Праграмны змест



Дата канвертавання01.07.2016
Памер57.63 Kb.
Комплексны занятак

па азнаямленню

з наваколлем

у рознаўзроставай групе

“Чамучкі” і “Фантазёры”
Тэма

Выхавальнік Журэйка В.К.

Праграмны змест:


  • пашырыць уяўленні дзяцей аб тым, што Мінск – галоўны горад нашай краіны, з некаторымі вядомымі архітэктурнымі пабудовамі, з прамысловасцю Мінска;

  • пашырыць веды дзяцей аб Гродна – абластным цэнтры;

  • пазнаёміць з жыццём г.п.Астравец – раённым цэнтрам;

  • пашырыць уяўленні аб багацці нашай вёскі Кямелішкі;

  • развіваць у дзяцей інтарэс да жыцця сваёй краіны;

  • выхоўваць у дзяцей пачуццё гонару за нашу краіну, за яе самаадданых і працавітых людзей.


Абсталяванне:

  • тэрытарыяльна-адміністратыўная карта Беларусі;

  • відарысы будынкаў Мінска, Гродна;

  • гербы Мінска, Гродна, Астраўца.


Выхавальнік: Мы хочам правесці вас па зямлі, якая для кожнага з нас даражэйшая за ўсё, гэта самы ўтульны і чароўны кут. Якая яна , мая зямля? Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглохлі ад птушынага звону і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы дзе горда нясуць свае кароны алені.

Гэта ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Памяць маей зямлі аб гэтым у старадаўніх гарадзішчах, у курганах, у вечных агнях перад помнікамі салдатам. Памяць маей зямлі – гэта людзі, іх вечная і неўміручая праца: араць зямлю, біць студні, плясці з дрэва і каменняў карункі дзівосных будынкаў.

Лёс даў беларусам мірны характар, чулае сэрца, шчырую душу, бязмерную шчодрасць і гасціннасць. Таму беларусы адна з самых мірных і працавітых нацый.

Дрэва без каранёў не бывае. Ёсць свае карані у кожнага з нас, і трэба іх шукаць. Яны павінны быць дарагімі і блізкімі нам – грамадзянінам краіны, якая завецца – Рэспубліка Беларусь.

У кожнага чалавека ёсць імя, якое ён атрымаў у маленстве. Свае імёны маюць гарады, рэкі, азёры. На беларускай зямлі шмат цікавага.

Выхавальнік: - А ці ведаеце вы сваю краіну?

Дзеці: - Ведаем.

Выхавальнік: - Зараз праверым.


  • Як называецца краіна, у якой мы з вамі жывём?

  • Як называюцца людзі, якія жывуць на Беларусі?

  • Які горад з’яўляецца сталіцай Беларусі?

  • Што вы ведаеце пра гэты горад?

Таня: - Ён размешчаны ў сэрцы нашай Беларусі. У Мінску працуе Прэзідэнт краіны, Урад. У Мінску многа вядомых архітэктурных пабудоў. Гэта: Дом Урада, Палац Рэспублікі, Цырк, Прывакзальная плошча, якая сустракае гасцей самай першай. Гэта своеасаблівыя вароты ў горад. Усе госці наведваюць парк імя Максіма Горкага – любімае месца адпачынку мінчан.

Аповяд выхавальніка:

Мінск быў разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але працавіты беларускі народ адбудаваў яго. Зараз – гэта сучасны горад з шырокімі прыгожымі вуліцамі, з вядомымі не толькі ў нашай краіне буйнымі прадпрыемствамі: Мінскім трактарным заводам, кандытарскай фабрыкай “Камунарка”, заводам “Луч”, які выпускае гадзіннікі, заводам “Атлант”. Пра Мінск напісана многа песен і вершаў.

П.Панчанка
Мой родны Мінск
Мой родны Мінск,

Пад небам жураўліным

Жыві, квітней пад зоркай залатой.

Ты для мяне на ўсёй зямлі адзіны.

Цябе люблю ўсёй душой!

(песня)


Выхавальнік: Наша падарожжа працягваецца. І з Мінску мы з вамі адпраўляемся ў Гродна.

Горад над Неманам мае шматвекавыя гісторыка-культурныя традыцыі. Яго нездарма называюць адным з культурных цэнтраў нашай краіны. Многія творчыя калектывы вядомы далёка за межамі Беларусі. Гэта ансамбль песні і пляскі “Неман”, “Раніца” і іншыя.

Гонар Гродна – абласны драматычны тэатр, лялечны тэатр і адзіны ў Беларусі музей гісторыі рэлігіі. Гродна мае багатыя спартыўныя традыцыі. Мяжуе з Польшай.

Славіцца Гродна мінеральнымі ўгнаеннямі, вядомы ўсім цёплыя і прыгожыя пальчаткі, якія шыюць на фабрыцы. Многа гасцей і гаражан наведваецца у Гродзенскі заапарк.

Вельмі добра працуюць гродзенцы на прадпрыемствах свайго горада. Іх прадукцыя вядома ў 41 краіне свету. Багаты ўраджай зерня і бульбы даюць пладавітыя гродзенскія землі.

Сяргей: Ведайце, што нашы дзеці

Лепшыя ў цэлым свеце,

Паглядзіце як танцуюць

Ножак пад сабой не чуюць.

Ураджай бульбы, каб не змарнаваць

Трэба нам яго сабраць.

Садзяць бульбу на загонах

Дзе расце яна шпарчэй

Будзе бульбы, будзе многа

Для сябе і для гасцей.

З бульбы ў нас галушкі вараць

Нашу бульбу ўсюды хваляць.


Беларускі народны танец “Бульба”

Выхавальнік:

  • А зараз зноў у дарогу. Мы з вамі набліжаемся да Астраўца. У гэтым годзе нашаму раённаму цэнтру споўніцца 540 год. З кожным годам гэты маленькі гарадок расце і прыгажэе. Я ўпэўнена, што кожны з вас заўважыў гэта сам. На жаль у Астраўцы няма буйных прамысловых прадпрыемстваў, але гэта мажліва ў будучым. Вядомы ўсяму Астравецкаму раёну хлебакамбінат, дзе выпякаюць хлеб, батоны, булкі, вырабляюць макароны. Кожны з вас пабываў у Астраўцы па той альбо іншай патрэбе: лячыў зубы, ці купляў адзенне на рынку. У гэтым годзе быў зацверджаны герб Астраўца.

Зараз мы развітваемся з Астраўцом і па-маленьку будзем рухацца да нашай роднай вёскі Кямелішкі.

Але, калі падарожнічаць па карце, мы бачым, што нейкая блакітная стужачка перагарадзіла нам дарогу. Што гэта, дзеці?



Саша: - Рэчка, якая называецца Вілія!

Выхавальнік: -А можа вы ведаеце, чаму яна так называецца? Можа раскажаце нам?

Аня: - Там дзе бярэ пачатак маленькая Вілія жылі-былі Сцяпан-кравец і прыгажуня Віліяна. Яны вельмі кахалі адзін аднаго, але невядома за што Бог, ці іншыя сілы асудзілі Сцяпана абернуцца каменем.

Наташа: - Спачатку ён быў яшчэ жывы, ляжаў каля балота і працягваў шыць. Віліяна праводзіла з ім дні, а ноччу ён заставаўся адзін.

Данііл: - Аднойчы прыйшоў нядобры чалавек і сказаў: “Пашый ні тое, ні сёе”. Сцяпан не змог выканаць заказ, і абярнуўся камянем. Прыйшла Віліяна і ўбачыла: ляжыць замест каханага камень.

Карына: - Упала дзяўчына на калені, абняла яго і горка-горка заплакала. І пацяклі яе слёзы маленькімі ручайкамі паміж моху і травы, і сталі ракой. З тых часоў рэчку называюць Вілія.

Выхавальнік: - Вось і нашы родныя Кямелішкі.

Хто з вас дзеці можа расказаць пра вёску?



Анжаліка: - Першае ўпамінанне ў 1644 годзе. Ніхто дакладна не ведае, адкуль пайшла назва вёскі. Некаторыя старажылы сцвярджаюць, што раней Кямелішкі былі Каменішкі, таму што ў нас вельмі камяністая мясцовасць. Найбольшае багацце – лясы, у якіх жывуць розныя жывёліны, растуць грыбы і ягады. Будаўнічы лес прадаюць за мяжу, з яго таксама вырабляюць мэблю.

Аповяд выхавальніка: Некалькі дзесяткаў гадоў таму назад вёска Кямелішкі была зусім не такой як цяпер. Тут працавалі 4 магазіны, прыгожы клуб, якому маглі пазайздросціць многія жыхары горада. Цяпер гэта таксама прыгожая вёска са сваёй гісторыяй, з працавітымі і чулымі людзьмі. На жаль няма ў нас буйных прадпрыемстваў, раней працаваў у нашай вёсцы падсобны цэх. У ім збівалі скрынкі і адвозілі іх у Вільню, затым выраблялі, дакладней сказаць збіралі куханыя камбайны. Паколькі мы жывём на сяле, то і асновай гаспадаркі з’яўляецца сялянская праца. Нашы бацькі і дзяды з даўніх часоў сеюць хлеб, даглядаюць жывёлу.

Як ужо казалася раней, вакол вёскі растуць лясы. Усяго ў іх жыве 203 віды жывёлін, з іх 26 занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Самым высокім будынкам Кямелішак з’яўляецца касцёл, які быў пабудаваны ў 1900 годзе.

Саша: Свою деревню Кемелишки

Мы с детства очень любим,

Куда бы ни поехали

Её мы не забудем,

Здесь всё такое светлое,

Здесь всё такое чистое,

Такое всё знакомое

Родное все и близкое.

Ведь деревня Кемелишки –

Страны нашей частица,

И тот кто проживает здесь

Страной своей гордится.

Мы любим нашу Родину,

Свою семью, свой дом

И наши Кемелишки,

Где дружно мы живем.


Дзеці: песня “Старонка мая”

Выхавальнік: Наша падарожжа з вамі заканчваецца. Мы пабывалі з вамі ў далёкіх гарадах і завочна падарожнічалі па свёй вёсцы.

Я хачу пажадаць вам усім, каб над нашай Беларуссю заўсёды свяціла цёплае ласкавае пяшчотнае сонейка, такое прыгожае, як і танец, які мы з вамі станцуем.



Танец “Сонейка”

Пакуль мы з вамі танцавалі, паштальён прынёс пасылку (у ёй цукеркі з фабрыкі “Камунарка”).


База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка