Прапаганда у беларускiм савецкiм друку 20-х – 30х гг.: Задачы, змест, тэхналогii



Дата канвертавання15.05.2016
Памер100.84 Kb.
Наталля Зубчонак

Беларускi дзяржауны унiверсiтэт
ПРАПАГАНДА У БЕЛАРУСКIМ САВЕЦКIМ ДРУКУ

20-х – 30х гг.: ЗАДАЧЫ, ЗМЕСТ, ТЭХНАЛОГII
Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917г. унесла каласальныя змены не толькі ў развіццё грамадства на тэрыторыі былой Расійскай імперыі, але і функцыянаванне сусветнай палітычнай сістэмы, якая пачынала развівацца ва умовах супрацьстаяння сацыялізму і капіталізму. Гэта супрацьстаянне рэалізоўвалася праз спаборніцтва ў эканамічнай, палітычнай і ідэалагічнай сферах.

Перад прэсай паўсталі новыя задачы, вырашэння якіх патрабавалі знешнія і ўнутраныя абставіны ў краіне. Сродкі масавай інфармацыі пачынаюць выконваць функцыю зброі ў ідэалагічнай барацьбе, становяцца інструментам улады. Менавіта У.І. Ленін у свой час падкрэсліў, што прэса павінна стаць “калектыўным прапагандыстам, калектыўным агітатарам ... калектыўным арганізатарам” [1, с. 56].

Пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецкіх акупантаў, заканчэння белапольскай акупацыі пачаўся складаны працэс пераходу да мірнага жыцця, аднаўлення народнай гаспадаркі. Газеты становяцца актыўным сродкам культурна-палітычнага выхавання мас, пішуць аб аднаўленні фабрык і заводаў, транспарту, сельскай гаспадаркі, барацьбе з голадам, падрыхтоўцы да індустрыялізацыі, неабходнасці калектывізацыі. Паступова ўмацоўваецца таталітарная ідэалогія, прэса (а пазней і радыё) становяцца часткай адміністратыўна-каманднай сістэмы. Сродкі масавай інфармацыі адлюстроўваюць афіцыйную савецкую ідэалогію, выкарыстоўваюцца ў якасці інструмента дзяржавы і ўлады, агітацыі і прапаганды.

На самой справе, журналісцкая прапаганда як інструмент улады была накіравана ў першую чаргу на вырашэнне задач, якія стаялі перад тагачасным грамадствам. Аналізуючы актуальныя з’явы і факты, прэса імкнулася паўплываць на свядомасць людзей, прадстаўляючы палітычную інфармацыю, як уласна беларускую, так і замежную. Адбывалася фарміраванне палітычнай свядомасці, фундаментам якой служыла пралетарская камуністычная ідэалогія.

Важным накірункам журналісцкай прапаганды было фарміраванне свядомай сацыяльнай актыўнасці грамадзян, распаўсюджванне пэўных нормаў паводзін, такіх, як беражлівыя адносіны да сацыялістычнай уласнасці, сумленная праца на карысць грамадства, узаемадапамога ў працоўным калектыве. Усё гэта дазваляла чалавеку адчуваць сябе сацыяльна актыўным і карысным. Часта крытыцы падвяргаліся адмоўныя бакі жыцця. Напр, матэрыялы “Активно участвуют в партийной жизни” (Рабочий, 8 октября 1935г.), “Недапушчальныя адносіны да хворых” (Звязда, 5 студзеня 1938г.), “У Гомелі зрываецца забеспячэнне насельніцтва дровамі” (Звязда, 6 кастрычніка 1938г.), “В Любани срывают ремонт тракторов” (Советская Белоруссия, 4 января 1940г.).

Тэматычны змест беларускіх газет 20-х – 30-х гадоў можна падзяліць па напрамках, кожны з якіх у прапагандысцкай палітыцы выконваў пэўную ролю. Так, на старонках газет пераважалі публікацыі на вытворча-эканамічныя тэмы, якія ахоплівалі практычна ўсе аспекты планавання, арганізацыі і кіравання вытворчасцю, функцыянаванне ўсіх галін эканомікі. Асаблівую актуальнасць яны набываюць у перыяд індустрыялізацыі. У сістэме беларускай савецкай прэсы з’яўляецца газета “Рабочий” (1927г., сёння газета мае назву “СБ Беларусь Сегодня”), якая будуе свой змест менавіта на вытворчым матэрыяле. Так, дастаткова распаўсюджанымі былі наступныя матэрыялы: рубрыка “Вести с предприятий”, адпаведныя публікацыі “Стахановский метод работы – всем предприятиям Республики ” (Рабочий, 5 октября 1935г.), “Работать по-стахановски – зачит побеждать” (Рабочий, 5 октября 1935г.), “Проверим ход социалистического соревнования” (Рабочий, 10 сентября 1929г.), “Покроем ІІІ заем индустриализации. Сотни миллионов – на новые заводы” (Рабочий, 6 сентября 1929г.) “Товарищ Орловская – лучшая стахановка и редактор стенной газеты кондитерской фабрики “Коммунарка” (Рабочий, 18 июля 1937г.).

Шмат увагі надае прэса сацыяльным праблемам. На першы план выходзяць матэрыялы, у якіх распавядаецца пра перавагі савецкага ладу жыцця, духоўныя каштоўнасці сацыялістычнага грамадства. Сучаснага чытача ўражваюць загалоўкі некаторых матэрыялаў тагачасных газет: “Мне ніколі ня снілася, што я так добра буду жыць”, “У калгасе я толькі і аджыла” (Калгаснік Беларусі, 6 кастрычніка 1933г.,), “Савецкая ўлада ня маніць” (Беларуская вёска, 18 лістапада 1924г.).

Неад’емнай часткай савецкай прапаганды стала культурна-асветніцкая. Газеты рознай тэматычнай накіраванасці знаёмілі чытачоў з лепшымі дасягненнямі сусветнай і айчыннай культуры. Практычна кожнае грамадска-палітычнае выданне таго часу мела літаратурную старонку альбо дадатак, змяшчала інфармацыю аб навінках жывапісу, архітэктуры і інш. Пры гэтым актуальным заставаўся класавы падыход да з’явы, яе палітычная інтэрпрэтацыя. Тым не менш, мэта заставалася абсалютна празрыстай – фарміраванне духоўна развітай асобы, палітычна свядомага грамадзяніна. Прачытаем загалоўкі некаторых артыкулаў газеты “Літаратура і мастацтва” за 1932г.: “Мацней агонь па старых традыцыях”, “На шляхах да сацыялістычнай эпапеі” (ЛіМ, 8 ккастрычніка 1932г.), “Перабудове – бальшавіцкія тэмпы”, “Перабудова сацыялізму і клясыкі” (ЛіМ, 24 кастрычніка 1932г.), “Барацьба на два франты працягваецца” (ЛіМ, 19 лістапада 1932г.).

Адным з пастаянных накірункаў прапагандысцкай дзейнасці беларускіх савецкіх газет былі пытанні знешняй палітыкі і міжнародных адносін. Значнае месца ў гэтым накірунку займалі матэрыялы, ў якіх адлюстроўвалася міжнароднае становішча ў цэлым. У розныя гістарычныя перыяды напаўненне газет міжнароднай інфармацыяй было розным. У 20-я гады пераважалі ў асноўным матэрыялы, ў якіх журналісты штодзённа аналізавалі падзеі ў розных краінах, давалі ім палітычную ацэнку. Так, газета “Беларуская вёска” пастаянна друкавала рубрыку “У панскай Польшчы”. У 30-я гады, з распаўсюджвааннем ідэалогіі фашызму, набліжэннем Другой сусветнай вайны замежнай інфармацыі становіцца больш, ацэнкі больш значнымі. Так, у газеце “Рабочий” у 1937-38 гг. (з 2 кастрычніка 1937г. – “Советская Белоруссия”) друкавалася рубрыка «Против войны».

Шмат увагі беларускія газеты надавалі працоўнаму выхаванню. Публікавалася вялікая колькасць матэрыялаў, у якіх прывівалася павага да працы, гатоўнасць у любы момант працаваць на карысць грмадства. Газеты змяшчаюць артыкулы аб розных прафесіях, іх прадстаўніках. Перавага аддаецца рабочым прафесіям. Так ствараецца велічны вобраз працоўнага чалавека – гаспадара сваёй краіны. Прафесійная арыентацыя моладзі таксама была накіравана на рабочыя прафесіі. На думку аўтараў, гэта спрыяла развіццю ініцыятывы і творчасці ў працы, умацаванню камуністычных адносін да працы. У той жа час грамадскаму асуджэнню падвяргаліся дармаедства, атрыманне непрацоўных даходаў, спажывецкія адносіны да народнага багацця (усё тое, што сучаснай мараллю уведзена ў норму). Неаднаразова падкрэслівалася, што пры савецкай уладзе няма эксплуатацыі чаславека чалавекам, а працоўны чалавек – гэта актыўная стваральная сіла, якой уласціва высокая маральнасць. Газета “Красная смена” (з 1925г. “Чырвоная змена”) мела пастаянную рубрыку “Жизнь рабочей молодежи”, у 1924г. друкавала паласу “Школа фабзавуча”. У іншых газетах было шмат матэрыялаў тыпу “Механизатор – центральная фигура на уборке” (Сталинская молодежь, 17 августа 1940г.).

Ва ўмовах савецкай рэчаіснасці паступова сцвярджаецца новы тып маралі – камуністычнай. Сістэма агульначалавечых якасцей набывае новае асаблівае значэнне. Журналісты разважаюць пра калектывісцкую мараль, гуманістычную, актыўную і дзейсную. Тэмамі матэрыялаў становяцца такія бакі жыцця, як палітычнае кіраўніцтва краінай, працоўная сфера, спартыўнае жыццё, узамааадносіны з іншымі краінамі. Журналісты параўноваюць два бакі жыцця: умовы працы, правы і г.д. У выніку паказваліся высокія маральныя якасці савецкага чалавека і амаральнасць капіталістычнага свету.

Тэма патрыятычнага выхавання на старонках газет была даволі частай. Пазней, пасля стварэння СССР у 1922г., да яе далучаецца і інтэрнацыянальнае выхаванне. Журналісты пісалі пра пачуццё сяброўства і братэрства паміж народамі ўсіх савецкіх рэспублік. Шмат увагі надаваолася ваеннна-патрыятычнаму выхаванню. Кожны грамадзянін павінен быць гатовы ў любы момант ісці абараняць сваю Радзіму. Асабліва актуальнымі такія публікацыі былі ў перыяд замежнай акупацыі і ў канцы 30-х гадоў, калі адчувалася небяспека Другой сусветнай вайны. Напрыклад, у “Красной смене” у 1924-25 гг. змяшчалася рубрыка “Мировой комсомол”.

Такім чынам, для прапаганды 20-х – 30-х гадоў галоўным было фарміраванне палітычных поглядаў пра акаляючую рэчаіснасць, уздзеянне на каштоўнасныя арыентацыі, ідэалагічныя перакананні чалавека.

Сучаснымі навукоўцамі дастаткова поўна распрацавана тэорыя прапаганды, яе тэхналогіі. Паглыбляючыся у гэта пытанне, нельга не падкрэсліць, што ідэолагі 30-х дастаткова прафесійна валодалі тэхналогіямі, метадамі і прыёмамі прапагандысцкай дзейнасці.

Актыўна выкарыстоўваўся прыём маніпулявання. У сучаснай навуковай літаратуры маніпуляцыя трактуецца як майстэрства кіраваць паводзінамі людзей з дапамогай мэтанакіраванага ўздзеяння на грамадскую псіхалогію, свядомасць і інстынкты чалавека. Больш таго, сёння агульнапрызнанай з’яўляецца неабходнасць маніпуляцыі грамадскай свядомасцю. Існуе думка, што народу не ўласціва тэарэтычнае разуменне сутнасці многіх з’яў, людзі здольныя толькі да ацэначных меркаванняў: “Але без духоўнай улады, без каго-небудзь, хто загадвае, без маніпулявання меркаваннем і людзьмі ў грамадстве запанавала б анархія, якая прывяла б да яго распаду. Тым больш маніпуляцыя неабходна ў сучасную эпоху, калі маса прэтэндуе на кіраўніцтва грамадствам, не маючы на гэта адпаведных здольнасцей” [3, с. 50].

Дзейсным сродкам кіравання свядомасцю чалавека з’яўляецца міфалагізацыя. Журналісты актыўна ствараюць сімвалічную карціну свету. У 20-я-30-я гады ХХ ст. міфаў было дастаткова шмат: у культ былі ўзведзены асобы Леніна і Сталіна, людзі верылі ў сусветную перамогу дыктатуры пралетарыяту, камунізму, непарушнасць ідэй партыі, пераможную сілу Чырвонай арміі і г.д. Асаблівасць міфа заключаецца ў тым, што ў яго вераць, яго змест не патрабуе асаблівага пацвярджэння, ён з лёгкацю ўспрымаецца. Спатрэбілася некалькі дзесяцігоддзяў, каб у свядомасці людзей пачалі разбурацца ўяўленні пра непарушнасць усяго таго, што было звязана з сацыялістычнай сістэмай кіравання.

Міфалагічная свядомасць спрыяла фарміраванню ўстойлівых стэрэатыпаў. З іх дапамогай было лёгка ўплываць на ўяўленні і погляды грамадства. Скажам, калі журналісты заклікалі весці непрымірымую барацьбу з ворагамі (у 30-я гады тэма пошуку ворагаў працоўнага народа ва ўсіх сферах дзейнасці стала вельмі папулярнай на старонках газет), не было неабходнасці кожны раз даказваць важнасць гэтай працы, паколькі ў свядомасці грамадства адносіны да гэтых людзей былі выключна адмоўнымі. Больш таго, па сваёй прыродзе стэрэатып лёгка засвойваецца, бо ён вельмі просты, а разбурыць яго ў свядомасці чалавека дастаткова складана, часам проста немагчыма.

Створаныя сродкамі масавай інфармацыі ў 20-я-30-я гг. міфы, стэрэатыпы фарміравалі ў грамадстве даволі спрошчаныя ўяўленні пра акаляючую рэчаіснасць, рабілі яе зразумелай для паўсядзённага ўспрыняцця. Гэта дазваляла чалавеку лепш зразумець і ацаніць матэрыялы газет і часопісаў, павысіць да іх сваю цікавасць. Агульнавядома, што чытачы верылі ўсяму таму, што напісана журналістамі і адчувалі сябе дастаткова камфортна.

Прапаганда заўсёды накіравана на тое, каб дасягнуць пэўных палітычных мэт. Яна ажыццяўлялася як дырэктыўным спосабам (загады не абмяркоўваюцца), так і ў больш мяккіх формах – асветы, унушэння, пры гэтым выкарыстоўваліся пераважна эмацыянальныя аргументы, а не рацыянальныя. Тым не менш, адбываецца станаўленне пэўных ідэй і каштоўнасцей, якія ў сукупнасці ідэалагізуюць масавую свядомасць, робяць яе аднатыпнай.

Міфы і стэрэатыпы з’яўляюцца найбольш распаўсюджанымі сродкамі прапагандысцкага ўздзеяння. Практычна ў кожным газетным матэрыяле 20-х-30-х гг. іх можна быоло з лёгкасцю адшукаць. Гэтыя сродкі з’яўляюцца ўніверсальнымі, кожны з іх спрыяў як рацыянальнаму засваенню матэрыяла, так і эмацыянальнаму.

Прапагандысцкая сістэма 20-х-30-х гг. актыўна выкарыстоўвала практычна ўсе вядомыя на той час жанравыя формы: рознага кшталту дакументальныя публікацыі (тэксты прамоў, дакладаў), аналітычныя артыкулы, рэпартажы, нарысы і інш.

Кожны нумар газеты 20-х-30-х гг. змяшчаў падборку інфармацыйных заметак . Ім уласціва лаканічнасць, што дае магчымасць атрымаць цэласнае ўяўленне пра асноўныя пытанні сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця.

Распаўсюджаны былі тэматычныя старонкі, якія ўключалі матэрыялы самых розных жанраў. Такія публікацыі давалі магчымасць грунтоўна разгледзець пэўныя з’явы, выдзеліць галоўнае.

Перадавы рэдакцыйны артыкул звычайна адкрываў нумар газеты і адлюстроўваў палітычную пазіцыю выдання па канкрэтных пытаннях., якія мелі вялікае значэнне для грамадства. Журналісты прапаноўвалі чытачам канкрэтныя шляхі і спосабы іх вырашэня.

З дапамогай аглядаў стваралася цэласная карціна жыцця пэўнай сферы – палітычнай, эканамічнай. Напрыклад, міжнародны агляд ставіў на мэце выявіць характэрныя асаблівасці міжнароднага жыцця за пэўны перыяд.

Значная роля ў структуры газетнай прапаганды 20-х-30-х гг. належыла сатырычным жанрам. Актыўна друкаваліся матэрыялы ў форме фельетона, памфлета, пародыі, эпіграмы. Крытыкаваліся палітычныя і сацыяльныя з’явы, якія перашкаджалі стваральнаму сацыялістычнаму будаўніцтву. Да іх адносіліся гаспадарчыя злоўжыванні, безгаспадарчасць, непрацоўныя даходы, фармалізм, інэртнасць; асобныя якасці чалавека: гультайства, абыякавасць, п’янства. Сустракаліся на старонках беларускіх газет і сатырычныя матэрыялы на міжнародныя тэмы.

Такім чынам, развіццё журналістыкі ў розныя перыяды адбываецца ў цеснай узаемасувязі з прапагандай. Прапаганда з’яўляецца адным з моцных сродкаў кансалідацыі і інтэграцыі грамадства. Для кожнай дзяржавы гэта заканамерна і жыццёва неабходна.

Ацэньваючы ўплыў на грамадства 20-х-30-х гг. ХХ ст. камуністычнай ідэалогіі, распаўсюджваемай пераважна друкаванымі сродкамі масавай інфармацыі, можна зрабіць заключэнне аб яе выключнай эфектыўнасці. Паколькі мэтай прапаганды з’яўляецца дасягненне канкрэтных мэт, вырашэнне задач, то мера яе эфектыўнасці - гэта ступень набліжанасці да мэты.



Аналіз беларускіх газетных матэрыялаў 20-х-30-х гг. ХХ ст. дазваляе зрабіць заключэнне, што савецкая прапаганда праз сродкі масавай інфармацыі максімальна рэалізавала свае метадалагічныя прынцыпы – партыйнасць, праўдзівасць, сувязь з жыццём, канкрэнтнасць, адзінства слова і справы. Насельніцтва краіны было ахоплена адзіным ідэалагічным уплывам, мэтанакіраванасцю, паслядоўнасцю і комплекснасцю ўздзеяння.
Лiтаратура

  1. Беглов, С. И. Внешнеполитическая пропаганда. Очерк теории и практики / С. И. Беглов. – М.: Высшая школа, 1980.

  2. Бережной, А. Ф. Ленин. Принципы советской печати / А. Ф. Бережной. – Л.: Лениздат, 1970.

  3. Бессонов, Б. Н. Идеология духовного подавления / Б. Н. Бессонов. — М., 1978.

  4. Войтасик, Л. Психология политической пропаганды / Л. Войтасик. – М., 1981.

  5.  Доценко, Е. Л. Психология манипуляции / Е. Л. Доценко. — М., 1996.

  6. Крысько, В. Г.Секреты психологической войны (цели, задачи, методы, формы, опыт) / В. Г. Крысько. – Минск, 1999.

  7.  Поздняков, П. В. Эффективность коммунистической пропаганды / П. В. Поздняков. – М., 1975

  8.  Почепцов, Г. Г. Пропаганда и контрпропаганда / Г. Г. Почепцов. – М.: Центр, 2004.

  9.  Пшеничный, Б. Н. Способы ведения массовой пропаганды / Б. Н. Пшеничный // Вопр. теории и практики массовых средств пропаганды. – 1970. – Вып. 3. – С. 290—328.

  10.  Скуленко, М. И. Журналистика и пропаганда / М. И. Скуленко. – Киев, «Вища школа», 1987

  11. Шиллер, Г. Манипуляторы массовым сознанием / Г. Шиллер. – М.: 1980.

: bitstream -> 123456789 -> 101851
123456789 -> Гісторыя беларускай літаратуры (ХІХ ст. – 1970-я гады ХХ ст.)
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> 1. Гістарычныя ўмовы ўзнікнення новай беларускай літаратуры. Асноўныя літаратурныя напрамкі канца ХVІII – пачатку ХІХ стст. І іх выражэнне ў беларускай літаратуры
123456789 -> Гісторыя старажытнай грэцыі І рыма (Фядосік В. А.)




База данных защищена авторским правом ©vuchoba.org 2019
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка