць моўныя з'явы; бачыць, як маўленчая сітуацыя, змест тэксту ўплывае на адбор моўных сродкаў, на асаблівасці іх выкарыстання;



-- выяўляць адметныя ўласцівасці ў змесце, будове і моўным афармленні пры параўнанні двух і больш тэкстаў, усведамляць адрозненні ў адборы моўных сродкаў у тэкстах рознай жанрава-стылістычнай прыналежнасці.


Літаратура


  1. Андреев, А.А. Целостный анализ литературного произведения / А.А.Андреев. – Мн., 1995.

  2. Каўрус, А.А. Стылістыка беларускай мовы / А.А. Каўрус. – Мн.: Вышэйшая школа, 1980.

  3. Купина, Н.А. Лингвистический анализ художественного текста / Н.А.Купина. – М.: Высш. школа, 1980.

  4. Лепешаў, І.Я. Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора / І.Я. Лепешаў. – Мн.: Вышэйшая школа, 1981.

  5. Малажай, Г.М. Лінгвістычны аналіз тэксту: заданні, тэксты, парады / Г.М. Малажай. – Мн.: Вышэйшая школа, 1982.

  6. Маслова, В.А. Филологический анализ художественного текста: учеб. пособие / В.А. Маслова. – Мн.: Універсітэцкае, 2000.

  7. Маслова, В.А. Комплексный анализ художественного текста: учеб. пособие / В.А. Маслова. – Витебск, 1996.

  8. Ревуцкий, О,И. Лингвистический анализ художественного текста / О.И. Ревуцкий. – Мн., 1998.

  9. Цікоцкі, М.Я. Стылістыка тэксту / М.Я Цікоцкі. – Мн.: Бел. навука, 2002.

  10. Юрэвіч, А.К. Віды аналізу мастацкага тэксту / А.К. Юрэвіч // Лінгвістычны аналіз тэксту: зб. артыкулаў; МПІ імя А.М. Горкага. – Мн., 1978. – С.14—27.

  11. Юрэвіч, А.К. Стылістыка беларускай мовы / А.К. Юрэвіч. – Мн.: Вышэйшая школа, 1983.

  12. Янкоўскі, Ф.М. Беларуская мова / Ф.М. Янкоўскі.— 2-е выд. – Мн.: Вышэйшая школа, 1978.


: wp-content -> uploads -> 2014 -> umodos -> fakult1
fakult1 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь Нацыянальны інстытут адукацыі
fakult1 -> С. М. Якуба сакрэты словазмянення І формаўтварэння вучэбная праграма факультатыўных заняткаў для VI класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай І рускай мовамі навучання Мінск 2010 Тлумачальная запіска
fakult1 -> Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь “мастацтва выцінанкі”
fakult1 -> Г. М. Валочка В. У. Зелянко
fakult1 -> Г. М. Валочка, С. А. Язерская
fakult1 -> Гэты няпросты просты сказ вучэбная праграма
fakult1 -> Навукова-метадычная установа “нацыянальны інстытут адукацыі” міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь
fakult1 -> Праграма факультатыўных заняткаў для 8 класа ўстаноў
fakult1 -> Т. У. Логінава Т. І. Мароз
fakult1 -> Нацыянальны інстытут адукацыі




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка